12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





“Вера ўмацавала маю душу...”

_____________________
Гутарка Андрэя Масквіна
з Рыгорам Барадуліным


Адаму Міцкевічу
Litwo! Ojczyzno moja! Ty jesteś jak zdrowie…
Adam Mickiewicz.
Паэты нараджаюцца ў карчме,
Каб іх пасьля
Аплаквалі саборы.
Выгнаньніку
Ня ў сьпіну вецер дзьме, –
Ён носіць край абражаны
З сабою.

Хмар вырай
Сьвіцязі сьлязу страсе,
Як пава з песьні,
Што праз сад ляцела.
На саркафагу ружы
У расе
Паэту
Не пыхлівасьці зьлюцелай!

Маўчы, ўсыпальня каралёў...
Вякі
Прыціхлі
Над геральдыкай нямою.
Спытае нехта:
Быў кароль які,
Калі пісаў паэт:
«Ojczyzno moja…»?
1973

Кім для Вас зяўляецца Адам Міцкевіч?
Міцкевіч для мяне зьяўляецца пісьменьнікам, народжаным беларускай зямлёй. Ён спаліў свае першыя вершы, напісаныя на беларускай мове. Можа, я трошкі перабольшваю, але скажу: Міцкевічбеларускі паэт, хаця ягоныя вершы напісаныя па-польску. Ягонае сьветаадчуваньне, ягонае мысьленьне зьяўляюцца беларускімі.
Ці памятаеце Вы сваю першую «сустрэчу» з паэзіяй Міцкевіча?
Для мяне Міцкевічпостаць унікальная. Упершыню я пазнаёміўся з яго творчасьцю ва універсітэце. Да гэтага ўласнай бібліятэкі ў мяне не было. Не было грошай, каб купляць кнігі. Падчас вучобы я праводзіў у бібліятэцы шмат часу. Менавіта Міцкевіч уваходзіў у праграму па гісторыі беларускай літаратуры. Акрамя таго ён уваходзіў у праграму майго азнаямленьня з літаратурай. Пазьней я вяртаўся да яго творчасьці шмат разоў. Таму што яе нельга да канца спасьцігнуць.
Што з Міцкевіча Вам хочацца перачытаць?
Перш за ўсё лірыку і балады. У іх ёсьць душэўнасьць, замілаваньне роднай зямлёй і яе прыродай. Калі чытаеш Міцкевіча, то адчуваеш сябе Беларусам.
– «Паэты нараджаюцца ў карчме» – гэта міф ці метафара?
Існуе міф, што Міцкевіч нарадзіўся менавіта ў карчме.
Вы назвалі яго «выгнаньнікам». Большую частку жыцьця ён пражыў на чужыне: Расія, Францыя, Турцыя... Ці можна Вас таксама назваць «выгнаньнікам»? Жывучы ў сваёй краіне, вы ня можаце актыўна ўдзельнічаць у палітычным і літарацкім жыцьці.
Перш за ўсё страшна параноўваць сябе з Міцкевічам. Так, я чужы ва ўласнай краіне. Я не патрэбны тут. У мяне мала чытачоў, прыхільнікаў. Але параўноўвацца з Міцкевічам я не магу.
Вы сказалі, што не патрэбны. Чаму?
На жаль, у апошнія часы ў нас абыякавыя адносіны да мовы, да культуры. Мова зьнішчаецца, зачыняюцца беларускія школы. Я пытаюся: «Чаму рыба гніе з галавы, а чысьцяць яе з хвастаПа тэлебачаньні не чуваць беларускай мовы. Расійская папса пераела ўжо душу. Многія дыктары гавораць па-беларуску з расійскім акцэнтам. Таму што яны штодня ў звычайных умовах гавораць толькі па-расійску. Беларускую мову можна пачуць толькі на радыёстанцыі «Свабода». Ці гэта парадак?
Раней падмуркам беларускасьці была вёска. Людзі падтрымлівалі сувязі з вёскай: наведвалі бацькоў, прыязджалі туды адпачыць... Зараз вёска ў традыцыйным сэнсе не існуе. Калі стварылі калгасы, то вёска зрабілася падобнай да гораду. А горад яшчэ з часоў Расейскай імперыі быў расейскі. Цяпер уся моладзь бяжыць з вёскі ў горад. Мала хто размаўляе па-беларуску. Нашыя чыноўнікі ведаюць мову, але размаўляць ня хочуць. Вось каб нехта даў загад зьверху, то ўсе адразу пачалі б размаўляць па-беларуску. А калі існуе двухмоўе, то нічога ў краіне ня зьменіцца. Ці магчыма, каб былі дзьве маці?
Што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб зьмяніць сітуацыю?
Шмат чаго трэба зрабіць. Па-першае, каб вырасла сьвядомасьць. Па-другое, належыць зрабіць арыентацыю на моладзь. Таму што ўсё вынішчана. Сьмешна, калі вайсковая вучэльня для моладзі носіць імя Суворава. Сувораў заліў крывёй усю Беларусь. Гэтакат, а ягонае імя носяць маладыя вайскоўцы. Яшчэ адзін прыклад. У нас існуе «Таварыства беларускай мовы». Я разумею, што такая арганізацыя магла б існаваць у Кіргізіі, у Сібіры. А ў Беларусі?.. Добра, што хоць нешта ёсьць. Але трэба памятаць, што гэтая арганізацыя была створаная ў піку БНФ са згоды ўлады.
У вершы Вы выказваеце думку, што сапраўднага паэта будуць памятаць заўсёды, а таго, хто кіруе ўладайхутка забудуць. Але ці магчыма, каб адзін існаваў без другога? Можа гэта натуральна, каб паэт заўсёды заставаўся ў апазіцыі, каб выказваць іншыя, не дазволеныя ўладай думкі.
Калі нехта будзе ў вершаванай форме паўтараць лозунгі партыігэта не паэт. Ён павінен рабіць нешта большае. Перш за ўсё ён павінен церабіць мазгі, тым самым ствараць такую сітуацыю, каб іншыя не баяліся задаваць складаныя пытаньні. Праходзіць час і людзі забываюць сваіх уладароў. Хто, да прыкладу, памятае, пры якой уладзе жыў Міцкевіч? А Міцкевіча не забываюць!
Яшчэ адна цікавая думка ў вершы: памяць аб паэцегэта ня ружы, якія прыносяць і кладуць на саркафаг, а тыя радкі, якія ўзгадвае чалавек, ідучы басанож па расе.
Першае адчуваньне самае шчырае, натуральнае і самае моцнае. Першае адчуваньне босай нагі ў расе, узыходу сонца. Першае адчуваньне свайго кроку па зямлі. Ружы вельмі хутка сохнуць. Потым іх выкідваюць на сьметнік, дзе яны ляжаць нікому не патрэбныя. А словы паэта, калі яны сапраўдныя і шчырыя, надоўга застаюцца ў памяці. Яны даражэй за ўсякія ўхвалы і кампліменты.
Калі Вы перакладалі паэзію Міцкевіча на беларускую мову, ці сустракаліся з нейкімі цяжкасьцямі?
Калі мовы блізкія, то перакладаць цяжэй. Калі мова далёкая, то робіш падрадкоўнік і перакладаеш. Іншы раз можна нават адысьці ад арыгіналу. Але калі перакладаеш Міцкевіча, вельмі далёка не адыдзеш...
У апошнія часы Вы перакладаеце вершы паэтаў, пакрыўджаных уладай сваіх краінаў. Чаму іх творчасьць Вас цікавіць больш за ўсё?
Я пераклаў дзясяткі паэтаў, прадстаўнікоў пакрыўджаных народаў. З некаторымі я пазнаёміўся на розных сьвятах паэзіі, вечарынах. А некаторых нават ніколі ня бачыў і толькі перапісваўся. Многія з іх потым зрабіліся маімі добрымі сябрамі і пачалі дасылаць мне свае кніжкі. Але перш за ўсё я сам іх знаходжу.
Цікавая гісторыя здарылася з Зелімханам Яндарбіевым. Калі была выдадзеная кніга з перакладамі яго паэзіі, я атрымаў пасылку. Пайшоў на адну пошту, потым на другую, дзе павінен быў адказаць на наступныя пытаньні: «Што за радня жыве ў Вас у Чачне?», «Што яны Вам даслаліКалі адчынілі, там аказаліся фінікі. Слава Богу, што там не было ніякога гашышу. На наступны дзень газеты напісалі б: «Наркурер Рыгор Барадулін атрымаў ад наркадылера Яндарбіева наркотыкі». (Сьмяецца). Потым здарылася яшчэ адна гісторыя. Калі я гуляў у скверы, да мяне падышлі чачэнцы, далі ў рукі пакет і сказалі: «Гэта табе гасьцінец за пераклады з чачэнскай».
Я дужа рад, што меў магчымасьць дакрануцца да гэтай высокай паэзіі.
Чаму гэта так важна для Вас?
Гэтыя аўтары працягваюць сваю нацыянальную культуру і літаратурную традыцыю. Яны пішуць у піку ўладзе і рэжыму. Менавіта гэта мяне падкупляе. Акрамя таго, трэба памятаць, што ў тых краінах, дзе жывуць гэтыя паэты, цяжкае палітычнае становішча. Нешта падобнае я сам перажыў. Меў вельмі цяжкае дзяцінства, застаўся бяз бацькі, які загінуў у партызанах. З розных прычынаў мяне не прынялі ў піянеры. У партыю я ўжо сам не хацеў уступаць. Мяне некалькі разоў спрабавалі намовіць. А было так. Мы паехалі на радзіму Петруся Броўкі, выпілі там. У размове ён запрапанаваў мне характарыстыку для ўступленьня ў партыю. А цьвярозы маўчаў пра гэта. І калі я пра гэта расказаў, ад мяне адчапіліся
А вершы калі Вы пачалі пісаць?
У 1952 годзе, у школе.
Як ствараюцца вашыя вершы?
Кожны раз па-іншаму. Бывае, што нейкая ідэя, думка прыводзіць да ства­рэньня верша. А бывае, што ўсё пачынаецца ад аднаго толькі слова, альбо ад двух. Адчуваю, што нешта ўдарыла ў галаву, нешта стукае. Тады я ўключаюся ў працэс. А планава нічога ня можа быць.
Ці хацелася Вам наведаць Польшчу пасьля знаёмства з вершамі Міцкевіча?
Я дужа хацеў у Польшчу. Упершыню я паехаў за мяжу, калі яшчэ быў студэнтам. У цягніку да Варшавы мы сьпявалі: «Яшчэ Польска не згінэла // Наша вудка не скваснэла // Багнэт на бронь!// Бальшавік агоньУсе думалі, што я правакатар. А я ведаю гэта ад маці. Разам з намі ехаў выкладчык, які ўзяў у дарогу радыёпрыёмнік. Калі даведаўся, што слухаў «Голас Амерыкі», то страшна перапужаўся, выключыў прымач і больш не ўключаў.
Польшча была для нас чымсьці важным. Палякі, як нацыя, захавалі сваю ідэнтычнасьць, свабодалюбства. А ў нас усё нішчылася, правадыры нацыі забываліся, хто і адкуль яны. Нас разводзілі, як сьпірт вадойІ ні камуністы, ні бальшавікі не павініліся перад народам за свае злачынствы.
Шмат што мяне ўразіла ў Польшчы тады. Павага да польскай мовы. Калі бачыў гэта, мне рабілася балюча і адначас прыемна, што ня чую расейскай мовы. Калі я паступаў ва універсітэт, то ў заяве прасіў залічыць на беларускае аддзяленьне, а калі ня будзе магчымасьці, то хоць на рускае. Тады я яшчэ ня ведаў, як выглядае моўная сітуацыя ў Менску. Сам я вучыўся ў беларускай школе і наіўна думаў, што па-беларуску размаўляюць усе.
Уразілі мяне таксама людзі, якія не баяліся хадзіць у касьцёл. Я стаяў побач і чытаў малітву, якой навучыла мяне маці змалку. Мая мама была веруючай і пражыла з глыбокай верай у Бога ўсё жыцьцё. Калі я прыязджаў дадому альбо зьязджаў заўсёды маліўся. Вера ўмацавала маю душу. І па сёньня нанач я чытаю тую маміну малітву.