12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Максім Лужанін

_____________________
Закрытая рэцэнзія на "Каласы пад сярпом тваім"

Працяг.
Пачатак
публікацыі
ў №4 (23).

Падрыхтоўка
да друку –
Сяргея ШАПРАНА.

Правапіс
арыгіналу
захаваны.


Такое здаралася нячаста: прызнаны творца адрываецца ад сваіх “гарачых” клопатаў і, прачытаўшы каля паўтары тысячы старонак раману маладога аўтара, піша закрытую выдавецкую рэцэнзію памерам… з сярэднюю аповесьць (75 старонак!!!).

У наш час падобнае не здараецца. Найлепшае, чаго можа дачакацца цяперашні “малады” ад старэйшага “калегі”, – пахвальнага тэлефанаваньня ці некалькі агульных словаў пры сустрэчы.

Таму “Дзеяслоў” пасьля публікацыі стэнаграмы абмеркаваньня раману Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” на даўнішнім пасяджэньні ў Саюзе пісь­меньні­каў вырашыў пазнаёміць чытачоў з гэтай рэцэн­зіяй Максіма Лужаніна на цяпер ужо хрэстаматыйны твор – рэцэнзіяй, у якой старэйшы пісьменьнік разважае ня толькі пра магутны талент прадстаўніка новай беларускай прозы, але й ягоныя недахопы.

А можа, да ўсяго (між радкоў) – і пра абыякавасьць будучых “аксакалаў”?

Закрытая рэцэнзія Максіма Лужаніна на раман

Ул. Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” *

Перш за ўсё словы, якімі звычайна канчаюць рэцэнзіі: раман Ул. Караткевіча мае ўсе падставы перайсці са стану рукапісу ў стан друкаванай кнігі. […]

Аўтар адгарнуў немалую скібіну, стварыў мноства вобразаў, без перабольшвання – мноства дзяцей, юнакоў, людзей сталага веку. Рэвалюцыянераў і шляхецкіх змоўшчыкаў, лібералаў і рэакцыянераў, паэтаў і жандараў, сатрапаў і бунтароў-адзіночак, прыгонных актрыс і царыц, вяльмож-магнатаў і прыгонных сялян, студэнтаў і пастухоў, вясковых лірнікаў і садыстаў-памешчыкаў. Перад намі – розныя пласты ўзварухнутага чаканнем немінуючых падзей грамадства: адны – знецярпліў­леныя няволяй і нядолей, гатовыя парваць ланцугі прыгнёту, другія – косныя і зацятыя ў непарушнасці асноў самаўладства і ўласнасці, але змушаныя ісці на ўступкі, каб пры першай жа магчымасці накінуць на першых тыя ж самыя ланцугі.

І ўсё гэта – ва ўзаемадзеянні, супярэчнасцях, сутычках. З падрабязнасцю і дакладнасцю, якіх трэба пашукаць і з якіх нельга не падзівіцца, узнаўляецца самы разнастайны побыт, псіхалогія, барацьба ідэй і поглядаў.

Гарады і вёскі, палацы і студэнцкія пакоі, хаткі і дваранскія клубы, гімназіі і млыны, канспірацыйныя кватэры і салоны, сцэна прыгоннага тэатра і ўніверсітэцкая аўдыторыя падаюцца з добрай дасведчанасцю ў абставінах і матэрыяле. […]

Нас пераконваюць у гэтым такія раздзелы і эпізоды рамана, як жыццё Алеся ў Кагутоў, нават усе старонкі, дзе гаворыцца пра дзяцей, сустрэчы Акіма Загорскага з царыцай Кацярынай ІІ, вечарынка ў Кіркора, бойка ў гімназіі, утаймаванне Алесем каня, некаторыя размовы яго з дзедам, першая размова аб паўстанні ў Пецярбургу, сцэны Мураўёва з Валуевым, Чорнага Войны з жандарам. Можна было б назваць яшчэ іншыя эпізоды, дзе дыхаюць, дзейнічаюць, гаруюць і радуюцца жывыя людзі, кожны са сваім абліччам і клопатам, ствараючы атмасферу праўды, якую не падменіш верагоднасцю і якую называюць мастацкаю.

Тым не менш, аўтар павінен зрабіць сваю кнігу лепшай, падняцца да ўзроўню бездакорнасці, павінен, бо можа гэта зрабіць.

Раман пісаўся ў розныя часы, рознай мастацкай пэўнасці і ідэйнай узброенасці рукою, таму ён няроўны ў сваіх якасцях. З ростам твора рос і аўтар як мастак. У рамане шмат бліскучых старонках, ёсць гарачае святло сонца і поруч з ім звычайны фейерверк. Гэта тым больш крыўдна, што піратэхніка, якая мінаецца ў якой іншай, менш таленавітай кнізе, тут адразу дае адчуваць сваю нежыццёвасць. Кніга перанаселена не так другараднымі персанажамі, як іх падрабязнымі, не па вазе герояў, характарыстыкамі. Багацце матэрыялу, якім уладае аўтар, прыводзіць часамі да залішняй дэталізацыі, частку назіранняў і ведаў можна пакінуць для новых кніг.

Гэтым тлумачыцца даволі значная колькасць не заўсёды далікатных заўваг, якія не павінны быць нікім вытлумачаны на шкоду кнізе. Дый гэта хутчэй не заўвагі, а засмучэнні прыдзірлівага чытача, што вось тут аўтар мог сказаць лепей і чамусьці не сказаў, тут, замест таго, каб ісці проста, даў вярсту кругу, там – натхнённа ляпіў вобраз і раптам – недакладным словам, непрадуманым учынкам перасаладзіў ці перагарчыў яго, а там – лінуў фарбы, калі трэба было ледзь даткнуцца пэндзлем. […]

Час, які адлучае аўтара ад напісання рамана, дае магчымасці для цвярозай развагі і дзеянняў у дачыненні напісанага ім з любоўю, талентам і дасведчанасцю.


І. НАЗВА РАМАНА, ЭПІГРАФЫ, ПРЫСВЯЧЭННЕ

І ВЕРШАВАНАЯ ЗАПЕЎКА


Маюць відавочную сувязь і ў той жа час знаходзяцца ў пэўнай супярэчнасці. Аб’ядноўвае іх перш за ўсё евангельскае паходжанне і афарбоўка.

Эпіграфы звязаны з легендай аб тым, як Хрыстос пяццю хлебамі і дзьвюма рыбкамі накарміў пяць тысяч чалавек, як потым адказваў садукеям і фарысеям і як тлумачыў свае адказы апосталам. Усё гэта трэба ведаць, каб зразумець кірунак аўтарскай думкі, іначай яна пройдзе не закрануўшы чытача.

Наўрад ці ў наш час сур’ёзная кніга аб гістарычных лёсах народа патрабуе падмацавання ў евангельскай філасофіі, тым больш што яна не асэнсоўваецца крытычна. У першым эпіграфе (ад Лукі) выразна чуваць матыў усецярпення і ахвярнасці. У гэтым яго сувязь з назвай твору і прысвячэннем.

На першы погляд, назва “Каласы пад сярпом тваім” не выклікае пярэчанняў. Сапраўды, шлях да свабоды, сацыяльнага вызвалення людзей – пакутлівы, цяжкі, усеяны незлічонымі стратамі. Але ці правамерна думаць, як прасочваецца ў друку, што “падзеі 1863 года – гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў”.

Так гаварыць па меншай меры антыгуманна, такім чынам як бы апраўдваецца царызм, бо яму надаецца роля “сярпа гісторыі”, які сцінаў “каласы” (жывых лю­дзей, лепшых з іх) на глум, каб ніводнае зерне не прарасло і не пайшло на духоўную спажыву. Тым часам гісторыя, вольналюбства народа накіравалі справу іначай і ў выніку праз 60 год прышло Кастрычніцкае вызваленне. […]

Якой бы павабнай і змястоўнай ні здавалася метафара “жніва”, яна не выражае сутнасці з’явы, тут куды бліжэй метафара “Глебы”, бо на ёй растуць людзі і спеюць паўстанні. Вось чаму, на мой погляд, назва твору не нясе ў сабе сапраўднай канцэпцыі рамана. Хіба людзі, а тым больш актыўныя, змагары за народ, — каласы пад сярпом лёсу ці містычнай сілы? Сэнс твору, уяўляецца нам, у супрацьдзеянні народа сацыяльным сілам, якія засцяць яму святло, свабоду, працу. Аўтар і даводзіць гэта праз імкненні герояў і сутычкі іх з рэчаіснасцю і зусім дарэмна аднойчы ўкладвае Загорскаму супрацьлеглыя думкі. Ён у царкве, пад час чытання царскага мані­феста, бачыць сялян “беднае чалавечае мора, на якое глядзеў з купала пантакратар” (усемагутны, бог). І думае: “Бедныя-бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім… Ну што ж, калі ты не хочаш іхняга шчасця, яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы”. (стар. 1444).

Ну, а што было б, каб, скажам, усемагутны “захацеў” даць людзям шчасце? Паны аддалі б сялянам зямлю, цар адмовіўся б ад прастолу, запанавалі б свабода і роўнасць? І ні блізка! Дый са слоў гэтых вынікае, што чалавечае мора ўсё роўна асу­джана на пагібель ці ад божага сярпа ці ад “сярпа волі”. Дарэмна аўтар ставіць знак роўнасці паміж гэтымі “сярпамі” і тым самым дазваляе ператлумачыць канцэпцыю рамана ў непажаданым для сябе сэнсе, які пярэчыць задуме твору.

З тых жа меркаванняў не здавальняе і пашырэнне аўтарскага прысвячэння з свае маці на “кожную маці”. Поруч з эпіграфам і назваю яно мімаволі працягвае думку аб марнай ахвярнасці. […]

Іначай выглядае вершаваная запеўка. У ёй ёсць упэўненасць майстра, які скончыў работу і бярэцца за другую. Толькі заключнай страфе шкодзіць матыў пакорнасці лёсу і наканаванасці чалавечых шляхоў. “Неўміручасць поля” – асноўнае ў вершы – і не трэба так спакойна класціся пад “халодны, мёртвы снег”, лепш прабі­вацца праз яго новым голасам і коласам.

Наогул жа кажучы, па мойму, вялікая колькасць прадмоў, эпіграфаў не аздабляе кніг і не дадае ім вагі. А ў дадзеным выпадку раман гаворыць сам за сябе, без падмацаванняў.


ІІ. “СЯЛЯНСКАЕ” І “КНЯЖАЦКАЕ”

1. Бацька і маці Загорскія


Усё, аб чым мы чытаем у рамане, павінна скласці перадгісторыю паўстання 1863 года. Пры шырокім і ў асноўным правільна выпісаным гістарычным фоне, пры наяўнасці барацьбы ідэй рэвалюцыйных дэмакратаў і прыгоннікаў, вельмі важна высвятліць, як ажжыццяўляецца мастацкая задача, як пераламляецца ўсё гэта ў вобразах, як сацыяльнае быццё народа, уваходзіць, супадаючы ці выбіваючыся, у духоўнае жыццё герояў. […]

Сяляне прадстаўлены сям’ёю Кагутоў, вельмі заможнай, каб быць тыповай, Корчакам і млынаром, ёсць сцэны на чаўнах (з дзяўчатамі і з Корчакам), у Кахноў, нарэшце сцэны сялянскай успышкі ў Кроера і пасля абвяшчэння маніфеста.

Пералік як быццам значны, але па вазе падзей і характараў, для таго, каб Алесь Загорскі сфармаваўся як чалавек рэвалюцыйных дзеянняў, гэтага відавочна мала. Яго павінны пераконваць прыгнёт і паніжэнне людзей, убачаныя на ўласныя вочы. Для духоўнага росту героя гэта важыць куды больш, чым вальтэрыянскія развагі дзеда і думкі бацькі аб шкурніцтве дваранства. Аднак народная бяда даходзіць да героя, як адлюстраванае святло, з другіх рук, калі не лічыць выпадку ў Кроера, дзе герой заступаецца за Корчака.

Паказ беларускай вёскі, беднай, праз якую і для якой адбылося паўстанне – першае, аб чым мусіць быць аўтарскі клопат. […]

У рамане ёсць нявыкарыстаныя магчымасці ў гэтым кірунку. Размова з дзяўчатамі на чаўнах (стар. 376) можа і не быць такой бесклапотнай, а набыць сацыяльны акцэнт. Прыезд Алеся на вяселле, пэўна, прыдасца для глыбейшага паказу вясковага жыцця. Падарожжа да дзеда можна перабіць карцінамі працы сялян на панскім полі, каб герой адчуў смак прыгону. Нарэшце, бытаванне ў Кагутоў, хай сабе ідыліч­нае, у багатай сям’і (у іншую бацька не аддаў бы Алеся), лёгка вывесці за сцены хаты, перарваць знаёмства з суседзямі, якім жывецца цяжэй. […]

Зноў жа забойства Кандратам Таркойлы выглядае як акт сямейнай помсты за брата Стафана. Рамкі гэтай гісторыі проста пашырыць да выкрыцця “кугі”, зграі, якая шкодзіла сялянству. А што забойцы Стафана Кагута належаць да “кугі”, у гэтым няма сумнявання. Значыць, адпор ім можа даваць не адзін Кандрат.

Цяпер аб Корчаку і ўсім, што звязана з ім. […]

Звернемся да нарады Корчака з Лапатамі, Кагутамі і Кахнамі. […]

Змова адбываецца на чаўнах, пад час дняпроўскага разводдзя, з вартавым на дубе (сочыць, калі вернецца Алесь, іншай патрэбы няма). Усе змоўшчыкі – са зброяй, як быццам ідуць на бой.

Гэта ўсё крыху аперэтачна. На змову так не ходзяць. Зброя магла быць у аднаго Корчака, каб не прадалі выпадкам, ды ён жа хаваецца і мусіць быць гатовы для абароны. Размовы выхвальна-наіўныя: “Першы раз ці што бунтаваць!” Нібы тут сабраліся нейкія прафесіянальныя паўстанцы.

Канец сцэны (размовы пра жонку Кірдуна, матывіроўкі паводзін Кандрата) ідзе на халастым ходзе. Можна абарваць на з’яўленні Алеся з сомам, пакінуўшы меркаванні пра рыбіну – каларытна.

Найгорш, што змова гэта ператвараецца ва ўзвялічэнне Загорскіх. […]

Сялянскае паўстанне набывае непраўдзівую афарбоўку: праз асабістую пры­хільнасць ці непрыязнь адных ратуюць ад агню, а другіх – паляць. […] Што Кроера, пры ягоных магчымасцях, чапаць нельга, бо ён трымае сотню сабутыльнікаў ды яшчэ чаркесаў, веры даць нельга. Такая плойма за тыдзень праела б усе здабыкі.

Аднак не Кандрат і не Корчак асуджае на спаленне Раўбіча, а сам, уласнаю персонаю, аўтар. Развіццё падзей падпарадкуецца сюжэтнаму ходу і робіцца непраўдзівым. Тут уступае ў дзеянне выдуманая варожасць Загорскіх і Раўбічаў, на апошніх, пакрыўджаны за Алеся, пераносіць ненавісць Кандрат Кагут, хоць падставы для яе (адмова Міхаліны пахрыстосвацца з Алесем), калі думаць па сялянску дый не па сялянску, смешныя.

Не Корчаку і не мужыкам трэба разгром маёнтка Раўбіча, а аўтару. Каб Алесь пакрасаваўся высокародствам: не зважаючы, бачыце, на “крыўду”, ратуе Раўбіча, пасля герой і Майка – смяротныя ворагі! – усё ж сыходзяцца ў каханні. Але аб усім гэтым скажацца ў сваім месцы. […]

Варта не толькі давесці да ладу асобныя супярэчнасці, а і падумаць аб пераасэнсаванні вобраза Корчака цалкам, не гаворачы ўжо аб тым, што сцэны бунту ў Кроера і пасля рэформы павінны стаць больш шырокімі і яснымі.

Апісанню становішча сялян у Кроера і наогул сялянства ў Беларусі даводзіцца пажадаць большай гістарычнай дакладнасці. Маю на ўвазе разважанні пра мяккасць прыгону ў Заходнім краі і рэкруцкім наборы (стар. 176—7). Пра якія “шляхецкія вольнасці” тут гаворыцца? Да падзелу Польшчы? Пасля якой “змены ўлад” прыбавіліся рэкруцкія наборы? Чаму сцвярджаецца, што служба ў войску “закранала толькі дваранства”, калі яно з 1762 г. было цалкам вызвалена ад рэкруцкай павіннасці?

Відаць, усё гэта трэба яшчэ раз выверыць, каб падобныя пытанні не ўзнікалі.[…]

Службовае, груба гаворачы, прызначэнне раздзелаў, прысвечаных побыту Загорскіх (ад маленства Алеся і праз усю кнігу), толькі ў тым, каб паказаць, як радавое, княжацкае, не можа забіць у Алесю набытага пры дзядзькаванні і ў зносінах з іншым асяроддзем – мужыцкага, народнага, бо перавага мужыцкага пачатку фармуе ўсю далейшую біяграфію і воблік героя, вядзе ў паўстанне.

Побыт князёў Загорскіх занадта архаізуецца. Параўнайце, скажам, з бытам, таксама князёў, Балконскіх. У Караткевіча падзеі адбываюцца пазней, пасля нашэсця Напалеона, а сам антураж адкідае нас на некалькі стагоддзяў назад. І дзядзькаванне (яно можа існаваць як выключэнне), і ўрачыстае амавенне Алеся, і пострыг, і старасвецкія ўборы спецыяльна для гэтага выпадку. Калі і звяртацца да ўсёй гэтай старасветчыны, дык коратка, а з дамешкам іроніі, ацэньваючы, скажам, цырымонію пострыгу, як уступку звычаю. Не для звароту ў стары феадальны свет рыхтавала дваранства сваіх нашчадкаў. Яно падхоплівала звычаі новыя, што ішлі з Еўропы, сілілася стаць на ўзровень еўрапейскай культуры, без чаго немагчыма было развіццё гаспадаркі.[…]

Увесь комплекс падзей – Алесь дома – аж да наведвання дзеда – расцягнуты. Прыкінуўшы па старонках, атрымліваецца каля 200, а на бунт у Кроера, уцёкі Корчака – усяго 20, хоць падзеі, іменна падзеі, гэтага галоўныя для героя і для кнігі.

Зрэшты не ў старонках справа, а ў іншым. Дом Загорскіх, бацька, маці, іх багацце, выхаванне Алеся апісаны з веданнем тагачаснага жыцця, на дастойным літаратурным узроўні. Аднак ёсць ва ўсім гэтым пэўная доля замілавання, многія апісанні з’яўляюцца як бы самамэтай, а не сродкам паставіць сацыяльныя акцэнты. Вельмі мала тут адносін Алеся да асяроддзя, куды ён трапіў пасля вясковай хаты, мала “вачэй”, калі можна так сказаць, хлапчука, з якога пачынаюць выбіваць любае яму, мужычае. Відаць, не з замілаваннем глядзіць ён на незлічоныя багацці (бацькі і дзеда), а здзіўлена і крыху трагічна, наколькі дазваляе яму ўзрост.

Багаццяў жа ў Загорскіх неверагодна шмат, наўрад ці столькі мелі ўсе магнаты разам у Беларусі. Карцінная галерэя магла б зрабіць гонар любой дзяржаве. Царква – зноў жа ўнікум, будынкі – нешта большае за стварэнні сусветнай архітэктуры, коні, сабакі – цуд хараства.

Аўтар ведае, і добра было б, каб гэта веданне перадавалася чытачу, што магнацкія скарбы, здабыткі старажытнага дойлідства, жывапісу – геній народа, яго пот і кроў. Гэта нас дзівіць і ўражвае, але захапленне мастацкімі каштоўнасцямі не можа пераносіцца на тых, хто імі ўладае. […]

У рамане часамі вар’іруецца выказаная напачатку думка: “Мужыкі лічылі, што ён (Акім Загорскі, прадзед Алеся) пан літасцівы і добры. Пэўна таму, што вельмі багаты, а значыць, не было ў яго патрэбы ціснуць з мужыкоў апошняе. Тром тысячам мужыкоў лягчэй несці аднаго пана, чым дзесятку якому (стар. 7).

Выходзіць, што ўся бяда ад дробных паноў, каб былі ў Беларусі толькі буйныя, дык закрасаваў бы рай на зямлі. Хто-хто, а мужык не будзе так лічыць! […]

Зноў жа, які пан дабрэйшы – буйны ці дробны – пытанне вельмі туманнае. Памеры багацця ніколі не вызначалі панскай дабраты і адносін да селяніна.

Праўду кажа старая прыказка: “Той пан добры, што на асіне вісіць”. […] Мы ўжо гаварылі, як дружна адстойвалі Кагуты Загорскіх перад Корчакам. Нават Каліноўскі кажа, што “ў нас на Гарадзеншчыне шляхта жыве ўдвая горш любых з вашых… да вас мужыкі з суседніх маёнткаў прыходзяць, просяць купіць” (стар. 601).

Бацька пераконвае Алеся, што багацце патрэбна яму, “каб быць” добрым да большай колькасці хрысціян. Ты не Кроер, не Хаданскі, не Таркайла (памешчыкі драбнейшыя). Нашы людзі моляць бога, каб не трапіць ад нас да іх” (стар. 85). Так ужо і моляць! На гэта Алесь, нечакана на свае гады адказвае: “Хай добры ты. Хай добры буду я. А што як памром? Яны (сяляне) тады сваякам пяройдуць. Куды ж такі парадак варты, калі чалавек не ведае што з ім будзе заўтра?” Гэта значыць, ён ужо сумняваецца ў мэтазгоднасці прыгону.

Бацька развівае знаёмыя нам думкі: “Дробная шляхта – бочка з порахам. Ненавідзяць і нас, і сялян”. Чаму ж сялян? Няпраўда.

Алесь не можа абвергнуць гэтага. Ён малы, не ведае, што большасць дваранскіх рэвалюцыянераў выйшла якраз з асяроддзя дробных земляўласнікаў іменна таму, што яны былі бліжэй да мужыцкай бяды і ў сваю чаргу, як і сяляне, знаходзіліся пад пугай буйных магнатаў. Але бацька, які прапаведаваў толькі што дабрату “да хрысціян”, павінен разумець крыху больш. Бо чаму ж бы яму тады даходзіць ледзь не да пропаведзі сацыялістычных ідэй: “Калі ўсім абрыдне хлуслівая ідэя велічы за кошт суседа, спатрэбяцца такія кланы, якім дарагі кожны двухногі (!) на зямлі. І таму ашчаджай, запась сілы для таго вялікага дня” (стар. 86).

Не ў тым бяда, што ўсе разважанні князя Юрыя (стар. 83—6) не пасуюць да ўзросту хлапчука (аўтарскія агаворкі не ратуюць), нават не ў тым, што Алесь не па ўзросту сур’ёзна ўспрымае і мяркуе аб незразумелых яму рэчах, гэта згладзіць не так цяжка. Галоўнае – трэба выбраць для князя Юрыя нешта адно: ці сацыялістычныя ідэі ці хрысціянскія. Відаць, хрысціянскія, тады Юрый будзе мець нейкае самастойнае аблічча, а так ён бледна паўтарае свайго бацьку, Алесевага дзеда: “Не баюся… ні палітычных забойстваў, ні руднікоў”. А што такое “клан”, аб якім гаворыць бацька? “У гэтага клана было славутае і грознае мінулае, але тады ў яго не было імя”, ёсць “сучаснае, горш за якое цяжка знайсці”, ён “пагражаў некалі ордэнскім землям”, ён “выклікае магутны выбух сіл у кожнага суседа”, “дае ўзлёты чалавечага генія”, “што хвілінна гіне і адначасова жывучы, як ніхто”.

Занадта многа “прамудрасці” звальваецца на бедную дзіцячую галаву. А вось яшчэ мясціны, дзе Алесь і Юрый атоесамліваюцца з “кланам”: “Ты бязлікі і ты многатвары, ты нішто і ты – усё… Ганарыся гэтай бязлікай магутнасцю… Тое, у чаго няма назвы – нельга знішчыць. Бясформеннае нельга закуць у ланцуг!” (стар. 85 і 86).

Наўрад ці здагадаецца хлапчук, пра што ідзе размова. Дый чытачу няясна, клан – народ ці дваранства. Бо калі Юрый гаворыць ніжэй: “Мы, Загорскія, такія ж, як увесь наш клан”, цяжка падумаць, што бацька атаесамлівае сябе з народам. Аднак, прывёўшы Алеся ў магільню Загорскіх, дзе частка гаворкі ідзе больш натуральна, бацька прымушае Алеся прыняць прысягу на вернасць продкам, занадта ўрачыстую і запозненую, каб здавацца верагоднай. А рыхтуючы сына да прысягі, вяртаецца да “клана”, кажа, што прыкладна ад татарскага нашэсця, “наша палітычнае быццё скончылася. У іншых ёсць кнігі, правадыры… войскі, у іншых ёсць імя. У нас – толькі магілы… Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне. І толькі за гэтыя магілы мы можам біцца… Да канца” (стар. 114).[…]

Ёсць мясціна, невялічкая, на жаль, і загубленая сярод дэталей у аглядзе Алесем бацькавых багаццяў. Пры належнай акцэнтацыі яна магла б пераканаўча развянчаць “дабрату” пана Юрыя перад сынам. Гэта гаворка са старымі, якія ідуць у “Анвалідны дом” (стар. 83), што ўтрымліваюць Загорскія. Высветляецца, састарэлых людзей там кормяць гарачым раз на тыдзень, даюць “цэбар крупніку”. Алесь, вядома, абураецца, бацька вінавата абяцае палепшыць справы грамадскага харчавання. І ўсё. А, паводле праўды жыцця, Алесю пасля такога выпадку не палезе кавалак у горла, ён задумаецца, і добра было б, каб убачыў, што і сялянам не так ужо добра жывецца ў Загорскіх, скажам, горш, як у дзеда.

Тут магла б дапамагчы гаворка з панам Выбіцкім па дарозе да старога Вежы. Выбіцкі – аконам, у сялянскім уяўленні такі панскі слуга горшы гад за пана. Тут жа іншае, аконам Выбіцкі “бездакорна сумленны, капейкі пад ногаць не зацісне” (стар. 59), так верна служыць Загорскім. Але і ён шкадуе сялян, бо “над імі заўсёды будзе прыгон”. Напэўна так і было, бо пазней мы даведваемся, што Выбіцкі прычынен да змовы Раўбіча. Тым больш падстаў у гэтага персанажа закінуць Алесю сумняванне наконт “благадзенственнага жыція” прыгонных у яго бацькоў. Дарога ж ідзе праз уладанні Загорскіх і лёгка зачапіцца за які-небудзь момант несправядлівасці да сялян, убачаны Алесем.

Дараванне волі Кагутам (стар. 238—9) не падрыхтавана развіццём сюжэта і просьба Алеся вызваліць гэту сям’ю не вынікае з унутранай патрэбы, не ўгрунтавана псіхалагічна, а выходзіць з “дабраты” Алеся.

“Мы любім адзін аднаго, — кажа ён бацьку, калі той згадзіўся даць волю. – А цяпер яны будуць любіць і цябе”.

Бацька нібы ўпінаецца, разважае аб “страшным” дзеянні “абазнанасці” для простых людзей (аўтар адвольна пашырае ёмкасць і ўжытак гэтага ўкраінскага слова, хоць мае сваё), запалохвае ёю Алеся: “Ты ведаеш, якія бязодні, адна за адну страшнейшыя, расчыняюцца перад вачыма абазнанага?.. Ледзяны холад і ледзяная самота…”

Што можа супрацьставіць хлапчук такой “філасофіі” ды яшчэ з вуснаў бацькі, каго ён, калі не любіць, дык паважае? Нічога. Што дадае яна ў характарыстыку старэйшага Загорскага? Хіба што яшчэ адну супярэчлівую рысу: то ён здаваўся ледзь не сацыялістам і раптам выступае супраць асветы і культуры для селяніна. Трэба падкрэсліваць што-небудзь асноўнае ў вобразе: калі бацька сапраўды ўважае за шкоднае асвету, хай будзе паслядоўным. Гэта прымусіць Алеся хоць думаць іначай, пярэчыць па ўзросту ён не можа.

Пан Юрый гаворыць, што ў “абазнаных” расплюшчваюцца вочы на пагібельную палітыку ўрадаў. Калі ў яго імкненні – прагрэсіўныя, нашто так запалохваць Алеся? І добра і дзякуй алаху, што расплюшчваюцца вочы, бо чым больш будзе “абазнаных”, тым хутчэй абваліцца свет, дзе толькі ўрады імперый “крочаць у нагу” (народ ідзе іначай)… “да агульнай пагібелі”, як кажа пан Юрый. Чаму да “агульнай”, няўжо згіне ўсё чалавецтва? Толькі да свае пагібелі рушаць урады, якія крочаць не ў нагу з народам. Такую выснову павінен зрабіць у меру свайго разумення Алесь. […]


2. Дзед і прадзед Загорскія.

Сямейная легенда пра каханне Акіма Загорскага і царыцы Кацярыны – адна з найлепш напісаных старонак рамана. Спрактыкаваная ў амурных справах царыца пад час паездкі па Беларусі кінула вокам на моцнага і прыгожага мужчыну. А высвятляецца, што ён не проста мацак, а духоўна багаты чалавек. І ў гэтай, ці мала зазнаўшай істоты, варухнулася пачуццё, апаў доле арэол царыцы, адышла цікаўнасць саміцы, засталася звычайная жанчына з горкім жалем па тым, што не стрэўся раней гэты чалавек, які мог быць мужам, бацькам дзяцей. Не дужа паэтычнае памкненне Кацярыны Загорскі, праз сваю высокароднасць, ператварыў у нешта блізкае да сапраўднага кахання.

Гэта, як кажуць, і трэба іграць у раздзеле. […]

А вызваляцца тут ёсць ад чаго: ад разваг, мучэнняў і боязні Ланскога (стар. 257—59), ад аўтарскага адступлення пра сваё каханне, пра “Тую” – яно не да месца, разрывае тканіну апавядання (стар. 259—60), ад перабораў у характарыстыках царыцы як багіні, а Загорскага як рыцара і няўтомнага каханка (стар. 254, 261—265, 267—275), нарэшце да мясцін, якім бракуе густу і якімі звычайна падперчваліся любоўныя раманы пачатку веку.

У любоўных прыгодах Загорскі вышэй за славутага дэ Маранья, нейкі беларускі Казанова. У яго “рот гожы і цвёрды, такі спакуслівы, што кожнай жанчыне не магла прысці думка, як гэта добра, працягнуць да яго адразу саслабелыя вусны, расслабіць плечы, а там хоць бы і трава не расла” (стар. 253). Ён мае выгляд “пяшчотнага воіна. Архангела з лазурнымі вачыма, гнеўнага на ўвесь род людскі, акрамя жанчын” (стар. 254). “Быў архангел, — успаміналі даўнія свае любошчы бабулі, — Толькі на адзін дзень, як у дзевы Марыі” (стар. 254).

Заўважае і Кацярына: “простыя, як у казачнага звера – Аднарога, вочы, дзіўнай прыгажосці, у прыродных локанах, валасы (стар. 261). “Сапраўдны муж...” (стар. 262) “ён трымаў сябе так, што яна не здзівілася б, каб ён выявіўся нявінным. Мужчына з мужчын – у гэтым не магло быць сумнення, прывабны з прывабных, а ў вачах простасць і нечапанасць воблака”. (стар. 265).

Вецер так “песціў іх плечы” ноччу ў шатры, што “гэта было, як працяг яго пацалункаў” (стар. 267). І царыца дзівілася, адкуль у Загорскага “Такая вытанчана-моцная, адвечная, без адзінай трэшчыны (!), пяшчота і цэласнасць?” (стар. 267).

І далей такое, што дзівішся, як гэта адразу ж не выкасаваў аўтар:

“Думкі яе былі, як палын, як месяц, як здані коней (!). Яна не разумела. Рысы і выраз яго вачэй дзіўна і нечакана мяняла і змякчала яго манера браць. І гэта была манера такой пяшчотнай сілы, такой умелай і такой наіўнай магутнасці, якой ёй ніколі не даводзілася бачыць...”

Мусіць, даволі... Не трэба забывацца, што такое перасольванне і перасальванне не толькі кепска само па сабе, яно парушае абмалёўку Загорскага з яго сціплым і суровым каханнем да жонкі, з яго адносінамі да сына, Алесевага дзеда.[…]

Відавочны перабор дапушчаны, калі расказваецца пра пакой, які Даніла прызначыў для Напалеона (з таблічкай “Пакой імператара”) на выпадак, калі б той меў патрэбу ў дапамозе і абароне” (стар. 297—8). Гэта не адкрывае новых рыс у характары героя, што маглі б неяк уплываць на Алеся. Сімпатыі да Напалеона выказаны і хопіць (стар. 296), адмоўныя адносіны выяўляюцца ў размове з дваранскімі дэпутатамі наконт “рушэння” у падтрымку намераў французскага імператара стварыць з Літвы і Беларусі адну дзяржаву (праверыць, як тут з гісторыяй!) Наогул жа развагі пра Напалеона такія падрабязныя, што адхіляюць ад галоўнага – сустрэчы дзеда і Алеся – ідуць паўз Алеся, і, значыць, касабочаць сюжэт. Дый гучаць гэтыя развагі дзіўна: “Уся твая справа, — гаворыць Даніла пра Напалеона, — даўно патанула ў цемры вякоў... занесена на антрэсолі архіва матухны-гісторыі”. Сучаснік Напалеона не можа так сказаць, гэта – ад аўтара, чалавека нашай пары.

У дыялогу дзеда з Баранавым (стар. 303—4) паўтараецца толькі што расказанае вышэй (аблога манастыра, сцэна ў кляштары). “Разгул” пасля ад’езду падкупленага дзедам Баранава, каб пагасіць справу аб знявазе царквы, непатрэбен, дзед ужо не раз піў і гуляў, ні да чога біў дарагія вазы (стар. 289), а што “свет нізкі”, ён ужо упэўніўся раней і гэта буйства дзеда не апраўдаеш. […]

Сустрэча Алеся з дзедам падобна да першай сустрэчы з бацькам. Зноў агляд багаццяў (стар. 336, 360—1). Ужо ж бацька паказваў карціны, будынкі, фамільныя каштоўнасці.

Тут зноў трэба вылучыць асноўнае, тое, што мае значэнне для развіцця вобраза Алеся: утаймаванне каня (апісанне яго расцягнута), тэатр і, як вынік наведвання яго, вызваленне Гелены, стральба па адбітках. Рэшту трэба скарачаць, каб не замі­нала, гаварыць стрымана, без дамешку замілаванасці. […]


III. АЛЕСЬ ЗАГОРСКІ

Найбольш выразна напісаны вобраз, калі не лічыць дзеда Данілу і прадзеда Акіма, на тое ж ён і галоўны герой. Ён – высакародны, не ў сэнсе паходжання, верны пачуццю дружбы, справядлівы, смелы. І галоўнае: адданы ідэі вызваліць народ, разбурыць прыгон, а разам з ім і пачварны лад сацыяльнага і нацыянальнага ўціску. Калі ў такіх імкненнях і трапляецца дамешак донкіхоцтва і наіўнасці, дык гэта не псуе вобраз, а падкрэслівае супярэчлівасць натуры чалавека, перамаганне ім ўласцівасцей характару, навязаных княжацкім паходжаннем і выхаваннем, на шляху пераходу ў іншае асяроддзе, асветленае ідэаламі рэвалюцыйнай барацьбы. Такім чынам, аўтар ўнікае просталінейнасці ў абмалёўцы, фарбы накладаюцца розныя, і перад намі вырастае постаць, надзеленая многімі страсцямі і пабуджэннямі, што абумоўліваюць жыццё і дзейнасць, а не касцяк, да нерваў і мускулаў якога пачэплены шпагаты: тузянуў і герой гаворыць патрэбныя пісьменніку словы, або робіць адпаведны рух. Гэтак вобраз задуман, шмат у чым напісан і, наогул кажучы, гэта ж уяўляецца з кнігі, калі пазбавіць яго ад некаторых празмернасцей, неашчаднага выдаткавання фарбаў, разваг, неўласцівых узросту ці ўзроўню героя на пэўным адрэзку часу, ды іншых рэчаў, аб чым зараз пойдзе размова.

У кнізе ёсць просталінейнасць, але інакшага парадку, чым гаварылася раней. Роля, якую вызначыў Алесю аўтар у паўстанні, у жыцці тагачаснага грамадства, робіцца яснай для чытача ўжо ад “маладых пазногцяў” героя. Характар жа гэты павінен быць паказаны ў развіцці, у скрыжаванні ўплываў княжацкага і мужыцкага, прагрсэіўнага і рэакцыйнага. Не ўсё адразу можа стаць даступна яму, хай сабе і не па гадах развітаму, начытанаму і адукаванаму падлетку цю юнаку, пакуль дойдзе ён да разумення патрэб народа і нееабходнасці сялянскай рэвалюцыі. Шмат якія меркаванні Алеся, па сутнасці дзіцёнка, засур’ёзнены, як размовы з Кагутамі (стар. 84), з бацькам, дзедам, падлеткам Каліноўскім (пачаткавыя раздзелы кнігі). Алесь, гімназіст першага класа, разважае пра “бунт недазволеных”, як чалавек добрага рэвалюцыйнага вопыту, і так сур’ёзна адказвае яму Мсціслаў (стар. 546, 247).

Бойка гімназістаў – яркі, маляўнічы раздзел – занадта “ідэйная”, занадта ўжо акцэнтуюцца ў ёй класавыя і нацыянальныя супярэчнасці двух “лагераў”: Загорскага і яго прыхільнікаў з аднаго боку і шавіністычна настроенай групы Лізагуба з другога. Гэта бойка – паўторым, па майстэрству, раздзел з лепшых у кнізе – з’яўляецца як бы правобразам будучых сутычак “чырвоных і белых”. Тым больш трэба пашукаць меры ў паказе, галоўным чынам выкрэсліваючы асобныя штрыхі і сказы.

Праз што пачалася бойка? На вечарыне ў Кіркора Алесь выказваецца супраць прыгону, бароніць правы беларускага народа на самастойнае жыццё, на сваю мову. Лізагуб з кампаніяй, трымаючыся адваротнай думкі, вырашаюць правучыць яго, выбіць з князя мужыцкі дух. Алесь правільна думае, што Лізагуба нацкаваў Ходзька (ста. 636—7) хутчэй за сваё паражэнне ў абароне прыгону, чым за сцверджанне Алесем існавання беларусаў як нацыі. Здавалася б гэтага хопіць, хай сабе расперазваюцца Лізагубы, даў ім слоўны адпор і перайшоў, калі знявага пералілася, на кулакі. Дык не! Пачынаюцца крыкі “бі шавініста!”, хоць у гэтым няма патрэбы: Лізагуб і так паказаў аблічча. А далей лунаюць ваяўнічыя клічы “Палякі! У імя Канарскага!” “Шасцікрыльцы! Сыны Белабога! Святы Юры!” (стар. 644-646). І пасля гэтых крыкаў пачала біцца “ўся гімназія”.

Аўтар тлумачыць “Прыйшоў час зводзіць рахункі за ўсе былыя крыўды… За ўсё”.

Гэта занадта для гімназічнай сутычкі – ператвараць яе ў пабоіска з выхадам у шырокае абагульненне ды яшчэ са стратай чалавечага вобліку ў прыхільнікаў Алеся. Так, Грыма спачатку “совае носам” аднаго з праціўнікаў у плявацельніцу (стар. 648), а пасля б’е ледзь не да смерці ляжачых (стар. 650). Алесь па зверску збівае Лізагуба, “насядае зверху”, так што “ледзь адцягнулі” (стар. 651). Аднак у гарачцы бойкі Алесь паспявае палюбавацца сабой, заўважыць, “што ён… не той прыроджаны (!) добры і пяшчотны (!) хлопец”…

Не да месца не ў часе гэта. Можа і не вельмі шмат патрабуе купюр гэты эпізод, але патрабуе. Не проста пераможцам павінен выходзіць Алесь з бойкі, а і заставацца сімпатычным, юнаком, у якога паднялася рука таму, што не было інакшых сродкаў абараніць чалавечую годнасць. […]

Алесь і Майка начуюць у сене, сцэна добрая, але карацей бы і сціплей: без “наканавання”, “цемры і хаосу” ад блізасці дзяўчыны, без “непатрэбнасці яе грудзей”, “наслання” і малітвы “Божа, вызвалі мяне” (стар. 734—735, 737). Гэта зноў і безгусціца і інфантыльнасць, так, бедны, баіцца дзяўчыны, што моліцца. Хай проста сцеражэ яе сон, даволі аднаго намёку на боязнь парушыць чысціню іх адносін (стар. 731).

Калядныя забавы моладзі, Алесь і яго размова з Кагутамі аб шуканні праўды для ўсіх – запамінаюцца. Дзея не замаруджваецца, апісанні кароткія і трапныя, калі не лічыць “перажыванняў” снегавога балвана (стар. 754), якія потым адным сказам паўтарае Алесь (стар. 755). І ў героя лінія паводзін будзе цікавая, калі вызваліць яго ад крыху слязлівых разваг пра сваю ўдачу з Майкай і няшчасце праз гэта Хаданскага, а таксама Франса, які кахае Ядвіню, а яна хінецца да Алеся (таксама 757). Гэта ўжо вядома нам з ранейшага, а тут паўтараецца і нялепшымі словамі. Мнагавата пацалункаў на марозе (стар. 755—756), напышлівых апісанняў: альтанкі (стар. 774), “вечных” зорак, “яраснага” Сірыуса, зноў пацалункаў (стар. 775-778).

[…]

Давядзецца паглядзець больш падрабязна на ўвесь комплекс падзей. Найбольш нетрывалае ў ім – пачатковая матывіроўка варожасці: плётка аб замаху Алеся на дзявоцтва Міхаліны. Пускаюць чуткі, відавочна, Хаданскія: у Іллі разлікі з Алесем, у графа Мікіты – з князем Юрыем. Але чаму, менавіта, такую плётку, што не мае ніякага грунту? Пра сустрэчу Алеся і Майкі ў альтанцы, ніхто не ведаў, дый гэта сцэна не дае падстаў для падобных абвінавачванняў Алеся. З такім жа поспехам можна сцвярджаць, што Алесь каханак Клейны. Больш за ўсё дзіўна, што Міхаліна першая, ведаючы, што так не было, прагнала Алеся і чамусьці прызналася Клейне нібыта ён сапраўды мерыўся на гвалт. Плётка магла трываць толькі да сустрэчы герояў. Але замест таго, каб паразумецца і адным махам рассеч прыкры вузел, гераіня сама зацягвае яго. Ёй вераць бацька і брат і таксама парываюць з Алесем, хоць па праўдзе жыцця павінны спытаць: было гэта? Было. Любіш ты яго? Люблю. Дык ідзі замуж. Вось і па плётцы!

Зразумела, што нельга грунтаваць на такой хісткай падставе добры дзесятак раздзелаў кнігі, распальваць “смяртэльную” варожасць радоў, ламаць лёсы (Сабіна, Генела), будаваць дачыненні Алеся з людзьмі. А галоўнае, што праз гэта нельга мучыцца герою і гераіні, няма праз што! […]

Герой тым часам працягвае самакатаванне, думае, што дарэмна не пайшоў на дуэль з Раўбічамі, смакуе ва ўяўленні падрабязнасці яе, як ён будзе цэліць Франсу: “Проста ў лоб. Проста ў гэты высокі бледны лоб. Проста туды. І тады ўжо, калі ўпадзе, будзеш ведаць, што павязуць, а праз вадамоіны панясуць на руках (!) – тады – пісталет да сэрца і адным разам, з поціскам, з асалодаю (!)” (стар. 864). Смешна: “Юнкер Шмидт из пистолета хочет застрелиться”.

У Майкі і ў Алеся розныя ступені духоўнага развіцця. Ён не можа ўжо думаць гэтак, бо ўбачыў мэту, адчуў магчымасць паварочваць лёс. А герой усё ж рашыў загубіць сябе, калі не з пісталета”, дык іншым чынам. Лезе на дуб і стаіць на галіне “адзін ва ўсім свеце, больш самотны (!) за кожнага салаўя з тысяч, што звінелі ў хмызах” (стар. 865). Прыгожанька там усё напісана, больш бы пачуцця меры і густу, дый салаўі не ад самоты пяюць вясною.

Правільна гаварыў дзед Алесю: “Не выношу я ў мужчынах бабства!” А ён не прыслухаўся да праўдзівага слова, палез на дуб, скочыў у ваду, ахаладаў і лёг на зямлю, каб застудзіцца і, мусіць, развітацца з жыццём.

Прычына для гэтага, праўда, ёсць: Майка выходзіць замуж. Бяда толькі, што ў гераіні няма рэзону рабіць такі крок, губіць сябе і Алеся. Разумее гэта яна сама і Алесь, і ўсё ж “трагедыя” развіваецца.

Гелене, якая проста і сардэчна падышла да Алеся, пашкадавала, ён гаворыць пра “свет, як здзек”, пра “ненавісць”, як бы знарок зноў сцвярджаючы сваю слабасць.

Сардэчны рух Гелены да яго зразумелы і пераканаўчы, натуральна і іх збліжэнне. На гэтым трэба ставіць кропку. Бо далей ідзе халасты ход, паўторы вядомага, забяганне ў будучае, і бязгусціца ў падачы блізасці, бязгусціца з чужога голасу. Хай даруе аўтар, чуваць у яго Каменскі і Арцыбашаў з смакаваннем эротыкі, а лепш быў бы Гамсун. У “Брадзягах” у яго каханне таксама сталай жанчыны і хлапчука, вельмі чыстае і праўдзівае. І ўсяго ў адным абзацы!

Відаць, і трэба пакінуць ад стар. 875-890 адзін-два абзацы (стар. 876 і 880). Каб не было “невыносна злітных абдымкаў” са здзіўленнем, трапятаннем і болем “бронзавага замка рук”, “пахаладзелых ад здагадкі пальцаў ног”, “сэрца цкатлівай”, “дрыготкі ад халодных прасцін”, “пагрозлівага апускання ў яе абдоймы”. Другая сцэна з Геленай, калі высвятляецца, што ў яе будзе дзіця, амаль цалкам добрая. Крыху фальшу ёсць пад канец, але гэта лёгка пачысціць на стар. 919, 922-923 (аб адплаце Гелены сабою за дабрыню Алеся). […]

Усё ж сцэны Алеся і Гелены, Гелены і Майкі куды лепшыя, чым наступныя – сустрэча героя і Міхаліны (стр. 945—947). Там было зерня канфлікту, тут жа – размова ўхаластую, хадульнае каянне Майкі – няма ў чым каяцца, і як апраўдацца, што яна сама падтрымала плётку. Не дзіва, што герой кідае абыякавыя словы “што будзем рабіць, пасварыўшы два рады? Рамэа і Юлія для бедных”. Не аб варожасці радоў у яго клопат, а аб сваім пачуцці, аб дзяўчыне, якую кахае!

А калі Майка расплакалася, прызнаўшыся ў каханні, герой кідае звысоку: “Ану, кінь раўсці!.. Многа салонай вады. Мне чамусьці хочацца, каб фаміліі Хаданскіх падалі сёння на вячэру сабачы памёт” (стар. 946). Пасля такіх слоў, якія сведчаць, што ён ідзе на міравую, каб насаліць Хаданскім, а не праз каханне, немагчыма пытаць: “Ты мяне кахаеш? Пойдзем са мной?” Так не мірацца!

Пераскочыўшы бытаванне Алеся ў Пецярбургу, дачытаем раздзелы і эпізоды, якія датычаць адносін яго з Міхалінай пасля прымірэння і вынікаюць усё з той жа фальшывай пасылкі “плётка”. […]

Апісанне апошняга палявання князя Юрыя і павольнага згасання Антаніды выклікаюць катэгарычныя пярэчанні. Перш за ўсё неадпаведнасцю перажыванняў героя з гэтай прычыны – ступені яго духоўнага развіцця.

Натуральна было б пасля прыезду з Пецярбурга некаторае аддаленне Алеся ад сям’і, ад бацькі і маці. Не ў тым сэнсе, каб рваліся сваяцкія сувязі, і герой з палаца ішоў есці кашу з адной міскі з дваровымі, што ён праўда і робіць, але есць бульбу “не чакаючы кашы з баранінай”. А вось беспрадметнае любаванне бацькамі, тое, што ўласціва было малому, напэўна, перарасце ў іншыя адносіны, стануць больш відны слабасці блізкіх яму людзей: непрыстасаванасць і павярхоўнасць бацькі, надмерная “тонкасць” адчуванняў маці з яе пратэстам супраць палявання, знішчэння “ўсяго жывога”.

Тут, як нідзе, павінна прарвацца ў героя замест замілавання адчуванне цяжару, які накладае на яго побыт, усведамленне, што ён выконвае ролю наследніка багаццяў, цягне груз радавых забабонаў, магнацкіх абавязкаў і само магнацтва да часу, у імя высокай і справядлівай мэты. І гэта мэта дапамагае яму перажыць смерць бацькоў, знайсці сілу для далейшай хады, бо яна вышэйшая за асабістае гора. […]

Эпізоды, якія папярэднічаюць смерці бацькі, занадта дэталізаваны, выезд на паляванне, расстаноўка паляўнічых на мейсцы, агляд сабак, выдумлянне бацькам гісторый. Трэба мець на ўвазе, што ўжо апісвалася адно паляванне і таксама дэтальна.

Аўтар любіць прыроду, лес, птушак, звяроў. Але здаецца непраўдзівым падкрэсліванне роднасці думак чалавека і мядзведзя, надмернае ачалавечанне звера, “мудрыя вочы” яго, адчуванне князем “повязі” ўсяго жывога з жывым, повязі болю, адзінага для ўсіх істот на зямлі (стар. 1140, 1942, 1143). Тут таксама ўсё доўга.

Пры смяротным ложку маці герой трымаецца непраўдзіва: выгукі “ма-а!”, да дробязяў выпісаная абстаноўка (іконы, падушкі, карункі, матчыны рукі), паўторы надаюць характар меладрамы і галоўнае – не відаць гора, а так “перажыванні” (стар. 1204 і далей, асабліва 1211-1213).

І нарэшце апошняя падзея ў гэтым ланцугу, нявыгодная для Алеся Загорскага – гэта дуэль з Франсам. Яна адбываецца пасля вянца Алеся і Міхаліны […]. Сцэна (стар. 1362—1363) пабудавана з паўтораў вядомага, пераказу ранейшых адносін, акцэнтавання радавой помсты і грунтуецца на вонкавай абразе – удар па твары – на што герой не знаходзіць нічога лепшага як адказаць: “Я не ўдару цябе, я проста цябе заб’ю” (стар. 1367). […]

Калі гэту сцэну пакідаць, дык ў нямногіх сказах і абзацах, можа чыста інфармацыйных.

Не прыдаецца станоўча вобразу Алеся і кувада. Гэты палескі забабон, калі пад час нараджэння дзіцёнка муж пачынаў енчыць і стагнаць, быццам адцягваючы на сябе боль нарадзіхі, Алесь успамінае вельмі ўжо кідаючыся і “пакутуючы” (стар. 1029) пад дзвярыма Гелены пад час родаў. Ён хоча ўзяць “частку пакут на сябе”, пачынае трызніць і адчувае “нясцерпны, амаль фізічны боль у сэрцы” (стар. 1035—36). Пасля гэтага Гелена сціхае, нарадзіўшы не адно дзіця, а цэлых двое. Як быццам не хапала герою “мроі”, дык бядак яшчэ і кувады паспрабаваў. Трэба ўспомніць, што ў народзе, нават у самыя старажытныя часы, існавала іранічнае стаўленне да кувады і адукаваны князь, не будзем гаварыць аб яго дачыненнях да вялікіх спраў, павінен ведаць гэта. Тут жа ён падаецца на ўзроўні фанатыкаў, у якіх адкрываліся так званыя стыгматы. […]

Вельмі не хацелася б, каб з добрай дзедавай песні пра белае жарабя, якая выказвае народныя спадзяванні на ўратаванне ад паноў, каб з гэтай песні вырастала алеаграфічная карцінка: ратавальнік на белым кані з дапамогаю табуна вызваляе Раўбіча (тут праўда, Алесь ехаў на буланым) і адхіляе кару ад сялян, што пайшлі за Корчакам, перадчасна падняўшым паўстанне. “Белы коннік!” крычыць натоўп, згледзеўшы Алеся.

Двойчы, як бачым, паўтараецца, а тут не месца паўтору па сэнсу і па абставінах, падзея, дзе Загоркі ратуе людзей па месіянску. У такім яго прызначэнні ўмацоўвае нас аўтар, гаворачы: “Ён расце. Ён мужнее, наш маленькі чалавечак. Белая жарабя расце непрыкметна для людскіх вачэй, пакуль не абярэ яго сярод іншых магутны коннік” (стар. 519).

Дзесьці ў дзіцячых марах ці снах, скажам, пачуўшы дзедаву песню, убачыўшы карціну з жарабям, Алесь мог уявіць сябе ратавальнікам Раўбічаў, хоць на белым кані, хоць на кентаўры – гэты было б праўда. А ў рэчаіснасці, калі спатрэбіцца памагаць Раўбічу сапраўды, Алесь мог бы толькі прыгадаць даўняе ўяўленне праз жорсткасць таго, што адбываецца, зусім непадобнага на дзіцячы сон: прыехаў святы Юры, і разбойнікі ўцяклі, ахвяры вызвалены. Аўтар правільна, хоць і не зусім выразна дае развітанне героя з маленствам і з марамі пра белага каня (стар. 947), трэба сказаць аб гэтым ясней і не цягнуць жывёлу далей у падзеі. […]

Мы перагарнулі старонкі і раздзелы, дзе перабіраецца мера, трапляецца бязгусціца, герой траціць абаяльнасць, мужнасць, робіцца вялым, размагнічаным, трывіяльна іграючы ролю “нешчаслівага” каханка ці пакутніка. Калі ў пісьменніка хапіла такту і сродкаў напісаць так, як можа ніколі не пісалася, сцэну кахання прадзеда і царыцы, дык здолен паклапаціцца ён, каб не выглядаў смешным у падобных абставінах праўнук Алесь. Навошта яму “вытанчанасць”, “дэманічная”, а не чалавечая страсць, дзіцячая інфантыльнасць, пакуты, якім цяжка даць веры, аж да замаху героя на самагубства.

Калі не ўдасца гэта адкінуць, лепш паставіць шматкроп’і, адмовіўшыся ад цэлых старонак, ці замяніць раздзелы простым інфармацыйным паведамленнем накшталт “У Гелены нарадзілася двое дзяцей”, “бацька загінуў на паляванні, а следам памерла маці”, “Франс і Алесь страляліся” і г. д. І ўсё. Выйграе і герой і раман...

Да строгасці паказу абавязваюць многія цудоўна і проста напісаныя раздзелы, як дараванне хлапчуком волі Гелене, знаёмства з Майкай, іх начлег у сене. Там, дзе герой і гераіня былі дзеці, усюды хораша і праўдзіва, а сталі дарослымі і замест пачуцця часам з’яўляецца дэкламацыя, замест чалавечай хады – выступанне на пальчыках.

І апошняе. Дальбог жа, няма патрэбы рабіць Загорскага паэтам. Вобраз перагружаецца. Усё самае лепшае ў свеце дае яму аўтар, не шкадуе і самых цяжкіх няшчасцяў. З паэзіяй у Загорскага атрымліваецца ўсё непераканаўча ад маленства, калі пачаў “пэцкаць паперу” (стар. 451—2) да чытання вершаў у Пецярбургу (чытаецца не да канца прадумана, сучаснай тэхнікі твор) аж да апошняга, што пішацца пасля падаўлення сялянскай успышкі. Калі гэты верш такі любы аўтару, дык хай напіша яго Віктар Каліноўскі. Тады радкі змогуць гучаць запаветам, хоць, праўду кажучы, такое заканчэнне не здаецца для кнігі найлепшым, бо нясе ў сабе падмену дзеяння, учынкаў і псіхалагічнага стану героя некалькі агульным пафасам і магіяй вершаванага слова.

Не хачу лічыць гэта за адзіна правільнае рашэнне, але ці не больш грунту для плёткі – у адносінах Алеся і Гелены. Тут можна сплесці версію, падобную да праўды, нібы стары Вежа дараваў волю сваёй актрысе таму, што яна стала ўнукавай каханкай. І ўсё апавяданне стане стражэй і вастрэй. Паверыць Майка, адхіснуцца Раўбічы, заесца на ману Хаданскіх стары Вежа. Адразу змястоўнымі стануць сцэны Алеся і Гелены – насупар усяму ў іх будзе каханне і будзе аб чым пагаварыць; будзе праз што пакутаваць – Майцы ад абразы, цяпер яна можа і не пахрыстосавацца, Алесю – ад немагчымасці апраўдацца, ён зможа рабіць такія глупствы, як робіць цяпер без падстаў. Дый у сцэне двух саперніц адразу з’явіцца канфлікт.


IV. КАЛІНОЎСКІ І ЯГО ЎЗАЕМААДНОСІНЫ З А. ЗАГОРСКІМ

Пачнем ад подступаў да іхняга знаёмства. Алеся выпраўляюць са збожжам для цёткі з берагоў Дняпра аж у Свіслач, на Гродзеншчыну. Дарога вялікая, жыта ўсяго “некалькі вазоў”. Для магнатаў тыпу Загорскіх нічога не каштавала б паслаць якую тысячу, каб на месцы купіць тую збажыну. Але тут яны робяцца ашчаднымі, сюжэт патрабуе, мусіць, адбыцца сустрэчы Алеся з Кастусём. Як бачым, сюжэтная матывіроўка не вельмі грунтоўная, думаецца, яе можна спрасціць ці паглыбіць.

Кірмаш, дзе сустракаюцца Алесь і Кастусь, бойка хлопцаў выглядаюць верагодна, а вось разважанням падлеткаў нестае наіўнасці, зусім крыху. Гавораць яны правільныя рэчы, кшталтам, “рабуюць нас усе” (стар. 517), але надта сур’ёзна, не тымі словамі, а іх імкненні ўсё ж такі дзіцячыя. Відаць, неашчадна робіць аўтар, прымушаючы сяброў выкладаць сваю праграму ад першых жа сустрэч і лістоў (Кастусь піша занадта адкрыта, цераз усю кнігу). У далейшым (Пецярбург) іх размовы так ці іначай вар’іруюцца, а павінны ўвесь час паглыбляцца.

Гэта першае, што трэба сур’ёзна прасачыць.

Прачытаўшы такія сэнтэнцыі: “Бога так не люблю, як сваю краіну” (стар. 609), можна падумаць, што Каліноўскі быў ледзь не фанатыкам, а гэтаму пярэчыць увесь склад яго думак і выказванні ў гэтай жа кнізе.

Не аздабляе вобраз Каліноўскага страх перад будучыняй, той справай, у якую ён ідзе “беспаваротна”. “Мне ніякавата. І мне вельмі страшна” кажа ён Алесю (стар. 612). Ну, няхай гэта ваганні падлетка (яны знаходзяцца ў супярэчнасці з далейшымі словамі “Іншага шляху ў мяне няма”), але Кастусь і сталы пачынае сунімаць сяброў, якія патрабуюць “чырвонай рэвалюцыі”: “усё б вам вайна і вайна. Але чаму ніхто... не падумае, як гэта страшна. Прыгнёт, гвалт, вайна. А я часам думаю, і мне страшна” (стар. 1437). Чалавек, які стварыў падпольную арганізацыю, выпрацаваў праграму паўстання, раптам ставіць знак роўнасці паміж вайною і рэвалюцыяй і гаворыць рэчы невыразныя, як баязлівец. […]

Наогул жа ў адносінах Загорскага і Каліноўскага прасочваецца апекаванне Алеся, яго некаторае пяршынства, стаўленне да Кастуся, як да малодшага. […] Каліноўскі, напэўна, быў чалавекам павышанай уражлівасці, але ж не псіхічна неўраўнаважаны чалавек кіраваў паўстаннем. Таму не варта педаліраваць гэты прыватны момант. Паказальны таксама выпадак з Ямантам (стар. 1065), калі ў Кастуся “пасмыкваліся вусны і дрыжэла левае (!) павека” і ён просіць Яманта, які кідае абразлівыя словы пра Чарнышэўскага і Някрасава: “Юзаф, маўчы, Юзаф, не даводзь” і гаворыць яшчэ нешта невыразнае.

І тут Загорскі, ведаючы, што “нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу”, прымае гаворку на сябе, выкрывае шавінізм Яманта, прапануе ўжыць крайнія захады (выключыць з “Агула”) і сцвярджае, што іх дарога “ў яднанні з левымі элементамі, якой бы нацыі яны былі” (стар. 1066). Словам, гаворыць і дзейнічае так, нібыта ён, а не Каліноўскі, будучы правадыр паўстання. А на гэта яму не дае права яго духоўны ўзровень, воблік, паводзіны, аб чым ужо гаварылася падрабязна (гісторыя з “варожасцю”, дуэль ды інш.).

На мой погляд, справа аб “пяршынстве” вырашаецца проста. Загорскі быў галоўным героем да сустрэчы з Каліноўскім, тут жа павінен саступіць месца, бо Каліноўскі – народ, а народ і з’яўляецца галоўным героем твора.

Вось чаму вобраз Кастуся павінен стаць значна багацейшым (ваганні і хворасць збядняюць). Каб яго вызначалі глыбінная народная мудрасць і душэўная шчодрасць, якасці не набытыя і не развітыя выхаваннем, як у Загорскага, а ўсмактаныя з матчыным малаком. Ён прасцейшы і маладзейшы за Алеся, менш адукаваны, але больш асвечаны, больш летуценнік і ў той жа час больш здольны на дзеянне, больш добры і больш жорсткі, бо жорсткасць яго ідзе на добрае. Ён любіць усіх паняволеных, бо жадае волі свайму народу, нацыянальнае для яго (чым, скажам, моцны і Купала) – заўсёды сацыяльнае. Не павярхоўная ненавісць да царызму кіруе ім, а абумоўленае жыццёвай практыкай перакананне, вера ў сілы народа, які змяце пачварны прыгнёт, які касуе асобу чалавека, яго чалавечыя правы (з такога ж пераканання вырасла патрэба “людзьмі звацца”). Развагі Каліноўскага і Загорскага аб нацыянальным патрабуюць строгай выверкі ў такім кірунку. Не з тым, каб першы на кожным кроку папраўляў другога, абодва могуць памыляцца і дапускаць крайнасці. Аднак, чытач не павінен лічыць гэтыя крайнасці за сапраўды тое, што вяло Каліноўскага ў паўстанне, бо ён ставіў мэты шырокія, сацыяльныя. Яму было далёка не ўсё роўна, з кім вырывацца з турмы народаў, хоць аўтар і сцвярджае адваротнае (стар. 704). Ён не можа падзяляць думак Загорскага аб выключнасці нацыі і мовы (стар. 540—1, 798, 1087—8), аб тым, што “некалі” ў Беларусі было ўсё, ледзь не “Залаты век”.

За плячыма Каліноўскага павінны ўвесь час невідочна прысутнічаць яго духоўныя настаўнікі: Серакоўскі, Гарыбальдзі, Шаўчэнка, Герцан, Трусаў. У гэтым сэнсе вобраз Каліноўскага патрабуе набліжэння да сучаснай гісторыяграфіі (Смірноў, Кісялёў). Мы знаходзім уплыў Чарнышэўскага ў “Мужыцкай праўдзе”. Трэба прасачыць за доступам гэтых ідэй у свядомасць Каліноўскага, павінен пачуцца і звон “Колакала”.

У Пецярбургскім перыядзе дзейнасці абодвух герояў ёсць праўда, патрэбна яшчэ і масштабнасць. Група Каліноўскага не павінна выглядаць кучкай ізаляваных змоўшчыкаў. […] Словам – неабходна сувязь з рускім рэвалюцыйным рухам. Аўтару варта памеркаваць: такія карэктывы толькі дададуць гістарычнай і мастацкай важкасці твору.

Цяжка меркаваць зараз, наколькі трывожыла Каліноўскага пытанне аб яго нацыянальнай прыналежнасці. У кожным разе аўтар мае права гаварыць аб гэтым, можа і не так шырока, як выкладае справу Кастусь у Вежы, але каб было ясна, чаму Каліноўскі аддаў жыццё справе вызвалення менавіта беларускага народа. Аўтарская зноска (стар. 594) выяўляе дасведчанасць аўтара, знаёмства яго з літаратурай і адносіны да розных поглядаў на паходжанне Каліноўскага. Аднак гэта веданне ў той жа час укладзена ў вусны Каліноўскага, ён сам гаворыць пра ўсё, нават пра мову. Зноска, калі і патрэбна, дык не ў асноўным тэксце, а ў заўвагах. […]


V. КАМПАЗІЦЫЯ, СТЫЛЬ, МОВА

Аўтар прылажыў рукі да мовы і стылю. У параўнанні з “палымянскім” і першым рукапісным варыянтам, скарочана частка стылістычных надмернасцей, апушчана тое-сёе з другараднага і аднастайнага ў апісаннях і ў дыялогу. Усё ж кніга некалькі многаслоўная стылістычна.

Нялепшым сродкам зрушваць дыялог з’яўляюцца счэпы тыпу: як? што? куды? дзе? Гэта першая адзнака, што размова ідзе ўхаластую, па гэтым пазнаюцца ненапоўненыя зместам мясціны, ад якіх трэба пазбаўляцца.

У некаторых апісаннях заўважаецца надмерная ўзнёсласць, падкрэсліванне прыгожага і, на жаль, гэтым самым словам “прыгожа”, а яно ж зацягана да такой ступені, што ўжо само па сабе не дае адчування хараства. Да прыкладу пра каня сказана “немагчымай прыгажосці прыгажун” (стар. 80). Праз гэтыя нагнятанні там-сям губляецца сапраўды прыгожае, саступаючы месца прыгожанькаму, кажучы па руску, “красивостям”.

Схільнасць дадаваць да простых і выразных слоў, скажам, “балючы” або “глыбокі” (ужыванне іх таксама трэ было б абмежаваць) слоўцы кшталтам “нясцерпна”, “страшна”, “невымерна” пакідае налёт дэкламацыйнасці, якая заўсёды шкодзіць прозе.

Асобныя моўныя і стылістычныя недагляды (неправільнае або недакладнае ўжыванне слоў, неправільныя пабудовы сказаў і перагружанасць іх, словы, неўласцівыя мове) адзначаны ніжэй у “заўвагах на старонках” і непасрэдна ў тэксце.

Прывядзем тут толькі адзін прыклад. Аўтар апісвае, як выбіваюцца з сілы жанчыны, цягнучы паклажу ў хустах за плячыма. І дадае: “Яны моцныя, гэтыя плечы, але яны здаюцца вузкімі і жаноцкімі, яны кранаючы слаба, як з дэкальтэ, выглядаюць з жахліва напятых канцоў хустаў”.

Тут усё муляе і замінае: тройчы паўторанае “яны”, тое, што плечы здаюцца “жаноцкімі”, як быццам у жанчын могуць быць мужчынскія плечы, тое, што вы­глядаюць яны з канцоў хустаў, а не з пад іх.

І горш за ўсё параўнанне: “як з дэкальтэ”. Праз адно неасцярожнае слоўца разбурылася карціна цяжару дый герой, Алесь, пачынае выглядаць непамысна, якія недарэчныя асацыяцыі ўзнікаюць у яго. Да таго ж, гэты сказ паўтарае папярэдні.

У мове не павінен адчувацца кангламерат старых, забытых ці вузка мясцовых слоў (для ўразумення іх трэба добра аблазіць слоўнікі) і сучасных, штучных і канцылярскіх (нягледзячы, пастолькі-паколькі паступова, адначасова, паспяхова і г. д.). Гэта асабліва датычыць аўтарскай мовы (апісанні, растлумачэнні, міждыялогавыя звязкі). Старое слова, патрэбнае ў дыялогу для характарыстыкі героя, псуе справу, апынуўшыся ў вуснах аўтара.

Няма патрэбы запазычваць словы, калі ёсць свае: “пуставаць” – дурэць, гарэзаваць, “радзіна” – сям’я, “перажагнаўся” – перахрысціўся, “часотка” – кароста, “мрыйнік” – летуценнік, “янголы” – анёлы, “незайманы” і г. д.

Мову герояў трэба больш індывідуалізаваць, бо, скажам, слова “лухта” або “то і” бясконца паўтараюць Кагуты, Загорскія (усе!), Мураўёў, Валуеў, Каліноўскі. “Дурнік” кажуць Алесю і маці, і Майка. Я. Колас зазначаў, што “ля” – сапсутае, скалечанае паэтамі ва ўгоду рытму слова. На Случчыне ўжываюць нават “для” ў сэнсе “каля” сядзеў для ганку, стаў для сцяны. Не цягнуць жа гэта ў кнігі. Калі і ўжываць, дык ў дыялогу, як і “трэ”, “до”, “нёж”, “нягож”.

Партрэтныя характарыстыкі таксама трэба індывідуалізаваць, а галоўнае не паўтараць бясконца: “гожы рот”, “прамы нос”, “румяны, як яблык”, “голас, як мёд”, “вочы, як у маладога чорта” (ліха іх ведае, якія тыя вочы ў старых чарцей!), “вочы без райка”, “цудоўныя хвалістыя валасы”, “пергаментны твар” і г. д.

Адзнакі часу трэба было б даваць больш выразна, дзе ні дзе проста называць гады, каб чытач ведаў, а не вылічаў, у якім узросце Алесь дзейнічае на пэўным этапе падзей, калі быў голад, калі адбывалася змена ўлад і г. д.

Тлумачальны слоўнік, куды б увайшлі незразумелыя і малаўжытковыя словы, уласныя імёны, зноскі, памог бы ў чытанні рамана. Трэба падумаць аб ім. […]


Максім Лужанін

30 XI 65 г.