12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дракнько-Майсюк

_____________________
Цацачная крама.
Казка для вялікіх і малых


Ад аўтара

Аднойчы ў дзяцінстве, калі ў маім Давыд-Гарадку шалела бурлівае веснавое разводдзе, увечары я стаяў на Царкоўнай гары і глядзеў, як паволі разбураецца драўляны гарынскі мост.
Па ім яшчэ пасьпела праехаць калгасная машына, з кузава якой раптам выляцеў белы певень і сеў на маставую ферму.
І ў гэту ж хвіліну палі ня вытрымалі, і мост абрынуўся ў чорную ваду…
Усе тады падумалі, што певень загіне.
Аднак жа здараюцца дзівосы.
На другі дзень з іншымі дзецьмі я прыбег на Шкодзіну кручу, на якую занесла рэшткі маставой фермы, і ўбачыў на іх белага пеўня.
Жывога!
Мой успамін невыпадковы.
Певень, як вядома, вельмі зьмястоўны сімвал, — сьпевам ён упрыгожыў Евангельле і кожнае раніцы нястомна аддзяляе таямніцу ночы ад таямніцы дня.
Для мяне ж асабіста на ўсё жыцьцё стаўся талісманам…
Жыхар казак і загадак, варажбы і ўсялякіх уяўленьняў; гаспадар вясковых і местачковых куратнікаў; урэшце, сонцавы харашун – певень усеабдымны вобраз майго дзяцінства!
Мусіць жа, ня вельмі перабольшваю, кажучы: усеабдымны…
Зрэшты, мяркуйце самі.
Паводле ўсходняга календара, я нарадзіўся ў год Пеўня, як, дарэчы, і мой сын Васіль.
Калі мне сьніліся пеўні, то ў сьне (казала маці) я шчасьліва ўсьміхаўся.
Памятаю, салодкая лагода апанавала мяне, калі прачытаў, як герой Кузьмы Чорнага Пархвен Катлубовіч пабіўся з п’яным пеўнем.
Калі ж я браўся за малёўку, то часта вымалёўваў таго белага певуна на маставой ферме…
Мусіць, гэтак міжвольна выяўлялася ў маёй душы тэма ўласнага ратунку.
Бацькі мяне частавалі цукеркамі і пернікамі, якія мелі форму пеўневай галавы…
Аднойчы ж падаравалі парцалянавага пеўніка і сказалі, што купілі яго ў цацачнай краме…
Цацачная крама – гэтыя словы замілавалі!..
Цацачная крама – вось тое сэнсавае сугучча, з якога й нарадзілася кніжка, у якой майму задаволенаму Пеўню ня сумна сярод іншых лялечных птушак, зьвяроў і жывёлак.
Я пачаў гэту казку ў БССР, а завяршыў у Рэспубліцы Беларусь – пад бой курантаў на адноўленай менскай ратушы.

Асобы:

Гаспадар
Галодны Воўк
Баязьлівы Барсук
Разумная Варона
Злы Сабака
Няшчасны Казёл
Задаволены Певень
Незалежны Зубр
Рахманы Конь
Памяркоўны Мядзьведзь
Два Мядзьведзікі
Дурны Баран
Жыцьцярадасны Асёл
Палахлівы Заяц
Заклапочаны Кот
Гуляшчая Кошка
Добрая Мышка

Г а с п а д а р. Я гандлюю цацкамі.
Пахвалюся: чалавек я гаспадарны, мой гандаль дае мне прыбытак, а калі зусім сказаць шчыра, то прыбытак гэты добры, таму сваё гандлярства люблю.
Маё правіла: не маўчы – балбачы!
Маючы краму, нельга маўчаць!
Маючы краму, трэба ўсё зрабіць, каб зацягнуць пакупніка да свайго прылаўка і галаву пакупніку трэба разумна задурыць, каб хоць што-небудзь у цябе купіў.
Зварот да пакупніка – вялікае мастацтва.
Усё добра ў гэтым звароце, акрамя вады ў роце: здалёку – зазыўны крык, зьблізку – далікатны голас, а то і шэпт…
А лепей жа за ўсё і здалёку, і зьблізку – прачулае сьпяваньне…

Уступная песенька Г а с п а д а р а

Я – цацачны гандляр,
Уласьнік гэтай крамы,
І цацкі – мой тавар
Найпрыгажэйшы самы!
Я не служу казьне!
І што мне тут хавацца:
Мы сыдземся ў цане –
Давайце таргавацца!

Цацкі ж не абы-якія:
Не гліняныя – пустыя;
Не драўляныя – глухія…
Цацкі ўсе як ёсьць – жывыя!

Бяз лішняй гаманы
Забаву проста з моста
Умеюць даць яны
І дзецям, і дарослым.
У цацак (знаю я!)
Ня бзік які ці бздура,
А ў кожнае свая
Адметная натура.

Цацкі ж не абы-якія:
Не гліняныя – пустыя;
Не драўляныя – глухія…
Цацкі ўсе як ёсьць – жывыя!

Хто з кім гуляе век
Няведама адвеку:
Ці з цацкай чалавек?
Ці цацка з чалавекам?
Таму зьвяроў маіх
І птушак не мінайце,
А для дзяцей сваіх
І для сябе купляйце!

Цацкі ж не абы-якія:
Не гліняныя – пустыя;
Не драўляныя – глухія…
Цацкі ўсе як ёсьць – жывыя!
Г а с п а д а р. Шаноўнае спадарства, цацкі мае сапраўды ўсе жывыя і сапраўды любая з іх мае свой характар, сваю адметную натуру.
Але галоўнае тое, што кожная мая цацка ведае, што трэба рабіць, як сябе паводзіць, як трэба жыць, каго слухацца, а каго не, каму ў вочы гля­дзець, а каго й зусім ня бачыць, на што наракаць і як наракаць, каму скардзіцца, дзе сядзець нішкам, а дзе ўздымаць гвалт, чаму і каму ў жыцьці радавацца, што прасіць і ў каго прасіць…
Вось, да слова сказаць, Воўк.
Ваўкі, як вядома, заўсёды галодныя.
Мой Воўк галодны таксама.
Галодны ж заўсёды просіць…
Што галодны просіць?
Маеце рацыю!
Галодны заўсёды просіць есьці!

Песенька галоднага Воўка

Выйшлі ўсе мае запасы,
І наўме адно,
Што ні мяса, ні каўбасаў
Я ня еў даўно.

Я – ня шкодны Воўк;
Я – галодны Воўк...
У-у-у!

Пашкадуйце небараку, –
Плачу, як ягня,
Зьеў бы я вала, сабаку,
Зьеў бы я каня.

Я – ня шкодны Воўк;
Я – галодны Воўк...
У-у-у!

Гола нашая камора,
Апусьцеў наш хлеў...
Шліце ежу мне з-за мора,
Каб ня спруцянеў!

Я – ня шкодны Воўк;
Я – галодны Воўк...
У-у-у!

Г а с п а д а р. Бачыце, спадары і спадарыні, які мой Воўк самотны, пяшчотны, лагодны, няшкодны, на ўсё згодны, можна сказаць нават – родны!
Гэта пра іншага плешчуць языкамі: казаў воўк, што мак тоўк, нікога не чапаў, — баран паверыў і прапаў…
Пра майго ж так нельга пляскаць, бо ён на вас воўкам не глядзіць, хоць і галодны.
Ён зараз у тым самаадчуваньні, пра якое звычайна кажуць: хоць воўкам вый!
Купіце яго, накарміце і займееце сабе і сваім дзеткам добрую ўцеху.
А пакуль вы мяркуеце купляць або не купляць майго Воўка, мушу вам нагадаць, што гандаль – справа рухомая, хуткая, марудлівасьці ня любіць, таму не тапчу мух, а даю рэкламу на іншую цацку.
Вось яна — баязьлівы Барсук.
Ён вельмі-вельмі баязьлівы!
Гэта якраз яму і свой цень страшны!
Аднак жа са сваёй баязьлівасьці мой Барсук вывеў цікавую і надта ж пазнавальную філасофію.

Песенька баязьлівага Барсука

І навошта вытыркацца?!
І навошта гэты гам?!
Лепей сьціхнуць і схавацца,
Калі што якое там...

І няцяжка зразумець,
І вядома ўсім даўно,
Калі хочаш уцалець, –
Каменем ідзі на дно!

Як накінуцца згрызоты, –
Пра сябе спачатку дбай;
За дубовыя вароты
Лезь і духу не ўціскай!

І няцяжка зразумець,
І вядома ўсім даўно,
Калі хочаш уцалець, –
Каменем ідзі на дно!

А як вылезеш ты здуру,
Біцца з некім паляціш,
Так і ведай – здымуць шкуру
І адпусьцяць, як стаіш.

І няцяжка зразумець,
І вядома ўсім даўно,
Калі хочаш уцалець, –
Каменем ідзі на дно!

Г а с п а д а р. Вось такі мой Барсук.
Абачлівы мой Барсук.
Страшэнны баязьлівец, але філосаф!
Мушу вам сказаць, што лепей быць баязьлівым філосафам, чым сьмелым дурнем!
Уся бяда ў нашым жыцьці ад гэтых самых сьмелых дурняў!
Таму купляйце майго Барсука, ён вас багата чаму навучыць.
Як і мая Варона…
Падобна ж на тое, што да нас з вамі, спадары і спадарыні, так і не ўшалопалі, што варона – птушка з розумам, таму пра няцямлівага ўсё яшчэ вярзуць – дурная варона, а зьбянтэжанага, напрыклад, усё яшчэ раўняюць з мокрай варонай, а пра якога-небудзь разяву гавораць: гэта той, які варон страляе…
Класік жа наш увогуле думаў, думаў і лупянуў: дурны мужык, як варона!
Як на мой лад, то трэ было наадварот накрэсьліць: разумны мужык, як варона!
Далібог, гэта разумная птушка!
Хто-хто, а яна жыць умее.
Паслухайце, калі ласка!

Песенька разумнай Вароны

Я – разумная Варона,
Лепшай птушкі не бывае;
Я бяз картак і талонаў
Хлеб надзённы здабываю.

Добра ведаю я – кар-р-р! –
Дзе рубель, а дзе даляр.

Я – разумная, а трэба,
Калі страх які адчую,
Дзеля выгады і хлеба
Перакінуся ў дурную.

Добра ведаю я – кар-р-р! –
Дзе гандляр, а дзе махляр.

Як ня маю сьвежаніны,
Дык мярцьвячынай жыўлюся;
Сто гадоў, як дзень адзіны,
Пражыву і не стамлюся.

Добра ведаю я – кар-р-р! –
Дзе таварыш, дзе спадар.

Г а с п а д а р. «Нашто дарма хваліцца сьвету!» — вучыў Янка Купала.
І напраўду, што тут лішне казаць?!
Але скажу: каб я быў не гандляром, а пакупніком, то адразу ж купіў бы гэту Варону.
Бачыце, як яна сябе выхваліла:

Я – разумная, а трэба,
Калі страх які адчую,
Дзеля выгады і хлеба
Перакінуся ў дурную…

Хіба ж гэта ня розум?!
Гэта палітычны розум!
А да розуму, асабліва палітычнага, патрэбна яшчэ і злосьць.
Сабачая злосьць!
У маёй краме ёсьцека Сабака.
Ён вельмі злы.

Песенька злога Сабакі

Не сказаць, что я – дурны,
Проста злы бяз краю;
Я хапаю за штаны
Тых, каго ня знаю.
Як гаворыцца людзьмі:
“Хіба кот, каб яўкаць?!
Падлу хлебам не кармі,
Толькі дай пагаўкаць...”

І на лаўцы, і пад лаўкай,
З будкі, а ці будкі ўзбоч –
Дзень і ноч люблю я гаўкаць,
Горла дзерці – дзень і ноч!

Гаўкаць трэба ведаць як!
Гаўканьне – дар Божы...
Можна гаўкаць і за так,
Можна і за грошы;
Можна гаўкаць, вам скажу,
Пры любой уладзе,
Хоць і горла, і душу
На ланцуг пасадзяць.

І на лаўцы, і пад лаўкай,
З будкі, а ці будкі ўзбоч –
Дзень і ноч люблю я гаўкаць,
Горла дзерці – дзень і ноч!

У сабак жыцьцё – турма,
Самае цяжкое.
Кожны знае: горш няма
За жыцьцё такое.
Каб не адурнець зусім,
Дадзена мне баўка
І на сьметніку пустым
Не маўчаць, а гаўкаць.

І на лаўцы, і пад лаўкай,
З будкі, а ці будкі ўзбоч –
Дзень і ноч люблю я гаўкаць,
Горла дзерці – дзень і ноч!

Г а с п а д а р. Чыстая праўда, што дурны сабака і на гаспадара брэша!
М о й на гаспадара ня брэша, бо ён, як вы самі чулі, не дурны, а проста злы.
Як той казаў, любіш мяне, любі і майго сабаку, таму доўга вас упрошваць ня буду.
М а й г о вы і без упрошваньняў набудзеце, бо ён усё ж Сабака.
Сабаку рэклама не патрэбная!
Рэклама патрэбная Казлу, асабліва, калі ён няшчасны.
Скажу для яснасьці: ёсьць проста казлы, а ёсьць казлы няшчасныя!
Проста казлы – агідныя істоты, а казлы няшчасныя – амаль як людзі.
Іх трэба шкадаваць.
І мой Казёл няшчасны, і яго трэба шкадаваць – то-бок, яго трэба купіць!
Купіць майго Казла – клопат прыемны, гэта ж не казлы, выбачайце, драць…

Песенька няшчаснага Казла

Я ня быў Казлом адвеку,
Быў я сьветлы, як анёл,
А сустрэўся чалавеку
І пачуў, што я – Казёл!

Што Казёл я і ня болей,
Што такі цярплю я зьдзек,
Што ў мяне такая доля –
Вінаваты чалавек!

Каб з дабром – яно б нічога,
Але ўсё часьцей са злом
Ад малога да старога
Ўсе завуць мяне Казлом.

Што Казёл я і ня болей,
Што такі цярплю я зьдзек,
Што ў мяне такая доля –
Вінаваты чалавек!

З агарода выганяюць
І навязваюць на кол;
Да стала не дапускаюць,
І таму скачу на стол!

Што Казёл я і ня болей,
Што такі цярплю я зьдзек,
Што ў мяне такая доля –
Вінаваты чалавек!

Г а с п а д а р. Майго Казла трэба супакоіць…
О, супакаеньне – самая першая лекарская справа!
Супакойваючы, можна й самому супакоіцца.
Часам так здараецца, што спакой больш патрэбен не таму, каго супакойваюць, а таму, хто супакойвае.
Так-так, вельмі часта так бывае, што спакой больш патрэбен ня хвораму, а лекару.
Дык вось, хочаце супакоіцца – купіце Казла!
Я вельмі ўсьцешуся, калі разам з няшчасным Казлом вы возьмеце ў мяне і задаволенага Пеўня.
Певень мой сапраўды задаволены.
Задаволены ўсім, бо мае багата курэй і мала мазгоў…

Песенька задаволенага Пеўня

Я бяз клопату жыву
І грызьні сабачай;
Нагінаю галаву,
Як зярнятка ўбачу.
Грэбень мой, як сьпелы мак;
На хвасьце – узоры...
Я тапчу курэй усмак
І ня знаю зморы.

Мудрасьць простая мая:
Будуць куры – буду й я!
Я – гуляка-харашун,
Ці з бядой мне знацца?!
А як зьявіцца каршун,
Можна і схавацца.
У куратніку я – цар,
Чорта не баюся,
А як зойдзе гаспадар –
Да курэй тулюся.

Мудрасьць простая мая:
Будуць куры – буду й я!

Курак маладых стае,
І вальлё найсыта...
Толькі той, хто лынды б’е,
Першы ля карыта.
І хоць, ведама, мазгоў
Вельмі мала маю,
А жывецца – будзь здароў! –
Словам, ані дбаю...

Мудрасьць простая мая:
Будуць куры – буду й я!

Г а с п а д а р. Гэта добра, вельмі добра, калі ў сваім куратніку ты – цар!
Некаму ж і ў куратніку трэба.
На ўсіх жа Белавежскае пушчы ня хопіць.
Пра Белавежу згадаў я невыпадкова.
Ёсьць у мяне Зубр, а зубр (кожнае дзіця ведае!) —гаспадар Белавежы, а то і ўсёй Беларусі!
Для Беларусі зубр, што для Афрыкі леў…

Песенька незалежнага Зубра

Дзе іду, – там і дарога...
У забранай старане
Не чапаю я нікога,
Не чапайце й вы мяне.

Не падлазьце мне пад рогі
І ня сноўдайце наўкол, –
Я ж вам не баран убогі!
Я ж вам не рахманы вол!

Як лячу, – гудзе прастора;
Стану, – водгульле пяе...
З капытоў не валіць змора,
Я адужваю яе.

Не цьвяліце, не завіце
На духмяны свой папас;
Без мяне жылі... й жывіце,
Пражыву і я бяз вас.

Г а с п а д а р. Можна доўга зайздросьціць зубрынай моцы і свабодзе: зубра ў аглоблі не запражэш!
А вось каня можна.
На тое ён і конь – як заўсёды, рахманы і цярплівы; як заўсёды, пакорлівы і цягавіты.
Праўда, маюцца коні і натурыстыя, якія ў хамут б’юць.
Аднак жа хвацкая пуга і натурыстага хутка супакойвае, становіць у аг­лоблі.
Зрэшты, гэта ня ганьба – быць у аглоблях.
Ганьба, калі цябе ставіць у аглоблі не гаспадар, а злодзей…

Песенька рахманага Каня

Я – рахманы і цярплівы,
Бо жыву на Беларусі;
Я аднолькава шчасьлівы
І на ворыве, і ў лузе.

І вязу я, і ару я,
І цягну, і валаку;
Нібы чорны вол, працую,
Капытамі пыл таўку.

У санях, вазках, калёсах
Я пад пугаю заўжды;
У аглоблях і атосах
Не спыняю век хады!

Так у хамуце і мыле
Прамінецца жытка ўся...
Даць бы сена не забылі;
Не забылі б даць аўса.

Г а с п а д а р. Памятаеце прымаўку: быў конь, ды зьезьдзіўся?!
Гэта не пра майго Каня.
М о й ніколі ня зьездіцца, бо нікуды ня рвецца.
Калі ж і вы хочаце ня зьезьдзіцца, дык таксама ж нікуды ня рвіцеся.
Тупайце сабе паціху, памалу варушыце пятамі, і за гэта будзе вам і сена, будзе і авёс…
Тупаць паціху – то-бок, не вылазіць са скуры, не выстаўляцца, не выхваляцца, не дамагацца, не патрабаваць і заўсёды трымацца сярэдзіны; быць добранькім, згаворлівым, падатлівым, лагодным, патульным, прыемным, добразычлівым, паблажлівым, спагадлівым і хутка прыстасоўвацца да іншых.
Памалу варушыць пятамі – гэта значыць, быць памяркоўным…
Падыму гаворку вышэй: Беларусь абавязкова ўваскрэсьне (застанецца Беларусьсю!), дзякуючы менавіта сваёй памяркоўнасьці.
Памяркоўнасьць – гэта беларуская форма хрысьціянства!
Гэта нацыянальна-выратоўны стыль паводзін, згодна якога ў Давыд-Гарадку пяюць:
І папа люблю,
І ксяндза люблю,
І рабіну, як папросіць,
Рыбкі налаўлю.

О, памяркоўнасьць – наш ратунак і, магчыма, ня дай Божа, наша...
Што?!.
Пра гэта найлепш ведае мой Мядзьведзь…

Песенька памяркоўнага Мядзьведзя

Памяркоўны я Мядзьведзь,
Разам з Беларусьсю
Лапу (каб не спруцянець!)
Я смакчу зіму ўсю.
А як Бог дае вясну,
Гэтаксама ж разам
Прачынаюся ад сну
Я з усім Калгасам.

Я люблю сваю выгоду –
Елкі, хвоі і дубы,
Але ўсё ж за лыжку мёду
Я прадамся ў цырк любы.

Што тут надта выдурняцца,
Як у лапы запячэ,
Гэткім зоймешся цыркацтвам,
Аб якім ня сьніў яшчэ!
Выкінеш такія штукі,
Танец вычаўпеш такі, –
Ажно зьдзівяцца прыдуркі
І разумныя дзядзькі.

Я люблю сваю выгоду –
Елкі, хвоі і дубы,
Але ўсё ж за лыжку мёду
Я прадамся ў цырк любы.

Цяжка мне з жыцьцём такім
Тут, на Беларусі,
Але розумам сваім
Жыць я не бяруся.
Хто мне вушка пашкрабе
(Чэсны ці нячэсны!) –
Я й аддам яму... сябе
І бярлог свой цесны.

Я люблю сваю выгоду –
Елкі, хвоі і дубы,
Але ўсё ж за лыжку мёду
Я прадамся ў цырк любы.

Г а с п а д а р. У бочцы мёду можна ўтапіцца, а за лыжку мёду – прадацца.
Як той казаў, дзе мёд, там і мядзьведзь.
А мы скажам, дзе Мядзьведзь, там і Мядзьведзікі!
Варта й Мядзьведзікаў паслухаць.
Іх у мяне два, даволі пацешныя істоты…
Так і хочацца іх купіць!

Песенька двух Мядзьведзікаў

Два Мядзьведзікі спаць захацелі,
Пачалі рыхтавацца да сну –
Пад сасной першы выбраў пасьцелю,
А другі дык палез на сасну.
Ой-ёй-ёй, пад страхою начною
Першы сьпіць, а другі не засьне!
Ай-яй-яй, трэба спаць пад сасною,
Бо ніяк не засьнеш на сасьне.

Першы сьніў пад сасною маліну,
Бо разумным Мядзьведзікам быў,
А другі, абхапіўшы галіну,
Спаць ня спаў і нічога ня сьніў.

Ой-ёй-ёй, пад страхою начною
Першы сьпіць, а другі не засьне!
Ай-яй-яй, трэба спаць пад сасною,
Бо ніяк не засьнеш на сасьне.

І каб сон пра маліну прысьніўся,
І каб хто не спалохаў яго,
Неразумны Мядзьведзік спусьціўся
Да разумнага сябра свайго.

Ой-ёй-ёй, пад страхою начною
Першы сьпіць, а другі не засьне!
Ай-яй-яй, трэба спаць пад сасною,
Бо ніяк не засьнеш на сасьне.

Г а с п а д а р. Ад маліны і ад мёду ажно соладка ў роце.
Мядзьведзікі – тыя ж дзеці! – любяць салодкае.
А вось Барана каля мёду ня ўбачыш.
Увогуле Баран не прадае сябе – ні за бочку, ні за лыжку.
Чаму?
Ну, вядома, чаму – бо дурны…

Песенька дурнога Барана

Што дурныя бараны –
Гэта кожны знае.
Я ж Баран – зусім дурны,
Галава пустая.

Я дурнейшы (і нашмат!)
Барана за тога,
Байку напісаў Кандрат
Шчыра пра якога...

Жытка горкая мая!
Па ўсім сьвеце пройдзеш,
А дурнейшага, чым я,
Барана ня знойдзеш...

Як пракляты, працаваў
У калгасным раю
Ды нічога не прыдбаў,
Толькі рогі маю!

Мне пакінуты падман,
А ня розум ясны,
Бо ня проста я Баран,
А Баран – калгасны.

Г а с п а д а р. Так-так, спадарове, гэты Баран нашмат дурнейшы за таго дыпламаванага барана, пра якога Кандрат Крапіва склаў сваю геніяльную байку.
Аднак жа такая поўная дурасьць, такая глыбокая дурнота – гэта, паверце мне, таксама розум.
Розум наадварот!
Здараецца такое, як і ўсё астатняе, ад жыцьця…
Таму ня бойцеся!
Купляйце майго дурнога Барана, чытайце байку пра дыпламаванага бара­на і гуляйцеся ў розум наадварот.
Неблагі, скажу я вам, занятак…
Баран мой, як вы заўважылі, даволі сумная істота, а вось Асёл – цалкам жыцьцярадасная жывёліна…

Песенька жыцьцярадаснага Асла

Я – Асёл і жыць гатоў
У любым саюзе;
Я вітаю ўсіх аслоў
Роднай Беларусі!

І хоць розум наш малы,
І дурныя самі –
Заставаймася, аслы,
Мы заўжды асламі!

Бо ў асьлінай чарадзе,
Дзе і чорны – рыжы,
Толькі ў ёй і больш нідзе
Здольныя мы выжыць!

І з братамі за мяжой,
Што аслы таксама,
Будзем жыць адной душой
І адной праграмай…

Узаб’емся на пачын
Якаснай будоўлі
І збудуйма хлеў адзін
Для сваёй гадоўлі, —

Каб саюз наш расквітнеў
Моцны і асьліны…
Як адзіны будзе хлеў,
Будзе й гной адзіны!

Г а с п а д а р. «Ўсё саюзы ў беларусаў…» – прароча ўздыхаў колісь Янка Купала.
А я вам свой план выкладу: ня кліч асла да стала, бо наробіць абы-чаго і наязыкуе таксама абы-чаго!
Аднак жа М а й г о клікаць можна, бо мой асёл далікатны.
Ён толькі аб радасным языкуе, а радаснае простым людзям падабаецца.
А от Заяц на радасьць аніяк не ўзаб’ецца, бо вельмі ж палахлівы…
Вядома, сёньня вы набудзеце ў мяне Асла.
Аднак жа і пра Зайца не забудзьце!
Адшкадуйце й на яго свае зайчыкі!

Песенька палахлівага Зайца

Я прызнаюся, скажу
(Слухаць будзеце калі вы!) –
Перад кожным я дрыжу,
Бо я Заяц палахлівы.

Я дрыжу перад ваўком,
Перад лісам і сабакам,
Паляўнічым, лесьніком;
Перад кожным гукам, гакам...

Страх спакою не дае
І ў крыві маёй ня тоне;
Вочы бедныя мае,
Лапы бедныя мае,
Вушы бедныя мае
Дзень і ноч напагатове!

Ад раптоўнае бяды,
Што раптоўная заўсёды,
Я скачу абы-куды
Праз кусты ці агароды...

Так, глытаючы сьлязу,
І скачу па Беларусі, –
Дзе капусткі пагрызу,
Дзе травою пераб’юся.

І на долю – не ды не –
Я пажалюся такую...
Вы паслухалі мяне?!
Ну, то дзякуй, – вам скажу я.

Г а с п а д а р. Якое жыцьцё, такая й песьня!
Калі нас прыпрэ, то мы ня тое, скавычучы, выводзім, так што асабліва ня будзем з гэтага Зайца кепікі строіць.
З Ката ж таксама.
Яго не ў мяшку прадаю, таму самі добра бачыце, які ён.
Харашун!
Праўда, заклапочаны.
Заклапочанасьць ягоная вельмі даўняя, крыўдлівая, зразумелая і зьедлівая.
Вось паслухайце…

Песенька заклапочанага Ката

Чалавекам быць – ня штука…
Трэсьці порткі жыватом
Невялікая навука,
А вялікая навука,
Я скажу вам, быць катом!
Бо ня проста голым задам
Бліскаць долу зноў і зноў,
Пад дажджом ці сьнегападам
Вымарцоўваць без штаноў!

Чалавеку (кожны знае!)
Спаць мякчэй і жыць лягчэй,
З харчам клопату ня мае…
Маю я – лаўлю мышэй!

І даводзіцца даволі,
Каб узьбіцца на абед,
Мне дубець у завугольлі,
Драпаць кіпцямі загнет;

Сьпіну выгінаць і муркаць,
Сьліну лішнюю каўтаць
І ў адпетага прыдурка
Ведаць: што яму лізаць!

Да яды (усё праз голад!)
Пруся з яўканьнем наўпрост…
З печы скокну, хоць праз голаў,
І не паламаю хвост.

Хоць такую маю радасьць,
Заклапочана-худы,
Што магу скакаць і падаць,
І ніякае бяды!

Чалавек, скажу дарэчы,
Ці ён п’е, а ці ня п’е,
Калі грымнецца ўжо з печы –
Сраку так і разаб’е!

Г а с п а д а р. Кот мой хоць і заклапочаны, але на язык спрытны.
І Кошка мая на язык спрытная, а клопату ў яе – дык аніякага!
Раскошніца!
Як і любая іншая кошка, яна таксама вочкі жмурыць, а кіпцюры вост­рыць.
Аднак жа толькі яна ведае, што трэба рабіць, каб адначасова было і ўлежна, і ўежна, і пацешна!
Ня Кошка, а праўдзівая Наста Пабягунская!

Песенька гуляшчай Кошкі

Усё ў маім жыцьці ажур,
Усё ў маім жыцьці, як трэба,
Усё ў маім жыцьці – мур, мур –
Сьмятанкаю плыве да неба.

Я лішне не кручу хвастом
І ані дбаю аніколькі,
Бо ведаю: з якім катом,
Калі і як, і дзе, і колькі!
Мой гаспадар жыве, як цар,
А гаспадыня, як царыца,
Яму ліжу заўсёды твар,
А ёй дык т о е, ч ы м садзіцца.

Я лішне не кручу хвастом
І ані дбаю аніколькі,
Бо ведаю: з якім катом,
Калі і як, і дзе, і колькі!

І вочы бліскаюць, і поўсьць…
І скрозь я чуюся, як дома!
І ўсё як ёсьць, усё як ёсьць
Мне падабаецца, вядома.

Я лішне не кручу хвастом
І ані дбаю аніколькі,
Бо ведаю: з якім катом,
Калі і як, і дзе, і колькі!

Г а с п а д а р. Ну, як такую не купіць?!
Усе грошыкі можна аддаць за адзін толькі яе прыпеўчык:

Я лішне не кручу хвастом
І ані дбаю аніколькі,
Бо ведаю: з якім катом,
Калі і як, і дзе, і колькі!

Тут ясна пра якога Ката гаворка!
Пра майго, заклапочанага, таму кожнаму раю браць адразу і Кошку, і Ката…
А каб жа каціная тэма была і даўжэйшая, і весялейшая, то хай прагучыць яшчэ і песенька пра добрую Мышку і мудрую Кошку.
Кошкі ж ня толькі гуляшчымі бываюць – мудрымі таксама.

Песенька Гаспадара пра добрую Мышку
і мудрую Кошку

Бегла Мышка па дарожцы,
Падарунак несла Кошцы –
Не сьмятану, не аладкі,
А пшанічныя зярняткі.

Кошка есьці іх ня ўмела,
Мышку зьесьці захацела,
А пасьля паразважала –
З Мышкай той пасябравала.

І пра ўчынак мудрай Кошкі
Хай падумаюць хоць трошкі
І дарослыя, і дзеці
Перад тым, як нешта зьесьці.

Г а с п а д а р. Клёку ў ягамосьцяў, мяркую, не бракуе, каб гэта, добра падумаўшы, датумкаць, што ў мяне адразу браць, а што пасьля.
Адразу можна добрую Мышку і мудрую Кошку.
Адразу ж можна браць і зладзеяватага Ліса!
І напраўду ж ён – зладзеяваты!
Любіць красьці.
Цікава, што гэты руды хітрун зараз прапяе ў сваё апраўданьне…

Песенька зладзеяватага Ліса

“Злодзей!..” – кажуць людзі.
Дураць галаву!
Я ня проста злодзей, —
Проста т а к жыву.

Куры ёсьць і качкі…
Валачы, цягай…
Еш сабе да ўсрачкі,
Толькі зубы май.

Май душу пустую
І ня згінеш, не…
Гіне – хто працуе,
Хто хрыбціну гне.

Пры такой уладзе
(Што мне тут брахаць!) –
Той жыве, хто крадзе,
Так што, браце, крадзь.

Г а с п а д а р. Во які Ліс!
Такія ў вінаватых ня ходзяць!
Такіх ніякі суд не засудзіць!
Вывернуўся мой Ліс, як той кажух!
Зух, што й казаць…
Пра Сьвіньню так ня скажаш, бо Сьвіньня – ня Ліс.
Праўда, люблю я і Сьвіньню сваю, асабліва яе мову…
О, мая «абычная» Сьвіньня «прэкрасна разгаварывает і очань чудесна паёт на абычнам языке!
І паёт ня зра!»

Песенька “абычнай” Сьвіньні

Пасматрыця на міня –
Я абычная Сьвіньня;
Есьлі вы пачулі: плясь!
Эта я упала ў гразь.

І ляжу сібе, ляжу,
Што та там сібе чашу
І ня чуўствую бяды,
Бо ў карыце ёсьць яды.

Кабану кажу аб тым:
«Ты ня будзь кабан дурным,
Есьлі есьць ешчо яда,
То ня рыпайся, балда!»

Г а с п а д а р. Сьвіньні любяць лячыцца гразямі, вось таму мая Сьвіньня й прызналася: «…есьлі вы пачулі: плясь! Эта я упала ў гразь…»
Якуб Колас аднойчы заўважыў: «… сьвіньня – такая жывёла, што ня можа ад зямлі адрывацца…»
Ня ведаю, што думаў пясьняр пра мову маёй Сьвіньні, пра яе «абычны язык, на каторам ана прэкрасна разгаварывает і очань чудесна паёт, і паёт ня зра…», аднак жа, не сакрэт,— такая мова пышна квітнее.
Штодня адусюль чуецца:
… очань часта случаюцца недастачы з гаручым, але нічаво – начальства абяшчала памоч…
… у этам сложнам маменьце мы дзелаем крышу бяз дзенех…
… я очань гарачая жэншчына і я нашчот чысьцяшчых срадствоў, а вы, мужчына, прайдзіця на паўцела ўпярод…
… саздалі валаабразуюшчыя раёны і завязьлі туды дзействуюшчае вешчаство…
… ваабшчэ ашчуціў, но не пачуўстваваў, што процант ахвата часных дамоў вывазам мусара састаўляець 30 процантаў ат обшчага чысла чысляшчыхся чорнарабочымі…
… шчасьліў быў упячатліцца таварышчаскім упечатленьнем, што набраны намі тэмп у разьвіцьці дарожнае сяці прадалжаяцца, а чатыры раёны работаюць у павышаным ражыме функцыяніраваньня…
… дарагія жэншчыны, праздраўляю вас з восьмым марца…
… дарагія мужчыны, ваша чэснасьць нужна чуткім жэншчынам…
… гавара па-ацечаскі, я часта абшчался з прыродаю…
Вось такая мова ў маёй «абычнай» Сьвіньні.
Калі вы купіце яе, вядома ж, я падзякую вам, і Сьвіньня мая падзякуе вам таксама.
Яна скажа: «Ісключыцельна благадару і жалаю вам…усяго такога!»
Што гэта такое – «усё такое»? – думайце самі.
Шмат я тут наказаў пра Сьвіньню, таму пра шчасьлівага Бабра паведамлю зусім коратка: ён – шчасьлівы…

Песенька шчасьлівага Бабра

Я ўжо тым усьцешаны,
Аж пускаю сьліну, –
Што грызу алешыну,
Што грызу асіну;

Рэчкай, азярынаю
Плёхаю, ныраю
І ня толькі сьліну я –
І струмень пускаю!

З берага да берага
Столькі маю волі!
І вады нямерана,
І яды даволі!

Вось такая жытка ўся –
Слаўныя парадкі!
То ў нару зашыюся,
То плыву да хаткі...

Словам, добры маю хлеб
І жыву па-царску.
Трапіць на каўнер яшчэ б
Добраму начальству!

Г а с п а д а р. Трапіць на каўнер добраму начальству – неблагое жаданьне!
Яно абавязкова спраўдзіцца!
Мой Бабёр можа сьліну ці струмень пусьціць сабе на пацеху.
А сьлязіну?
Не, ніводную ня пусьціць!
Бо ён шчасьлівы…
Шчасьце ж, як вядома, у кожнага сваё – у Бабра бабрынае, а ў хітрай Савы, вядома, савінае…

Песенька хітрай Савы

Я – Сава, з вачыма галава,
Ноч люблю, бо ноччу бачу;
Не люблю я дзень, бо я ж Сава!
Рагачу як што, як што дык плачу...

Ноч вяртае зрок, дае яду;
Ноччу галаву сваю ня збочу;
Розную брыду і не брыду
Я хапаю ноччу аж дасхочу!

Мне ніякіх не патрэбна зьмен
І другое не патрэбна чэсьці,
Шчасьце маё простае, як хрэн, –
Спаць удзень, а ўночы есьці!

Г а с п а д а р. Шчасьце ў маёй хітрай Савы простае, бо для яе галоўнае, каб дзень у ноч перабег.
Перабяжыць, перакоціцца сьвятло ў цемру – і ўсё добра!
Тым, хто любіць не паспаць, файна будзе з маёй Савой і пры сьвечцы, і пры зорцы…
А ці шчасьлівая свойская Качка, га?
О, гэтай жывецца яшчэ лепш, чым Саве…
Праўду кажу, і таму, калі нешта вам замінае купіць Саву, тады купляйце свойскую Качку!

Песенька свойскай Качкі

Я – свойская, кубло ў адрыне;
Адрына ж у канцы двара...
Жыву я з ласкі гаспадыні
І клопату гаспадара.

Я кожнай раніцы за брамку
Калі іду, калі бягу;
У дзірку, шчыліну і ямку
Засунуць дзюбу я магу.

Люблю наесьціся дасыта,
Як і наплёхацца ў гразі...
Вярнуся ў двор, а там – карыта!
Ну, як яшчэ тут не зьясі!
Мне хораша ў вадзе стаячай,
Люблю й праточную ваду,
А сама лепш, калі мой качар
Мяне патопча на віду!

Г а с п а д а р. Жыць з ласкі гаспадыні і клопату гаспадара – гэта ж ніякай бяды ня ведаць!
Мець зімою кубло ў адрыне – гэта ж не хавацца ў афрыканскім чароце!
І зноў жа – ніхто цябе дубальтоўкай не пужае!
Бо свойская качка – ня дзікая!
А вось як жывецца дзікай Качцы, — зараз пачуем…

Песенька дзікай Качкі

Я – дзікая, жыву на волі
І с к р о з ь на волі я жыву:
Лячу ў гары, іду па доле
Ці па вадзе сабе плыву.

Чарвяк любы і кожны вусень,
І рыбка кожная – мая!
Я летую на Беларусі,
Зімую ж у Егіпце я.

Хапае на Дняпры і Пцічы,
І на Гарыні мне ўсяго…
Але страляе паляўнічы,
Сабака гаўкае яго.

І пахне порахам палёным,
І шрот ляціць ва ўсе канцы,
І робіцца жыцьцё шалёным,
Яшчэ імгненьне – і капцы!

Калі спакою ані знаку,
То т а к ірвуся я ўцякаць,
Што паляўнічага й сабаку
Магу ад страху абасраць!

Г а с п а д а р. Вось такое яно – жыцьцё на волі!
Напраўду ж, хапае ўсяго.
Усё часьцей людзі са стрэльбамі ходзяць.
І тут са страху можна і самому абрабіцца, і абрабіць каго заўгодна…
Купіце маю дзікую Качку.
Яна вам у родным балоце самую глухую схованку пакажа!
А калі трэба, то пакажа нават і дарогу на Егіпет.
Яна не крыўдлівая, а вось Вожык мой крыўдлівы.
Бачыце, яму людзі не ўнаравілі…

Песенька крыўдлівага Вожыка

Я прашу вас людзі: годзе!
Не зважайце, вас малю,
Што ці ў садзе, ці ў гародзе
Жаб і яшчарак лаўлю;
Што пад стрэшкаю калючак,
Маючы надзейны схоў,
Я палюю на гадзючак
І на розных там вужоў;

Што яшчэ я добра ўмею
Лісьце на сабе цягаць…
Годзе несьці ахінею!
До ўжо, людзі, вам брахаць!

У душы нашу гаркоту,
Сэрца – як у палыне:
За ніжэйшую істоту
Вы прымаеце мяне!

Я ж, — калі казаць па праўдзе, —
Сілу маю за сабой:
Засядаць магу ў палаце!
Радай кіраваць любой!

Не ўважайце гэта дзівам
Ці праявай сьмехаўя:
Як ушыюся ў штаны вам,
Дык адчуеце – хто я!

Г а с п а д а р. Вожык усё можа!
Таму заклік мой такі: людзі, шануйце вожыкаў!
А майго, крыўдлівага, доўга ня думаючы, купляйце!
Шкоды ад яго ніякай – наадварот, выгода будзе, бо даляраў дваццаць, а то й больш, на сваіх калючках прынясе вам, як піць даць.
Ня верыце?!
А вы яго пусьціце папоўзаць ля казіно ці якой-небудзь дарагой рэстараннай веранды і хутка пераканаецеся, што ня ўсё яму адно лісьце ў нару цягаць!
Дарэчы кажучы, мой Вожык сябруе з прыязнай Вавёркай, якая таксама здатная падмацаваць і ваш настрой, і вашу гаспадарку.

Песенька прыязнай Вавёркі і Вожыка

—Добра мне, Вавёрцы,
У дупле сядзець!
— Лепей жыць у норцы
І калючкі мець!

— Я люблю арэшкі
Лускаць на зямлю!
— Без ніякай сьпешкі
Я гадзюк лаўлю!

— Я скачу высока…
— Я хаджу далёка…
— Мы з табой сябры…
— … з даўняе пары!

Г а с п а д а р. Цудоўны двусьпеў!
Ці ня так?!
Вядома ж, так…
Заслухацца можна!
І Сарока мая спраўная заслухалася, кінула нават стракатаць.
Спытаеце: чаму яна спраўная?
Адкажу: бо ўмее жыць і па-чалавечы, і па-воўчы, і па-сарочы…

Песенька спраўнай Сарокі

“Пры дарозе, пры сяле,
Пры цыганскай будзе,
Труся пры любым жытле –
Абы толькі людзі!

Там, дзе людзі – там яда;
Дзе яда – там шчасьце!
Без яды ж – адна бяда,
Можна й лапкі скласьці!..

І пры воўку, што хлусіць,
Труся я тым часам.
Воўк ад мяса адбяжыць,
Ну, а я – да мяса!

А калі ні грам яды,
Дык у хвілі тыя
Краду лыжкі я тады,
Чарачкі пустыя...

Красьці можна тут і там
І хвастом, і бокам...” –
Гэта я сказала вам,
Спраўная Сарока.

Г а с п а д а р. Так, сарока можа ўкрасьці, але ж мала – столькі, што сама хвастом замяце…
Каб умеў красьці мой Алень, той ого колькі папёр бы!
Але мой Алень ня краў і ня крадзе.
Ён стары ўжо…
Ён з радасьцю сумуе па маладосьці, бо ў маладосьці засталося шчасьце…

Песенька старога Аленя

Шчасьце я сваё спазнаў,
Грыз кару і венікі,
Ад аленіхі ўцякаў
Да другой аленіхі.

Рогі меў і капыты
(Дзе маланка – там і я!) –
Ажно гнуліся кусты,
Калі бег кустамі я!

Мог ляцець ва ўсе бакі
Цёплыя і сьцюжныя.
Гналіся за мной ваўкі,
А дагнаць ня здужвалі.
Біўся пад алешынай,
Біўся пад сасною я,
Каб толькі мне належала
Аляніца новая!

А цяперака-цяпер
Болей не свавольствую,
Бо ўжо ніякі я ня зьвер,
А жывёла свойская.

Але шчасьце я спазнаў
Мяккае, як сенейка –
Ад аленіхі ўцякаў
Да другой аленіхі!

Г а с п а д а р. На старасьці год няблага цешыць сябе такімі ўспамінамі!
Добра нервы супакойвае…
А яшчэ на старасьці год самы раз урэзаць песеньку маёй угаворлівай Жабы!
Урэзаць тады, калі апануюць унукі кручаныя і сябе жабай немагушчай адчуеш…

Песенька ўгаворлівай Жабы

Дзеткі, дзеткі залатыя,
Каб ня сталася бяды,
То патрэбна, каб жывыя
Жабы поўзалі заўжды.

А як зробіце благое,
Жабу кінеце пад нож, –
Праз дурноцьце праз такое
Вогненны пальецца дождж!

Каб дабра было даволі
І з дабром дабрэлі каб,
Не чапайце вы ніколі,
Не чапайце, дзеткі, жаб!

Бо інакш у вашым лёсе
Жабін застанецца лёс,
І бародаўка на носе
Сядзе большая за нос!

Г а с п а д а р. Такая песенька павінна імгненна ўцішыць, угаманіць, нават напалохаць раздураных дзетак; павінна ж навучыць іх, што можна рабіць, а чаго няможна…
А калі ня ўцішыць, не ўгамоніць, не напалохае і не навучыць, спытаеце?
Ну, калі такое станецца, то тады параю вам да ўгаворлівай Жабы дакупіць яшчэ і сьмярдзючага Тхара!
Вельмі моцная па выхаваўчым узьдзеяньні цацка!

Песенька сьмярдзючага Тхара

Вам няцяжка здагадацца,
Дзе вышукваю нару,
Дзе і як люблю хавацца,
І што жэрці я жару!

І няцяжка вам даўмецца,
І дацяміць да таго:
Добра ад чаго жывецца
І нядобра ад чаго!

Вам вядома ўсё, вядома,
Бо вы людзі – не зьвяры.
А найболей вам вядома,
Чым адметныя тхары!..

Хто ж ня ведае пра гэта,
Дык адразу, не здаля,
Не хаваючы сакрэтаў
І бяз лішняга ля-ля

Раскажу вам, як палюю:
Ціха, нішкам, неўпрыцям
Кучку навалю малую,
А смуроду дам дык дам!

І куратнічак атручан
Ад сьцяны і да сьцяны…
Кажуць мне, што я сьмярдзючы, —
Гэта лепей, чым дурны!

Г а с п а д а р. Вочы вашы заблішчалі!
Гэта добра.
Яны заблішчаць яшчэ болей, калі прапаную вам выпешчанага мяса-шкуркавага Труса.
А ведаеце чаму трус завецца трусом?
Скажу.
Даўно гэта было.
Неяк раз людзі на пакошы растрасалі-трусілі траву і прыгаворвалі дзеля рытмічнай забаўкі: трус, трус, трус…
Тут нейкі зьвярок выбег з лесу і пачаў раструшаную траву есьці.
«Во! – усьміхнуліся тады людзі. – Трус пачуў нас і прыбег!»

Песенька мяса-шкуркавага Труса

У клетцы хоч, а ці ня хоч,
А ўсё адно быць давядзецца!
У клетцы я і дзень, і ноч,
І добра мне жывецца ў клетцы.

І не баліць мне галава,
Бо ў клетцы ж усяго загуста:
Ляжыць зялёная трава,
Ляжыць і морква, і капуста.

Трусагадовец вам любы
Пра тое скажа і заўсёды,
Што не абы я там рабы,
А мяса-шкуркавай пароды.
Хто б ні карміў – Кастусь, Пятрусь...
Як толькі кіндзюшок напоўню,
Тады люблю я Беларусь
Усёй трусінаю любоўю!

Г а с п а д а р. Сапраўды, пад’еўшы, Бацькаўшчыну мы любім, але па-рознаму – хто трусінаю любоўю, а хто вераб’інаю; хто мяса-шкуркава нашу Беларусь любіць, а хто й жаласьліва…
Я маю жаласьлівага Вераб’я, якому добра бывае летам і вельмі цяжка зімою.
Пляшнік (той, хто пляшкі зьбірае) таксама можа пра сябе гэтак прасьпяваць…

Песенька жаласьлівага Вераб’я

Лета цешыць, а па леце
Страх мяне ўсяго трасе.
Гэта ведаюць і дзеці,
І дарослыя ж усе.
Я скачу і там, і тута,
Толькі радасьці няма –
Пачынаецца пакута,
Як надарыцца зіма!

Песьню я адну пяю
У двары халодным:
Памажыце вераб’ю,
Верабей – галодны!
Не мяшок з насеньнем ці
Торбу, а зімою
Хоць бы зернетка знайсьці
Дробнае якое!

Пры палацы і пры хаце,
Дзе мацней, а дзе цішэй –
Доўга мне так наракаці,
А дубець яшчэ даўжэй!
І прасіцца ў Зюзі злога:
“Зюзя, Зюзя, не марозь!..”
Саламянага ж нічога,
Толькі шыфернае скрозь!

Песьню я адну пяю
У двары халодным:
Памажыце вераб’ю,
Верабей – галодны!
Не мяшок з насеньнем ці
Торбу, а зімою
Хоць бы зернетка знайсьці
Дробнае якое!

Каб хоць як застаўся цэлы,
То з дамоў для маладых
І з дамоў для састарэлых,
І з макдональдсаў усіх,
І ядальняў-рэстаранаў
Дайце ж, каб і еў, і піў –
То за гэта вам старанна
Я падзякую: жыў-жыў...

Песьню я адну пяю
У двары халодным:
Памажыце вераб’ю,
Верабей – галодны!
Не мяшок з насеньнем ці
Торбу, а зімою
Хоць бы зернетка знайсьці
Дробнае якое!

Г а с п а д а р. Зрэшты, мой Верабей выжыве, не загіне.
Ён жвавы.
Яго хоць у запаленую печ закідай – вылеціць!
Прадаць Вераб’я – малы клопат.
Бусла таксама.
Мой Бусел – патрыятычны!
Вы яго купіце імгненна!

Песенька патрыятычнага Бусла

Кожны ведае, што Бусел
З галавы да брушка
Сімвал роднай Беларусі –
Вось якая птушка!
І яе шануюць людзі
З любасьцю найсамай...
Тых людзей, якія любяць,
Я люблю таксама.

У народзе-агародзе
Чаўпата чаўпецца,
А ў прыпеўцы гарадзецкай
Пра мяне пяецца:
“Бусько-клечко,
Зьнясі мне яечко,
І не белэе, ні тэ,
А яечко золотэ!..”

Кожны бацькаўшчыну славіць,
Калі зразумее:
На чужыне сонца паліць,
На радзіме грэе!
На Палесьсі ў родным полі,
У балоце родным
Так ці гэтак, а ніколі
Я ня быў галодным!

У народзе-агародзе
Чаўпата чаўпецца,
А ў прыпеўцы гарадзецкай
Пра мяне пяецца:
“Бусько-клечко,
Зьнясі мне яечко,
І не белэе, ні тэ,
А яечко золотэ!..”

Да цяпла ляцеці мусіш,
Да чужога лета.
Добра там... На Беларусі ж
Усё роўна лепей!
Тут усё пяе-клякоча;
Тут на жабе жабка;
Тут дзяўчыне, як захоча,
Прынясу дзіцятка!

У народзе-агародзе
Чаўпата чаўпецца,
А ў прыпеўцы гарадзецкай
Пра мяне пяецца:
“Бусько-клечко,
Зьнясі мне яечко,
І не белэе, ні тэ,
А яечко золотэ!..
Бусько-клечко,
Зьнясі мне яечко,
Тобе два, а мне однэ,
Коб садзеў у кубле!..”

Г а с п а д а р. Не, Бусла прадаваць ня буду, пакіну сабе.
Усё ж такі ён патрыятычны.
Ды і ў краме павінна нешта застацца!
Астатнія ж цацкі вашы – і галодны Воўк, і баязьлівы Барсук, і разумная Варона, і злы Сабака, і няшчасны Казёл, і задаволены Певень, і незалежны Зубр, і рахманы Конь, і памяркоўны Мядзьведзь, і два Мядзьведзікі, і дурны Баран, і жыцьцярадасны Асёл, і палахлівы Заяц, і заклапочаны Кот, і гуляшчая Кошка, і добрая Мышка, і мудрая Кошка, і зладзеяваты Ліс, і “абычная” Сьвіньня, і шчасьлівы Бабёр, і хітрая Сава, і свойская Качка, і дзікая Качка, і крыўдлівы Вожык, і прыязная Вавёрка, і спраўная Сарока, і стары Алень, і ўгаворлівая Жаба, і сьмярдзючы Тхор, і мяса-шкуркавы Трус, і жаласьлівы Верабей…
Так, гэтыя цацкі вашыя!
Купляйце, набывайце – калі ня сёньня, то заўтра.
А пакуль што зачыняюся.
І ў цацачных крамах бывае перапынак…

Заключная песенька Гаспадара

Прадаў ці не прадаў,
Затое даў рэкламу,
Каб кожны ведаў, знаў
Пра “Цацачную краму”.
Каб вы маглі адчуць:
У цацак столькі сілы,
Што ад калыскі йдуць
За намі да магілы!

Людзі, людзі дарагія!
І малыя, і старыя,
Вы заўжды, як цацкі тыя –
Завадныя і жывыя.

Усё нам Бог прынёс
І, як работнік хвацкі,
Каню дае авёс,
А чалавеку – цацкі.
І ўсё дае зараз,
Канца няма і меры,
Таму ўсяго ж у нас
Да чорта, да халеры!

Людзі, людзі дарагія!
І малыя, і старыя,
Вы заўжды, як цацкі тыя –
Завадныя і жывыя.

Каму багацьце мець;
Каму іграць у драме;
Каму ў турме сядзець;
Каму сядзець у краме…
А Бог усім дае
Параду па-сваяцку:
Заўсёды ж у свае
Гуляць патрэбна цацкі.

Людзі, людзі дарагія!
І малыя, і старыя,
Вы заўжды, як цацкі тыя –
Завадныя і жывыя.

27 сьнежня 2003 г.