12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Ляхновіч

_____________________
Шляхамі нявызначанымі.
Аповед


Дрэвы паміралі мужна. Уздрыгвалі кронай, рыпуча стагналі і з трэскам гупаліся на зямлю. Праз прарваную кару бялелі касьцяной бельлю сукі – як адкрытыя пераломы. Паабапал шашы паваленыя таўшчэразныя таполі. Дарога, нядаўна заціснутая ў таполевую цясьніну, цяпер незнаёмая і чужая.
Бабіна лета. Ніводнага воблачка не гуляе па глыбока-блакітным небе. Высока-высока, ледзьве бачныя плы­вуць ў ім пункціры гусіных чародаў. Чацьвёра мужчынаў у аранжавых камізэльках разваліліся на краі дарожнага насыпу. Пяты зьвяглівай бензапілой завіхаецца ля маладога дуба. Піла надрыўна вішчыць і плюецца вохрыстым пілавіньнем. Чацьвёра засяроджана назіраюць працэс валкі. Смокчуць цыгарэты.
– Дзе ты рэжаш! – Крычыць брыгадзір з барвовым тварам. – З таго боку выразай! Каб ад дарогі ўпаў!
Рабочы з прыліплым да мокрага твару пілавіньнем непрыязна косіцца.
– Алё-о! Каму кажу – з таго боку пілуй! – Злосна вырачае чырвоныя зенкі брыгадзір, але дубок у гэты момант здрыганушыся, бляшана грыміць пажоўклым лісьцем, рыпіць, і трэснушы падае кронаю ад дарогі.
– Не вучы бацьку дзяцей рабіць. – Рабочы заглушыў пілу і выцер кепкай твар. – Ты мне вось што растлумач, пан брыгадзір... Нафіга мы ўсе дарогі вакол гораду распранаем? Што гэта за дурнота? Такія алеі прыгожыя былі! Летам цянёк!... Узімку ад сьнежных заносаў закрывалі...
– Табе што за справа? Сказана сьпілаваць – ты і пілуй. – Брыгадзір мудрагеліста круціць далонямі перад тварам. – А будзеш шмат размаўляць – хуценька апынешся на вуліцы!
– Ды я і так, здаецца, не ў кабінеце... А што гэта ты за моду ўзяў – палохаць? “Выганяць, выганяць!...” Калі ты не настукаеш, то і ня выганяць. Ды і дзе вы яшчэ такіх дурняў знойдзеце – за капейкі ад цямна да цямна тут жылы рваць. І ў сьпёку, і ў дождж, і ў сьнег з марозам!...
– Кажуць, што таполі вельмі шкодныя дрэвы. Ад іх... эт самая... алергія, ад пуху іхняга... – Утыкае тры грошыкі адзін з курцоў. Астатнія з абыякавымі тварамі слухаюць, толькі пажылы зьедліва ўсьміхаецца. – Зараз ведаеш колькі гэтых..., ну, у каторых алергія, разьвялося?...
– А дубок вось навошта завалілі? Што, ад жалудоў – алергія? Дык ты жалудоў ня еш, не парсюк...
– Ня ведаю я! – Брыгадзір крыху сьцішвае напор. – Мне загадалі, я выконваю... Начальства ня любіць, калі лішнія пытаньні... Ды мне і ня вельмі цікава...
– А ты б меней перад імі прагінаўся...
– Ціха, хлопцы! – Уступае у гутарку пажылы. – Паб’ецеся зараз! Спакайней трэба. Спакайней... Чуў я, што дрэвы загадалі ўздоўж дарог сьпілаваць пасьля таго, як тут вось, аб гэты дубок нейкі важны генерал забіўся. Ці то з КДБ, ці з расейскай ФСБ... Вунь на дубе і кара зьдзёртая – ад той аварыі...
– Дык ці мала аб дрэвы вакол дарог людзей б’ецца? Нажлукцяцца гарэліцы – і за руль. Асабліва маладыя. Што – цяпер усе абсады павыразаць? Добра яшчэ, што не павесіўся – наша начальства магло закамандаваць навакольныя лясы высекчы!...
– То людзей, а то генерал... Як тут забіўся, то ў нас у горадзе адразу вуліцу ягоным імем назвалі. У паўночным мікрараёне. Вуліца Асмана, здаецца. Была Кастуся Каліноўскага, стала Асмана. Мой кум з-за гэтага хоча жыльлё мяняць. Вар’ят...
– Турак генерал быў? Блін, што ні назва вуліцы – усё нейкія нянаскія прозьвішчы!
– Ага! Турак! Хоць у сінагогу вядзі! Остман! Вуліца Остмана! Зямляк наш, ну, у тым сэнсе, што кар’еру гэб’ёвую у нас пачынаў. Сам, калі мне памяць не..., з Рэчыцы. – Кажа маладзейшы. – Чытаў я пра яго. Да вайны у НКВД служыў у нашым горадзе, таму ў гета ня трапіў і жывы застаўся. Партызаніў. Пасьля ў КДБ – у Расеі, у Сярэдняй Азіі. Пасьля, як СССР ляснуў – у Маскве. У нас тут нейкі бізнэс меў. Здаецца залу гульнявых аўтаматаў. Таму і наведваўся сюды часьцяком. У тым памяшканьні, дзе цяпер аўтаматы, павінны былі выставачную галерэю адчыніць, але зьявіў­ся гэты генерал і відаць нашым выканкамаўцам нешта паабяцаў...
– Бачыш, брыгадзір – генерал забіўся, і з-за гэтага мы абсады выразаем. – Той, што з пілой выцягвае з кішэні моркаўку, абцірае яе цьвярдой далоняй і смачна храбусьціць. – Лепш бы ты тут вяцнуўся. Цэлая была б алея. Прыгожа было...
– Дурны ты... – Крыўдзіцца брыгадзір. – Ох, дурны!...

* * *
“Дын-н!” – апоўднем грымнуў стрэл, і з купалу езуіцкай царквы сьвятога Станіслава пасыпаліся кавалкі дахоўкі. Непадалёк, на плошчы перад царквою пастаўлена гарматка і чырвонаармейцы штодзень страляюць з яе па царкоўных вежах. Гарэзьнічаюць. Горад месьціцца на левым, вышэйшым беразе ракі і калі часам вызваліцелі прамахваюцца, снарадзік ляціць над бяскрайнімі балотамі і куды трапляе – невядома. Нешматлікія прахожыя хрысьцяцца. Хто “трыма пярстамі”, хто – пяцярнёй.
Масіўны будынак прымыкае да царквы з поўдню. Каменьчыкі зацокалі па ягонаму ганку, паднялі фантанчыкі пылу. Эмануэль Остман уцягнуў галаву ў плечы. Яму ўсяго сямнаццаць, ён зусім не хацеў бы, каб на сінюю фуражку ляснулася што-небудзь цяжкое. Пакінуць ганак ня можа. Ахоў­вае ўваход у аддзел НКВД, Эмануэль з нядаўняй пары ягоны баец. Новай уладзе, што прыйшла з усходу, для супрацоўніцтва з войскам саюзьніка, вермахтам – непадалёку мяжа –патрабаваліся знаўцы нямецкай мовы. Остман крыху ведаў.
– Эдзік! Зайдзіся да мяне! – крычыць з закратаванага вакна Корч, начальнік.
– Не магу пакінуць пост, таварыш Корч! – Бадзёра адказвае “Эдзік”, перапоўнены важнасьцю выконваемай місіі.
– Ідзі сюды, кажу, сукін сын! Я табе начальнік, ці хрэн з бугра!?
Ну вось! Халера яго разьбярэ. То вучы напамяць інструкцыю – “...павінен... не пакідаць паста, пакуль ня будзе зьменены ці зьняты, нават калі жыцьцю пагражае небясьпека. Самавольнае пакіданьне паста зьяўляецца злачынствам...”. Можа гэты вокліч праз вакно лічыцца зьняцьцем з паста?
У кабінеце начальніка чалавек восем.
– Так, таварышы чэкісты! Сёньня перад намі пастаўлена важная задача! – Напорыста і сур’ёзна, націскаючы на “р”, цэдзіць скрозь зубы Корч. – Для патрэбаў гарадскога партыйнага камітэту загадваю вызваліць ад шляхты дом па вуліцы Інжынерскай. Кожны з вас павінен усьвядоміць, што ён зачышчае прастору для ўзмацненьня кіруючай сілы нашага грамадства. Вы павінны разумець, што будынак, намечаны для разьмяшчэньня гарадскога камітэту камуністычнай партыі зараз заселены класава чужымі элементамі. Таму вашыя сэрцы павінны быць спакойныя ад усялякіх пакутаў сумленьня. Там – ворагі! Не глядзіце, што гэта могуць быць дзеці ці жанчыны. Разам з тым аперацыю правесьці максімальна ціха і хутка. На зборы шляхце – дваццаць хвілінаў. Дазваляецца браць толькі рэчы першай неабходнасьці, колькі здолеюць несьці ў руках. Кожнага высяляемага абшукваць на наяўнасьць прадметаў з каштоўных металаў і канфіскоўваць іх. Пры спробах супраціўленьня – арыштоўваць! Ну, і ў астатнім –па абставінах. Старшым назначаю таварыша Ягорава
– Таварыш Корч, я першы раз іду на баявую аперацыю, – пачынае Эмануэль, потнымі далонямі сьціскаючы ложа трохлінейкі, – ня ведаю, што рабіць... – Заканчвае амаль шэптам, бо вочы начальніка бялеюць ад разьюшанасьці.
– Што камандзір загадае, тое і будзеш рабіць! Шмат размаўляеш! Загадае дзярмо жраць – будзеш жраць! Егоров! Інструктаж кожнаму, пакуль не зразумеюць задачу! Глядзі ў мяне! І хопіць семкі лушчыць! Разьвялі сьмецьця!...
– Ну, мы пойдзем, ці што? – Не зважаючы на раптоўнае шаленства Карча мармыча Егоров і абцірае ад шалупіньня рот. – На інструктаж...
...Ціха не атрымалася. Вішчэлі і галасілі бабы, плакалі дзеці, кідалі ненавідзячыя позіркі мужчыны. Эмануэль спачатку шкадаваў іх. Але адзін з шляхцюкоў даў па твары Зьміцеру Паўлючэнку, той ажно ўпаў. Эмануэль упярыў шляхцюку ў плечы прыкладам, потым адцягнуў абмяклае цела і дапамог зьвязваць. Пасьля гэтага жаль зьнік і больш не вяртаўся.
Зьміцер абшукваў клункі. Адкладваў убок залатыя пярсьцёнкі, срэбныя бранзалеты і посуд. Калі дайшла чарга да прыгожай “пані”, у дадатак да рэчаў вырашыў абшукаць яе асабіста. Рабіў гэта старанна, асабліва спыняю­чыся на найбольш рэльефных месцах. Тут і атрымаў па барадзе. Ворагі! Нават сучаня іхняе, смаркач гадоў дзесяці, кідаўся і спрабаваў кусацца!
Шляхцюка клічуць Сяргеем Крыўдам. Ягораў кажа, што Крыўда, відаць – беларускі нацыяналіст, польскі фашыст і шпіён. Як гэта, Эмануэлю незразумела. Але сьледства разьбярэцца...

* * *
Гудзе ля маста людскімі галасамі надрэчны кірмаш. Вазы з задранымі ўгору аглоблямі, чаўны на трэць выцягнутыя з вады. Мігцяць у ваччу рознакаляровыя хусткі, наміткі, капялюшыкі, вышываныя кашулі, сукенкі. Вішчаць сьвіньні, рыкаюць каровы, фыркаюць коні. Разьліваецца ў паветры пах піражкоў, смажаных на алеі, аладак з лоем, выганяе ў Пётрыка сьліну. Але цікавяць Пётрыка Крыўду больш за ўсё коні. І нават ня самі коні, а конскія хвасты. Няпростая справа – вырваць з хваста валасіну і не атрымаць ад гаспадара пугай, або каб конь барані Бог не ўбрыкнуў...
...Надраўшы конскіх валаскоў сплятае іх Пётрык па два і моцна зьвязвае адмысловым рыбацкім вузлом, якому тата навучыў. Будзе добрая вуда. Хлопчыкі з багатых сем’яў, што маюць вуды з крамнай жылкі, – яе прадае Хаім у маленечкай краме на кірмашовай плошчы, – хоць і задзіраюць насы, але з рыбалкі вяртаюцца, налавіўшы два-тры дзесяткі верхаводак ды плотак. А ў Пётрыка ёсьць свае таемныя месцы, дзе ён прыкармлівае параным гарохам ды ячменем вялізных – па локаць сазаноў, язёў, ды ляшчоў. Часам рвуць яны пётрыкаву снасьць, тады даводзіцца зноў круціцца вакол коней на кірмашы, не-не, ды і атрымліваць пугай па голых лытках. Ох і балюча – пугай па лытках! Але як нясе пасьля рыбалкі на кукане з лазовага дубца такіх веліканаў, слухае зьдзіўленыя воклічы дарослых, ловіць зайздросныя позіркі аднагодкаў – забываюцца непрыемнасьці. А калі дома, ў іх цеснай кватэрцы, тата ўзважыць у руцэ рыбу і зробіць сур’ёзны твар: “Паважаю...”, а мама пагладзіць па галаве: “Мой ты кармілец!” – Пётрыкава сэрца ажно трапечацца ад шчасьця. Толькі найбольш шчасьлі­вы ён калі сядзіць з вудзільнам ля вады і не адрываючыся глядзіць на патанак з гусінага пяра. Вось здрыгануўся, нахіліўся і паціху пайшоў убок. Падсечка – і на тым канцы жылкі заварушылася, затузала цяжкое...
...Цёпла. Вясна заканчваецца. Заграбаючы босымі нагамі мяккі пыл, Пётрык шпарка крочыць пасярод вуліцы. На лазовым дубцы, прасунутым праз жабры – два ляшчы. Яны вялізныя і цягнуцца хвастамі па зямлі. Пётрык выгінаецца ад іх цяжару ўбок і часта мяняе рукі. Вуду ён прыхаваў у зарасьніках трысьнягу ля ракі. Вось ужо і будынак былога тэатру, дом з пётрыкавай кватэрай адразу за ім. Даўно, год таму у тэатры ставіліся сьпектаклі і такімі вечарамі іхняя вуліца запаўнялася сьвяточна прыбранымі парамі. Мужчыны, вітаючыся прыпадымалі капелюшы, а жанчыны з прыемнымі ўсьмешкамі важна сьхілялі галовы: “Вечар добры, панове Вялічкі!” – “Добрага здароўя, панове Жылінскія!”. Часам хадзілі ў тэатр і тата з мамай, ад іх тады вельмі прыемна пахла. Ад мамы кветкамі, а ад таты нечым, падобным адначасова на кмен і палын. А калі летась зьявіліся рускія, іх усе называлі “таварышчамі”, сьпектаклі скончыліся. У памяшканьні тэатру спачатку жылі рускія жаўнеры. Яны насілі вострыя шапкі з зоркамі, а лыткі закручвалі анучамі, як сяляне ў час сенакосу. Гаворку “таварышчаў” Пётрык амаль не разумеў, хоць у ёй і траплялі знаёмыя словы. А яшчэ яны вельмі часта ўжывалі выразы, казаць якія мама строга забараніла, а што яны азначаюць не растлумачыла, толькі чамусьці пачырванела.
Ну і нічога, што сьпектакляў зараз няма. Жаўнеры летась пажылі крыху ў тэатры і перабраліся некуды, а там зараз так файна ў вайну гуляць! І ў школу хадзіць ня трэба! Пётрык скончыў ужо тры класы. Ну яе, гэтую школу! Рвецца Пётрыкава сэрца на рэчку, а там сядзі за партай і не варухніся, а перапынкі такія кароткія, і так рэдка!
Добры ўлоў – гэта выдатна, але задавальненьне ад яго няпоўнае, калі ніхто ня ўбачыць і не ацэніць.“Зараз завярну за кут, – думае Пётрык, – прайдуся да брамкі. Там заўсёды на лаўцы бабулі сядзяць. “Хар-ро-ошая рыба! – Скажа якая-небудзь. – Добры хлапец у Крыўды, ня вісус які, што па чужых садох шастае.” А дома мама: “Мой ты здабытчык! А якія вялікія! Як табе ўдаецца?!”
Калі папраўдзе, бывае, лазіць Пётрык цёплымі летнімі вечарамі па садах, у якіх ажно тонуць гарадскія ўскраіны, але цяпер у гэта неяк нават самому ня верыцца. Каб хто спытаўся: “Латашыш чужыя яблыні?” – зусім шчыра адказаў бы, што не, не латашу.
Пётрык завярнуў за кут і скамянеў. Стала млосна і пакутліва захацелася па малой патрэбе. Насустрач два жаўнеры са стрэльбамі за плячыма вялі пад рукі тату. Яшчэ адзін, з рэвальверам у руцэ ішоў ззаду. Больш за ўсё Пётрыка ўразіла тое, што рукі таты закручаныя назад, валасы раскудлачаныя, а увесь твар запэцканы чорнай засохлай крывёю.
– Тата! – Ня ведаючы навошта, Пётрык кінуўся ўперад, але дабегчы не пасьпеў. Той, што вёў зьлева вольнай рукой як шлагбаўмам спрытна перагарадзіў шлях. Балюча ткнуўшыся шыяй аб ягоны локаць – ногі прабеглі далей – з усяго маху грымнуўся ў вулічны пыл, выцяўся сьпіной і патыліцай аб зямлю, прыкусіў язык і раськідаў рыбу. Не памятаючы сябе ўскочыў і кінуўся на жаўнера – “Пусьці тату!”. Той злавіў Пётрыка за каўнер, затрашчэла тканіна. Пётрык крутануўся, учапіўся зубамі ў жаўнерскае перадплечча. Адчуў рэзкі пах нямытага цела і ў галаве ўспыхнула бліскаўка. Ачомаўся на траве пад плотам. Першае, што ўбачыў – заплаканы мамін твар. Як потым трапілі яны ў вёску, да бабулі з дзядуляй, Пётрык не памятаў.

* * *
Сяргей Крыўду спачатку запхнулі ў памяшканьне без асьвятленьня. Пахла пылам. Сяргей абмацаў вакол сябе, памяшканьне нагадвала пенал, пастаўлены вертыкальна. Паміж супрацьлеглымі сьценамі было меней, чым расстаўленыя ўшыркі рукі. У галаве муцілася, ўсё цела балела, відаць яго доўга білі ўжо непрытомнага. Сяргей прысеў на кукішкі, абапёршыся сьпіной на шурпатую сьцяну, і пагрузіўся ў нейкае здранцьвеньне – ні думак, ні адчуваньня часу.
...Зарыпеў у дзьвярах ключ, грымнула клямка.
– Выходзь! — Сяргей з цяжкасьцю падняўся на зацёклых нагах, выйшаў у калідор. Ліхтар ужо, здавалася, даваў даволі сьвятла. – Да сьцяны! Рукі назад!
Зачынілі дзьверы ў “пенал”.
– Уперад! – Прайшлі ў канец калідора. – Да сьцяны!
Зноў рыпеньне ключа ў замку, грукат засаўкі і высокі, аж мурашкі па скуры, ськіргат завесаў.
– Заходзь! – Ззаду зноў скіргат, грукат, рыпеньне.
Вільготная жывая цемра дыхае ўперадзе. Ад яе сьмярдзіць застояннай мачой. Сяргей пакрыху, выцягнуўшы перад сабою рукі, прасоўваецца ўперад.
– Асьцярожна! Не спатыкніся аб парашу. – Хрыплым барытонам папярэджвае цемра. Ногі Сяргея намацваюць унізе нейкі бар’ер. Гэта невысокі памост з дошак. На ім упокат шчыльна ляжаць людзі.
– Здымі абутак і сядай сюды, ля мяне. – Кажа барытон і бярэ Сяргея за руку. – Ну, братка, чым правініўся перад Савецкай уладай?
– Перад уладай – не. Так, даў па мордзе аднаму. НКВДзісту. – У цемры задаволена загаманілі:
– НКВДзі-істу! Ну ты і ўляпаўся!... Што, вось так проста, ні з таго, ні з сяго даў у пысу рыцару рэвалюцыі?
– Ну ня так проста... Было за што...
Пакрыху, пакрыху – распыталі ўсё. Праз круглае акенца ў дзьвярах у камеру трапляе крыху сьвятла з калідору, і калі вочы прывыклі, Сяргей здолеў агледзецца. Ля дзьвярэй невялікі квадрат бетоннай падлогі, там абутак і драўляная кадушка з “вушамі” – параша. Астатнюю прастору займае драўляны насьціл, падняты над бетонам на вышыню калена. На насьціле варушыцца чалавечае месіва. Вольнага месца няма. Людзі, іх шмат, скурчыўшыся сядзяць, або ляжаць паклаўшы ногі адзін на аднаго. Большасьць па пас распранутыя – вельмі горача і вільготна.
– Кажаш – прыйшлі выганяць з кватэры? А кватэра твая ці арандаваная?
– Як сказаць... Не, не мая... Я на фанернай фабрыцы працую... працаваў. І дом наш – уласнасьць Давыда Лур’е, гаспадара былога фабрыкі... Я і плаціў яму за кватэру. Аж пакуль летась ён ня ўцёк, ну, калі таварышчы прыйшлі. З таго часу ня стала каму плаціць. Я, дурань, радаваўся – думаў так заўсёды будзе. Аж сёньня ўвальваюцца ў сініх фуражках: “Дваццаць мінут на зборы! Толькі лічныя вешчы!” І жонку мацаць!
– Пабілі моцна? – Спагадліва пытае гаспадар барытону.
– Косьці, здаецца цэлыя... Але ўсё цела баліць. І галава. І млосна мне. Тут вады няма? А то зараз званітуе.
Грыміць збоку ля сьцяны бляшаная накрыўка, і Сяргею падаюць кубак з цёплай вадой. Ад яе пахне жалезам. Рэшткі ён вылівае на галаву. Так крыху лягчэй. Сяргей прымошчваецца сярод целаў і зноў, як у “пенале” ўпадае ў здранцьвеньне. Гэта і сон і ня сон. Сяргей чуе, як навокал храпуць, кашляюць, размаўляюць людзі, перыядычна хтосьці падыходзіць да парашы, і тады вочы выядае едкая хваля. Ад ляжаньня на голых дошках нямее цела, прыходзіцца варочацца, непакоячы суседзяў...
...Вішчаць дзьверы, у праёме постаць: “Кахнюк! Васкалей! За пайкай!” – Двое борзьдзенька ўскокваюць, пераступаючы праз ляжачых спускаюцца з памоста, абуваюцца і зьнікаюць. Праз дваццаць хвілін заносяць у камеру вялізны бак, вешаюць на цьвік у сьцяне газавы ліхтар. Выносяць парашу.
Бляшаных місак на усіх не хапае. Ядуць па чарзе. Урэшце Сяргею перадаюць міску нейкай мутнай вадкасьці з пахам гнільля, і драўляную лыжку. Лыжка без ручкі, і каб зачарпнуць даводзіцца мачаць у вадкасьць пальцы.
– Ты ня думай, што цябе хутка адпусьцяць. – Вучыць Сяргея Парамон, што з барытонам. – Як яно будзе, адзін Бог ведае, а калі чакаць, што вось-вось адпусьцяць – сэрца сабе парвеш. Лепей думай, што гэта, братка, надоўга. Што няма ў цябе ні жонкі, ні сына. Цяжка сябе ў гэтым пераканаць, але ты імкніся. Тады можа і здолееш сябе зьберагчы. На допыты пачнуць цягаць, то трымай язык на кароткай шворцы. Невядома, што табе шыць будуць, але ж будуць. Ніякіх прозьвішчаў не называй. Калі будуць казаць, што ўсё пра цябе ведаюць – ня вер. Могуць знайсьці знаёмых, распытаць пра ўсялякія дробязі – ну, калі, дзе, з кім, напрыклад выпівалі, аб чым гутарылі. А потым скажуць табе: “Мы ўсё ведаем. Вось такога і такога ты з такім і такім піў там і там, казаў тое і тое. Мы ведаем, што ты удзельнічаў у такой і такой арганізацыі. Мы ведаем. Мы толькі хочам, каб ты сам гэта пацьвердзіў, каб упэўніцца ў тваёй шчырасьці...” Ты і пачнеш... пацьвярджаць у шчырасьці. І сам не заўважыш, як распавядзеш тое, пра што лепей бы маўчаць.
– Ды я на самой справе акрамя, што таму па барадзе заехаў, нічога кепскага...
– Нічога, дык нічога... Я так, тэарэтычна... На ўсялякі выпадак. Або пачнуць з табою таргавацца: “Ты нам усё расказваеш, а мы паклапоцімся, каб вырак быў як мага лягчэйшы” – Ня вер! Як толькі штосьці распавя­дзеш, падпішаш – забудуцца пра ўсе свае абяцанкі. Гэтак сама могуць прымусіць слухаць, што тут у камеры робіцца і ім дакладваць. Вунь тыя, Кахнюк з Васкалеем, – Парамон нахіляецца да сяргеевага вуха, – кожны раз як парашу вынясуць, ці за пайкай сходзяць – тытунём сьмярдзяць. За што іх там турэмшчыкі тытунём частуюць? Во-ось! Думай!
– Няўжо за паганую папяросу на сваіх дакладваюць?
– Ня ведаю... Людзі розныя... Іншыя хоць забівай іх – подласьць ня зробяць, а іншыя самі шукаюць – як прадацца. Хоць бы і за недакурак абсьлінены. Такія рэчы ты сам павінен ведаць – не хлапчук ужо.
– Слухай, а што рабіць, калі зьбіваць пачнуць?
– А скуль я ведаю?... Кажуць, ёсьцека ў іх пара вялі-ікіх адмыслоўцаў па гэтай справе. Тут думка мая такая: гледзячы ў чым прызнацца хочуць прымусіць. Бо могуць і замардаваць, а справы было – ну, скажам на гадоў на колькі там зьняволеньня. То ў такім выпадку лепей падпісаць, ды жывым застацца. А ўвогуле – не ўгадаеш, у іх як што – куля ў патыліцу. Не, ня ведаю я...
Маркотна Сяргею на душы. Ня верыцца нават, што гэта ён, зьбіты сядзіць зараз у сьмярдзючым сутарэньні пад будынкам былога калегіюма. Здаецца яму, што гэта сон, што варта толькі прачнуцца і ўсё будзе на сваіх месцах – маленькая, але ўтульная кватэра з двух пакояў, Пётрык, жонка. Дзе яны зараз? Што з імі?
– Як пана на імя? – На плячо кладзецца нечая рука. – Чы то вы, пане Крыўда?
– Ойча Казімеж, вы? Дык і вы тут! А летась, калі службу забаранілі, то казалі – вас некуды ў Сібір гэты кляты зьвезьлі. Амаль кожную ноч цягнікамі звозяць.
– Не, былэм пад сьледствам. Але юш вкрутцэ – на Сібэр’я. Естэм шпэгам Ватыкану. – Казімеж горка ўсьміхаецца. – Пятнасьце лят увензьненьня.
– О-ёй-ё-ёй ! Пятнаццаць гадоў! І цэлы год сьледства ішло? І суд быў?
У цемры засьмяяліся:
– Пра які суд ты кажаш? Прыйшлі сюды, зачыталі вырак. Нейкая тройка завочна судзіць. Клопаў – сакратар гарадскога камітэту бальшавіцкага, Корч – начальнік НКВДэшны, і яшчэ нехта трэці. А сьледства... сьледства, братка тут па-рознаму. Можа пару тыдняў, а могуць некалькі месяцаў марнаваць бяз ніводнага допыту.
Сяргей сядзіць на краі памосту абхапіўшы галаву і качаецца ўлева-управа, улева-управа. “Спокуй! Спокуй, пане Крывда!” – сьвятар кладзе яму на лоб халодную далонь, і Сяргею лягчэй. Ён падцягвае ногі да падбародка і засынае. І там усе падзеі сёньняшняга вечару здаюцца яму сном.

* * *
Ды-н-н-к-г! – Ляснула так, што зазьвінелі шыбы і са сьценаў пасыпалася тынкоўка. Эмануэль уціснуў галаву ў плечы, звыкла чакаючы дажджу з каменьчыкаў. – Не, гэта не гарматка чырвонаармейцаў. Гук нашмат мацнейшы і час занадта раньні, толькі-толькі сонца выкаціла над зялёным морам трысьнягу за ракой. Азірнуўшыся – ці ня бачыць хто – Эмануэль пакінуў ганак і забег за кут будынка. Чорны слуп дыму падымаўся над заходняй часткай гораду.
– Вартавы, т-т-ваю маму распранагіб-бон...! Дзе вартавы! – О, халера! Начальства прынесла апраметная. І трэба ж якраз тады, калі пакінуў ганак на хвілінку! Ой, як несвоечасова! Ну, зараз пачнецца...
– Тут я, таварыш Корч! – Што гэта з ім? Чырвоны, потны, быццам ад сабак уцякаў, расхрыстаны. – Я тут. Глядзеў, што гэта там грымнула.
– Праз дваццаць хвілінаў – да мяне! – І Корч, пераскочыўшы праз чатыры прыступкі, зьнік у праёме. Здаецца, пранесла. Але што там гарыць?
...У прасторным кабінеце Карча прахалодна, хоць заканчваецца чэрвень. Чэкісты, грукаючы затыльнікамі вінтовак па брудным дубовым паркеце расьселіся на шырачэзных, падваконьніках, на нешматлікіх крэслах, прысланіліся да сьценаў. Голас начальніка нязвыкла згубіў іранічна-скандальныя ноты, гучыць трывожна і няўпэўнена:
– Хлопцы, здаецца – вайна. У парткам тэлефанавалі – сёньня немцы перайшлі мяжу. С-с-саюзьнічкі, дышла ім у жупан!.. Потым сувязь прапала. Добра, каб гэта было толькі правакацыяй, але трэба рыхтавацца да горшага. Першае – у нас пяцьдзесят два чалавекі ў сутарэньні. Выпускаць іх нельга. Там усе – ворагі народнай улады, дарма, што сьледства ня скончанае. Да вечару, сама пазьней заўтра іх трэба ліквідаваць. І – каб ціха. Месца для ліквідацыі – лясны масіў за вёскай Гарадок. Якраз недалёка чыгунка. Да Гарадка – ў вагоне, пад выглядам эвакуацыі, каб не панікавалі і не паспрабавалі зьбегчы. Далей – такая легенда: немцы разбамбілі чыгунку і трэба прайсьці колькі там пехатой... Ліквідацыяй зоймуцца ты, ты, ты,... – пачаў тыцкаць пальцам Корч, пазначыўшы чалавек дзесяць. – Старшым, і адказным за ход аперацыі назначаю... будзеш ты, Эдзік... Эману...ля, цьху, язык зломіш!, Остмана! Эдзік, потым застанешся – падрабязна пагутарым.
Далей! Ты, ты, ты і ты – падрыхтоўка дакументацыі і маёмасьці да эвакуацыі... – На стале слаба дрынькнуў тэлефон. – Слухаю, Корч! Так! Так! Ну, і што? Я вам што – пажарны? Аляксей Ахрэмавіч! Зьбірай паперы, тыя што найбольш важныя, ахову вам і дакументацыі арганізую, а пажар тушыць – выбачай, не мая справа. Добра. Добра! Разам! Мае хлопцы і твае. Прышлі каго, хай зброю атрымаюць. І наконт транспарту паклапаціся. Што ў мяне? У мяне адзіная палутарка, і тая ледзьве дыхае! – Абвёў вачыма падначаленых. – Клопаў тэлефанаваў, сакратар. Здаецца, наклаў у штаны. Будзем дапамагаць ім даваць дралу... Раніцай самалёт бомбу на збройны склад ськінуў, гэта ён зараз гарыць... Ну, і хай сабе. Ня нашая справа!
— ...Так, Эдзік... – Корч, застаўшыся сам-на-сам з Эмануэлем ходзіць ад сьцяны да сьцяны, заткнуўшы вялікія пальцы за жоўтую дзягу. – Расьцеш, Эдзік! Давяраю вельмі адказную сакрэтную аперацыю. Але калі барані Бог хтосьці з шляхцюкоў уцячэ, Эдзік, адказваць будзеш па ўсёй строгасьці... Ну, ты хлапец разумны, учэпісты, сакратар камсамольскі, не табе тлумачыць... Значыцца, так! Першае! Зараз чалавека на вакзал – дамовіц­ца з вагонам. Вагон праверыш сам, каб ніякіх там шчылінаў, гнілых дошак..., ну,... зразумела? Потым выбераш месца ля станцыі, недалёка ад Гарадка, але так, каб стрэлаў не было чуваць, кіламетры за тры-чатыры, у лесе. Яму хай твае хлопцы выкапаюць. Яно лепш было б, каб шляхцюкі самі, але здагадаюцца, могуць узбунтавацца. Аперацыя сакрэтная, таму, калі нехта з мясцовых убачыць – іх таксама ліквідаваць. Нам лішнія сьведкі абсалютна непатрэбныя! Ну, што ты ў твары зьмяніўся? Нічагусенькі, прызвычаішся. Чалавека, а тым больш ворага забіць – гэта гонар! Ды і ўвогуле – ім куля як падарунак дарагі. Ворага, Эдзік, калі па-сапраўднаму, трэба доўга на той сьвет не пускаць, доўга таптаць! А стрэл – гэта лёгка і няправільна! Прос­та – часу зараз няма. Ты ж мужчына! А то ёсьць такія – парася закалоць ня могуць. Гэтыя, я лічу, ня маюць права нават нагавіцы насіць! Вось, памятаю, у Іспаніі... Але... як-небудзь потым распавяду...
Добра! У Гарадку паведаміш легенду, што немцы чыгунку разбамбілі, што далей трэба крыху пёхам. Пазьвязваеце ім рукі назад – зноў сам правер, каб якасна зьвязалі – і агульнай вяроўкай па дзесяць-дванаццаць. На кожную такую зьвязку – па двое нашых хлопцаў. Што? Дзе вяровак узяць? І рыдлёвак? Ня злуй мяне, Эдзік!
І яшчэ! Вінтоўкі вашыя для такой справы ня вельмі прыдатныя. Атрымаеш на ўсіх “Наганы” і патроны да іх. Зьвязкі хай ідуць праз гадзіну. Яму капайце глыбокую. Падводзіце, кладзяцё на зямлю на краі, усю зьвязку ў радок, і – стрэл пад чэрап. Вельмі надзейна. Потым ськідаеце і крыху прысыпаеце. Так – пяць пластоў. Якраз за пяць-шэсьць гадзінаў справіцеся. Потым засыпаеце і маскіруеце шыльнікам, ламаччам... Ды глыбакавата закопвайце, каб зьвяр’ё потым не адкапала!
Як закончыце – назад у горад. Будзем парткам суправаджаць. Трэба да вайсковых часьцей прыбіцца. І глядзі, Эдзік, яшчэ раз кажу – калі хто ўцячэ, лепей табе самому адразу застрэліцца! А зробіш усё якасна – далі­бог да ўзнагароды прадстаўлю!

***
На вуліцы насупраць партыйнага камітэту мітусьня. Упараныя партпрацаўнікі разам з сінефуражачнікамі цягаюць мяшкі і скрынкі з паперамі. Сакратар Клопаў стаіць на ганку са счарнелым, стомленым тварам. Дае каманды: “У кузаў! Гэта спаліць! Спаліць! На машыну!”. Большасьць папераў тут жа ідзе ў вогнішча, што раскладзена пасярод вуліцы. Вогнішча вялізнае, аж гудзе. Ад яго ўгору разам з дымам узьлятаюць палаючыя аркушы.
– Аляксей Ахрэмавіч, ты б дзе ў іншым месцы паперы паліў. – Абыякава кажа сакратару Корч. – Сухмень якая! Пажараў наробіш...
– А-а! Няма часу! Згарыць што, дык немцу не дастанецца... А ты свае дакументы зьнішчыў? А што з падсьледсьцьвеннымі?
– Не хвалюйся! У мяне ўсё гатова. Дакументы, зброю, частку асабовага складу ўчора вечарам цягніком на ўсход адправіў. І арыштантаў таксама – куды трэба. Як дамаўляліся. Вунь той хлопец усё зрабіў. Вельмі нам падхадзяшчы. Аж страшнавата. Будзе толк, калі лёс захавае... Ты да яго прыглядзіся. Я яго табе, у сэньсе нам, у ахову ўзяў.
– Выбачай, не да яго. Зараз пра свой лёс час паклапаціцца...
– Так то яно так. Але раю ўслых такія рэчы не вымаўляць... Мы тут пастаўлены ведаеш дзеля чаго...
– Мы ж свае, Васіль Рыгоравіч!
– То-та ж бо, што свае!...
...Горад пакінулі на сьвітанку. Над балотамі ўздымаўся ранішні туман. Патыхала вільгацьцю, аерам і балотнай мятай. З палёў вярталіся чароды качак, з шумам разьбівалі вадзяныя люстэркі сярод чаротавых джунгляў, якія падымаліся паабапал старой дарогі. Усё было як спрадвеку, быццам і не было вайны... Падскокваючы на калдобінах старога гасьцінца, плюючыся сьмярдзючым чорным дымам у паўночным накірунку няшпарка рухаліся чэкістская “палутарка” з дзясяткам узброеных людзей у кузаве, і сакратарская легкавушка, у якой дзяўблі насамі Корч і Клопаў. Як праехалі Стычанічы – балотную выспу з парай дзесяткаў прысадзістых хатаў, пакрытых пухнастымі трысьняговымі дахамі – грузавік заглух.
– Ну, сакратар, што рабіць будзем? – Зьвярнуўся да Клопава Корч, калі канчаткова стала зразумела, што ўдыхнуць жыцьцё ў рухавік ня ўдасца. – Далей удвох небясьпечна, наскочым на немцаў – як адбівацца будзем? Прапаную адправіць зараз тваёй машынай некалькі хлопцаў у Стычанічы, хай двое-трое калёс у кулакоў рэквізуюць. О! Хай легкавік твой на падводы зьмяняюць! Ха-ха! Ашчасьлівяць шляхцюкоў! Бо калі мы машынай, то наша ахова за намі не пасьпее. Дні за два да Івацэвічаў дабярэмся, там нашых сустрэнем. А грузавічок трэба з дарогі прыбраць – можа ўвагу з паветра прыцягнуць...
... – Даюць нам, здаецца, па мордзе, сакратар. “Еслі завтра вайна, еслі завтра в паход...!”, курва! “Будзем біць врага на яго церыторыі...!” – Разьлёгшыся на сярэднім возе бурчыць Корч, калупаючы ў зубах сухой саламінкай. – Што гэта ты такі невясёлы? Боязна?
Твар Клопава сапраўды невясёлы і пакамечаны.
– Сам думай, што ўслых казаць! Нічога! Усёроўна мы пераможам! – Сьцішана, амаль шэптам адказвае сакратар і вачыма паказвае на сьпіну Эмануэля Остмана, што з дубцом сядзіць уперадзе, за фурмана, і раптам крычыць дзіка, вылупляючы вочы: Ціха! Ціха, кажу!
Перабіваючы рыпеньне колаў уперадзе, за паваротам дарогі, чуцён трэск рухавікоў.
– Дачакаліся, р-рудая п-піцунда! – Твар Клопова са счарнелага робіцца зеленкаватым. – А можа нашы?
– Якія нашы?! Матацыклеты! Гэта немцы! – Корч ускоквае на ногі. – Хлопцы! Усе ў трысьнёг! Падрыхтавацца да бою!
Як гарох з сыпанулі з дарогі. Зачвякала пад коламі, захрабусьцеў трысьнёг. З-за павароту выехала чорная легкавушка. Ззаду і сьпераду – матацыклы з вазкамі. Немцы. Пярэдні падняў руку. Спыніліся.

* * *
...Фрыдрых Мейнэ, зручна ўмасьціўшыся ў вазку матацыклета, трымаючы правай рукой за рукаятку “Машынэнгэвэр”, з задавальненьнем разглядаў чужы дзікі пейзаж. На павароце дарогі, што зарасла паабапал высокім трысьнягом, яны дагналі басаногага бруднага хлапчука з вудай і трыма вялізнымі рыбінамі, начэпленымі на лазовую галінку. “Багатая краіна. – Падумаў Фрыдрых. – Няблага было б атрымаць тут маёнтак. Калі ўжо смаркачы могуць лавіць такіх монстраў... Зямлі мала, але можна арганізаваць гадоўлю рыбы. Загарадзіць сажалкі, разьвесіць над імі электралямпачкі. Тут шмат балотаў, значыць павінна быць шмат камароў, начных матылёў. Яны будуць ляцець на сьвятло і падаць у ваду. Рыбу ня трэба будзе падкармліваць...”
Закончыць думку не далі. “Опель”, за якім яны ехалі, спыніўся. На пярэднім матацыкле суправаджэньня ўперадзе заўважылі фурманку, што нырнула ў трысьнёг.
...Пётрык Крыўда з цікавасьцю разглядаў нябачаныя траскучыя машыны, што дагналі і спыніліся ля яго. Той, што сядзеў у легкавушцы нешта гергетнуў і махнуў рукой. Задні матацыклет з кулямётам на вазку асьцярожна аб’ехаў легкавушку, затрашчэў мацней, шпарка, хістаючыся і падскокваючы паімчаўся ўперад. Праехаўшы метраў трыста, ён раптам, не збаўляючы хуткасьці вільнуў з дарогі і перакуліўся. “Тах-тах-тах” данесліся праз некалькі імгненьняў вінтовачныя стрэлы. Легкавушка не разьвярнуўшыся ірванула задам па дарозе адкуль прыехала, а кулямётчык з матацыкла, што застаўся даў некалькі чэргаў па трысьняговых зарасьцях. Потым паімчаў сьледам. Усё адбылося так хутка, што Пётрык не пасьпеў нават спалохацца. Стаяў і глядзеў, як яны аддаляюцца. Калі немцы ўцяклі, патэпаў уперад, да перакуленага матацыкла.
Сонца падала на дарогу праз трысьняговую сьцяну. Тварам уверх ляжаў на дарозе чалавек у шэра-зялёным адзеньні. Чорная кроў запяклася на тым твары. Як у бацькі, калі яго забралі з дому. Дзе ён? Чаму не вяртаецца? Мама нічога не адказвае, толькі плача, калі Пётрык пытае яе пра тату.
Мальчык, немцы зьехалі? – Трысьнёг зашамацеў, заварушыўся, і на дарогу выбраўся жаўнер, мокры і брудны. У сіняй фуражцы. Той самы, што вёў тады тату. Пётрык насупіўся і маўчаў.
– Эдзік! Правер, ці жывыя матацыклісты? Асьцярожна падыходзь! Вазьмі на мушку!
Трымаючы нагатове рэвальвер жаўнер сьхіліўся над акрываўленым немцам, потым падыйшоў да другога, той ляжаў нагамі ў балоце, тулавам на сухім.
– Гэты гатовы!... А гэты дыхае, здаецца! – Затрашчэў трысьнёг, загаманілі людзі, зачвякала балота. Храпучы, коні вывалаклі на дарогу тры сялянскіх вазы.
– Хлопчык, ты дадому ідзеш? То ідзі! Раскажы там людзям, маўляў партызаны ўступілі ў бой з вялікай колькасьцю немцаў і ў тым баі перамаглі. – узбуджана кажа Клопаў. Увогуле зараз усе узбуджаныя, гаманкія і ўсьмешлівыя. – Васіль Рыгоравіч, што з тым немцам?
– Жывы... Аглушыла, відаць як з вазка вываліўся аб зямлю вяцнуўся добра... Хлопцы! Паліце яго вадой, хай ачухаецца!
Праз пару хвілінаў са сьмехам і жартачкамі падвялі немца.
– Васіль Рыгоравіч, відаць трэба яго дапытаць?
– Зараз... Эдзік! Остман! Дапытай немца.
– Што пытацца?
– Ну... З якой часткі... Нахалеру нам яго частка?. Спытайся, як клічуць. Чаго ехалі – І, панізіўшы голас, зьвярнуўся да Клопова: – Аляксей Ахрэмавіч, думаю – нам на Івацэвічы зараз рухаць ня варта. Нарвёмся яшчэ, і ня раз. Давай вернемся назад у горад, там будзем думаць, што далей. Дакументы, што вязём – у балота. Ніхто іх тут ніколі ня знойдзе.
– Згодзен. А што нам з гэтым немцам? Не цягаць жа з сабою!
– Разьбяромся... Эдзік! Дапытаў?
– Значыцца, так! Клічуць немца Фрыдрыхам Мейнэ. Суправаджаў палкоўніка ў якасьці аховы. Больш нічога ня ведае.
– Добра. Давай, арганізуй зараз – мяшкі з дакументамі, і немцаў таксама – у балота. Ну, што ты ў твары мяняешся? Ты ж ужо гэтым займаўся, трэніраваны...
... Пётрык, асьцярожна ступаючы па абочыне, дзе расла трава, бо дарожны пыл распаліўся на сонцы і пёк ногі, пачуў ззаду два стрэлы. Азір­нуўшыся, убачыў, як жаўнеры раскачалі і кінулі ў багну немцаў. Балота забурчэла, выпусьціла сьмярдзючыя бурбалкі, сквапна засмактала, паглынаючы здабычу...
...Вечарэла. На даляглядзе за балотамі вісеў барвовы шар, кідаючы на навакольле доўгія цені ад скарлючаных дрэў і зарасьнікаў ракіты. На ямах, залітых вадой, плюхаліся, перакульваючыся ўніз галовамі крыжанкі. Аднекуль здалёк прыляцела сойка з жалудом у дзюбе. Пакінуўшы на дарожным пыле крыжыкі сьлядоў, па-зладзейску азірнуўшыся, яна шмыганула ў прыдарожную траву, прыхавала жалуд, і з пераможным крыкам паляцела назад у лясы.
Высока ў небе, раськінуўшы вострыя крылы плыў у блакіце сапсан, азіраючы прастору бязьлітаснымі зоркімі вачыма. Сойка нават не пачула імклівага посьвісту сакаліных крылаў... Так на ўскрайку шашы, былым гасьцінцы, над невядомай магілай нямецкага салдата Фрыдрыха Мейнэ, падняўся праз гады адзінокі дубок.

* * *
Вечарэла. Барвовы шар амаль схаваўся за даляглядам. Гарэлі асушаныя балоты. Дымы тарфяных пажараў расьцякаліся па навакольлі і ў паветры стаяў іх удушлівы пах. Пётрык Крыўда – так і застаўся Пётрыкам, нягледзячы на сьсівелую галаву – прыціснуў локцем лейцы, разьлёгся на пахкім сене. Сьледам за ягоным возам паўзла белая на фіялетавым небе поўня, ўзбуджала цьмяна акрэсьленыя думкі і тугу пад сэрцам. Маленькі вараны конік спакойна цокаў капытамі па асфальце, ціха шамацелі гумовыя колы. Конікам не трэба было кіраваць. Пётрык драмаў, змораны доўгім, ад цямна да цямна, працоўным днём. Сны мітусіліся вакол яго, блытаючыся зь явай. Часам узьнікалі твары маці і бацькі. Няма ўжо маці, а бацьку як схапілі НКВДысты напярэдадні вайны, так і прапаў. Зрэдку расплюшчваў вочы і дзівіўся, як за ягонае жыцьцё зьмяніўся навакольны пейзаж. Вось там, дзе зараз малады дуб, рускія на ягоных вачах застрэлілі немца і кінулі ў балота. Зараз ад балота не засталося і сьледу...
...Цямнела. Зручна разьмясьціўшыся за штурвалам грузавога “Мерсэдэса”, Вольфганг Мейнэ з хваляваньнем разглядаў нязвыклы дзікі пейзаж. Далёка, аж пакуль сягае пагляд, раськінулася плоская як стол раўні­на, перарэзаная сеткай меліярацыйных каналаў, парослая там-сям непралазнымі хмызьнякамі і невялікімі выспачкамі маладых хвойнікаў. Куды ні павернеш галаву – зарывы пажараў. І непрыемны пах тарфянога дыму... На краі раўніны паказаліся агні горада. Недзе ля гэтага гораду на пачатку вайны з рускімі прапаў бацька, Фрыдрых. Колькі дзесяцігоддзяў таму позірк яго спыняўся на гэтым даляглядзе, на гэтай рацэ... Можа, дзесьці тут ляжаць ягоныя косьці? На сэрцы Вольфганга было ўрачыста і горка...
...Эмануэль Барысавіч Остман ціснуў на акселератар “Джыпа”, не тармозячы нават калі праносіўся праз цёмныя, без ніводнага агеньчыка вёскі. Сяляне кладуцца рана. Вочы сачылі за дарогай, рука ляжала на штурвале, думкі былі далёка. Абдумваў чарговы артыкул кніжкі мемуараў.
Жыцьцё амаль удалося. Ён – генерал. Ён быў прыбліжаны і аблашчаны самымі высокімі людзьмі... І нават зараз, на пенсіі, ён не губляе сувязяў з моцнымі. Яго не забываюць. Тое, што яго, сёньня жыхара другой краіны, аб’явілі ганаровым грамадзянінам гэтага гарадка, дзе пачалася кар’ера, вельмі грэе самалюбства... Хоць якая Беларусь іншая краіна, калі Федэральная Служба Бясьпекі робіць тут што хоча! Вось – дазволілі ганароваму грамадзяніну разьмясьціць тут сваю справу. Нават памяшканьне далі. Гэта, натуральна крыху каштавала, але тое, што для маскоўскага генерала – капейкі, для мясцовага чыноўніка вялізныя грошы... Адзінае, што ўсе апошнія гады не дае спакою, дзярэ і цісьне знутры – несправядлівасьць, з якой прыйшлося сутыкнуцца. Чаму? Чаму так абышліся менавіта з ім? Ён жа пра гэтага Клопава ведае ўсё. Хто ён такі, гэты Клопаў? У мемуарах будзе так: “У чэрвені сорак першага быў пакінуты ў тыле ворага членам падпольнага камітэта КП(б)Б, а ўжо ў верасьні ён пакінуў сваіх таварышаў, сышоў у родную вёску, адсядзеўся там, адпусьціў бараду, потым перайшоў лінію фронту і апынуўся ў шыкоўнай “зямлянцы” гасьцініцы “Масква”. Прасядзеў у сталіцы да верасьня 1942 году. Потым самалётам закінулі Клопава ў Беларусь, ужо сакратаром падпольнага камітэту партыі. Праз некалькі месяцаў – прысвоілі званьне генерал-маёра, а потым і Героя Савецкага Саюзу. За што? Немца жывога ў вочы ня бачыў.”
Сапраўды ня бачыў. Нават тады, калі ў пачатку вайны ўзялі ў палон таго... Фрыдрыха...?, так, Фрыдрыха, як Энгельса клікалі, а вось прозьвішча забыўся. Нешта з валасамі... Хаар? Не, не Хаар. Як па-нямецку “грыва”? Мейнэ! Дакладна, Фрыдрых Мейнэ! Дык як яго прыйшлося ў распыл пусьціць – бо не цягаць жа з сабою, калі абстаноўка такая няясная! – то званітавала будучага Героя. Чыстаплюй! Толькі і мог, што растрэльныя сьпісы падпісваць! І гэтаму – Герая! А яму, Эмануэлю Остману – хрэн з гарчыцай.
Дарэчы! Дарэчы вось недзе тут тое ўсё і было! Як усё памянялася! Не пазнаць! Во, помнік нейкі ля дарогі. Абстракцыя нейкая. Можа тым падзеям?
...Уперадзе заблішчэлі чырвоныя “габарыты”. Фура. Нумары нямецкія. Зачасьцілі фрыцы. Відаць, гуманітарку вязуць. Так, пераключыцца на бліжняе сьвятло, і на абгон. Акселератар па плешку!
І раптам у бліжнім сьвятле фараў, – зусім блізка, – воз з сенам! Па левай абочыне, с-сука! Тармазіць! Позна! Управа! Фары на імгненьне выхапілі стаўбур дрэва, потым трэск і моцны ўдар у грудзі. Апошняе, што ён убачыў, былі чырвоныя ліхтары “Мерсэдэса”...