12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ніна Мацяш

_____________________
Ступай у мае сьляды. Вершы


Роспач

Як жыць, калі няма як жыць:
устаць у рост, ісьці, дзе заманецца,
рабіць, што ўмееш, што да рук хінецца, –
як жыць, калі няма табе як жыць?!.

А жыў бы ж, нават цераз “не магу”,
каб нехта, хоць адна душа жывая,
як крыж, давалакла цябе да краю, –
о, жыў бы, нават цераз “не магу”!

Каб там, на краі тым, на тым лязе,
дзе дух адпрэчыць спрыкрылае цела,
падзячыць, што цябе, як ліст зжаўцелы,
навек віхор богведзь куды зьнясе…


* * *

На секунду
праявіцца ўся
агромніца іншабыцьця –
і зьнянацку,
як з яснага неба
дажджына,
як расіна
з пахісьнёнай травіны –
хтосьці раптам
выпадае з уласнага
зямнога летазьлічэньня
наўпрост у жаль,
у бясьцямны пратэст,
у пакуту
радні ды сябрыны.

І гора гара
зноў
завальвае доступ да
таямніцы
чалавечай вячніцы…


* * *

Валадарства маркоты. Халады. Туманы.
Ні птушынага цьвіркату. Ні людской гаманы.
Пад асыпаным лістам, пад трухою травы
хоць адзін карэньчычак ці жывы?

Неахвотнае сонца абягае паўскрай
тупа зацепянелы, прадзімны край,
недагледжаны горад, заняхаяны сквер,
сэрца цяжкага постук, зьбіўлівы, напавер…

На Дзяды

Поначнае вакольле.
Гразкае, сьлізкае поле.
За гэтым няветлым гародам –
усе з найбліжэйшага роду.
Мусова і мне туды.
Грузну ў калкай разоры.
Ня страх апякае, а сорам.
Страху няма й на волас.
Дотык рукі, мамін голас:
– Ступай у мае сьляды.


* * *

Не зараўняюцца спаміж людзей
расколінкі, раўкі, яры, прадоньні
багацьця, беднасьці, хваробаў, дзей:
ня ўчора ўзьніклі, зьнікнуць не сягоньня.

Застогнем над апёкам і чужым,
падзьмем на скулу й не на ўласнай скуры,
а што там, у прадоніне душы
адзінай чалавечае натуры?

Іскрынка духу сьвеціцца,
аднак,
душа й сама ня бачыць свайго дна...


Як адзаўсёды

Запабеглівыя рухі,
запабеглівыя словы,
запабеглівая ўсьмешка –
хоць да раны прыкладай!
Трапятлівая матылька,
птушка пеўчая ручная,
пестлівая Клеапатра
з доляй пакаёўкі ніцай…

Пераменяцца варункі,
перановяцца патрэбы,
а душа, як адзаўсёды,
будзе шчырасьці хацець –
як у танцы матылёвым
над травою баравою,
як у сьмелым сьпеве птушкі
непрыручанай, пудлівай…


Кроў цёмная

Кроў цёмная пячорна ўскалыхнецца –
і выплюхне на бледнае аблічча
барвяныя знакі тваёй няўзлюбнасьці,
і захвастае драцяная пуга
невыбіраных слоў тваіх зьнішчальных!..
Ацямішся… Заплачаш горка-горка…

Бо па руінах басанож ня ходзяць…

Бо муза, хоць і верніца, й даверніца,
а ўсім пра дух бунтоўны твой раскажа…

Бо сэрцу, ўцятаму драпежным буднем,
нядзелькаваць ужо адно ў малітве,
каб прабачальным дотыкам даткнуўся
Бог да цябе… да люду… да Айчыны…

* * *

Глыток паветра быў глытком жыцьця,
патрэбай малака, любові, мовы,
спакуснай мары і дарогі зоўнай.

Глыток каханьня быў глытком палёту,
паланьнем сэрца, поклікам натхненьня,
ключом да лучнасьці і самаспазнаваньня.

Згубіўся ключ – і страціліся сэнсы
паветра і зямлі, вады й агню.

Глыток віна быў, як глыток надзеі,
на вылет з пасткі прагавітай пусткі,
на шчаснае ўзрушэньне скрыпкі сольнай.

Віно ж, як час, нічога не вяртае.
Ня людзі п’юць – віно людзей каўтае.

І сад пяшчоты й годнасьці дзічэе,
карчы разладу, быццам патарочы,
ашчэрваюцца вусьцішнай аблогай…

Сьняжыцца прыцемак… Адчай і скруха
кружляюць коршакамі над душой…

О каб сарваць з вачэй павязку немачы!..
Каб выбавіцца з тхлані адзіноты!..

У пячоры

Расчаравалася ў сяброўстве:
не павінен
твой сябар заўважаць тваіх пахібак…

Адпрэчылася ад усіх:
датклівай
ня варты статак,
тоўстаскуры ды бадлівы.

Сышла ў пячору адзіноты
і пры лучыне пагарджаньня сьветам
пільнуеш скарб сваіх вымогаў да яго:

і горыч непаразуменьня
не пераважыць слодычы
твайго бязгрэшша!

* * *

Які спакойны ды сонечны
гэты кастрычніцкі дзень,
шчыры люструнак істы тваёй.

У нетрах спакою й цяплэчы
нікому сёньня ня бачны
упакораны вір нязгоды
жыць, як жывецца:

аддаўшы сябе
дзеля іншых,
апынуцца дарэштачкі вычарпанай
дзеля самое сябе.

Жаль ды верад віны…

Пышная завязь слоты
пакуль што рашуча заслоненая
усёабдымнай прыласкай
бабіналетняга дня.

* * *
Два характары –
дзьве крамяніны:
лёгкі сутык –
і пасыпаліся іскрыны!
І ў чадзе няўступнасьці
зацятых партнёрак
раскашуе паганка
недарэчных разборак!..

У повені летаў
і матуля, й дачушка,
ды мудрасьць першай,
ды тактоўнасьць другой –
у пялюшках…


Трымайся!

Брату Міколу
Вецер асеньні, бы кудла рудая,
па-свойску павісквае, лапае, пхае
у шырокія плечы:
звалішся –
псу макрапысаму гэтаму
толькі забава.

Але хата, ды хатнія, ды ўсё, што пры хаце,
гукаюць:
– Трымайся!

Нічога, што будзень уеўся ў чупрыну
кастрыцаю белай;

нічога, што зроку лязо
прытупела, прыцьмела;

нічога, што сьцежка ня хоча больш
пад нагамі пружыніць, –
трымайся!

Яшчэ калодзеж гасподы тваёй
не падшкурнай вадою частуе,
а жывіць з жылы крынічнай;

яшчэ ў садзе тваім
не сычы раздражнёныя старасьці,
а працягу твайго
небадарныя ластавачкі ды шпачаняткі;

яшчэ ты ўсьміхаешся зяпе
асеньняга ветру
і па-свойску паджукваеш
гэтую дужую рыжую кудлу.
Трымайся!