12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





На птушыных правах літоўскага
паэта

_____________________
Сучасная літоўская паэзія
Уладас Бразюнас
Антанас А. Ёнінас
Альвідас Шляпікас
Эўгеніюс Алішанка
Вітаўтас Дэкшніс


Пераклад
з літоўскай
Андрэя
ХАДАНОВІЧА



У Літве традыцыйна праводзяцца два штогадовыя міжнародныя паэтычныя фестывалі – “Паэтычная вяснаіПаэтычная восень”. Першымаштабны і па­фасны, ён разьлічаны перадусім на слухачоў-гледачоў і грамадзіць шмат публікі. Другікамерны і зьбірае пераважна саміх паэтаў. Але найлепшых у Літве паэтаў. Харошых і розных. Жывых класікаў і зусім маладых. Інтэлектуалаў і правакатараў (прычым адно зусім не абавязкова выключае другое).
Раз на год яны зьбіраюцца ў Друскеніках. Чытаюць і слухаюць вершы. Або сьпяваюць пад гітару выкшталцоны і ня вельмі рок. Або дэгустуюць выкшталцоныя і ня вельмі напоі ў кавярні з гаваркой назвайСэрцайка”. Або гуляюць у рафінаваны баскетболяк-ніяк літоўцы, і нішто літоўскае ім не чужое. Потым зноў чытаюць і слухаюць. Уручаюць важныя і прэстыжныя паэтычныя ўзнагароды. Удзельнічаюць у ананімных паэтычных конкурсах. (Мне таксама пашчасьціла пабываць у гэтым таварыстве ананімных паэтаўі нават сёе-тое выйграць.) Ладзяць эфектныя хепенінгі і перформансы. Кніжныя выставы і падазроныя кірмашы, дзе можна набыць самыя неймаверныя рэчы. Напрыклад, вядомы ў Літве крытык гандляваў там сваімсумленьнем”. Паэт Х. за адзін літоўскі літ набыў у яго аўтарытэтную даведку, што ён добры паэт. Паэт У., адпаведна, за два літыдаведку, што ён паэт, у два разы лепшы за паэта Х., і г.д.
Апроч літоўскіх творцаў, у Друскенікі штогод запрашаюць і паэтаў з іншых краінаў. Правілы фестывалю строгія: замежны паэт мае права прыехаць сюды і карыстацца прывілеямі афіцыйнага госьця толькі аднойчы. Але некаторым падабаецца настолькі, што яны прыязджаюць пасьля зноў і зноў, неафіцыйна, так бы мовіць, інкогніта, на птушыных правах... літоўскага паэта. Уважліва пры­гледзішся да такогалітоўца” – а ён выявіцца палякам. Або амерыканцам. Або мексіканцам. Або беларусам. (Ня будзем раскрываць інкогніта апошняга.)
Менавіта там, наПаэтычнай восені”, мне пашчасьціла сустрэцца, а потым сустракацца яшчэ ня раз з усімі пяцьцю паэтамі, чые тэксты зьмешчаныя ніжэй па-беларуску. З усімі пяцьцю я пазнаёміўся асабіста нашмат раней, чым змогз іхняй жа дапамогайпрачытаць і ацаніць якасьць іх вершаў. Але побач з кожным ад першага моманту меў уражаньне, што кантактую з прыўкрасным паэтам. І рэч ня толькі ў высокай рэпутацыі, якую яны маюць у літоўскіх калегаў, колькасьці ўзнагародаў і г.д. І ня толькі ў тым, як слухаюць іх творы тыя, хто, у адрозьненьні ад мяне, усё разумеюць. І нават ня ў тым, што сяго-таго з іх я хутка змог прачытаць у харошых перакладах на даступныя мне мовы. Бо ўрэшце паэзіягэта ня толькі словы, а яшчэ тое, што адбываецца паміж словамі і побач са словамі, электрызуючы паветра, пакуль адзін паэт таленавіта чытае, а іншыяталенавіта слухаюць.
Лішне казаць, што пазьнейшае знаёмства з тэкстамі ўсіх пяцёх толькі ўзмац­ніла ўва мне тое першае ўражаньне. Уражаньне, якім зараз вельмі хочацца па­дзяліцца з беларускімі чытачамі.
Андрэй ХАДАНОВІЧ.

Уладас Бразюнас
чырвоная кніга

як толькі прыйдзе гэты сон забыты
скрываўлены нібыта ўсплёск нябыту
зімовы дыптых сьнегу і гіля
і выплакаўшы сьцішаную вусьціш
праклён дабраславеньня ў сьвет адпусьціш
рука абдыме й высахне пасьля

гудзеньне ў галаве і словы словы
а ў небе колер коціцца гілёвы
мы нічые не асуджайце нас
і рана рана Госпадзе як рана
бы выбух тагасьветнага туману
нас з галавою накрывае час

як за лязо хапаешся за сон ты
і згадкамі фарбуеш гарызонты
ды занядбаўшы не ўратуеш зноў
яны лятуць у кніжны вырай нібы
з птушынай асавелае сядзібы
нянашых дзён і нашых ночных сноў


пробліск

час гадзіньнікаў рушыць бяз мэты
хто навосьлеп ім будзе сустрэты?
абмінаючы хібы, ступае
яго крокаў чароўнасьць сьляпая
не стрымаць, хоць ня ведае колаў
на яго камяні схіліш голаў:

будзе Нёман гучаць яго тонам
гэты гоман ласкавы за што нам?
гэту сонцам каваную зброю
ці да Грунвальду несьці герою?
ці пачуем праз бой і вясельле
як на схілах расьце пустазельле?

ціха-ціха сьвітанак агорне
чары з памяці здыме, відушчы:

доўга-доўга іграцьме на горне
гучны-гучны адгук яго ў пушчы


Войшалк

а дэманы пісьмёнаў усё тыя ж
як сын Міндоўга, з Грэцыі, і сон
ніяк ня хоча да мяне вяртацца
што праваслаўны
значыць то, што значыць
а што манахняма, чаго няма

як хлопчык-служка слухае суквецьці
я чую жоўтых прыцемкаў жніво
сьвятла сьвятыя кроплі на іржышчы
ня едзе сын і дэманы ўсё тыя ж
чуйнуй і чуйвідзежыцца дарога
атраду цераз мора-акіян

ой рана з паходу
ліхая прыгода
на белае цела
расою зьляцела
ўся чырвань заходу


балцкія мовы

словы дадзеныя балтам
нібы латнікі з малітвай
каранямі пад асфальтам
шлях накрэсьляць па зямлі твой

выбухныя быццам бомбы
ў ночы чуюцца чужой
калі б мог іх піў нагбом бы
за латышскаю мяжой

мкнуў бы ў неба склон кульгавы
вінавальны без віны
й даўгавечнаю Даўгавай
разгайдаў званы Дзьвіны

родны творны жыцьцядайны
ўсе выбалтывают тайны
бы вяслуючы на роўных
у балтыйскіх чорных чоўнах


учора гэта сёньня

у іншым жыцьці, калі я быў канём,
баявым жарабцом на хаўтурах па прусах
у раньнім сярэднявеччы, мяне
загналі на скачках, яшчэ жывога паклалі
у яму ніцма, пярэднія ногі
сагнулі, прыціснутыя да грудзей, хрусь
адзін за адным ламаліся шыйныя пазванкі, а вочы
глядзелі на захад, туды, дзе за морам варагі, высока
узьнесены зад
у іншым жыцьці, калі быў я канём,
я гібеў у нямецкай капальні ў Баньскай Шцяўніцы
ў кратовай цямрэчы
у чорнай бязьмесячнай ночы
асьлеп, і ўзялі мяне ў стайню, пасьля паціхутку,
пакуль прыбываў маладзік, выпускалі
мяне на папас, і вочышырэй і шырэйпрывыкалі
у іншым жыцьці, калі быў я канём,
у Вільню з Наваградка толькі прывёз
Міцкевіча, потым бадзяўся па горадзе
я на драўляных катурнах
у кірунку сьмерці, у любімым
кірунку да Вільні
цяпер я зьяўляюся прывідам
на Бэльмонце альбо ў Сэрэйкішкес
шарахаюся ад злодзеяў і машынаў
на хрыбціне цягну паліцэйскага
сіняга, нібы той лес удалечыні

у іншым жыцьці, калі быў я птушкаюсалаўём
у гарадку ля Дунаю, паміж яроў і пагоркаў, лясамі
парослых, паміж літоўскіх гаёў і палёў
я касцоў абуджаў
у іншым жыцьці, калі быў я птушкай
апошняе травеньскай ночы, і ўсё не цямнела
усю братыслаўскую ноч, і я варяцеў,
выклікаючы на двубой усіх птушак ночы і дня,
і ўсіх перамог я, але на сьвітанку
зязюля шалёная ўсё ж засьпявала
паэта галюткім, грошы ў кішэні, кішэнь у іншым пакоі
застаецца толькі каханьне і сьмерць з маладым рэкрутам
тут і сам закуеш, як зязюля

у іншым жыцьці, калі быў я паэтам,
я заўважыў, што ўсе францужанкі, з якімі еду,
ляжу ці лячу, – усыпляюць мяне, так блізка,
што ня трэба нічога казаць
языком ці рукамі, падушачкамі
гарачых пальцаў ці куточкамі
вуснаў, я сьню ў замкнёнай прасторы


кароткая гісторыя часу

Лесі Украінцы
слухайце, як скаланае яго ад найменшага шуму
пільна сачыце сьляды, будзьце пакорныя й чуйныя

размаўляліаб чым? аб празрыстым мёдзе акацый
аб ціхіх гадзінах спакою і працы
аб зьменах, што дзеляць бясконцасьць
спрабуюць дзяліць, але дзе там, ці ж вычарпаеш
мора з кроплі, з расы на надрэзаным сале
лёгкі павеў, подых брызучым вымераць можна?
ці размаўлялі пра гэта? а час ужо быў адліга
час зацьвітаў, падаў сьнегам,
не абяцаў даўгалецьця, маўчаў пра хваробы
чытаў, рабіў сочыва й пераклады, разьбіты сухотамі ў друз
лекавацца ў саляныя Друскенікі ехаў, і соль
вёз у Львоў, сам, даўно ўжо сама
выпала сольлюу класікі,
сольлюу горад любімы, падобны да Вільні
поўны гаворак і ўзгоркаў, народаў, якія вяслуюць
кожны ў свой бокто блукаюць
у тумане, то вяслуюць на сонцы ў прагулкавай лодцы
у мроях, у росквіце, у заняпадзе
часам у горкай расе, невядома, ці солі, ці лугу
патрэсканых мазалёў,
разышліся па костках дзіравых, па валасох
ператварыліся ў шэрань, калі гаварыць рамантычна
а кажучы простазусім пасівелі
і сталі адросткам на мезенцы
гарбом Бітэ1, але ўсё аднопразрыстым мёдам акацый
Антанас А. Ёнінас

Памежная зона

Ці слухае нас разабраны радар
ці сочаць нашы сьляды на сьнезе
даўно нячышчаным шклом біноклі
ад сьцюжы горбіцца лёд у пяску
пра што ўсю ноч высалапіўшы языкі
дыхаюць непатрэбныя ўжо аўчаркі
абвяргаючы нейкі закон захаваньня
мы суграваем адно аднаго аддаем цеплыню
цьвёрды прамень бецца ў сьнежную шкарлупіну
мы не пасьпеем на той паром
што зноў нас пагрузіць на мацярык
чаму ў цябе такія сінія вочы
што ў іх схавана агонь якое хваробы
мы ўначы не патушым сьвятла ў пакоі
калі прачнуся ўбачу твае вочы
заплюшчаныя ўсьмешку тваіх веек
няма куды сьпяшацца няма куды нам бегчы
мы застанемся ў памежнай зоне
і не палохае нярвовы цік гадзіньніка
бо мы застылі ў бурштыне часу


Рака цячэ ўнізе

Праз ушчэнт разьбітую векам брукаванку
рэха брудных крокаў чуецца да ранку
у люстэрку поўні нібы здань прабегла
сьвеціцца чырвоная ў падваротнях цэгла

леў заснуў у цемры
у аблоках пары
зьмятыя абрысы закаханай пары
камяні як косьці ў струмянях Вялейкі
ў акулярах вокнаў шторы нібы вейкі

скончаная праца надыходзяць сьвяты
лупіць палюбоўніцу вартаўнік паддаты
бліскае ў паветры кінутая з кухні
цыгарэта
лямпа ў сутарэньні тухне

ноч з кашэчым крыкам і жаночым плачам
рэхам электрычак лямантам дзіцячым
леў заснуў у цемры
сьпіць стары з газетай
а палове ночы а палове лета


У студні

Дзе туман над дугой ракі
рассыпае ўвечар валосьсе
лічыць дзеўчына цягнікі
што лічыць яшчэ засталося
і тапелец з вязьніцы вады
зарыдаў па душы вазьніцы
і ня можа зорка жуды
ў алавянным небе спыніцца

рэчаіснасьць поўная дзён
як вядро да краёў памыяў
і глядзіць са студні Харон
усе вочы махлярствам выеў
падымае са дна абол
так стаміла служба ліхая
і душа вазьніцы праз боль
ад шкадобы сьлязьмі выбухае



Сьмерць клАсІка

Старыя, ветлыя, яны сядзяць
утульна ўладкаваўшыся на парозе грэцкай
мовы: дябал глядзіць і амаль нічога
не разумее, караскаецца па паліцах, высоўвае
язык, прызнаецца і хлусіць. Нябёсы
пусьцеюць і зноў напаўняюцца, і цяжка
сказацьчым
У пакой уваходзіць той, які бачыць
з вялікага ў бясконцае, гаворыць. Ты раб, я
бачу, як авёс сыплецца за табою
Прыносіць з сабою крышталёвую флейту, але
спатыкаецца аб парог і падае: гара
прыходзіць забраць трысьняговую жалейку, зачарпнуць
чалавека з чорнай крыніцы ўсьпененай,
нібы кроў, вады
Даўно разьвешаныя на сьценах струнныя
інструменты, сьвечкі гараць, міргаючы,
дым над кнотам абразае нажніцамі
сьмерць у каралях з бурштыну


Пакой

Мая радзіма ў гэтым пакоі
бо тут засынаю з табой

ключы вісяць на дзьвярах
маўчыць радыёкропка

з усімі кадрылямі й полькамі

мая радзіма ў гэтым пакоі
тут я магу і памерці

ты гнуткая нібы пруток пастуха
калі ён гоніць статак з гары

сумна калі ты сыходзіш
і я разгортваю кнігу

колькі нашых мінулых вымаўчана з табою


Альвідас Шляпікас

замова

Зорра (Герарда Бэльтрану)
хай па-ранейшаму стане
плады рассыпаюцца ў квецень
а травы ў насеньне
хай падымае сьцябліны
забіты цукровы трысьнёг
хай па-ранейшаму стане
словы зробяцца ветрам
а вецермоўчай
хай па-ранейшаму стане
тэкіла зноў будзе ў блакітных агавах
словы на вуснах азёры
ў аблоках

мяса для грыфа зьмяі малако
камень у рукі а зброя да зброі
павуку патрэбная восень а восені плод
хай па-ранейшаму стане і будзе
там дзе было восені трэба вады а вадзе лілеяў

хай па-ранейшаму стане хай стане і дыхае

джаль мяне ў плячо зьмяяаддаю плячо
джаль мяне ў руку зьмяяаддаю руку
джаль мяне ў печань сястра зьмяя
бяры мае лёгкія й страўнік
ногі мае і язык
дзікая котка скачы цераз плячо мне
дзікая котка скачы цераз рот мне
дзікая котка скачы цераз рукі мне
хай па-ранейшаму стане

хай па-ранейшаму станехай вернецца Зорра
хай па-ранейшаму станехай сядзе за стол
хай па-ранейшаму станез рукі зьліжа соль

хай па-ранейшаму станезьмяя загаі хваробу
хай па-ранейшаму станепавук вазьмі сабе стому
хай па-ранейшаму станекотка выцягні немач
хай па-ранейшаму станегрыф адрыгні жыцьцё


блякне фрэска

блякне фрэска пясочнага колеру
на муры рэнесансавай бажніцы
рукі Хрыста, што пераламляе хлеб, ужо чарнеюць
лік патрэскаўся
кожны год глыбейшыя зморшчыны

над галовамі
пад купалам
вітражы з тонкага шкла
час пабіў некаторыяіх замянілі
на простыя
скрозь простыязьзяе простая зіма
скрозь чырвоныячырвоная:
галіны чырвонага клёна
імкнуцца да бляшанай галавы бажніцы
каб палашчыць

я ўкленчыў
закінуўшы голаў, гляджу
як падымаецца з рота пара
не малюся:
мне шаснаццаць
зашмат, каб усё яшчэ верыць
замала,
каб ужо верыць

сапрана маці
адбіўшыся ад купалу
паблукала яшчэ
ажно верхняя нота прымерзла
да чырвонай зімы

Хрыстос глядзіць на мяне
са старое фрэскі
і бачыць наскрозь мае думкі і нават
мае эратычныя сны, што запаўняюць прастору паміж
бажніцай і школай
я ўкленчыў у халодным і паўпустым нэфе
амаль пад купалам неба
і птушка пяе, пасяліўшыся
ў матчыным горле

з таго боку
гэтых муроў
чуваць рыканьне матацыклаў
мае сябры кентаўры
шукаюць сьмерці:

бачу сябе ўжо мёртвага пад цяжкім
зьверам, які яшчэ вые
яго сьмярдзючая кроў
цячэ мне на твар
на сьнег
на чырвоную зіму

Хрыстос на аблупленай фрэсцы прымружыўся
і хоча мне штосьці сказаць

я ўкленчыў, закінуўшы голаў
і не малюся

калыханка для маці

зноў паўтары мне знаёмыя словы
як вецер як вецер
як камень

вячэра ўва ўбогай хаціне
палены патрэскваюць
сьнег
ваўняная хустка й
ціхі акардэон

яго зубы пабліскваюць у змроку
трымціць спалоханае цемраю цела
адзіны сон падзяляе нас
адзіны сьнег
нас яднае

паўтары мне словы калыханкі
як вецер як вецер
як камень
як полымя каменю
мама

перламутр маўклівае мушлі
адзіны позірк
адзіная ўсьмешка
як вецер як вецер
як рэха каменнай
мелодыі
што выратоўвае нас

Эўгеніюс Алішанка

чырвоная кніга

я езьдзіў з гораду ў горад
пытаючы
дзе жывуць самыя прыгожыя жанчыны
марты марыі дульсінеі
жаданыя і самотныя
на сёмым небе і на сёмым месяцы
мужчыны ня вельмі на гэтым зналіся
а я не даваў веры макіяжам мадэльных агенцтваў
зьбіраў чуткі плёткі скаргі
не абмінаў ні бардэляў ні касьцёлаў
не саромеўся й сам агледзець
мне былі патрэбныя дакладныя зьвесткі
пра папуляцыю што зьнікае ў еўропе
і толькі крыху захавалася ў яе ўсходніх
парослых лесам рэгіёнах

да сваіх

звычайна ў нядзелю
займаю месца ў апошнім радзе
яшчэ лепей стоячы
за калонай
куды даходзіць адно рэха
і ніколі самі словы
асабліва сурёзныя
калі чытаецца казань
ці запрашаюць на вячэрню
найлепей стаяць за дзьвярыма
слухаць як гудуць пчолы
несучы мёд
госпаду проста ў вуха
я стаю не здымаючы шапкі
а потым сьвішчу як умею
і зьбягаюцца вялікія й малыя
чыстакроўныя й без радаводу
лінялыя й пракажоныя
і мы бадзяемся па вясковых дарогах
пад платамі
шукаем прыгодаў
звычайна ў нядзелю
так цягне да сваіх


амаль канец сьвету

перасыхалі студні, глядзі, вядро трэцца аб шкарлупіну мулу, каталікі й лютэране, кожны сваёй мовай, пісалі скаргі ў нябесную канцылярыю, я перакульваў камяні, засоўваў руку ў лісіную нару, клаў лакмусавую паперку пад язык дажджавому чарвяку, каб жа дзесьці штосьці, каб жа кропелька расы на бульбяной сьцябліне, толькі хмары хрушчоў закрывалі сонца, невядома, што сталася тым летам, адзін казаў, што канец сьвету, другі сьцьвярджаў, што расійцы перакрылі краны, трэці, вярнуўшыся з еўропы, абвесьціў, што ўся вада пазьбіралася там, храмы, як лебедзі, плаваюць па празе, сантэхнікі ўсю восень корпаліся ў падземных камунікацыях, паялі, рэзалі, прапахлыя бульбай і каніфольлю, сказалі, што цяпер павінна быць добра, нават далі гарантыю


curriculum vitae

нарадзіўся галодны
скончыў гульню ў класікі
з чырвоным дыпломам меланхоліка
усё жыцьцё займаўся падзёншчынай
найбольшы працоўны стаж кішэннага злодзея
кароткі час быў сакратаром у аднаго бога
і далакопам у іншага
цяперсезонны пісьменьнік
жыву адзін з жонкай і сынам
апублікаваў кніг больш чым напісаў
падаў дзясяткі заяваў
апеляцыяў і аплікацыяў
колькі тлумачальных запісак
сёлета адну для дарожнай паліцыі за якую атрымаў
узнагароду міністэрства культуры
пераможца ў марафонскім бегу чыгункай
шукаю працы па сьпецыяльнасьці
пажадана бліжэй да зямлі
хоць бы пастухом
з акладам дудкі


урыўкамі

жыву ўрыўкамі
у прыцемках упрыскваю сабе
дозу заходу сонца
і чакаю
калі пашырацца зрэнкі
я не забаронены
таму гуляю бяз правілаў
ня маю памяці
таму карыстаюся ўрыўкамі
як слоўнікамі
перакладаю сваю сьмерць на чужую
бо наадварот яшчэ не хапае досьведу
покуль толькі даслоўна
з вялікімі інтэрваламі
пакідаючы месца табе
напэўна я памыляюся
што да велічыні інтэрвалаў
пра менш істотныя рэчы
я мог бы спрачацца ўсю ноч
фотасесія

чорны рэтра-гарнітур верхні гузік
белай кашулі расшпілены
быццам увесь час не хапае паветра
за сьпінаю рэйкі
быццам увесь час не хапае станцыі
жанчын што чакаюць з кветкамі на перонах
эратычнага рытму цягнікоў
адпаведнага фону для нерухомай постаці
шпалаў якія б зарыфмаваліся
з непрыстойным жыцьцём
цёмныя акуляры ў пахмурны дзень
апраўдваюць сваё існаваньне перад абектывам
фатограф пазьбягае эфекту чырвоных вачэй
нават калі толькі чорнае і белае
нават калі фатограф проста госпад
якому пазуй хоць да бясконцасьці
а ён усё адно дачакаецца моманту
здыме акуляры
зашпіліць верхні гузік кашулі
тады й спрацуе фотасполах
чорныя бліскучыя боты яшчэ ні пылінкі
чыстыя нібы сшыткі першага верасьня
быццам пасьля вакацый ня ведаеш на якой мове
вярнуцца да сябе
з удалага фотаздымку


Вітаўтас Дэкшніс

Шкло

З цыклу “З біяграфіі каханай”

Каханая ня сьпіцьпляце на прутках
Плыве праз сем гарадоў за лясы
Гаворыць на розных мовах калі
Купляе ежу й віно чытае
Прыбіраецца сьпіць кахаецца з каханым
Кахаецца з некаханым перадае ключ
Ідзе дадому хлусіць купаецца
Кажа як ёсьць жартуе. Я ведаю пару
Моваў астатняе для мяне таямніца.
Плыве праз лес ваўняных вочак
А маё вуха каля вымкнутай чарупінкі
І мора гэта ня той дрот
Праз які я магу гаварыць гэта ня той
Дрот што дадае слова да слова гэта
Ня той дрот які памчыць да мэты як хваля
Як бліскавіца. У шкляным пакоі
Каханая пляце на прутках шкляная
Ноч наўкола шклянымі палачкамі
Нас ядуць шклянымі палачкамі
Апішу яе плеціва


Далёка, далёка, далёка, далёка

Ня ведаю у чым я завяз
У твары у голасе у паху
Сяджу цяпер сагнуўшыся
Мычу дурную песеньку
Бліснула ўзяла слухаўку
Прывітаньне кажа і ўся засьвяцілася
А я так і застаўся за кадрам здранцьвелы
Іншым разам бліснула ў ваннай
Стаяла стаяла глядзела ў люстэрка
Бразьусім целам на падлогу страшна
І прыгожа трэба несьці прыводзіць
у прытомнасьць
Далёка засталася толькі жывот
Адкрыўся белы прыгожы як сонца
Сядзіць цяпер тут на кухні
Стаю дзіўлюся
Далёка далёка бязрукаму рукой падаць
Я не зьмяшчаюся ў гэтай мазаіцы
Пайду прагуляюся


Выбраныя СМСкі з майго тэлефона

1. Гематома
Вылілася
Цяпер сіняе пад шалікам
Адкрый вочыі зьявіцца
Закрыйі зьнікне
Нейкі лапічак тканкі
Нейкі прамень
Таксама пакідае адбітак на сьнезе


2.
Узяў малаток і ўбіў у дошку словакахаю”. А яно вылезла й тырчыць з іншага боку.

3.
Раўную цябе
да твайго тэлефону
ачмурыць цябе газам
уцячэш з бегунамі
адплывеш з матросамі
а вольныя муляры
замуруюць клетку
і я задыхнуся ўсярэдзіне
прыціснуўшыся да SIM-карты
маленькая шруба
што ўкруцілася ў твае размовы
а ты нават не заўважыш

4.
стук галавою аб стол
так пяшчотна бяз болю

як зваряцець так шчыльна
каб зьмясьцілася ў адну СМСку
і ў дадатак прамаўляла?

стук


Варшаўская закладка

непрыгожы горад больш сапсаваць хіба нельга
але ўсё адно псуюць апранаюць у шкло
дзе быў бетон там чырвона-зялёныя
квадраты слон дамінік сірэнка
зьвісае з даху гатэль метраполь засада
бясьпечная язда аўтамабілем дзе было жоўта
брудная бель і да ўсяго яшчэ
тэатр atheneum добра заўважны з цягніка
усё астатняе пазьліпалася потым калі мяне
закінула сюды леў у кабінеце спытаўся to pana
first choice? ну і пайшло паехала кожнага ранку
паўз віслу бягом езуіты іх вежа як шахматная і вярблюды
з іншага боку я крэсьліў зацята
чарнілам паперу а мова стала як мыла
а мова пагнулася і не зьмяшчалася ў роце забіўся
слых у падворку пад маім домам цьвітуць каштаны
уночы нярвова рагочуць гіены бюць пляшкі
удзень ставяць лаўку заместа брамы й гуляюць
у футбол а бляшаныя пудзілы збоку
ляжаць істотна памятыя звалка ці то луна-парк
так праседзеў я год і наступны суботнім ранкам
над газетаю покуль леў зямля яму пухам
не сказаў табе засталося паўгоду і ўвогуле будзьма
мужчынамі я сьпяшаўсянапраўдусьпяшаўся бо гэты
горад нібы павук ты можаш блукаць у яго павуціне
да месцаў пра якія магчыма будзе ў іншай кніжцы
і зьязджаць назад і можаш станцыямі метро
на другі канец а пятай ранку гэта горад
перажоўвае і выплёўвае колькі трэба часу каб
сабраць словы каб словы паскладаліся
калі рэчы нарэшце паўкладаюцца так
як яны ёсьць напраўду бо калі ты ўвесь час так імкнешся
сьпяшаеш сядзіш то ўсё наўкола старэе дык будзьма
мужчынамі кажа леў мы й самі з вусамі
зьберамо рэчы як горача паліць я ўцёк далёка
нічога не відаць наўкола мінула два гады
з часу калі пахавалі льва
а я і далей намагаюся ўсё пазьбіраць
а ўсё высьлізгвае і высьлізгвае і нічога няма як раней