12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Лойка

_____________________
Беларусьсю ўваскрасаць.
Вершы



Вера

Хапае яшчэ паперы,
Ды не хапае веры –
Ня той, якая з крыжамі,
А тым болей – з нажамі –

Веры самай простай –
Ад калыскі да пагоста,
Якую ніхто не адыме
Як Бацькаўшчыны імя.

Якая ж яна балесная,
Пачэсная – непачэснаю.
Як мала яе, мала —
У сэрцах змала.

О, беларускі людзе,
Калі ж у цябе прыбудзе
І ў шэры дзень, і ня ў шэры
У край свой мудрай веры!..


Пакідаць сьлед сьветлы прагнуў...

Пакідаць сьлед сьветлы прагнуў,
Азірайся ж, брат:
Меў адвагу, мей адвагу,
Дзён глядзі парад!..

Леты ўсе мае ўпарадку,
Зімы ў белы рад,
Па-над імі няма, братка,
Чорназмрочных здрад.

Мо, ружовага — задужа,
Можа — шарызны,
Ды пад родным сьцягам, дружа,
Шлях мой лёг скразны.

Беларусілася лісьце,
Сьветлячы чало, —
Шляху на зямлі сьвятлісьцей
Мне быць не магло!..

* * *
Не хапае мне нерасьцярушаных
Дзярэчына, Ражаной,
Дзе беларус неадбеларушаны,
Боханам з аржаной –

Сярод белага сьнегу
З палоскай чырвонай зары,
Ня вельмі помны Сапегаў,
Пляцкаў з дубовай кары...

...Цэглы ражанскае крушні,
«Кірпічыкам» хлеб – сьцяной, —
Не хапае мне нерасьцярушаных
Дзярэчына, Ражаной.

* * *
Памяці Лілі
«Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць», —
Песьні гэтай з тваіх вуснаў больш ня чуць,
Твае вусны анямелыя маўчаць,
Тваім вуснам песьні гэтай не пачаць.

Ды гучыць яна ўва мне, пяе, як ты,
З паднябеснае зьлятае нематы,
І нічым таго ніколі не суняць,
Зоркі вечныя са мною песьню сьняць.

Абдымаю іх, каторых не абняць,
І яны, нібыта голас твой, дрыжаць,
А далёкае іх ціхае сьвятло
Яшчэ бліжай, чым калісьці нам было.

* * *
Я – ня вораг салютаў,
Ды – хай дождж лепш цярусіць:
Не аддадзенае люду
Згарае над Беларусьсю.

З часоў Грознага і Малюты
Глядзіць у неба Айчына
На асьляпляльныя салюты,
Сьлепнучы вачыма.

* * *
Не прайсьці па роднай хаце,
Кожны ў ёй парог, як гаць, —
На якія вёслы, браце,
Налягаць, не налягаць?..

Вось даўнейшыя, прывычныя,
Мой зарок, ня мой зарок,
Толькі лозунгамі зычныя,
Галасьней усіх сарок.

А вось іншыя – другія,
Што спрадвеку нас супроць:
«Кось, кось!» збаўлівага кія
Ў паднявольную аброць.

Ёсьць і не бяз шчырых гусьляў,
Што гаруняцца ў куце, —
Ня як покуць Беларусі,
А ў пакутнай гаркаце.

Не, на іх – не абапруся,
Зор мне з іх – не выкрасаць...
Паміраю Беларусьсю,
Беларусьсю ўваскрасаць!


Родным з вёскі Крывічы

Якія залежы спрадвечнай дабраты!.
Дык здабывайма, багацейма і мацуймася,
Кахамайся, як сёстры і браты,
І, як жыды, ніколі не рахуймася!.

Чужога аніколі ты ня гудзь,
А беражы сваё —дзядоўскае і матчына,
І сьветлабласлаўлёнай вечна будзь
Ты, нашай Белай Русі, залатая спадчына!..


Бяз праўды паэт ня можа...

Генадзю Бураўкіну
Бяз праўды паэт ня можа,
Ня мае на тое права,
Хоць найбрахлівейшая арава
З-над Дзьвіны і Сожа,
Дняпра і Нёмна
Адбэрсвае ў непрытомнасьць
Хлусьнёю, што здраду множыць.

Курацца, захлёстваюць сэрца
Туманы маны
Ў змрок,
І незнарок
Зрок – ужо ня зрок,
Чорны квадрат – за крок...

Прэч, квадраце жалобны,
Яшчэ мы не на месцы лобным,
Хцівым, бессаромным,
Хоць і непрытомныя!

Прытомнасьць траціць –
На крыжы пачуцьцяў напятых —
Сабе ня здрадзіць,
Гэта подзьвіг маўклівы, браце,
Нашай раці...

Праз туманы маны
Наша гаць,
На ёй і непрытомнасьцю
Перамагаць!...


Адбыцца

Уладзіміру Дамашэвічу
Не зракліся,
Не ў канцы пляліся...
Адбыліся!..

Вось мая, вось твая
Паліца, —
З песьняй шчырай
Кожнаму зьліцца,
Не скарыцца,
Не сварыцца,
Родным, беларускім ганарыцца!..

Ад запаветных гоняў,
Ад спаконвечных крыніцаў
І ў самым далёкім нясёньня —
Сонейка ў ваканіцы.
Тое, што ўсім дазволіць
Сабою, Народам звацца
І прагі не спатоліць —
Адбыцца,
Адбывацца!..

* * *
У пояс гнуцца
Калосьсі ніве,
Каб абярнуцца
Пожняю ўнівеч.

Ці ж усе мяхі
Пабралі вазы мае?
Вастру лемяхі
Сеяць азімае.

* * *
Роднае боскае ўлоньне
Красою, як маці, прыме,—
Так не было ў Вавілоне,
Так не бывала ў Рыме.

Ды што мне Тыгр, Еўфрат, —
Шчара паціху плытчае,
Менш сенажаці стакрат,
Большае каняў адчаю.

Сохну ў сушаў палоне,
Мокну пад хвоймі старымі, —
Так не было ў Вавілоне,
Так не бывала ў Рыме.

Рахманая, сонная нетра
Сонца ў сабе хавае...
Жыву на чарнобыльскім ветры,
Дакуль Беларусь жывая.