12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Мароз

_____________________
Цесная брама. Вершы


Маналог сейбіта

Сеем разумнае, добрае, вечнае.
Сеем любоў да Бацькаўшчыны сваёй,
Беларусі.
Толькі ўраджай небагаты.
Бо ня ведаем, ня бачым, ня рупімся,
куды падае насеньне нашае.
Дзяўбуць яго пры дарозе птушкі;
мясьціны камяністыя, дзе няшмат зямлі,
не даюць плоду;
кінутае ў церні заглушаецца імі.
А калі і трапляе добрае насеньне на зямлю плодную,
то ворагі, чужаніцы, сычы сваёй гадоўлі
тут жа і куколь сеюць,
і цяжка потым зьбіраць ураджай
усё ў купе адной перамешана.
Сейбіт слова сее.
Але многія не разумеюць яго,
прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў сэрцы іх.
Шмат хто з радасьцю прымае слова,
але ня мае каранёў у сабе,
праз уціскі, ганеньні за вестку аб Айчыне
спакушаецца і ня чуе болей.
Іншыя чуюць,
але клопат веку і пажада багацьця
заглушаюць слова,
і яно застаецца бясплодным.
І толькі праз абраных,
якія чуюць горнія літаньні і разумеюць іх,
слова плод прыносіць.
Ды няшмат іх,
шчырых рупліўцаў на роднай ніве,
якія нястомна шукаюць зямлі новай,
сапраўднага поля,
дзе схаваны скарб нятленны
Царства Нябеснае.
Шукаць яго для сябе і дзеля Айчыны сваёй,
каб ня скончылася на нас гісторыя наша,
каб ня сталі самі
далакопамі Бацькаўшчыны.
Злыдняў і так даволі,
што толькі і рупяцца,
каб забыліся мы на свае карані, сябе зракліся.
Калі соль страціць сілу,
чым пасоліш зямлю,
якое насеньне дасьць плод на ёй?
Пустэльня адна застанецца
на месцы нашых лясоў, лугоў, палёў, азёраў і рэк,
на нашай утульнай для чалавека зямлі.
Змагацца трэба, араць,
не азірацца на пакінутае чужаніцамі мінулае,
але трымаць у памяці
сапраўдную гісторыю сваю, залатыя яе перлы.
І сеяць насеньне жыцьця вечнага,
як продкі нашы сеялі,
годна і вольна дбаючы аб Айчыне сваёй.
Толькі ніяк ня можам сабраць ураджай іх,
ніяк не ўдаецца аддзяліць жыта ад куколі,
выбраць яе найперш і спаліць яе ў печы вогненнай.
А жыта засыпаць у скарбніцу сваёй радзімы.
Бо работнікаў жніва мала.
Бо дбаем больш аб тым,
што нам есьці і піць,
ува што апрануцца,
турбуемся днём сёньняшнім,
а не шукаем валадарства любові.
Бо ня верым,
ня просім у Госпада дабрадаці
краіне сваёй,
не шукаем найменшае зерне надзеі,
якое вырастае большае за ўсякую траву
і дрэвам робіцца,
да якога прылятаюць
і ў гольлі якога віюць гнёзды птушкі нябесныя.
Бо ня цемім, што з двух на полі
адзін прымецца, другі пакінецца,
не шчыруем быць тым,
каго Гасподзь возьме ў Царства сваё.
То не занядбайма высілкі папярэднікаў нашых,
што ўзраблялі ніву Айчыны,
тады і дастане Беларусь
малітвамі нашымі дабрадаці,
і ўскаласіцца ніва, запалавее жыта,
і дасьць насеньне плод шматкроць.
І пашле Гасподзь на жніво работнікаў сваіх.
І будуць араты, сейбіт і жнец як адно,
і будзе радасьць вялікая,
і будзе прышласьць сьветлая.
Амінь.


Маналог дойліда

Пясок,
спрэс пясок наўкола.
Быццам гэта не зялёная Беларусь
з мяккімі мурожнымі травамі ў рэчышчах вялікіх і малых,
шматлікіх, як горнія шляхі, рэк,
з дзівоснымі райскімі лясамі,
гаючымі гаямі ды лагоднымі дубровамі,
з блакітнымі вачыма азёраў,
куды перакулена прыгожае хмарна-барвянае неба,
з палямі небагатымі, але ўраджайнымі працай,
з камянямі запаветна-крыжовымі, –
а пустэльня голая
Пустэльня, дзе каменя на камені не пакінулі.
Адзін пясок.
Дзе ж камень?
Пазьбіралі іх, сьцерлі на пыл, пазносілі ў крушні,
паразвозілі, расьцягнулі па блізкіх і няблізкіх
чужых ваколіцах.
Бальшыню на пыл сьцерлі
Войны, немачы, бязбожнасьць людская,
сваёй гадоўлі сычы,
недароды, падман, ліхалецьці.
Як сьцерлі гісторыю нашу,
лепшых людзей зямлі нашай,
ірвучы крэўную повязь.
Хто падаўся ў прочкі,
аддаўшы жар душы другім народам і землям,
хто тут выракся й бяспамятным зрабіўся,
каго ў расход пусьцілі.
Дзе вы?
Колькі камянёў параскідалі
як сабраць?
Дзе камень той, што павінен легчы ў кут падмурку?
Адшукаць як?
Будаваць жа толькі на ім,
камяні духоўнасьці, веры,
а не на пяску сыпучым
нашай змучанай пакутамі і бязладдзем стагоддзяў душы.
Іначай ня тое што дом,
храм рассыплецца і зноў жа пяском стане,
сыпучым і безнадзейна-адчайным,
нат падмурку не застанецца.
А быў жа ён, разабралі, калі храм рушыўся,
шляхі павысьцілалі ўсьветлую будучыню”,
але не Таму,
каму чыстымі і сьветлымі трэба зрабіць іх.
Дарогі тыя зноў жа пяском занясло,
ізноў шукаем шлях свой беларускі крыжовы,
няўцям,
што высьцілаць яго наноў трэба спачатку Адзінаму,
каб дараваў нам грахі і правіны нашыя.
Даўно ўжо час
шукаць, зьбіраць камяні і класьці ў падмурак,
каб сьцены потым вырасьлі і дах узьляцеў з купалам у неба.
Крывёю, потам і сьлязьмі шукаць няспынна адзіны,
той,
што ляжа ў падмурак гмаху
Рушымся, каму вочы не пазасьцілала,
хто і ў прыцемках зваряцелага часу
намацаць можа камяні зямлі нашай,
хто душу сваю не прадаў яшчэ сілам дябальскім,
хто не прадаў і ня здрадзіў Бацькаўшчыне, Маці-Беларусі.
Хадземце.
Дарогаю да храма.
З верай, любоўю і надзеяй.
Амінь.


Маналог брамніка

Стаю адзін
перад шторазоваю спакусаю адзіноты.
Як вартавы, якога паставілі адвеку,
ды зьмяніць забыліся.
Да цеснай брамы прыстаўлены,
што вядзе ў жыцьцё,
да Царства Нябеснага,
да вытокаў сваіх, да Айчыны любай.
Нямногія знаходзяць шлях гэты,
гул ледзь чутны сьведчыць
звабы сьвету праносяць людзей
наўзбоч шырокаю дарогай,
напханаю аўто,
што імчацца несупынна
насустрач падманнаму бляску гарадоў,
дзе ўсё выштукавана дзеля задавальненьня плоці:
рэстарацыі, бары,
гульні, забавы, ігрышчы, музыка,
што бе абухом у галаву
і выбівае з яе рэшткі думак, развагаў, сумненьняў.
Навошта шукаць веры,
калі ёсьць магчымасьць насалоды цела?
Шырокія брамы панаўзьведзены спрэс,
клічуць яркімі водсьветамі
аддацца радасьцям быцьця.
На імклівай хуткасьці
ня згледзець вузкай сьцяжыны,
што вядзе ад чыгуначных ды асфальтавых паясоў,
якімі спрэс падпярэзана цела Айчыны,
да мэты сапраўднае,
да жыцьця вечнага, а не ў пагібель,
да сьцяжыны,
якую вартуе крыж,
якая не ўтравела дарэшты толькі высілкамі абраных.
Няшмат іх,
але ідуць сьцяжынаю вузкаю,
грукаюцца ў цесную браму
і адчыняю ім.
Усім, хто грукаецца, адчынена будзе.
Адкрыюцца горнія шляхі
айчыны нашай, Маці-Беларусі,
адкрыецца сьвятло дабрадаці Ягонай
над нашым краем,
адметным гісторыяй сваёй ,
слыннымі продкамі і дзеямі іхнімі,
высокімі знакамі стагоддзяў.
Прайсьці брамаю памяці,
убачыць знакі тыя, спазнаць іх
тады сплятуцца ў адну нітку
памкненьні папярэднікаў і наступнікаў,
выявіцца існасьць мінуўшчыны ды сучаснасьці,
акрэсьліцца наступнасьць,
і Беларусь паўстане ўжо незваротна.
І калі Гасподзь прыйдзе з пытаньнем,
куды падзелі мы дабрадаць дадзеную,
дзе закапалі таленты свае,
адказам будуць справы абраных
дзеля ўгрунтаваньня Бацькаўшчыны.
Будзем пільнымі брамнікамі,
бо ня ведаем,
калі прыйдзе Гаспадар дома:
увечары ці апоўначы,
ці як запяюць пеўні, ці раніцай?
Шмат хто будзе імкнуцца ўвайсьці,
і ня змогуць.
Ня ведаю, адкуль вы, –
скажа Гасподзь,
які сам ёсьць брамаю жыцьця вечнага, –
бо веры ня маеце,
бо самі ня ведаеце, хто вы і адкуль,
бо забыліся на карані свае,
зракліся Айчыны сваёй і ня месца вам за брамаю.
Шукайма шляхі горнія,
сьцяжыну вузкую і цесную браму,
што вядуць у жыцьцё.
Грукаймася, ды адчынена будзе.
Амінь.