12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алена Масла

_____________________
Адказнасьць перад будучыняй,
або Развагі на "дзіцячую" тэму

Знакамітая шведская пісьменьніца
Астрыд Ліндгрэн пісала толькі для дзяцей
і катэгарычна заяўляла, што ня хоча пісаць
для дарослых. Праўда, каб гэтая
катэгарычнасьць не выклікала паблажлівых
усьмешак, ёй спачатку давялося стаць
ЛІНДГРЭН, разам са сваёй
Пэппі Доўгая Панчоха заваяваць сьвет
і сьцьвердзіць тым самым сваё
літаратурнае права…
А дзе і як сьцьвярджаць сваё права літаратару
з дзіцячай тэматыкай сёньня, у сучасным
літаратурным працэсе роднай Беларусі?

…Калі па тэлефоне прапанавала “ЛіМу” свае казкі, схітрыла, каюся: “Вас цікавяць казкі для дарослых?” – спытала. Ва ўсякім разе, “хітрасьць” паспрыяла таму, што размова ня скончылася тлумачэньнем, што аўтарка пераблытала выданьні, што гэта – іншы, “сур’ёзны” фармат. З казкамі – у “Вясёлку”… Так, са спасылкай “Казкі для дарослых” надрукавала некалькі казак у нашай шаноўнай газеце.
Хаця – шчыра! – не разумею, дзе тая мяжа, якая падзяляе душу чалавека на “дарослага” і “дзіця”. Усім нам, самым сур’ёзным, адукаваным, разумным, шаноўным і паважаным, патрэбна спагада, дабрыня, шчырасьць – і вера ў перамогу Дабра над Злом. Значыць, усім нам патрэбна і казка.

Але, на вялікі жаль, у сучасным літаратурным працэсе ў дачыненьні да казкі існуе пэўная дыскрымінацыя: да яе часта ставяцца як да другараднага, несур’ёзнага і нават прымітыўнага жанру.
На маю думку, дыскрымінацыя казкі пачынаецца ўжо на літаратуразнаўчым узроўні. Варта адкрыць, для прыкладу, хаця б даведнік маладога літаратара “На шляху да Парнаса”, складзены В.П. Рагойшам. Тут сказана, што “…пісьменьнікі …нярэдка апрацоў­ваюць народныя казкі або па ўзору народных пішуць свае, літаратурныя. Паэты часам вершаванай мовай перадаюць вядомыя казачныя сюжэты або ствараюць уласныя вершаваныя”.
Але калі за шэрагам вершаваных казак прызнана права звацца ўласнымі, то прысуд казачнай прозе адназначны: напісаныя па ўзору…
Здаецца, дробязь. Аднак, як ні дзіўна, у вачах літаратурнага сьвету яна заціскае казку ў пэўныя межы – магчымасьць быць апрацаванай народнай або пісацца па яе матывах.
Правільна, у сусьветнай літаратуры шмат прыкладаў такіх пераказаў. У прыватнасьці, гэта творчасьць славутых братоў Грым, з якой пачалася гісторыя казкі як літаратурнага жанру. Да таго, як браты-немцы пачалі зьбіраць, запісваць і апрацоўваць народныя казкі, яны лічылися набыткам простых людзей. Цаной грандыёзнага энтузіязму, тытанічнай працы – гадамі кожны з братоў штодзень карпеў над казкамі па дванаццаць гадзінаў у суткі – яна, сярмяжная Папялушка, упэўнена ступіла ў палацы і выкшталцоныя салоны, каб трывала замацаваць за сабой права паўсюдна быць любіміцай.
Але ад той пары мінула нямала часу, і сьвету даўно вядомыя казкі аўтарскія, калі пісьменьнікі, карыстаючыся казачнай формай, выказваюць сваё стаўленьне да сьвету, яго бачаньне, надаючы якасьці адухоўленых неадухоўленым прадметам… Яны як бы пашыраюць палітру фарбаў, карыстаючыся магчымасьцямі казкі.
Згадаем знакамітага Ганса Хрысьціяна Андэрсэна – самабытнае мысьленьне творцы выказвалася менавіта праз казку Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана, Астрыд Ліндгрэн, Януша Корчака і шмат іншых аўтараў, якія свой погляд на жыцьцё, праблемы жыцьця і сьмерці, таленту і бяздарнасьці, педагагічныя тэорыі давяралі сьвету праз казку…
Урэшце, казка – цудоўны жанр, які дазваляе ў іншасказальнай форме выказаць сваё стаўленьне да падзей палітычных, да пэўнага грамадскага ладу – згадаем, для прыкладу, “Як мужык двух генералаў пракарміў” Салтыкова-Шчадрына…
Магчыма, паблажлівае “па матывах…” і дае права сёньня ставіцца да казкі як да твору прымітыўнага, з запазычанай ідэяй, ня здольнай сказаць нешта важкае, адметнае.

…Пра што, як не пра дыскрымінацыю казкі, можна думаць пасьля такіх вось развагаў аднаго з літаратараў: “Што там скласьці казку: нават таленту да рыфмаваньня не патрэбна мець”. І – скепсіс літаратараў патрабавальных, у кантэксьце толькі сказанага, зрэшты, зразумелага: “Тлумяць дзецям галовы гэтымі казкамі…”
І калі на старонках “ЛіМу” пачынаюць весьці заклапочаныя развагі пра бядотны стан сучаснай дзіцячай літаратуры на Беларусі выхавацелі дзіцячых садкоў, бацькі, настаўнікі і нават чыноўнікі з Міністэрства адукацыі – гэта заканамернае разьвіцьцё падзеяў пры паблажлівым стаўленьні і да казкі, і да дзіцячай тэматыкі наогул…
Бо, каб разьвівалася, расла справа, над ёй трэба апекавацца, гадаваць, падтрымліваць, дапамагаць і, нарэшце, траціць на яе грошы. У Швецыі, напрыклад, у межах Шведскага інстытуту, які займаецца прапагандай шведскай культуры ды ладу жыцьця, існуе асобны Інстытут дзіцячай кнігі. Дзейнасьць яго накіраваная на папулярызацыю айчыннай дзіцячай літаратуры, на распаўсюджваньне сваіх кніг за межы краіны. Шведы вылучаюць гранты на пераклады сваёй літаратуры на мовы сьвету... А ў нас нават выдавецтва “Юнацтва”, якое займалася дзіцячай літаратурай, два гады ўжо, як не існуе. Калі так гаворыцца, папраўляюць: “Не скасавана, а аб’яднана з “Мастацкай літаратурай”… На шчасьце, у гэтым выдавецтве працуюць людзі, шчыра заклапочаныя лёсам дзіцячай кнігі. Але лепш было б, каб чуткі пра магчымае ўзнаўленьне працы самастойнага дзіцячага выдавецтва сталіся праўдай: дзяцінства варта таго, каб яго праблемамі займаліся не па сумяшчальніцтве, а на поўную сілу.

Дык куды ж падацца чалавеку, які піша для дзяцей наогул і казкі – у прыватнасьці?
Перш-наперш, яму дарога ў часопіс “Вясёлка” – выданьне для самых маленькіх беларусаў. Традыцыйна гэта часопіс літаратараў старэйшага пакаленьня. Гэта ўжо ўсе шаноўныя людзі, якія трывала стаяць на нагах у літаратуры, у іх выдадзеныя кніжкі, а творчыя посьпехі адзначаныя прэстыжнымі ўзнагародамі і прэміямі. Выдатна, што і сёньня яны, застаючыся сацыяльна і творча актыўнымі, маюць магчымасьць друкавацца. Павага да настаўнікаў – сьвятое са сьвятых.
Але куды пры гэтым кідацца вучням?
Стаўка на старэйшае пакаленьне для рэдакцыі сталае і досыць бестурботнае правіла, яно дазваляе планаваць нумары нават не на адзін, а на многа гадоў наперад. Ад навічкоў чакаюць твораў невялікіх, пажадана “на староначку”, пасьля трэба цярпліва чакаць выхаду ў сьвет гэтага “нештачкі невялічкага” з год, а тое і болей. Дынаміка даволі кволая, якая наўрад ці дае магчымасьць творчага росту літаратарам маладым, прыхільным да дзіцячай тэматыкі. Бо, каб расьці, малады літаратар павінен мець і творчы стымул, і здаровую крытыку. А гэта магчыма тады, калі напісанае друкуецца.
Пойдзем далей. “Бярозка”, часопіс для дзяцей і падлеткаў.
Сёньняшняя “Бярозка” – цудоўны плацдарм для школьнікаў, якія пішуць. Яны, а таксама адзін-два са штатных супрацоўнікаў – мабыць, у якасьці ўзору літаратурнай творчасьці – друкуюцца на старонках часопісу.
Але пры гэтым пытаньне, куды падзець напісанае для дзяцей аўтарамі, якія выйшлі са школьнага ды студэнцкага ўзросту – апавяданьні, казкі, а, тым больш, казачныя аповесьці – застаецца, так бы мовіць, адкрытым.
Ёсьць яшчэ часопіс для дзяцей і падлеткаў “Качели”. Часопіс на рускай мове, які робіць выключэньне для дзіцячых твораў, напісаных па-беларуску і друкуе іх. Творы ж “дарослых” аўтараў, напісаныя для дзяцей, прымаюцца на рускай мове. Пры гэтым рэдакцыя спасылаецца на тое, што па-беларуску друкавацца магчымасьцяў больш – і нагадвае пра “Вясёлку” і “Бярозку”. Слушна, але вышэйпамянёныя абставіны з пуб­лікацыяй у названых часопісах замыкаюць кола спадзяваньняў на тое, каб напісанае пабачы­ла сьвет.
Многа ўвагі надаецца дзіцячай творчасьці і ў газетах “Раніца”, “Зорька”, “Переходный возраст”.
Паміж небам і зямлёй застаюцца аўтары, якія выйшлі са школьнага і студэнцкага ўзросту, да “карыфеяў” не дарасьлі, але – пішуць для дзяцей. Дакладней, такіх аўтараў – з маладых – вельмі нямнога. Пра гэта сёньня часта згадваюць – маладыя, маўляў, ня хочуць пісаць для дзяцей. Шмат хто лічыць, што прыхільнасьць да дзіцячай тэматыкі прыходзіць да творцаў з гадамі, калі зьяўляюцца ў іх свае дзеці ці нават унукі … Слушна, але не адназначна.
Нікуды не падзецца ад таго, што дзіцячая тэматыка неперсьпектыўная для маладых літаратараў. Трэба мець нямала ўпартасьці і любові да дзіцячага, каб таптаць сьцежачку ў літаратуру праз яго.

Дзіўная рэч. Столькі шмат кажацца пра тое, што “ўсё пачынаецца з дзяцінства” і тым самым падкрэсьліваецца важнасьць самага, бадай, адказнага перыяду жыцьця чалавека, калі фармуецца ягоны сьветапогляд, закладваюцца ўяўленьні пра сьвет – адбываецца актыўнае стаўленьне асобы.
І, разам з тым, у грамадстве існуе нейкае паблажлівае стаўленьне да людзей, якія займаюцца “дзяцінствам”. Калі “дзіцячы” журналіст – дык гэта той, у якога нешта не ўдалося ў “дарослай” журналістыцы. Калі “дзіцячы” пісьменьнік – дык большага яму ня дадзена, як толькі для дзяцей нешта там прыдумляць.
І вось што страшна. Паблажлівасьць гэта і сапраўды нараджае памылковае ўяўленьне пра лёгкасьць тэматыкі, калі літаратура для дзяцей нават у вуснах паважаных, заслужаных аўтараў ператвараецца ў салодзенькае сюсюканьне – часта на тэму захапленьня сваімі ўнукамі. А калі і ня так, то проста бяздушнага графаманства, калі з дапамогай простай арыфметыкі – ідэя плюс красамоўныя выразы – крапаецца “нештачка на староначку”, па фармату прыдатнае для перыёдыкі, па маралізатарству здольнае задаволіць густ самага зануднага выхавацеля…
Трэба, між тым, зазначыць, што дзіцячыя кніжкі нашыя хораша афармляюцца. У жніўні мінулага году мне давялося быць удзельніцай 16-й Скандынаўскай канферэнцыі славістаў у Швецыі і выступаць з дакладам па дзіцячай літаратуры. У прыватнасьці, я расказвала і пра тое, што робіцца беларускімі выдавецтвамі для дзяцей. У якасьці ўзору брала з сабой тое-сёе з кніг “Мастацкай літаратуры”, колішняга “Юнацтва” і прыватнага выдавецтва “Кавалер Паблішэрз”. На канферэнцыі прысутнічалі навукоўцы і журналісты са скандынаўскіх краінаў. І ўсіх уразілі нашыя дзіцячыя кнігі – самабытныя, адметныя… На жаль, яркія, багатыя на ілюстрацыі, бывае, яны здольныя ўсё ж нараджаць у душы спусташэньне, калі ў прыгожай вокладцы нічога, акрамя імпэту аўтара і жаданьня яго адзначыцца і ў дзіцячай тэматыцы ў тым ліку, няма… Каб не зусім ужо галаслоўна разважаць, да прыкладу прывяду толькі штрых з адной казкі з прыгожа аздобленай кнігі. У ёй паніч, які кахае сялянскую дзяўчыну – працавітую, шчырую, прыгожую, верную свайму нарачонаму, Янку, з якім “адным сэрцам стукаюць, адным дыханьнем дыхаюць” – ператварае яе ў … “сучачку”. І трымае ён гэту “сучачку” пры сабе, чакаючы, калі пройдзе яе туга па любым…
Толькі асацыяцый з “сучачкай” досыць, каб поўніцай наесьціся за вушы прыцягненых чараў. І “лёгкасьць” гэта нават крытыкай не заўважана. Дзіцячае найчасьцей – па-за ўвагай сур’ёзных літаратуразнаўцаў і крытыкаў. Тут можна бессаромна “куралесіць” – і разьлічваць на паблажлівасьць. Таму асабліва цешыць, што “ЛіМ” час ад часу друкуе крытыку на дзіцячыя творы. Зрэдку – “Дзеяслоў”. Ды, на жаль, і крытыка больш падобна на проста водгукі, на канстатацыю факта, што вось, выйшла такая кніжка… Нязвыкласьць да дзіцячай тэматыкі адчуваецца ў ёй.
Дзіцячае ж – гэта тое, што трэба чуць – сэрцам, пісаць – сэрцам, ацэньваць – сэрцам. Бо яно прыходзіць у жыцьцё нашых з вамі дзяцей і здольнае спрычыніцца да іх лёсу, бо дзеці – даверлівыя, раскрытыя сьвету. З імі нельга крывадушнічаць, гуляць у літаратуру. У лепшым выпадку мы сапсуем ім густ. Найстрашней жа, калі “папісваньнем” на “лёгкую” – дзіцячую тэматыку – мы ўзрасьцім прывычных да фальшу лю­дзей…
Таму прапаную сур’ёзным дарослым выданьням вось што. Сёлетні год абвешчаны ЮНЕСКА годам Ганса Хрысьціяна Андэрсэна з нагоды 200-га юбілею Вялікага Казачніка. Уважце юбілей, да якога мае дачыненьне дзяцінства ці ня кожнага з нас. Пусьціце на старонкі сваіх выданьняў казку. Абвясьціце конкурс казак, абудзіце цікавасьць у маладых да гэтага жанру; дайце магчымасьць аўтарам, прыхільным да казкі, надрукаваць свае творы. Магчыма, нехта нават расшчодрыцца і зробіць “сьпецвыпуск”, прысьвечаны казцы.
Гэта – рэальныя крокі, якія можна зрабіць сёньня. Можа яшчэ так стацца, што “казачная” тэматыка аздобіць салідныя выданьні, падорыць чытачам хвіліны радасьці, калі разам са сваімі дзецьмі яны сядуць пачытаць нешта з літаратурнага “дарослага” часопісу…
І, шаноўныя крытыкі, чытайце навінкі дзіцячай літаратуры! Хваліце, крытыкуйце, аналізуйце – але не рабіце выгляд, што яе няма, што яна – ня вартая вашай увагі. Друкуйце свае водгукі ў перыёдыцы! Можа, большую адказнасьць тады дарослыя будуць адчуваць за кожнае слова, напісанае для дзяцей. А не спадзявацца, што чытач без разбору ўсё пракаўтне – і не папярхнецца. А паасьцерагуцца, памятаючы пра ўвагу да сваёй творчасьці для дзяцей з боку дарослых калегаў – і сто разоў падумаюць, перш чым “ціснуць” абы-што прыдуманае, абы-як “скляпанае”.
Добра было б стварыць клуб аматараў казкі. Можа, Саюз пісьменьнікаў, які мае секцыю дзіцячай літаратуры, адгукнецца на гэтую прапанову і аб’яднае пад сваім дахам дзіцячых пісьменьнікаў, навукоўцаў, выдаўцоў, педагогаў і, урэшце, проста чытачоў, якім патрэбныя добрыя дзіцячыя кнігі...

Нам варта помніць пра тое, што зьнявага дзіцячай тэматыкі цягне за сабой выхаваўчыя праблемы з самымі сур’ёзнымі наступствамі. І, у прыватнасьці, недавер да літаратуры, якая дазваляе сабе “сюсюканьне” з дзецьмі замест таго, каб гаварыць на мове зразумелай, даходлівай – але ня як з дурненькімі істотамі, а годна, з павагай да асобы маленькага чалавека, раўнапраўнага з іншымі грамадзянамі сваёй краіны.
“Калі мы хочам зьмяніць сьвет да лепшага, мы павінны пачынаць з дзяцей,” – гэ­тыя словы таксама належаць Астрыд Ліндгрэн.
І гэтую адказнасьць перад будучыняй павінен адчуваць кожны дарослы, а пісьменьнік – тым больш, бо друкаванае слова мае вялікую ўладу над дзіцячай душой.
...Калі сур’ёзныя дарослыя гэта разумеюць, трэба рабіць усё магчымае, каб “дзіцячае” не тулялася бяздомнай сіратой, а мела магчымасьць і стымул разьвівацца і шчыраваць на літаратурнай ніве Бацькаўшчыны.