12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





“І за сонцам, і за месяцам…”

_____________________
Гутарка Андрэя Масквіна з Леанідам Дранько-Майсюком


ІВАН ЛУЦКЕВІЧ

“…Я не парупіўся даць табе сваё імя”, –
паміраючы, сказаў Іван Луцкевіч
сваёй каханай Юліяне Мэнке.

Іван Луцкевіч не дажыў да сарака
І Вільню ў свой апошні міг не бачыў.
Дзявочай зоркаю лагодная рука
Ласкава легла на ягоны лоб юначы.

Як родны спеў, як родная струна –
Пяшчотны дотык любай Юліяны;
А з горшай карты выпала адна:
Не ў Вільні паміраць, а ў Закапаным.

Такі ўжо лёс – ад долу да нябёс!
Імгненне доўгае, каб дыхаць, засталося;
І, пэўна, толькі той шчаслівы лёс,
Калі змяніць нічога нельга ў лёсе!

Такі ўжо край... І як сказаць: “Бывай...” –
Калі ён сіратою застаецца;
Калі яшчэ ніяк не ўцяміць край
Адкуль вядзецца ён і як завецца...
Іван Луцкевіч з маладосці спорнай той,
Што ў памяркоўнасці не бачыць меру
І верыць толькі ісціне адной:
У Беларусь прыходзяць, як у веру!
Усё зрабіў; усё зрабіў, што мог;
Пламенне беларускае прасторы
Сабраў з усіх раскіданых дарог,
Шлях паказаў, што выведзе з пакоры.
На лад настроіў, збеглае ў разлад!
А тут, у Закапаным нежаданым,
Маленне-просьба: брат мой, родны брат...
Трызненне-мроя: Юля, Юліяна...
Брат у Парыжы. Развітацца як?
Што развітацца – не пра тое мова...
Там Беларусь прызнаюць – гэта так!
Даб’ецца брат таго абавязкова!
Ды гэтай радасці вялікай акрамя,
Яшчэ й шкадоба ные несціхана:
Не будзе, не – насіць яго імя
Палонніца пакуты Юліяна.
Не будзе, не – у Вільні іхні дом,
Як і нідзе той дом ужо не будзе;
Ні дахам, ні дзвярыма, ні акном
Не супакоіць змучаныя грудзі.
Падумаў шчэ, як і Міцкевіч малады
Падумаць мог з выгнанніцкае долі:
Хто гвалтам гнаны з Вільні, той тады
У Вільню ўжо не вернецца ніколі.

Прыстанак знойдзе ж у зямлі чужой,
Хіба душою вернецца на Росы
(Татарска-беларускаю душой!)
І лёсам, па-апостальскаму босым.

І вось яно... Чужога неба дно
Такое нізкае, што не бывае ніжай.
У сон апошні сціснута яно:
Антон, мой брат, пачуй мяне ў Парыжы!
17 сакавіка 2009. Аўторак. Менск. («Дзеяслоў» № 41).

– Чаму з вялікай колькасці дзеячоў беларускага Адраджэння Вашу ўвагу захапіў менавіта Іван Луцкевіч?
– Таму што ён быў першы. Ён – першы наш палітык, першы наш дыпламат. Ён удзельнічаў у розных форумах. Скажам, у з’ездзе сацыялістычных партыяў, які адбыўся ў Фінляндыі ў 1905 годзе. Ён прадстаўляў Беларусь на славянскім з’ездзе, што прайшоў у Чэхіі ў 1908 годзе. А ў Лазане ў 1916 годзе ад­стойваў інтарэсы Беларусі на канг­рэсе паднявольных народаў. Іван Луцкевіч адкрываў вялікаму свету Беларусь! На грамадскім, на палітычным узроўні ён выконваў тую работу, якую ў паэзіі рабіў Янка Купала… У пачатку XX стагоддзя свет павінен быў даведацца, што ёсць такая нацыя, што ёсць такая зямля – Беларусь, культура, гісторыя і мова якой самадастатковыя.
Ніколі нічога не трэба перабольшваць, аднак жа і пераменшваць не трэба, таму ёсць законная падстава заключыць: свет даведаўся пра Бе­ларусь!
Прынамсі, тая ягоная прастора, на якую непасрэдна ўплываў сваёй вялікай душой Іван Луцкевіч.
Па духу Іван Луцкевіч – ад­кры­вальнік, і яго адкрыцці ў на­шай гісторыі маюць стратэгічны характар.
Трохі спрашчаючы карціну, скажу: гэта ён усё зрабіў дзеля таго, каб з’явіліся першыя беларускія газеты “Наша доля” і “Наша ніва”, першая беларуская партыя, першы беларускі музей, першыя беларускія настаўніцкія курсы, першая беларуская гімназія…
Сёння ў нас мноства гімназій, але ці ведаюць іхнія дырэктары пра Івана Луцкевіча?
Спадзяюся, што дажыву да таго дня, калі партрэт Івана Луцкевіча будзе ўпрыгожваць кожную нашу навучальную і навуковую ўстанову!
Як вядома, ён заснаваў і Беларускае навуковае таварыства, таму без ніякіх нацяжак можна сказаць, што і з гэтага таварыства вырастала будучая наша Акадэмія Навук.
А ягоную ролю ў абвяшчэнні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі цяжка пераацаніць!
Постаць Івана Луцкевіча прыцягальная, яна вартая мастацкага, дакументальнага, нават дэтэктыўнага раману; яна вартая сур’ёзнага кінасерыялу.
І самым яркім эпіграфам да гэтых будучых твораў могуць стацца вядомыя радкі Ларысы Геніюш:

Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А без яе – зусім не жыць.

Я веру ў тое, у што верыў Іван Луцкевіч: Беларусь сацыяльная ператворыцца ў нацыянальную.
Так будзе.
І тады Івану Луцкевічу і ягонаму брату Антону ў Менску будуць пастаўлены помнікі.
– У сваім вершы Вы падкрэсліваеце, што ягонае жыццё было кароткае, але шчаслівае...
– Іван Луцкевіч пражыў 38 гадоў. Як для паэта, дык дастаткова, для палітыка ж – вельмі мала. І тым не менш ён пражыў шчаслівае і ў пэўным сэнсе ўзорнае жыццё. Так, шчаслівае, бо ён ведаў дзеля чаго трэба жыць. Ягоны лёс – гэта лёс той зоркі, век якой кароткі, але святло яркае. У Вільні ім захапляліся, яго любілі. Ён умеў інтэлігентна авалодваць увагай субяседніка. З селянінам размаўляў, як селянін; з паэтам – як паэт. Ён заўсёды ўгадваў настрой суразмоўнікаў. Пра гэта вельмі добра сказаў у сваіх успамінах Максім Гарэцкі… Мне здаецца, што Іван Луцкевіч не ўмеў сварыцца, і такая ягоная якасць не можа не захапляць. Ён так шмат зрабіў за свае “паэтычныя” 38 гадоў, бо не марнаваў час на сваркі і звады! І, мусіць жа, пад уплывам Івана Луцкевіча Максім Багдановіч стварыў свой шэдэўр “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” з такімі невыпадковымі радкамі:

…Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?

Іван Луцкевіч не ўмеў крыўдзіцца!
Вось чаму трэба ўсім нам вучыцца – не крыўдзіцца!
А мы крыўдзімся, бо думаем толькі пра сябе, і, думаючы пра сябе, нам здаецца, што мы думаем, клапоцімся пра Беларусь; любая драбяза, любое слова, якое нам не падабаецца, уяўляецца катастрофай.
Скажу й пра тое, што Іван Луцкевіч не ўмеў крыўдзіць!
І гэтаму трэба вучыцца…
А яшчэ трэба вучыцца… не красці!
Іван Луцкевіч быў выдатным камерсантам; карыстаючыся сучаснай тэрміналогіяй – ён геніяльны менеджар беларускага Адраджэння. Ён умеў “здабываць” грошы, таленавіта іх зарабляў і ўсё аддаваў на беларускую ніву. Нічога не паклаў сабе ў кішэню. Такіх паважае не толькі зямля, а само неба.
– Вы пішаце: «Усё зрабіў; усё зрабіў, што мог…» Але ў дзённіку Антона Луцкевіча я знайшоў словы, якія крыху супярэчаць таму, што Вы гаворыце: «…У яго было без меры ініцыятывы і жывасці, а я сваім спакоем рэалізаваў праекты, кіданыя ім, і даваў ім належную форму…» Гэта запіс за 3 студзеня 1919 года.
– Магчыма нейкая патаемная супярэчнасць у тым, што я сказаў, ёсць, але на паверхні – ніякай супярэчнасці.
Антон Луцкевіч любіў свайго старэйшага брата, цаніў ягоныя ідэі. Яны заўсёды былі маштабныя, але галоўнае – своечасовыя. Іван Луцкевіч ведаў што трэба рабіць, Антон жа Луцкевіч ведаў як пра гэта трэба напісаць. Іван быў эмацыянальны, Антон памяркоўны. З гарачнасцю выказаныя думкі брата ён уводзіў у форму дакладнага пісьмовага выказвання.
Але гэта не значыць, што Антон быў несамастойны, залежны – проста ягоны талент быў іншы. Калі Іван любіў кафедру, то Антон любіў пісьмовы стол.
– Вы згадваеце, што Іван Луцкевіч памёр у Закапаным, а побач з ім была Юліяна Мэнке…
– Гэта была дзівосная жанчына, зноў жа вартая раману, сур’ёзнага кінасе­рыялу!
Яна кахала Івана Луцкевіча, разумела яго. Вядома, яна хацела кахаць яго, як мужа, як бацьку сваіх будучых дзяцей, аднак доля ёй гэтага не судзіла, і яна засталася з ім да яго апошняга імгнення як з вялікім беларусам.
Юліяна Мэнке з тых жанчын, якія могуць ахвяраваць сабой, сваёй маладосцю, хараством, спакоем – сваімі лепшымі магчымасцямі. Вядома ж, вельмі ўражвае тое, што Юліяна ведала: яна не створыць з Іванам сям’і, у яе не будзе з ім свайго дому, што гэтаму перашкаджае Іванава справа і ягоная хвароба, але найперш – ягоны характар! І тым не менш яна не пакінула Івана Луцкевіча…
Немагчыма спакойна чытаць яе ўспаміны. Паводле гэтых успамінаў Галіна Дзягілева стварыла яркі сцэнічны вобраз Юліяны Мэнке.
Дарэчы, гэтыя ўспаміны ўвесці б у школьную праграму!
– У вершы Вы робіце моцны акцэнт на Вільню, падкрэсліваеце, што гэта духоўная сталіца беларусаў. А чым яна з’яўляецца асабіста для вас?
– Я позна адкрыў для сябе Вільню, толькі ў 52 гады. У чэрвені 2008 года з Вялікай Пагулянкі ўбачыў вежы касцёла Місіянераў, бажніцу Святога Казіміра і бажніцу Візітак, сабор Святога Духа і вежачкі Траецкай царквы, а бліжэй да Завальнай, ад дому архітэктара Чагіна, раптам адкрыўся мне франтон Францысканскага касцёла – я зразумеў: гэты горад родны! Гэта места маё!
Храмы і наогул будынкі ў старой Вільні стаяць гэтак шчыльна, нібыта кветкі ў букеце…
Антон Луцкевіч пісаў, што Вільня – тое места, якое “збудавана потам і крывёй беларускага і літоўскага народаў…” і што Вільня – архіў нашай мінуўшчыны.
У Рыгора Барадуліна можна знайсці такія словы: “…кожны беларус носіць Вільню ў сваёй душы…”
Выдатнейшы наш даследчык Адам Мальдзіс прапануе літоўскаму ўраду адрадзіць у Вільні Беларускі музей імя Івана Луцкевіча…
І ўсё гэта невыпадкова.
Так, усе мы з хат, але дух наш з Вільні.
У беларускага пульсу віленскі рытм.
– Якая віленская спадчына найбольш важная для Вас?
– Спадчына згоды. Мне вельмі падабаецца, калі кажуць: “Вільня – гэта места дыялогу”. Так, дарэчы, кажуць мае літоўскія сябры і калегі. Мне падабаецца, што сённяшняя Вільня неаднамоўная. Невыпадкова ж летась Вільня была культурнай сталіцай Еўропы. Вільня па-ранейшаму знаходзіцца на сумежжы і ў гэтым яе прынцыповае адрозненне, скажам, ад той жа Варшавы ці Парыжа.
Дай Бог, каб мацнела Літоўская Рэспубліка, каб яна палітычна заставалася незалежнай. Моцнае часцей добрае, чым злое, часцей паблажлівае, чым катэгарычнае. У такі спосаб у Вільню паволі будзе вяртацца яе залатое мінулае. Беларускае таксама. Вядома, шмат што страчана назаўсёды, бо яно знікла ў пекле Другой сусветнай вайны. Аднак трэба заўсёды марыць і верыць у свае мары! Як я ўжо сказаў, А. Мальдзіс у сваёй цудоўнай кнізе “Белорусские сокровища за рубежом” верыць, што ў Вільні адновіць сваю дзейнасць Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. І гэта вельмі добра! З веры народзіцца й справа.
– Сяргей Дубавец сабраў у «ARCHE» (2003, №5) вершы, прысвечаныя Вільні. Пра Вільню пісалі ўсе нашы вялікія паэты, і амаль кожны з іх мае свае віленскія сімвалы. Калі ласка, назавіце свае віленскія сімвалы?
– Мае сімвалы бачныя. Гэта, напрыклад, рачулка Вілейка, – яе любіў Уладзімір Жылка; Зялёны мост, – ён знаходзіцца пад аховай касцёла Святога Рафала; Раманаўская царква, – у свой час кайзераўскія салдаты ператварылі яе ў начную турму; вуліца Полацкая, – па ёй адступала расійскае войска ў 1915 годзе; атланты палаца Тышкевічаў, – тут мяне зацікавіла тое, што правы атлант відавочна дужэйшы за левага, бо ў яго барада і грудзі шырэйшыя, і рукі мацнейшыя, і ў пустых вачах нават больш незразумелага здзіўлення; вуліца Субач, – на ёй была пераплётная майстэрня пана Знамяроўскага…
Словам, сімвалы мае розныя і нечаканыя.
Гэта нават непісьменная шыльда на браме беларускай бажніцы, што на Зарэччы: “Касцёл каталіцкі Св. Барталамея набаженствы на нядзелях і святочных днях 10. 00 – 12. 00 на звычайных днях 15. 00 сэрдечна запрашаем…”
Гэта таксама ж і крыж, утвораны вуліцамі Гаона, Жыдоўскай і Шкляной.
– У апошнія гады пачалі выдаваць творы Антона Луцкевіча. Ягоная спадчына больш-менш вядомая. А вось духоўная спадчына і само імя Івана Луцкевіча застаюцца, калі так можна казаць, у гістарычным тумане. Што трэба зрабіць, каб развеяць гэты туман?
– Пра гэта павінна паклапаціцца дзяржава, адпаведныя яе інстытуты – міністэрства культуры, міністэрства замежных спраў, міністэрства адукацыі, Акадэмія Навук, радыё, тэлебачанне, нацыянальная бібліятэка і г.д.
Трэба, каб школьнікі і студэнты вывучалі жыццяпіс братоў Луцкевічаў, каб яны ездзілі ў Вільню пакланіцца таму высокам духу, якім жылі самаахвярныя браты.
Словам, павінна існаваць дзяржаўная праграма, і тады гэты гістарычны туман хоць крыху пасунецца ўбок.
– Вы згадалі, што ў 1918 годзе Іван Луцкевіч стварыў Беларускае Навуковае Таварыства, якому перадаў свой архіў, гістарычныя памяткі, абразы, партрэты, пячаткі, кнігі, літоўскія статуты, слуцкія паясы, старадаўнія грошы, творы разьбярства, княжацкія пярсцёнкі, зброю, паасобнікі “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага… Цікава, як адзін чалавек у такія цяжкія гады мог сабраць такую велізарную калекцыю?
– Я ўжо казаў: ён так шмат зрабіў за сваё кароткае жыццё, бо не марнаваў час на сваркі і звады. Але гэта, вядома, не поўны адказ. Паўней тут могуць адказаць Адам Мальдзіс, Анатоль Сідарэвіч або Сяргей Дубавец... Думаю, што Іван Луцкевіч, дзе б ён не быў, якое б здароўе не меў, паспяваў за дзень вырашаць па тры-чатыры праблемы; паспяваў і за сонцам, і за месяцам; у пошуках беларускіх старажытнасцяў не баяўся грукаць і ў дзверы палаца, і ў дзверы сялянскай хаты…
Для нас важная не толькі рэальная (на жаль, расцярушаная!) спадчына Івана Луцкевіча, важны й міф пра Івана Луцкевіча. У сэнсе нацыянальнага выхавання ён мае вялікую дадатную сілу. Мы яшчэ не выкарысталі гэты міф на дзяржаўным узроўні і толькі-толькі пачынаем скарыстоўваць яго на ўзроўні грамадскім.
Іван Луцкевіч адраджаў, аднаўляў, захоўваў не толькі музейныя рэліквіі – ён адраджаў людзей.
Вось як пра гэта сказаў паэт Міхась Машара:

Іван, Іван, Сяйбіт вялікі!
Прынёс Табе паклон я свой!
Адзін я з тых, якіх Ты клікаў,
Адзін з адроджаных Табой…

Мы таксама адроджаныя Іванам Луцкевічам.
28 траўня 2010. Пятніца.