12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Мароз

_____________________
Ціхі беларускі нонканфармізм.
Эсэ

Здараецца – прыйдзе ў голаў нязвыклы выраз, а пасьля ўжо шукаеш яму тлумачэньне, шукаеш месца ў вершы ці якім іншым тэксьце. Прапанаваны ў загалоўку выраз – плён сьветлых і пякучых развагаў пра беларускі шлях.
Фраза “ціхі беларускі нонканфармізм” прыйшла да мяне пад час працы над дакументальным фільмам пра Міколу Ра­венскага. Уяўлялася, як стаіць ён у гарадской управе ў акупаваным фашыстамі Менску са скрыпкавым футаралам пад пахаю, каб атрымаць працу ў оперным аркестры. А працу шукаў чалавек, каб выжыць. Натуральнае жаданьне беларуса, які за сваю гісторыю зьведаў аж зашмат ліхіх ператрусаў і акупацыяў. Гасподзь даў Равенскаму працу – рэгентам у царкве ў Ігумене (цяпер Чэрвень), на малой радзіме кампазітара. Ды і ў вымушанай (бо дома лічылі здраднікам) эміграцыі, Нямеччыне і Бельгіі, знайшлося дзе прыкласьці рукі на служэньне Бацькаўшчыне. Уладам жа кампазітар ніколі не слугаваў, не пісаў “кантатаў аб Сталіне” ў змрочныя 30-я. Гэта значыць, не пераступаў мяжу канфармізму.
Зрэшты, само згодніцтва і слугаваньне, як і любы грэх, не канец жыцьця. Галоўнае – пакаяцца. Прыклад ускосна згаданага ў зьвязку з “Кантатай аб Сталіне” Міколы Куліковіча-Шчаглова, які нават свой савецкі ордэн “Знак Пашаны” здаў у гарадскую ўправу, яскрава пра тое сьведчыць.
Але якраз каяцца нам і ня хочацца. Мы больш гаворым пра шлях да храму, чым насамрэч жывем хрысьціянскім жыцьцём, дзе ёсьць малітва і споведзь, пакаяньне, прычасьце Божым дарам ды сьвядомае імкненьне да любові й дабра. Кожны хрысьціянін усьведамляе, што дабро і ліха – паняцьці адназначныя. Ніяк ня можа злое заўтра ператварыцца ў добрае. Зло заўсёды будзе злом, дабро заўсёды дабром, нягледзячы на абставіны і тлумачэньні.
Хтось запытаецца: “А пры чым тут дабро і зло да ціхага беларускага нонканфармізму?” А пры тым, што мова нашая, зямля, дзе мы жывем, і краіна дадзеныя нам Госпадам. Ісьці супраць гэтага – упадаць у вялікі грэх. Тое, што служыць на карысьць Беларусі, нават самая маленькая кропля, ёсьць дабром. Што на шкоду ёй – злом. А хто будзе рабіць на шкоду сабе? Беларус прызвычаіўся за тысячагоддзе свайго існаваньня выжываць сярод розных акупацыяў, уладаў ды галасістых інтэрнацыяналістаў. І выжыў такі, ціха і зацята трымаючыся свайго.
Згадайце, як вокамгненна паўсталі крыжы на беларускіх ростанях у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ніхто не загадваў. Здаецца, учора праязджаў тут, ніякага знаку. А сёньня крыж стаіць, прыбраны ручнікамі… Вось і высьпелілася ідэя стварыць дакументальны фільм пра ўзьвядзеньне крыжа. Дзякаваць Богу, і ажыцьцявілася.
З майго кінадакументалісцкага досьведу – і гісторыя з фільмам “Смаленьне вепрука”. Здымаў я свайго стрыечнага дзядзьку, чалавека надзвычай цікавага. У адным з эпізодаў ён у гумне паказвае перад камерай нарыхтаваныя на зіму запасы і гаворыць: “Якія б прэзідэнты ні былі, мне аднолькава. Я і пры Сталіне, і пры Гарбачове, і пры Лукашэнку як трымаў кабанчыкаў, так і трымаю. Я працую на зямлі. Што змалаціў – тое і маё”.
Чаму ён назваў акурат гэтых асобаў, невядома. Проста зьляцела з языка. Але справа зусім ня ў прозьвішчах. У згаданай фразе яскрава адбіўся той самы ціхі беларускі супраціў. У дзядзькі, як і ў кожнага беларускага селяніна, задача адна – выжыць, трымацца свайго. Заўтра яшчэ што памяняецца, а гародніна, садавіна, бульбачка, зернейка, кабанчык не дадуць прапасьці. Сам пра сябе, пра дзяцей не паклапоцішся – хто пра цябе падумае? Якраз у гэтым – сакрэт нашай “выжывальнасьці”. І глыбінны сэнс незалежнасьці асобы. Незалежнасьць гэтая абавязкова павінна падмацоўвацца матэрыяльна – згадайце імкненьне да Новай зямлі ў паэме Якуба Коласа. Жабрак залежны, і пра нонканфармізм тут гаварыць ужо не выпадае.
Фільм атрымаўся, прынялі цудоўна, але на тэлебачаньні не хацелі паказваць. Я зразумеў, што якраз з-за гэтага шчырага пасажу героя. І толькі гады праз тры ад стварэньня яго пракруцілі на БТ. Нехта выпадкова ўбачыў на праглядзе і зьдзівіўся: чаму такая стужка не паказваецца?
Альбо выпадак з іншай сферы, нашай пісьменьніцкай. Выбралі паэта старшынём Саюза. Вядомага паэта, якога яшчэ ў тыя часы песьціў Цэка саюзнага камсамолу. І ў новых варунках пачуваўся нязгорш, усе думалі пра яго нейкія высокія сувязі. Але стала пытаньне рубам, і давялося чалавеку вырашаць: падацца ў згоднікі ці грэх на душу ня браць? Выбар, няпросты выбар быў зроблены на карысьць Айчыны. Ды і як, папраўдзе кажучы, можна зрабіць інакш, калі табе ў вочы высокі чыноўнік гаворыць, што няма ні Беларусі, ні беларусаў? І дзе цяпер той адмі­ністратар-камандзір? А паэт цудоўны ёсьць і застанецца. Усе застануцца, хто дадае ў духоўны сьвет Беларусі. Ад імёнаў тых, хто яго разбурае альбо не дае нічога, і пыл вецер разьвее. Паэта, пасьля яго ўчынку, я запаважаў яшчэ больш. Хоць вядома, колькі памыяў на яго лілі, якім толькі брудам ня пэцкалі.
Натуральнейшыя праявы рахманага беларускага пратэсту – нашыя пісьмень­ніцкія зьезды. Асабліва чарада апошніх трох. І сядзяць, здаецца, і слухаюць нібыта абыякава, а як даходзіць да справы (асабліва галасаваньня), то згодніцтву месца няма. Апошнія разы (і старэйшыя, і маладзейшыя – бяз розьніцы) нат і слухаць ня хочуць раскольнікаў – заляскваюць, зганяючы з трыбуны. “Вы приходите, будем решать вопрос”, – гаворыць адзін з пісьменьнікаў, да таго ж высокі чыноўнік. Божа мой, як сядзіць гэтае “решим вопрос” у пячонках яшчэ з савецкіх часоў! Вынік відавочны – найбольш галасоў “супраць” пры выбарах у Раду.
Розгалас наконт апошняга зьезду Саюза пісьменьнікаў не сьціхае і дасёньня. Праўда, больш аднабаковы, ад тых, хто прайграў. І быццам кожны за Беларусь, але нейкую сваю, аднаму яму вядомую, ды яшчэ і па-свойму. Мала хто, як падаецца, зазірае “ў корань”, у вытокі цяперашняга становішча. Тут жа ўсё проста. Растапталі на рэферэндуме беларускую мову, скінулі герб, парвалі сьцяг. Паглуміліся над сьвятынямі, адным словам. Якой рэакцыі трэ’ было чакаць, у прыватнасьці, ад тых жа пісьменьнікаў? Гучных воплескаў, вернападданасьці? Гэта ж ня нейкія абстрактныя сьвятыні зглумілі, гэта паспрабавалі выбіць грунт з-пад ног! Які ж беларускі пісьменьнік – бяз роднай мовы, без Беларусі, без нацыянальнай ідэі? Зьявіліся няласкавыя ананімныя творы. Улады пакрыўдзіліся. А раз аўтары невядомыя і дагэтуль, то натуральна падазраваць кожнага, хто ёсьць сябрам СП. Не адмовіш у такой рацыі, нездарма беларусаў называюць нацыяй паэтаў. Нават самыя аблізаныя ўладай, хто паказваў лаяльнасьць, ня выклікалі даверу.
Наступным крокам стала забраньне Дома літаратара і пісьменьніцкай паліклінікі. Ня ведаю, якія там паперы былі, якіх не было. Відавочна адно: будынак прызначаўся для пісьменьнікаў, што нават манументальны надпіс на прыгожым фасадзе засьведчыў: “Дом літаратара”. Што ні кажы, дом гэты ўзьведзены на пісьменьніцкія грошы. Ганарары ў той савецкі час былі прыстойныя, можна было зарабіць і жыць, але ж і прыбытак сваімі кнігамі пісьменьнікі давалі немалы. Так што юрыдычныя абгрунтаваньні тут не ігралі ніякай ролі. У нармальнай дзяржаве нават і пытаньня такога ня ўзьнікла б – аформілі ўласнасьць ды ўсё. Віравала б літаратурнае жыцьцё, была б капейчына каго ўганараваць ці па-людску (дай Бог усім здароўя!) правесьці ў апошні шлях. Удар з Домам і паліклінікай быў нанесены сьвядома.
Зноў жа, якой рэакцыі чакаць на гэта? Не, ніхто не пайшоў на барыкады: мы людзі спакойныя і мудрыя. Але зарубкі засталіся. Нас заклікаюць: давайце павернемся тварам, будзем супрацоўнічаць з уладамі. Давайце. Але ж пісьменьнікі нікуды і не адварочваліся! Як працавалі, так і працуюць на карысьць Беларусі кожны ў меру сваіх сілаў. Якраз уладзе, ад якой пачаўся ўвесь вэрхал, належыць першай зрабіць рэальны крок, каб вярнуць забраную ўласнасьць. Улада – увасабленьне Беларусі, а не Беларусь – увасабленьне ўлады…
Усе крычаць: не выдаюцца беларускія кнігі, малыя наклады, мізэрныя ганарары. А навошта іх выдаваць, калі беларускамоўная адукацыя, дзе найперш патрэбная нашая пісьменьніцкая праца, звужаецца.
У такім становішчы выяўляецца палітыка дзяржавы, бо там – яе кампетэнцыя. І ня трэба па-фарысейску гаварыць, што выбірае чалавек. Помніцца, які ў мяне быў выбар у савецкія часы, калі ў сярэдзіне васьмідзесятых прыйшоў час аддаваць у школу старэйшага сына. Адзіны беларускамоўны клас на ўвесь стольны Менск! Давялося вазіць дзіця ў няблізкі сьвет, як і яшчэ двум маім калегам па культурніцкай ніве.
З дачкою на пачатку дзевяностых, калі паднялася хваля беларусізацыі, было ўжо прасьцей. Знайшоўся беларускі клас у нашай Серабранцы, у звычайнай рабочай, так бы мовіць, школе. Сутыкненьне ж малодшага сына з сістэмай народнай адукацыі прыйшлося якраз на год сумнавядомага рэферэндуму. Афармляю малога ў садок, сяджу ў райана, размаўляю з маладой інсьпектаркай.
“Божа мой! Што нарабілі! У нас жа ўсе метадычкі ўжо зробленыя па-беларуску, усё наладжана. Зноў перарабляць!” – са скрухаю казала яна. Сапраўды, каму ўжо так муляла, што дзеткі з садка загавораць па-беларуску? Беларус жа такі: яму скажуць – ён слухаецца, асабліва калі гэта тычыцца будучыні дзяцей. Няхай мы ўжо так дабудзем, са сваёю трасянкаю, а дзеці няхай вучацца па-беларуску, калі так трэба. Дзеці для беларуса – сьвятое, ён заўсёды імкнуўся, каб яны вывучыліся, выйшлі ў людзі. Супраціву натуральнай беларусізацыі не было аніякага – ня варта тут спасылацца на “голас народу”. Для маёй суседкі па хутары, жонкі ваеннага, расейкі, ня склала вялікіх цяжкасьцяў перайсьці на беларускую мову разам са сваім садком. Хаця ведаю, што гэта не ўсім так проста давалася. Але было разуменьне, што так трэба, што мы жывём ужо ў Беларусі, а не ў савецкай дзяржаве.
Дык вось. Беларускамоўны садок – аснова, грунт, падмурак. І сярэдняя школа стала б беларускай, і вышэйшая школа лагічна перайшла б на родную мову. Ужо сёньня мелі б у асноўным беларускамоўную адукацыю. І пісьменьнікі былі б запатрабаваныя. А так што маем?
Добра ведалі, куды нанесьці самы адчувальны ўдар…
А вучаць жа нас, вучаць і дасёньня чужыя людзі, як належыць паважаць і шанаваць мову сваёй краіны. Французы даюць фільмы нашаму тэлебачаньню з умоваю, каб тыя былі агучаныя па-беларуску. Тое ж самае і з колішнім – з Японіі і Карэі – чэмпіянатам сьвету па футболе. І толькі нашая ўсходняя суседка, калі гаварыць мякка, ня хоча заўважаць мовы блізкага, такога ж славянскага народу. Аб якой дружбе тут можна гаварыць? Аб якой хрысьціянскай любові, месіянстве (Трэці Рым), калі можна не заўважаць сьвятыню, дадзеную Госпадам мову?
Гавораць, ня трэба літаратарам лезьці ў палітыку. Але ж у нас што не крані – усё палітыка. Тая ж мова сёньня (а як пісьменьніку беларускаму пра яе не гаварыць, калі гэта ёсьць яго жыцьцё, пакліканьне, служэньне?) – палітыка. Тая ж сімволіка – палітыка. А як аб ёй не гаварыць, калі нашай місіяй, акром іншага, ёсьць і захаваньне гістарычнай памяці народа? Гістарычная памяць, уласна, робіць нацыю нацыяй, яднае яе. Бо дае ўсьведамленьне, што мы ня першыя і не апошнія на гэтай Богам дадзенай зямлі.
Ледзь не калоціць, калі чую выраз “незарэгістраваная сімволіка”. Што за ідыёма? Нашыя сімвалы, нашыя сьвятыні зарэгістраваныя гісторыяй, часам, і ніхто ня мае права адкінуць іх. А калі трэба фармальнасьці, дык і зарэгіструйце яе як гістарычную. Здаецца, такія прапановы ўжо былі. Зрабіце крок насустрач, і мы адкажам удзячнасьцю. А то заціснулі, як маглі, а мы яшчэ і хваласьпевы складаць мусім...
Дарэчы, хваласьпевы – справа тонкая. Уласна, пісьменьнік, як і кожны чалавек, хоча сваёй працай зарабіць грошай, пракарміць сям’ю, выгадаваць дзяцей. Многім гэта сёньня зрабіць вельмі няпроста, бо пакуль нашая краіна, скажам праўду, бедная. Таму я не асуджаю тых, хто піша і друкуецца быццам бы недзе ня там. Абы ў гэтых публікацыях не было здрады Беларусі, не было канфармізму. Як і не прымаю папрокаў, што нехта зарабляе ня тыя грошы, нейкага іншага колеру. Не сустракаў я ў такіх выпадках нечага супраць Беларусі, наадварот. Грошы ўсюды не даюцца проста так, іх трэба зарабіць. І цудоўна, калі іх зарабляеш з карысьцю для Бацькаўшчыны, не ўпадаючы ў грэх здрады перад пагрозай жабрацтва. Бо гаворым мы пра адно і тое ж, робім адну і тую ж справу. І наш ціхі беларускі нонканфармізм ёсьць зарукаю таго, што Беларусь жыла, жыве і будзе жыць.