12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Далькажык. Апавяданьне


Раніцай, 8 кастрычніка 2004 года, да выдавецкага рэдактара Т. падступіў чарнявы, гадоў дваццаці пяці, дробны хлопец.
Сталася тое ў Менску на свіслацкім беразе, якраз ка­ля мосціка Змітрака Бядулі.
Каля гэтага музейнага мосціка добра думалася, асаб­ліва раніцай, і рэдактар Т. прызвычаіўся завітваць сюды перад работай.
Тут, перад тым як растаць у глухаце свайго выдавецтва, рэдактар Т. па малой цаглінцы марудна выбудоўваў твор.
Які?
Пакуль што невядома які...
Героя нашага стаміла доўгае рэдактарства, ён ужо даўно хацеў не чужое чытаць, а сваё пісаць, таму работу рэдактара называў работай малпы, якая мые падлогу.
Яшчэ трэба сказаць і пра тое, што ў яго была схіль­­насць да рамантычнай філалогіі; ён любіў выдумляць новыя словы і любіў іх укараняць, жартоўна даводзячы знаёмым і незнаёмым, што гэтыя словы існавалі ў беларускай мове спрадвеку, але на іх забыліся.
Новых слоў у яго было няшмат, але ён ганарыўся імі і прагнуў стварыць нешта пластычнае і вабнае, можа нават крыху авантурнае (вядома, з улікам гэтых новатвораў) – спрабаваў выштукаваць нейкі дынамічны сюжэт, багаты на залаціны сённяшняга дня.
Словам, рэдактар Т., як і заўсёды, быў творча замаркочаны, і вось тут, на бязлюдным беразе, да яго й падступіў чарнявы дзяцюк.
Празмерна ветліва павітаўшыся (рэдактар Т. адзначыў гэтую празмернасць), чарнявы папрасіў:
– Дазвольце, калі ласка, пазваніць з вашага мабільніка!
Пазваніць з мабільніка?!
У сэрцы будучага пісьменніка імгненна зазвінелі неалагічныя струны, у скронях пацяплела, і ён выдыхнуў:
– А ведаеце, як па-беларуску называецца мабільнік?
– Як? – непадманна пацікавіўся чарнявы.
– Далькажык!
– Далькажык?! – захоплена паўтарыў чарнявы.
– Так, далькажык! Гэта значыць, далёка казаць!
– Супер! – пахваліў чарнявы.
Задаволены рэдактар Т. падаў чарняваму сваю “матаролу”, і той, па­дзякаваўшы, яшчэ паясніў, што яму вельмі трэба перагаварыць з дружбаном, а тады ўжо – пасля гэтага паяснення – адступіў крыху ўбок, натыкаў патрэбны нумар, яшчэ адступіў і яшчэ, пагаманіў з дружбаном пра грошы, назваў яго “жмотам”, уздыхнуў, сплюнуў, вольнай рукой расчаравана ляснуў сябе па джынсавым сцягну і, не вярнуўшы “матаролу”, пабег напрамкам да Ерусалімскай вуліцы.
Рэдактару Т. на адзін міг мову заняло; ён пхнуўся быў за нахабам услед і прабег нават метраў пяцьдзесят, з усёй сілай крычучы: “Аддай! Аддай!..”
Аднак дзе яму, у яго поўныя паўвека, збегчыся з такім спраўняком.
Паблізу ж па-ранейшаму нікога не было, таму, крыху аддыхаўшыся, ён збянтэжана спытаўся ў самога сябе:
– Гэта што, рабаванне?
І самому ж сабе й адказаў:
– Рабаванне!
Што рабіць, пакуль не ведаў...
Махнуць рукой, раз дурань такі!
З першага ж подступу адчуў нядобрае!
Гэтая залішняя абыходлівасць смаркача кінулася ж у вочы!
Але размораны марамі пра пісьменніцтва, купіўся на далікатнасць і пахвальбу саплівага злодзея, нават пусціўся ў этымалогію, і даў у цэнтры Менска сябе аблапошыць!
Сам сабе сораму нарабіў!
Ці ж не чуў і па радыё, і па тэлевізары: “...не давайце карыстацца сваім далькажыкам выпадковым людзям!”
Чуў!
Трыста разоў чуў!
І вось на табе...
Перасцярога прымусіла аднак суцішыць нервы: не, трэба ўсё ж такі дакласціся ў міліцыю!
Калі з рук гэтага драбняка “матарола” пераляціць да нейкага там банальнага “майстра”, які ўвядзе ў яе новую праграму – то гэта хай сабе.
А калі ж трапіць да сапраўднага бандыта, то гэта ўжо зусім іншая му­зыка!
Даказвай пасля, што цябе абакралі, а не сам ты ўцяпліў сувяззю злачынца і ў такі спосаб не саўдзельнік ягоны!..
З выдавецтва спачатку пазваніў на свой нумар (а раптам зладзюжка адгукнецца!), але далькажык быў аддалькажаны; тады ўжо набраў міліцыю...
Звонячы ў міліцыю, і блізка не думаў, што сам чарнявы можа быць “майстрам”, які “перашывае” трубкі, ці бандытам – ці адначасова й тым, і гэтым.
Не, па камплекцыі відаць, што гэтае хлапчанё толькі крадзе й збывае...
Са следчым рэдактар Т. сустрэўся на мосціку Змітрака Бядулі.
Што такое далькажык следчы не перапытаў – здагадаўся; ён, што цікава, наогул мала пытаў – а пахадзіў па мосціку, агледзеў, закіданы смеццем, бераг ракі, чамусьці сфатаграфаваў свіслацкую ваду, а потым прывёз нашага героя на ягоную кватэру па вэлкомаўскія дакументы, а тады ўжо даставіў і ў міліцэйню.
Там разгарнуў зладзейскі альбом, усім сваім негасцінным выглядам паказваючы – які гэта абрыдлы занятак штодня шукаць украдзеныя мабілы!
Рэдактар Т. уважліва, нават пальцам па старонках праводзіў, углядаўся ў кожнае набычанае аблічча, аднак жа чарнявага ні на якай картцы не знайшоў.
Раптам успомніў:
– Ён далькажыў па маім далькажыку!
– Што значыць далькажыў? – следчы падняў вочы.
– Званіў!
– Тады папрасіце вашу дэталізацыю за гэты дзень!
– І я думаю пра тое! – падбадзёрыўся рэдактар Т. – Па раздрукоўцы ж званкоў можна выйсці на таго, каму ён далькажыў і гэтак патрапіць на яго след!
Тут следчы згарнуў рукі:
– Ён мог імітаваць званок!
Рэдактар Т. не паверыў:
– Імітаваць?!
– Ну, так... Як гэта кажуць, каб усыпіць вашу ўвагу!
– Ды не... Ён размаўляў даволі доўга, гаварыў пра нейкія грошы, гаворкай застаўся незадаволены! Ды не... Гэта не была імітацыя!
– Няхай сабе й так! – следчы загарнуў альбом. – Спытаемся мы ў таго, каму быў званок: хто вам сёння раніцай, 8 кастрычніка, званіў?
– А сёмай раніцы! – падказаў рэдактар Т.
– Няхай сабе а сёмай раніцы! І хутчэй за ўсё пачуем такі адказ: званок быў, але гэта памыліліся нумарам!
Рэдактар Т. незадаволена патрос галавой:
– Усё-ткі я паеду ў вэлкам, бо гэта ж вельмі падазрона, калі памыляюцца нумарам, а пра грошы гавораць ажно секунд сорак!
Следчы заключыў:
– Едзьце, вам усё адно трэба ім заявіць, каб заблакіравалі вашу трубку...
У вэлкаме трубку заблакіравалі, раздрукоўку выдалі, і рэдактар Т. не марудзіў – тут жа вярнуўся ў міліцэйню.
– Во! – паклаў перад следчым усыпаную дробнымі лічбамі паперыну.
– Што? – нібыта не зразумеў следчы.
– Тут падкрэслены той нумар, па якім ён далькажыў з майго далькажыка!
– Ну, добра... Будзем шукаць...
І пакуль усё на гэтым.
І толькі недзе праз месяц рэдактару Т. далі знаць: злодзея знайшлі, і паклікалі на апазнанне.
Сапраўды, знайшлі – у міліцэйні рэдактар Т. убачыў чарнявага; ён гэтак жа, як і тады на беразе, ветліва павітаўся.
У пакоі была яшчэ й маладзічка, – худзенькая й маўклівая, – таксама пацярпелая.
Гэта ж трэба, тым самым ранкам чарнявы ў такі спосаб і яе абра­ба­ваў!
Не хлопец – зух!
Маладзічка ўжо “апазнала” чарнявага, “апазнаў” і рэдактар Т., і задаволе­ны следчы абвясціў:
– Ён з’явіўся сам! Мы яго зусім трошкі патрымалі ў сізо, для парадку...
– А раздрукоўка мая памагла? – уставіў сваё рэдактар Т.
– Памагла. Ён званіў сябру, і гэты сябар будзе ў судзе за сведку. Следчую справу я завяршаю, чакайце позву ў суд...
Ужо на вуліцы рэдактар Т. распытаў маладзічку – а як з ёю было?
Маладзічка расказала.
Танцорка начнога клуба, яна, адтанцаваўшы, збіралася ад гасцініцы “Беларусь” ехаць дадому, а тут і падплыў да яе абыходлівы юначок.
– Тое, што сам прыйшоў – добра! Але гэта ці паможа? Два крадзяжы ўсё ж! Могуць пасадзіць! – пашкадаваў рэдактар Т.
Маладзічка моўчкі згадзілася...
Судовая позва тым часам не забавілася – прыйшла па пошце за подпісам сакратара суда (рэдактара Т. выклікалі як пацярпелага); у тым жа канверце была й пастанова на прызначэнне судовага разбору за подпісам суддзі і папера з раённай пракуратуры.
Намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска, ён жа малодшы рад­ца юстыцыі, паведамляў, што крымінальная справа № 04011092165 па абві­навачанні (у гэтым месцы было ўказана імя няўдалага злодзея) ў адпаведнасці з патрабаваннем артыкула 266 КПК РБ накіравана ў суд Цэнтральнага раёна Мінска для разгляду...
Якая мова!
Рэдактар Т. ажно вочы заплюшчыў, прачытаўшы.
Кожнае слова як цвік!
А яны, юрысты, закаранелыя праўнікі, карыстаюцца ёю штодня і бяды ніякай не бачаць, што яна шкілетная.
Наадварот, цешацца, што добра валодаюць ёю – можа, нават нехта з іх на гэтай мове й вершыкі лірычныя складае...
Проста з вуліцы, як па коўзанцы праслізнуўшы маленькі калідорчык, рэдактар Т. трапіў у судовую залку.
Сапраўды, гэта была не зала, а залка; у ёй, як у благім тэатрыку, усяго было мала – акцёраў, дэкарацыяў, гледачоў, асвятлення і самой плошчы.
І наогул гэты суд быў як і не суд, а нібыта пасядзёнкі ў колішняй па­ле­скай хаце.
Прынамсі, так нашаму герою здалося...
Калі ўсе сабраліся, карціна склалася такая: проста перад вачыма за высокім сталом жанчына-суддзя ў чорнай мантыі, збоку злева ў сінім пінжаку пракурор, а справа за маленькім столікам сакратарка ў блакітнай кофтачцы.
Народных засядацеляў не было, што гаварыла пра звычайнасць працэсу.
Рэдактар Т. сядзеў з танцоркай на другой лаве, паблізу прытулілася ма­ці чарнявага, а сам ён цёрся спераду.
Судовая п’еса пачала стварацца з пытання суддзі і адказу пракурора.
Суддзя. У якім парадку будзем разглядаць доказы?
Пракурор. У звычайным парадку...
Трэба яшчэ сказаць, што адваката чарнявы не ўзяў, збіраўся абараняць сябе сам, і, пэўна ж, з непрывычкі гэтае самаадвакацтва ап’яняла яго, бо ён то развальваўся на лаўцы, як на канапе, то, як малпачка, вырачваў вочы, а то нават крыху задзіраўся (суддзя не змоўчала аднаго разу, папярэдзіла: “Будзеце й далей так паводзіць сябе, складзем пратакол!”)...
Суддзя. Абвінавачаны, дзе вы працуеце?
Чарнявы. На базары.
Суддзя. Кім?
Чарнявы. Грузчыкам.
Суддзя. Маеце дакументы, якія пацвердзілі б, што вы працуеце на базары?
Чарнявы. Запішыце з маіх слоў, што я там працую.
Суддзя (іранічна). Так узяла й запісала! І менавіта з вашых слоў!
Чарнявы. А што тут такога?
Суддзя. Мне здаецца, што вы не зусім уяўляеце, дзе знаходзіцеся?!
Чарнявы. У судзе.
Суддзя. Дык трэба ж было падрыхтавацца да суда!
Чарнявы. Я падрыхтаваўся.
Суддзя. Яно й бачна! Нават не прынеслі характарыстыку з работы!
Чарнявы. Забыў прынесці.
Суддзя. Як слаўна, забыў і ніякага клопату! Колькі вы былі ў сізо?
Чарнявы. Трое сутак.
Суддзя. З якога й па якое?
Чарнявы. Забыў.
Суддзя. Зноў забыў! Можна падумаць, арышт міма вас прайшоў!
Чарнявы. Чаму міма?
Суддзя. Мусіць, на нарах вам было вельмі добра?
Чарнявы. А-а, успомніў! З 15-га па 18-га... Недзе ў гэтым раёне...
Суддзя (кпліва). Недзе ў гэтым раёне... (Пагартаўшы следчую справу.) Абвінавачаны, вы называеце мабільны тэлефон далькажыкам. Чаму?
Чарнявы. Таму што па-беларуску мабільны тэлефон і ёсць далькажык.
У рэдактара Т. соладка заныла сэрца.
Суддзя. Добра, няхай будзе так. Дык вось, вы заявілі следчаму, што ўкрадзеныя... гэтыя самыя... далькажыкі прадавалі?
Чарнявы. Прадаваў.
Суддзя. І, вядома ж, тых людзей, якім прадавалі, не запомнілі?
Чарнявы. Не запомніў...
Суддзя. Гэта былі выпадковыя людзі?
Чарнявы. Выпадковыя...
Суддзя (паглядзеўшы ўбок). З іх ніхто не супастаўляў серыйныя нумары з нумарамі гарантыйных талонаў?
Чарнявы (здзівіўшыся). Ніхто...
Суддзя (нібыта недаверліва). А можа нехта ўсё ж такі набіраў на клавіятуры зорку, краты, 06, краты?
Чарнявы (яшчэ больш здзівіўшыся). А навошта набіраць, калі на руках у мяне не было ніякіх гарантыйных талонаў! З чым было супастаўляць?
Суддзя (усміхнуўшыся). Лагічна!
Чарнявы (задаволена). Лагічней не бывае!
Суддзя. І ў першым эпізодзе, і ў другім вы проста соўвалі пакупніку далькажык, а пакупнік тут жа даваў грошы? Так?
Чарнявы. Так яно й было!
Судовая п’еса пашыралася, мацнела ў сваёй павольнай плыні, набірала быстру, але не падымала ў душы рэдактара Т. асаблівай трывогі; ён быў упэўнены: усё абыдзецца добра.
От жа ж і суддзя прыняла слова далькажык, не адкінула!
Яна хоць і злуецца на чарнявага, спрабуе злавіць яго на мякіне, але моцна не засудзіць, пашкадуе: прысуд будзе памяркоўны, бо злосць яе нейкая не злая, а, можна сказаць, хатняя...
Прымусіўшы хлопца расказаць усё ад а да я, суддзя ўрэшце спытала, ці прызнае ён сваю віну, і той адказаў, што прызнае, і гэта зусім супакоіла рэдактара Т.
Не, усё будзе так, як трэба.
От жа й пракурор сваім першым пытаннем настроіў хлопца на ясны адказ...
Чарнявы. Той раніцай, 8 кастрычніка 2004 года, я выйшаў з начнога клуба, дзе прайграўся. Мне патрэбны былі грошы. І тут я ўбачыў мужчыну... (Чарнявы махнуў галавой на рэдактара Т.)
Пракурор. Мужчына быў адзін?
Чарнявы. Адзін...
Пракурор. Вы ўбачылі мужчыну на беразе Свіслачы, паблізу гасцініцы “Беларусь”?
Чарнявы. Так...
Пракурор. І што вы далей зрабілі?
Чарнявы. Я падышоў і папрасіў далькажык...
Пракурор. Навошта?
Чарнявы. Каб пазваніць сябру...
Пракурор. І мужчына свой далькажык даў?
Чарнявы. Так...
Пракурор. І вы пазванілі?
Чарнявы. Я пазваніў, але сябар адмовіўся пазычыць грошы.
Пракурор. А чаму не званілі са свайго далькажыка?
Чарнявы. Я залажыў яго ў ламбард.
Пракурор. І, вядома ж, выручаныя грошы прайгралі?
Чарнявы. Прайграў...
Пракурор. А што далей было?
Чарнявы. Я ўцёк ад гэтага мужчыны.
Пракурор. Чаму вы так зрабілі?
Чарнявы. Не ведаю.
Пракурор. Захацелі ўкрасці далькажык?
Чарнявы. Я не думаў красці, проста скарыстаў зручны выпадак.
Пракурор. Жаданне завалодаць далькажыкам узнікла спантанна?
Чарнявы. Калі сябар сказаў, што не дасць грошай, то мне злосць у галаву стукнула. Я не планаваў крадзяжу.
Пракурор. Гэта не проста крадзеж, гэта рабаванне!
Чарнявы (бліснуўшы вачыма). Прашу ўлічыць, у міліцыю я сам прыйшоў!
Пракурор. Добра... А далькажык прадалі каму?
Чарнявы. Я ж казаў, што не памятаю каму, бо вялікая спешка была!
Пракурор. Дзе прадалі?
Чарнявы. На стаянцы таксі.
Пракурор (зяхнуўшы). На якой стаянцы?
Чарнявы. Каля гасцініцы “Беларусь”.
Пракурор. За якую суму?
Чарнявы. За трыццаць пяць тысяч.
Пракурор. Пакупніка доўга шукалі?
Чарнявы. Не, тут жа й прадаў...
Пракурор. А грошы куды дзелі?
Чарнявы. Прайграў у клубе.
Пракурор (з усмехам). Я бачу, што вы ходзіце не выйграваць, а прайграваць.
Чарнявы. Пакуль не шанцуе.
Пракурор (сур’ёзным голасам). Калі не шанцуе, то раю туды не хадзіць!
Чарнявы. Некалі ж пашанцуе.
Пракурор. Угу, чакайце каля мора пагоды. Вы пакрылі пацярпеламу страту?
Чарнявы. Не...
Пракурор. А трэба ж было вярнуць грошы, узяць з пацярпелага распіску і прынесці яе ў суд!
Чарнявы. Ну, не здагадаўся я...
Пракурор (з ноткай тэатральнага жалю). Не здагадаўся... Так, гэта першы эпізод, а другі?
І чарнявы расказаў, як тым жа ранкам, але трохі пазней, ля гасцініцы “Беларусь” убачыў танцорку, як завалодаў яе далькажыкам, як прадаў яго зноў жа ў спешцы і зноў невядома каму, і зноў жа за трыццаць пяць тысяч, але ўжо не на стаянцы таксі, а ў Траецкім прадмесці, і вядома ж, і гэтыя грошы прасадзіў і, само па сабе, страту танцорцы не пакрыў.
Ухмыльнуўшыся пачутаму, пракурор сказаў суддзі, што ў яго больш пытанняў няма...
Суддзя. Абвінавачаны, а вы хоць рабілі нешта для таго, каб, скажам, пагасіць страту пацярпеламу?
Чарнявы. Шукаў такі самы далькажык.
Суддзя. Дзе шукалі?
Чарнявы. У крамах...
Суддзя (паглядзеўшы ў папку з паперамі). Вы шукалі “Матаролу С200”?
Чарнявы. Ну, так...
Суддзя (да рэдактара Т.). Гэта дарагая мадэль?
Рэдактар Т. (падняўшыся). Не, не вельмі дарагая.
Суддзя. Колькі яна каштуе?
Рэдактар Т. Даляраў восемдзесят.
Суддзя. Дзякуй. Сядайце, калі ласка... (Да Чарнявага). Чаму вы проста не заплацілі пацярпеламу?
Чарнявы. Не было чым плаціць.
Суддзя. Ну, вядома ж, і пацярпелай не было чым сплаціць?!
Чарнявы. Я зноў шукаў такі самы далькажык.
Суддзя (паглядзеўшы ў папку). “Эрыксан А2628S”?
Чарнявы. Так, я шукаў “Эрыксана”.
Суддзя (да Танцоркі). А колькі гэта мадэль каштуе?
Танцорка (падняўшыся). Сто дваццаць тры тысячы.
Суддзя. Вялікі дзякуй. Сядайце, калі ласка... (Да Чарнявага). Што, у вас зусім не было грошай?
Чарнявы. Чаму зусім не было? Былі!
Суддзя. І вы іх зноў прайгралі?
Чарнявы (паглядзеўшы ў столь). Зноў.
Суддзя. Калі вы апошні раз былі ў казіно?
Чарнявы. Учора.
“Ну, й дурань! – апусціў галаву рэдактар Т. – Хоць бы схлусіў і то лягчэй было б! Хоць бы сказаў, што месяц назад быў і больш туды не пайду!”
Суддзя. Нешта зусім не адчуваецца вашага пакаяння?
Чарнявы. Вы не адчуваеце яго ў маіх словах, ці ў маіх дзеяннях?
“Што ты лезеш у агонь!” – рэдактар Т. прыкусіў ніжнюю губу.
Суддзя (павышаным тонам). Вы прыйшлі сюды пытанні задаваць?
Чарнявы. Не...
Суддзя. Тады лепей падумалі б, як жыць будзеце!
Чарнявы (раптам сеў на лаву, склаў на грудзях рукі і закінуў нага на нагу). Я бабкі заўсёды знайду! Я фартовы!
Суддзя (строга). Абвінавачаны, устаньце! За некарэктныя паводзіны ў судзе выношу вам заўвагу з занясеннем у пратакол!
Чарнявы (падымаецца). Выбачайце, калі ласка...
“Вось гэтак лепей!” – крыху супакоіўся рэдактар Т.
Суддзя. Вы часта бываеце ў казіно?
Чарнявы. Не так ужо й часта.
Суддзя. Толькі тады, калі грошы з’яўляюцца?!
Чарнявы. Без іх туды няма чаго йсці.
Суддзя. А грошы з’яўляюцца, калі збываеце чужыя далькажыкі?!
Чарнявы. Грошы па-рознаму з’яўляюцца...
Суддзя (сцэнічна здзівіўшыся). Па-рознаму?! Раскажыце, калі ласка!
Чарнявы. Вось, напрыклад, з месяц таму йшоў па вуліцы і знайшоў сто даляраў...
Суддзя. І што ж гэта за вуліца такая, на якой так лёгка можна знайсці сто даляраў?!
Чарнявы. Вуліца Леніна...
“От, боўдзіла!” – сціснуў зубы рэдатар Т.
Суддзя. А ці не гэтая вуліца спачатку вядзе ў сізо, пасля ў суд, а тады ўжо проста ў турму?!
Чарнявы. Я першы раз у судзе...
Суддзя. Ваша шчасце, што першы раз!
Чарнявы. Не зразумеў...
Суддзя (развёўшы рукі). Не зразумеў... Калі б судзілі вас паўторна, то вы былі б ужо вось у гэтай клетцы! (Паказала на клетку.) І пад моцным канвоем!
Падымаючыся на сюжэтных крылах, судовая п’еса патрабавала новых з’яў, новых персанажаў, таму быў выкліканы сведка – сябар чарнявага, з выгляду – таксама зялёнае дзіця...
Сведка пацвердзіў, што раніцай 8 кастрычніка 2004 году яму далькажыў чарнявы і прасіў грошай, але грошай ён не даў, бо чарнявы не такі ўжо й вялікі яго сябар – так, проста знаёмы, з якім ён неяк перастрэўся ў адным камп’ютарным класе.
Больш нічога цікавага ад сведкі ні суддзя, ні пракурор не дабіліся, таму слова зноў узяў пракурор.
Ён папрасіў спачатку рэдактара Т., а пасля танцорку падрабязна апісаць сваю сустрэчу з чарнявым.
Рэдактар Т. расказаў што, як і дзе было – здаецца, нічога не прапусціў, вялікай ахвяры з сябе не састроіў і застаўся сабой задаволены.
І ў танцоркі злосці на падсуднага таксама ж не было...
Тады суддзя дазволіла чарняваму звярнуцца да пацярпелых, і ён, гле­дзячы то на рэдактара Т., а то на танцорку, папытаўся ў іх, ці можа заместа далькажыкаў вярнуць грошы.
Пацярпелыя згадзіліся.
Нешта аднатаваўшы ў сваіх паперах, суддзя напомніла чарняваму, што ён сам сябе абараняе, таму зараз можа выступіць як адвакат.
Не валодаючы адвакацкім красамоўствам, ён выступаў нядоўга – адразу ж скіраваў на тое, што зразумеў сваю віну і больш так рабіць не будзе, што ў яго наперадзе ўсё жыццё і ён яго пражыве сумленна, што будзе шмат працаваць, бо ён адзіны ж у сям’і мужчына і павінен клапаціцца пра сваю хворую бабулю і адзінокую маму.
Адгаварыўшы, паглядзеў на маці і дадаў, што ён шчыра просіць прабачэння ў суддзі, у пракурора і ў пацярпелых...
“Каб перапрасіў яшчэ й сакратарку, то гэта было б занадта, а так нічога сабе... Малайчына!” – рэдактар Т. нават усміхнуўся.
Тым часам у сваёй абвінаваўчай прамове пракурор папрасіў для чарнявага два гады калоніі агульнага рэжыму з адтэрміноўкай выканання прысуду на адзін год.
Рэдактар Т. і танцорка выставілі сваю просьбу – зменшыць, калі гэта магчыма, такое пакаранне, а то й зусім апраўдаць падсуднага – ён жа ж верне ім грошы!
Чарнявы, як адвакат, таксама папрасіў аб тым жа...
Суддзя, пракурор і сакратарка выйшлі раіцца.
Сакратарка неўзабаве вярнулася і сказала танцорцы і рэдактару Т.:
– Пра рашэнне суда можаце даведацца заўтра па тэлефоне!
І тут жа падступіла да чарнявага:
– А вам раю вярнуць грошы і заўтра да дзевяці раніцы прынесці ў суд распіскі!
– І што будзе? – як не пра сваё, а пра чужое спытаў чарнявы.
Сакратарка ажно ўспыхнула:
– Што будзе?! Прыгавор будзе абвешчаны!
Крутнулася й ляснула дзвярыма.
Здаецца, судовая п’еса ў сваім развіцці падышла да самага яркага эмацыянальнага пункту, і самы час было няўдаламу злодзею ўпасці ў ногі аба­крадзеным.
Аднак жа ён “не ўпаў”, таму рэдактар Т. і танцорка, трохі павагаўшыся, моўчкі напісалі распіскі, і няшчасная маці чарнявага падзякавала ім за іхняе дабро.
Пэўна ж, яна прыйшла ў суд толькі дзеля гэтага – падзякаваць чужым людзям, якім яе неразумны сын нарабіў непатрэбнага клопату, але якія не захацелі ўтапіць яго...
Назаўтра рэдактару Т. на хатні тэлефон пазваніла сакратарка, каб упэўніцца – ці сапраўды ён даў распіску?
Наш герой пацвердзіў гэта і недзе праз гадзіну дазнаўся, што чарнявы атрымаў усё тыя ж пракурорскія два гады з адтэрміноўкай выканання прысуду на год...
Дзякуй Богу, што хоць так...
Мінуў тыдзень і другі, і трэці; за гэты час рэдактар Т. ні разу не схадзіў да музейнага мосціка.
А навошта хадзіць туды, калі ў яго ўжо было пра што пісаць!
Мінуў урэшце месяц.
Асуджаны маўчаў, і рэдактар Т. ужо й не спадзяваўся ўбачыць свае грошы.
На паперы, што з раённай пракуратуры, быў адрас чарнявага, ён жыў не так ужо й далёка; можна было пад’ехаць, спытацца: чаму, браток, маўчыш?!
Дзе абяцанае?
Аднак ці варта?!
Ды й трохі страшнавата было ехаць, калі па праўдзе!
А раптам ён не авечка, як усё яшчэ думаецца, а воўк!
Рване маладымі ікламі, і лячыся тады да смерці!
Дарма, што з выгляду мізэрны...
Аднак жа ўсё павярнула на добрае – чарнявы адгукнуўся, прыехаў разам з маці, падаў у канверце восемдзесят даляраў, падаў нават пушку цукерак і адкрыўся, што такі самы канверт і такія ж цукеркі зараз павязе й танцорцы.
“Ну, што, усё на гэтым?!” – спытаўся ў сябе рэдактар Т.
Не, не ўсё!
Бо зноў прыйшла судовая позва – праўда, за подпісам іншай сакратаркі, а з позвай і пастанова на прызначэнне судовага разбору за подпісам таксама іншай жанчыны-суддзі; паперкі ж з раённай пракуратуры гэтым разам не было.
Як і раней, нашага героя выклікалі па справе чарнявага ў той жа суд Цэнтральнага раёна, толькі па другім ужо адрасе.
Суд пераехаў, ці што?
Адным словам, ненапісаная пакуль п’еса нечакана здабыла новую інтрыгу...
Рэдактар Т. паволі йшоў па доўгім калідоры, шукаў патрэбныя дзверы – вось пакой, у якім засядае суддзя па адміністрацыйных справах, вось пакой судовых выканаўцаў, вось пакой старшага судовага выканаўцы, вось яшчэ нешта, а от і патрэбны яму кабінет.
Так, гэтым разам была не судовая зала, няхай сабе й малая, а просты кабінет.
Рэдактара Т. папрасілі пачакаць, і ён, прысеўшы, раптам падумаў: “Чаму ў судах такія мулкія лаўкі? Ты – невінаваты ні ў чым, больш за тое – ты пацярпелы, а крыху пасядзіш на такой наседжанай дошцы і ўжо адчуваеш сябе вінаватым!.. І чаму суддзі – пераважна жанчыны? Уладныя, настойлівыя, з прыкметнай сухасцю ў голасе! Здаецца, яны не маюць ніякай лагоды! Ніякай цеплыні! Іхняя прысутнасць – як лёд! Спагада ледзь угадваецца... Як жыць з такой, маючы яе за жонку?.. Зрэшты, хто яго ведае – можа, яны такія на рабоце, а дома – весялухі-танцухі...”
Яго паклікалі.
– А дзе асуджаны? – такое было першае пытанне іншай жанчыны-суддзі.
– Не ведаю! – раптоўны халадок атуліў рэдактара Т. – Адкуль жа мне ведаць?!
– Я бачу, што ён хаваецца ад суда!
– Суд жа быў!
– На тым судзе ён утаіў судзімасць!
– Як гэта?! – рэдактар Т. няцямліва плюснуў вачыма.
Суддзя паведала: першы раз чарнявага судзілі ў судзе Ленінскага раёна і таксама ж за далькажыкі.
– Дык выходзіць, у яго дзве судзімасці! – здзіўленне рэдактара Т. ірванула цераз край.
– Выходзіць, што так! – суддзя незадаволена скрывіла рот.
– Але як ён здолеў схаваць першую судзімасць?! – рэдактар Т. у поўным недаўменні паглядзеў на сваю чыноўную суразмоўніцу.
– Звесткі пра разгляд яго справы ў судзе Ленінскага раёна са спазненнем унеслі ў камп’ютарную базу! – суддзя раздражнёна шкрабнула алоўкам па стале.
– Напэўна ж, прысуд не паспеў уступіць у законную сілу, таму й выйшла такое спазненне! – выказаў даволі прафесійную здагадку рэдактар Т.
Пачуўшы гэткае меркаванне, суддзя з павагай паглядзела на нашага героя:
– Магчыма. У гэтым якраз і разбіраемся! А магчыма й следчы палена­ваўся!
– Паленаваўся?! – дзеля формы перапытаў рэдактар Т., успомніўшы, як следчы знімаў свіслацкую ваду і незразумела чаму аглядаў закіданы смеццем бераг – усё адно як думаў знайсці там далькажык.
Суддзя падрахавала:
– Ён, відаць, не паслаў запытанне ў інфармацыйны цэнтр міністэрства ўнутраных спраў!
Рэдактар Т. хацеў уясніць, што звесткі пра ўсе судовыя выракі збіраюцца менавіта ў гэтым цэнтры, але не паспеў – з’явіўся сведка.
– Дзе ваш прыяцель? – спытала суддзя.
– Я даўно яго не бачыў! – сведка паціснуў дробнымі плячыма.
– Значыць, ён хаваецца! – суддзя апусціла аловак у пластмасавы кубак.
– Не ведаю, – сведка па-вераб’інаму паглядзеў у кут.
– Вашаму прыяцелю будзе зменена мера стрымання!
– А што ён яшчэ зрабіў?
– Схаваў судзімасць!
Сведка памаўчаў, зноў паглядзеў у кут і раптам ясельным голасам папрасіў:
– Жэншчына, падпішыце маю павестку, а то на работу спазнюся!
– Сакратар суда падпіша!
Сведка знік.
– Ну, цяпер ён сядзе па поўнай! – сказала суддзя.
– На колькі?!
– Да гадоў пяці!
– А, можа, яго проста рэменем адлупіць?! Малады ж яшчэ!
– Рэмень тут не паможа!
– А грошы ён аддаў! – як за апошняе, ухапіўся рэдактар Т. – І той жанчыне, з начнога клуба, таксама ж аддаў! Нават з цукеркамі!
– З цукеркамі?! – рагатнула суддзя. – Усё адно сядзе!
24 лютага 2010 г.