12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Леанід Дранько-Майсюк

_____________________
Пенсіянер.
Апавяданьне

У кнігарні.
Пенсіянер марудна гартаў вялікую тоўстую кнігу, зьмест і назва якой абяцалі расказаць усё пра ўзброе­ныя сілы гітлераўскай Нямеччыны.
Тэхніка, абмундзіроўка, усялякае вайсковае начыньне, зброя, баявыя ўзнагароды, нагрудныя і нарукаўныя нашыўкі, пятліцы на каўнярах, фатагра­фічныя картачкі, пагоны...
Картачкі і пагоны цікавілі найбольш...
«У таго старога немца пагоны былі плеценыя, залаціста-срэбнага колеру, на чырвонай падкладцы. Здаецца, вось такія, як на гэтым малюнку. Пэўна ж, быў генерал-маёрам...»
У памяці на ўсё жыцьцё адклалася: немец выйшаў з легкавіка і падаў яму, менскаму дзесяцігадоваму жабраку, буханку белага хлеба...
«Добра было б купіць і гэтую талмудзіну, аднак жа ж каштуе... Няхай на яе... Не, калі надумаў сёньня пастрыгацца, то трэба па­стрыгацца... І на паўбатона ж якога таксама трэба... Зайду сюды заўтра...»
Адну кніжку, не такую тоўстую і па кошце чалавечую, поўную фатаграфічных партрэтаў нямецкіх камандзіраў, ён з мінулае пенсіі ужо набыў і набыў таму, што адзін з гэтых камандзіраў быў рыхтык т о й немец.
«А, можа, гэта ён і ёсьць?!»
У цырульні.
Цырульнік, раз-пораз нахіляючыся над Пенсіянерам, працаваў хутка і вельмі спраўна; здавалася: стрыг не машынкай, а самім паветрам.
Спавіты пеньюарам, Пенсіянер раптам пашкадаваў, што перад тым, як садзіцца ў крэсла, не пералічыў свае зайчыкі.
Звычайна ж, у такой справе з трывожлівай абачлівасьцю хуценька перабіраў зьмесьціва пулярэса, каб ведаць, на якія ў гэты дзень неабходныя маленькія плацяжы ён здатны.
А тут з галавы чамусьці выпала паглядзець колькі ж грошай мае...
Тоўстая кніжка ў думкі ўбілася ці што?!
«Не, здаецца, павінна хапіць і на стрыганьне, і на кавалак бела­га!» – гэтак супакоіў сябе, гледзячы ў вялікае люстра, і слухаў, як цырульнік апавядаў другому цырульніку пра нейкага свайго няшчаснага сябра...
— Ляснулі па галаве, скажу табе, прафесійна, бо зьверху толькі маленькая драпінка, а ўнутры, гематома. Суседзі знайшлі яго ў пад’езьдзе, паднялі на ліфце і пакінулі пад дзьвярыма кватэры. Падумалі, што п’яны. Не адзін жа раз так рабілі, пакідаючы пад дзьвярыма, каб лішне жонку не трывожыць. Ён жа не без таго, па самыя сківіцы напіваўся... Уранку жонка забрала яго, але толькі ўвечары ўцяміла, што ён скалечаны. У бальніцы ж толькі агледзелі галаву, доўга нешта пісалі і на суткі забыліся пра чалавека. Не паверыш, я сам здагадаўся пра гематому і папрасіў гэтых асталопаў зрабіць здымак. Не за так, за грошы! На здымку ж, канечне, усё ўбачылі. Яшчэ б трохі і капцы. Аперацыю зрабілі, таксама ж не за так!
— За колькі? – спытаў другі цырульнік.
— Ай, не пытайся... А ўчора, плачучы, яго жонка звоніць мне... Словам, на яго рукой махнулі, не далячыўшы, выпісалі... У яго зусім аслабла памяць, ён амаль не гаворыць, мала каго пазнае, а калі зрэдку пачынае цяміць, што ён дома, то жаліцца на галаву...
Раптам апавядальнік павесялеў:
— Жыцьцё, скажу табе, то гора, то шчасьце... Таксама ж учора сустрэў адну сваю знаёмую. Яна доўга не магла знайсьці сабе пару, усё шукала чалавека. І вось паехала ў Нямеччыну, укінулася там у нейкія заработкі, крыху пажыла, агледзелася і лёгка выйшла замуж...— За нашага? – спытаў другі цырульнік.
— Не, за немца, але за якога! За праўнука Паўлюса!
— Паўлюс?! Гэта той генерал-фельдмаршал, што ў Сталінградзе здаў­ся ў палон? – зьдзівіўся другі цырульнік.
— Той...
— Пашанцавала ёй. Пэўна, заможны гэты праўнук?!
— І не кажы! А яна мяне кліча да немцаў. Кажа, што з маімі рукамі буду там грэбсці грошы лапатай!
— Едзь. Раптам у Паўлюса яшчэ й незамужняя праўнучка ёсьць! – засьмяяўся другі цырульнік.
Усьміхнуўшыся гэтаму жарту, а таксама свайму адбітку ў люстры, Пенсіянер успомніў, што ў кніжцы, купленай з мінулай пенсіі, сярод іншых партрэтаў ёсьць і партрэт Паўлюса...
Пасьля падстрыганьня засталося адно 230 зэ.
«Шкада, трохі не разьлічыў...»
У хлебным.
Тут супакоіўся, калі прыкінуў, што за палову белага хлябка, які каштаваў 450 зэ, трэба будзе аддаць 225...
Што называецца, якраз пацэліў...
Але толькі адкроіў сваё, як наляцела магазіньніца:
— Што вы робіце, мужчына! Хіба можна так, не спытаўшыся?! Гэта нельга палавініць, яно важыць усяго 300 грамаў! Гэта цэлым пра­даецца!
— Што ж мне рабіць? – няроўным голасам спытаў Пенсіянер. – У мяне ж усяго толькі 230 рублёў...
У такія хвіліны, калі голас рабіўся няроўны, Пенсіянер імгненна адчуваў, як на яго дыхае жабрацтва.
Пра нешта пакутнае, таксама ж блізкае да жыцьця, відаць, падумала ў гэты момант і магазіньніца, бо адразу ж памякчэла:
— Вазьміце, мужчына, вось гэты... За 180... А разрэзаны пакладзіце на паліцу...
Адчуваючы сябе героем даўно прачытанай аповесьці (героем, якому за дзень пашанцавала!), Пенсіянер амаль шчасьлівы вярнуўся ў сваю пустую кватэру: усё ж такі ён пастрыгся, і ў яго на вячэру будзе белы хлеб, і перад сном ён зноў разгорне кніжку, і больш уважліва паўглядаецца ў кожны партрэт...
А заўтра...
А заўтра пойдзе на пошту.
Па пенсію!
12 кастрычніка 2003 г.