12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Штабс-фельдфебель Брукман. Апавяданне

1

Штабс-фельдфебель вермахта Брукман апынуўся ў Давыд-Гарадку ў ліпені 1941-га, маючы маленькі чын унтэр-афіцэра.
Роўна тры гады Брукман праслужыў у гэтым палескім гарынскім мястэчку: тут ён стаў унтэр-фельдфебелем, фельдфебелем, оберст-фельдфебелем, гаўпт-фельдфебелем і нарэшце – штабс-фельдфебелем.
Нейкі час быў кандыдатам на афіцэрскую пасаду, але ніяк не мог атрымаць павышэння па службе, бо якраз лішняй афіцэрскай пасады (тлумачылі ў штабе!) у іхнім палку бракавала.
Чуллівы Брукман да лейтэнанта так і не дарос, бо паходзіў з простай сялянскай сям’і.
Бацькі ягоныя, шчырыя баварскія каталікі, жылі з малітвы і з таго, што давала зямля, а яшчэ яны шанавалі паэзію і лічылі паэтаў божымі дзецьмі.
Па просьбе ж бацькоў Брукман, паслухмяны сын, трохі паспеў павучыцца – не, не на паэта, на арнітолага (бацькі ж яшчэ любілі й птушак, асабліва галубоў), а пад чарамі будучай сваёй жонкі, якая штудзіравала славянскія мовы, недзе з год слухаў універсітэцкія лекцыі па расійскай і польскай мовах.
Аднак жа пачалася вайна, і вучобу давялося закінуць...
Брукман быў з ліку тых сціплых юнакоў, заўсёды крыху няўдачнікаў, у якіх бліскучая кар’ера не вельмі складвалася.
Словам, такім, як ён, цяжка было даслужыцца да афіцэра…
І яшчэ адна мара не спраўдзілася – юнак хацеў служыць у 18-й арміі, якой камандаваў генерал артылерыі, а пазней фельдмаршал, Георг фон Кюхлер.
Чаму хацеў?
Ды таму, што 14 чэрвеня 1940-га 218-я пяхотная дывізія гэтай арміі першая ўвайшла ў Парыж!
Аднак жа ваенны лёс заместа Парыжа паслаў Давыд-Гарадок, і от жа ў ліпені 1944-га трэ было пакідаць і Давыд-Гарадок, бо наступалі рускія…
Брукман склаў свае пажыткі, уважліва перагледзеў усё: ад газавай маскі да спальнага мяшка, ад аптэчкі да плашч-палаткі, ад шчоткі для абутку да зялёнай каскі – дапільнаваў, каб кожная рэч была на месцы, бо калі што пры адступленні прападзе, няхай сабе тая ж каска, якую ён так на галаву і не ўсцягнуў, бо за тры гады ні разу на агнявыя пазіцыі не выходзіў (хоць у гэтым пашанцавала!), нават ні разу не станавіўся на варту; дык вось, калі што знікне – будзе бяда!
Наладзіўшы праверку, палявыя жандары ўчэпяцца, як сабакі – за згублены вайсковы рыштунак могуць панізіць у званні, і тады на пагонах з трох зорачак застануцца дзве, а з пяці нарукаўных нашывак – чатыры…
Так, Брукман аніводнага дня не быў на фронце і не сядзеў у засадах; ён меў цёплае месца ў дробным падраздзяленні галубінай пошты.
Ягоныя галубы лёталі ў Мярлінскія непраходныя балоты, у партызанскую зону; навучаныя, ведалі, дзе апусціцца ў рукі сваёй агентуры, таму заўсёды прыносілі неабходныя звесткі.
Камендант гарнізона быў задаволены работай Брукмана, бо добра знаў, чым дыхалі партызаны.
Начальніцкая ласка цешыла нашага галубятніка, праз яе (адразу трапіўшы на службу “ў Расію”!) ён тры гады й праседзеў у глыбокім тыле.
Само па сабе, тыл даваў неблагую магчымасць выжыць, а Брукман, як і кожны разумны, не хацеў паміраць, не жадаў, каб яго старэнькім бацькам, маладой жонцы і маленькаму сыну Фрыдрыху ў далёкую Баварыю пафасна паведамілі: ваш сын, муж і бацька загінуў смерцю героя за фатэрлянд і за вялікага правадыра-фюрэра…
Збіраючыся ў дарогу, Брукман разважаў: “Ажно тры гады ў гэтым балотным краі я карміў, даглядаў і дрэсіраваў паштовых галубоў! Здабываў пра ворага карысную інфармацыю! Так выконваў свой салдацкі абавязак… Але ж балоты надакучылі – гэта не родныя Альпы!..”
Камендант гарнізона даводзіў Брукману: савецкая Расія збіралася напасці на любы сэрцу фатэрлянд, і немцы сваім нечаканым ударам у чэрвені 1941-га адвялі іхні напад…
Камендант гаварыў: мы не проста прыйшлі ў Расію па новыя землі і хлеб; мы прыйшлі вызваліць тутэйшых сялян і рабочых ад жыдоў і крывавых камуністаў; прыйшлі даць тубыльцам еўрапейскую культуру.
Даць культуру!
Брукман хітравата ўхмыльнуўся: не ва ўсім, але ў адным ужо ж пэўна немцы настоялі на сваім, – адвучылі рускіх бегаць за адрыну; пад страхам смерці прымусілі кожнага паставіць паблізу сваёй хаты прыбіральню…
А яшчэ камендант палохаў: расійскі бальшавізм – першая пагроза фатэрлянду і ўсяму свету…
Брукман згаджаўся: так, бальшавізм – гэта вядома што, і людзі ў Давыд-Гарадку не вераць бальшавікам і не любяць іх, баяцца, – і вось гэтых людзей трэба пакідаць, каб іх зноў забралі яны, бальшавікі...

2

У казарме кожны салдат сядзеў пры сваім паходным мяшку, усе былі гатовыя ў дарогу.
Здаецца, сабраўся і ён; клетка з галубамі была ўжо пагружана ў машыну, паёк на пяць дзён атрыманы, засталося толькі прышпіліць кацялок да пояса…
А яшчэ засталося…
Спакаваўшы ранец, успомніў, што не разлічыўся з Мікалаем за боты…
За гэтыя доўгія тры гады давыд-гарадоцкі шавец Мікалай зрабіўся Брукману крыху прыяцелем, крыху кампаньёнам.
Пакуль рамантавалася мураваная казарма (нядаўнія польскія кашары), падпаленая чырвонаармейцамі пры адступленні, немцы жылі па хатах.
Так Брукман і апынуўся ў Мікалая на пастоі, і паміж палешуком і баварцам узнікла нешта блізкае да сяброўства…
Не было таго тыдня, каб ён, жывучы ўжо ў казарме, не заходзіў да шаўца – то купляў корм галубам, то на кравецкія іголкі выменьваў сала (адсылаў у Баварыю: сям’я ж галадала!), то за дзясятак яек здымаў на картачку Мікалаеву радзіну, то прасіў Мікалаіху (не за так, за бохан хлеба, спечанага ў мясцовай пякарні) папраць яго нацельную бялізну.
А бывала й такое: садзіў у грузавую падводу іхняга трынаццацігадовага хлопчыка Васіля і, па-тутэйшаму нокаючы на каня, ехаў па мястэчку шукаць сваім галубам спажыву ў іншых гаспадароў.
І тады ўжо гладзіў малога па белай галоўцы і, глытаючы слёзы, нашэптваў: “...Фрыдрых, Фрыдрых...”
Любіў так ездзіць, бо нагадваў чужы Васіль роднага Фрыдрыха, а да ўсяго яшчэ й разлік меў бессаромны: спадзяваўся, асабліва на выездзе з местачковага бруку на вясковую пясчаную дарогу, што ніякі дурань не стрэльне ў яго з кустоў – усё ж такі дзіця ў возе!..
За тыдзень да адыходу немцаў Мікалай пашыў Брукману (з яго хрому) хвацкія чобаты з бліскучымі халявамі, на высокіх бярозавых абцасах.
Праўда, хром быў усё ж такі не Брукманаў, Мікалай гэта змеціў адразу; хром быў суседа Мендэля – Мікалаева пасрэдніка.
Пры Польшчы Мікалай шыў, а Мендэль прывозіў яму з Вільні ці Львова скруткі якаснай скуры і на сподзе свайго тавару, дзе-небудзь у куточку, заўсёды ставіў знак – ледзьве бачныя пяць рысак рознай даўжыні.
Гэта адмеціна й прымусіла Мікалая ўспомніць, як у жніўні 1941-га Мендэля застрэлілі на сваім ганку, а яго бяздзетную Сорку ў доўгай чарадзе няшчасных пагналі ў столінскае гета (Мікалай тады яшчэ падумаў: “Дзякуй Богу, што ў іх няма дзяцей…”); з іхняй жа хаты выцяглі ўсё дабро.
Вось так, відаць, праз трэція рукі скрутак хрому й трапіў галубятніку…
З тыдзень таму, прымаючы работу, Брукман абуўся, прыстукнуў адным ботам, другім, з рыпам прайшоўся па Мікалаевай святліцы, ля іконы крутнуўся па-жаніхоўску, абцягнуў на жываце кіцель, і не мог нахваліцца такім спраўным абуткам – і ў пад’ёме, і ў лытках нічога не муліла і не ціснула!
І раменная піняга ў задніках прыпіняжана была як мае быць!
Задаволены Брукман палез было ў кішэню, каб расплаціцца, але тут пачаўся авіяналёт, зусім блізка (ажно вушы залажыла) гахнулі бомбы, а з гарынскага моста, ставячы агнявую заслону, лупянулі па самалётах нямецкія зеніткі.
Высадзіліся шыбы, і трэснула печ – ламаная шчыліна (кулак пралезе!) прайшла ад коміна да прыпечка, а сцены, ссыпаючы на ток гліняны тынк, здавалася нахіліліся…
Схапіўшы скінутыя перад прымеркай свае старыя боты, збялелы Брукман у новых хромавіках, як з воза, выкуліўся з хаты.
А Мікалай сціснуў рукамі скроні, аднак паранены не быў; у вочы нібыта сыроваткі наплыло – не мог іх заплюшчыць!
Мікалай забедаваў (Мікалаіха таксама!), але не таму, што печ амаль развалілася, і немец уцёк, не заплаціўшы за работу.
Немец добры, ён вернецца.
Умлелі ад большага страху – іхні Васіль-Базылёк якраз панёс у млечарню здаваць малако, а млечарня на тым боццы, і, пэўна ж, налёт заспеў дзіця на гарынскім мосце…
Так яно й было.
Несучы ў торбе халодны збан, хлопчык прамінуў правабярэжных зенітчыкаў і ўжо ступіў на мост, як нізка загулі тры самалёты.
Немцы крыкам загадалі яму ўпасці на прамазучаныя дошкі насцілу, імгненна развярнулі насустрач штурмавікам свой даўгашыі фляк і, не марудзячы, павялі хуткі прыцэльны агонь.
Раз-пораз на зенітцы падскоквала маскіравальная сетка.
І з левага берага, зноў жа часта падкідваючы над сабой камуфляж, пачала біць такая ж 88-міліметровая гармата.
Атака доўжылася – як самалётам над мостам праляцець!
Кароткую хвіліну!
Адразу ж выявіўшы небяспечную для сябе шчыльнасць зенітнага прыкрыцця, штурмавікі на другі заход не пайшлі; іхнія дзве бомбы ўпалі ў Гарынь, наглушыўшы багата рыбы, а трэцяя разарвалася перад Мікалаевай хатай.
Слава Богу, нікога не забіла, не пакалечыла…
Ужо дома Васіль хваліўся: так, ён паслухаўся немцаў – упаў, але бомбаў не баяўся, малако не разліў, данёс і здаў, і атрымаў квітанцыю, а на хвасце апошняга самалёта бачыў чырвоную зорку і нават паспеў згледзець двух лётчыкаў…

3

Па гарынскім беразе Брукман ішоў да Мікалая; прыстоіўшы за частай лазой, каб паглядзець на вісусаў, якія брышкавалі-купаліся ў рацэ, раптам падумаў: а маглі б купацца і тады, калі наляцелі штурмавікі!
Што было б?!
Яго скаланула, як толькі ўявіў у чырвонай вадзе забітых дзяцей сярод аглушанай рыбы…
Вунь той светлы і ёсцека Мікалаеў сынок – з яго зараз чамусьці строілі кепікі.
Стоячы па пояс у вадзе і расцягваючы гармонікам свае жабіныя раты, з шаўчонка раз-пораз параготвалі зласлівыя сябрукі.
Мо, таму рабілі гэтак, што ён быў меншы за астатніх…
– Ты ў вадзе? – пыталіся.
– У вадзе! – Васіль паслухмяна адгукаўся.
– У вадзе! У вадзе! У цябе чорт на барадзе! – галёкала плойма падшыванцаў…
Напалоханы купальшчык вылецеў на бераг, абмацаў бараду, але, вядома ж, ніякага чорта там не было.
Цвялільшчыкі ажно зараўлі ад рогату, а тады зноў спыталіся:
– Ты на сусі?
Што значыла: ты на сушы?
Брукман за тры гады навучыўся разбіраць мясцовую гаворку, таму збольшага цяміў хлапецкую чаўпату.
– На сусі! – зноў жа даверліва згадзіўся Васіль.
– На сусі! На сусі! У цябе чорт на вусі!
Яшчэ больш напалохаўшыся, малы кінуўся церці то адно, то другое вуха, і такая ягоная бездапаможная даверлівасць давяла злых падхамутнікаў ажно да свінячага віскату.
– Раз так, то я з вамі купацца не буду! – нарэшце паказаў зубы Мікалаеў спадчыннік і тут жа заключыў зусім па-даросламу:
– Каб на вас усіх прах найшоў!
Хуценька нацягнуўшы кашульку і штаны, пашытыя Мікалаіхай з нямецкага мяшка – акурат на срачку прыпаў знак арла са свастыкай – і не згледзеўшы за кустамі Брукмана, падаўся ў свой двор, які быў непадалёку…

4

А Мікалай з жонкай якраз рабіў на вуліцы сыроўку – неабпаленую цэглу.
У яме, залітай вадой, Мікалаіха мясіла босымі нагамі гліну, а шавец, арудуючы шуфлем, напаўняў рошчынай драўляную форму, якая была на дзве цагліны, туга збіваў і далікатна выкладваў на роўны дол брусок за бруском.
На адной сыроўчыне цямнеў свежы слядок ад птушынай лапкі, а на плоце вісеў брызент – раптам накінецца дождж, тады будзе чым адразу ж накрыць падсохлую ўжо сыроўку...
Убачыўшы Брукмана, Мікалай адставіў шуфель убок, прыхіліў дзержаком да плота, шмаргануў правай далонню па злубянелай калошы і паздароўкаўся з немцам за руку, а Мікалаіха па-лісінаму ўсміхнулася, выбавілася з ямы і, свецячы ўгліненымі лыткамі, знікла ў двары.
Брукман дастаў грошы – не, не ровенскія карбованцы.
Што іх даставаць?!
Заўтра-паслязаўтра ад карбованцаў гэтых ужо ніякага толку не будзе!
Выняў пяць залатых рублёў, вылітых у царскай манетні ў 1900 годзе.
Падаючы Мікалаю цэлую пяцёрку, штабс-фельдфебель раптам адчуў сябе шчаслівым, ажно прытупнуў ботамі, якія глядзеліся ну проста як афіцэрскія!
За добрую работу – добрая плата!
Гэта ж так па-нямецку…
Трэба сказаць: людзі плацілі Мікалаю і золатам, і паперкамі, а часцей натурай, якую адмервалі гэтак – сыпалі з верхам у толькі што сшытыя боты зерне, у адну халяву, скажам, жыта, а ў другую – проса, ці абодва чобаты напаўнялі пшаніцай – што ў каго было...
Разгаварыліся больш: Брукман спытаў, ці добра месіцца гліна, і Мікалай, рады царскай пяцёрцы, пахваліўся: а як жа, добра, бо яшчэ з восені накапаў яе, зіму і вясну гліна праляжала на вуліцы пад плотам, таму вылежалася і такая, вылежалая, месіцца лёгка…
У гародчыку, перад Мікалаевай хатай, ружавелі флёксы, цвіла фіялетавая вербена, і ад яркіх колераў у Брукмана злёгку закруцілася ў галаве.
– Заўтра мы адступаем! – гола с ягоны пацвярдзеў. – І я толькі што падумаў… Слухай… Паехалі ў Германію! У маёй машыне знойдзецца месца для ўсёй тваёй сям’і! Я давязу вас да Лахвы і пасаджу на цягнік! Я напішу бацькам, жонцы, і яны прымуць усіх вас…
Уражаны Мікалай не ведаў, што й сказаць – адно сціскаў у чорным кулаку залатую манету.
– Ты – сапраўдны майстар. У нас ты зарабляў бы вялікія грошы, жыў бы ў вялікім доме… Згаджайся, у каменданта я выпрашу дазвол на праезд!
Такога ад немца Мікалай не спадзяваўся пачуць, таму нязвыклая гарачыня апаліла ўсе ягоныя жылы.
– Не разумею, як вы тут жывяце?! І хіба так можна жыць, як вы?! Вы ж проста прападаеце! Шмат робіце, а толку ніякага… У вас многа вады, лесу, але зноў жа ўсё без толку… А прыйдуць бальшавікі, будзе яшчэ горш! Ну, чаму ты маўчыш?
– Не магу…
– Не можаш пакінуць сваю ўбогую хаціну?! – здагадліва здзівіўся Брукман.
І тут Мікалай нібыта ажыў:
– Учора я зашкліў пабітыя вокны, а сёння стаў рабіць сыроўку, каб паправіць печ. Дык што, усё кінуць-рынуць?! Пан афіцэр праўду сказаў: не магу пакінуць хату…
“Такога не ўгаворыш!” – махнуў рукой Брукман і нават павесялеў, бо яму спадабалася: шавец усё-ткі назваў яго афіцэрам…
Мікалаіха вынесла штабс-фельдфебелю кварту малака; выбег з хаты і Васіль – пахваліўся, што яго з другога класа перавялі ў трэці, і паказаў “Свідоцтво про успішність та поведінку”.
Брукман разгарнуў ружовага колеру празрыстую паперку: пад пастановай педагагічнай рады ўбачыў знаёмыя подпісы класнай кіраўнічкі Бразоўскай і дырэктара школы Паўлава.
І ў гэтых людзей купляў ён корм, таму й запомніў, як яны распісваюцца…
Восенню 1941-га столінскі акруговы камісар загадаў школьнай радзе адчыніць у Давыд-Гарадку ўкраінскую народную школу.
Гэта добра было, але Брукману не падабалася, што на тэрыторыі рэйхскамісарыята “Украіна” дазволілі толькі чатырохкласную адукацыю, і – выхаванец сваіх чалавекалюбных бацькоў – Брукман аспрэчваў (моўчкі, вядома) такое абмежаванне: “Што, гэтыя дзеці нізкай крыві?! Што, доўга вучыць іх не трэба?! Што, яны мусяць у сваім жыцці толькі слухацца, выконваць каманды і не больш…”
Пад ухвальнымі позіркамі бацькоў Васіль тым часам паясняў, што ў яго выдатныя адзнакі за паводзіны, спевы і руханку.
– А за арыфметыку што? – падчапіў Брукман.
– У чацвёртай чвэрці чатыры!
– А раней было тры тройкі, таму й за год паставілі тры! – зірнуўшы ў “Свідоцтво”, ухмыльнуўся немец.
– Ну, так… Тры… – Васіль апусціў галаву.
– І ўрокаў ты прапусціў таксама тры?
– Прапусціў…
– Чаму?
– Ездзіў з бацькам па дровы на Прыпяць…
– Нам вучаных не трэба, нам трэба работнікі! – уставіў сваё Мікалай.
– Аге ж… – патрапіла ў тон чалавеку Мікалаіха і спрытна паправіла на галаве хустку.
“Ну, добра, гадуйце сабе работнікаў, а не вучаных і будзеце тады век свой і далей гарбець на чужых!..” – такая думка бліснула ў нямецкай галаве.
Забраўшы “Свідоцтво”, маленькі шкаляр хацеў даказаць сваё:
– Але затое ў мяне і пісьмова, і вусна ўсе чацвёркі па ўкраінскай мове і па мове беларускай!
– Па-беларускай?! – адразу ж зацікавіўся недавучаны славяналюб. – Што гэта за мова такая?
Хлопчык не адказаў, бо не ведаў, “што гэта за мова”; ён проста прачытаў вершык:

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць, і грыміць
Срэбразвонны ручэй.

Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім.

Абступаюць яго
Чараты, асака,
Падыходзіць мурог
Да яго…

Гучанне слоў спадабалася Брукману, і ён папрасіў хлопчыка яшчэ раз прачытаць верш і яшчэ, і нават сам услед за малым спрабаваў дэкламаваць: “Між алешын, кустоў, дзе пяе салавей…”

5

І ўсё-ткі Брукману пашанцавала – ён стаў афіцэрам, узвядзенне ў чын лейтэнанта адбылося ў канцы ліпеня 1944-га пад Гродна; праўда, ягоны полк тады знаходзіўся ў поўным акружэнні.
Прыйшла радыёграма, згодна якой штабс-фельдфебель мог аздобіць свае плечы лейтэнанцкімі пагонамі.
Мог, але не паспеў – полк недзе праз гадзіну капітуляваў!
І ў салдацкую кніжку таксама ж не паспелі ўпісаць, змацаваўшы запаветны запіс адпаведнай пячаткай, што ён, Брукман – лейтэнант!
На сарціроўцы палонных у Лідзе Брукману не паверылі, што ён афіцэр і пакінулі сярод обер-яфрэйтараў ды іншых фельдфебеляў – не знайшлося нікога, хто пацвердзіў бы яго лейтэнанцтва.
Вельмі прыкра было…
Гэта прыкрасць душыла і ў Менску, дзе валачыўся з такімі ж, як і сам, абарванымі гаротнікамі паміж камяніц-развалін, адбудоўваючы беларускую сталіцу.
Аднак жа боль ад няўдалага афіцэрства забываўся, калі мучыў голад!
А голад мучыў усё часцей і часцей…
Па-воўчаму захацелася есці ўжо на трэці дзень акружэння, калі разбамбілі іхнюю палявую кухню, а паёк, атрыманы яшчэ ў Давыд-Гарадку, увесь выйшаў.
Тады ж Брукмана й абакралі – ноччу з машыны, да якой ён быў прыпісаны, яго няшчасныя аднаслужыўцы нішкам выцяглі клетку з галубамі, зварылі іх у катле і да раніцы з’елі.
А ён жа быў адказчыкам за сваіх разумных птушак, і, вядома ж, палявая жандармерыя не ўпусціла б сваё, спытала б: “Дзе клетка з паштавікамі?” – бо дрэсіраваныя галубы, гэта не нейкая там згубленая металічная каска ці падсумак з біклагай!
Але ад жандараў абакрадзенага галубятніка выратаваў палон…
У Менску, каб хоць як падмацаваць сябе, давялося рабіць тое, што рабілі іншыя палонныя будаўнікі – мяняць салдацкае барахло на харчы.
На сарціроўцы ж не ўсё забралі – пакінулі коўдру, яна была ў галубіным памёце, шарсцяныя шкарпэткі – яны смярдзелі так, што рускі правяральшчык ажно вылаўся; пакінулі таксама плашч-палатку, пару дзіравых рукавіц і старыя зношаныя боты…
Дзіўна, але не сцягнулі з ног і хромавыя чобаты!
Мусіць жа таму, што не разгледзелі іх як след – ад халяў да абцасаў хромавікі былі густа запэцканы беларускім балотам…
Нейкага вечара, пасля душнай работы, змардаваны Брукман пераабуўся ў старыя боты – і на будоўлю хадзіў у хромавых, баяўся пакідаць іх у бараку, бо маглі свіснуць.
Пераабуўшыся, уздыхнуў – і коўдра, і шкарпэткі, і цыліндрычная пушка ад газавай маскі, а таксама ж іншая драбяза, якую меў – усё пайшло ў ход.
На менавы гандаль засталіся толькі чобаты на бярозавых абцасах – шкада іх, але што зробіш, ён жа не Ян Хрысціцель, каб і далей карміцца акрыдамі!
А за Мікалаеву работу можна папрасіць нават мяшок бульбы!
Будзе тады яды ўсім – і аднанарнікам, і сабе, і нават наглядчыкам, каб крыху ласкавейшымі былі…
Вымытыя хромавікі закруціў у кавалак радна, атрымаў дазвол на выхад у горад і, у парозе барака пачухаўшы аб вушак спіну, звыкла пхнуўся ў разбураны Менск.
Аднак жа гэтым разам з менай нічога не выйшла, бо здарыўся выпадак, ад якога шчасліва загаварыла сэрца.
У цэнтры места, якое ўжо было добра такі адбудавана, Брукман наткнуўся на бялявага хлопчыка, які настырна распытваў у губатага міліцыянта – дзе жыве паэт Якуб Колас.
А хлопчык гэты ж – рыхтык Мікалаеў Васіль і ягоны Фрыдрых!
Ляніва адставіўшы нагу і нават не зірнуўшы на знябытага Брукмана, які ўкамянеў за нейкія чатыры крокі ад яго, міліцыянт насмешліва працадзіў:
– Братка, а навошта табе паэт Якуб Колас?
– Хлопцы казалі, што ён можа накарміць і даць цукеркаў, калі на памяць прачытаць яго верш!
– Вунь як! – міліцыянт прыцмокнуў языком.
– І я вывучыў адзін верш! – дзёўб сваё ўпарты малы.
– Вывучыў?! – нібыта не паверыў губаты паставы. – Тады раскажы мне!
Хлопчык не ўпіраўся, як гэта часам бывае з раздуранымі дзецьмі, бо хлопчык не быў раздураны, таму адразу і на ўвесь голас, нібыта хацеў, каб яго пачуў цэлы Менск, пачаў дэкламаваць:

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць, і грыміць
Срэбразвонны ручэй.

Як матулька, вярба
Хіліць голаў над ім,
І глядзяцца кусты
Пышным верхам сваім…

“Дык гэта ж той самы верш! І зноў жа – хлопчык амаль такі ж!” – сагнутага ў крук Брукмана агарнула электрычнае ўзрушэнне, ён нават заліўся потам.
– Малайчына! – смаркануўшыся, міліцыянт пахваліў дэкламатара.
– Дык дзе жыве Якуб Колас? – не адступаў расчырванелы малы.
– А табе што, хлопцы не сказалі?!
– Сказалі… Ды я трохі прыблудзіў…
– Няма нічога дзіўнага, што прыблудзіў! Тут новыя два дамы паставілі, таму вуліца крыху змянілася!
– Дык жа куды йсці мне?
– А тупай за гэтыя новыя дамы, вунь па той дарожцы! – міліцыянт рыпнуў усімі сваімі рамянямі. – А там, дзе піва прадаюць, павернеш за рог, пройдзеш да газетнага кіёска і за белым плотам убачыш дом Якуба Коласа!
Задаволены пачутым, хлопчык пайшоў подбегам.
– А ты чаго прыкіпеў?! – тут ужо губаты павярнуўся да пазелянелага Брукмана. – Валі адсюль са сваім мяшком!
Утуліўшы галаву ў плечы, нягеглы палонны абмінуў паставога і патрусіў услед за хлопчыкам, не спускаючы з яго вачэй; дыбаў збітымі абцасамі і дакараў сябе: “Дурань! Як ап’янеў! Стаў і вырачыўся на рускага паліцыянта! Так і да бяды блізка…”
Ясна, што не “паліцыянт” прывязаў яго да сябе, а бялявае дзіця, аднак жа, калі хто глядзеў збоку, то, вядома ж, думаў: немец вылупіўся на міліцыянера…
Да белага плота прыйшлі хутка.
Заняты сваім клопатам, юны чытальнік і не змеціў, што за ім навадам (як на прывязі) ідзе ваеннапалонны; бразнуўшы клямкай, чытальнік адчыніў фортку і рашуча ступіў у патрэбны двор, а Брукман, прыціскаючы да грудзей радно з чобатамі, зашыўся ў кусты якраз насупраць двара.
Ён ведаў, нібыта валодаў яснабачаннем, што доўга чакаць не будзе; праз хвілін пяць-дзесяць, адчытаўшы сваё і займеўшы хлеб і цукеркі (паэты ніколі не крыўдзяць просьбітаў – асабліва дзяцей!) – шчаслівы хлопчык выйдзе на вуліцу…
Так яно й сталася.
Трымаючы белую торбачку з ядой, радасны малы выбег з двара і некуды, не разбіраючы дарогі, паляцеў – пэўна ж, хваліцца здабытым…
І тады Брукман пастанавіў: іду!
Ад нервовага напружання пот зноў пацёк рагамі, і балюча захацелася есці, і пачалі даймаць вошы.
І недзе яшчэ з добрую хвіліну Брукман не вылазіў з кустоў; заціснуўшы між каленяў радно і расшпіліўшы дзіравы шэра-зялёны кіцель, – чухаўся, шкроб да чырвані сваё худое, бруднае, як ануча, цела…
– Што вам трэба, камрад?
У двары да Брукмана падступіў саракагадовы мужчына ў элегантным касцюме.
Мажны, круглатвары, з моцнай шыяй, лагоднымі вачыма і ўжо добра бачнымі залысінамі – неяк па-свойску выглядаў гэты чалавек, такім заўсёды хочацца верыць…
Блытаючы словы, “камрад” сказаў “што яму трэба”.
Мужчына дабрадушна ўсміхнуўся і азірнуўся на веранду:
– Бацька, зноў да цябе прыйшлі чытачы!
– Хто? – стомлена пачулася з глыбіні веранды.
– Немец!
У Брукмана падагнуліся ногі, калі да яго выйшаў у чорным шыракаполым капелюшы, падобны на баварскага караля, паэт:
– Што табе, салдацік?
Сілы пакінулі Брукмана, гаварыць ён не мог – мог толькі чытаць…
І ён прачытаў:

Між алешын, кустоў,
Дзе пяе салавей,
І шуміць, і грыміць
Срэбразвонны ручэй…

13 студзеня 2012 г., пятніца, 19 г. 39 хв.; Менск.