12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Малаш

_____________________
“На пакрасу жыцьця”.
Слова пра беларускага “небазнаўца”
Язэпа Драздовіча


Я салдат, ветэран!
Дваццаць лет праслужыў цару Мікалаю.
Перанёс я німала і зьдзекаў і ран,
А на старасьці лет як жабрак
валачуся па роднаму краю...
Мяне пан у салдаты аддаў
За маю перад ім ніпакору....

Гэты верш Язэпа Нарцызавіча Драздовіча, падпісаны ім псеўданімамЯзэп Забыты”, мне пашчасьціла знайсьці ў аддзеле рэдкай кнігі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа яшчэ ў 1980-х гадах. За прыгожым каліграфічным пісьмом хавалася тоенабалелае-перабалелае”, што з 1920-х гадоў нябачна прысутнічала ў жыцьці мастака, археолага, пісьменьніка, зьбіральніка народнага фальклору і, нават... аматара тэарэтычнай астраноміі. Лёс Язэпа Драздовіча нельга назваць шчасьлівым, сваё жыцьцё ён ахвяраваў роднай краінеБеларусі, ёняевечны вандроўнік”. На жаль, да цяперашняга часу мастацкая, літаратурная, навуковая, краязнаўчая, педагагічная спадчына Я.Драздовіча для большасьці беларусаў застаецца таямніцай...
Язэп Драздовіч нарадзіўся 1(14) кастрычніка 1888 году ў засьценку Пунькі (цяпер Віцебская вобласьць) у сямі безьзямельнага шляхціча. У 1906-1910 гадах вучыўся ў Віленскай школе маляваньня. У Вільні Драздовіч апынуўся у насычанай атмасферы беларускага культурнага жыцьця, дзе разам з Аляксандрам Уласавым, Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім, Якубам Коласам далучыўся да выданьня першай беларуская газетыНаша ніва”. Драздовіч аформіў вокладкуПершага беларускага календара на 1910 год”, стварыў некалькі накідаў для назвы газетыНаша ніва”, рамантычнай выявай жанчыны аздобіў кнігу вершаў Канстанцыі БуйлоКурганная кветка”. У 1910 годзе Драздовіча прызвалі ў войска, служыў ён ваенным фельчарам. Але нават з войска ён дасылаў у рэдакцыюНашай нівысвае графічныя малюнкі, сярод якіх малюнакАхвяраваньне”, што сімвалізаваў памкненьне беларусаў парваць путы рабства і вырвацца на свабоду.
Сімволіка-алегарычная, нацыянальна-рамантычная накіраванасьць, як і гістарычная дакладнасьць застануцца адметнымі мастацкімі рысамі мастака на працягу жыцьця. І прароцкімі стануць словы Я.Драздовіча, напісаныя ім у 1913 годзе: Будзець час, прыйдзець той час, што і ў нашай абнехаенай краіне заквітуць гайна дзіўныя кветкі і хараства прыйдзець час. Мы аджывем свой век, нас не будзе, але пасьля нас знойдуцца людзі, іх пашлець Бог і выдасьць новае пакаленьне народу на пакрасу жыцьця”...
У 1919-1920-х гадах Язэп Драздовіч працаваў выкладчыкам маляваньня ў беларускіх гімназіях у Менску. У вольны час замалёўваў краявіды Верхняга гораду, неаднойчы наведваў старажытнае Заслаўе, дзе, як і на рацэ Нямізе ў Менску, праводзіў археалагічныя раскопкі, падрабязна замалёўваў гістарычныя мясьціны. Вынікам гэтых гісторыка-археалагічных дасьледваньняў зьявілася першая ў беларускім мастацтве серыя партрэтаў абаронцаў роднай зямліполацкіх князёў Рагвалода, Усяслава-Чарадзея, Брачыслава, Барыса-каменякова, смаленскага князя-кніжніка Рамана Расьціславіча. Разьбяныя скульптуры князёўны Рагнеды і першадрукара-асьветніка Ф.Скарыны занялі месца ў пакоях Інстытуту беларускай культуры. На жаль, іх далейшы лёс невядомы. Як не захавалася і серыя графічных малюнкаў створаных калявальнай царквы” (так называлі ў Заслаўі мясцовыя жыхары Кальвінскі збор 16 стагоддзя), бо альбом па словах мастаказгарэў у пажары”. Першыя малюнкі Драздовіча, сярод якіхГарадзішча”, “Верхні горад”, як ілюстрацыі ўвайшлі ў кнігу А.СмолічаГеаграфія Беларусі”, выдадзеную ў Менску ў 1919 годзе.
Драздовіч стварыў шмат заставак, ілюстрацыяў да першых кніг-чытанак і лемантара на пачатку 1930-х гадоў, якія друкаваліся ў Заходняй Беларусі. Прыход сюдыновай польскай улады”, як і адсутнасьць жыльля і фінансавых сродкаў, прымусілі Я.Драздовіча ў 1921 годзепехатойвяртацца на сваю Бацькаўшчыну ў вёску Германавічы (Шаркаўшчынскі раён, Віцебскай вобласьці), дзе ў хуткім часе памірае ягоная маці... Менавіта маці Юзэфа выхавала ў юнака пачуцьцё павагі і гонару да роднай зямлі і мовы, кажучы, штокрай наш забраны. Але гэта ня Польша, а Беларусь. А мова, што называюцьпростай” – гэта беларуская мова.”... На сваёй бацькаўшчыне Я.Драздовіч пачынае пісацьгістарычна-бытавыраманГарадольская пушча”, дзеяньне якога адбываецца ў 14-м стагоддзі. Шмат беларускіх паданьняў, як і апісаньне этнаграфічных рэчаў, якія Драздовіч знаходзіць у мясцовасьці Гарадольскай пушчы, надаюць твору надзвычай цікавае гістарычнае, а часам і містычнае дзейства. Унікальны фальклорны, гістарычны матэрыял прадстаўлены на рукапісных старонках ня толькі са скурпулёзнай падрабязнасьцю дасьледчыка, але цікава і жыва апрацаваны ў мастацкую форму беларускага слова: А на гэтай гарэ Чалавой у старадаўныя часы, калі ў Полацку, слаўным горадзе, на прадзамчышчы, гучны звон вечавы там вісеў і гудзеў сазываючы народнае веча, – тады вежа Празор, а на водаль стажар, тут стаялі. На вершаліне гэтай высокай і зрубнай вежы Празор, горан тут гарэў дзень і ноч незгасаючы. А на гэтым гарне, калі трэба было ў ліхія часы, пад час небясьпекі, у Полацк весьці паслаць сыгнальнымі знакамі, – смалу ды бяросту палілі, днём дымам, а ноччы сьветам агню, ад гары старажоўкі, з празору на празор, з вежы на вежу перадавалі, аж да самога Полацку. Гэтак калі вораг адкуль дзе зьявіўся і вайной ішоў пагражаючы, то ўжо ў Полацку ведалі аб гэтым, ведалі добра на якім ён шляху, як далёка, ды як і дзе яго можна сустрэць, каб не даць яму ходу. А калі вораг ліхі ўжо прыбліжаўся і пагражаў мясцоваму люду нямінучай бядой, то чынілі трывогу, палілі стажар, – агромністы стог з карчоў-смалякоў, а з вежы высокай, з празору, у трубы трубілі безупынку. А голас ад трубы такой, якую на пушчы даўней пастыры ўжывалі на пастрахі лютаму зьверу , – далёка-далёка чуваўся. А калі вораг быў так блізка, што нават пагражаў самаму празору, тады й самую вежу-празор у пажар абярталі, палілі”.
На вялікі жаль, раманГарадольская пушчазастаўся незавершаным, але тыя рукапісы, якія захаваліся ў бібліятэках і архівах Літвы і Беларусі, безумоўна, маюць нацыянальную і мастацкую вартасьць. Бо такога надзвычай цікавага гістарычнага расповеду беларусы ня ведалі да часоў У. Караткевіча.
Узвышаныя і хвалюючыя словы пра Бацькаўшчыну ў паэме Я.ДраздовічаТрызна мінуўшчыны” (1936). Зьдзіўляюся той простай, насычанай форме сказаў, якія ўздымаюць гонар ды абуджаюць пачуцьці. Сапраўды, быццам нейкая энергія насыціла цела, узрушыла дух і даравала сілу, якой нам так не хапае сёньня:

Старана мая
Старадаўная,
Ты была для нас
Калісьць слаўная,
У сямі славян,
Як дастойная,
Незалежная,
Самастойная,
Ні пагорджаная,
Ні пакутная,
А свабодная,
Ды магутная,
Сілай сільная,
Правам праўная,
Старана мая,
Старадаўная...”

Гартаючы старонкі жыцьця і творчасьці Язэпа Драздовіча кожны беларус адкрые для сябе невядомы і захапляльны сьвет беларускай мінуўшчыны. Ягоная паездка на Піншчыну ў 1926 годзе захавала для беларусаўзалатую калекцыюэтнаграфічных малюнкаў. Тут замалёўкі капліц і сакральных крыжоў, якіх сёньня няма, гаспадарчыя будынкі і хаты пінчукоў, узоры брычак і вульляў, як і мясцовыя краявіды вёсак Лозічы, Сернікі, Шаломічы, вядома ж партрэты пінчукоў у народных строях, керамічны і бандарны посуд і г.д.. Драздовіч сабраў унікальны лінгвістычны слоўнік мясцовых гаворак, багатую калекцыю вясельных песьняў:

А ў Тураве на мураве,
а ў Кіеве на раначку
Ходзе Янка па беражку...
Ды чаго ж Янка тута ходзіш
Ці ты ж Янка рыбу ловіш,
Ці ты Янка людзей пераводзіш ?”
Ліхі мае пераводы
Абліваюць горкі сьлёзы,
Як сок цячэ із бярозы.
Была ў мяне жонка міла
Была ў мяне жонка міла
На камяні ножкі мыла
ў Дунай-рэчку затанула.
Трох дзетак пакінула
Чацьвёртую павітачку.
Трудна сэрцу й жываточку:
Не плач Янка, не журыся
Шчэ малады, – ажэнішся.
Не плач Янка, не печалься
яшчэ молад ажэнішся”.

Увесь сабраны матэрыял з Піншчыны Я.Драздовіч перадаў у Вільню ў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, з якім мастак доўгі час супрацоўнічаў, і пры якім існавала Беларускае навуковае таварыства. Пасьля ліквідацыі ў 1945 годзе Беларускага музею багацейшая калекцыя Я.Драздовіча разам з іншымі знаходзілася ў розных навуковых і культурных установах Літвы і Беларусі. Пасьля 1950-1960-х гадоў творы з калекцыі Я.Драздовіча пачалі вяртацца ў Беларусь, а з 1990-х гадоўэкспанавацца на выставах у музеях рэспублікі.
Праца настаўнікам маляваньня ў беларускіх гімназіях у Радашковічах (1926) і Навагрудку (1927-1930), у польскай школе горада Глыбокае (1924) сталі для Я.Драздовіча новым шляхам разьвіцьця педагагічных здольнасьцяў і мастацкага майстэрства, як і духоўнага выпрабаваньня. Адзначым акварэльную серыю краявідаў Глыбокага, але ж асабліва ўражвае жывапісны партрэт Францішка Скарыны, створаны ў 1926 годзе, і які пазнаецца на фотаздымку з вучнямі гімназіі ў асяродку мастацкіх твораў, падрыхтаваных для выставы. Наваградскі перыяд паспрыяў нараджэньню велічнай гісторыка-пазнавальнай серыіЗамкавага будаўніцтва на Беларусі” (Мір, Навагрудскае замчышча, Меднікі, Ліда, Крэва, Гальшаны…). Па сутнасьці гэта ня толькі дасканалая мастацкая фіксацыя гістарычных помнікаў, але і глыбіннае адчуваньне гісторыі, настолькі удала выбірае мастак ракурс для сваіх графічных працаў.
У 2008 годзе ў фондах Нацыянальнага музею гісторыі і культуры Беларусі я адшукаў малюнкі вучняў Наваградскай гімназіі, зробленыя пад кіраўніцтвам Я.Драздовіча ў 1927-1930 гады. Малюнкі керамічных глякоў, збаночкі, талеркі былі расьпісаныя яркімі расьліннымі ўзорамі. Яны зьдзівілі наведвальнікаў сваёй прыгажосьцю на выставеЗямля і космас Я.Драздовіча”, якая рыхтавалася сумесна з некалькімі беларускімі музеямі.
Багатую калекцыю вясельных песьняў запісаўдзядзька Язэпна роднай Дзісеншчыне ў 1930-я гады. У гэты час ён шмат вандруе па вёсках і пакідае ў сялянскіх хатах маляваныя дываны, па якіх можна вывучаць гісторыю роднай старонкі, а разам з тым зачаравана дзівіцца прыгажосьцю беларускіх краявідаў з белымі лебедзямі і ветразем у люстэрку паснуўшых азёраў з сярэднявечнымі замкамі па берагах.
Напрыканцы 1930-х гадоў Я.Драздовіч працягвае свае вандроўкі па навакольлі Дзісеншчыны, праводзіць археалагічныя раскопкі, дасьледуе старасьветччыну, занатоўвае мясцовыя паданьні, робіць накіды старажытных паселішчаў і гарадзішчаў. Вынікам гэтай працы зьявілася ягоная рукапісная працаДзісенская дагістарычная даўніна”, па якой сёньня беларускія археолагі адшукалі болей за 20 гарадзішчаў. Язэп Драздовіч ня толькі зьбірае краязнаўчы матэрыял, але спрабуе асэнсаваць гэтыя факты ў гісторыка-культурным разьвіцьці беларускага этнасу.
Астранамічныя дасьледваньні Язэпа Драздовіча, бадай, самае неверагоднае, самае цікавае і невядомае з усёй яго літаратурнай спадчыны. У 1931 годзе ў Вільні за ўласныя грошы ён выдае невялічкім накладамНябесныя бегі” – пазнавальную кнігу па астраноміі на беларускай мове. Да гэтага часу кніга застаецца ўнікальным выданьнем у Беларусі на роднай мове па астранамічных ведах. Мне вядома ўсяго чатыры экземпляры гэтай кнігі. Асаблівую каштоў­насьць выданьню надаюць 16 астранамічных лінарытаў, створаных мастаком. У 1932-1934 гадах Я.Драздовіч жыве ў Вільні, дзе піша свае астральныя вандроўкі на планеты Сонечнай сістэмы. Захавалася каля 20-ці запісаў ягоных астральных вандровак на Месяц, Венеру, Сатурн, пазначаныя імУ чорным лабірыньце”, “У мурах Трывежу”, “Краіна Аўрыяды іншыя. Невялічкая частка з астральных вандровак зьмешчана ўДзёньнікуЯ.Драздовіча, які ў скарочаным выглядзе друкаваўся ў часопісеМаладосцьна пачатку 1990-х гадоў. Шкада, што беларусы ня маюць магчымасьці пачуць гэтыя незвычайныя таемныя словы астральных снавідкаў. Таму праз семдзесят гадоў далучымся трошачку да гэтых касьмічных цудаў і мы, каб пабачыць разам з Язэпам Драздовічампласкатварных лунідаў” (жыхароў Месяца), якіх ён сустрэў у цырку Платона на Месяцы:
Адчаліўшыся думкавым зрокам ад гэтай высокай тэрасістай скалы з плоскатварымі лунідамі і перанёсшыся на супрацьлежную старану яру гэтай цясьніны, я апынуўся як раз на тым мейсцы на тэрасе, дзе раней перад гэтым бачыў уцякаючых з калідорнай цясьніны круглагаловых. А зрабіўшы рух уздоўж гэтай тэрасы, я напаткаў і тут яшчэ аднаго плоскатварага.(…)
Ён прадстаўляў сабою нейкую адасобленую, відочна халоднакраінную одрубную паўночную расу людзей тутэйшага луннага міру, якія па агульнацялеснаму складу і колеру скуры, апроч свайго безпадбародкавага плоскага твару, бадай што нічым нярозніліся ад нашых беласкурых паўночных жыхароў Эўропы. Але з нявідочнаю губай твар ягоны, які з анфасу быў падобен на паўдзённую часьць Афрыкі або на Індостан, а з профілю на паўдзённую Амэрыку з Аргентынай і Чылі ў ськвіцах губы, вытвараў уражаньне на мяне сваімбезгубымтварам, такая, якая мог бы вытворыць на кожнага з нас твар белага чалавека земляніна з гладкаапунтырованным носам. Адным словам бязносы.
Што да геаграфічнага мейсцазнаходжаньня апісанага мною тут горнага цырку і ягоных цясьнін-лябірынтаў, магу дадаць толькі адно, што знаходзяцца яны, як мне адчувалася, на паўночнай паўкулі Месяца, непадалёку асяродкавага мэрыдзіану, на поўнач да экватару, на абернутай да нас старане.”.
У 1937 годзе Драздовіч завяршае сваеБяседы аб утварэньні сьвету. Дзе мы і хто мы. Небазнаўства”. Па сутнасьці гэта філасофская праца пра наяўнасьць жыцьця ў сусьвеце. Такім, якім уяўляў яго беларускінебазнаўца”. Тут ёсьць і накідышматнабойнай касьмічнай тарпеды на якой зямныя турысты паля­цяць на Месяц”, і апісаньне ландшафтаў і гарадоў на Месяцы, Венеры, Марсе, Сатурне. Кожная касьмічная раса на гэтых планетах мае свае адметнасьці ў фізіялогіі, як і навуковых і філасофскіх здольнасьцях, якія перадае нам аўтарнебаведы”. У небазнаўчых дыалогах аўтар цікава перадае складаную навуковую астранамічную інфармацыю, заўсёды знаходзячы жыцьцёвыя прыклады для ўяўленьня астранамічных працэсаў. Так у разьдзелеЯк утварыліся планеты і каметыЯ. Драздовіч піша:
Для вобразнасьці я прадстаўляю камету, як даўжэзную лусчатую рыбіну. Галава з ядром каметыгэта галава рыбіны, а разпарашоныя ў ейным хвасце раі метэарытаўгэта луска. Чым бліжэй да галавы тым большая луска, а на самым хвасьцесамая найменьшая.(…) Камета плывець да Сонца (праз узаемацяжнасьць з апошнім) ядром ці галавой наўперад, а адплываець ад яго хвастом наўперад, а галавой з ядром, якая ўзаемацяжнічаець да Сонцаназад, у бок помінулага Сонца. Бо Сонца дзеіць на ядро ў шмат разоў мацней прыцягам, як на ту дробязь, што знаходзіцца па-за ядром у хвасьце. Бо меньшыя целы слабей падаюцца ўзаемацяжнасьці вялікімі..”
Але ж самае галоўнае з астранамічных захапленьняўаматара тэарэтычнай астраноміі” – гэта ягоная Тэорыя паходжаньня планетаў Сонечнай сістэмы, напісаная ім у 1930 годзе. Паводле касмалагічнай тэорыі Я.Драздовічанашая Зямля ўтварылася не ад Сонца, а паходзіць яна з парназоркавай сістэмы ў пары з Марсам, якая знаходзілася дзесьці ў неадведанай далі, пакуль не была захопленая прыцягам Сонца ў сваю сістэмуЗямля ўспала на арбіту Месяца, які стаў спутнікам Зямліа Марс успаў па арбіту побач з арбітай Зямлі.”
У 1930 годзе Я. Драздовіч выказаў думку, штораней сонечная сістэма састаяла толькі з адных несамакрутных планет (такіх, як Венера, Месяц), а самакрутныя планеты зьявіліся пазьней з парназоркавых сістэмаў, якія былі захопленыя Сонцам у сваю сістэму”. Парназоркавасьць сістэм Зямлі і Марса Я. Драздовіч абгрунтоўваў іх аднолькавым часам самазвароту вакол сваіх восей (24 гадзіны) і аднолькавым нахілам восей. Прыблізнае фізічнае падабенства (з некаторай доляй сумненьня), аўтар знаходзіў і ўбылых парназоркавых планетах”, да прыкладу, у Сатурна і Юпітэра, Урана і Нептуна. Я. Драздовіч меркаваў, што на Месяцы існуе вада, а зьмены фазаў Месяца непасрэдна ўплываюць на землетрасеньні, прыродныя катастрофы на Зямлі. Заслугоўвае ўвагі і гіпотэза аб наяўнасьці ў космасеператваральных зон”, штоамаложваюцьуляцелыя ў іхстарыязоркі, ператвараючы іх уновыя” (ці ж не набліжэньне гэта да сучаснай тэорыі існаваньня ў космасечорных дзір”!)... Паводле Драздовіча цывілізацыя на Зямлі ўзьнікла з дапамогаю іншых касьмічных цывілізацыяўягоная філасофская карцінаКосмас”, завершаная ў 1943 годзе зьяўляецца мастацкім увасабленьнем касьмічнай ідэі, дзе кіруе Вышэйшая сіла.
Жывапісныя і графічныя творы Язэпа Драздовіча на касьмічную тэму зьдзіў­ляюць ня толькі незямной архітэктурай гарадоў на Месяцы (“Панарама горада Трывеж”, “Падземны тунель на Месяцы”), але і іх спалучэньнем з вельмі знаёмымі нам старажытнаславянскімі, старажытнагрэцкімі ці паўночнаамерыканскімі архітэктурнымі формамі (“Умацаваны горад Аргентон”, “Артаполісгорад рамёстваўды іншыя); незвычайнымі ландшафтамі садоў і каналаў на Марсе, астранамічнымі будынкамі і непадобнымі на зямлянаў тварамі жыхароў Сатурна (“Сустрэча вясны на планеце Сатурн”, “Абсерваторыя на Сатурне”, 1930-я гады).
А што датычыццаагульнага бацькі народаў Зямлі”, то я назваў бы такім бацькам ні легендарнага біблейскага Адама, а саму Прыроду, якая і на іншых планетах нашай Сонечнай сістэмы бадай што такая самая як у нас на Зямлі, з такім самым творчым поступам..” , – піша Драздовіч у сваёй працыНебазнаўства”.
Беларускінебазнаўцамарыў аб заканчэньні войнаў – “самага вялікага зладзейства на Зямлі” – і прапаноўваў вызваленыя ад вайны сродкі накіроўваць на будаўніцтва школаў, бальніцаў, музеяў, астранамічных абсерваторыяўна падрыхтоўку даміжпланетарных падарожжаў, перш за ўсё на Месяц” (“ДзёньнікЯ.Драздовіча 1933 год).
Пакуль беларусы не асэнсавалі веліч і значнасьць філасофскіх роздумаў і мастацкіх твораўбеларускага Леанарда да Вінчы”, як называў Я. Драздовіча ягоны сябра, мастак П. Сергіевіч. На мой ліст дасланы ў рэдакцыю часопісуЗемля и вселеннаяпры Акадэміі навук Расіі ў 1989 годзе я атрымаў адказ: “калі б працы Я.Драздовіча былі надрукаваныя ў пачатку 1930 году, то яны былі ня менш цікавыя для гісторыі астраноміі, чым вядомая ў той час касмалагічная тэорыя Джэфрыса-Джынса”. Пазьней мяне запрасілі ў Маскву ў астранамічны інстытут імя Штэрнберга на міжнародную канферэнцыю па астраноміі, дзе я зрабіў дакладЯзэп Драздовічаматар тэарэтычнай астраноміі”. Прыемна, што імя Я.Драздовіча зацікавіла вучоных, а ягонае імя ёсьць сёньня ў міжнародным зборніку астранамічных дасьледваньняў.
У мастацкай спадчыне Я.Драздовіча тэма ахвяраваньня гучала і адлюстроўвалася шмат разоў і набывала кожны раз сваё новае ўзьнёслае аблічча. Ад графічнага малюнкаАхвяраваньне” (1916), які быў пасланы Драздовічам у рэдакцыю беларускай газетыНаша нівапад час службы ў войску да мэтагістарычнайПагоні-Ярыла” (1921), якая экспанавалася на Першай беларускай мастацкай выставе ў Менску і даДуха зла” (1927), створанай у Вільні толькі адзінаццаць гадоў, але ж якіхТолькі па гэтых трох працах можна вывучаць рэальную гісторыю вызваленьня Беларусі ад прыгнечанага стану, у якім знахо­дзілася краіна на працягу сваей гісторыі. Вызваленьне ад путаў нацыянальнага рабства, як і грамадзянскага абуджэньня да сьвятой барацьбы за правы беларусаўлюдзьмі звацца”, яднаюцца агульнай высокароднай тэмай у творчасьці дзеячоў беларускага адраджэньня на пачатку 20 ст. Я ня ведаю чаму сёньняПагоня-Ярылазьнікла з новай экспазіцыі у Нацыянальным мастацкім музеі, як і ня ведаю больш цікавай, незвычайнай і пазнавальнай працы ў беларускім мастацтве, створанай у 1920-я гады. Па сутнасьцігэта першая карціна на Беларусі, якая сімвалічна і алегарычна адлюстроўвае эпоху старажытнай гісторыі роднай зямлі. З дапамогаю фарбаў і касьмічнай прасторыПагоня-Ярыладалучае нас да іншабыційнага сьвету, які падрабязна апісаў расійскі мысьляр Д.Андрэеў у кнізеРужа міру”. Вышэйшага Сьвету, у якім кожнаму чалавеку давядзецца адказваць за свае зямныя ўчынкі. Хтосьці ўзносіцца ў сферы прасьвятленьня, а кагосьці зьядае страшэнная дэманічная істота, якая выступае ў розных абліччах на касьмічных прасторах карціны
Гістарычная тэма пра вольнасьць беларусаў гучыць на жывапісных карцінах мастака, якВыгнаньне непажаданага князя з Полацку”, “Пярсьцёнак Усяслава Чарадзея”, “Песьня баяна”, на серыі партрэтаў прысьвечаных асьветніцкай дзейнасьці Францішка Скарыны... Кожны з гэтых твораўгістарычная драма ці занядбаная гісторыя, а можа недасягальная мара Мастака пра будучыню Беларусі... Гэтыя творы мастака, як ні дзіўна, застаюцца невядомымі для беларускай грамадскасьці, бо пабачыць іх можна хіба ў ілюстрацыях некаторых выданьняў. Але ж янышэдэўры нацыянальнага мастацтва Беларусі, якія неабходна пабачыць кожнаму беларусу, бо толькі тады яны пачынаюць сваё сапраўднае мастацкае жыцьцё ў роднай краіне. “Павятовым Мікаланджэланазываў Язэпа Драздовіча народны пясьняр Рыгор Барадулін. Хто будзе аспрэчваць безумоўнае і відавочнае. Але застаецца той адваротны бок Месяца, які беларусы ня бачаць, і які завецца рукапіснай спадчынай. Урэшце, гэтая спадчына, сабраная мною на працягу дваццаці гадоў, пакуль ціхенька ляжыць, бо на выданьне патрэбныя грошы.
У 1949-1950-х гг. Драздовіч завяршае манаграфіюТэорыя рухаў у касмалагічным значэньні”, дзе працягвае разьвіваць сваю тэорыюПаходжаньня планет Сонечнай сістэмы”. Толькі сваіхкасмалагічных навінаўЯ.Драздовіч налічвае 20. Некаторыя з іх зацікавілі сёньня Расійскую Акадэмію навук. У свой час па дапамогу надрукавацьТэорыю рухаў....” Я.Драздовіч зьвяртаўся да акадэміка Якуба Коласа, але адказу не атрымаў. Прыгожая серыя акварэльных малюнкаў на касьмічную тэму стваралася ў гэты час мастком, магчыма, з надзеяй упрыгожыць імі сваюТэорыю рухаў”, каб зацікавіць космасам беларусаў...
Бяспрэчна, творчасьць Язэпа Драздовіча ўнікальная як па сваім навуковым, так і мастацкім зьмесьце. Першы дасьледчыквечнага вандроўнікаАрсень Ліс зьвяртаў увагу на ўніверсальны характар творчасьці Язэпа Драздовіча. Праявы шматграннага таленту мастака і вучонага відавочныя: ад адметных рысаў у нацыянальным мастацтве і літаратуры, археалагічных дасьледваньняў, этнаграфічных і фальклорных запісаў з розных рэгіёнаў краіны да стварэньня ў 1930 годзе першай у Беларусі і СССРкасмалагічнай тэорыіПаходжаньня планет сонечнай сістэмы”, якая ўзбагачаецца серыяй жывапісных і графічных працаў на касьмічную тэму (больш за 80 працаў!).
Навуковыя і мастацкія працы беларускага мастака захоўваюць і разьвіваюць лепшыя і навейшыя здабыткі нацыянальнай і сусьветнай культуры. Язэпа Драздовіча можна лічыць першым беларускім эколагам і пацыфістам, які ў 1930-я гады, неаднойчы разважае над глабальнымі пытаньнямі чалавецтва, вызначае касьмічную персьпектыву жыцьця зямлянаў на іншых планетах сонечнай сістэмы. Такое, здавалася, цяжка і не заўважыць, але гэты факт застаецца чамусьці не асэнсаваны і не ўспрымаецца ў нашым грамадстве паўнавартасна, як унікальная беларуская культурная каштоўнасьць ці духоўны здабытак беларускай нацыі і сусьветнага грамадства.
Унікальнасьць духоўнай спадчыны Язэпа Драздовіча, яшчэ і ў тым, што яна добра захаваная ў музеях і бібліятэках Беларусі. Вывучэньне і папулярызацыя яе прынясе сёньня вялікі плён і карысьць для разьвіцьця розных галінаў навукі і культуры Беларусі. Гістарычны прыклад жыцьця і творчасьці Я.Драздовіча паспрыяе патрыятычнаму выхаваньню маладога пакаленьня беларусаў. А таму стварэньне музею Язэпа Драздовіча ў Менскунайнеабходнейшая сёньня справа.

15 верасьня 1954 году ў бальніцы мястэчка Падсьвільле завяршыў свой зямны шлях вечны вандроўнік і апошні магіканін беларускага адраджэньняЯзэп Нарцызавіч Драздовіч. Пакінуты і забыты ўсімі ён, як апошняя зорка, ўзьнёсься ў касьмічную далячынь, каб засьвяцілася і загучала над Беларусьсю ягонае слова...