12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Яцэк Любарт-Кшысіца

_____________________
Уваскрэсьнем у музыцы.
Вершы




Пераклад
з польскай –
Эдуарда АКУЛІНА.

Адкажы як Норвід

Калі спытаюць: — Што ты дзеіш?
Адказвай проста: — Я вяршу!
Жыцьцё
Рэлігію
Ідэю
Народ
Ці лепш сказаць — Душу!
Бывае вуліца падхопіць неспадзявана
божы сьпеў
Сьвет перакуліцца і ўлада
нібыта човен на вадзе
А часам пара акрылёных
Галоў што крэмзаюць паперу
Сьвятую ісьціну мільёнам
Адкрыюць — словы стануць Верай
І апантана праз хвіліну
Да мазалёў на языках
Брук шліфаваць пачнуць —
То вырак!
А рэшта? – гэта музыка
Шапэн зьняволены да сьмерці у акордах
Міцкевіч
Норвід
Калі спытаюць
Адкажы: — Вяршу
Так як раней!


Нашы размовы

Нашы размовы
наша сьветлая прышласьць
такая сьветлая – як у душы Ўсявышні

нашы размовы наша з табой блуканьне
кожную ноч у залатым тумане

нашы размовы...
а за сьцяной суседзі
чуюць усё, зайздрасьць у сэрцах гнезьдзяць
іхняя зайздрасьць
нас пазбаўляе крылаў
а без нябёсаў сьвет нам такі нямілы...


Асеньняя дзяўчына

Адбяры як восень
лісьце
гронкі вінаграду
зоркі хрызантэм
колер
водар
ты як подых ветру
ахінаеш мяне
думкі з табой
словы табе
дзяўчына пасярод восені
дзяўчына з небам у вачах
як пазалочаная ціша
як бэз у стылых верасах

Слова

Не прарасьце пустое слова
чым не паліць – сьлязой ці потам,
ня столькі жарсьці ў нашай мове –
каб адкладаць жыцьцё на потым!

Мы не аратары, ня барды,
нас вера не вядзе на бітву...
Ды выпадае часам карта –
і слова робіцца Малітвай...


Чаканьне ў дождж

Кропля-хвіля сьцякае па твары
вільготны ўспамін
пранікае з дажджом
у душу
прамоклы герой
з раскрытым сэрцам

а вочы пустыя
бяз погляду
як у нябожчыка
...і толькі крокі патанулі
у віры драўлянага ходніка


Дрэвы

Мы ня дрэвы
хоць нам пілы гучаць як скрыпкі
карэньнем урасьлі ў сэрца слова
— ды як цяжка вятрам
засьпяваць?

Мы ня дрэвы
хоць на зіму зьбіраем насеньне
і плугам адкройваем скібы
— ды як засеяць парасткі
ветру?

Мы ня дрэвы –
хоць дрэва ўсыхае як чалавек.


Жыву – пішу верш

Жыву
яшчэ жыву
сёньня яшчэ жыву
на дасьвецьці
адчуваю
скураю далані
ліст палыну
як ён пахне
як востра пахне
што за пах мае
...жыцьцё?
Чарнобыль 1989


Уваскрэсьнем у музыцы


У гуках музыкі ўваскрэсьнем
па-за сьветам
па-за часам
там, дзе сьпіць, як птушка, Песьня
не сьпяваная ні разу

Хваля музыкі высокай
захлыне нас
як цунамі
плынь яе – сусьвет глыбокі
ну а вёслы – наша памяць

І плывем мы апантана
нас няма
мы – вадаспады
а ў той музыцы – каханьне
а каханьне – сьмерці здрада

Мы ўслухоўваемся ў ночы
а ні ночаў
ні пытаньняў
толькі ў небе зорак вочы
як надзея на вяртаньне...