12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марыя Мартысевіч

_____________________
Дамавікамерон kids са смакам паленай гумы. Заўвагі на палях кнігі Валерыя Гапеева «Урокі першага кахання»
1 Ганна Кісліцына. Дзённік бландзінкі: лепшыя кнігі 2010 года // Звязда 12 студзеня 2010 г.

1 У камандзе 10 “А” класа па брэйн-рынзе я, праўда, налічыла ажно 10 гульцоў, што немагчыма паводле рэгламенту Беларускай лігі інтэлектуальных камандаў.

3 Тут і далей арфаграфія і пунктуацыя арыгіналу захаваныя.

4 У мастацкім плане апісаная Гапеевым сцэна, калі маладая дзяўчына ўсведамляе сваё полавае даспяванне – адна з самых моцных у гэтага аўтара: “Мылася з незразумелым унутраным хваляваннем, як абмыванне рабіла перад сваёй патаемнай справай. Выціралася старанна, доўга церла валасы. Потым прычасалася і, як была, не апранаючыся, з мокрым ручніком рушыла да старога люстэрка. Пачуццё гаспадыні пратэставала супраць гэтага – ручніком, якім толькі што выцерла сваё цела, ды праціраць бруднае люстра. Але нешта ўнутры літаральна загадвала: менавіта гэтым самым ручніком, бо ручнік памыеццца, а такое будзе адзін раз. Церла люстра – як адкрывала свет у невядомае, і баялася зазірнуць, стрымаць свой позірк на нейкай дэталі (...) Нарэшце люстра стала чыстым. Кацярына адышлася на два крокі ад яго, кінула да ночваў брудны цяпер рушнік – і павярнулася, зірнула ў люстра. Першы раз за сваё жыццё яна стала перад вялікім, амаль у яе рост, люстрам цалкам аголеная”.

6 Для параўнання: “...бацька не стрымаўся, лёгка прыгарнуў Таню да сябе, і той стала крыху няёмка ад такой ласкі перад усімі. Ад бацькі патыхала гарэлкай, цыгарэтным дымам і танным адэкалонам”.

7 Мабыць таму, дызайнер В. А. Макаранка выявіў на вокладцы тое, што здалося яму стылем ”хай-тэк”.

8 АнтыСНІДаўскі слоган, прыдуманы 10-м “А” для школьнай насценгазеты.

9 Дзеля справядлівасці зазначу, што быў яшчэ адзін амерыканскі кніжны бог – Рычард Бах з ягонай “Каўкай на імя Джонатан Лівінгстон”, – аповесцю, якую можна было прыкладаць да ранаў і друкаваць у якасці дадатку ў “Даведніку ВНУ РБ для абітурыентаў”.

10 Цікава, што падобны да нас “тагачасных” Юра Хаванскі – “выдатнік, адзіная на­дзея 10 “А” на залаты медаль, неблагі, не задавака, (...) але нейкі занадта правільны. І занудлівы” аматар кніг Фройда і Юма – гэта самы негатыўны з герояў Гапеева, наколькі ўвогуле магчыма быць негатыўным яго прозе, перапоўненай пазітывам.


Валеры Гапееў. Урокі першага кахання.
Мінск: “Літаратура і Мастацтва”, 2010
(серыя “Пераходны ўзрост”).

“Урокі першага кахання” Валерыя Гапеева былі сёлета згаданыя рознымі экспертамі ад літаратуры ў пераліку найлепшых кніг 2010 года. Прычым у адным выпадку – у спецыяльнай намінацыі “Найлепшая кніга прозы для падлеткаў”1. Хочацца пазласлівіць – бо гэта ўвогуле адзіная беларуская кніга прозы для падлеткаў, якая пабачыла свет у мінулым годзе. На гэтым полі, як была зазначыла галоўны рэдактар часопіса “Маладосць” Раіса Баравікова, у айчыннай літаратуры – сур’ёзны прагал, і серыя “Пераходны ўзрост”, ініцыятаркай і актыўнай аўтаркай якой яна з’яўляецца, пакліканая яго запоўніць. У мінулыя гады ў гэтай серыі дзярж­выдавецтва “літаратура і Мастацтва выходзілі кнігі Андрэя Федарэнкі, Алеся Бадака, Алеся Наварыча... Але “Ўрокі першага кахання”, здаецца, адзіная на сёння пазіцыя серыі, якая выклікала шматлікія і неадназначныя ацэнкі крытыкаў. Ці, як выслаў­ляюцца піяршчыкі, “сабрала прэсу”. Я чытала кнігу з намерам разабрацца ў прычынах гэткай увагі.
“Урокі першага кахання” жывапісуюць нам свет сучасных беларускіх тынэй­джэраў. Свет, парадкам зыдэалізаваны аўтарам у дыдактычных, трэба думаць, мэтах. Кніга падзелена на тры самастойныя аповесці, звязаныя агульнымі героямі – вучнямі дзясятага класа, якія бліжэй да заканчэння кнігі пераходзяць у адзінаццаты. Персанажы-аднакласнікі (прынамсі “ў кадры”) не п’юць, амаль не паляць, старанна вучацца, паважаюць настаўнікаў, гуляюць у брэйн-рынг1 і падпрацоўваюць пасля ўрокаў і на вакацыях, забяспечваючы грашыма сябе і нават бацькоў. Карацей – дзіцячы садок у параўнанні з расійскім серыялам “Школа”. Такая ідэалізацыя падмацаваная сюжэтам: мы з вамі трапляем у “А” клас – тут кіраўніцтва школы пакінула выдатнікаў ды харашыстаў, сапхнуўшы цяжкіх падлеткаў у клас “Д” (у нас у школе казалі, “ад слова дэбілы”). Вось і выходзіць, што вучні “А” класа – разумныя і не па гадах адукаваныя маладыя людзі з крышталёвымі ідэаламі і высокароднымі жыццёвымі мэтамі.
Зрэшты, такая сітуацыя не здаецца мне штучнай, бо я сама вучылася ў такім “селекцыянаваным” класе, займалася танцамі, гуляла ў інтэлектуальныя гульні і звычкі ўмоўнага “Д” класа назірала на адлегласці, хаўрусуючы па-за школай з ліцэістамі ды гімназістамі. У звычайным жыцці такія, як я шаснаццацігадовая, атрымліваюць цэтлікі “завучак”, пагарду равеснікаў і банальных кухталёў пасля ўрокаў. У прозе Гапеева быццё такім станоўчым – норма. Пагатоў, вучні “А” класу не анёлы і не робаты: яны спісваюць з інтэрнэту рэфераты, а вечарамі завісаюць на інтэрнэт-форумах, дзе жарсна абмяркоўваюць праблемы чыстага кахання, выразна адрозніваючы яго ад бездухоўнага сэксу. Пра іх акадэмічную паспяховасць мы з кнігі не даведваемся, лічы, нічога. І гэта правільна.
Карацей, дзе маіх сямнаццаць год. Хіба што пра інтэрнэт напрыканцы дзевяностых мы не чулі і мабільных тэлефонаў у школьнікаў яшчэ не было. І не магло ў момант пікніка на прыродзе прагучаць кампанейскага жарту: “...чайнік да сасны не падключыш”2, – электрычны імбрык тады быў, як у шасцідзясятыя – тэлевізар.
Дзве з трох аповесцяў (“Лёшкава каханне, або Віртуальнае дрэва рэальнасці” і “Першы боль, або Доказ закона прыгажосці”), дзе ў займальным “жызненым” сюжэце спляліся каханне, сэкс ды інтэрнэт – найбольшыя ўдачы Гапеева як аўтара, калі ён бачыць сваім адрасатам юнацтва. Як мэтавая аўдыторыя жаночага чытва я ацаніла тое, што развіццё падлеткавых love story спыняецца тады, калі ў герояў пачынаецца самая эмацыйная “жэсць” – чытач пакліканы самастойна дадумаць падзеі і спрагназаваць пачуцці... О так, “Першы боль...” – гэта тое, пра што вы падумалі. Поруч з “міжрадковай” сцэнай дэфларацыі ў гэтай аповесці змяшчаецца і “міжрадковая” сцэна мастурбацыі1. Пры ўсіх недахопах, якія будуць згаданыя ніжэй, сам факт кнігі, “для старэйшага школьнага ўзросту”, у якой непаўнагадовыя героі спрабуюць абмеркаваць з настаўнікамі нюансы надзявання кандомаў – гэта прарыў. Такі да, 1200 асобнікаў з дыстрыбуцыяй па дзіцячых бібліятэках і кнігарнях краіны. Дамавікамерон kids: цяпер бананавы!
Аднак параўноўваць Валерыя Гапеева з Адамам Глобусам па мастацкіх па­ра­метрах не выпадае. Рэпарцёрскі стыль яго пісьма, вядома ж, можна апраўдаць жанрам падлеткавай аповесці, аднак русіфікаваныя лексіка і граматыка твораў і неахайная праца рэдактараў выдання не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Асновам бяспечнага сэксу юныя чытачы Гапеева мо і навучацца, а вось літаратурнай мове – наўрад.
Менавіта аповесць “Усё цудоўна, або Урок бяспечнага кахання” выклікае ў мяне найбольш прэтэнзіяў, хоць з гледзішча кампазіцыі і паднятых праблемаў яна вылучаецца на фоне іншых. Поруч са згадкамі пра “маладыя гады, маладыя жаданні”, яна спараджае ўва мне асацыяцыі з нядаўнімі падзеямі ў палітычным жыцці Беларусі.
У айчынным літаратуразнаўстве папуляр­ная тэорыя, што за суворымі часамі сацрэа­ліз­му авангардысты самарэалізоўваліся ў дзі­цячай літаратуры. Найяскравейшы прыклад тут – позняя творчасць Данііла Хармса. Гэтак жа ў святле дрымучай (сама)цэнзуры ў афіцыйнай літаратуры ў сённяшняй Беларусі здаецца, што згаданая аповесць Гапеева напі­саная Эзопавай мовай. Праўда, застаецца няясным, ці аўтар асэнсавана імкнуўся да такога эфекту, ці гэта падсвядомае супадзенне.
10 “А” клас Валерыя Гапеева, як ён паказаны ў аповесці “Усё цудоўна...”, – гэ­та, па сутнасці, мадэль грамадзянскай супольнасці ва ўмовах аўтарытарызму. Па­лічыўшы сябе ахвярамі гвалту з боку сістэмы, гэтая супольнасць салідарызуецца дзеля мірнага супраціву і дасягае сваіх мэтаў негвалтоўнымі сродкамі.
Падчас урока фізкультуры жартаўнік цішком падклаў у сумкі аднакласніц па прэзерватыве. Маці адной з іх знайшла “падарунак” раней за дачку. Пачаліся рэпрэсіі:
“Таня не чакала ўдару. Яна ўвогуле нічога не чакала, яна яшчэ не змагла як след усвядоміць сітуацыю, зразумець, што адбылося.
Яна адляцела да дзвярэй, падаючы на падлогу, выцялася тварам прама аб востры край вушака. Ад болю на імгненне страціла прытомнасць, але куды мацнейшы боль вярнуў яе ў рэчаіснасць – маці схапіла яе за валасы і цягнула ўверх”.
Падкінутыя кандомы “ўсплываюць” і ў іншых сем’ях. У выніку замест таго, каб ісці адрывацца на школьную дыскатэку, пабітыя і прыніжаныя аднакласнікі сцягваюцца ў прыгарадны лясок. Да душэўных пасядзелак вакол вогнішча (у аповесці яно фігуруе як “касцёр”), скарыстаўшыся выгодамі мабільнай сувязі далучаюцца класная кіраўніца, завуч і прадстаўнікі бацькоўскага камітэту. Вучні слухаюць салаўёў, ламаюць чаромху, п’юць каву і ладзяць імправізаваны суд над дарослымі, вылучаючы ім абвінавачванні ў падвойных стандартах і недаверы да ўласных дзяцей:
“Нехта пабачыў, як мяне і Таню брат падвозіў сюды. І вось маці ўжо тэлефануе ў роспачы: ёй наказалі, што быццам мы запхнулі беднае дзяўчо ў машыну, рот ёй закрыўшы, і павезлі гвалтаваць! Ведае мяне 16 гадоў – але гатова тут жа паверыць, што я здольны на любую дрэнь!”
Бацькі ў творы – суб’екты жорсткай і несправядлівай улады:
“Бацька (мяне) шлангам газавым б’е. Ён у мяне газавік... І сёння біў. Дыска­тэка ж – а ён не пускаў”.
Дзеці перакананыя, што не робяць нічога забароненага. Яны ведаюць свае пра­вы:
“У нас ёсць пашпарты, мы дарослыя людзі! (...) Мы не парушаем грамадскі парадак, палім касцёр ва ўстаноўленым месцы, не ўжываем спіртное...”1.
Далей – болей: “Ніхто не мае права мяне, паўналетняга грамадзяніна, сілком весці некуды, калі я не здзейсніў нічога супрацьзаконнага“.
У змадэляваным пісьменнікам канфлікце дзеці выглядаюць дарослейшымі за дарослых: дзейсны прыём “пакупкі” чытача – паказаць мацнейшым за апанента героя, з якім ён сябе атаясамлівае. І тут агаляецца гадоўны парадокс аповесці. Пры ўсёй ультрасучаснасці яе антуражу, адэкватнасці, з папраўкай на педагагічныя моманты і дзяржаўнае дзвюхмоўе, гаворкі персанажаў і нашпігаванасці сюжэта дасягненнямі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі2, яе асновай служыць да болю знаёмае сацрэалістычнае змаганне харошага з яшчэ больш прыўкрасным.
Выдатна артыкуляваўшы адвечны канфлікт “бацькі – дзеці”, пісьменнік “разрульвае” яго даволі непрадказальным чынам – у апяяным ім інтэрнэце сказалі б, “злівае”. “Крайнімі” гэтым канфлікце аказваюццца... вытворцы прэзерватываў. Гэта, дарэчы, вельмі слізкі момант, які лёгка прайшоў бы ў літаратуры “для дарослых”, але ў творы для падлеткаў гучыць так, нібы меркаванне бабулькі ля пад’езду тыражуецца міністрам адукацыі. Уявіце сабе дзесяцікласніка, які чытае ва ўхваленай Мінадукацыі кніжцы такія рэплікі сваіх равеснікаў:
“І сам СНІД – прыдуманы... Я чытаў адзін добры артыкул”. І потым... “У 80-я гады мінулага стагоддзя прэзерватывы не карысталіся амаль ніякай папулярнасцю, нават у моладзі. Былі таблеткі. І вось з’яўляецца СНІД. За некалькі гадоў выпуск і продаж прэзерватываў узраслі ў сотні тысяч разоў! Дык хіба кампаніям па вытворчасці гэта не выгадна? (...) Цяпер зразумела, што любая антыСНІДаўская кампанія – гэта завуаляваная рэклама прэзерватываў”.
У выніку сімвалічным прысудам вінаватым стаецца спаленне пакуначкаў прэзерватываў на піянерскім “кастры”. Гэта, думаю, той эпізод усёй кнігі Гапеева, з якога не пакпіць толькі лянівы. Становішча аўтара абцяжаранае тым фактам, што аўтадафэ злачыннай гумы суправаджаецца дэкламацыяй хрысціянскіх малітваў, да якіх зробленая кранальная зноска:
“Тэкст перакладу на беларускую мову малітвы Крыжу Гасподнему і тэкст малітвы Каханню, складзенай на яго аснове, узгодненыя з Мінскай Епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы”.
Хрысціянская мараль выскоквае ў кульмінацыі твору, як чорт з партабакі:
“У сямейным жыцці прэзерватыў як сродак ад СНІДу – бязглуздасць, бо сама сям’я – сродак ад СНІДу”.
Вуснамі юнакоў Валеры Гапееў асуджае бяздушнае агітацыйнае словазлучэнне “полавы парт­нёр”, прапаноўваючы замяніць яго на “каханага чалавека”.
Зразумела, на прапаганду вернасці ў шлюбе пісьменнік мае поўнае права. Пагатоў, я абсалютна згодная, што “нас уратуе каханне”1. З чым я не магу пага­дзіцца – дык гэта з тым, што падлеткавы пісьменнік Гапееў навязвае чытачу свае гамафобныя перакананні:
“...з плакатаў вынікае, што ўсё можна: “блакітныя мужыкі” – норма, бо раз­­мо­ва ідзе пра полавага партнёра (...) Вы не кажаце нам, каб быў першы секс толькі з каханым чалавекам, вы не кажаце нам пачакаць і падумаць, вы не кажаце нам пра ненармальнасць сексу мужчыны з мужчынам і жанчыны з жан­чынай. Адзінае, што гучыць у вашых размовах: прэзерватыў, прэзерватыў, прэзерватыў”.
Івацэвічы – зразумела, не Мінск і не Варшава, але і там маюць доступ да інтэрнэту, дзе бачна, што нават у “закансерваваным” беларускім грамадстве існуе, прынамсі, два супрацьлеглыя стаўленні да людзей нетрадыцыйнай арыентацыі. Называць такіх людзей “ненармальнымі”, не падаючы альтэрнатыўнага гледзішча, – гэта, як мінімум, спекулятыўна, а ў літаратуры для школьнікаў – наўпрост не­­­бяспечна.
У ЗША дзіцячыя псіхолагі пачалі біць трывогу праз вялікі адсотак падлет­кавых самагубстваў па прычыне гамафобных настрояў у школе ці сям’і. Не­­паўналетніх, якія ўсведамілі поцяг да асобаў свайго полу, заклікаюць не пры­ходзіць у адчай, ад таго, што яны “не такія, як усе”, а іх равеснікаў і бацькоў – аказаць ім маральную падтрымку. Самагубствы школьнікаў па невысветленых прычынах – частая з’ява і ў Беларусі... Я сапраўды хвалююся за некаторых непаўналетніх чытачоў Валерыя Гапеева.
Але самы спрэчны для мяне момант аповесці “Усё цудоўна, або Урокі бяспечнага кахання” – гэта прысвячэнне “Надзейцы, Валерыю і ўсім, каму было ці будзе 16”. Мне, амаль удвая старэйшай за пазначаны век, чытаць кнігу, згадваючы пры гэтым баявое мінулае, было псіхалагічна камфортна. Нешта падобнае я адчуваю цяпер, чуючы хіты гуртоў “ДДТ” ці “Скорпіенз”: стаўленне любімых рокераў змянілася з апантана-шанаўлівага да памяркоўна-паблажлівага, але куды па­дзець успаміны пра тое, што адбывалася ПАД гэтую музыку? (Што цікава, хіты гурта “Руки вверх”, якія лічыліся ў нашай кампаніі эталонам папсы і скрайняй ступенню безгустоўнасці, сёння выклікаюць у мяне тыя ж успаміны).
Калі мне самой было 16, чытаць літаратуру “для дзяцей і юнацтва”, рэка­мендаваную школьнай бібліятэкаркай, было некамільфо. Мае равеснікі больш шанавалі Керуака, Кізі, Мілера, Букоўскага ды іншых амерыканцаў2, чые лірычныя героі не збіраліся весці перамоваў з сістэмай і не толькі пілі-курылі, але й нюхалі-калоліся, а ў дадатак у сваёй большасці практыкавалі “секс мужчыны з мужчынам”, мала замарочваючыся з нагоды прэзерватываў3. Але, магчыма, так было толькі таму, што ў мае 16 не было кніжак Гапеева... Зычу аўтару новых творчых поспехаў і паўнюткіх актавых залаў у сярэдніх навучаль­ных установах краіны.