12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзяніс Марціновіч

_____________________
Што мы бачым праз акуляры? Нататкі пра кнігу Віктара Ледзенева “Очки”


Виктор Леденев. Очки: пьесы, рассказы, стихи. –
Минск, Ковчег, 2010. – 316 с.

Не будзе памылкай сцвярджаць, што кніга “Очки” ста­ла для Віктара Ледзянёва своеасаблівым падвядзеннем творчых вынікаў: сёлета яе аўтару споўнілася 70 гадоў. Яго біяграфія ўражвае багаццем убачаных краінаў і засвоеных прафесій і, несумненна, з’яўляецца крыніцай творчага натхнення аўтара. Выпускнік факультэта журналістыкі БДУ, ён з’яўляўся супрацоўнікам сваёй “Alma mater”, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Паўднёва-Усходняй Азіі, працаваў журналістам, сцэнарыстам, мастацкім кіраўніком рэкламнай кампаніі, загадчыкам літаратурна-драматычнай часткі Рускага драматычнага тэатра ў Мінску...
Друкавацца як празаік В. Ледзянёў пачаў ў 1970 годзе (першая публікацыя на старонках газеты “Знамя юности”). Напісаў больш за 30 сцэнарыяў дакументальных і навукова-папулярных фільмаў. У 1990-я гады ў яго выйшла некалькі кніг крымінальнай прозы (“Адская машина”, “Вьетнамский коктейль” і “Неделя на ликвидацию”).
Новая кніга Віктара Ледзянёва атрымалася надзвычай шырокай па сваім жанравым дыяпазоне: у яе ўключаныя дзве п’есы, ваенныя і сучасныя апавяданні, дэтэктывы, фантастыка і вершы. Кожны з іх па-свойму дэманструе арыгінальнасць і адметнасць мыслення аўтара. Але, на маю думку, аб’яднанне гэтых розных жанраў у адным выданні выглядае дастаткова спрэчным. Для таго, каб патлумачыць сваю пазіцыю, дазволю сабе ў разважаннях крыху адысці ў бок.
Занятак творчасцю ў нечым падобны да вывучэння замежнай мовы. Калі звярнуць увагу на рэакцыю асяроддзя, пісьменніку, музыканту ці акцёру, як і інтэлектуалу-паліглоту, гарантавана рэпутацыя эрудыта і адначасова дзівака. Але падабенства праяўляецца і ва ўнутраных асаблівасцях. У абодвух выпадках часовы адыход ад роднай мовы (ці ад рэальнай прасторы) патрабуе адпаведнага мыслення. То бок чалавек абавязаны думаць па-англійску ці жыць катэгорыямі паэзіі, для таго, каб мець поспех у абодвух сферах. Агульнапрызнана: замежную мову прасцей за ўсё вывучыць у маладосці. Свежае мысленне і не загружаная празмерна памяць дае магчымасць хутчэй увайсці ў іншую сістэму. Гэткая асаблівасць датычыцца і ведання адначасова некалькіх моваў. Але чым далей ідуць гады, тым складаней чалавеку вывучыць той жа English ці Deutsch. Нешматлікія выключэнні толькі пацвярджаюць правілы.
Бадай, тая ж тэндэнцыя ўласцівая і мастацкай літаратуры. Мысленне, якога патрабуе пэўны жанр (паэзія, проза, драматургія, крытыка), выкрышталізоўваецца ў маладосці. Росквіт патэнцыялу аўтара дасягае свайго піку ў сталыя гады, калі да творцаў нарэшце прыходзіць прызнанне. Таму менавіта сярод маладых досыць пашырана творчая праца ў некалькіх сумежных сферах. З цягам часу яны або выбіраюць адну галіну, або з поспехам развіваюць “наступленне па ўсіх франтах” (напрыклад, У. Караткевіч пісаў прозу, паэзію, п’есы, сцэнарыі для фільмаў). А вось спробы прадстаўнікоў сталага пакалення засвойваць новыя жанры далёка не заўсёды прыносяць ім поспех, бо іх аўтары працягваюць пісаць у кагэгорыях і вобразах ужо засвоенага мыслення. Прыведзеныя разважанні непасрэдна датычацца творчасці Віктара Ледзянёва.
Нагадаю, усе тры кнігі, раней напісаныя аўтарам, з’яўляюцца дэтэктывамі. Якія ж асаблівасці ўласцівыя гэтаму жанру? Злачынства як завязка падзей, іх імклівае разгортванне, “закручаны” сюжэт. Але адначасова стэрэатыпнасць паводзінаў персанажаў і пэўная схематычнасць герояў. Пасля прачытання кнігі “Очки” не пакідае ўражанне, што асаблівасці пабудовы дэтэктыву як жанру перанесены ў пераважную большасць тэкстаў. Уласную думку праілюструю на прыкладзе двух п’ес – “Очки” і “Лицензия на убийство”, якія займаюць ладную частку выдання.
Пры знаёмстве з імі неабходна ўлічваць, што В. Ледзянёў – не апошні чалавек у беларускім тэатральным свеце. Так, на сцэне Нацыянальнага драматычнага тэатра імя М. Горкага доўгі час ішла п’еса “Дземетрыус, Або крывавае вяселле ў Маскве”, прысвечаная асобе Лжэдзмітрыя І. У свой час за распрацоўку тэмы ўзяўся знакаміты Ф. Шылер, але паспеў напісаць толькі 1-ю дзею. Фактычна, В.Ледзянёў ажыццявіў паспяховую інтэрэпрэтацыю ідэі нямецкага драматурга, што прынесла спектаклю прэмію Шылераўскага фестывалю ў Германіі (1999).
На мяжы стагоддзяў В. Ледзянёў ажыццявіў таксама новы пераклад і інсцэніроўку п’есы “Перад заходам сонца”, напісаную нобелеўскім лаўрэатам па літаратуры Г. Гауптманам (прэм’ера адбылася ў Нацыянальным драматычным тэатры імя М. Горкага ў 2002-м). Пастаноўка, якая і цяпер ідзе на сцэне, уражвае высокім узроўнем ігры акцёраў і асабліва Р. Янкоўскага, выканаўцы галоўнай ролі. Трагедыя яго героя 70-гадовага Маціаса Клаўзэна, які пакахаў 20-гадовую дзяўчыну і сустрэў агрэсіўную рэакцыю грамадства і сваёй сям’і, у нечым нагадвала лёс караля Ліра і набывала маштабы сусветнай трагедыі. Але ўжо ў тым спектаклі хаваліся падводныя камяні. Некаторыя сцэны, якія абсалютна не вызначалі ход дзеяння, можна было скараціць, бо сам спектакль пры ўсіх станоўчых якасцях успрымаўся крыху зацягнутым.
Чаму ж прысвечаны названыя творы аўтара? П’еса “Очки” распавядае пра спробу прадаць з аўкцыёна акуляры Джона Ленана, памяці якога і прысвечаны твор. Сюжэт “Лицензии на убийство” куды больш захапляльны, а яго аснова больш глыбокая. Дзеянне п’есы адбываецца ў будучым, у 2232 годзе. На Зямлі ўведзена пакаранне за яшчэ толькі спланаванае забойства. Чалавека, які пры­знаецца ў такім жаданні, могуць адправіць на катаргу на далёкую планету. А ў выпадку, калі там выжыве, ён атрымлівае магчымасць забіць любога чалавека без пакарання. Праз такую сітуацыю праходзіць галоўны герой твору, Віктар Кендал. Пасля вяртання на Зямлю высвятляецца, што пераважная большасць яго родных, сяброў і знаёмых учынялі да яго подласці, і таму хтосьці з іх можа стаць патэнцыйным аб’ектам пакарання.
Зразумела, адна справа – прачытаць п’есу ў зборніку, і зусім іншая – бачыць з глядзельнай залы. Але па прачытанні відавочна, што п’есы чытэльныя, але наўрад ці сцэнічныя. Яны хутчэй нагадваюць спробу аўтара перанесці ў драматургію асаблівасці дэтэктыўнага жанру. Дзеянне ў іх разгортваецца імкліва, героі размаўляюць натуральна. Але праблема ў тым, што амаль усе дзейныя асобы ў абедзвюх п’есах абмаляваны досыць схематычна. Складваецца ўражанне, што яны надзеленыя толькі некалькімі рысамі характару (тупы і жорсткі турэмны наглядчык Андэрсэн, зайздросны і палахлівы Эрык Макрыцкі – у “Лицензии…”). Акрамя таго шэраг сцэн (у прыватнасці, з’яўленне асоб з КДБ і ФБР у “Очках”, змагара за народнае шчасце Адольфа і прапаведніка Глосэра ў “Лицензии…”) уведзены хутчэй для знешняга эфекту. Пры іх скарачэнні логіка развіцця п’есы не зменіцца, што сведчыць пра некаторую штучнасць іх з’яўлення.
Больш цікавымі падаліся празаічныя творы (сучаснай, ваеннай, фантастычнай тэматыкі). Найбольшай удачай, на маю думку, сталі апавяданні “Вечер в «Паласе»” і “Нет, и все”. Першае, прысвечанае падзеям, якія адбыліся аднойчы з саксафаністам Чарлі, перадае амерыканскую атмасферу яркімі, натуральнымі мазкамі. Другое малюе ўтопію, у якой жыхары аднаго рэгіёну адмаўляюцца ад грошай і будуюць свае адносіны на сумленні і даверы.
У пераважнай большасці апавяданняў пра вайну дзейнічаюць прадстаўнікі спецслужбаў (НКУС і СМЕРШ), якія ламаюць лёсы герояў. У лепшым з твораў (“Грязная высота”) адчуваюцца быкаўскія матывы. Герой твору, капітан Кузняцоў, вымушаны рабіць выбар, коштам якога ў любым выпадку з’яўляецца жыццё: ці сваё, пры страце якога ён захоўвае гонар, ці чужое. Сітуацыі ва ўсіх апавяданнях намаляваныя натуральна, што прымушае суперажываць дзейным асобам.
Але найбольш удалым раздзелам, у якім асаблівасці дэтэктыўнага жанру працуюць найбольш выразна, падаўся якраз адпаведны раздзел, прадстаўлены пяццю творамі (“Последний полет”, “Кораблекрушение”, “Убийство по расписанию”, “Улыбка” і “Мизансцена”).
Каб падагуліць уражанні, вярнуся да сваёй ранейшай думкі. У чым жа бачыцца спрэчнасць аўтарскага падыходу? Магчыма, для кагосьці выкарыстанне ў разнастайных жанрах асаблівасцяў аднаго з іх выглядае прыкметай аўтарскага стылю. Але, як мне здаецца, дэтэктыў – усё ж не той накірунак, варты такога пашырэння і ўвагі, які мы назіраем у кнізе “Очки”. Не сумняваюся, што прыхільнікі дэтэктыву атрымаюць сапраўднае задавальненне ад знаёмства з творамі В. Ледзянёва. Але тыя, хто прызвычаіліся да большай сэнсавай глыбіні і разнабаковасці герояў, на жаль, застануцца крыху расчараванымі.