12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Трасца.
Паэма



Трасца бегае па лесе
І па ніве, і па лузе...
То ў нару да ліса ўлезе,
То засьне ў мядзьведжым вусе.

Трасца поўзае па мосе,
Па саломе і па сене...
Стрэне ж лося у гаросе
І аленя ў сене стрэне.

Скокма скача па карэньні,
Што аблытала крыніцу,
І бярэ на зуб каменьні,
І дзярэ аб дуб спадніцу;

Плёхма плёхае ў балоце,
Азярыне і ярузе,
Яме, сажалцы, затоцы,
Старыку, рацэ, калюзе;

Лётма лётае над хатай
І над клецьцю, і над пуняй...
То прыкінецца гарбатай,
То дзівоснаю красуняй!

Потым сноўдае па хаце,
Шкрабучы аб куфар плечы...
То заскочыць на палаці,
То схаваецца ў падпеччы.

І да чалавека трасца
(Божа крый – брыда якая!),
Як, пранырлівай, удасца,
Дык адразу прыпадае.

І ўжо гойсае наўкола
Ля царквы і сінагогі,
Ля мячэці і касьцёла...
Дзе ступіла – там і ногі!

А часьцей дык на асіне
Не дае спакою лісьцям...
Кожны лісьцік на галіне
Торгаецца без карысьці...

І ў душы яе даволі,
Хоць крапі сьвятой вадзіцай...
Не пазбавішся ніколі,
Як бы не хацеў пазбыцца!

Трасца скрозь – і тут, і тама
У старонцы нашай мілай,
А яшчэ ж яна таксама
Й нашу мову ўзбагаціла.

Як няўдача завітае,
Нервам даючы нагрузку,
Кожны трасцу ўспамінае –
Гэта ж так па-беларуску!..

Тут, чытачу мой прыемны,
Памяняю рытм паэмы,
Каб адцеміць: і пры ўдачы
Трасцу помніць...
Хто?
Гарачы!

Той, Гарачы, з весялосьці
Кідае прыпеўкамі,
Ў БНФ упаўшы ў госьці
З маладымі дзеўкамі:

“Трасца ў рэбры, трасца ў бокі
Маскалю й паляку,
Трасца ў вушы, трасца ў вокі,
А яшчэ і ў ср...у.

Як пакоцяць ад усходу,
Ці з заходу бочкі –
Трасцу ўхопяць, а ня згоду
Два браты-браточкі!

Пабрацімы-пшыяцеле
(Два арлы, тры дзюбы!)
Нашу кроў займець хацелі
І вялі да згубы.

Кожны пры сваёй даўбешцы,
З доўгімі рукамі...
Ну, а што займелі ўрэшце –
Ведаеце самі!..”

Тут Гарачага пакіну,
Хай успамінае бітвы,
Вершаваную тканіну
Завяршу ранейшым рытмам.

Так мяркую: трасца зроду
Беларускасьці падмурак,
Нашай сутнасьці прытулак,
І таму ня мае зводу!

Наша трасца ў нашай ласцы,
Наша трасца ў нашым зьдзеку,
І замешана ж на трасцы
Мудрасьць нашая адвеку.

Бэрко дзед, я памятаю,
Гаварыў унуку Бэрку:
“Неразумны трасцу мае,
А разумненькі цукерку...”

Баба Прося (й сёньня чую!)
Так вучыла з агарода:
“Трасцу хату пабудуе
Дурань, п’яніца і лодар!..”

Гэта слова, гэта ява
З нашых лавак, нашых тронаў –
І лексічная праява,
І спадарыня праклёнаў.

І таму з усіх амбонаў
Заклік хай ляціць крылата:
“Беларусь – зямля праклёнаў,
А ня матаў-пераматаў!”
25 жніўня 2007


«Дзеяслоўцы» шчыра віншуюць свайго сябра і сталага аўтара
Леаніда Дранько-Майсюка з юбілеем.
Зычым сп. Леаніду і надалей заставацца гэткім жа маладым,
апантаным словам, нястомным у творчасьці і каханьні...