12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
У аўтобусе, слухаючы... Два апавяданьні



Інжынер, сяржант і немцы

1.
У суботу беспрацоўны інжынер Б., зьбіраючыся ў краму, пералічыў свае грошы.
Лічыць асабліва не было чаго, і ён гэта ведаў, але ўсё ж такі перабраў іх паперка за паперкаю, па-старэчы ўздыхнуў і папытаўся ў сына-ліцэіста:
— Віцька, а ты колькі маеш?
— Пяць тысяч.
— Дай мне іх, сынок, а то ў мяне толькі сорак тысяч...
Жонка тады параіла інжынеру:
— Паглядзі якія цэны ў нашым гастраноме і якія пад «Пад гадзіньнікам»... Калі будуць недарагія батоны, купі. А ня будуць, тады вазьмі муку першага гатунку і кефір. Сьпяку аладкі і нейк да панядзелка дацягнем. У панядзелак у мяне аванс...
Інжынер ужо стаяў у парозе, гатовы ісьці, як жонка, крыху зьнізіўшы голас, вінавата папрасіла:
— Можа, куртку лепей надзеў бы? Яна ж крыху спраўнейшая за гэтае паліто...
— Ай там! — адказаў па-дзіцячы...
У «нашым» гастраноме недарагіх батонаў не было, а мізэрная — на адзін гам — сайка каштавала 6800 зайцоў, астатняе ж белае страляла па 7600 і нават па 8600.
Заклапочана прыкусіўшы губу, інжынер захадзіў сюды-туды каля хлебнай паліцы, а тым часам нейкія дзьве стараватыя жанчыны, не зважаючы на яго, размаўлялі гэтак:
— Надзька, бяры пляцёнку!
— Што ты, дурная?! У мяне ж толькі пятнаццаць тысяч!
— А я табе кажу бяры, смачная ж...
— А я кажу, што ў мяне толькі пятнаццаць тысяч! Расьцягнуць жа да той пятніцы трэба...
«Да той пятніцы?! Гэта ж без аднаго дня цэлы тыдзень! Не, не расьцягне...» — прыкінуў інжынер, шкадуючы жанчыну.
Як і недарагіх батонаў, мукі першага гатунку ў «нашым» гастраноме таксама не было, а кіло вышэйшага выпірала аж на 18500...
Падышоў тады, маракуючы, да кефіру.
«I гэта, браце, занадта!» — сказаў сам сабе, убачыўшы ў гудлівай яміне халадзільніку блішчастыя чараватыя пакеты па 7900.
«Не, купляць пакуль ня буду, а раптам «Пад гадзіньнікам» таньней?!.»
Але ў гастраноме «Пад гадзіньнікам» кефір быў па той жа цане, таму (што тут было рабіць!) мусіў браць.
Узяў яшчэ і два тварожныя салодкія сырочкі па 5200, бо з іх пачынаўся звычайна кожны ягоны сьняданак, а таксама ж знайшоў і муку першага гатунку па 14600; праўда, на папяровым пачку стаяла іншая лічба — 19100.
«Пэўна ж, у гэтым пачку не кіло, а больш! — здагадаўся інжынер і пачаў падрахоўваць. — Так, 5200 і 5200 будзе 10400. Плюс гэтыя 19100, будзе 29500. I яшчэ літр кефіру за 7900... Разам, здаецца, 37400...»
Касірка пацьвердзіла, што сапраўды трэба заплаціць 37400.
З сарака тысячаў яна вярнула 2600...
Дык вось, 2600, сынавыя 5000 ды скамечаныя 2100 (гэтыя грошы не-спадзявана для сябе выпараў з унутранай кішэнькі паліто — і як толькі забыў пра іх!) — словам, пасьля крамы засталося 9700.
«Калі ў панядзелак жонка раптам не атрымае аванс, тады здам у біжутэрны аддзел «Цэнтральнае кнігарні» свой срэбны медальён!» — гэтак рашуча планаваў, вяртаючыся дадому...
I тут, каля Нацыянальнага банку, сутыкнуўся са сваім даўнім сябрам (разам служылі ў войску, гаваркім і няшкодным, але трохі надакучлівым сяржантам, з якім ня бачыўся гадоў гэтак з дваццаць.
Сяржант вельмі ўзрадаваўся сустрэчы; інжынер мусіў быў узрадавацца таксама.
Як і ў тыя, савецкія, так і ў гэтыя несавецкія гады, лёгкі на язык сяржант пачаў, як той казаў, з курэй-гусей — карацей кажучы, за нейкую хвіліну нагаварыў-наўспамінаў усяго, такога і гэтакага, вайсковага і цывільнага, сямейнага і не зусім сямейнага, і сярод іншага не ўтаіў, лёгка расказаў і пра сваё калецтва — у адной рэстараннай бойцы яму выбілі вока, і вось так ужо неспадзявана выйшла, што вочы ў яго цяпер неаднаго колеру: здаровае — чорнае, а штучнае — зялёнае.
Інжынер ажно здрыгануўся ўвесь, калі сяржант, паведаміўшы пра гэта, зьнянацку засьмяяўся бесклапотным сьмехам, нібыта нічога страшнага з ім і ня здарылася.
А вочы ў яго і сапраўды былі рознай афарбоўкі.
Інжынер хацеў спытаць — ці ня лепей пратэз было падабраць пад колер здаровага вока, але чамусьці пасаромеўся заводзіць такую гаворку і спытаўся пра звыклае:
— З чаго, браце, хлеб ясі?
— У Нямеччыне прадаю значкі і яшчэ сёе-тое...
— I колькі зарабляеш?
— У месяц бывае прыблізна па трыста зялёных...
— Дык жа добра!
— Апошнім разам, праўда, няўдала склалася...
— А што такое?
— У Польшчы нарваўся на рэкет...
— А-а-а! — імгненна ўсё зразумеўшы, паспачуваў інжынер.
— Ледзьве адбіўся газавым пісталетам...
— Ідзі ты!!!
— А пасьля польскія мытнікі пісталет забралі і яшчэ тыя даляры павыцягвалі з мяне, якія я не ўпісаў у дэкларацыю...
— Шкада! — зноў паспачуваў інжынер.
— А, кінь! Няма чаго шкадаваць! Тут згубіш, там знойдзеш... Я вёз яшчэ тры кантрабандныя кінжалы...
— I правёз?!
— А як жа, правёз! — устаўленае вока армейскага сябра авантурна бліснула...
Змалку ад сваіх родных інжынер чуў бясконцыя скаргі на жыцьцё, на лёс, на благую ўдачу, таму ўзьненавідзеў усё, што хоць блізка нагадвала скаргу і зжыўся з думкаю: скардзіцца — усё адно, як даказваць, што Бог ёсьць ці Бога няма...
Толку ніякага з гэтага ніколі не бывае.
Вось жа ягоны даўні сябар — і паабтрапаны жыцьцём, і нават скалечаны, а — бач ты — ня жаліцца, жыве, можна сказаць, весела.
Малайчына!
Зрэшты, жыць так, як ён, даволі небясьпечна; жыць трэба крыху спакайней, без дурнога клопату: як бы там не было, а на кавалак хлеба зьбярэцца...
— Ну, а ты з чаго хлеб ясі? — ужо ў свой чарод спытаў сяржант.
— Я... Так... Ну, як табе сказаць... — раптам зьбянтэжыўся інжынер. — Ну, пакуль без работы я...
— Э, стары! Адным сваім вокам і то бачу: паліто на табе даволі заношанае, зацяганае, сумка ў руцэ абшморганая, чаравікі стаптаныя і вочы твае нейкія бляклыя... Ці не бамжуеш ты ўжо трохі?!
— Ну, ты й скажаш, бамжуеш! — пакрыўдзіўся інжынер.
— Не крыўдуй. Магу ўзяць з сабою да немцаў!
— Значкі прадаваць?!
— Ня толькі значкі!
— Не, я на гэта ня здатны!
— Ня будзь лянівым, і станеш здатным на ўсё! На вось, вазьмі паперынку з маім тэлефонам. Калі зусім прыпрэ, дай знаць...

2.
Нядзелю са сваімі хатнімі інжынер пражыў на 9700 зайцоў, а ў панядзелак жонка, калі настаў абед, пазваніла з работы і з гарачкай у голасе паведаміла: аванс, каб на іх вялікая халера, не далі, затрымалі...
Інжынер супакоіў жонку, ласкава сказаў ёй: я ведаю, што рабіць!
I сапраўды — ён ведаў...
Спачатку патэлефанаваў у ашчадную касу, у якой, яшчэ з гарбачоўскага часу, знаходзіўся ягоны тэрміновы 9% уклад — у 1991 годзе на рахунку было 1420 савецкіх рублёў.
З касы ж яму ветліва (без ніякага сьмеху!) растлумачылі, што пасьля дэнамінацыі ў яго засталася, можна сказаць, тая ж лічба, толькі без нуля — 142 беларускія зайчыкі; працэнты ж за гэтыя гады, самі разумееце, набеглі зусім ніякія...
Вось так і не інакш.
Пачуўшы такую навіну, інжынер Б. скрывіўся, але рукі не апусьціў — успомніў пра два сертыфікаты на валоданьне акцыямі Белбізнэсбанку; два гады таму ён атрымаў іх на сваёй былой рабоце ў якасьці прэміі; нейкія ж грошы за імі павінны быць, тым болей, што за мінулы 1997 год ён ніякія «дывідэнты» не атрымліваў...
Дык вось, у 3-й касе Белбізнэсбанку акцыянер Б. атрымаў 22700 зайцоў, а ў біжутэрным аддзеле «Цэнтральнае кнігарні» за медальён, які ацанілі ў 390 тысячаў, выручыў 273 тысячы.
Дзякуй Богу, пакуль да немцаў ехаць ня трэба...

2 лютага 1998 г.


У аўтобусе, слухаючы...

У ледзь не пустым аўтобусе гаманіла радыё:
«... у настаяшчы мамент мы ўдумчыва падышлі да ўчасція ў сатруднічастве з нахадзяшчыміся ў налічыі чалавечаскімі срадствамі, но ані пачаму-та часцічна ісчазают... Часцічнае ісчазнавенне чалавечаскіх срадствоў, чэсна гавара, бальшая для нас праблема, но гавара па-таварышчаскі, мы вапракі чэрствасці пастаўшчыкоў, чэсна вырасцілі прагназіруямыя аб’ёмы... Мы саздалі напражэнне ў рабоце рукавадзяшчага састава і патаму можам удачліва работаць, как і раньша часта работалі, у очань трудных условіях разнаўрамённага сазравання хлябоў...»
Мне было яшчэ ехаць і ехаць, то прамінаючы лес, то прабягаючы вачыма поле, то пракалыхваючы ў думках якое рэдкае балота; мне абяцалі тыдзень палескай цішыні і сонечны пакой, у якім нарэшце давяду да ладу адзін свой задаўнены празаічны шал; дарога напера­дзе ляжала няблізкая; на душы было добра, што ў аўтобусе — жменя пасажыраў, і я, прыміраны з самім сабой і дарожнай адзінотай, слухаў аўтобуснае радыё, цешыўся з мовы прамоўцы, але ўсё больш і больш прыслухоўваўся да вельмі вабнай гаворкі, што чулася ззаду мяне — там нейкая дападкая Старая паволі разгаварыла прыдушаную жыцьцём Маладзіцку...
— ...а чаму ты з ім жыць ня хочаш, галубка?
— А як жа з ім жыць, цётачка? Ліха яго ведае... Мяне рознымі словамі ганьбіць, і ты такая, кажа, і ты гэтакая. Брыдка вельмі гаворыць, а часам зусім тварынай на мяне кідаецца! А калі мне хочацца няўдалую прасьціну з ложка прыняць, ці штаны яго папраць або сарочку якую — то паспрабуй сьцягні з яго! Не даецца... А ён жа месяцамі ня мыецца! Мяне ўжо ў бакі ад усяго гэтага водзіць...
— Вой, галубка мая, ня ведаю, што й рабіць табе...
— А то можа цэлы тыдзень нічога не казаць... Я й так да яго падступаю, я й гэтак, а ён маўчыць, як дубіна якая. А калі загаворыць, то зноў абы-што ад яго чую, сорамна й казаць пра тое...
— I што ж ён такое кажа?
— Кажа, як жыў у маці сваёй, то кожнага дня спаражняўся, а як са мною стаў жыць, то па чатыры дні носіць у сабе, ня можа схадзіць за адрыну, і што гэта ўсё ад таго, кажа, што я ня ўмею варыць па-людску...
— Бедная, мая галубка, бедная...
— I маці ў яго такая ж...
— Нічогая?1
— Вельмі. Перапіла нам на вясельлі трыста даляраў і ўсім пачала казаць пра мяне, што я благая, нічога ня вартая, што я ніколі такіх грошай і за год не зараблю... Я ёй тады ў вочы: «Калі вы так пра мяне гаворыце, то забірайце свой перапой!» I што ж вы думаеце, тут жа забрала, а людзям на базары языком сваім доўгім разьлёпала, што перапі­вала яна далярамі, а я вярнула ёй зайцамі... I гэта праўда, я аддала нашымі грашыма, бо тыя даляры ён жа забраў, я іх і ў вочы ня бачыла...
— У кожнай хаце непарадак, мая галубка... Забраў даляры, кажаш?
— Забраў... А што з маім татам-нябожчыкам зрабіў!
— Што зрабіў?! — Старая выказала ў поўны голас непадманны страх.
— Як тата памёр, то яго ногі ня гнуліся і карчом вытыркаліся з труны. I хай бы сабе вытыркаліся! Што тут такога? Ды не! Кажа: «... няхораша ад людзей будзе...» і сваімі ручышчамі зламаў тату ногі, роўнымі зрабіў... Ажно трэск па ўсёй хаце пайшоў! Гэты трэскат у маіх вушах і па сёньня стаіць...
— А божачкі!
— Ён такі, зусім бяз душы... Неяк я на базары была, а ён з дзіцям застаўся. А дзіця яно і е дзіця — усё плакала і плакала. Ніяк закалыхаць яго ня мог... Ну дык вось, каб ня плакала, узяў ды заткнуў яму роцік анучкай... Добра, што я нахапілася, а то б дзіця зайшлося б!
— Хаця б мне ня бачыць такіх пакут! — неяк зусім па-маладому прамовіла Старая.
— Каб ты запуставаў! — выказала свой бездапаможны праклён Маладзіцка.
— I напраўду ж няхай запустуе нечалавечына такая!
— Ня ведаю, цётачка, што далей рабіць?
— Больш пра спакойнае думай і ўсё будзе добра, галубка... Скажы, а на вясельлі тваім жанкі багата пілі?
— Пілі, не сядзелі ж рукі склаўшы. Па гарэлку так і цягліся, не па сітро ж... А што?
— Гэта нядобры знак для маладой, калі на яе вясельлі жанкі багата п’юць...
— А я й ня ведала, цётачка!
— Ну, нічога, як-небудзь яно будзе... А ты дзеўка з віду вельмі спраўная! Ну, як тая хвоя — стой ды дзівіся... Я свайму сыну, калі жаніцца захацеў, сказала: не бяры спраўную, бо спраўная можа быць спраўнай і для некага. Бяры нехорузную1, такая будзе толькі для цябе...
— Паслухаўся?
— А як жа, паслухаўся... А ты, галубка, мусіць, падгульвала трохі, і твой на цябе, можа, за гэта і гневаецца?
— Што вы, цётачка, і ў думках не было такога!
— Ну, добра, добра... А якое ён рамяство мае?
— Печы кладзе.
— I мой стары некалі печы клаў... А твой п’е?
— Не, і ў рот не бярэ. Мо каб піў, то не такім бы нарваным быў?!
— Э, не кажы так, бо няможна казаць, ня знаючы! А я знаю, бо мой піў ды так піў, што ажно гай гуў!.. А я за яго дзеўкай пайшла. Яго жонка-нябожчыца двое дзетак пакінула яму. Ён мяне паклікаў, я й пайшла...
— I як вы, цётачка, не пабаяліся на двое дзяцей пайсьці ды яшчэ за п’яніцу?!
— У яго грошы вяліся. А пайшла б за беднага па тым часе — загінула б! А ён майстар быў, зарабляць злоты ўмеў і ўсё хваліўся, што хоць чарку любіць, а хату пабудаваў... I гэта ён праўду казаў, бо цяперашнім сьветам як бывае: піць п’юць, а пабудаваць нічога ня могуць, бо прапі­ваюцца. А мой піў і не прапіваўся...
Раптам ззаду мяне заплакала немаўля — якраз там, дзе сядзелі мае гаваркія аднадарожніцы.
— Чуеш, галубка, малое плача? I ці ня ў сумцы тваёй? — устрапянулася Старая.
— Праўда, цётачка, у сумцы, — пакорліва адказала Маладзіцка.
— Тваё дзіця?
— Маё...
— Хай ты жывая будзеш! Пакажы...
— Вось, цётачка, глядзіце... Дзіця ў сумцы?!
Тут я дзеля зразумелай цікавасьці азірнуўся і коратка, скоса пагля­дзеў у шчыліну паміж сьпінак аўтобусных крэслаў; на каленях у Маладзіцкі ўбачыў расшпіленую чорную базарную сумку, у якой, абкла­дзенае газецінамі, ляжала, плачучы, спавітае дзіця.
Маладзіцка ўзяла яго на рукі, пяшчотна прытуліла да грудзей, і яно тут жа ўціхла.
— Тваё? — нібыта не даючы веры, зноў спытала Старая.
— Маё. Другое. Якраз еду з радзільні...
— А чаму яго вязеш, як украўшы?
— Бо мой, каб на яго прах найшоў, не прыехаў па мяне, а ў мяне пасьля родаў рукі чамусьці вельмі баляць! Не магу доўга дзіцятка на руках трымаць. Гэта з нерваў усё. Вось мне ў радзільні й далі гэту сумку...
— А я гадавала трое, двое чужых і адно сваё! — Старая раптам запла-кала. — Усё ў цябе будзе па-божаму, я ведаю... Ён пабачыць гэтае дзіцятка і памякчэе душой, памяняецца да цябе, любіць пачне... А там і трэцяе родзіш... Чым больш дзяцей у злога, тым ён менш зьлейшым робіцца... Ты толькі не кідай яго, жыві... Цярпі, галубка, а жыві з ім, бо ён жа твой чалавек... Як разам са сваім чалавекам жывеш, то ўбачыш старасьці...
— Дзякуй вам, цётачка, супакоілі вы маё сэрца...
Маладзіцка даехала да сваёй вёскі, старая да сваёй, і я застаўся бяз іхняй цудоўнай балючай гаманы...
Пэўна ж, Маладзіцка паверыла Старой, што ўсё будзе добра і таму ёй трэба жыць са сваім чалавекам давеку.
I я паверыў Старой, і ўвогуле падслуханае мной раптам уявілася мне і цікавейшым, і важнейшым за мой пісьменьніцкі клопат, які выправіў мяне ў гэту дарогу...
Тым часам аўтобуснае радыё не змаўкала:
«... эта даёт уверанасць надзеяцца, што ўся ўборачна кампанія будзе саатвестваваць яё старту... Хачу асоба падчаркнуць, што очань многа імеяцца істочнікаў загразняюшчых вяшчэўств і па праімушчаству эці істочнікі ацечаственныя і ваабшчэ саабшчу ў парадке спраўкі: паля распублікі, как нікагда, засараны ўсёй нашай сорнай расціцяльнасцю...»
13 траўня 2005 г.