12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рагнед Малахоўскі

_____________________
Нарачанскія чары.
Вершы

Каханьне

Я помню лета: сонца – поўна,
І неба сінь над галавой.
Як нечакана, як раптоўна
Спаткаўся, любая, з табой.

Начэй бяссоных адзінота…
Трызьненьняў-мрояў неспакой.
Лагодных рук тваіх пяшчота
На сумны твар кладзецца мой.

Ты мараў, дум маіх крыніца,
Расінка-яска на траве,
Начной залевы бліскавіца,
Праменьчык сонца ў сіняве.

Туманным і дрыготкім раньнем
Я сэрца насьцеж расчыню
І прашапчу сваё прызнаньне,
Ускалыхнуўшы цішыню.

Як нечакана, як раптоўна
Ты у маё жыцьцё ўвайшла.
Я помню лета: сонца – поўна,
І поўна шчасьця і сьвятла.


* * *

Ценем затуманенага саду
Вечар за плячо мяне кране.
Я аглух ад рэха лістападу,
А яно сьмяялася з мяне.

Ля агню, што грэў душу шыпшыне,
Грэшны шлях жыцьця свайго знайшоў.
Па самотнай восеньскай сьцяжыне
Я, нібы да споведзі, ішоў.

Ты насустрач крочыла, як мара.
Ты – спакуса, я – сьляпы адчай.
Пад пажадным поглядам пажара
Аднаго мяне не пакідай.

Танчаць цені вогненнага саду,
Мой адчай спакусы не міне…
Стаць бы мне самому лістападам,
Ды ці зразумееш ты мяне?


Вечар

Густаплынна стынуць барвы ў небе,
Морак ахінае сьветлы гай,
Конікі стракочуць звонка недзе,
Горнецца да сну азёрны край.

У палон бярэ ля хваляў лёгкіх
Водар нарачанскіх кветак-сноў.
Сэрца вызваляецца ад крохкіх
Хваляваньняў і нясьмелых слоў.
Сінія глыбіні таямніцаў
Сёньня для мяне, для аднаго.
Даплываюць сьпевы беражніцаў
Да туманных, сонных берагоў.


Паэзія

Не хаваючы твару пад маскаю,
Не шкадуючы словаў намоленых,
Намалюю чароўнаю казкаю
Сьвет узьнёслых пачуцьцяў,
што Бог мне даў.

Нечакана, загадкава сталася –
Мяккім ценем, народжаным сьвечкаю,
Закаханай паэткаю клалася
Ганарлівая котка за печкаю…

Выпраменьвала неба узьнёслае:
Лікі сьветлыя, верай натхнёныя,
Думы чыстыя, пацеры простыя,
А пачуцьці, душой акрылёныя.

Думак рой уздымаецца кіпенем…
Не паэт той, хто ісьціны страшыцца.
А паэзія дыхае ліпенем,
І даверлівай коткаю лашчыцца.