12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Лойка

_____________________
Закаханыя вёслы.
Вершы

Мая Сьцяна Плачу

Ня трэба ехаць у Ерусалім:
Мая Сьцяна Плачу тут, у Беларусі, —
Эканомлю на білеце.

Ды й навошта мне замежныя сьцены плачу,
Калі сьлёз у мяне ўжо няма,
Калі сьлёзы, здаецца, усе выплакаў.

А ўвогуле аддаў бы ўсе свае грошы,
Каб да Сьценаў Плачу не даязджаць.


Баторы

Блізкім некаторым
Ён казаў нібыта:
«Каб ня быў Баторым,
быў бы езуітам.

Белай, мне здаецца,
Ніткай тое шыта
Тут, дзе Нёман льецца,
І — не езуітам.

Замак з касагору
Шэпча мне тут штодня:
«Каб ня быў Баторым,
быў бы ён Гародняй...»

Верыць таму шэпту?
Сьмерць туманам крыта:
Можа свая лепта
Ў ім ад езуіта?..


Оперны

О, Оперны — ты Вялікі
У лёсе маім таксама:
Памятаю, як клікаў
Наведаць галёрку маму.

Трымцеў, як у лесе асіна,
У кармазінавым сутарэньні:
Маці ж слухала сына
З нясхованым захапленьнем.

А магло б і ня быць даравана
Лёсам жаданых зьмен,
Калі б цыганскім сапрана
Ня скрала душу Кармен...


* * *

Пад гэтым небам,
Пад гэтым сонцам –
Ня толькі глеба,
Ня толькі стронцый...

Пад гэтым небам
Мая надзея
Штодня ўзыходзіць,
Штодня ірдзее.
Не дабрадзей я,
А лустай хлеба
Дзялюся дзеля —
Жыцьця і неба!


А чаму б і не...

— Мо прыедзеце да мяне?...
— А чаму б і не...

А чаму б і не:
Дарога, як струна,
У тумане – не ў мане –
Беларуская старана...

А чаму б і не:
Хіляцца ў паясы
Пушчы і каласы
Таму, хто іх не міне...

А чаму б і не:
Верас адхон ахіне,
І прывітае здалёк
Радасны васілёк.

Нёман перабяжыць
Вёрткай вавёркай Уша,
І небасхіл задрыжыць,
Нібы мая душа.

Над Шчараю упадзе
І ціха душу прыхіне,
Як аніхто, анідзе —
Тваё «А чаму б і не...»


* * *

Закаханыя ж вёслы былі,
Свае рэкі былі і азёры, —
Разыйшліся, нібы караблі,
Скрухі поўныя, жалю і гора.

Караблі ж тыя, д’ябал дзяры,
Пад любою, відаць, арбітай
Разыходзяцца не па дабры,
А сыходзяцца бортам бітым.
Маладое б у рукі вясло,
Юнгі голас у сьпеў паэмны,
Ды нічога нібы не было:
Разьбіткі адплываюць нема.

Душа мая

Душа мая – дуга вясёлкі,
Не запрагаць кагось — дуга.
Пад ёю, хоць зьбірай іголкі,
Ці радасьць побач, ці туга.

І цяжка мне з маёй душою,
што ўпарціцца ня быць ляўшою,
а правіцай, каб праваруч
ля ўсіх быць безданяў і круч.

* * *

Туман мяне не затуманіць,
Імжа — не заімжыць,
Бо ня з тых я, хто маніць –
Калі страх набяжыць.

Тым жыцьцём, што пражыў я,
Сьведчу, покуль ня зьнік:
Праўдзе адной служыў я –
Вечны яе даўжнік.

Праўдаю сьвет прыгожыцца,
Праўды нідзе не згубі:
Жыцьцё толькі ёю доўжыцца,
Карэньні яе ў глыбі...

* * *
Нілу Гілевічу
«А я лягу, прылягу...»
Вось і я, брат, прылёг
У апошнюю смагу
Разьвітальных дарог.

Усьміхніся ж, мой гаю,
Не сумуй, родны мох.
Я навек прылягаю,
Край зьлюбіўшы, як мог.