12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алена Масла

_____________________
“Дарогу адолее той, хто ідзе”
Гутарка з Янінай Арлоў


“Феномен шведскай дзіцячай літаратуры” – гэты выраз, які разумеюць і прымаюць і тыя, хто вывучае дзіцячую літаратуру на прафесійным узроўні, і тыя, хто абірае кнігі для чытання сваім дзецям ва ўсім свеце. Ну, а дзеці могуць і не ведаць навуковых азначэнняў – яны проста вітаюць цудоўныя кнігі, створаныя шведскімі аўтарамі.
Згодна статыстыцы, з 2003 года адзначаецца істотнае ажыўленне, а па выніках 2006 года канстатуецца, што выданне дзіцячых кніг у Швецыі пабіла ўсе рэкорды. Самі шведы лічаць, што гэтаму спрыяла некалькі істотных фактараў: кампаніі па прапагандзе чытання, зніжэнне падаткаў на кнігавыданне, рост нараджальнасці і агульны пад’ём дабрабыту.
Крыху іншакш у нас. Беларусь, у якой з 1982 па 2002 год працавала ўнікальнае дзіцячае выдавецтва “Юнацтва”, толькі праз дзесяць гадоў пасля яго страты пачынае звяртаць пільную ўвагу менавіта на “дзіцячую” галіну кнігавыдання. З аднаго боку, крыўдна, што ўпушчаны каштоўны час: кніжны рынак, па-сутнасці, здадзены расійскім кнігавыдаўцам і, нягледзячы на багатыя традыцыі кнігавыдання, беларусы апынуліся ў нейкім сэнсе… напачатку шляху. Так імкліва развіваюцца тэхналогіі, ідзе абмен творчымі ідэямі, думкамі, што – дагнаць страчанае будзе надзвычай складана!
З іншага боку, калі заглыбляешся ў праблемы шведскага кнігавыдання (каб мець іх прыклад развіцця за ўзор альбо проста ўважаць іх вопыт як варты ўвагі і вывучэння), апынаешся перад не аднойчы пацверджаным жыццём фактам: дарогу адужае той, хто ідзе.
Хацелася б, каб у нашай кароткай гутарцы з Янінай Арлоў (Janina Оrlov), шведскай перакладчыцай, літаратуразнаўцай, крытыкам дзіцячай літаратуры калегі пачулі менавіта гэтую ісціну.

Алена Масла: – Спадарыня Яніна, падчас удзелу ў семінары па дзіцячай літаратуры ў Стакгольме (2009 год) я зрабіла для сябе нечаканае адкрыццё. У Швецыі, дзе штогод выходзіць 1500-1800 кніг для дзяцей; дзе працуе Інстытут дзіцячай кнігі; дзе самыя буйныя газеты краіны штотыдзень даюць агляд дзіцячай літаратуры; дзе ёсць Юнібакен – незвычайны музей дзіцячай кнігі, урэшце, там, дзе заснавана прэстыжная міжнародная прэмія па дзіцячай літаратуры імя Астрыд Ліндгрэн, якая па сваёй значнасці прыраўноваецца да Нобелеўскай – гучалі скаргі крытыкаў дзіцячай літаратуры на тое, што дзіцячай літаратуры ў вас надаецца не столькі ўвагі, колькі хацелася б... А вы падзяляеце гэту незадаволенасць?
Яніна Арлоў: – Гэта праўда – і няпраўда адначасова. Заўжды афіцыйна лічыцца, што дзіцячая літаратура – вельмі важная справа, ёй трэба займацца, развіваць, падтрымліваць. Аднак ёсць розніца паміж тым, што канстатуюць і як ставяцца насамрэч да дзіцячай літаратуры. Але я кажу сваім студэнтам, што мы не павінны гэта нават падкрэсліваць, бо кожны раз, як толькі мы гэта паўтараем, факт пацвярджаецца і замацоўваецца...
Але, бясспрэчна, такая праблема ёсць. І гэта датычыць не толькі рэцэнзій на дзіцячыя кнігі. Напрыклад, шведская Акадэмія навук, найпершая задача якой – праца са шведскай мовай, дапамога ў яе развіцці, выдае вельмі шмат стыпендый і грантаў... Але каб дзіцячы пісьменнік атрымаў гэтыя грошы – выключная рэдкасць. І гэта вельмі дзіўна з іх боку.
– А ў чым вы бачыце праблему такога стаўлення?
– Мне здаецца, яны проста зусім не разбіраюцца ў дзіцячай літаратуры, не разумеюць, што гэта такое – хаця вельмі любяць паразважаць пра тое, як гэта важна. Дадатковая праблема палягае яшчэ ў тым, што да дзіцячай літаратуры наогул ставяцца як да нейкага маналіту. Гэта – найвялікшая памылка спецыялістаў: вылучэнне дзіцячай літаратуры як асобнага жанра. Дзіцячая літаратура – шматжанравая, як і літаратура для дарослых. І ў гэтым сэнсе тут ёсць рэчы добрыя і дрэнныя, не якасныя.
– Цалкам падтрымліваю вас. На вялікі жаль, у нас апошнім часам наогул нейкая мазахісцкая мода пайшла ў дачыненні да беларускай дзіцячай літаратуры – усё не так! Проста па азначэнні.
– Ну, так дакладна быць не можа!
– З аднаго боку, магчыма, так балюча ламаюцца менавіта традыцыі дыдактычнасці, маралізатарства, размовы з дзецьмі “зверху ўніз”... І ўсё ж, абсалютна слушна вы заўважылі, калі бясконца паўтараць негатыўнае сцвярджэнне, яно толькі пацвярджаецца і замацоўваецца... Такі негатыў, на маю думку, здольны толькі пагоршыць сапраўды вельмі складанае становішча беларускай дзіцячай кнігі. А складанасць сёння не ў апошнюю чаргу звязана з адлучэннем ад роднай мовы. На жаль, вельмі часта беларускім дзецям даводзіцца проста тлумачыць беларускую лексіку, а не пра вартасці твора разважаць...
У звязку з гэтай праблемай дазвольце ў вас запытацца: згаданая практыка падтрымкі шведскай акадэміяй роднай мовы – гэта вымушаная мера? Англійская мова ў Швецыі – як другая родная...
– Не, я б не сказала, што ёсць пагроза выцяснення шведскай мовы англійскай, асабліва калі датычыць правінцыі. У вялікіх гарадах, канечне, англійскай мовай карыстаюцца вельмі актыўна, але ўсё адно мы можам гаварыць не пра пагрозу, а толькі пра значны ўплыў англійскай мовы. Моўнай праблемы ў нас, на шчасце, не існуе.
– Вы выдатна ведаеце скандынаўскую і рускую дзіцячыя літаратуры. Згодна вашаму прызнанню, марыце вывучыць беларускую мову – і тады пачытаць нашыя дзіцячыя кнігі. І ўсё ж, паколькі Беларусь – частка постсавецкай прасторы, а таму ў нас ёсць агульнае савецкае мінулае і агульныя традыцыі ў дзіцячай савецкай літаратуры, якія датычаць і Беларусі, хацелася б пачуць аб прынцыповых адрозненнях і агульных рысах паміж скандынаўскай і нашай дзіцячай літаратурамі.
– Вельмі шмат агульнага. Але, як мне падаецца, скандынаўская дзіцячая літаратура знаходзіцца на ўзроўні дзіцяці. Тое ж, што я чытала ў рускай літаратуры – часцей за ўсё павучальная літаратура, калі дзіця трэба чамусьці навучыць. Гэта выхаваўчая літаратура. Але не ўся, ёсць выключэнні...
– Гэтыя выключэнні, як правіла, і становяцца пасля любімымі кнігамі.
– У тым і справа. Ёсць, да прыкладу, расійскі казачнік Сяргей Сядоў – вельмі смешны, крыху абсурдны, у стылі Данііла Хармса. Але такіх імёнаў зусім не шмат у рускай дзіцячай літаратуры. Я ўвесь час чакаю, што нешта павінна адбыцца.
– Шведская дзіцячая літаратура таксама пачыналася з павучальнай – “Прыгожае і надзвычайнае для паненак” – кніга, выдадзеная ў Швецыі ў 1591 годзе, ад якой вядзе адлік гісторыя дзіцячай шведскай кнігі. Пасля была Сэльма Лагерлёф, і яна зрабіла важкі ўнёсак у развіццё літаратуры для дзяцей... Наогул, якія этапы вылучаеце вы?
– Адкрыю вам сакрэт. Я цяпер пішу гісторыю шведскай дзіцячай літаратуры і спрабую даказаць, што насамрэч шведская дзіцячая літаратура мае ўзрост нават большы, чым 400 гадоў – ёсць факты, якія кнігу “Прыгожае і надзвычайнае для паненак” адсоўваюць на другое месца. Ну, але падрабязнасцяў пакуль што не буду расказваць, пра іх – як скончу сваю навуковую працу!
Пераломным жа этапам у шведскай дзіцячай літаратуры лічыцца 1945 год, калі ўпершыню выступілі Астрыд Ліндгрэн, Тувэ Янсан, Ленард Хельсінг... Гэтыя аўтары стварылі пазітыўныя, радасныя, у мастацкім сэнсе якасныя творы для дзяцей. Яны не столькі павучаюць, але звяртаюць увагу на свабоду дзіцяці, яго індывідуальнасць, гуляюць з мовай.
У пасляваенны час гэта было асабліва важна. Шведскае грамадства не жадала больш вайны, не хацела выхоўваць дзяцей у прыгнечанай атмасферы, расціць з іх салдатаў.
У нас вялікае развіццё атрымала кніжка-карцінка, а таксама літаратура для падлеткаў (у якой, трэба прызнаць, адчуваецца вялікі ўплыў амерыканскай літаратуры).
Да гэтай пары на дзіцячую літаратуру Швецыі вялізарны ўплыў аказвае Астрыд Ліндгрэн. Яна – сапраўдная зорка. Пра кожнага шведскага дзіцячага пісьменніка можна сказаць, што Ліндгрэн мела на яго ўплыў – незалежна ад таго, любіў ён яе ці не. Не ўсе ж любяць творчасць Астрыд Ліндгрэн, не ўсім яна па душы – але, тым не менш, усе маюць нейкае дачыненне да яе творчасці.
– Што цалкам натуральна, бо ў кожнага свае перавагі, у тым ліку і ў літаратуры.
– Безумоўна. Аднак асабліва для замежжа шведская дзіцячая літаратура – гэта найперш Астрыд Ліндгрэн.
– А сёння ёсць у вас зоркі такой жа велічыні, як Ліндгрэн? Усё ж 1500-1700 кніг для дзяцей штогод, з іх 40 адсоткаў – перакладныя, а 60 адсоткаў – арыгінальныя шведскія кнігі. Гэта шмат! Відаць, усе, хто піша для дзяцей, усе і выдаюцца!
– Дзе там! Багата і тых, хто піша ў стол, або выдаецца за свой кошт невялікімі накладамі не ў сапраўдных выдавецтвах!
– У такім разе, хто цяпер складае літаратурнае ядро дзіцячай літаратуры Швецыі?
– Асобныя імёны не хачу называць, скажу пра тэндэнцыі. Цяпер у нас дужа папулярны жанр дэтэктыву. На жаль, вельмі часта гэта слабыя кнігі. Яны як цукерка для дзіцяці – ён з’есць яе, але вяртацца да яе не будзе. Гэта танная літаратура – як паўсюль у свеце, ёсць гэта і ў нас.
А вось лідарства ў сучаснай скандынаўскай дзіцячай літаратуры належыць цяпер не Швецыі, а Нарвегіі і Даніі; гэта кніжкі-карцінкі.
– Гэтыя кнігі такія папулярныя таму, што ўзроставыя, для маленькіх чытачоў?
– Наогул, канечне, так. Але менавіта нарвежскія і дацкія кніжкі-карцінкі перайшлі ўсе ўзроставыя межы. Гэтыя кніжкі-карцінкі ўжо нельга назваць дзіцячымі. Я тут не хачу называць імёны аўтараў, скажу толькі, што гэта творчы дуэт – муж і жонка, яна мастачка, ён паэт. У іх цяпер з’явілася пяць кніг на такія тэмы, што нават у Швецыі іх прадаюць з-пад прылаўка.
– Раскажыце хаця б, што гэта за кнігі.
– Адна з кніг называецца “Лагер”. Выкарыстоўваць тэму канцлагера ў дзіцячай кнізе надзвычай цяжка. Аўтары наогул даводзяць, што тэма канцлагера ў іх – гэта метафара, што яны хацелі абудзіць дарослых і паказаць ім, якое дзяцінства патрэбна дзецям, а якое – не. Насамрэч, атрымалася жудасная кніга. І яны дадумаліся ў Польшчу з прэзентацыяй такой кнігі ехаць, дзе тэма канцлагераў надзвычай балючая. Не дзіва, што публіка там іх не прыняла.
Другая кніга гэтых жа аўтараў называецца “Ідыёт”, і распавядае яна пра жудасную сямейную сітуацыю. Сын дэбільны, маці не вытрымлівае жыцця з ім, таму труціць сына таблеткамі і сама іх п’е. У выніку – два трупы. Прабачце, дык гэта інструкцыя па тым, як знішчыць уласнае дзіця? Як растлумачыць, навошта такая літаратура? А крытыкі захапляюцца...
– Гэта, даруйце, падобна на парнаграфію. Калі эротыка ўжо не ўзрушвае…
– Вось-вось, менавіта так. Гэта літаратура, дзе ўсё можна. І ў Нарвегіі ёсць такі рух, але там усё ж крыху спакайней. Там у жанры кніжкі-карцінкі таксама працуе сямейная пара. Іх кніга пра вельмі складанае жыццё ў сям’і, дзе бацька п’е, б’е маці, а хлопчык шкадуе бацьку ды імкнецца зразумець яго – страшная, але харошая.
– Мне падаецца, такія кніжкі-карцінкі толькі традыцыйна, менавіта з-за мноства ілюстрацый, лічацца дзіцячымі. Хутчэй яны як SOS для дарослых, спроба прыцягнуць іх увагу да нейкай азначанай тэмы: кароткі тэкст на вострую сацыяльную праблему, шмат карцінак... Сучасны чалавек з кліпавым мысленнем, для якога вольны час – ці не найвялікшы дэфіцыт, такую кнігу дакладна адужае.
А вось імкненне пагрузіць дзіця з дапамогай кнігі ў жорсткую рэчаіснасць, пабытовы гвалт у кнігах для дзяцей – для мяне, прынамсі, сведчанне таго, што свет стаў жорсткім у стаўленні да дзяцінства. Кажуць жа – якое жыццё, такія і песні (ці, перафразаваўшы, кнігі). Бясспрэчна, што дзецям трэба дапамагчы разабрацца ў тым, што адбываецца вакол. І жахліва ад таго, з якімі праблемамі, створанымі ў рэальнасці дарослымі, дзецям даводзіцца жыць...
– Гэта так...
– Спадарыня Яніна, і ўсё ж, вяртаючыся да кнігавыдання ў Швецыі. Як шведскія кнігавыдаўцы абіраюць кнігі для выдання? Ці вядуцца на густ масавага чытача?
– Добрае пытанне. У Швецыі шмат старых буйных выдавецтваў. Вось яны ў асноўным і друкуюць кнігі для масавага чытання. А ёсць маленькія выдавецтвы, і яны больш адважныя. У асноўным гэта яны выдаюць сёння добрую літаратуру. Гэта здзіўляе, бо ім цяжэй на рынку. Але, разам з тым, яны аказваюцца больш мабільнымі.
– А вы можаце сказаць, што ў сучаснай шведскай дзіцячай літаратуры кніга для масавага чытача пераважае?
– О так! Я б нават сказала, што зашмат кніг выходзіць у нас штогод, можна было б напалову меней.
– Акрэсліце, калі ласка, задачы крытыкаў дзіцячай літаратуры ў Швецыі. Як справіцца з такой колькасцю кніг, як дапамагчы зарыентавацца чытачам?
– У Швецыі сёння на дастаткова добрым узроўні крытыка дзіцячай літаратуры. У буйных газетах кожны тыдзень выходзіць агляд дзіцячых кніг, у Сеціве шмат рэцэнзій. Вялікія газеты, у асноўным, пішуць пра добрыя дзіцячыя кнігі. Рэцэнзія ў салідным выданні – як своеасаблівы знак якасці. Таму шмат пакрыўджаных аўтараў, якія не разумеюць, чаму пра адны кнігі пішуць і пішуць шмат, а іншыя зусім не згадваюцца: адвечная праблема.
– А як вы ставіцеся да знішчальнай крытыкі?
– Знішчаць – гэта вельмі проста і ні да чаго добрага не вядзе, толькі можа забіць чалавека. Наогул, такая крытыка – ад прафесійнай бязграматнасці.
– Як вам бачыцца далейшае развіццё дзіцячай літаратуры ў Швецыі?
– О, гэта надзвычай складанае пытанне! Ёсць асаблівасці дзіцячай кнігі – для ўзроста, калі ўжо патрэбна не традыцыйная кніжка-карцінка, а кнігі для падлеткаў яшчэ зарана... Гэта літаратура для дзяцей ад 7 да 10 гадоў. Для гэтай групы чамусьці цяпер мала добрых кніг. І калі даюцца розныя прэміі, кніг для гэтага ўзросту чамусьці не відаць.
Нават не магу сказаць, чаму так адбываецца. Магчыма, з-за таго, што існуе перакананне: кніжка-карцінка і падлеткавая літаратура – гэта тое, што прэстыжна ствараць. Кніжка-карцінка сама па сабе – яскравая з’ява. Падлеткавая ж літаратура падобная ўжо да “вялікай”. А вось міжузроставая кніга застаецца па-за ўвагай аўтараў. Хацелася б ліквідаваць гэты прабел.
– Наколькі я ведаю, тэма вайны ў шведскай літаратуры для дзяцей зусім не развітая. Ці, магчыма, яна забароненая?
– Не, што вы, у нас няма забаронаў. Іншая справа, што пра вайну не пішуць па аб’ектыўных падставах: усё ж у Швецыі 200 гадоў не было вайны. Я сама родам з Фінляндыі і час ад часу ўражваюся няведаннем шведаў пра вайну. Але сучасная Швецыя сатканая з розных культур, тут жыве шмат бежанцаў з розных гарачых кропак – таму будзе няпраўдаю сцвярджаць, што гэта тэма не актуальная для нашага грамадства. Тэмы вайны, сапраўды, няма ў шведскай дзіцячай літаратуры. Але калі няма досведу – не варта пра гэта пісаць, каб пазбегнуць фальшы. Бо заўжды паўстае пытанне, як апісваць цяжкія тэмы. А тэма вайны якраз і належыць да цяжкіх, таму, калі няма асабістага досведу, перажыванняў – лепей не пісаць. Вось шведы і не ведаюць, як падступіцца да гэтай тэмы.
– У нас па шэрагу прычынаў папулярная фальклорная літаратура – кнігі прыказак, прымавак, народных казак... А ў Швецыі?
– Фальклорныя творы ў нас таксама выдаюцца, але каб яны былі папулярнымі – не скажу. Хаця зазначу: шкада, бо гэта найцікавейшы пласт культуры.
– Беларусь – краіна, вельмі адкрытая свету. Мы, да прыкладу, вельмі ахвотна выдаем казкі розных народаў. Шведы ж насцярожана ставяцца да прысутнасці твораў іншых культур у кантэксце свайго літаратурнага працэсу.
– На жаль, гэта сапраўды так. Выдаюцца кнігі, блізкія нам па менталітэту – у асноўным, пераклады англамоўнай літаратуры, тых народаў, культуру якіх мы ведаем. Выдаўцы не рызыкуюць, лічаць, што астатняе – чужое, чужароднае. Насамрэч, гэта глупства, і шкада, што яно існуе. Я лічу, гэта старамодна – думаць, што нейкая тэма складаная для дзіцячага ўспрыяцця.
– Я ведаю, што ў сучаснай Германіі, перапоўненай эмігрантамі, выдаецца шмат кніг, наўмысна напісаных спрошчанай нямецкай мовай – для людзей, якім яна не родная. Ці ёсць такія кнігі ў Швецыі?
– Так, ёсць.
– На маю думку, беларусам варта было б звярнуць увагу на гэту практыку, але ўжо не дзеля таго, каб нас разумелі не толькі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, а самі ж беларусы...
– Прынамсі, рэаліямі жыцця нельга пагарджаць. Неабходна ўлічваць узровень валодання мовай пры стварэнні кніг.
– Вы ўжо другі раз у Беларусі і сустракаліся з беларускімі чытачамі ў Пінску, Магілёве, Мінску. На гэты раз у вас надзвычай прыемная нагода для візіту – кніга славутага шведскага пісьменніка (і, дадамо для чытачоў, вашага мужа) Ульфа Старка “Дыктатар” перакладзена на беларускую мову і выйшла ў выдавецтве “Логвінаў”. Шэраг прэзентацый адбыўся, частка – наперадзе. І на ўсіх мерапрыемствах прысутнічаюць дзеці. Што, на ваш погляд, родніць і адрознівае беларускіх і шведскіх дзяцей?
– Вельмі шмат агульнага. Дзеці (як і дарослыя) самі па сабе розныя. Калі ім сумна, яны сыходзяць з сустрэчы. Таму не варта перад імі прыкідвацца, яны адразу гэта адчуваюць. Хаця, з іншага боку, у дзяцей таксама можа быць кепскі густ...
– І што з гэтым рабіць? Як абмінуць гэту праблему? Як тут не займацца выхаваннем?
– Ну што ж паробіш! Мы маем права сказаць пра нейкую канкрэтную кнігу, што яна кепска напісаная, слабая. Але калі чалавеку падабаецца – калі ласка, няхай чытае, значыць, гэта кніга яго ўзроўню.
– Цяпер шмат гаворыцца пра тое, што дзеці мала чытаюць...
– Так, ёсць такая праблема. Але варта не забывацца, што, калі яны не чытаюць кнігі, то ўсё адно чытаюць тэксты – у Сеціве, з мабільніка. Так што праблема з чытаннем складаная, але не настолькі.
– Вызначце, калі ласка, месца кнігі ў фарміраванні асобы – на вашу думку.
– Даволі часта, калі мы гаворым пра дзяцей, карыстаемся адпачатку няправільным сцвярджэннем: каб стаць добрым чалавекам, трэба шмат чытаць. Усё не так адназначна. І благія, і добрыя людзі бываюць як аматарамі кніг – так і не.
Іншая справа, што ў кнізе можна сустрэць сябе, з дапамогай літаратурнага твора знайсці адказы на пытанні, што цябе хвалююць. Зноў жа, калі знаходзішся ў натоўпе – добра мець пры сабе кнігу. Гэта нібы адчыніць дзверы ў іншы свет і адасобіцца ад астатніх.
– Дзе ў Швецыі вывучаюць дзіцячую літаратуру?
– Дзіцячая літаратура вывучаецца курсамі ва ўсіх гуманітарных навучальных установах, абавязкова – усімі выкладчыкамі, у тым ліку і гісторыкамі, і матэматыкамі.
– У Швецыі ёсць праграма па літаратурнаму чытанню, ці гэта рэкамендацыйны спіс?
– Так, у Швецыі ёсць абавязковая праграма, але кожная школа выбірае для сябе кнігі для чытання. Некалькі гадоў таму была размова, што трэба ствараць канон літаратуры для школьнікаў, але ён да гэтай пары так і не створаны. У Даніі, напрыклад, такі канон ёсць. На мой погляд, гэта не патрэбна. Сучасная Швецыя – шматнацыянальная краіна, прадстаўнікі шматлікіх культур насяляюць яе. Так што вельмі складана гаварыць пра тое, што такое наша культурная спадчына і якія кнігі павінны чытаць людзі.
– Як вы лічыце, што спрыяе развіццю кнігавыдання ў Швецыі – нізкія падаткі, любоў да чытання...
(перапыняе). – Канечне, нізкія падаткі! (Падатак на дададзеную вартасць тавараў у Швецыі складае 25%, на прадукты харчавання ён – 12%, а на кнігі – 6%. Таму кнігавыданне ў Швецыі – сапраўды выгадны бізнэс, і штогод на 9 мільёнаў жыхароў у гэтай краіне выдаецца толькі дзіцячых кніг да 1800 найменняў. – А.М.).
– Спадарыня Яніна, вы можаце назваць складальнікі сапраўднай дзіцячай кнігі?
– У маім разуменні да літаратуры трэба ставіцца як да твора мастацтва. Літаратура не ёсць інструмент, з дапамогай якога нешта дасягаецца. Важна памятаць пра мову твора. Літаратура будуецца на мове, мы гэта ведаем. Важна, аднак, разумець, што мова – не толькі нешта сур’ёзнае, з мовай можна гуляць, эксперыментаваць, атрымліваць асалоду. Літаратура – гэта радасць.
– Пасля гэтага аптымістычнага сцвярджэння дазвольце запытацца: што б вы пажадалі беларускім аўтарам і кнігавыдаўцам?
– Не баяцца эксперыментаў і – працаваць. Усё павінна атрымацца!