12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Няхай жыцьцём кіруе сьмех...
Вершы


Хвалебная песьня новасловам

Давайма зноў і зноў
З упартасьцю лагоднаю
Замест няродных слоў
Уводзіць словы родныя!

Калі ж няма такіх,
То згодна мовы нашае,
Прыдумаць трэба іх
З павольнасьцю разважнаю...

(Без самапахвальбы
І радасьці залішняе
Купала так рабіў,
Рабілі так узвышанцы!..)

Каб наш квітнеў загон,
То ў чэрвені і ў ліпені
Ганіце з хаты вон
Чужыншчыну прыліплую!

Во – гора: інтэрнэт...
Заміж такой няўклюдзіны
Кажыце: словасьвет
І ў травені, і ў студзені.

Кажыце круглы год,
Калі й стамляцца станеце,
Ня прынтэр, а выход
І застанецца ў памяці!

І не камп’ютэр, не!
Асьветар – слова лепшае,
Бо ў нашай старане
Асьветай сьвет завершаны.

І хай па-над гарой
Мабільнікаў з мабіламі
Жыве далькажык мой –
Такое слова мілае!

Далькажык даль і каж...
Кажы далёка, сонейка,
Мяне прасьвечвай аж
Да самага да донейка!
27 красавіка – 3 ліпеня 2008


Два вясёлыя вершы Труфальдзіна
паводле камедыі Карла Гальдоні
“Слуга двух гаспадароў”:

Пралог

Пралог сьпектакля – маналог
Зьмястоўны і свабодны;
Мой маналог і ёсьць пралог
Падзей неверагодных!

Прызнаюся бяз лішніх слоў,
Ня робячы сакрэтаў,
Я – плён фантазіі і сноў
Вясёлага паэта.

Не заціскаючы душу
На ланцугу сабачым,
Я праўду пра сябе скажу.
Што станецца – пабачым...

Дык вось, паказ пачаўся наш,
У ім няма каварства,
Бо ў ім слуга пакорны ваш –
Галоўны самы персанаж,
Шаноўнае спадарства!

Не выглядаю я крутым –
Сялянская парода –
Аднак жа ганаруся тым,
Што выйшаў я з народа!

І веру розуму свайму,
І ў меру я хлусьлівы –
І вось таму, і вось таму
Заўсёды я шчасьлівы.

Душа спакойная мая,
Бо не жадае славы,
З дзяўчатамі заўсёды я
Пяшчотны і ласкавы.

Ня бачу я сваёй віны,
Што ласкай мандаліны
Мяне хвалююць і яны, –
Замужнія жанчыны!

А што мужчыны? Што мужы?
Саноўныя вяльможы?..
Пра іх маўчу, бо для душы
Так спакайней, мой Божа!

Жыву, як сонейка жыве,
У хаце ці ў палацы,
І тое мне не ў галаве,
І гэта не ў лапатцы!

Карчму люблю, тэатр люблю,
У крэсьле раскладуся...
Як сумна граюць – дык пасплю...
Ня сумна – пасьмяюся...

І не абжора так які,
Хаця магу пад’есьці!
А выпівака я такі –
Ня больш за грамаў дзьвесьце!

І не люблю я працаваць!
Ды як пра гэта вам сказаць,
Гучала каб культурней,
І разам з тым, каб не збрахаць?!
Скажу як ёсьць (ну, што хаваць!):
“Няхай працуюць дурні!”

Вядома ж вам, сябры мае:
Малая з працы радасьць,
Яна здароўе нам псуе
І набліжае старасьць!

Мой кліч такі – адпачываць!
І не пакутаваць – кахаць
Пад знакам прыгажосьці!
Мы, італьянцы, – сьпевакі,
Танцоры і жартаўнікі,
Бяздумнасьці вартаўнікі,
Мы – дзеці весялосьці!

Нам што ні дзень – то выхадны!
Зайздросьце, чужаземцы,
І думайце за нас адны –
Французы, шведы, немцы!

А кожны з нас каханьня час
Сваёй аддасьць гандоле,
Па-маладому кожны з нас
Вясло заглыбіць здольны!

Вясёлы грэх ужо ня грэх –
Апрануты ці голы...
Няхай жыцьцём кіруе сьмех,
Здаровы і вясёлы!

Душа мая, душа мая –
Прывабная карціна!
Завуся я, завуся я
Прыгожа – Труфальдзіна!

На сцэну выйшаў, так сказаць,
Ня сёньня і ня ўчора,
Каб вам, шаноўным, нагадаць
Пралог – пачатак твора!

Сябе стаміўшыя нашчэнт,
Жывіце тут шчасьліва,
Пакуль вас не пазваў яшчэ
Стары Абрам на піва!

29 чэрвеня 2007 г.


Эпілог
Служыць нядобра двум гаспадарам,
Ды грошай зарабіў я да халеры,
Што вас усіх з галёркі і партэра
Магу ў любы завесьці рэстаран.

І за здароўе тыя ж дзьвесьце грам
Я падыму, не перабраўшы меру...
Мяне кахаюць, і я ў тое веру,
Я іншы стаў, бо пакахаў і сам.

Каханьне не такі і часты госьць,
Таму сваё чакаючы каханьне,
Захоўвайце заўсёды весялосьць,

І будзе вам тады маё спрыяньне...
Служыць гаспадарам ужо мне дос’ць,
Цяпер я ваш слуга аж да скананьня!
30 чэрвеня 2007 г.