12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Аляксандр Лукашук

_____________________
Cаша what is your name?..
Спроба заўчасных успамінаў


Падушкі маіх цётак

Мяне зрабілі мае бацькі, а іх – іхнія, таму правільна пачаць з каго памятаеш, з бабулі, але яшчэ трэба ўдак­ладніць, што гаворка пра бацькаву маці Ярыну, а не матчыну Катэрыну, і чаму так (бо Ярына дажыла аж да незалежнасці і нават чула, як я гаварыў пра гэта па радзіве, а Катэрыну адпявалі ў вясковай драўлянай царкве ўзімку, калі мне споўнілася толькі дзевяць год, і не памятаю зусім, як нёс крыж наперадзе невялікай працэсіі ўніз з царкоўнага ўзгорка, праз мост над замерзлай рэчкай і зноў угору, да выдаўбленай у сухой песчанай зямлі магілы праваруч ад дзеда, які там адпачываў ужо дваццаць гадоў?..), ці што, напрыклад, значыць – мая? хутчэй, я – яе, як і іншыя ўнукі, якія паміж сабой звалі яе проста баба (я не мог), ёй заўсёды было 50 ці 100 гадоў, усё жыццё яна рвала зелле, давала свінням, капала бульбу, карміла ўнукаў, якіх прысылалі на лета яе дачка і чатыры сыны, хаця тут складаней, бо старэйшы сын разам з грузавіком пайшоў пад лёд пасярэдзіне Волгі, а з яго ўдавой пабраўся малодшы сын і гадаваў пляменніка як сына, і двойчы нявестка з мужам жыла спачатку ў адной хаце з бабай і дзедам, у асобным пакоі з чатырма вокнамі ў сад, там стаялі два ложкі з бліскучымі нікеляванымі шарыкамі і накрытымі кружаўнымі накідкамі падушкамі нечалавечай велічыні, якія ўзвышаліся аж да верху шафы, і такія ж волатаўскія падушкі былі ў абедзвюх бабуляў, ва ўсіх маіх цётак, ва ўсіх нашых суседак, імі ганарыліся, яны былі абавязковай часткай пасагу, але спаць на іх можна было толькі седзячы, – чаму яны былі такія вялікія? адказ я пачуў у адным з замкаў, якімі, як грыбамі пасля дажджу, засыпаная цэнтральная і заходняя Еўропа – каб не памерці ў сне, бо яшчэ Лукрэцый пісаў, што ў сне душа распадаецца на часткі і яны вылятаюць з цела, і лічылася, што калі чалавек сядзіць, душа не вылеціць, магчыма, гэтая засцярога і рабіла падушкі ў хатах маіх бабуляў і цётак выстарчана тугімі і гладкімі, як шчака немаўляці, і вялікімі, як для каня: на паўложка, потым не заставалася месца, каб выцягнуць ногі, і спалі так, і душа не вылятала, ніхто не паміраў у ложку ў сне, і ўвогуле ніхто не паміраў.

Сон гісторыі

Я думаю, толькі спальнымі звычкамі і можна патлумачыць, як мая бабка перажыла такую калекцыю ўладароў, якія думалі, што кіруюць яе жыццём: цара Мікалая, які пасля пачатку вайны з кайзерам Вільгельмам прымусіў яе разам з мільёнамі праваслаўных жыхароў захаду імперыі выправіцца ў бежанства ў Сібір, перажыла Часовы ўрад Керанскага, першых камісараў Леніна, начальніка Польшчы Пілсудскага, першыя саветы Сталіна, новы парадак Гітлера, другія саветы Сталіна, потым кукурузнага Хрушчова, брывастага Брэжнева, не заўважыла Андропава з Чарненкам, здзівілася таму, што стала гаварыць радзіва пры Гарбачове, але не паверыла, што можна вярнуць зямлю, якую купіў мой дзед Васыль на пачатку 1920-х, калі вярнуўся з заробкаў з Амерыкі, і з-за якой сям’ю ўнеслі ў спіс кулакоў і мусілі другі раз адправіць у Сібір летам 1941-га, ужо й дату пагрузкі ў эшалон прызначылі, але з-за каварства фюрэра, які аказаўся да таго ж вераломным, з чыгуначным рухам пачаліся перабоі, і вось вайну перажылі, а ці перажылі б ГУЛАГ – наўрад ці, ніхто з высланых раней не вярнуўся, і я не напісаў бы гэты сказ, які раней адназначна трактаваўся б як усхваленне Гітлера, і зараз, напэўна, знойдуцца такія ж чытачы, і я чамусьці падазраю, што вось яны і папаўняюць заўсёды шэрагі чыгуначнікаў, нквд-гестапа альбо пішуць падручнікі гісторыі па дзяржзаказе, хаця насамрэч уся справа ў падушках.

Дзве сястры - дзве мовы

“Дзе” для мяне такое ж гістарычнае сямейнае пытанне як “чаму”, маючы на ўвазе месца майго нараджэння, а не – дзе што ляжыць ці з кім легчы, пра што я нічога такога не ведаю, апроч таго, што малодшая сястра бабулі Ярыны закапала ў вайну машынку “Зінгер” так, што ні немцы, ні партызаны не знайшлі, хаця нехта з суседзяў стукнуў народным мсціўцам, якія ўначы наведаліся, ператрэслі ўсё, пагражалі застрэліць, але ў выніку забралі Маёльскі фарфоравы посуд, вельмі ж патрэбны ім у лесе, і сышлі, а амерыканская машынка шые да сёння, дык вось наконт дзе: мая бабуля і яе родная малодшая сястра, жывучы ўсё жыццё ў адной вёсцы, толькі на розных яе канцах, пасля таго, як бабуля выйшла за дзеда, хоць і плакала, бо як жыць на гаспадарцы з такім, толькі мучыцца, бо дзеду адарвала тры пальцы на левай руцэ на металургічным заводзе ў Дэтройце і ён усё жыццё гаварыў пра нейкую амерыканскую пенсію, якая яму належыць, але дзеці ведалі, у якой краіне жывуць, і ўсяляк ад гэтай ідэі адхрышчваліся, аднак страхі бабчыны былі дарэмныя, рабіць ён мог усё, і дзяцей, і касіць, і сталярнічаць, і цяслярыць, і кабана забіць, і мяне любіў праэкзаменаваць пад сто грамаў у нядзелю як па ангельску лыжка? Spoon! А відэлец? Fork! A what is your name? My name is Sasha and І am from – і тут палягала праблема, бо мая бабуля і яе сястра, жывучы ў адной вёсцы, называлі суседні горад, дзе я нарадзіўся, па-рознаму, праўда, яны й сваю вёску называлі па-рознаму: першая – з трыма глыбокімі “о” – Рогозно, з націскам на другі склад, другая – з адным выразным “о”, але націскам на “і” – Рогізнэ, і гэта нягледзячы на афіцыйны надпіс белымі літарамі на сінім дарожным знаку “Рагозна” на шашы міжнароднага значэння Brest-Moskva, на якую выходзіла задняя сцяна хлява.

Дзе мяне зрабілі

Гэта я ўсё яшчэ спрабую напісаць першы сказ, патлумачыць адкуль узяўся – з Бэрэстя, як казала бабуля, з Бярэсьця, як вымаўляла яе сястра, из Бреста, як вучылі ў школе, z Bresca-nаd-Bugem, як казалі нашы сваякі з Польшчы, ці нават from Brest-Litovsk, як удакладніць мой адказ Роберт Конквест, легендарны аўтар класічнага даследвання савецкай гісторыі “Вялікі тэрор”, калі ў яго заваленым кнігамі, брашурамі, часопісамі офісе ў Гувераўскім інстытуце мы будзем гаварыць пра беларускую савецкую гісторыю, а мая новая сяброўка і яго шматгадовая памочніца Эмі Дэсаі не будзе верыць, што сапраўды ёсць такая краіна, адкуль я ўзяўся, хаця “чыя б карова мычала”: ад яе сямейнай гісторыі галава ідзе кругам – індыйская племя, якое не ўжылося з суседзямі і мусіла ратавацца аж у Афрыцы, дзе з новымі суседзямі стварыла Кенію, у тым ліку ў ложку, што, канечне, вельмі фігуральна, бо дзе ж там ложкі, з нікеляванымі шарыкамі ці без, але другая, не індыйская палова яе продкаў – Маасаі, пародзістая афрыканская гвардыя, мужчыны, створаныя для палявання, і жанчыны, створаныя для мужчынаў, – дык вось аднойчы Эмі прыйшла ў мой маленечкі офіс у Гувераўскай вежы, зняла новы піджак колеру майскай травы, які купіла напярэдадні ў гандлёвым цэнтры Стэнфардскага ўніверсітэту, паказала мне лэйбл: Made in Belarus і сказала “Хм, дык і цябе там зрабілі? Няблага ў вас робяць…”

Таварыш Берыя не апраўдаў даверыя

Мяне зрабілі тут і тады, калі, дзякуй Богу, яшчэ не пачалі лётаць у космас і напаролі дзірак у небе, пасля чаго, як вядома, надвор’е сапсавалася назаўсёды, але тады Берасце так замяло снегам, што бацька не мог праз гурбы дабрацца да вокнаў раддому, але спачатку трэба падзякваць Богу за выбар часу, тут, праўда, існуе маленькая праблема як лічыць: як напісана ў паперцы, ці як вучыць, напрыклад, каталіцкая царква, г.зн. на дзевяць месяцаў раней, і, калі па максімуму, абстаноўка выглядала так: краінай з Крамля кіравалі таварышы Хрушчоў, Малянкоў і Варашылаў, бо іх таварыш, які кіраваў раней, ужо не меў праблемы з дыханнем Чэйна-Стокса, з Менска кіраваў таварыш Патолічаў, хаця меўся кіраваць таварыш Зімянін, якія атрымаў заданне ад таварыша Берыя адрадзіць беларускую мову, але не паспеў, бо Берыя аказаўся мусавацісцкім і ангельскім шпіёнам, не выключана, што калі б яго не выкрылі і не выканалі прысуд, дык адрадзіў бы ангельскую, во б тады рванулі наперад, і менскі таварыш таварыша Берыі таварыш Цанава, арганізатар партызанскага руху і галоўны гэбіст, таксама аказаўся шпіёнам і таксама сканаў у камеры за пару месяцаў да майго нараджэння, але я яшчэ сустрэў людзей, якія з ім працавалі, і нават адведаў загарадную рэзідэнцыю пад Менскам, дзе некалі гулялі паўліны і пасвіўся горны казёл, але той дзень, калі я пачынаўся, у энцыклапедыях выглядае вольным, хаця ў свеце адбываліся розныя рэчы, напрыклад, калі верыць розным дабл-ю, “Вялікі” Джо Тэрнэр спяваў блюз “Калі ты памятаеш”, які ён дагэтуль у пінжаку, гальштуку з набрыялінінымі валасамі спявае на http://www.youtube.com

Не памёр

Ляснік быў далёкім сваяком, і дзед Васыль заўсёды меў на сена сваю паляну, якая хавалася ў нізіне паміж густога змешанага лесу, трава ўжо была скошаная, і мы прыехалі на двух роварах з прыкручанымі да рамы драўлянымі граблямі, каб сушыць сена – перагарнуць усе пракосы, потым скласці падсохлую траву ў купкі, выехалі на досвітку, калі было зябка, уначы быў дождж, і дзед быў у кароткім кажушку, які цяпер ляжаў пад кустом разам з сумкай са сняданкам, мы праходзілі пракос за пракосам, сонца на адгароджанай ад ветру паляне паліла ўсё мацней, было душна і хацелася піць, круціліся стракозы, у адным месцы паміж купінамі яшчэ стаяла вада, па якой гойсалі жукі-плывунцы, вада была празрыстая і відаць было кожную травінку, да дзедавага кажуха з прыпасамі ісці было далёка, я нахіліўся, прываблены чысцюткай лінзай і выпіў некалькі прыгаршняў… і наступнае, што памятаю – мяне круціць, дзед накрывае мяне кажухом, холадна і я прашу яшчэ нагрэбсці на мяне сена, потым мы доўга ідзем у вёску, дзед вядзе два ровары, я трымаюся за багажнік і амаль нічога не бачу, і ўвесь наступны тыдзень то правальваюся ў бяспамяцтва, то прачынаюся ад смагі, балотная ліхаманка трасе мяне, як асінавы лісцік, мясцовая лекарка ставіць недарэчны дыягназ і мне даюць лекі ад грыпу, бацькоў няма, яны паехалі да сваякоў у Польшчу, я то задыхаюся, то залажу пад вялізныя падушкі, каб сагрэцца, але аднойчы раптам прачынаюся і прашу бабулю зрабіць яечню, і яна з вялікай палёгкай уздыхае, і дзед пытаецца: саша, what is your name?

Не там і не тады

Ці то кантрацэпцыя была не ў пашане (за што мне асабіста трэба быць удзячным), ці то планаваньне сям’і было цалкам перадаверана Богу (за што мне зноў-такі трэба быць удзячным), але маці была аж дзевятым дзіцём у дзеда Пракопа і бабы Катэрыны (тут можна проста пазайздросціць), і нават яе пляменнікі былі старэйшыя за яе, і як самую малую, бацькі і сёстры песцілі яе, і яна такі не навучылася, напрыклад, рабіць парохі, якія ядуць так: хапаюць рукой з патэльні, пажадана з наліплым кавалачкам скваркі ці падсмажанай падгарэлай цыбулінкі, падкідваюць у паветра і затым усмоктваюць, праломваюць падсмажаную корачку і адчуваюць, як шарык ператвараецца ў мяккую масу бульбянога пюрэ, што выпаўзае і выпырсквае з пад аскепкаў корачкі, а потым глыток халоднага, толькі са студні, дзе яно вісіць у жалезным закрытым цыліндры, малака з ранішняй дойкі, густога і пахкага, і папёрлі на рэчку, толькі ровар падскоквае там, дзе касматыя купкі травы амаль перакрываюць вузкую сцяжынку праз луг, і прывязаная да рамы арэхавая вуда рассякае паветра, вось якія парохі рабіла матчына сястра і мая цётка Насця, якая жыла ў палове бацькоўскай хаты, куды я прыязджаў на лета ды на Раство, жыла адна, бо мужа забралі ў войска ў 1944 і забілі пад Варшавай, разам з тысячамі такіх жа неабучаных заходнікаў, і цётка векавала адна, хоць і ведала, што муж кахаў іншую, але бацькі прымусілі яго пайсці ў больш заможную сям’ю, сама, за пустыя “палачкі” на працадні гадавала сына, які не паспеў пабачыць бацьку, а праз дваццаць год і ён загінуў пад коламі аўтобуса, калі ўначы вяртаўся са спаткання з дзеўчынай, проста на цэнтральнай гарадской плошчы, кіроўцу далі два ці тры гады, ягоныя бацькі прыходзілі і няўклюдна і страшна спрабавалі адкупіцца, а я потым чытаў вершы нябожчыка Вані, сшыткі з якімі знаходзіў на гарышчы вясковага дома: ён чуў паэзію, але крыху не дачуваў, бо неяк узімку цётка з бабуляй пайшлі ў лес секчы лазу на дровы, а ён прабегаў адзін цэлы дзень на двары, застудзіў вуха, лячылі няўмела, малы адпакутваў, так і пакінулі, а паколькі не ладзіліся адносіны з нявесткай – жонкай старэйшага брата, дык грашылі на яе – маўляў, не пусціла малога ў хату пагрэцца, і хто ведае, можа, праз дваццаць год якраз таму ён не пачуў начны аўтобус, які раптам паехаў напрасткі праз плошчу, але ўсе здагадкі пра прычыны і наступствы – гэта здагадкі і меркаванні пра віну і адказнасць, бо нясцерпна хочацца каб было іначай, а калі немагчыма дык хаця б, каб было зразумела, што ж было не так, дзе пачатак, а пачатак якраз і невядомы, бо калі б калгас дапамагаў удовам, хіба пайшлі б жанчыны за пяць кіламетраў па снезе па дровы, ці калі б лекар знайшоўся талковы, ці калі б дзяўчына пакінула кавалера да раніцы, і можна працягваць да бясконца тое, што апісваецца геаметрычна бязлітаснай формулай: быў у няправільным месцы ў няправільны час, там і тады, дзе і калі нельга было быць, і на гэтым пачатак і адначасна канец прычыннага ланцужка, а далей пачынаецца post-mortem, мемуарны новабуд замест паталагаанатоміі, якая, калі цётка памерла, навукова суха засведчыла, што цела не засталося – усё згаравалася і выгарала, было спрацаванае, выціснутае ўшчэнт на калгас, на займы, на спутнікі, на гагарына і цітова, на вадародную бомбу, на пяцігодку, на дапамогу Кубе і Анголе, толькі падушкі яшчэ доўга ўрачыста ўзвышаліся над ложкам у чыстым пакоі, хаця сама яна спала звычайна на ляжаку на кухні з земляной падлогай.

Невядомы дзед

Калі ў першую паваенную зіму ў дзеда Пракопа рэквізавалі каня на лесанарыхтоўкі, а самога не ўзялі па ўзросце, ён пашкадаваў каня, бо ведаў тых нарыхтоўшчыкаў, і паехаў сам, надарваўся, прастыў, захварэў і хутка памёр, і я пра яго ведаю толькі з расказаў: быў невысокі, але горды й зухаваты, польскае начальства яго паважала, хоць пісаўся праваслаўным беларусам, а калі прыйшлі немцы і паставілі свой штаб у нашым садзе, дык армейскі генерал сказаў яму: гер Сахарчук, у вас два дарослыя сыны, не аддавайце іх у паліцыю, гэтую вайну мы не выйграем і Саветы вернуцца, а гэта быў чэрвень 41-га, вайна для 2-й арміі Групы Цэнтр пачыналася як і папярэднія – у Бельгіі ды Аўстрыі, салдаты вермахта пераехалі мяжу ў запламбаваных вагонах, без дагляду, спакойна дачакалі раніцы 22 чэрвеня на Берасьцейскім вакзале, адчынілі дзверы і пачалі ўсталёваць новы парадак, я не ведаю прозвішча таго нямецкага суразмоўцы майго дзеда, энцыклапедыі даюць імя толькі камандуючага групай Цэнтр фельдмаршала Фёдара фон Бока, але салдацкая парада не толькі ўратавала маіх дзядзькоў, але, канечне ж, шмат значыла і для мяне – з таўром пляменніка фашыстоўскіх паслугачоў жыццё за савецкім анкетным часам было б зусім іншае, прычым магчымыя два павароты – глухое існаванне на сацыяльным дне, ці наадварот, амбітны імпэт заслужыць давер, выслужыцца, справа тут менавіта ў імпэце, які не ведае межаў, бо мараль рэч асабістая, а абставіны – не, і калі я аднойчы спытаўся пра дзеда свайго строгага дзядзьку, які не пайшоў у паліцыю, а партызанаў у ваколіцах не было, і дзядзька ўсё жыццё працаваў на зямлі, чытаў Біблію, быў царкоўным старастам і да апошняга даглядаў нашу драўляную царкоўку і вясковыя могілкі – ці можна было дзеда назваць маральным чалавекам, ён мне адказаў няпэўна, але я таксама ведаю, што дзед даваў прытулак цыганам на зіму, калі ніхто больш у вёсцы не хацеў пускаць сям’ю з малымі дзецьмі на пастой, а аднойчы, пасля кірмашу конь прывёз яго дадому без прытомнасці і без грошай за жарабя і карову, і назаўтра ў хату пастукаў габрэй-шынкар з мястэчка і аддаў бабулі выручку – бо Прокоп так загуляв, шчо я думаю собі, трэба грошы сховаты, всі ёго знають і любять, гезунт хайт.

Ну, не каліграф

Розніца ва ўзросце з бабуляй Катэрынай у нас была гадоў сто, і я мучаў яе з усёй жорсткасцю недаразвітага імбецыла: уцякаў, калі яна даглядала мяне, хаваўся ў хляве, а потым прыпіраў дзверы і яна не магла выйсці, аднойчы саштурхнуў яе з вузкай кладкі ў ручай і пасля сядзеў паўдня ў чароце, баючыся вяртацца дадому, чым напалохаў яшчэ больш, і хоць забі – не ведаю чаму, бо я любіў яе зусім не менш за другую бабулю, можа проста таму, што старэчая няўклюднасць вельмі смешная, чалавецтва заўсёды ставілася да сваіх старых без сантыменту, і я быў у той першай дзікунскай фазе свайго чалавецтва, калі прыехаў у вёску на школьныя канікулы, яшчэ не навучыўшыся як след пісаць, але ўжо навучаны асновам марксізму, раптам пабачыў абразы, на якія бабуля малілася, і закрычаў, што Бога няма, ня-ма, я зараз плюну і мне за гэта нічога не будзе, і плюнуў, акцябронак fucking, і ніхто мяне за гэта не пакараў, калі не лічыць пакараннем, што я так і не навучыўся пісаць і сам свае каракулі на другі дзень не магу разабраць, і нават замест подпісу стаўлю абы-што, аднойчы мне пазваніла сяброўка з Лондана і кажа, што на яе адрас прыйшоў мой ганарар з БіБіСі, і я папрасіў занесці чэк у банк і атрымаць грошы, але там трэба подпіс, запярэчыла яна, а ты закрый вочы і зрабі што-небудзь правай рукой, параіў я, э-не, сказала яна, гэта подпіс майго мужа.

Шакаладная ды іншыя смерці

Што яшчэ пра вайну – мая маці ледзь не загінула ў першы ж тыдзень новага парадку, але не ад кулі ці бомбаў, не пад гусеніцамі танкаў ці на міне, а ад шакаладу – афіцэры пяхотнай часткі Вермахта, якія паставілі палаткі ў дзедавым садзе, пачаставалі наймалодшае дзіця, 14-гадовае дзяўчо ніколі не бачаным чорна-карычневым дзівам у траскучай срэбнай фальзе, і яна з’ела ўсё, што далі, а потым яе скруціла так, што думалі – капец, але не таму, што слодыч была атручаная, а таму што ад такой колькасці тлустай какавы пачаўся заварот кішак і шчасце, што побач быў нямецкі лекар, які паспеў яе ўратаваць ад салодкай смерці, за што ад мяне, як чалавека асабіста зацікаўленага, яму вялікі дзякуй, але чамусьці я зусім не ўдзячны амаль за тое самае камсамольцам, у якіх праз пару гадоў рукі не дайшлі яе забіць, хаця й пастанавілі, бо яна ўжо настаўнічала ў вясковай школцы, і не толькі вучыла чытаць і пісаць і малых і сваіх раўналеткаў, але ў 16 гадоў была дырэктаркай, а значыць, супрацоўнічала з акупацыйнай уладай і падлягала знішчэнню, дык вось да нямецкага лекара ёсць удзячнасць, а да камсамольцаў чамусьці няма, відаць справа ў намеры, які не менш важны за вынік, фактычна значэння без намеру няма, бо, узяць, скажам, смерць як вынік, і нягледзячы на яго незваротную завершанасць гэты вынік можа азначаць зусім рознае нават для аднаго чалавека – памерці ў сне (маладым? старым?), у авіякатастрофе (стукнула маланка? зламаўся рухавік? падклалі бомбу?), ад рака (пасьля Чарнобылю? такая спадчыннасць? позна заўважылі?), скончыць самагубствам (няшчаснае каханне? здзекі? эўтаназія?), пада­віцца рыбнай косткай, стаць ахвярай маньяка, ахвяраваць сабой для выратавання іншага, атрымаць смяротны вырак у судзе, і таксама трэба ўдакладняць – за што: за словы, за справы, за прозвішча бацькоў, з-за судовай памылкі, па загадзе, і вось так нават самая агульная, звычайная, самая частая (разам з нараджэннем) у свеце рэч, цалкам і незваротна завершаная, але без таго, што было перад, пасля і вакол (і не забыцца пра падушкі!) – не азначае амаль нічога.

Прамова Маркса на магіле Энгельса

Трэба было зрабіць плакат ці насценгазету, і выкладчык чарчэння, якога ў педвучэльні, дзе вучылася маці пасля вайны, любілі і паважалі, сказаў, што няма добрай ватманскай паперы, і пра гэта нізкапаклонства перад Захадам нехта адразу паведаміў куды трэба, і больш выкладчыка ніхто не бачыў, а да маці падышоў адзін з былых вучняў, які выбіўся ў энкавэдэ, і сказаў, што ж вы пані вучыцелька, не пішаце ў паперах, дзе працавалі пад час вайны, а? яна адказала – не вучыла б – ты б застаўся непісьменным і сядзеў бы ў калгасе, і больш яе не чапалі, верагодна, не было нагоды, бо ні ў камсамол, ні ў партыю не ўступала, за мяжу не ездзіла, і за Сталіным, і за Хрушчовым, і за Брэжневым працягвала рабіць тое, што пачала яшчэ за Гітлерам – вучыла чытаць і пісаць, але калі яшчэ сама вучылася ў інстытуце, дык падпрацоўвала ў бібліятэцы, прыйшлі два хлопцы і адзін папрасіў для канспекта прамову Маркса на магіле Энгельса, быў такі спосаб абучэння – заканспектаваць працы класікаў навуковага камунізму, і яна пайшла шукаць, усё перагледзела і зусім збянтэжылася, што такую важную працу не ў стане адшукаць, і ніяк не магла сцяміць, чаму смяюцца наведнікі, пакуль адзін з іх не задаў дапаможнае пытанне – хто памёр першы, а тады ўсе ведалі, хто памёр першы, гэта цяпер ніхто не ведае, і маці ведала, але, верагодна, няцвёрда, і такім чынам выкручанае навыварат, фактычна, антысавецкае пытанне застала яе знянацку, збянтэжыла і, як і належыць, з цягам часу прывяло да лагічнага завяршэння: шлюбу, і праз год пасля смерці карыфея ўсіх навук – да мяне, гэта калі прытрымлівацца строга каталіцкай версіі пачатку жыцця, а не версіі загса, які аддае перавагу выразу “з’явіцца на свет” у яго наўпроставым значэнні, так што трэба дадаць яшчэ належныя дзевяць месяцаў, каб атрымаць дату на першай з мноства будучых паперак з пячаткамі, якія будуць сведчыць хто я.

Маніна попа

Пра снег: я, канечне, не памятаю надвор’е ў дзень свайго нараджэння, але першы снег, які я памятаю сам, здарыўся гадоў праз пяць, калі захацелася пісяць, а цямнела рана і бегчы ў прыбіральню праз даўгі начны двор самому было страшна, я папрасіў домработніцу Маню, мы выйшлі пад зоркі, пайшлі праз пракапаную ў гурбах траншэю, якая была з мяне вышынёй ці глыбінёй, цямнела рана і зоркі аж вылушчваліся з чорна-сіняга неба, недзе недалёка завыў воўк, і Маня сказала – ой, давай тут, і мы не дабеглі да прыбіральні, а прыселі ў снежным акопе, я трымаўся рукой за яе гарачую попу, якая падалася мне вялікай і супакойваючай, было страшна, толькі цурчэлі нашы жоўтыя струменьчыкі, і падала такое ж жаўтаватае святло з вокнаў сядзібы, былога шляхецкага маёнтка, дзе цяпер месцілася школа і жылі дзве настаўніцкія сям’і – гэта была наша першая зімоўка на выспе, бо да бліжэйшага жытла было кіламетры два, тэлефона не было, дзеці прыходзілі з суседніх вёсак, часам па пяць кіламетраў пешкі, не ведаю, як яны дабіраліся, мне было шэсць гадоў і вельмі падабалася ў маёнтку, з ангельскім паркам, ручаём і плацінай, ліпавай алеяй, вялікім гарышчам, дзе на бэльках, на жалезных круках бацька падвесіў шынку – вэнджаныя свіныя сцёгны, якія пахлі дымам і іскрыліся на надрэзе, і востры нож натыкаўся на круглую белую костку, якую потым, у самым канцы, можна было абгрызці і аблізаць, а яна пахла дымам, але больш за ўсё я любіў школьную палову, дзе з першага на другі паверх укручвалася спіральная чугунная лесвіца, неверагодная сярод палёў з цукровымі буракамі, як Эйфелева вежа, і такая ж прыгожая, такая ж прыгожая, такая ж прыгожая… а потым мы ўсталі, узяліся за рукі і пабеглі назад у цяпло і святло.

Халодная зброя

Хвароба, якая апанавала мяне ў пяць гадоў, не надта адрознівалася ад дарослых гульняў у танкі, ракеты і падводныя лодкі, але ў адрозненне ад іх, лячылася простым і эфектыўным сродкам – скураным рамянём, на якім бацька падточваў залінгенаўскае лязо, якое праплывала па яго намыленай, у белай пене, шчацэ, пакідаючы роўную і гладкую паверхню, якую ніколі не дамагчыся ніякай электрабрытвай, як ніколі не ўдасца вырашыць праблему войнаў толькі словамі, як словамі нельга было вылячыць маю страсць калекцыянаваць перачынныя ножыкі – сцізорыкі, якая вяла мяне ў чужыя сталы, сумкі і кішэні, як інстынкт вядзе птушак у вырай, і іх не збіць з дарогі ні ветру, ні буры, ні выпрабаванням ядзернай бомбы, і я проста нічога не мог з сабой зрабіць, калі бачыў акуратны прыбор з гладкімі пластыкавымі бакавінамі, дзе хаваліся тонкія стальныя лёзы, які змяшчаўся ў далоні і прыемна адцягваў кішэню, мне трэба было яго мець і арсенал са скрадзенай халоднай зброяй рос, як сілы варшаўскага дагавора, і так працягвалася пакуль да маіх рук, як да магніта, не прыліп швейцарскі ножык з 22 лёзамі, пілачкамі, адвёрткай, нажніцамі і лінзай, які наш сусед прывёз з вайны і, на маю бяду, цаніў больш за сваю залатую Зорку героя, можа таму, што там быў штопар, і гэты паважаны інструмент быў добра вядомы ў акрузе, а я быў апошні, каму ён даваў яго паглядзець, і калі бацька, пачырванеўшы ад сораму, узяў мяне за вуха, я са слязьмі завёў яго да схованкі і на свет з’явілася кілаграмы паўтары рыштунку самай рознай формы, велічыні і грамадскай небяспекі, і надышла эра раззбраення, у якой сваю ролю адыграў і скураны, зялёны ад штодзённага націрання спецыяльным камянём для ляза, рамень, пасля чаго я стаў нейтральным як Швейцарыя.

Ссылка за халадзільнік

Праз паўстагоддзя мяне зацікавіла пытанне – чаму бацьку знялі з пасады дырэктара школы-дзесяцігодкі ў вялікім сяле непадалёку ад горада, з царквой, касцёлам, сельсаветам, поштай, ашчаднай касай, культмагам, сельмагам і гаспмагам, музеем і чайнай і паслалі ў месца, якое можна апісаць толькі амерыканскім выразам in the middle of nowhere – пасярэдзіне нічога, і там ён ужо не дырэктарстваў, а выкладаў мову і літаратуру для васьмікласнікаў, такое было пакаранне, але за што? за справу, сказала маці, правільна яго знялі, нельга было мяняць новы халадзільнік, размеркаваны для школьнага інтэрната, на спісаны ў вайсковай частцы грузавік (выкарыстанне сродкаў не па мэтавым прызначэнні), нельга было браць на працу шафёра і афармляць яго лабарантам, бо ў штатным раскладзе школы шафёры не прадугледжаныя (службовы падлог), трэба было афармляць і здаваць дзяржаве немалы ўраджай з прышкольнай гаспадаркі, а не раздаваць настаўнікам і вучням (марнатраўства сацыялістычнай маёмасці), трэба было весці бухгалтарскі ўлік, нельга было рабіць тое, што не дазвалялася, а ён, як і іншыя мясцовыя маладыя дырэктары, не зведаў сталінскага страху, і думаў, што можа ўсё: любіў гаспадарнічаць больш чым вучыць, любіў, як той казаў, вырашаць пытанні, ад цэменту да шыфера, ад дроў да фарбы, і сябры такія ж былі, але былі не толькі сябры, і рэзкі, як удар біча, артыкул у мясцовай газеце называўся “Школа – не вотчына дырэктара!”, так, з клічнікам, з фельетоннымі пафаснымі абразамі, са спасылкамі на акты і высновы праверак, якіх было мностава, а ён не рэагаваў і працягваў сваё самаўладдзе, і што яшчэ горш, як высветлілася, пры веданні і нават падтрымцы непасрэднага раённага начальства, начальнік райаддзела асветы ажно шэсць разоў браў слова, каб абараніць свайго найлепшага дырэктара, калі вырашаўся яго лёс, але не абараніў, бо інтрыга была і супраць загадчыка райана і нават супраць старшыні райвыканкама, і мы паехалі ў ссылку.

Фактар кахання

Закахалася адна жанчына, імя якой мне невядома, якая даўно памерла, і пра якую я пачуў выпадкова, хаця яна, як кажуць амерыканцы, была вельмі instrumental – вызначальнай у біяграфічнай гісторыі аўтара, хаця зусім не таму, што неяк дапамагла ці, наадварот, пакрыўдзіла, не – яна проста закахалася ў аднаго загадчыка крамы, а можа ён у яе закахаўся, не ведаю, мясцовыя газеты, якія пісалі пра такія гісторыі і называлі сапраўдныя імёны, адрасы, пасады ўдзельнікаў і давалі меркаванні суседзяў і сведак, пра гэтае каханне не пісалі, хаця ў краме была вялікая растрата, але гэта не важна, важна, што яна была замужам, і яе муж працаваў таксама загадчыкам, праўда, толькі аддзела, але ў абкаме партыі, і яго з-за жонкі былі папёрлі з працы, таму што, які ж ты кіраўнік мас, калі жонкай кіраваць не можаш, а за развод выключалі з партыі, не тое што з пасады здымалі, але паколькі здымалі такія ж, як ён сам, дык адразу ж далі новую працу, балазе кіроўных пасадаў якраз тады пабольшала ўдвая, бо Мікіта Хрушчоў узяў і падзяліў усё абласное начальства на прамысловае і на сельскае, штаты трэба было запаўняць, а тут гатовы свой чалавек, толькі жонка загуляла, а хто не п’е? гэта прымаўка такая была, насамрэч дазвалялася і піць, і гуляць, і красці, але нельга было адначасна, трэба было выбраць нешта адно, і далі пацярпеламу мужу працу загадчыка абласнога аддзела сельскай культуры ці нечага такога, стаў ён шукаць сабе намесніка, і ўзгадаў нядаўна звольненага маладога дырэктара, якога ведаў раней, і ўзяў яго на працу, і мы пераехалі ў горад.

Далёка пойдзе

Так адказваць: цыгарэты скончыліся і кінуў, а потым дадаваць – у шостым класе, на пытанне ці палю, стала магчымым нашмат пазней, пасля школы і нават інстытута, калі дзяцінства зацвярдзела, закрылася, закруглілася і яго стала можна раскручваць, як глобус іншай планеты, на якім відаць Верх (так называліся тарфяныя яміны за дзедавым хлявом, ля самай маскоўскай шашы, запоўненыя вадой, дзе я навучыўся плаваць), Пульву (празрыстую вёрткую рэчку, куды з Буга заходзілі вугры, і дзе лавілася найсмачнейшая, калі смажаная, рыба ў свеце – каўблі, так у Ставах, мамінай вёсцы, называлі печкуроў), Граеўку (бандыцкі раён Берасьця, па варшаўскім баку чыгункі, дзе бацькі здымалі два прахадныя пакоі ў прыватным доме пасля пераезду ў горад, і грады выходзілі прос­та на рэйкі, маленькія шыбы на верандзе дробна дрыжэлі і дом стагнаў штораз, калі праходзіў цяжкі таварны цягнік), Штаб (схованку паміж хлявом і плотам, дзе мы з сябрамі захоўвалі свае скарбы – шкляныя шарыкі, нямецкі агнямёт, патроны і зыржавелыя гранаты з недалёкай крэпасці, а таксама скрыню цыгарэтаў без фільтра “Дымок”, якая не даехала да групы савецкіх войскаў у Нямеччыну, бо мы яе сцягнулі з незамкнёнага вагона і курылі аж пакуль бацька не атрымаў кватэру і мы не пераехалі ў іншы раён, і ў шосты клас я пайшоў у новай школе), а кінуць паліць мне насамрэч сказаў трэнер, бо напачатку адносіны ў новым раёне не складваліся і давялося запісацца ў секцыю бокса, куды я добрасумленна і без асаблівых поспехаў хадзіў да дзесятага класа, аж пакуль усе мы не сабраліся ў фотаатэлье для выпускнога здымка, і калі дзяўчаты пайшлі яго забіраць, дык фотазагадчыца паглядзела на нашы твары спрактыкаваным вокам і ўсім дала кароткія забойчыя характарыстыкі, з якіх я запомніў толькі дзве – хітраватую дзеўчыну, з якой я спрабаваў “хадзіць”, як тады казалі пра школьныя парачкі, яна абазвала “маленькай сцервай”, а на маё фота сказала “далёка пойдзе”, але я чамусьці ўзгадаў гэта толькі цяпер, а трэба было, калі сядзеў ва ўзятым напракат смокінгу на вячэры ў Вашынгтоне, на якую Белы дом запрашае тэле-радыёжурналістаў і слухаў Біла Клінтана, які, як вядома, перад цыгарэтамі аддаваў перавагу цыгарам.

Сабачая радасць

Фактычна больш-менш сур’ёзна мяне пабілі толькі аднойчы, пасля танцаў у вясковым клубе, калі я развітаўся з дзяўчынай і пайшоў па цёмнай вясковай вуліцы дадому – стаяла ціхая і густая летняя ноч, назаўтра, а дакладней ўжо сёння, трэба было уставаць перад пятай пасвіць каровы, а на школьных вакацыях так хацелася спаць, што я нават цяпер памятаю, як цяжка на сене адарваць галаву ад падушкі, адкінуць коўдру, калі неба толькі пачынае сінець у шчылінах даху, належанае месца захоўвае цяпло, настояны водар травы не адчуваеш, бо дыхаеш гэтым кактэйлем бія-зёлак увесь час, а на вуліцы шызая ад расы трава: цётка падаіла ўжо карову, прыгатавала торбу з абедам, сабаку цяжка спусціць з ланцуга, бо ён аж скача ў прадчуванні свабоды, пуга вісіць на агароджы, і я выходжу на брукаванку і жанкі ўжо выганяюць сваіх кароў з варотаў, і статак пакрысе расце – пяць, дзесяць, пятнаццаць, трыццаць чорна-белых, непародзістых кароў і цёлак цягнуцца па вуліцы, без маіх пануканняў заварочваюць за апошнюю хату і ідуць сваёй мернай хадой у бок Пяткі, ляснога ускрайку, дзе на незаараных і незасеяных узлесках яшчэ можна папасвіцца свойскаму быдлу, і тут я цямлю, што ўчора, па дарозе з танцаў, трактарысты не жартавалі – электрычны ліхтарык у вочы адразу зрабіў смеху вартай усю маю гарадскую баксёрскую тэхніку, пачкі сыпаліся з усіх бакоў, аслеплены, я няўклюдна адмахваўся, але толькі раніцай адчуў, што сківіцы ледзь варушацца, жаваць не магу, не кажучы пра гузакі, якіх раўнівыя механізатары мне начаплялі ад душы, так што нават вяленую каўбасу, якую цётка паклала ў торбу, я не змог укусіць і аддаў сабаку – вось ужо хто парадаваўся, суччын сын.

Клёшы

Што такое тры, давайце пяць – мне можна пяць?!! – мы бачылі ў каго тры, у каго чатыры, не кажучы пра клёш аж на пяць сантыметраў, і калі бацька сказаў гэта краўцу, да якога мы прыйшлі замаўляць штаны, здаецца ў дзявятым класе, я ледзь не задыхнуўся ад удзячнасці, што можна, што ён дае мне такую свабоду мець сапраўдны клёш, які, канечне, пашыраў не калошыну, а ўвесь свет, і свет адразу пабачыў, калі я ўвайшоў у клас у клёшы: чатыры? няўжо пяць?! і я розныя моманты з бацькам магу ўспомніць, паходы ў гарадскую лазню, калі мы жылі ў доме без выгодаў, першую паездку на мора, калі яно раптам вырвала зямлю з пад ног і кінула мяне ў неба, сустрэчу Хрушчова на пероне вакзала, абед з Шастаковічам у Белавежскай пушчы, урокі гітары, якія па яго пратэкцыі мне даваў самы знакаміты берасьцейскі гітарыст на Пляцы, як называлася легендарная танцпляцоўка ў гарадскім парку, грыбы, якіх ён набіраў поўныя кошыкі, а потым сам чысціў да глыбокай ночы, шызы дым у яго кабінеце, калі ён ужо быў дырэктарам тэатра, у якім як здані выглядвалі абрысы рэжысёраў і актораў, блакітны джынсавы касцюм з разводамі і скуранку, якія ён прывёз мне з польскіх гастроляў – ён, канечне, ганарыўся тым, што мяне ўзялі на працу ў рэспубліканскую газету, я тады думаў, што галоўнае, як я магу пісаць, і цяпер так думаю, але галоўнае – не значыць адзінае, і калі яны з маці пад час сустрэчы з маім шэфам, крыху старэйшым за мяне, але значна мудрэйшым, пачалі казаць словы ўдзячнасці, я пачаў перабіваць, мне стала сорамна, як дзецям бывае сорамна за бацькоў перад таварышамі: я не ўмеў дзякаваць, але мой начальнік і сябар тактоўна завяршыў сітуацыю, пачаўшы хваліць маю пісаніну, але я не памятаю, каб бацька абмяркоўваў мае артыкулы, хаця, напэўна, абмяркоўваў, але памятаю як ён паміраў у пяцьдзесят восем гадоў пасля некалькіх аперацыяў: рак, дома на ложку, і запрасілі сяброў на абед апошні раз, яны сядзелі за сталом, а ён ляжаў на канапе, смяяліся, трохі адпусціў боль, а потым вярнуўся, трэба было морфію, але не было ці не давалі з-за нейкай недарэчнай перасцярогі, маўляў, прывыкне, тупы ідыятызм, не было разумнага доктара, і я нічога не зрабіў, ён пакутваў, здзек і прыкрасць і не дараваць, і пры чым тут той bloody клёш.

Манліхер, куля калібра 6.5

Калі па парадку, дык – казкі, казкі, “Бэмбі”, потым, канечне, Ільф і Пятроў, затым перыяд замежнай фантастыкі, праўда, зусім забыўся, што ж гэта я захапіў з сабой на вішню ў бабулі, ужо ўсе цёткі, нявесткі, унукі абабралі свае вішні, потым схапіліся, што я прапаў, пачалі шукаць, клікаць, нідзе не было, нікому ў галаву не прышло паглядзець на дрэва, дзе я, нічога не чуючы і не заўважаючы, дачытваў кнігу, пабеглі на Верх, ці не ўтапіўся, на гарышча, можа там, на шашу, і ўсе дужа ўзрадаваліся, калі я злез, і хоць дагэтуль мне ўзгадваюць гэты выпадак, ніхто не папікае, што вішні адно дно закрылі, што то за кніга магла быць – Жыль Блаз? Янка Маўр? Станіслаў Лем? менавіта так нашмат пазней, у студэнтах, неяк увечары я адкрыў адну кнігу, якую сябар прывёз з будатраду з Малдовы, выпушчаную выдавецтвам “Картя Молдовеняскэ”, сто тысяч асобнікаў, цвёрдая кардонная вокладка, 633 старонкі, 2 руб. 33 кап., пачаў чытаць і ачуняў калі за акном пачало віднець, і кароткае шчаслівае жыццё Фрэнсіса Макомбэра выбухнула ў маёй галаве, як куля калібра 6.5 з Манліхера, якую жонка ўсадзіла яму ў чэрап дзюймы на два вышэй асновы крыху збоку, што абарвала яго свет навазнойдзенай свабоды і пачала мой, я стаў чытаць усё, што напісаў аўтар, што ён раіў прачытаць, што пісалі пра яго, шукаў усіх каго ён згадваў, і карыда ў Памплоне стала не меншай рэальнасцю, чым каровы, якіх я пасвіў кожнае лета, і калі праз сто гадоў апынуўся ў Бостане, дык паехаў у музей Кенедзі, які набыў архіў Хэмінгуэя, але якраз тая частка была закрытая для наведнікаў — спецмерапрыемства, я ўсё ж пайшоў, тоўстая негрыцянка, якая стаяла пры ўваходзе, паглядзела са здзіўленнем і спытала, чаго мне туды трэба, я сказаў: I love Hemingway, яна глянула ў спіс, потым махнула рукой, дала нейкую брашуру і прапусціла, а там якраз перапынак на абед: посуд, сурвэткі, сэндвічы расклалі і загарадзілі ўсе стэнды, не падысці, я ўсё ж прабіўся, пацясніў афіцыянтаў, пачаў перапісваць, што хацеў, прычым увесь час удзельнікі канферэнцыі неяк падазрона на мяне паглядалі, публіка была стракатая – мулаты, чорныя, індзейцы, жоўтаскурыя азіяткі, апроч Хэмінгуэя, мой быў там адзіны белы твар, і калі адыходзіў, негрыцянка кажа: што, ужо ідзеце, не знайшлі свайго сябра, нічога, не сумуйце, не губляйце надзею, і потым, у гатэлі, я адкрыў брашуру – гэта была канферэнцыя каляровых гееў і лесбіянак, і з таго часу я не губляю надзею.


Малая падарожная кніжачка

Вы чыталі Кафку?

Даўно-даўно, адразу пасля пераезду з Мюнхена ў Прагу, дзе ў мяне, канечне ж, адразу ўкралі аўтамабіль, я пайшоў у паліцыю, выклікалі перакладчыцу, афіцэр уціснуў у друкарскую машынку пяць аркушаў пад капірку, я адказаў на ўсе пытанні паліцэйскага пратакола, ён дастаў аркушы з карэткі і пачаў ставіць нейкія галачкі ў тэксце, і патлумачыў, што зламаная літара “V” і ён мусіць яе ўпісваць ад рукі, і я, каб, відаць, развеяць смутныя сумненні ў эфектыўнасці будучых пошукаў, папрасіў перакладчыцу спытаць, чаму яны не адрамантуюць машынку.
– У нас такая бюракратыя, што, каб замовіць рамонт, мне трэба напісаць з тузін лістоў, – ахвотна патлумачыў паліцэйскі. – А як я іх напішу, калі няма літары “V”?
– Вы чыталі Кафку? – спытала мяне перакладчыца.
Тут паліцэйскі скончыў упісваць прапушчаную літару ў першым асобніку і пачаў у другім.
– Спытайце яго, – агаломшана папрасіў я перакладчыцу, – чаму ён адразу не паставіў усе “V”пад капірку?
– Вы чыталі Швейка? – спытала мяне перакладчыца.
Аўто шукаюць дагэтуль, але я лічу, што гэта справядлівая цана за вышэйпрыведзены дыялог.

Адэса-Менск: 3:2

Мой сябар-рэжысёр, які працаваў у Адэскім драматычным тэатры, запрасіў на прэм’еру. Самалёт з Менску прылятаў якраз упрытык, селі мінут за 20 да пачатку спектакля, я ўскочыў у таксі, даімчаўся да цэнтра, разлічыўся, пропуск чакаў у касе, я зайшоў у поўнае народу залітае святлом фае, адразу накіраваўся да дамы, якая прадавала праграмкі, і задаў актуальнае пытанне: прабачце, дзе тут у вас туалет?
– А вам які, мужчынскі ці жаночы? – спыталася дама.
Я азірнуўся, сцяміў, што прыляцеў у Адэсу і ветліва спытаў, які лепш... Народ заўсміхаўся, дама пасур’ёзнела:
– Сорамна, малады чалавек, усё жыццё жыць у Адэсе і ўпершыню прыйсці ў тэатр!
Пачуццё нацыянальнай годнасці засціла мне вочы і я з гонарам патлу­мачыў, што жыву ў Менску і ў нас у тэатр ходзяць не дзеля гэтага.
– Тады навошта пытацца?

Экзамен для апазіцыі

Аднойчы я памыліўся на 0.6 % у прадказанні вынікаў чарговых прэзідэнцкіх выбараў, але паколькі астатнія 82% назваў правільна, дык мяне пачалі запрашаць не толькі на CNN, але і на розныя навуковыя канферэнцыі, і я якраз ляцеў у Амерыку па такім запрашэнні, з перасадкай у Амстэрдаме, і, калі дайшла мая чарга, супрацоўніца службы бяспекі, з сумненнем пакруціла мой заштэмпеляваны і заклеены візамі пашпарт і спыталася пра мэту падарожжа. Я патлумачыў, што запрошаны ў Гарвардскі ўніверсітэт, яна папрасіла паказаць запросіны і пайшла па начальства.
– І якая дакладна тэма вашага выступу? – з недаверам гледзячы на мяне і на ліст, спытаў начальнік службы бяспекі.
– Дэмакратычная альтэрнатыва: ці ў стане апазіцыя змяніць аўтарытарны дыскурс, – сказаў я.
– Ну і? – спытаў начальнік.
– Што, ну і?
– Ці ў стане?
– Вам поўны адказ ці можна кароткі? – з сарказмам пацікавіўся я.
– Можна кароткі, але лепш, каб ён быў добры, – параіў начальнік. І патлумачыў – ён вывучаў паліталогію ва ўніверсітэце Альберты, дзе яе выкладае адзін з самых вядомых даследнікаў Беларусі Дэйвід Марплз.
Я азірнуўся – вакол нас даўно ўтварылася трывожная пустата, чарга на пасадку агінала выспу небяспекі, ахова чакала толькі сігналу.
– І так, і не, – сказаў я.
– Прапусціце, – махнуў рукой начальнік. – Менавіта такія адказы яны й даюць на гэтых канферэнцыях...

Прафесар рэстытуцыі

Я сядзеў у чытальні ўніверсітэта ў Фларэнцыі, куды прыехаў на нейкую канферэнцыю, калі пачуў як бібліятэкарка гучна кліча некага:
– Прафесар! Прафесар!..
Я працягваў чытаць, а бібліятэкарка паўтараць: прафесар! Агледзеўся – больш нікога няма, каму гэта яна?
– Прафесар, вас да тэлефона! – аказваецца, мне.
Ну не будзеш жа тлумачыць кожнаму, што ты толькі журналіст, бяру слухаўку, а там таксама прафесар – то ды сё – ці не пагаджуся я заўтра прачытаць лекцыю па сваёй спецыялізацыі, пра рэстытуцыю. Я мог бы зараз напісаць, што не дачуў, ці што яго ангельская была з італьянскім акцэнтам, але скажу як ёсць: я не ведаў тады значэння слова “рэстытуцыя” – вяртанне гвалтоўна нацыяналізаванай маёмасці яе ўласнікам, напрыклад, зямлі майму дзеду. Падумаўшы, што гаворка альбо пра прастытуцыю, альбо пра канстытуцыю і прыкінуўшы, што хутчэй вядзецца пра другое (я надрукаваў у заходнім друку некалькі артыкулаў пра свой мясцовы канстытуцыйны працэс і 25 варыянтаў асноўнага закона, якія напяклі дэпутаты), я пагадзіўся.
Увечары ў гатэлі вырашыў усё ж падрыхтавацца – напісаць план-канспект – але батарэя ў кампутары разрадзілася. З сабой у мяне быў маленькі “Макінтош”, падарунак з Амерыкі, з пляскатай вілкай, якая не падыходзіла да разеткі ў гэтым гатэлі, пабудаваным ці не ў адзін час з суседнім знакамітым мостам Векія. Я разагнуў дзве металічныя скрэпкі, прыкруціў іх да вілкі, уставіў у разетку. Потым сеў, зачапіў шнур, бліснула іскра, і стала цёмна. У калідоры пачуліся галасы, у дзверы пастукалі. Я адкрыў – аказваецца, электрашчыт усяго гатэля месціўся ў гэтым пакоі, высока пад столлю. Прынеслі лесвіцу, нешта там рамантавалі, потым доўга казалі: Scuzi, signor, праводка старая, ледзь не ад часоў Борджыя, разеткі мянялі апошні раз яшчэ за Мусаліні, тут усё – гістарычны помнік і дзяржава не дае перабудоўваць, чао, бона сэра, туці белле.
Я узяў шнур, разагнуў скрэпкі, асцярожна зноў уставіў у разетку, загарэўся экран, я задумаўся над першым тэзісам, павярнуўся, бліснула іскра, і пайшоў дым, я засунуў кампутар пад падушку, выскачыў у цёмны калідор і трымаючыся за сцены хуценька пайшоў да лесвіцы і на выхад пад энергічныя выразы, дакладнага значэння якіх я не ведаў, але здагадваўся. Пабачыўшы на вуліцы, што святла няма не толькі ва ўсім гатэлі, але і ў суседніх дамах і на палове моста, я вырашыў за лепшае пайсці пагуляць па начной Фларэнцыі, балазе надвор’е спрыяла, стаяла дзіўная італьянская ноч, кафэ былі адыненыя, жыццё ззяла там, дзе было святло...
Назаўтра я выступіў з імправізаванай лекцыяй пра кафкіянскую прыроду нацыянальнага канстытуцыйнага працэсу, па ходу ўзгадваючы прыклады, якія гучалі як анекдоты, аўдыторыя папляскала ў далоні, перайшлі да пытанняў – і першае было пра рэстытуцыю. Я папрасіў удакладніць, сцяміў, пра што гаворка і аўтарытэтна патлумачыў, што нас ніякай рэстытуцыі няма, таму няма пра што гаварыць.
Усе былі задаволеныя, да мяне падышлі два швейцарцы, юрысты вядомага банка з Цюрыху, і з недаверам перапытвалі, няўжо яшчэ не пачалася рэстытуцыя і з агнём у вачах настойліва раілі мне гэтым заняцца, бо гэта такая прыбытковая рэч, гер прафесар, асабліва нерухомасць, вось нашыя візіткі.
Я ўзгадаў, як напярэдадні ледзь не спаліў цэлы квартал з мостам Векія, падумаў, што мне ад нерухомасці, асабліва старажытнай, лепш трымацца далей і візіткі выкінуў.
А “Макінтош” у мяне працуе дагэтуль.

Белыя, нярускія

Я прыехаў на сустрэчу з сябрам у невялікі, але сусветна вядомы курорт Бад-Райгэнгаль, на поўдні Баварыі, пакінуў машыну на стаянцы і пайшоў шукаць парк, дзе мы дамовіліся сустрэцца. Спытаў аднаго, другога мінака – не гавораць па-ангельску, а я ніхт шпрэхэ дойч. Нарэшце сустрэлася дама, якая гаварыла па-ангельску і якраз сама ішла ў той бок. Дама пацікавілася, адкуль я.
– З Вайсруслянд, – адказаў я. Гэты калькаваны пераклад назвы Беларусі доўга заставаўся папулярным у Нямеччыне яшчэ з савецкіх часоў.
– О, Чарнобыль, – ажывілася яна. – Я даўно хацела ўведаць – якая розніца паміж вамі і рускімі?
Ну не станеш выпадковай спадарожніцы пераказваць кнігу Уладзімера Арлова “Адкуль наш род” – нямецкае сонца ззяе, птушкі пяюць, Альпы бялеюць на гарызонце...
– Гэта проста, – сказаў я. – Мы – белыя, яны – не.
Дама спынілася, узяла мяне за руку, зазірнула ў вочы і пранікнёна ска­зала:
– Я вас вельмі разумею. Я сама з Паўднёвай Афрыкі!

Прафесійна. І танна.

Я працаваў тады ўжо ў Празе, але жыў яшчэ ў Мюнхене, і на выходныя ездзіў туды-сюды, большасць дарогі праходзіла праз маленькія гарадкі і вёскі, кружляла па гарах, і толькі апошнія кіламетраў 150 быў аўтабан – хуткасная траса, падзеленая жалезным бар’ерам, які пагнуўся, але вытрымаў шматтонны ўдар майго “Опеля”, які раптам крутанула на чорным небачным лёдзе і метраў сто ваўчком кідала ад аднаго бар’ера да другога, але не перавярнула, я выцягнуў сумку, заплаціў 70 марак дарожнай службе дапамогі, каб зацягнулі машыну на металалом, мяне падкінулі да маленькага прыпынку, мясцовая электрычка давезла да суседняга гарадка Ляндсгут, і там я сеў у таксі і назваў адрас: Мюнхен.
– О, калі б я жыў у Мюнхене!.. — уздыхнуў малады таксіст. І патлумачыў – там сорак шэсць тэатраў, а ў Ляндсгуце толькі два. Ён іграў на сцэне, але гарадок маленькі, толькі 30 тысяч жыхароў, заробкі сціплыя, мусіў кінуць, бо трэба ж неяк жыць, плаціць за кватэру.
– І пайшоў у таксісты? – дзеля ветлівасці спытаўся я – мне самому карцела расказаць, што толькі перажыў.
– Не, пасля тэатра я пайшоў на атамную станцыю, там добра плацілі, – адказаў экс-актор і патлумачыў: гарадок маленькі, не надта каб хто хацеў поўзаць па радыеактыўных трубах, калі што здаралася, алё ён прапрацаваў там некалькі гадоў.
– І потым на таксі?
– Не, пасля гэтага працаваў у сэкс-шопе, два гады. Перада мной, дарэчы, ніхто не вытрымліваў болей за месяц.
– Чаму? – зацікавіўся я, вырашыўшы, што мая гісторыя можа пачакаць,
– Ляндсгут – горад маленькі, – паведаміў былы рознарабочы ядзернай прамысловасці. – У нас толькі два сэкс-шопы, якія належаць аднаму ўладальніку, у адной працуе ён сам, у другой наймае прадаўцоў.
– І чаму яны звальняліся?
– Горад у нас хоць і маленькі, але мае 30 касцёлаў, і ўсе ходзяць да імшы, і для іх нашыя крамы – тэрыторыя граху, значыць усё можна. – пачаў тлумачэнне былы працаўнік сэкс-індустрыі. – Вось яны прыйдуць, паходзяць паміж паліц, возьмуць часопіс ці відэакасету, засунуць пад куртку і на выхад. Усё кралі. А я паставіў сістэму люстэрак, каб назіраць, Яны толькі ў дзверы – я кнопку націсну і замкну, яны да мяне – а я кажу – 40 марак за часопіс пад курткай!
– І што, усе кралі?
– Не, былі прыстойныя кліенты, напрыклад, прастытуткі. Прэзерваты­вы куплялі.
Я ўжо жыў у Нямеччыне пару гадоў, але менш чым за паўгадзіны ўведаў пра нямецкае жыццё больш, чым за ўвесь папярэдні час. Я забыўся пра аварыю, у якой цудам не атрымаў ні драпіны, пра разбіты аўтамабіль, адпраўлены на металалом, і толькі задаваў пытанні – можа, перажыты стрэс так актывізаваў журналісцкія інстынкты.
– І якія? Якія менавіта вырабы з мноства прадстаўленых на рынку прадуктаў з розных краінаў Азіі і Еўропы самых разнастайных мадыфікацыяў выбіралі прафесіяналы?
– Як якія, – здзівіўся экс-актор, былы работнік мірнага атама і працаўнік гандлёвага сектара сэкс-індустрыі. – Канечне, самыя танныя!
Рахунак, які пазней мне прыслалі за пашкоджаны дарожны бар’ер, не паказаўся занадта высокай аплатай за атрыманыя веды.

Із-за лубві

Глядзець на голых мужыкоў у лазні непрынята, так, край вока міжволі зачэпіцца, і ўсё, на што там глядзець, нават для параўнання, але ў перадлазенцы, дзе мы распраналіся, вісела люстэрка, і я не мог не пабачыць майго суседа, а ён – маю рэакцыю, бо люстэрка ў асобным нумары знакамітых тбіліскіх серных лазняў, апетых Пушкіным, было на паўсцяны.
Мой знаёмы быў сіні.
Знаёмы, гэта моцна сказана – я ўпершыню пабачыў яго паўгадзіны перад тым, калі выйшаў з гатэля, спусціўся па заваленай снегам крутой дарожцы да моста праз Куру і перапытаў адзінага мінака дарогу да серных лазняў. Напярэдадні ў Грузіі адбыліся датэрміновыя прызідэнцкія выбары, на якія прыляцеў як журналіст, раніца была надзвычай ціхая, Тбілісі спаў пад снегам пасля выбарчых жарсцяў, і, як высветлілася, адзіны чалавек на набярэжнай таксама ішоў у лазню, і мы пайшлі разам. Аказалася, што больш ніхто туды не йшоў – і выявілася, чаму: выходны, агульнае аддзяленне закрытае.
Але побач з-за паўкруглых купалаў выходзіла пара, гэта былі асобныя нумары, з індывідуальным басейнам з гарачай сернай крыніцай, мармуравай падлогай, прасторнай шатняй і вялікімі люстэркамі. З такога люстэрка на мяня якраз і глядзеў увесь пакрыты сіняй татуіроўкай мой знаёмы Арчыл.
– Ты не бойся, я не бандыт, – супакоіў ён мяне. – Гэта із-за лубві.
Прызнацца, думка пра турэмны жанр жывапісу мільганула была – не столькі з-за карцінак, якімі была пакрытая яго скура, колькі з-за тэкставых украпленняў. Я чытаў недзе, быццам у злодзеяў існуюць свае правілы, што каму можна наколваць (вось табе і свабода слова), і чым большы ты аўтарытэт, тым больш маеш права напісаць, а на маім суседзе было што пачытаць – толькі ў люстэрку ўсё адбівалася наадварот.
Але сапраўды, у кожным радку было жаночае імя.
“Тамара блят” было на левай грудной мышцы. На правай, пад сэрцам, прабітым стралой Амура, сінела расчараванае “І Оля тожи блят», над пупком змяілася аналагічная сентэнцыя, прысвечаная невядомай Ніне, і завяршала тэму агульная выснова пра ўсіх баб, якія, як выглядала, даволі рэгулярна разбівалі сэрца нястомнага шукальніка дзявочай цнатлівасці і прыхільніка чужой манагаміі аж да нанясення сабе нязмыўных эпітафіяў.
Арчыл аказаўся сапраўды даволі эмацыйным чалавекам з цвёрдымі поглядамі не толькі на жаночую вернасць.
Пасля райскага сядзення ў гарачай сернай вадзе, якая выцякала з крыніцы, а з круглай дзіркі ў купале павольна спускаліся сняжынкі, але раставалі не далятаючы да нас, прыйшоў мэкісэ – лазеншчык, які паклаў мяне на мармуровую лаву і пачаў свае рытуалы, якім яго навучыў яшчэ дзед, які таксама працаваў тут, як і дзед дзеда. Пакуль я, распластаўшыся пад спрактыкаванымі хуткімі пальцамі, расслаблена спрабаваў палічыць, хто мыў Пушкіна, прадзед ці прапрадзед майго мэкісы, Арчыл спытаўся, за каго той галасаваў напярэдадні.
– Як за каго? За Гачэчыладзэ, канечне, – адказаў мэкісэ і, узляцеўшы над мармуровай лавай дзвюма нагамі апусціўся мне на спіну – пачынаўся легендарны масаж пяткамі, калі мэкісэ лёгкім танцам праходзіць уздоўж хрыбетніка кліента, а той, каб застацца жывым, мусіць расслабіцца і ўпасці ў нірвану, цалкам адключыўшыся ад навакольнага свету.
– Ну ты дурак, – сказаў Арчыл. – За такаго дурака галасаваў.
– Я дурак?! – перапытаў мэкісэ і ўрэзаў мне правай пяткай па нырках. – Гэта ты дурак няшчасны са сваім Саакашвілі!
Пасля чаго левай пяткай лупануў мне па печані.
– Ідыёт проста, – сказаў Арчыл. – Разве можэт нармальны чалавек галасаваць за гэтага ідыёта?
Удар пяткай у раён левага лёгкага, а затым правага быў нанесены пад каментар у адказ пра асаблівасці разумовага развіцця майго знаёмага. Перадвыбарчыя мітынгі на тбілісскіх вуліцах нагадвалі карыды пад час пажару, а я ў гэтай сітуацыі быў калі не быком, дык біфштэксам, з якога рабілі адбіўную.
Мяне ўратавала хіба толькі тое, што не было другога тура, і дыскусія абмежавалася падзеямі, якія адбыліся, а не якія яшчэ адбудуцца, бо тады важна было б пераканаць недарэчнага суразмоўцу, як правільна галасаваць другі раз, і не ведаю, ці я асабіста дачакаўся б другога тура.
Асабліва мяне цешыла падкрэсленая ветлівасць да госця, які не гаворыць па-грузінску, і таму дыскусія вялася на зразумелай яму мове.
Быццам бы я і так не зразумеў.

“Энеіда” навыварат

Я ішоў па цэнтральным тбіліскім праспекце Руставелі ў пошуках кнігарні, – але іх месца занялі ўсяісныя буцікі і фірмовыя крамы, і кнігі, прыкрытыя ад снегу поліэтыленам, як гуркі ў парніку, прадавалі проста са стэндаў на вуліцы: букіністычныя і новыя, пераважна расейскае чытво, і калі я пытаўся раз за разам Вергілія, на мяне глядзелі без здзіўлення, але са спачуваннем. Якраз напярэдадні ў самалёце я натрапіў у газеце “Wall Street Journal” на выдатны артыкул пра “Энеіду” і захацелася адкрыць кнігу.
Пабачыўшы ў арцы паказнік – кніжная крама, я зайшоў у нейкі двор, дзе пад’езд быў пераабсталяваны пад маленькую крамку, усю застаўленую спецыялізаванай кампутарнай і медычнай літаратурай.
Я не стаў нават пытацца і павярнуўся ўжо да дзвярэй, калі джэнтльмен у паліто і капялюшы, гаспдар гандлёвага месца, пацікавіўся, што мяне цікавіць. Я сказаў.
– У мяне няма, – джэнтльмен на хвіліну задумаўся, затым дастаў тэле­фон. – Калі ў каго і ёсць, дык гэта ў Васі.
Ён набраў нумар, павітаўся і папрасіў Васю.
– Спіць? Будзьце ласкавыя, скажыце, вельмі пільна.
Было ўжо добра за поўдзень, але ці мала чаму чалавек спіць днём. Можа, ён уначы раман піша, новую “Энеіду”. Ці дзень нараджэння адзначаў.
Некаторыя людзі вельмі настойлівыя – я даўно б ужо сышоў, але няёмка было перад джэнтльменам, які так і стаяў з тэлефонам ля вуха ў чаканні, пакуль недзе шукалі, будзілі, вырывалі з абдымкаў грузінскага Марфея загадкавага Васю, тлумачылі, хто звоніць. Калі той нарэшце ўзяў трубку, перагар адчуў нават я.
– Вася, у цябе ёсьць “Энеіда”? – будзённым голасам, нават не павітаўшыся, спытаўся джэнтльмен.
Станіслаўскі заплакаў бы ад паўзы, якая наступіла і трымалася, і не сканчалася, і працягвалася – гаворка, канечне, пра паўзу з нашага з джэнтльменам боку, бо ў трубцы, на тым баку нябачнай, паўсталай ад сну, далёкай як старажытнагрэцкае Міжземнамор’е рэчаіснасці, адбывалася, фармулявалася і выказвалася нешта, што па сіле ўздзеяння магчыма не саступала Вергілію, хаця і не ўпэўнены, што гэта былі эклогі. Магчыма, георгікі. Яны больш дыдактычныя.
– Ну, дзякуй, – бясстрасна сказаў нарэшце джэнтльмэн і закрыў мабільнік. – У Васі няма. Значыць, нідзе няма.
– Ён меў рацыю. У Тбілісі “Энеіду” я не знайшоў, у суседнім Баку, куды прыляцеў праз дзень, таксама, затое ў самалёце пазнаёміўся з хлопцам, які на пытанне адкуль ён родам, адказаў:
– Я нарадзіўся ў Агдаме.
Звалі яго, канечне, Вася.

Антысавецкі зэдлік

Мой светлай памяці цесць, які працаваў у гаражы механікам, быў чалавек суровы, прамы, любіў парадак, дысцыпліну і выпіць, з партыі выйшаў, калі захацеў зэдлік.
Ягоны сябар, былы настаўнік, аднойчы, калі ў школе на сходзе ўзяліся асуджаць Салжаніцына, сказаў, пачакайце, яшчэ вуліцы яго імем называць будуць, і пасля гэтага стаў выключна рабіць зэдлікі ды іншую сталярку, бо ў школу ўжо прыходзіць не трэба было. Цесць папрасіў зэдлік, каб зручна было каля печы седзячы паліць, дровы варушыць, попел выграбаць, на што сябар сказаў: выйдзеш з партыі – зраблю.
Цесць і выйшаў. Тут што бянтэжыць: напрыклад, тое, што па вайне бальшавікі ў яго сям’і мельніцу рэквізавалі, зямлю забралі, потым бацьку арыштавалі, што ён Калініну пісаў і ўратаваў такі бацьку, не даўся ператварыць сябе ў калгаснага раба і ўцёк з вёскі і стаў шафёрам, пра камуністаў і начальства выказваўся так, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць, і, нягледзячы на ўсё гэта, на сходы хадзіў і партузносы плаціў. А захацеў зэдлік – і ляснула ўся стройная сістэма марксісцка-ленінскай адукацыі, абавязковых палітінфармацыяў, стэндаў пра гістарычныя звяршэнні і за мір ва ўсім свеце.
Цесць зрабіў практычна. Я думаю, што ўвогуле гарбачоўскія рэформы трэба было называць не перабудовай, а практычнасцю.
– Слухай, – сказаў ён неяк мне. – Я тут ямку для слупа капаў на агародзе, і рыдлёўка аб нешта дзынкнула. Тут жа некалі мытня была, мо хто золата закапаў. Схадзі адкапай.
Я ўзяў рыдлёўку, пайшоў быў, але спыніўся:
– Дык а чаму Вы не выкапалі?
– А раптам бомба...
Даўно няма той партыі, ад сардэчнага прыступу пасля рэфэрэндума пра бел-чырвона-белы сцяг і Пагоню памёр цесцяў сябар-настаўнік, і сам ён ужо знайшоў спачын пад бярозамі на ўзгорку Радашкоўскіх могілак.
А зэдлік і цяпер служыць. І золата чакае археолагаў.
Ці бомба.

Экстрэмальны адпачынак

Адпачынак у аграсядзібе пачаўся так: з раніцы з’явіліся з аховы прыроды правяраць прыроду, потым з энерганагляду правяраць лічыльнікі, потым пажарнікі, і ўсім чамусьці трэба было паглядзець на мяне. Да таго, што тэлефоны слухаюць і праяўляюць пільнасць, я прывык – ну такая баязлівая ўлада, страшна ёй, калі не запіша чужыя размовы. Адзіную суседку на хутары звалі Стася, было ёй, мабыць, тысячу гадоў, жыла адна, дакладней, з двума катамі, трыма сабакамі, сям’ю авечкамі, дзесяткам гусей, трымала куры, карову і цёлку.
Прычым дапрасіцца купіць у яе яек ці сыру было немагчыма. Апроч прыроднай скнарнасці, была яна адначасна антысаветчыцай, нацыяналісткай і лукашысткай.
Пачуўшы, што я гавару па-беларуску, вынесла прысуд як у сук уля­піла:
– Ты, відаць, бэнээф.
Сама пры гэтым размаўляла толькі па-беларуску і лепш за мяне, усіх расейцаў крыху пагардліва называла выключна маскалямі і лічыла іх няздарамі, лянівымі і зладзеяватымі, савецкіх партызанаў – бандытамі, з суседніх літоўцаў кпіла, што маўляў, усё распрадалі, нават дом ураду прыватызавалі, хадзіла да касцёлу, глядзела штовечар беларускае тэлебачанне, верыла кожнаму слову і Лукашэнка быў яе недатыкальны герой.
На слупе перад маім акном была буслянка, адкуль выглядалі двое птушанят, якім бацькі па чарзе прыносілі жабак. Аднойчы я пацікавіўся: хто гэта застаўся на варце пільнаваць коршака – бусел ці бусліха?
– Ты з Чэхіі прыехаў і не ведаеш? Ты ўвогуле бабу ад мужыка можаш адрозніць?..
Але потым патлумачыла, што ў бусла дзюба даўжэйшая і барада, а ў бусліхі няма, і доўга не давала веры, што я з яе не смяюся. А ці бачыла яна баброў, кажуць, вярнуліся?..
– Стаю на беразе, а ён кругамі ходзіць, плавае, рыжы, галава як у цяляці, сонца ўстала, не вытрывала і кажу: ой, які ж ты харошы, які ж ты прыгожы! А ён як дасць хвастом, уся вада ўгору і на мяне, стаю ўся мокрая, як абасцалася!
– А ці ёсць тут драпежнікі?
– Аднаго разу рысь прыйшоў. Сеў, шкура светлая, плямы па спіне і вось такія вушкі! – і скруціла дзве дулькі, дакладна як рысіны вушкі з кістачкамі.
У перадапошні дзень я чакаў гасцей і налавіў штук дваццаць карасікаў, вярнуўся з возера, пакінуў вуду і пакет на дровах, якімі быў абкладзены дом, і сам пайшоў пераапрануцца й памыцца. Выходжу на двор – пакет на зямлі, і цётчын кот, сабака, дадушвае мой улоў. Засталося чатыры карасі.
Я за катом, той ходу, тут Стася ідзе.
– Ну цётка, вы да касцёлу ходзіце, а кот ваш бандыт! Злаўлю і засмажу для гасцей, ён жа адразу карасямі нафаршаваны!
– Хто ж рыбу на двары пакідае? Вось ты з Чэхіі прыехаў, а мой кот за цябе разумнейшы!
Спрачацца не стаў, я ж не чэх.

Украінскае пытанне

У горадзе Львове мой сябар кніжны графік Гена пытаецца ў кнігарні: чаму кніга называецца «Архітэктура Львова» а не Львіва. Мы ўжо трэці дзень у сталіцы Заходняй Украіны, гаворым усюды па-беларуску, нас разумеюць лепш, чым у Беларусі. Прадавачка глядзіць на яго падазрона: ці не падколка. Калі ўпэўніваецца, што не, задумваецца сама і ідзе па начальства. Начальства прыходзіць з квітанцыямі ў руках і звярае тэкст дазвольнай пячаткі на ліцэнзіі на гандаль з назвай кнігі – на гарадскім штампе ўсё ж "Львіва". Хвілінаў пяць яны ўдвох займаюцца пошукам адказу, дзе праўда, хто вінаваты і што рабіць, на шчасце, не знаходзяць і тады пытаюцца, што ўвогуле нам трэба?
– Кнігу, як рабіць варэнікі.
– Гэта ў аддзеле філасофскай літаратуры, – з палёгкай кажа дырэктар.
На гэты раз бянтэжымся мы – ці не падколка? Але паслухмяна ідзем ў філасофскі аддзел, і паміж тамоў Вольфганга Гегеля і Грыгорыя Скаварады нам знаходзяць цяжкі том пад загалоўкам “Украінская смакота”, дзе, сапраўды, апісаны містычныя працэдуры паходжання варэнікаў. Яшчэ больш нас уражвае, што ўсе кнігі сусветнай філасофіі на паліцах – па-ўкраінску, і усё гэта новыя выданні, мы з зайздрасцю абмяркоўваем гэты феномен, калі нацыя ведае цану сваёй мове, шануе і падтрымлівае, і вучыць на ёй сэнсу жыцця і гатаванню варэнікаў, што, канечне, часам супадае, і тут прадавачка філасофіі пытаецца:
– Ой, ви так гарно розмовляєте по-українськи! Звідки ви, мабуть, з Києва?..
Хто стаў кіраўніком Украіны пасля аранжавага прэзідэнта, усе ведаюць.
Цяпер ведаю не толькі чаму, але й што з гэтага можа атрымацца.