12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дэвід Херберт Лорэнс

_____________________
Чароўная дама.
Апавяданьне

Пераклад
з ангельскай –
V.K.

Пры няяркім сьвятле 72-гадовая Палін Бтэнбара часам удавала на трыццаць. Жанчына сапраўды цудоўна захавалася, і быў у ёй нейкі неперадавальны chic. Вядома, вельмі істотна мець выдатны целасклад, а Палін сталася б проста ідэальным шкілетам, з ідэальнай формай чэрапа, як у этрускай жанчыны. У выгіне костак, у чароўнай ашчэранай усьмешцы адчувалася б жаноцкая вабнасьць.
Правільнай авальнай формы крыху выцягнуты твар, як у м-с Атэнбара, захоўваецца найлепш. На ім не было ані лішку, таму з гадамі не адвісала скура. Зьлёгку вы­ступаў толькі тонкі нос з гарбінкай. На роўнядзі твару трошкі вылучаліся вялікія шэрыя вочы. Яны-та яе і выдавалі. Цяжкія павекі сіняватага колеру нібыта балелі ад напругі: гэтак нялёгка было прымушаць погляд зьзяць яскравым, гульлівым бляскам. Скура ў куточках вачэй раз-пораз друзнула, праразаліся тонкія зморшчыны, твар рабіўся змарнелы, стомлены. Але нечакана складкі разгладжваліся, і вочы зноў сьвяціліся весялосьцю, як у жанчын на карцінах Леанарда, вось-вось гатовых засьмяяцца.
Адзіным чалавекам, які ведаў пра нябачны таненькі дрот, што злучаў волю і твар Палін, была Сесілія, яе пляменьніца. Толькі яна заўважала, як вочы Палін на некалькі гадзінаў рабіліся старымі, стомленымі – покуль ня прыйдзе дахаты Роберт. Тады – пстрык! – нейкім таямнічым чынам воля Палін дасылала імпульс твару, вялікія змораныя вочы раптам пачыналі зьзяць, павекі нацягваліся, а ў дзівоснай формы бровах, што дзьвюма тонкімі дугамі праразалі лоб, праступала насьмешлівасьць – і вось ужо перад вамі сапраўды чароўная дама ва ўсім бляску свайго хараства.
Палін валодала-ткі сакрэтам вечнай маладосьці, то бок умела вяртаць сабе маладосьць, як зьмяя ўмее зьмяняць старую скуру на новую. Але яна ашчаджала сябе. У яе ставала мудрасьці быць маладой толькі для абраных. Для сына Роберта, калі той вяртаўся дамоў, для сэра Ўілфрыда Найпа, калі той удзень заходзіў на гарбату, для асобных наведвальнікаў, якія часам завітваюць у нядзелю, калі Роберт у хаце. Для іх яна заставалася чароўнай дамай, непадуладнай ані ўзросту, ад якога вянуць, ані будзёншчыне, ад якой ссыхаюцца. Вабная, сардэчная, але і зьлёгку іранічная, як Мона Ліза, якая тое-сёе ды ведала пра жыцьцё. Але Палін ведала больш, таму ёй зусім не было патрэбы чапурыцца, і часам яна залівалася сваім цудоўным іранічным сьмехам вакханкі, не, зусім ня злосным, а заўжды добразычлівым і прыязным як да чалавечых дабрачыннасьцяў, гэтак і да заганаў. Яе гарэзьлівы выгляд падказваў, што апошнім, вядома, прыязнасьці выпадала значна больш.
Толькі з пляменьніцай Сесіліяй Палін ніколі не давала сабе клопату зьзяць красою. Усё роўна Сес не вызначалася назіральнасьцю, больш за тое, яна не адрозьнівалася прыгажосьцю, што яшчэ больш істотна, яна кахала Роберта, і – што самае галоўнае – ёй было трыццаць гадоў, і яна была на ўтрыманьні ў цёткі. А, Сесілія… Было б дзеля каго са скуры вылузвацца.
Сесілію, высокую маладую кабету з шырокім тварам і смуглявай скурай, цётка і стрыечны брат Роберт звалі проста Сес. Гаварыла яна рэдка і зазвычай не знаходзіла словаў, каб выказацца. Яе нябожчык бацька, бедны сьвятар-кангрэгацыяналіст, даводзіўся братам Рональду, мужу цёткі Палін. Рональд і яго брат ужо даўно памерлі, і цягам апошніх пяці гадоў Сесіліяй апекавалася цётка Палін.
Яны ўсе разам месьціліся ў хоць і малым, аднак вельмі густоўным доме ў стылі каралевы Ганны, з невялікім, але дужа прывабным садам. Дом стаяў асобна пасярод даліны за 25 міляў ад гораду. Для 72-гадовай Палін гэта было ідэальнае месца й ідэальнае жыцьцё. Калі над ручаінай, што цякла ў садзе пад алешынамі, палымнела яркае пер’е зімародкаў, штосьці палымнела й у сэрцы Палін.
Роберт, на два гады старэйшы за Сес, кожны дзень выпраўляўся ў горад, у сваю адвакацкую кантору. У глыбіні душы ён адчуваў глыбокі патаемны сорам, што зарабляе ўсяго сто фунтаў на год. У яго ніяк не атрымлівалася ўзьняцца вышэй за гэтую лічбу, хоць, каб апусьціцца ніжэй, не патрабавалася ніякіх высілкаў. Вядома, гэта было неістотна, бо Палін мела грошы. Але ўсё ж яны належалі Палін. Так, яна адорвала шчодрай рукою, аднак ён заўсёды выдатна разумеў, што атрымаў цудоўны, ды незаслужаны падарунак. “Незаслужаныя падарункі нашмат прыемнейшыя”, – казала Палін.
Роберт таксама не адрозьніваўся прыгажосьцю й амаль ніколі не размаўляў. Сярэдняга росту, даволі мажны, але не таўсты, калі не зважаць на круглы гладка паголены твар, Роберт сваёй маўклівай замкнёнасьцю часам нагадваў італійскага padre. Ад маці ён узяў шэрыя вочы, толькі не адважныя й упэўненыя, а сарамлівыя і баязьлівыя. Мабыць, толькі Сес разумела, як яму ня­ўтульна, як ён усячасна пачуваецца не ў сваёй талерцы, не на сваім месцы, як быццам душа памылкова трапіла ня ў тое цела. Ён нават не спрабаваў неяк супраціўляцца. Ён проста хадзіў у сваю кантору чытаць судовыя паперы. Аднак цікавілі яго загадкавыя працэсы дзён даўно прамінулых. Ніхто, акрамя маці, ня ведаў, што ён меў незвычайны збор старых мексіканскіх юрыдычных дакументаў: пратаколы разьбіральніцтваў, скаргі, абвінавачваньні, у якіх дзівосна-жахлівым чынам перапляліся закон царкоўны і сьвецкі Мексікі XVII стагоддзя. Усё пачалося з таго, што аднойчы яму патрапіўся пратакол суда над двума ангельскімі маракамі, абвінавачанымі ў 1620 годзе ў забойстве ў Мехіка. Наступным дакументам сталася справа супраць дона Мігеля Эстрады, які ў 1680 годзе спакусіў манашку з кляштару Сэрца Хрыстова ў Аахака.
Палін і Роберт праводзілі над гэтымі старымі паперамі цудоўныя вечары. Чароўная дама крыху ведала гішпанскую. З высокім грэбнем у валасах, у цудоўным цёмным шалі, багата вышываным срэбрам, яна сама нават зьлёгку ўдавала на гішпанку. Седзячы за выдатна зробленым старым цёмна-карычневым столікам, гладкім, як аксаміт, Палін, з завушніцамі-падвескамі, жамчужнымі пацеркамі ў некалькі шэрагаў, у прыгожым шалі і чырванавата-карычневай аксамітнай сукенцы, што пакідала адкрытымі па-ранейшаму прыгожыя рукі, сапраўды нагадвала ў сьвятле сьвечак чыстакроўную гішпанскую прыгажуню-арыстакратку гадоў трыццаці двух – трыццаці трох. Яна ведала, як паставіць сьвечкі, каб быць у найбольш выгодным асьвятленьні. На фоне высокай сьпінкі яе крэсла, абцягнутага старой зялёнай парчой, твар глядзеўся як зімовая ружа.
Яны заўсёды сядалі за стол утрох і заўсёды выпівалі бутэльку шампанскага: два келіхі – Палін, два – Сес, астатняе – Роберт. Чароўная дама зьзяла і прамянілася. Сес, з каротка пастрыжанымі чорнымі валасамі, у прыгожай сукенцы з адкрытай шыяй і плячыма, якая вельмі ёй пасавала (пашыць дапамагла цётка Палін), пераводзіла карыя вочы з цёткі на стрыечнага брата – у зьняменьні, разгублена – і дарэчна выконвала ролю ўражанай публікі. Сьпектакль сапраўды ўвесь час яе ўражваў. Яна нават слова не магла вымавіць, асьлепленая бляскам Палін, хоць сузірала гэтае “перамяненьне” ўжо пяць гадоў. Аднак пры гэтым усё, што датычылася цёткі і стрыечнага брата, складалася ў яе галаве ў карціну больш дзівосную і пачварную, чым усе дакументы Роберта.
Той заўсёды трымаўся джэнтльменам, старасьвецкая выкшталцоная ветлівасьць цалкам хавала ягоную сарамлівасьць. Сес ведала, што ён больш разгублены, чым сарамлівы. І яму было яшчэ горш, чым Сесіліі: у яе гэта доўжылася толькі пяць гадоў, а ў Роберта, мусіць, пачалося яшчэ да нара­джэньня. Ва ўлоньні чароўнай дамы ён, напэўна, пачуваўся страшэнна разгублена.
Роберт зьвяртаў увагу толькі на маці, цягнуўся да яе, як кволая кветка – да сонца. Але ён, нібыта сьвятар, заўжды памятаў: Сес таксама тут, яна неяк застаецца лішняй, і гэта нядобра. Калі Роберт не забываўся, што ў пакоі ёсьць і трэці чалавек, то для Палін пляменьніца Сесілія выглядала хутчэй адпаведнай часткай дэкарацыяў, чым жывым чалавекам.
Роберт з маці і Сес пілі каву ў цёплай гасьцёўні, дзе стаяла цудоўная мэбля – толькі антыкварыят. (М-с Атэнбара зрабіла капітал на гандлі карцінамі, антыкварнай мэбляй і цікавосткамі з экзатычных краінаў.) Гадзіны да восьмай ці да паловы на дзявятую яны вялі нязмушаную гутарку і адчувалі сябе нават па-сямейнаму ўтульна і прыемна. З мноства вытанчаных, элегантных рэчаў Палін стварыла сапраўды ветлае хатняе ўбраньне. Размаўлялі проста і амаль заўсёды дасьціпна. Палін зьяўляла сваё існае “я”, яна праменілася нязлоснай насьмешлівасьцю і дзіўнай іранічнай весялосьцю.
Потым наставала невялікая паўза, Сес падымалася з крэсла, разьвітвалася і сама прыбірала спод з кавай, каб пакаёўка не замінала Палін з Робертам.
І тады… Тады маці з сынам заставаліся сам-насам. О чароўная цёплая збліжанасьць, калі яны разам расчытваюць і абмяркоўваюць манускрыпты, Палін – з яе славутым імпэтам маленькага дзіцяняці, прычым цалкам шчырым… Нейкім таямнічым чынам ёй удалося ашчадзіць здольнасьць прыходзіць у захапленьне дзеля мужчыны. Спакойны, ціхмяны Роберт здаваўся з іх двух старэйшым, быццам сьвятар, які настаўляе зусім юную дзяўчыну. Ён амаль так сябе й адчуваў.
У Сес было асобнае жытло – тры неблагія пакоі ў шэраг па калідоры ў супрацьлеглым крыле, праз унутраны дворык, за старой стайняй. Аднак коней яны не трымалі, Роберт ставіў там сваю машыну. Сес прызвычаілася, што на стайні ўвесь час цікае гадзіньнік.
Але раз-пораз яна не адразу сыходзіла да сябе. Улетку сядзела на паплаўцы перад домам, слухаючы праз расчыненае акно гасьцёўні цудоўны залівісты сьмех Палін. А ўзімку апранала цёплае паліто, павольна йшла да масточка з парэнчамі, перакінутага цераз ручай, і глядзела на тры асьветленыя вокны гасьцёўні, дзе так шчасьліва бавілі час маці і сын.
Сес кахала Роберта і думала, што Палін хоча, каб яны ўзялі шлюб, калі тая памрэ. Але Роберт, небарака, ужо зараз быў страшэнна сарамлівы, і пры мужчынах, і пры жанчынах. Што з яго будзе гадоў праз дзесяць, пасьля сьмерці маці? Застанецца толькі панцыр, панцыр ад чалавека, які так ніколі й ня жыў.
Роберта і Сес зьвязвала непрамаўляльнае ўзаемнае спачуваньне двух маладых людзей, якія апынуліся ў ценю старэйшай. Але існавала й іншая повязь – повязь жарсьці: Сес хацела надаць ёй трываласьць – і ня ведала, як. Ад прыроды небарака Роберт быў чалавек вельмі жарсны. І яго моўкнасьць, і адчайная сарамлівасьць тлумачыліся патаемнай жарсьцю цела. А як Палін умела на гэтым граць! Сес не магла ня бачыць, як ён глядзіць на маці – зачаравана і разам з тым прыніжана, вачыма, поўнымі сораму, што ён не мужчына. Ён не любіў маці. Ён быў зачараваны. Дазваньня зачараваны. А што да астатніх, дык для іх ён на ўсё жыцьцё здранцьвеў у разгубленасьці.
Сес заставалася ў садзе гадзіны да дзясятай, калі ў спачывальні Палін запальвалася сьвятло. Чароўная дама сыходзіла да сябе. Цяпер Роберт пасядзіць яшчэ з гадзіну адзін, а потым таксама сыйдзе. Стоячы ў цемры саду, Сес раз-пораз шкадавала, што ня можа прасьлізнуць да яго і сказаць: “Ах, Роберт, усё ня так!” Не, пачуе цётка Палін. Дый для Сес гэта было проста немагчыма. Яна йшла ў свой пакой. І гэтак увесь час.
Нараніцы кожнаму з трох прыносілі каву на сподзе. А дзявятай Сес чакалі ў сэра Ўілфрыда Найпа: яна дзьве гадзіны займалася з яго малой унучкай — адзіны ейны сур’ёзны занятак, калі не лічыць, што дзеля душы яна грала на піяніна. Каля дзявятай Роберт ехаў у горад. Як правіла, цётка Палін сыхо­дзіла абедаць у сталовы пакой, праўда, часам толькі надвячоркам. Выглядадаволі хутка вяла, як пад сонцам кветка без вады. Ейны час наступаў уверачы, калі запальваліся сьвечкі.
Таму ўдзень Палін заўжды адпачывала. Калі сьвяціла сонца, па магчымасьці яна прымала сонечныя ванны. Пра гэтае нікому нельга было ведаць. На абед, як і на сьняданак, яна ела няшмат, і таму магла ляжаць на сонейку ці з раніцы, ці ўдзень – як пажадае. Палін часта абірала пасьляабедзенны час, калі сонца залівала сьвятлом невялічкую пляцоўку адразу за стайняй, абсаджаную цісам. Тут, у гэтым зацішным куточку, схаваным за тоўстымі шчыльнымі галінамі ціса і чырвонымі сьценамі пустое стайні, Сес ставіла шэзлонг, расьцілала дыванкі і пакідала паблізу лёгкую парасольку. Сюды з кнігай у руках і прыходзіла чароўная дама. Сес мелася са свайго пакою сачыць, каб цётку (а ў яе быў вельмі востры слых) нават крокам не патурбаваў выпадковы наведнік.
Аднойчы Сесіліі падумалася, што і ёй таксама было б някепска прабавіць доўгі дзень, грэючыся на сонейку. Ёй хацелася хоць якой разнастайнасьці. Яна згадала, што з гарышча можна патрапіць на пляскаты дах стайні – і так распачалася яе новая прыгода.
Сесіліі часта даводзілася туды ўздымацца, каб завесьці гадзіньнік на стайні – яна сама прыняла на сябе гэты абавязак. Зараз яна ўзяла дыванок і вылезла наверх, паглядзела на неба, на раскідзістыя верхавіны вязаў, на сонца, потым распранулася і спакойна ўлеглася ў кутку на скраі даху, каля парапету.
Цудоўна, як цудоўна падставіць сябе ласкавым промням і ветрыку! Яны нават крыху растапілі ільдзінку ў сэрцы, невымоўную крыўду, што заўсёдна вярэдзіла душу. Яна з асалодай аддавала ў абдымкі сонца ўсё сваё цела. Калі ў яе няма каханка, дык хай ім будзе сонца! Сесілія млела ад яго пяшчоты, як раптам у яе зайшлося сэрца й ад жаху заварушыліся валасы на галаве: над вухам пачуўся ціхі, задуменны голас:
– Не, Генры, не, дарагі, я не вінаватая, што ты памёр, а ня ўзяў шлюб з гэтай Клаўдыяй. Не, любы, я вельмі, вельмі хацела, каб ты з ёй пабраўся, хоць яна была табе ня пара.
Сесілія бяз сілаў апусьцілася на дыванок. Яе прабіў халодны пот. Які жудасны голас, ціхі, задуменны, але яда чаго ненатуральны! Проста нечалавечы. Аднак жа тут мусіць, мусіць нехта быць! Якая жудасьць! Яна ледзь змагла падняць галаву й агледзецца. Ні душы. Коміны вельмі вузкія, за імі не схаваешся. На даху нікога няма. Мабыць, хтосьці хаваецца сярод дрэваў, у кроне вязаў. Альбо – жах, нявыказны жах! – голас ня мае цела! Яна зноў крыху падняла галаву.
Ізноў голас!
– Не, мілы! Я казала, яна праз паўгода табе невыносна надакучыць. Бачыш, дарагі, я мела рацыю. Так, так, так! Я хацела аберагчы цябе. Гэта ня праз мяне ты зьнямогся, а праз жаданьне да дурнічкі Клаўдыі. Яна, небарака, гэтак потым бедавала! Мілы, ты яе і жадаў, і не жадаў – ты сам заблытаўся, сам трапіў у пастку. Я проста цябе папярэджвала – што яшчэ мне заставалася? А ты зьмізарнеў духам і памёр, і я назаўжды цябе страціла. Ах, як горка, як горка…
Голас заціх. Сесілія, якая пакутліва ўслухоўвалася ў кожнае слова, стомлена апусьцілася на свой дыванок. Якая жудасьць! Сьвеціць сонца, ліе блакіт неба, стаіць цудоўны летні дзень... І раптам такое! Жах! Яшчэ крыху – і давядзецца паверыць у звышнатуральныя сілы. А яе перасмыкала ад звышнатуральнага – ад усялякіх прывідаў, галасоў, духаў…
Але голас, гэты пачварны голас, ад якога дрыжыкі па целе, голас з нейкім хрыпатым прысьвістам… Было ў ім штосьці да жудасьці знаёмае і пры гэтым звышнатуральнае. Няшчасная Сесілія нічога не магла зрабіць – яна проста ляжала на даху бяз вопраткі, бездапаможная, ннрухомая, здранцьвелая ад жаху.
Раптам яно… уздыхнула! Глыбока, неяк надзіва знаёма, і ўсё ж неяк не па-чалавечы: “Ах… Ах, сэрца крывёю абліваецца – так трэба! Хай лепш крывёю абальецца, чым разаб’ецца. Гэта мая туга, туга!.. Але я не вінаватая, мілы. І Роберт можа хоць заўтра ажаніцца з гэтай нябогай Сес, калі пажадае. Ён жа ня хоча, дык нашто яго прымушаць?” Словаў было амаль не чуваць, часам даносіўся толькі сіпаты шэпт. Слухай! Слухай уважліва!
Сесілія гатовая была гучна, пранізьліва закрычаць, як істэрычка, калі б не апошнія два сказы. У ёй імгненна прачнулася ўся ейная пільнасьць і абачлівасьць. Гэта цётка Палін! Мусіць, займаецца чэрававястунствам ці яшчэ чым падобным! Д’ябал, а не жанчына!
Але дзе яна? Павінна ляжаць унізе, акурат пад тым самым месцам, дзе ўладкавалася Сесілія. Тут або нейкае пачварнае чэрававястунскае штукарства, або перадача думак – як гуку – на адлегласьці. Амаль ня чутна. То зусім нічога не расчуць, то даносіцца якоесьці мармытаньне. Сес напружана ўслухоўвалася. Не, гэта не чэрававястунства, гэта горш: перадача думак. Жах. Здранцьвелая Сесілія ўсё яшчэ баялася зварухнуцца, але паступова пачала супакойвацца, на месца жаху прыходзіла падазрэньне. Мусіць, тут нейкае д’ябальскае штукарства гэтай наскрозь няшчырай, ненатуральнай істоты.
Што за жанчына! Проста д’ябал! Яна нават ведала, што Сесілія ў думках абвінавачвала яе ў сьмерці старэйшага сына, Генры. Той зьявіўся на сьвет за дванаццаць гадоў да Роберта. І раптоўна памёр у дваццаць два пасьля пакутлівага змаганьня з сабою, бо шалёна кахаў маладую, вельмі прыгожую акторку, а маці ставілася да яго пачуцьця з іранічнай пагардай. Ён нечакана падхапіў не асабліва цяжкую хваробу, але інфекцыя трапіла ў мозг, і ён не апрытомнеўшы сканаў. Сес распавёў пра гэта бацька. І апошнім часам ёй здавалася, што Палін зьбіраецца забіць Роберта, як калісь – Генры. Чыстай вады забойства: маці даводзіць да магілы сваіх надта ўражлівых сыноў, зачараваных ёю. Цырцэя!
– Мабыць, варта падымацца, – працягваў мармытаць няясны голас. – Лішак сонца гэткі ж шкодны, як і недахват. Сонца, каханьне, добрая ежа ў разумных межах, каб нічога не было зашмат – і жанчына, я веру, можа жыць вечна. Калі будзе браць столькі ж жыцьцёвае моцы, колькі аддае. Ці трошкі больш!
Вядома, гэта цётка Палін! Якая жудасьць! Яна, Сес, чуе думкі цёткі Палін! Які жах! Яна, Сес, – і думкі цёткі Палін! Да чаго брыдка! Цётка Палін перадае ёй свае думкі, і яна, Сес, вымушаная іх слухаць! Як гідка! Як невыносна! Адная з іх абавязкова памрэ.
Сесілія скруцілася і ляжала нерухома, гледзячы навокал нявідушчымі вачыма. Зусім, зусім невідушчымі! Між тым позірк яе запыніўся амаль на самай трубе, што ішла ўніз ад бляшанага вадасьцёкавага латака. Сесілія глядзела на яе – і ня бачыла. Тая не наводзіла на здагадку, а толькі яшчэ больш пужала.
Раптам з трубы пачуўся ўздых, потым шэпт:
– Ах… Ну, Палін, падымайся, на сёньня хопіць.
Божа! З вадасьцёкавай трубы! Вадасьцёкавая труба – рупар? Быць ня чаму не? Сес нават у нейкай кнізе чытала. А цётка Палін, старая жанчына з нячыстым сумленьнем, размаўляе сама з сабою. Вось у чым рэч!
Сесілію ахапіла змрочная радасьць. Дык вось чаму яна ніколі нікому не дазваляе заходзіць у сваю спачывальню. Дык вось чаму яна ніколі не засьне ці не пасядзіць у задуменьні ў фатэлі, а заўжды йдзе да сябе ў пакой і за­стаецца там, пакуль ня вернуцца сілы быць бадзёрай. Расслабіўшыся, яна размаўляе з сабою, размаўляе ціхім, няясным голасам вар’яткі! Але ж яна не кранулася, яна проста прагаворвала ўслых свае думкі.
Значыць, яе апаноўвалі грызоты сумленьня з-за няшчаснага Генры! І ня дзіва. Сес думала, што цётка Палін любіла свайго прыгожага, станістага, шчодра адоранага прыродай першынца значна больш за Роберта, што яго сьмерць сталася для яе страшэнным ударам. Роберту споўнілася толькі дзесяць, калі памёр Генры. З таго часу малодшы брат вымушана замяшчаў старэйшага. Як жудасна!
Але дзіўная ўсё ж жанчына цётка Палін. Яна сышла ад мужа, калі Генры быў яшчэ малы, за некалькі гадоў да нараджэньня Роберта. Бяз свары. Раз-пораз яна сустракалася з мужам, прычым трымалася па-сяброўску, але зьедліва-іранічна. Нават давала яму грошы.
Так, Палін усё зарабіла сама. Яе бацька служыў калісьці консулам ва ўсходніх землях, потым у Неапалі. Ён заўзята калекцыянаваў усялякія прыгожыя экзатычныя рэчы. Памёр ён неўзабаве пасьля нараджэньня ўнука Генры і пакінуў сваю калекцыю дачцэ. Для Палін, з ейнай любоўю да прыгажосьці і геніяльным яе адчуваньнем у фактуры, форме, у колеры, бацькава калекцыя сталася кутнім камянём капіталу. Палін працягвала зьбіраць цікавосткі, купляла, дзе магла, потым перапрадавала калекцыянерам і ў музеі. Яна адной з першых пачала прадаваць старыя дзівосныя афрыканскія драўляныя статуэткі ды аздобленую разьбой слановую косьць з Новай Гвінеі. Рэнуара яна стала набываць, як толькі пабачыла яго карціны. Але не Русо. Так без чыёй-небудзь дапамогі яна сама зрабіла сабе капітал.
Пасьля сьмерці мужа Палін вырашыла ня браць другі шлюб. Ніхто ніколі ня чуў, каб яна мела каханкаў. Калі нават яны і былі, дык не сярод тых мужчынаў, што шчыра ёю захапляліся й адкрыта абагаўлялі. Для іх яна заставалася “сябрам”.
Сесілія апранулася, падхапіла дыванок, пасьпешліва, але асьцярожна зьлезла па драбінах на гарышча. Спусьціўшыся, пачула пералівісты музычны голас: “Добра, Сес”, – гэта азначала, што чароўная дама прыняла сонечную ванну і вяртаецца ў дом. Голас – і той быў цудоўны, малады і гучны, прыгожа пастаўлены, спакойны. Ён так розьніўся ад таго, ціхага, якім яна размаўляла з сабою. Там гучаў сапраўдны голас старой.
Сес хуценька прайшла ў абсаджаны цісам закуток, дзе стаяў утульны шэзлонг з некалькімі тонкімі дыванкамі. У Палін кожная рэч – да прыгожай саламянай цыноўкі на падлогу – падбіралася адмыслова. Ад вялізных цісаў падалі ўжо доўгія цені. Толькі ў куце, дзе ляжалі раскіданыя дыванкі далікатных колераў, яшчэ горача сьвяціла сонца.
Згарнуўшы дыванкі і склаўшы шэзлонг, Сесілія нахілілася, каб агледзець ніз вадасьцёкавай трубы. Вось яна, у куце, пад невялічкім каменным брылёчкам, выступае з-пад густога плюшча, што абвіў сьцяну. Калі Палін, лежачы тут, паварочвалася да яе тварам, то гук ішоў акурат у трубу. Сесілія ўпэўнілася, што і праўда чула цётчыныя думкі, толькі д’ябальскія хітрыкі былі тут ні пры чым.
У той вечар, нібыта пра нешта здагадаўшыся, Палін сышла крыху раней, чым звычайна, хоць і выглядала як заўжды спакойна і зьлёгку таямніча. Пасьля кавы яна сказала Роберту і Сес: “Штосьці я сёньня сонная. Зусім размарылася на сонейку. Зьбірала промні, як пчала – мёд. Пайду лягу, калі вы ня супраць. А вы пасядзіце, пагаварыце”.
Сесілія кінула на стрыечнага брата імклівы позірк.
– Можа, ты хочаш застацца адзін? – спыталася яна.
– Не-не, – адказаў ён. – Складзі мне кампанію, калі табе ня будзе са мною надта сумна.
Праз расчыненае вакно ліўся водар бружмелю, даляталі крыкі савы. Роберт моўчкі паліў. у гэтай нерухомай, крыху згорбленай паставе адчувалася нейкая безнадзейнасьць. Ён паходзіў на карыятыда, які згінаўся пад цяжарам.
– Ты памятаеш Генры? – нечакана вымавіла Сесілія.
Ён зьдзіўлена ўзьняў вочы.
– Так, вельмі добра памятаю.
– Які ён быў? – спыталася яна, гледзячы ў вялікія, поўныя болю і патаемнай трывогі вочы Роберта.
– О, вельмі прыгожы: высокі, кроў з малаком, мяккія цёмныя валасы, як у маці.
(У Палін, між іншым, валасы ўжо сьсівелі.)
– Яго вельмі любілі жанчыны, ён бываў на ўсіх танцах.
– А па характары?
– Гэткі добрасардэчны, вясёлы. Любіў забаўляцца. Жвавы, дасьціпны, як маці, вельмі кампанейскі.
– А ён любіў вашую маці?
– Вельмі. І яна яго – больш, чым мяне, дарэчы. Ён куды як больш адпавядаў яе ідэалу мужчыны.
– У чым?
– Высокі, прыгожы, прывабны, душа кампаніі. Напэўна, ён бы далёка пайшоў у юрыспрудэнцыі. Баюся, па ўсіх гэтых пунктах насупраць майго імя стаіць знак “мінус”.
Сес уважліва глядзела на яго задуменнымі карымі вачыма. Яна ведала, што маска бесстароннасьці хавае пакутлівы боль.
– Думаеш, у цябе ў параўнаньні з ім адныя “мінусы”?
Ён не падымаў твару. Але праз колькі імгненьняў адказаў:
– Вядома, маё жыцьцё праходзіць пад знакам “мінус”.
– І ты з гэтым згодны?
Ён не сказаў ні слова. Яна была ў роспачы:
– Разумееш, мне здаецца, што маё жыцьцё таксама праходзіць пад знакам “мінус”. І я з гэтым ужо ня згодная: мне трыццаць.
Яна заўважыла, як задрыжэла яго пульхная, дагледжаная рука.
– Мабыць, – прамовіў ён, ня гледзячы на яе, – мы вечна бунтарым, калі ўжо позна.
Дзіўна пачуць такое з ягоных вуснаў.
– Роберт, – спытала яна, – я табе хоць крышачку падабаюся?
– Вельмі, – выгаварыў ён.
– Ты мяне не пацалуеш? Мяне ніхто ніколі не цалуе, – кранальна папрасіла яна.
Ён неяк спужана-ганарыста паглядзеў на яе. Потым падняўся, ціха падышоў і лёгка пацалаваў у шчаку.– Як шкада, Сес, – мякка сказаў ён.
Яна злавіла яго руку і прыціснула да грудзей.
– І ты не пасядзіш калі-небудзь са мною ў садзе? – яна ледзь знаходзіла сілы гаварыць.
Ён трывожна, дапытліва глядзеў на яе.
– А маці?
Сес крыху іранічна ўсьміхнулася, зірнуўшы яму ў вочы. Ён раптоўна заліўся чырваньню і адвярнуўся. На яго было балюча глядзець.
– Ведаеш, – сказаў ён, – я зусім ня дамскі ўлюбёнец.
Ён, як стоік, кпіў з самога сябе, але нават яна не здагадвалася, які пякучы яго агортваў сорам.
– Ты ж нават ніколі не спрабаваў ім стаць! – усклікнула яна.
У яго вачах зноў адбілася пакута.
– А што, трэба спрабаваць?
– Вядома! Калі не спрабаваць, ніколі нічога не атрымаецца.
У Роберта кроў адліла ад шчок.
– Мабыць, ты маеш рацыю, – прамовіў ён.
Праз некалькі хвілінаў Сесілія пакінула яго і пайшла да сябе. Яна, прынамсі, паспрабавала прабіць лёд.
Надвор’е стаяла па-ранейшаму сонечнае, Палін па-ранейшаму ляжала ў шэзлонгу, а Сес у літаральным сэнсе слова прыляпілася да трубы. Але Палін не было чуваць. Ні гуку. Напэўна, яна павярнулася да трубы плячыма. Сес услухоўвалася, як магла. Але дарэмна: да яе даносілася толькі ціхае-ціхае мармытаньне, у якім не разабраць ні слова.
А ўначы, пад зорамі, Сес моўчкі сядзела на лаўцы, з якой было відаць вокны гасьцёўні і бакавыя дзьверы, што выходзілі ў сад. Яна бачыла, як у цётчыным пакоі запалілася сьвятло. Бачыла, як нарэшце згасла сьвятло ў гасьцёўні. Яна чакала. У цемры праходзіла гадзіна за гадзінай. Гікала сава. Але ён не прыйшоў.
Наступныя два дні мінулі марна. Сесілія ня ўчула цётчыных думак, і ўвечары нічога не адбылося. Але ў другую ноч, з зацятай упартасьцю бездапаможна седзячы ў садзе, яна раптам здрыганулася. Ён выйшаў у сад. Яна паднялася і бязгучна пайшла па траве яму насустрач.
– Нічога не кажы, – шапнуў ён.
Яны моўкна прайшлі праз цёмны сад, далей цераз масток да поплаву, дзе стаяў стог позна скошанага сена. Спыніліся і стаялі ў задуменьні пад зорным небам.
– Разумееш, – сказаў ён, – як я магу прасіць каханьня, калі не адчуваю яго ў сабе? Ты ведаеш, я вельмі цябе шаную, але…
– Як ты можаш адчуваць каханьне, калі ўвогуле ніколі нічога не адчуваеш, так? – спыталася яна.
– Але, – адказаў ён.
Яна чакала, што будзе далей.
– І як я магу ажаніцца? Я нават грошы зарабляць ня ўмею. Не прасіць жа мне ў маці.
Сес глыбока ўздыхнула.
– Тады ня думай покуль пра шлюб. Толькі крышачку кахай мяне, добра?
Кароткі сьмяшок.
– Жудасна такое казаць, але мне цяжка пачаць, – вымавіў ён.
Яна зноў уздыхнула. Ён здранцьвеў, ня мог зварухнуцца.
– Давай прысядзем на хвіліну, – прапанавала яна.
Яны селі на сена, і Сес дадала:
– Можна мне да цябе дакрануцца? Ты ня супраць?
– Я супраць! Але можна, – сарамлівасьць у ім спалучалася са своеасаб­лівай шчырасьцю, і ён ведаў, што выглядае крыху па-дзівацку. Але ў сэрцы ягоным была мёртвая пустэльня.
Яна правяла далоньню па чорных, заўжды ахайна прычасаных валасох.
– Здаецца, у адзін цудоўны дзень я ўзбунтаруся, – нечакана прамовіў ён.
Яны так сядзелі некаторы час, пакуль не зрабілася халодна. Ён моцна сьціскаў яе руку, але нават не спрабаваў абняць. Урэшце яна паднялася, сказала: “Дабранач!” – і пайшла ў дом.
На наступны дзень Сесілія, прыгаломшаная і ўзлаваная, ляжала на даху. На сонцы ўсё ў ёй ажно закіпала ад сьпёкі і гневу. Раптам яна здрыганулася. Жах спаралюшаваў волю.
Caro, caro, tu non l’hai visto!1 – мармытаў голас на незнаёмай Сесіліі мове. Яна ляжала скурчыўшыся пад сонцам, напружана ўслухоўваючыся ў незразумелыя словы. Мякка, з бязьмежнай пяшчотай і ласкай, але разам з тым і з вытанчанай падступнай ганарлівасьцю аксамітным шэптам Палін гаварыла па-італійску: “Bravo, si molto bravo, poverino, ma uomo come te non lo sarа mai, mai, mai!2 О, у італійскіх словах так выразна чулася ўся чароўная атрута яе голасу, гэткага ласкавага, пяшчотнага і вабнага, але і бясконца самалюбнага. Сесілія слухала гэтыя ўздыхі, гэты шэпт з ніадкуль – і ненавідзела яго ўсім сэрцам. Чаму, ну чаму ў Палін павінен быць такі пяшчотны, вытанчаны і вабны, такі прыгожа пастаўлены голас, а ў яе, Сесіліі… Бедная Сесілія ляжала скуксіўшыся на сонцы, цудоўна ведаючы, як яна падобная да няўклюднага клоўна, як ёй у параўнаньні з Палін бракуе жаноцкай абаяльнасьці.
– Не, мілы Роберт, табе ніколі ня быць гэткім мужчынам, як твой бацька, хоць у табе і ёсьць нешта ад яго. Як ён цудоўна кахаўся, пяшчотна, як пялёстак, і магутна, як молат! Не, мілы Роберт, ты ніколі не навучышся так дагаджаць жанчыне, як мансіньёр Маура. Cara, cara mia bellissima, ti ho aspettato come l’agonizzante aspetta la morte, morte deliziosa, quasi quasi troppo deliziosa per un’anima umana3 . – Пяшчотны, як пялёстак, і магутны, як молат. Ён аддаваўся жанчыне, як аддаваўся Богу. Маура! Маура! Як ты мяне кахаў!
Палін змоўкла, заглыбіўшыся ў свае мроі, а Сесілія ўпэўнілася ў тым, пра што даўно здагадвалася: бацька Роберта ня дзядзька Рональд, а нейкі італіец.
– Ты расчараваў мяне, Роберт. У табе няма прыцягальнасьці. Бацька твой – езуіт, але ён быў самым лепшым, самым жаданым у сьвеце каханкам. А ты сапраўды езуіт, ты як рыба ў акварыуме. І твая Сес хоча сцапаць цябе, як котка. Усё гэта нават больш недарэчна, чым з бедным Генры.
Сесілія раптоўна нахілілася да трубы і сказала нізкім голасам:
– Пакінь Роберта ў спакоі! Не забівай і яго.
Павісла мёртвая цішыня. У сьпякотным ліпеньскім паветры адчувалася не навальніцы. Сесілія ляжала ледзь жывая, у яе шалёна тахкала сэрца. Яна ўся ператварылася ў слых. Нарэшце пачуўся шэпт:
– Тут нехта ёсьць?
Яна зноў схілілася над трубой:
– Не забівай Роберта, як ты забіла мяне, – марудна абвясьціла яна нізкім, глухім голасам.
– Ах, – пачуўся рэзкі вокліч. – Хто гэта?
– Генры, – адказаў нізкі голас.
Ані гуку. Бедная Сесілія ляжала ў поўнай зьнямозе. Не чуваць ані гуку. Нарэшце – шэпт:
– Я не забівала Генры. Не! Не! Генры, быць ня можа, каб ты мяне абвінавачваў. Я любіла цябе, мілы. Я толькі хацела дапамагчы табе.
– Ты забіла мяне, – прагучаў нізкі, ненатуральны голас абвінаваўцы. – Дык адпусьці Роберта! Дай яму жыць! Дай яму ажаніцца!
Паўза.
– Якая жудасьць, якая жудасьць! – прашаптала Палін. – Генры, няўжо гэта праўда: твой дух выносіць мне вырак?
– Так! Вырак!
Сесілія адчувала, як па трубе ліецца ўся яе нянавісьць, якую яна доўга насіла ў сабе. І разам з тым яна ледзь стрымлівала сьмех. Жудасьць!
Яна ляжала і слухала, слухала… Ані гуку! Нібыта спыніўся час. Сесілія ня рухалася. Сонца зацягвалі хмары, насоўвалася навальніца. Яна хутка апранулася, сышла ўніз, выйшла са стайні.
– Цётачка Палін! – выразна гукнула яна. – Вы чулі грымоты?
– Так. Іду, не чакай мяне, – пачуўся слабы голас.
Сесілія схавалася ў дом і назірала зьверху, як чароўная дама ў чароўным кімано са старога блакітнага шоўку хістаючыся дачыкільгала да дзьвярэй.
Неба ўсё цямнела. Сесілія схапіла дыванкі і хуценька вярнулася. Потым распачалася навальніца. Цётка Палін ня выйшла піць гарбату. Яна трываць не магла гэтыя грымоты. Роберт таксама зьявіўся ўжо пасьля гарбаты, у самую залеву. Сесілія прайшла да сябе праз крытую галерэю, як мага лепш апранулася да вячэры, прышпіліўшы на сукенку букецік белых ворлікаў.
Гасьцёўню мякка асьвятляла лямпа пад абажурам. Роберт слухаў згукі дажджу і чакаў. У ім таксама адчуваўся нейкі надлом, ён, здавалася, вось-вось сарвецца. Увайшла Сесілія. Белыя галоўкі кветак зьлёгку падрыгвалі ў тахт хадзе. Роберт назіраў за ёю са зьдзіўленьнем, ён нібыта ўбачыў яе зусім іншымі вачыма. Падышоўшы да кніжных паліцаў каля дзьвярэй, Сесілія стала напружана ўслухоўвацца ў кожны гук. Пачуўся шоргат сукні, потым лёгкае рыпеньне дзьвярэй. Як толькі яны расчыніліся, Сесілія шчоўкнула выключальнікам, і пакой заліло моцнае электрычнае сьвятло.
На парозе стаяла цётка Палін у чорнай карункавай сукенцы на падкладцы колеру слановай косьці. Вочы і вусны падведзеныя, шчокі нарумяненыя, але на імгненна пастарэлым твары чыталася гэткая лютая злосьць, быццам нянавісьць да роду чалавечага, што доўгія гады не знаходзіла сабе выйсьця, у адначасьсе зрабіла з Палін брыдкую старую пачвару.
– Авохці мне, цётачка! – усклікнула Сесілія.
– Мама, ды ты ўжо старэнькая бабулька! – прыгаломшана, але нібыта жартуючы вымавіў Роберт. Ён паходзіў на ўражанае да глыбіні душы дзіця.
– А ты толькі зараз заўважыў? – агрызнулася старая.
– Так! Я думаў… – Роберт змоўк, адчуўшы нядобрае.
Адрузлая, старая, разьюшаная Палін сказала, не валодаючы сабой:
– Дзе вячэра? Хадзем уніз.
Нават не заўважыўшы залішне яркага сьвятла, якога заўжды пазьбягала, яна ледзь не хістаючыся, дрыготкай хадой сышла па лесьвіцы.
За сталом яе перакошаны нечалавечай лютасьцю твар паходзіў на маску. Старая, вельмі старая, яна нагадвала вядзьмарку. Роберт і Сесілія паглядалі на яе крадком. А Сес заўважыла, што Роберту страшэнна гідка бачыць маці ў гэткім выглядзе, што ён зрабіўся зусім іншым чалавекам.
– Як даехаў дадому? – захлынаючыся ад злосьці, ледзь вымавіла Палін.
– Пад дажджом, вядома, – адказаў ён.
– І як гэта ты заўважыў? – сказала маці, скурчыўшы замест ранейшай гульлівай усьмешкі пачварную, жудасную грымасу.
– Што ты хочаш сказаць? – ціха спытаўся Роберт.
– Быў бы разумнейшы – скеміў бы, – адпаравала Палін, пасьпешліва й неахайна заглынаючы ежу.
Яна ела як сьвіньня, як галодны сабака, так што нават лёкай застыў у зьняменьні. А як толькі ўхапіла апошні кавалак, адразу ж пашкандыбала да дзьвярэй. Роберту і Сесіліі гэта было як грымоты з яснага неба. Яны пайшлі за ёю, як два змоўшчыкі.
– Піце каву самі. Трываць яе не магу! Пайду да сябе! Дабранач! – каротка, адрывіста гаварыла старая, як страляла. Потым пацеляпала да пакою.
Павісла мёртвая цішыня. Парушыў яе Роберт:
– Баюся, маці захварэла. Трэба ўгаварыць яе выклікаць доктара.
– Так, – сказала Сесілія.
Вечар праходзіў у маўчаньні. Распаліўшы камін, Роберт і Сес сядзелі ў гасьцёўні. За вокнамі ліў дождж. Абодва рабілі выгляд, што чытаюць. У паветры лунала злавесная таямніца, але час ляцеў хутка.
Каля дзясятай зьнянацку расчыніліся дзьверы, зьявілася Палін, апранутая ў блакітны шлафрок. Грукнуўшы дзьвярыма, падышла да агню. Абвяла маладых людзей поўным лютай нянавісьці поглядам.
– Вазьміце шлюб, і чым хутчэй, тым лепей, – брыдкім голасам сказала яна. – Так будзе больш прыстойна. А тое, бач ты, парачка галубкоў!..
Роберт ціха ўзьняў на яе вочы.
– Мама, мне здавалася, ты супраць шлюбаў паміж крэўнымі родзічамі, – сказаў ён.
– Так! Але вы ня крэўныя. Твой бацька – італійскі сьвятар.
Палін звыклым какетлівым жэстам выцягнула бліжэй да агню нагу ў элегантным тапціку. Цела спрабавала паўтараць старыя, завучаныя зграбныя рухі. Але ў ім не засталося былога духу, атрымлівалася пачварная пародыя.
– Мама, гэта праўда? – спытаўся Роберт.
– Праўда! А што ты думаў? Ён быў выбітны чалавек, іначай ён ня стаў бы маім каханкам. Занадта выбітны, каб мець гэткага сына, як ты. Гэтая радасьць выпала мне.
– Бяда за бядою, як рыба за вадою, – паволі прамовіў ён.
– Гэта ў цябе бяда? Табе пашчасьціла. Бяда была мая, – падпусьціла яна атруты.
Палін сапраўды ўяўляла сабой жахлівае відовішча, як пабітая фігурка з цудоўнага венецыянскага шкла, сабраная ды абы як склееная з аскепкаў.
Нечакана яна зноў сышла з пакою.Гэтак прамінуў тыдзень. Палін ня стала лепш. Яна быццам кранулася розумам, і ўсё яе цела, кожная клетачка зьнянацку разладзіліся ды сталі пранізьліва рыпець-скрыгацець. Прыходзіў доктар, даў ёй заспакаяльнае, бо яна не магла заснуць. А бяз лекаў яна ня спала ані хвіліны, толькі хадзіла з кута ў кут у пакоі, ліхая пачвара, ад якой зыходзіў гнюсны, атрутны смурод. Яна трываць не магла сына і пляменьніцу. Калі хтосьці з іх заходзіў да яе, яна толькі пыталася з непрыхаванай злосьцю:
– Ну што? Калі вясельле? Шлюб ужо адбыўся?
Спачатку Сесілія была ў шоку ад таго, што нарабіла. Яна цьмяна здагадвалася, што як толькі сейнае абвінавачваньне стралой прабіла цётчыная бліскучыя дасьпехі, тую працяла наскрозь, і цяпер яна зьвівалася ў агоніі. Невыноснае відовішча. Сес ледзь ня каялася. Але потым падумала: “Вось яе сапраўднае нутро. Дык хай пражыве рэшту сваіх дзён такой, якой ёсьць насамрэч”.
А старой Палін нядоўга заставалася. Яна літаральна раставала на вачах. Не выходзіла з пакою і нікога да сябе не пускала. Загадала прыбраць усе люстэркі.
Роберт і Сесілія часта бывалі разам. Вар’ятка Палін разьлічвала, што яе кпіны іх разьвядуць, але ў яе нічога ня выйшла. Аднак Сесілія не адважвалася прызнацца Роберту, што яна зрабіла.
– Як ты думаеш, твая маці хоць каго-небудзь любіла? – з сумам у голасе аднойчы асьцярожна запыталася Сес.
Роберт глядзеў на яе, не адводзячы вачэй.
– Сябе, – нарэшце сказаў ён.
– Яна нават не любіла сябе, – адказала Сес. – Не, гэта было нешта іншае…
Яна падняла на Роберта поўныя трывогі, зьдзіўленьня вочы.
– Улада! – сказаў ён, як адрэзаў.
– Якая ўлада? Патлумач.
– Улада высмоктваць жыцьцё з іншых, – з горыччу прамовіў ён. – Яна захавала сваю прыгажосьць, бо высмоктвала жыцьцё з іншых. Спачатку з Генры, потым з мяне. Прысмоктвалася да тваёй душы ды выцягвала з цябе ўсю жыцьцёвую моц.
– І ты ёй не даруеш?
– Не.
– Няшчасная цётка Палін!
Але нават Сес насамрэч ёй не спачувала. Яна была проста прыгаломшаная.
– У мяне ёсьць сэрца, я ведаю, – у запале сказаў Роберт, стукнуўшы сябе ў грудзі. – Але яно ці не дашчэнту ссохла. Я надта доўга ведаў людзей, якія прагнулі ўлады над іншымі!
Сес маўчала. Што яна магла сказаць?
Праз два дні Палін знайшлі мёртвай ва ўласным ложку. Яна прыняла зашмат вераналу, а ў яе было слабое сэрца. І нават з труны яна-ткі нанесла ўдар сыну і пляменьніцы. Роберту яна пакінула кругленькую суму – цэлую тысячу фунтаў, а Сесіліі – ажно сотню. Усё астатняе (і перадусім – каштоўныя антыкварныя рэчы) пайшло на стварэньне Музею Палін Бтэнбара.