12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзяніс Марціновіч

_____________________
Незалежная Рэспубліка Мроя. Перазагрузка


Вольскі Лявон. Міларусь: апавяданні, аповесць. – Мінск: Медиал, 2011. – 180 с.: іл. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў, «Кнігарня пісьменніка», выпуск 11.)

Якім чынам чытачы даведваюцца пра з’яўленне новых беларускамоўных кніг? Як падказвае мой досвед, найбольш часта маюць месца тры сітуацыі: інфармацыйны матэрыял у інтэрнэце, рэцэнзія літаратурнага крытыка ў адным з выданняў, кніга, убачаная на паліцы кнігарні. У сітуацыі з выданнем Л. Вольскага сутыкнуўся з рэдкім выпадкам: расказваючы сваім знаёмым пра зборнік, прапанаваны для рэцэнзіі, чуў у адказ, што “Міларусь” ужо бачылі ў горадзе то ў аднаго, то ў другога чытача.
Зрэшты, у выпадку з Л. Вольскім нічога дзіўнага няма. Якраз наадварот, аўтар зборніка даўно стаў пазнавальнай асобай, нават брэндам, якому не патрабуецца дадатковы піяр. Унук драматурга, літаратуразнаўцы і краязнаўцы Віталя Воль­скага, сын пісьменніка Артура Вольскага, Лявон атрымаў найбольшую вядомасць як беларускі музыка, заснаваль­нік і лідар гуртоў “Мроя”, “Незалежная Рэспубліка Мроя” (“N.R.M.”), “Крамбамбуля”. Спыняцца на падрабязнасцях біяграфіі Л. Вольскага – азначае пісаць гісторыю айчыннай рок-музыкі.
Аднак творца праявіў сябе не толькі ў музычнай сферы. “Яшчэ з дзяцінства я ўвесь час нешта пісаў, – прызнаваўся Лявон. – Вершы, апавяданні… Бо як можна было не пісаць, калі ў цябе бацькі – пісьменнікі, і ўвесь працэс праходзіць перад тваімі вачыма? Напачатку пісаў “для сябе”, потым паціху пачаў друкавацца. Паціху – бо неяк не планаваў для сябе літаратурнай кар’еры”. Тым не менш у 1990-я гады ў Вольскага выйшлі зборнікі паэзіі “Калідор” (1993) і “Фотаальбом” (1998). Мелі месца і пошукі ў галіне прозы. Іх вынікамі сталі трынаццаць апавяданняў і аповесць “Пакуль сабачка жывы”, што склалі празаічны зборнік “Міларусь”.
У прадмове да сваёй першай празаічнай кнігі Л. Вольскі адзначыў, што ўключаныя ў яе творы пісаліся на працягу “больш як дваццаці гадоў творчай працы”. Тым не менш, пры чытанні “Міларусі” складваецца ўражанне, што кніга напісана ў больш сціслы прамежак часу, дакладней, у канцы 1980-х – 1990-я гады. Прычым уражанне ад іх увасаблення дастаткова супярэчлівае. З аднаго боку, аўтар удала перадае атмасферу таго часу: адчуванне волі і адначасова нястачу, адкрыццё Беларусі (кшталту святкавання Купалля) і паездкі “чаўнаком” у Польшчу (аповесць “Пакуль сабачка жыве”), праявы савецкага мінулага (напрыклад, вобраз журналіста Сцяпана Пятровіча ў апавяданні “Табе гамон”) і новых тэндэнцый у грамадскім жыцці: радыёстанцыя, у якой працуе Алесь (“Пакуль сабачка жыве”), трымаецца “тарашкевіцы”. Стыль прозы Лявона Вольскага нечакана лёгкі. У ім шмат гумару, дасціпных заўваг, іроніі, якія часам пераходзяць у рэчышча сатырычнага адлюстравання рэчаіснасці, няўрымслівая фантазія мяжуе з гіперрэалізмам. Дастаткова згадаць апавяданне, якое дало назву зборніку.
З другога боку, інтэрпрэтацыя тагачаснай рэчаіснасці ў нечым абмежаваная. На маю думку, раскрыты далёка не ўсе вобразы герояў. Ва ўсіх творах Вольскага дзейнічаюць некалькі тыпажоў. Першы з іх моцны, самасвядомы, упэўнены ў сабе, паспяховы беларускамоўны мужчына, які, нібыта герой таннага баявіка, увесь час трапляе ў бойкі і канфліктныя сітуацыі, але заўсёды (ці амаль заўсёды) застаецца жывы (Сяргей – “Сяргей і Сяржук”, капітан Чарскі – “Экспедыцыя”, Зміцер – “Новая кватэра Казімера”, Алесь – “Пакуль сабачка жыве”). Другі – кволы, няўпэўнены ў сабе, непаспяховы беларускамоўны інтэлігент, які імкнецца пазбягаць любой бойкі, але перыядычна ў іх трапляе (Сяржук – “Сяргей і Сяржук”, безымянны герой “Экспедыцыі”, Званіцкі – “Камэта”, Казімер – “Новая кватэра Казімера”, Кастусь – “Міларусь”, Літаратар – “Уцёкі”, Ясь – “Пакуль сабачка жыве”). Трэці тыпаж – крохкая, самасвядомая, цягавітая, беларускамоўная дзяўчына/жанчына, якая жыве з кволым, самасвядомым і г.д. інтэлігентам або сімпатызуе яму, у рэшце рэшт не вытрымлівае такога жыцця і часцей за ўсё сыходзіць ад яго (ці хоча сысці, але яе муж апярэджвае яе) (Марыля – “Экспедыцыя”, Яна – “Уцёкі”, Насця – “Мандарынка”, Воля і Яніна – “Пакуль сабачка жыве”). Чацвёрты тыпаж – моцны, несвядомы, упэўнены ў сабе, безымянны рускамоўны “качок”, які з’яўляецца героем таннага баевіка, увесь час правакуе ўсіх герояў-мужчынаў на бойкі, але пакідае іх жывымі, бо тыя ж тыпажы павінны дзейнічаць у наступных творах (гл. большасць апавяданняў). Застаецца дадаць, што знешнасць ніводнага з герояў не апісваецца. І толькі асобныя з іх, кшталту Бэрнара (“Мандарынка”) неяк змяняюцца. Але нават у гэтага героя назіраецца эвалюцыя з няўпэўненага свядомага беларуса ва ўпэўненага свядомага беларуса. Амаль усе астатнія – масоўка.
Па-другое, у творах зашмат месца аддаецца выкладанню палітычных поглядаў Л. Вольскага і яго стаўлення да рэчаіснасці. Некаторыя з іх увасоблены ў жартаўлівай форме, але большасць падаюцца ўсур’ёз. Што ж тут дрэннага, запытаецца чытач? На маю думку, мастацтва і палітыка з’яўляюцца супрацьлеглымі паняццямі. Калі творца вагаецца “быць альбо не быць?”, палітык упэўнены адказвае “быць!” і нават падказвае як. Ці не збіраецца тады аўтар гэтых радкоў перашкаджаць Л. Вольскаму выказваць уласную грамадзянскую пазіцыю? Але, акрамя літаратуры, для гэтага існуе шэраг іншых магчымасцяў. На маю думку, ідэальнымі ўмовамі для стварэння вялікага твора з’яўляюцца дзве сітуацыі. Па-першае, аўтар ніяк ці амаль ніяк не праяўляе сваю палітычную пазіцыю ў творчасці. Напрыклад, Дантэ з’яўляўся прадстаўніком гвельфаў (прыхільнікаў Папы Рымскага), якія змагаліся з гібелінамі (прыхільнікамі імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі). А Пётр Чайкоўскі – фанатычным манархістам (і гэта ў час контррэформ Аляксандра ІІІ, калі, паводле словаў Блока, “Победоносцев над Россией простёр совиные крыла”). Скажыце, наколькі прынцыпова падчас чытання “Боскай камедыі” ці прагляда ў тэатры “Лебядзінага возера” ведаць палітычную арыентацыю іх аўтараў? Па-другое, аўтар праяўляе сваю пазіцыю, але робіць гэта на такім глыбокім мастацкім узроўні, што ў чытача не застаецца сумненняў у слушнасці поглядаў галоўных герояў. Напрыклад, хто пасля рамана Хэмінгуэя “Па кім звоніць звон” можа выказваць сімпатыі да фашыстаў на чале з генералам Франка?
Да чаго прыводзіць у дадзеным выпадку падыход Л. Вольскага? Чытачу адразу навязваецца пэўная пазіцыя, якая падаецца як адзіная правільная і слушная. Пры гэтым на шматлікія супярэчнасці, складанасці чалавечага жыцця проста не звяртаецца ўвага. Напрыклад, Сяргей Пятровіч, галоўны герой апавядання “Табе гамон”, падтрымлівае афіцыйную палітыку, а яго сын – не. Але аўтар толькі канстатуе гэту акалічнасць, хоць непаразуменне ў сям’і магло стаць падставай для куды больш сур’ёзных развагаў.
Акрамя таго, існуе яшчэ адна акалічнасць. Каб далей пазбегнуць абвінавачвання ў празмернай катэгарычнасці, працытую выказванне Сяргея Дубаўца, прысвечанае праблемам ужывання “тарашкевіцы”: “Трэба прызнаць, што мы, ініцыятары “тарашкевіцы”, за мінулыя 20 гадоў так і не здолелі стварыць уласнага адзінага руху. Наадварот, сёння мы ператварыліся ў секту, бо абралі для існавання паралельны свет. (…). Калі ў часы перабудовы мы на агульнанацыянальным узроўні патрабавалі вярнуць традыцыйную назву сталіцы — “Менск” і іншых гарадоў, дык сёння нам дастаткова таго, што мы так пішам у сваіх асяродках, тым часам ва ўсебеларускай дыскусіі гэтае пытанне ўжо даўно не стаіць”. А цяпер спраецыруем гэтую думку на літаратуру. Празмерная палітызацыя твораў аўтаматычна адштурхоўвае ад іх тых чытачоў, якія не падзяляюць пазіцыю аўтара. Між тым, як падаецца, нацыянальная літаратура якраз і павінна аб’ядноўваць беларускамоўны сегмент грамадства.
Па-трэцяе, абмежаванасць інтэрпрэтацыі рэчаіснасці выяўляецца, на маю думку, у дамінаванні бытапісальніцтва мінулага. Для больш разгорнутага тлумачэння думкі будзе вельмі дарэчы прыгадаць выказванне Андрэя Федарэнкі пра Янку Брыля. У адным з інтэрв’ю маладзейшы пісьменнік выказаў наступнае меркаванне: “Я ніколі не разглядаў Брыля як рэаліста ў поўным сэнсе гэтага слова. У ягоных карацельках цалкам адсутнічаў вымысел. Гэта не ёсць сапраўдны рэалізм. Ён пісаў тое, што бачыў. Я ведаю, што мая думка будзе разыходзіцца з агульнапрынятай, але я не лічыў яго пісьменнікам у чыстым выглядзе. Брыль не ўмеў выдумляць, а пісьменнік у вялікай ступені – гэта выдумшчык. Брыль быў бытапісальнікам. Ён вёў дзённік жыцця, друкаваў яго, не перапрацоўваючы. І дзякуючы гэтаму, ён пражыў такі доўгі век. Брыль правільна размяркоўваў жыццё, ён ніколі не перапрацоўваўся. Гляджу ў акно, пішу, што бачу, друкую гэта, нармальна пачуваюся – вось як пісаў Брыль”. (Дадам ад сябе, што мініяцюры, якія Брыль пачаў пісаць з сэрэдзіны 1960-х гадоў, складалі малую частку яго творчасці і толькі з часам і ўзростам аўтара пачалі дамінаваць у яго творчым набытку. Але гаворка ў дадзенай рэцэнзіі ўсё ж такі пра іншае).
На маю думку, працытаванае выказванне надзвычай добра тлумачыць філасофію пісьменніцкай творчасці Лявона Вольскага. Уключаныя ў “Міларусь” творы надзвычай блізкія і адпаведныя адзін аднаму, таму можна казаць пра стылёвае адзінства зборніка. Але тэрмін у два дзесяцігоддзі з’яўляецца дастаткова доўгай дыстанцыяй, падчас якой некаторыя пісьменнікі неаднойчы паспявалі змяніць творчую манеру ці ўласны светапогляд. Цалкам магчыма, што Л. Вольскі ствараў частку сваіх твораў (ці большасць з іх) менавіта ў 1990-я, бо на старонках зборніка перададзены менавіта той час.
Калі б апавяданні былі надрукаваныя ў тое дзесяцігоддзе, аўтар заслужыў бы пахвалу ўласнай назіральнасці. Але цяпер, з вышыні 10-20-гадовай дыстанцыі гэтага, на маю думку, ужо недастаткова. Уявіце: вы прыйшлі ў бібліятэку і папрасілі кнігу, якая адлюстроўвае эпоху канца 1920-х гадоў. І вось замест рамана Івана Мележа “Людзі на балоце” вам прынеслі газетную падшыўку за той час. Прыкладна тое ж мне бачыцца і пры чытанні зборніка “Міларусь”. Згаджуся, асобным чытачам, равеснікам Л. Вольскага, чыя маладосць супала з 1990-мі гадамі, будзе надзвычай цікава перанесціся ў той час. Але і для больш сталага, і для маладзейшага пакалення, і наогул, для будучых чытачоў неабходна менавіта асэнсаванне і перасэнсаванне таго дзесяцігоддзя. Згаджуся, яно прысутнічае ў асобных творах. Напрыклад, у апавяданні “Затапленне” галоўны герой Віталь разам з дзяўчынай і хатнімі жывёламі пакідае горад на “велізарным кодабе ад нейкага магутнага грузавога аўтамабіля”, які амаль цалкам затоплены вадой. Чым не паралель з біблейскім Ноем?
Па-рознаму можна інтэрпрэтаваць вобраз “кватэры Казіміра” ў аднайменным апавяданні. Згодна сюжэту, сябры Казіміра працуюць над афармленнем і рамонтам кватэры свайго сябра. Святкаванне так зацягваецца, што яны губляюць адчуванне часу і рэальнасці. А ў выніку галоўны герой не можа трапіць у сваё жыллё, бо падчас яго адсутнасці месца ўжо заняла нейкая фірма. Здавалася б, цудоўны вобраз беларускага Адраджэння, “прафуканага” за высокімі размовамі. Згодна сюжэту, сябры Казіміра чамусьці трапляюць у нейкі “велізарны спічасты будынак”. Па чарзе заходзяць за дзверы і больш адтуль не вяртаюцца. Магчыма, Л. Вольскі зашыфраваў такім чынам сімвал эміграцыі? А павароты ў лёсах герояў з’яўляюцца пункцірамі іх будучага жыцця? Напрыклад, Алесь трапляе на вайну, Францішак і Хрысціна – у краіну кахання, Зміцер – у Бруклін. Але шэраг дэталяў і вобразаў апавядання ніяк не патлумачаны і не даведзены да лагічнага завяршэння. Напрыклад, будучыня закаханай пары і новага “амерыканца” акрэслена, а вось Алеся – не. У яго рукі без нейкіх тлумачэнняў трапляе аўтамат, ён пачынае страляць па мішэнях, падбівае з аўтамата самалёт… Але потым на героя рушыць танк. Алесь вымушаны ад яго ратавацца, пасля чаго сюжэтная нітка абрываецца, і што ў выніку адбылося з героем, так і застаецца невядомым. Або іншы прыклад. У сітуацыі са Зміцерам чытачу паведамляюць, што ў яго ёсць прыгажуня-жонка і “двухпавярховы маёнтак”. Калі ён паспеў узяць шлюб? Астатнія героі тым часам толькі разважаюць пра свае перспектывы. Такім чынам, пераасэнсаванне эпохі 1990-х гадоў прадстаўлена ў дастаткова сціплай форме. У “Міларусі” пераважаюць бытавыя гісторыі пра “свядомых” і “несвядомых”, беларускамоўных і рускамоўных, імкненне эміграваць або застацца на радзіме і г.д.
Якім чынам патлумачыць менавіта такія высновы? Мяркую, будзе дарэчы звярнуцца да музычнай біяграфіі творцы. На маю думку, сакрэт папулярнасці любога гурта (і “N.R.M.” тут не выключэнне) звязаны з тым, што яго выканаўцы здолелі ўвасобіць у сваіх песнях час і перадаць думкі пэўнага пакалення. Слова ў спалучэнні з музыкай мае надзвычай глыбокае ўздзеянне і эфект. Але яно патрабуе імгненнай рэакцыі слухачоў і не прадугледжвае пераасэнсаванне тэкстаў на працягу дзесяцігоддзя. Вынікі творчых пошукаў Лявона і яго аднадумцаў па “N.R.M.” карысталіся надзвычайнай папулярнасцю ў 1990-я і дасягнулі найвялікшага ўздыму на мяжы стагоддзяў. Але потым, як заўсёды бывае, прыйшла іншая эпоха са сваімі героямі і ўласнай сістэмай каштоўнасцяў, і папулярнасць спевакоў пакрысе пайшла на спад. Нічога дзіўнага тут няма, бо большасць творцаў не могуць паспець за імклівым і хуткаплынным часам і часцей за ўсё застаюцца ў той эпосе, у якой прыдбалі найбольшае прызнанне.
Зборнік “Міларусь” стаў для Л. Вольскага працягам яго ранейшай творчай кар’еры, толькі ўвасобленай у іншым жанры. На маю думку, найбольшая каштоўнасць прозы гэтага аўтара заключаецца ў тым, што ён здолеў увасобіць у сваіх тэкстах атмасферу няпэўнасці, разгубленасці грамадства, якое ў 1990-я гады не вызначыла шляхі свайго далейшага развіцця. Таму, калі ў некаторай катэгорыі чытачоў і занудлівых крытыкаў яшчэ ўзнікнуць пэўныя пытанні, то адданыя фанаты “N.R.M.” і “дзеці перабудовы” атрымаюць ад кнігі сапраўднае задавальненне.