12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Хлопчык і яго бацькі.
Апавяданьне

Д’ябал. Гэта не маё дзіця, бо добрае...
Бог. Усё добрае, што з добрага насеньня...

1.
Сонца яшчэ ня ўстала, а Бацька, не пасьнедаўшы, ужо курыць.
Хлопчыку (як ні хаваецца ён, як ні затульваецца ў коўдру) робіцца млосна – даймае дым.
Маці тады незадаволена ўздыхае:
— Ну, годзе табе ўжо пэхкаць! Дыхаць жа няма чым, і фіранкі ўсе парудзелі...
— Фіранкі парудзелі, кажаш... Я ўжо кідаю, хіба ня бачыш?
Недакуранае ляціць у парог.
Бацька хоча вады, два разы шкрабае ў парожнім вядры.
— Зноў няма! – з прыкрасьцю бразгае квартаю.
— Я ж прыносіла ўчора...
— Прыносіла, кажаш...
— А-а-а... Каб на яго... Гэта я выліла ў нару... Пацукі апоўначы на кухні зноў заварушыліся... Думала заліць...
— Зальеш ты іх... Атруту купіць трэба...
— А мо лепей натаўкці ў нару бітага шкла?!
— Не паможа...
Бацька йдзе па ваду.
Рыпае паўз хату дашчаны ходнік, скрыгоча ржавымі завесамі старая хортка – калодзеж на вуліцы; неўзабаве там пачынаецца гамана...
Маці ж палена за паленам кладзе ў печ высахлыя за ноч дровы і ўчарнелым гусіным крылом зьмятае з прыпечка сажу...
Па вуліцы якраз ідуць каровы, і недзе за акном падае свой тонкі голас ластаўка.
Хлопчык успамінае чутае ад Пастуха: малако абавязкова будзе з крывёю, калі пад кароваю праляціць ластаўка!
І яшчэ: няхай тая карова здохне, якая дасьць малако, а пасьля вядро назнарок перакуліць!
Учора Хлопчык прынёс на пашу, каб пахваліцца, толькі што куплены буквар, і Пастух, няўмела разгарнуўшы яго і тыкаючы ў старонку чорным пальцам, марудна пачаў чытаць першае, што трапілася на вочы, і рабіў гэта так няцьвёрда, нібыта баяўся згубіць літа­ры:
— А... Сы... Пуш-кін...
— Што такое Пуш-кін? – спытаў Хлопчык.
— Ну, гэта празваньне чалавека такое, — адказаў Пастух.
— А што такое А?
— Ну, гэта яго імя...
— А якое ў яго імя?
— А-а-а... А-а-а... – задумаўся Пастух, — ну, мусіць, Аляксей...
— А што такое Сы?
— Ну, гэта так яго па бацьку завуць...
— А як яго па бацьку завуць?
— Сы-ы-ы... Сы-ы-ы... – зноў задумаўся-завагаўся Пастух, — ну, мусіць, Сьцяпанавіч...
— Сьцяпанавіч?
— Угу, Сьцяпанавіч...
— Аляксей Сьцяпанавіч Пушкін? – не ўціхаў цікаўны Хлопчык.
— Гэтак, гэтак... Разам будзе Аляксей Сьцяпанавіч Пушкін! – раптам затрывожыўся Пастух, злавіў вялізнага чмяля і тут жа яго зьеў.
Хлопчык добра ведаў гэту ягоную дзіўную звычку – Пастух заўсёды, калі пачынаў трывожыцца, лавіў на пашы і еў чмялёў.
— Слухай сюды, — сказаў Пастух, — плюнь ты на гэту вучобу! Ня йдзі ў школку, бо там у цябе галава апухне! Я хадзіў у польскую школку і вучыцель мяне часта біў у лапу і ў дупу, а неяк з усяе сілы пальнуў лінейкай па галаве!
— Што ж мне рабіць? – напалохаўся Хлопчык.
— Знайдзі грошы, купі на аўтобус квіток, вазьмі з сабою харчоў і ўцякай з дому...
Зноў скрыгоча завесамі хортка, яшчэ мацней рыпае пад нагамі дашчаны ходнік – Бацька ўвайшоў у двор з поўнымі вёдрамі.
— Каго бачыў? – пытае Маці.
— Званчыху і дурнаватага Пастуха... Якраз кароў на пашу гнаў...
— Званчыха нічога не казала?
— Нічога. Так проста пагаманілі...
Тры тыдні мінула, як Маці пазычыла ў Званчыхі пляшку алею – на добры лад, то ўжо трэба было б і аддаць, як не алей, то грошы.
Аднак жа ўсё ніяк яно не аддаецца – грошай у хаце бракуе!
У печы, як заўсёды, весела заскакаў-закалаціўся зыркі агонь.
— І калі падлогу на кухні зробім? – гледзячы на агонь, нібыта сама ў сябе пытаецца Маці.
Наструніўшыся, Бацька на тое кажа:
— Зробім... Паедзем, прадамо свае кветкі, заробім і зробім! І ня толькі падлогу, усё зробім!
— Гэта нешта нялюдскае, калі надоўга пакідаеш сваю хату і свой гарод!
— Мусіш пакідаць! – зноў закурыўшы, Бацька бярэцца за ланцужкі насьценнага гадзіньніка.
Па ўсёй хаце (два пакоі і кухня) бяжыць, разьліваецца мякка-супакойлівы шургат – шурггг, і яшчэ раз, толькі трохі карацей – шург.
Гіры падняліся ўгору і засталіся пад гадзіньнікавай хаткай – адна вышэй, другая ніжэй; ланцужкі пагайдаліся і сьцішыліся над адрыўным календаром, якраз над лісьцікам з датаю 24 жніўня 1964 году...
— Чуў, зноў у космас паляцелі! – кажа Маці.
— Чуў... – Бацька раптам паглядзеў на Хлопчыка, — ты сьпіш?
Хлопчык духу не ўціскае, маўчыць: ён ужо даўно ня сьпіць, але ўдае з сябе соннага; чакае, каб гэта як хутчэй бацькі пасьнедалі і сышлі з хаты.
— Хай сьпіць, — бароніць яго Маці, — учора ўвесь дзень з Пастухом быў, новы буквар насіў яму паказваць, а ўвечары нешта доўга па вышках лазіў. Змарыўся, мусіць...
— Змарыўся, кажаш... Менш бы да яго цягаўся, то лепей было б... Нічога, праз тыдзень пойдзе ў школку, школка ня толькі чытаць, але і розуму навучыць... А Пастух добраму не навучыць!
— Пастух слабы на галаву! За сваю адзінокую жытку дабра ніякага ня бачыў, усё з каровамі ды каровамі! Не чапляйся ты да яго! Яго ж і немцы не зачапілі!
— Каб не заступіўся поп, то зачапілі б!..
Хлопчык не варушыцца, не расплюшчвае вачэй, ён рыхтуецца; на сёньня яму выпаў вельмі пільны клопат; якраз на сёньня, бо адкладаць гэтую справу (ужо напрамічыў сябе на тым!) ня варта...
Учора на вышках у палатнянай торбе, падвешанай да кроквы, ён знайшоў грошы; усьцешана падумаў: спачатку паспрабую з гэтымі грашыма...
Усе ня ўзяў, бо нельга браць усе!
Няможна ж пакідаць бацькоў ні з чым – ім жа трэба й алей Званчысе аддаць, і падлогу на кухні зрабіць (каб гэта пацукі па начах менш бегалі!), і яшчэ багата чаго трэба...
Дык вось, лежачы пад коўдрай, ён рыхтуецца і ў думках сваіх, як Маці ў словах, таксама абараняе Пастуха: гэта не такі дзед, як іншыя дзяды; няможна на яго сварыцца; ён трохі дзіўны, але ня злы...
Калі ўднела, і Бацька з Маці пайшлі сабе кожны ў свой бок упраўляцца з неадступнымі клопатамі, Хлопчык нарэшце “прачнуўся”.
Дастаў з-пад ложку схаваныя ў валёнак дзьве велікаватыя паперыны з партрэтамі на іх і маленькія паперкі без ніякіх партрэтаў; як сталы чалавек, прыкінуў: на маленькія купіць аўтобусны квіток, а большыя пакіне на сваё новае пражыцьцё...
Узяў у дарогу паўбуханкі хлеба, кавалак сала, цыбуліну, пяць звараных бульбінаў, сьцізорык і нішкам выйшаў з хаты...
У пуставатай аўтобуснай стаў на восьпінкі, каб дацягнуцца да касавага акенца, і паклаў перад касіркаю першую рату грошай – дробныя рудаватыя керанкі.
Выкругліўшы вочы, касірка недаўменна і неяк нават баязьліва (так здалося Хлопчыку) паглядзела на ягонае “багацьце”, а пасьля гучна, ажно верабей выляцеў з аўтобуснай, зарагатала.
Хлопчык зразумеў яе нечаканы сьмех па-свойму: грошай на квіток бракуе!
Крыху паразважаўшы, супакоіў сябе тым, што на сваё новае пражыцьцё ён яшчэ заробіць, таму без асаблівага шкадаваньня далажыў зьверху рэшту сваёй гатоўкі – сіняватыя сто ўкраінскіх карбованцаў выпуску 1942 году і паточаную мышамі тысячу польскіх марак выпуску 1919 году...

2.
Вясною бацькі паехалі ў далёкі сьвет у заработкі, і Хлопчык упершыню застаўся адзін...
— Ты ўжо вырас! – сказала яму на разьвітаньне Маці.
Хлопчыка агарнула радасьць, аднак цешыць сябе ёю не захацеў, бо ўжо ведаў – радасьць доўгай не бывае.
— Будзь гаспадаром, табе ўжо дванаццаць! – сказаў Бацька.
— Буду, — паабяцаў Хлопчык.
— І не рабі так, як, памятаеш, тады ў аўтобуснай!
— Добра...
Першая ў ягонай дзіцячай адзіноце ноч прайшла спакойна, але раніцаю разьлілася рака, і вада ўвярнулася ў хату.
Гэта не напужала Хлопчыка: у іхняе несамавітае жытло неаднойчы вясною ўлівалася прыбутная вада.
Хай сабе, думаў Хлопчык, трохі пастаіць, пакалыхаецца, а там за ты­дзень які ня толькі з хаты – з гароду сьцячэ, а калі зямля прасохне, то прыйдуць капальнікі (іх наняла Маці) і пакапаюць грады...
Калі ж вада спала, пакінуўшы на падлозе мул і дробнае сьмецьце, і калі маёвае сонца трохі ўвайшло ў сілу, то адбылося зусім неспадзяванае (такога раней Хлопчык ня бачыў!) – аднаго вечару з усіх шчылінаў у хату напаўзьлі жабы...
Хацеў нават ісьці начаваць да суседзяў, аднак жа прысароміў сябе: як гэта можна хату адну пакінуць!
У тую ноч ледзьве заснуў...
Ранкам не хацелася вылазіць з-пад коўдры, не хацелася ступаць на падлогу, бо (здавалася!) усе куткі ў хаце былі “жывыя” – варушыліся, расьцягваліся, калыхаліся, падрыгвалі плямістымі лапкамі і белымі чэраўцамі.
І ня толькі куткі!
Вось і з-пад ложку вылезла пляскатая бугрыстая раскірэка, панюхала непрасохлы плінтус і, сапучы, пашлэпала пад шафу: шлэп, шлэп, шлэп...
Ад гэтага паскуднага шлэпаньня холадна зрабілася ў грудзях!
Аднак нешта ж трэба было рабіць, і Хлопчык, стаіўшы дых, саскокнуў з ложку...
Зірнуў пад шафу, якая стаяла на чатырох бярозавых чурбаках (гэтак была падмошчана ад прыбутной вады), і тут жа адвярнуўся: пад шафаю зьляпіўся ў адну сьлізкую гурбу жабіны мурашнік.
“Каб вас ціх зарэзаў!” – Хлопчык успомніў часты матчын праклён і пабег, не пасьнедаўшы, у школку.
Па абедзе вярнуўся і насілу пераступіў цераз парог...
Скрозь поўзала, скакала, перакочвалася, папісквала – хоць ты сьцежку прамятай, каб да печы даступіцца!
Пакінуў сваю школьную тэчку ў сенцах на скрыні, ухапіў дзяркач, ёмкі бляшаны шуфлік і недзе з гадзіну вычышчаў хату, ажно стаміўся.
Адчыніў вокны і ўсе дзьверы: няхай падлога прасыхае, і сьцены хай сохнуць – тынкоўка ж каля плінтусаў густа набракла вільгацьцю.
Прылёг на ложак адпачыць і тут жа заснуў, нават убачыў сон – цяжкі, нядобры: па іхняй гразкай вуліцы, буксуючы, марудна пасоўвалася міліцэйская машына; бацькі трывожыліся: “Раптам едзе забіраць іх!”; Маці сказала: “Як убачу міліцыянта – адразу палатнею!”
Так у гэтым сьне даведаўся, што колер страху белы, бо палатнець – значыць, станавіцца белым, як палатно...
Калі прачнуўся, быў ужо вечар, па настыла вясновай хаце зноў поўзалі ненавісныя пачваркі.
Адна жабішча, зьдзекліва і пагрозна выставіўшы рабое вольле, сядзела на яго тэчцы, таму на душы зрабілася зусім прыкра, хацелася ад бездапаможнасьці плакаць.
Аднак жа плакаць ніколі ня трэба, нават і тады, калі бездапаможнасьць непераадольная...
Зноў мусіў брацца за дзяркач і да самае ночы прыбіраў, лавіў, гроб, выкідаў, выносіў; нейкае жабяня нават выпараў з прыстолка кухоннага стала – і як толькі ўбілася туды!
Зачыніў-замкнуў дзьверы-вокны і, ня палячы лямпачку, кінуўся ў скамечаную пасьцель, неяк з бядою заснуў, а раніцаю пякуча-гідкі холад прабег па скуры.
Як апараны, падхапіўся, злупіў з сябе цяжкую коўдру і ажно сьцепануўся ўвесь – з яго жывата на дол мякка скокнула тлустая квака, а з-пад швейнае машыны да яе пацягнуўся зялёны шнурок жабянятак.
— Што вы лезеце да мяне! – закрычаў Хлопчык. – Што я вам зрабіў паганага?!
Яго трэсла ўсяго.
З боку зірнуўшы, можна было падумаць, што ён чакаў адказу, нібыта шчыра верыў: гэтыя нахабныя істоткі размаўляюць ня толькі па-свойму, але і па-чалавечы.
І сапраўды нейкае імгненьне чакаў, але нічога, вядома, не пачуў – як людзі, жабы гаварыць ня ўмелі, — таму зноў ухапіўся за венік...
У школе ж раскрыў сваю бяду Настаўніку.
Настаўнік быў чалавекам уважлівым і далікатным, ён умеў неабходнае ўзбагачаць прыгожым, любіў спакой і бачыў у ім рэлігійны сэнс.
Усё гэта рабіла ягоную постаць загадкавай, а найбольш дык тое, што пры немцах ён быў папом – тым самым, які выратаваў Пастуха ад сьмерці.
Загарнуўшы кнігу, якраз чытаў яе (раман Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, гэтага 1968 году выданьня), Настаўнік паспачуваў Хлопчыку і параіў трохі пачакаць – маўляў, зямля прагрэецца, і нечысьць сама ўцячэ з хаты.
І павучальна ўздыхнуў:
— Мы не баімся таго, чаго ня ведаем, а баімся таго, што бачым!
Хлопчык хацеў слухаць далей, таму Настаўнік яшчэ сказаў:
— Жабы – гэта пакараньне. Некалі Гаспод пакараў фараона, напусьціў жаб на ўвесь ягоны Егіпет!
— Чаму ён так зрабіў? – спытаў Хлопчык.
— Бо фараон не паслухаўся Госпада...
— І там таксама жабы залазілі ў хаты?
— Ня проста ў хаты, а ў спальні, у пасьцелі і нават у печы!
— Мусіць, і мяне Гаспод пакараў?! – уздыхнуў Хлопчык.
— Не, цябе не! За што цябе караць? – усумніўся Настаўнік.
— А чаму ж тады яны ў хату лезуць?
— Пра нядобрае хочуць сказаць, але ты ня бойся!
— Мо нешта з бацькамі маімі?
— Не, з імі ўсё добра! Як паехалі, так і прыедуць...
— Тады чаму?
— Ня думай пра гэта...
Памаўчалі хвіліну і другую, і трэцюю.
— І як тыя людзі рады сабе давалі? – зусім па-даросламу спытаў Хлопчык, думаючы пра людзей, што ў Егіпце.
— Маліліся! – адказаўшы так, Настаўнік мусіў быў пакінуць гаворку, бо яго паклікалі...
Не вучылі Хлопчыка малітвам ні ў сям’і, ні ў школе, бо нельга было, таму ён, ідучы дамоў, выдумаў сваю малітву; каб не забыць – вучыў тую малітву, як верш, на памяць...
Каля кузьні прыпыніўся, — якраз Кавалю прывялі падкаваць натурыс­тага каня.
Конь не даваўся, таму Каваль моцна стукнуў яго малатком па крыжы.
Ад болю і страху конь прыпаў на заднія ногі і задрыжаў, як ніцая лазіна.
“Не, я так рабіць ня буду!” – падумаў Хлопчык...
Пастаяў таксама ля бойні, прываблены гаворкаю Гаспадароў.
— Спраўная карова! – пахваліў першы Гаспадар худобіну другога.
— Пяць год ёй! – адказаў другі Гаспадар. – Маладая. Два цяляці прывяла. Толькі збродлівая вельмі. Любіць уцякаць. Тут непадалёк яблыня пакінутая расьце, так яна да гэтай яблыні пацьком прэцца! Пастух утрымаць ня можа. Вырываецца з чарады і ляціць туды, каб яблыкаў паесьці. Мне яе ажно пераймаць абрыдла, вось і прывёў на бойню...
“І гэтак рабіць ня буду!” – падумаў Хлопчык...
На суседняй вуліцы ўбачыў Дзядзьку, які са свайго двара выцягваў драцяную клетку-пастку, падчэпленую на сабачы ланцуг.
У пастцы бегаў пацук – вялізны, гарбаты, страшны, стары, з доўгім бічаватым хвастом.
— Спакою не даваў, падла! Зараз я спалю яго! – сказаў Дзядзька, абліў пастку газаю і падпаліў.
Пацук (агонь на чатырох лапах!) шалёна залётаў па клетцы, біўся пысай у тоўсты дрот і енчыў-крычаў, здавалася, зусім па-чалавечы.
Калі ж паваліўся і зьнерухомеў, Дзядзька загроб агонь пяском і задаволена вытрас пацучыны труп з пасткі...
“І так я рабіць ня буду!” – як і раней, падумаў Хлопчык.
Дома ён стаў перад іконаю на калені і зашаптаў сваю малітву:
— Божачка, мой Божа! Памажы мне, памажы! Зрабі так, каб усе жабы з нашай хаты папаўзьлі ў раку! А як зробіш так, мой шчыры Божа, то і я ўжо для цябе ўсё зраблю!

3.
Разаслаўшы на кухонным стале кавалак зеленаватага ад вільгаці старога абіцьця, Бацька загастрыў хімічны аловак, загадаў Хлопчыку: “Глядзі сюды!..” – і з маруднай стараннасьцю пачаў крэсьліць план свайго пляцу, раз-пораз надпісваючы на ім, што ёсьць што.
Маці таксама была побач, з торбачак патроху насыпала ў папяровыя кулькі кветкавае насеньне і адзначала на іх, дзе што знаходзіцца, каб Хлопчык ведаў, калі будзе сеяць.
Вось насыпала аксамітак і на кульку так і напісала “аксаміткі”, а вось у другі кулёк трошкі цыркнула братак і зноў узялася за свой хімічны аловак, каб напісаць на гэтым кульку “браткі”.
А Бацька тымчасам на абіцьці пазначаў: гэта хата, гэта адрына, гэта парасячы хлеўчык, а гэта...
Хацеў вывесьці “срач”, але пасаромеўся Хлопчыка і выбраў мякчэйшае слова – вуборна...
Выкругліўшы колца калодзежа, узяўся за грады – перад хатай у гародчыку іх было шэсьць і ўсе шэсьць налінеіў; на першай напісаў “коўрыкі”, на другой і трэцяй – “курортнікі”, на чацьвёртай – “грэчка”, на пятай – “летнія гвазьдзікі”, а на шостай, якую адвёў пад сальвію, друкаванымі літарамі выдрапаў: “Сальвію пасадзім самі, калі вернемся!”
— Уцяміў? – строга спытаўся ў Хлопчыка.
— Уцяміў!
За хатай вывеў тры грады вербены, дзьве – братак і шольсіі, і па адной – кітайскай ружы, стружкі, а таксама зімніх рамонкаў.
Каля хорткі пакінуў вузенькі шнурок на аксаміткі і шырокі майдан на памідоры, на якім выціснуў ужо вядомае Хлопчыку: “... пасадзім самі, як вернемся!”
Узяўся за тую зямлю, якая ляжала перад ганкам і па абодва бакі ад яго; на ёй выйшла чатыры велікаватыя грады настурак, адна маргарытак і яшчэ адна, падзеленая напалам, астраў і цыніі.
Зямлю пад грушай абвёў тлустай рысай; Хлопчык ведаў: пад грушай ня трэба капаць і нічога ня трэба сеяць, бо тут рос шчавель.
Далей жа пайшло ўсяго патроху – бухалы, петунія, малопія, флёкса, касьмея, вяргіні, меліса, мядовая траўка, незабудкі, браткі і кампанула.
А за калодзежам нарысаваў зусім маленькія, ну проста мэценькія, як ясікі, градкі на зорку, кіпцікі, роцікі з сабачкамі, напярсьцянку, белыя васількі, а таксама сінюю валошку...
За хатаю дзьве грады адпусціў пад моркву і насенныя буракі, намеціў граду на гуркі (іх, як памідоры і сальвію, зноў жа “прасіў” ня сеяць) і выкраіў месца пад буракі-“вусадкі”.
— Вусадкі ляжаць у сенях у скрыні з пяском! – сказаў Хлопчыку.
— Я ведаю...
Рэшту гароду пакінуў пад бульбу і просты боб; напісаў, з якога хваста лепш пачынаць кідаць (гэта значыць, садзіць) бульбу, адкуль і дакуль нацягваць вяроўчыну, каб гранкі выходзілі роўныя.
І яшчэ напісаў на абіцьці, каб Хлопчык садзіў просты боб па бульбе, але ня густа і па тры-чатыры бабіны, не забываючы перад гэтым падсыпаць у кожную ямку чорную зямлю.
Нарэшце згарнуў абіцьце і схаваў у прыстолак.
— Гной будзеш вазіць вазком, толькі багата не нагружай. Бяры патроху: і ня стомішся, і вілкі не паламаеш. І не забывай пасьля работы мыць вазок у рацэ!
— Добра...
— Раз добра, то пайшлі ў гарод!
Яшчэ цэлую гадзіну Бацька вадзіў Хлопчыка па гародзе, паказваў, што і як трэба рабіць...
— Капальнікаў гэтым разам ня будзе, сам пакапаеш... Капай не на ўсяго жалязьняка, а на палавіну – зноў жа і ня стомішся, і жалязьняк не паламаеш!
— Добра...
— Пільнуй хату і двор. Глядзі, каб цыганы ці злодзеі якія не ўваліліся да нас... А нам з Маці зноў трэба ехаць у заработкі навэсну...
— Буду глядзець і ўсё зраблю, едзьце! – адказаў Хлопчык.
— Рабі, сынку, усё так, як я нарысаваў! Не забудзь, план ляжыць у прыстолку на кухні...
— Не забуду...
— Калі вернемся, купім целявізар і будзем глядзець, як Пеле грае на чэмпіянаце ў Мексіцы!..
Пераначавалі.
Першаю прачнулася Маці, перахрысьцілася і далікатна зьняла з паліцы блакітны кухаль з цяжкім вечкам, — у кухлі залацела сьвятая вада.
Маці выйшла ў двор.
Апусьціўшы ў ваду іконны букецік бясьсьмертнікаў, пакрапіла хату, а тады ўжо калодзеж, адрыну, хлеўчык і, шырока махнуўшы на ўсе чатыры бакі, акрапіла таксама сакавіцкі неўскапаны гарод...
А Бацька тымчасам захацеў убачыць якая выпадзе ў далёкім сьвеце ўдача, таму схіліўся над талеркаю, на беражках якое, утвараючы крыж, ляжаў хлебчык, солька, каменьчык і вуголінка: хлеб напроці солі, камень напроці вуголіны.
Бацька пачаў паволі падымаць чорную нітку, на канцы якое на голку была насаджаная хлебная галушка.
Варушыць галушку няможна было, яна сама мусіла варухнуцца над сярэдзінаю талеркі.
— Госпадзі, памажы! – шапнуў Бацька і верхні канец ніткі далікатна прыклаў да лоба.
Калі галушка пакажа на хлеб і соль, то ўсё будзе добра; калі ж на камень і вуголіну – тады дабра не чакай...
Галушка, адарваўшыся ад талеркі, спынілася, здавалася нават па-чалавечы напружылася, пачала зьбіраць магнетычную сілу дзеля свайго прарочага руху.
Ад нярвовасьці ў Бацькі мацней забілася сэрца!
Галушка хіснулася і раз, і два, і тры з поўначы на поўдзень, — паказала на хлеб і соль.
Бацька шчасьліва ўсьміхнуўся, аднак тут жа праверыў сваю варажбу: вольнай рукой асьцярожна перакруціў талерку, і на поўначы апынуўся каменьчык, а на поўдні – вуголінка.
Чуйная галушка спыніла сваё калыханьне, не захацела паказваць на камень і вуголіну, і, памяняўшы рух на захад і ўсход, зноў паказала на соль і хлеб.
27 траўня 2005