12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Андрэй Масквін

_____________________
“У Беларусі парадаксальным чынам сышліся інтэрнэт і Сярэднявечча...”
Гутарка з Міхасём Скоблам


Рэквіем па сябравай кнізе

Эдуарду Акуліну
Не на пляцы, не ў агонь вясёлы
З лапаў інквізіцыі святой,
Не ў сярэднявечны трыццаць сёмы,
Не ў спецсхоў, спавіты павутой,

Не у саван, белую прасціну
Апрануўшы – сцішся і ляжы…
Кнігу кінулі на гільяціну
Пад сляпыя вострыя нажы.

Верш безабаронны – што ж вы, што ж?!
Пад нож.
Край, дзе ліўні ходзяць басанож –
пад нож.
Бесядзь і зеленавокі Сож –
пад нож.
Маладзік, бяссоння не трывож…
Пад нож.

У паэта свята, як хаўтуры.
Што ёсць слова, вычутае звыш?
Сорак кілаграм макулатуры,
Дзе звіе гняздо рудая мыш.

Ты ж пацешся, янычар паганы,
Што, нібы паўмесяцы з нябёс,
Над айчынным словам ятаганы
Ты рукой асманістай занёс.

Не запоўз у сэрца здрады смоўж –
пад нож.
Не звініць у кайстры юдаў грош –
пад нож.
Служыш Беларусі? Анягож!
Пад нож!
Пакрамсаны ўпоперак і ўдоўж –
у кош.

Неба апрытомнее, заплача,
І сіло дажджу не разарвеш.
Каля д’ябальскай сячкарні скача,
Нібы певень, безгаловы верш.


– Верш з’явiўся ў кнізе «Нашэсце Поўнi» (2001) i быў прысвечаны канкрэтнай падзеi: зборнік вершаў Эдуарда Акулiна «Радно» быў надрукаваны, але потым знiшчаны. Цi падобныя выпадкi ўжо мелi месца ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя?
– Каб ужо надрукаваны наклад кнігі пускаўся пад нож – такога не прыпомню. У свой час мой універсітэцкі выкладчык Алег Антонавіч Лойка расказваў, як у 1982 годзе ў Маскве быў арыштаваны ўвесь наклад ягонай кнігі пра Янку Купалу, што выйшла ў вядомай на той час серыі “ЖЗЛ”, і што кнігу тады ад знішчэння выратаваў (хто б дадумаўся!) тагачасны старшыня саюзнага КГБ Юрый Андропаў – вялікі аматар і збіральнік той серыі. Памятаюцца рассыпаныя наборы дзвюх кніг – рамана “Леаніды не вернуцца да зямлі” Уладзіміра Караткевіча і паэтычнага зборніка “Парк” Адама Глобуса. Дарэчы, гранкі апошняга трапіліся мне ў бібліятэцы былога начальніка Ваўкавыскага КГБ Даніліка, калі я шукаў там сведчанні апякунства гэтай установы над Ларысай Геніюш. Можна прыгадаць і масавае знішчэнне (спальванне на вогнішчы) кніг у турме НКВД у 30-я гады… Дык ва ўсіх пералічаных выпадках кнігазнішчэнне задумвалася і ажыццяўлялася на загад нейкага партыйнага “ідэолуха”, нейкая праўная база пад гэта ўсё ж падводзілася. А тут не Дом друку, падпарадкаваны дзяржструктурам, а прыватнае выдавецтва (калі не памыляюся, яно называлася “Полібіг”) ні з пушчы ні з поля, невядома чым кіруючыся, вырашыла знішчыць увесь наклад кнігі. Мне Эдуард Акулін потым паказваў акт, падпісаны дырэктарам таго выдавецтва. Там было напісана – “измельчить в макулатуру”. Сярэднявечча нейкае… Хоць у кожным стагоддзі, як трапна заўважыў Станіслаў Ежы Лец, бывае сваё сярэднявечча. У Беларусі яно здарылася на мяжы стагоддзяў і, на вялікі жаль, сыходзіць з нашай краіны не спяшаецца.
– Нiл Гiлевіч у рэцэнзii на тваю кнiгу «Паэт, завербаваны вербамi» («Народная Воля», 14.01.2003) назваў прычынай знішчэння «Радна» верш, прысвечаны яму. Як гэта магчыма, што з-за аднаго верша-прысвячэння адправілі ў макулатуру цэлую кнiгу?
– Калі ўжо сярэднявечча настае, то – з усімі адпаведнымі атрыбутамі: паляваннем на ведзьмаў, нецярплівасцю да іншадумцаў і г.д. І дашуквацца тут здаровага сэнсу і нейкай логікі не выпадае. Пачынае дзейнічаць зусім іншая логіка. Паводле яе ў XV стагоддзі ў Заходняй Еўропе на рытуальных вогнішчах спалілі тысячы жанчын, западозраных у сувязях з нячыстай сілай. Толькі западозраных! Бо даказаць падобныя “злачынствы” было немагчыма. Іскры з тых жудасных вогнішчаў даляталі ў Беларусь яшчэ ў XIX стагоддзі – пачытай Элізу Ажэшка. Відаць, у нейкім патаемным прыску яны датлелі і да дзён сённяшніх, калі пасярод Еўропы ў XXI стагоддзі сталіся зноў магчымымі цемрашальства і брутальны пераслед іншадумцаў. А сапраўдны паэт – ён іншадумец паводле сваёй натуры, ён не можа карыстацца гатовымі формуламі. Ці мог прысвечаны Нілу Гілевічу верш стаць прычынай знішчэння цэлай кнігі? У краіне, дзе парадаксальным чынам сышліся інтэрнэт і сярэднявечча, магчыма ўсё. Я магу дапусціць, што дырэктар выдавецтва “Полібіг” аднойчы ўключыў тэлевізар і пачуў, як кіраўнік краіны бэсціць вершы народнага паэта Гілевіча (такое здаралася). Паслухаў і вырашыў перастрахавацца. Зняць верш не здагадаўся, “зняў” усю кнігу – даступным яму спосабам. Няма кнігі – няма праблемы. Вось і ўсё. Такая логіка людзей, у чыіх душах тлелі вугельчыкі тых сярэднявечных вогнішчаў, на якіх паліліся кнігі Галілея, Томаса Мора, Францішка Скарыны, Генрыха Гейнэ…
– У вершы ты гаворыш пра «янычара паганага», які «асманiстай рукой» чыніць злачынства – знішчае кнігу. А цi ведае гiсторыя прозвiшчы людзей, «янычараў», якiя сёння рознымі спосабамі нiшчаць беларускую кнiгу? Цi, можа, гэтыя людзi – толькi пешкi, а за iх спінамі хаваюцца больш уплывовыя дзеячы, пра якiх мы нiколi не даведаемся?
– У свеце няма анічога патаемнага, што з цягам часу не зрабілася б відавочным. Памятаю, на прэзентацыі «Радна» ў Чырвоным касцёле (некалькі асобнікаў кнігі ўсё ж удалося ўратаваць) зала проста ахнула, калі пачула пра знішчаны наклад. А потым людзі дапытваліся – хто?! Эдуард Акулін называў тады прозвішча чалавека, чый подпіс стаяў пад актам знішчэння. Больш за дзесяць гадоў з тае пары мінула, і нешта не чуў я, каб чалавек адумаўся і неяк пакаяўся. Значыць, учэпіста трымае душы нашых людзей сярэднявечны страх. А што да «паганага янычара», то алегорыя тут даволі празрыстая… І янычарства як з’ява апошнім часам у нашай краіне актыўна пашыраецца, яно стала ледзь не дзяржаўнай палітыкай. Хай сабе сёння кнігі не знішчаюць «па акце». Ёсць другія спосабы барацьбы з беларускімі пісьменнікамі. Скажам, нядопускам іх твораў да варштату Скарыны. Беларускі Дом друку мільёнамі асобнікаў друкуе кнігі маскоўскіх выдавецтваў, а народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч выдае свой збор твораў накладам 100 (!) асобнікаў – за ўласную пенсію. Другому народнаму паэту – Рыгору Барадуліну – кнігі выдае касцёл… Скарына за галаву схапіўся б – для каго ён распачынаў беларускае кнігадрукаванне? А як мэтанакіравана дзяржаўныя СМІ замоўчваюць незалежныя выданні – той жа «Дзеяслоў». Як быццам такога часопіса ў прыродзе не існуе, а выходзіць толькі зграфаманенае дарэшты «Полымя»… Сёння наступ на беларускую кнігу вядзецца больш разумна і з другога боку. Беларуская кніга не прапагандуецца як каштоўнасць, з кожным годам скарачаецца колькасць беларускамоўных школаў. У выніку – знікае чытач. Вось у гэтым змаганні дзяржава дасягнула відавочных поспехаў.
– Верш «Рэквіем па сябравай кнізе» здаецца мне дасканалым з гледзішча формы i сэнсу. У iм нельга пераставіць цi замяніць нiводнага слова. Верш робiць уражанне пружыны, якая б’е цябе па твары, калi ты яго чытаеш. Цi лёгка пiсаўся гэты верш?
– Ён адпачатку ўзнікаў на антытэзах – свята, якое ператварылася ў хаўтуры; жыццё ў ягоных разнастайных праявах – і нож як пасланец смерці. Прычым, я да гэтай пары не ўяўляю, як выглядае той нож (ці тыя нажы), якімі рэжуць на макулатуру кнігі. Гэта што – нейкае падабенства гільяціны? Ці гэта нешта накшталт сячкарні, якую я за часы свайго юнацтва пакруціў нямала? У любым выпадку апарат той бачыўся мне спараджэннем д’ябла. Як пісаўся верш – не памятаю, памятаю – як упершыню чытаўся, у тым самым Чырвоным касцёле, на прэзентацыі-хаўтурах. Па просьбе Эдуарда Акуліна я яе вёў, але пасля прачытання «Рэквіема…» змушаны быў сысці са сцэны – мяне літаральна хістала ад незразумелай слабасці. Праўда, той падазроны стан хутка мінуўся. А пра ўражанне верша як ад хлёсткай пружыны не ты першы мне гаворыш.
– “Верш безабаронны…” – гаворыцца ў тваім “Рэквіеме…”. Чаму ж з “безабароннымі вершамі” так зацята змагаецца ўлада?
– Гэта аркуш паперы, на якім верш надрукаваны, безабаронны. Яго можна і пад нож пусціць, і ў агонь кінуць, і ў спецфонд запіхнуць. А сам верш можа быць і “абаронным”, і “наступальным”, ён валодае сілай незвычайнай, ён кагосьці можа на катурны ўзняць, а кагосьці – расстраляць. Так-так, не ўсміхайся. Вось табе прыклад: у 1934 годзе Восіп Мандальштам напісаў верш “Мы живем, под собою не чуя страны…”. Што зрабіў паэт? Ён паставіў вялікага правадыра Іосіфа Сталіна да сцяны і –расстраляў. І Сталін, які разбіраўся ў літаратуры і пісьменніках, зразумеў гэта. І толькі таму сам не расстраляў Мандальштама. Расстраляны Сталін ведаў, што яму трэба ўваскрэснуць, і ўваскрасіць яго зможа толькі той, хто расстраляў. І ён загадаў сваім халуям: “Мандальштама ізаляваць, але зберагчы”. А сам стаў чакаць ад паэта оды, якая б яго, генія ўсіх народаў, уваскрасіла. Доўга чакаў – чатыры гады. І як толькі даведзены да адчаю беспрацоўем і беспрытульна-галодным жыццём Мандальштам такую оду напісаў – адбыўся акт уваскрошання Сталіна, паўзверх расстрэльнага верша, як палімпсест, легла хваласпеўная ода, якая адмяняла сабою, знікчэмнівала папярэдні тэкст. Доўгачаканае дзейства адбылося, паэт стаўся непатрэбным і тут жа быў ператвораны ў лагерны пыл дзесьці на Далёкім Усходзе – нават магілы няма… Дарэчы, ад Янкі Купалы таварыш Сталін шэдэўра так і не дачакаўся. Крытыкі кшталту Бэндэ аж са скуры вылузваліся, даводзячы, што ўся савецкая паэзія Купалы – дрындушкі, што паэт фактычна сабатуе заданне партыі. Я нядаўна перачытаў 5 том Купалы – не ўсё там адназначна ўспрымаецца. “Маё мне сонца – правадыр”… Ці сонца паэту – правадыром, ці правадыр – сонцам? Купалу яшчэ даследаваць і даследаваць трэба, прысуды выносіць рана. У тым антыбеларускім чадзе, які выпушчаны сёння нам на галовы з усіх комінаў, улада разумее – беларускую нацыю выратуе літаратура. Таму літаратура сёння і абвешчаная ў асяродку самой улады адным з найгалоўнейшых ворагаў. Але гэта тое самае, як абвесціць па-за законам паветра, якім мы дыхаем, ці зямлю, па якой мы ходзім. Як паветра і зямля, беларуская літаратура існуе і ўплывае на наша жыццё.
– Мяне вельмi ўразiла параўнанне верша з пеўнем, якому адсеклi галаву, а ён скача, бегае па двары. Цi не занадта смелы вобраз?
– Абезгалоўлены акрываўлены певень – адзін з самых страшных успамінаў маленства. Чамусьці певень і без галавы не адразу памірае. А бацька, памятаю, узмахне сякераю і адпускае. І вось ён скача вакол калодкі, якая стала для яго плахай, пырскае крывёю… Я потым доўга тую сякеру ў рукі ўзяць не мог, да тае калодкі падысці. Калі бацькі не стала, маці ніколі не прасіла мяне засекчы якую свойскую птушку, ведаючы пра маю ўражлівасць… Ці ўдалае параўнанне верша з абезгалоўленым пеўнем? Калі прыходзяць радкі, пра ўдаласць ці няўдаласць не думаецца. Запісваеш – і ўсё. Потым ужо нейкі радок перапісаць хочацца, слова замяніць. Але гэта – як да застылае сталёвай канструкцыі алюмініевую частку прыварыць. Не атрымліваецца – розныя тэмпературы плаўлення. З другога боку – няма там аніякай смеласці. Верш – таксама жывая істота, і яму таксама на пласе балець мусіла. Зрэшты, чаму гэта трэба тлумачыць? Так напісалася, выдыхнулася, так – здарылася. Вось і ўсё.
– Людміла Рублеўская прысвяцiла табе верш «Мы ведаем, што да вясны далёка...» («Лiтаратура i мастацтва», 4.10.2002). Але ўжо праз пяць гадоў у сваёй кнiзе «Шыпшына для Панi» зняла прысвячэнне i змяніла загаловак на «Аднакурснiкi», якi пэўным чынам змянiў сэнс верша. Пытанне, я разумею, далікатнае, і ўсё ж: як ты расцэньваеш такі ўчынак сп. Рублеўскай?
– Ніколі не думаў, што прафесар Варшаўскага ўніверсітэта гэтак уважліва чытае сучасную беларускую паэзію… Пытанне гэтае лепш задаць самой Людміле Рублеўскай, з якой мы, дарэчы, вучыліся на адным курсе філфака БДУ. Некаторыя яе вершы я яшчэ са студэнцкіх часоў ведаю на памяць, і мне было прыемна, калі на маёй вечарыне ў слаўным і яшчэ не зачыненым Гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа яна прачытала згаданы табою верш са сцэны і падаравала мне аўтограф. А што там адбылося потым – я магу толькі здагадвацца. Магчыма, прысвячэнне выклікала насцярогу ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», дзе выходзіла кніга. Мне і ў галаву не прыходзіць папракаць аўтарку – зняла прысвячэнне і зняла. Часам трэба ісці на кампраміс. Хоць кампраміс у дадзеным выпадку мог выглядаць іначай – можна было, скажам, проста зняць сам верш. Але калі Людміла лічыць, што ў такім выглядзе і з такім загалоўкам верш стаў лепшым – калі ласка. Яна аўтарка і можа рабіць са сваімі творамі што заўгодна.

– 2012 год абвешчаны ў Беларусі Годам Кнігi. Відавочна, што беларуская кніга перажывае сёння не лепшыя часы. Як ты ацэньваеш цяперашні стан айчыннага кнігадрукавання?
– Стан айчыннага кнігадрукавання найлепш ацэньваць наведаўшыся ў нашы кнігарні. Зайдзі ў сталічныя кніжныя крамы – у «Светач», «Акадэмкнігу» ці «Цэнтральную». Каб адшукаць, дзе, у якім закутку там беларускія кнігі прыхаваныя, трэба гіда наймаць! У тым жа двухпавярховым «Светачы» беларускі аддзел добра калі адзін адсотак ад усёй плошчы займае! Адсюль і вынікае, што стан нашага кнігадрукавання – катастрафічны. І аніякі абвешчаны ўладай Год Кнігі сітуацыю не выправіць. Трэба заканадаўча замацоўваць прыярытэты айчыннага кнігавыдання – уводзіць падатковыя ільготы і г.д. А самае галоўнае – змяніць стаўленне ўлады да беларускай мовы, перавесці на нацыянальныя рэйкі адукацыю. Станецца так у Беларусі? Пры гэтай уладзе – ніколі. Год Кнігі не зменіць той жахлівай дыспрапорцыі на беларускім кніжным рынку, якая сёння – як знак бяды ў нашых кнігарнях. Хоць часам і ў кнігарнях цікавыя падзеі адбываюцца. Заходжу я неяк у адну, над прылаўкам – партрэты Купалы, Коласа, Багдановіча і – аднаго дужа папулярнага персанажа найноўшай гісторыі. Нейкі пакупнік пачаў абурацца: па якім праве яго побач з класікамі павесілі? Здыміце неадкладна! А маладая прадавачка яму ў адказ: «Супакойцеся, калі ласка. Яго не адсюль здымаць трэба».
– Цягам апошніх трох гадоў я сачу за кніжным рэйтынгам, які праводзіць радыё «Свабода». У 2010 годзе найлепшым выданнем быў прызнаны двухтомнік Ларысы Геніюш, летась – паэтычная кніга Рыгора Барадулiна «Anima». Чаму менавiта паэзiя выходзіць сёння на першыя пазіцыі?
– Паэзія ўвогуле мае вялікія перавагі перад прозай. Верш неверагодна ўшчыльняе мову. Паэтычная мова – самая лаканічная з усіх моваў, што немалаважна ў наш імклівы час. Вось паслухай два радкі Аляксея Пысіна з ягонай «Балады пра начлег»: «Стралковая рота сопку ўзяла. Пад намі – зямля, над намі – зямля». Празаік цэлую аповесць напісаў бы… А вось верш Рыгора Барадуліна: «Тут – хапае пакут. Там – дазнаешся сам». Усяго шэсць словаў, а як шмат сказана! Мой кіеўскі сябра паэт Іван Андрусяк (ён, дарэчы, пераклаў «Рэквіем…» на ўкраінскую мову і апублікаваў нядаўна ва «Украінскай літаратурнай газеце») эсэмэскі піша вершам, бо так – найкарацей. Думаю, што гэтая здольнасць паэтычнай мовы неверагодна сціскацца, захоўваючы сэнс сказанага, дапаможа паэзіі выжыць у самых неспрыяльных умовах. Лёс нядаўна зрабіў мне неспадзяваны падарунак. Акурат у дзень свайго саракапяцігоддзя я сустрэўся з Ігарам Шклярэўскім, чыю паэзію цаню вельмі высока. Мы доўга сядзелі, гаварылі пра літаратуру, частаваліся добрым віном. А Шклярэўскі – ён не толькі вялікі паэт, але і вялікі рыбак (з падараванай яму залатой лыжкі ён – уяўляеш? – блешню для спінінга зрабіў!). І вось прыехаў ён на рыбалку кудысьці ў Архангельскую вобласць, вылез з цягніка на Богам забытай станцыі Чупа. І першае, што ўбачыў, – вершаваны надпіс вялікімі літарамі на плоце: «Чупа – сталіца белай ночы!». Прозай на плоце, як сам разумееш, не вельмі распішашся… Што да згаданых табою імёнаў Ларысы Геніюш і Рыгора Барадуліна, то іх вершы ўжо прараслі ў беларускую вечнасць, і любыя рэйтынгі ім наўрад ці нешта могуць дадаць. Геніюш і Барадулін на першых пазіцыях – сведчанне, хіба, добрага літаратурнага густу слухачоў радыё «Свабода».
– Калі я апошнi раз быў у Нясвiжы i наведаў родную школу, то пачуў ад настаўнікаў, што змены, якiя ўвяло Мiнiстэрства адукацыі ў навучальныя праграмы па лiтаратуры, прывялi да таго, што вучнi зусiм не ведаюць не толькi творaў, але нават імёнаў пiсьменнiкаў. У 2007 годзе ў СМІ быў надрукаваны цыркуляр з міністэрства: «Исключить из списков литературы для изучения и внеклассного чтения произведения С. Алексиевич, С.Закон­­нико­­­ва, О. Ипатовой, В. Орлова, М. Скоблы , В. Чаропки и иных опозиционно настроенных писателей средней руки». Ці падабаецца табе быць пісьменнікам «средней руки»?
– Добры сатырык мог бы напісаць неблагую камедыю пра тое, як наша Міністэрства адукацыі шматкроць ператрасала школьныя праграмы па літаратуры. Пра тое, як празаік М. абіваў міністэрскія парогі да той пары, пакуль казкі ягоныя не трапілі ў тыя праграмы. Пра тое, як на месца выкінутых з праграмаў пісьменнікаў паэтка П. (на той час – супрацоўніца міністэрства) упісала… сябе, а заадно і… сваю сястру. Пра тое, як чыноўнікі палічылі нацыяналістычнай трагікамедыю Янкі Купалы «Тутэйшыя» і ў сёмы (!) раз за семдзесят гадоў забаранілі гэты выдатны твор, у якім, як у люстэрку, няйначай пабачылі сябе. Разумееш, калі ў краіну вярнулася сярэднявечча, то і ў школу яно рана ці позна прыйдзе. Вось і прыйшло. Да таго ж, сёння на беларускую літаратуру ў старэйшых класах адводзіцца 1 гадзіна ў тыдзень (для параўнання, на ангельскую мову – 3 гадзіны). Вось і мудруй, настаўнік, як тут паспець пасеяць у юных душах разумнае, добрае і вечнае. Што да звання «пісьменнік сярэдняй рукі»… Я тут нядаўна ў часопісе «Нёман» і не такое пра сябе прачытаў. Актывіст прыўладнага Саюза пісьменнікаў Георгій Марчук на поўным сур’ёзе сцвярджае, што я «сею сталинско-троцкисцкий фашизм 30-х годов»… Шкада, што Марчук спазніўся нарадзіцца на белы свет, у згаданыя ім гады з яго мог бы атрымацца яшчэ адзін Бэндэ. Удвух яны змалацілі б удвая большы ўраджай... Што ж, на чужыя вусты не накінеш хусты. Хай паклёпнічаюць. Судзіцца з Марчуком ды яму падобнымі мне не з рукі (ні з левай, ні з правай, ні з «сярэдняй»). Восы пляйстры лепяць, ды мёду не носяць.
– Раней паэзія часта гучала са сцэны, прычым, не толькі ў выкананні аўтараў, але і актораў-чытальнікаў. У Расіi, напрыклад, вялiкую ролю ў папулярызацыi паэзii выканалі і выконваюць акторы Сяргей Юрскi, Валянцiн Гафт, Мiхаiл Казакоў, Венiямiн Смехаў, Ала Дзямiдава. Чаму беларускiя акторы гэтага не робяць?
– Чаму не робяць? Ты, відаць, ніколі не чуў вершаў у выкананні шаноўнай Марыі Захарэвіч («Чытае вершы Захарэвіч – нібы сыходзіць на зямлю…» – пісаў Рыгор Барадулін). Бліскуча чытае паэзію Янкі Купалы Віктар Манаеў. Сучасных паэтаў на нячастых цяпер літаратурных вечарынах па-майстэрску агучвае Алег Вінярскі. Шкада, што свой чытацкі талент ім няма дзе асабліва паказваць. На БТ літаратурныя перадачы даўным-даўно скасаваныя, у забраным Доме літаратара невядома што адбываецца, на тэатральнай сцэне паэтычныя спектаклі ў нас таксама амаль не ідуць (выключэнне тут – Галіна Дзягілева ды яе тэатр «Зніч»). Артысты чытаюць выдатна. І ўсё ж мне больш падабаецца аўтарскае чытанне – напорыстасць і экспрэсія Уладзіміра Някляева, артыстызм і ўмельства зацікавіць публіку Леаніда Дранько-Майсюка, паэтычнае шаманства Віталя Рыжкова, Валерыі Куставай ці Віктара Жыбуля…
– На маю думку, у Беларусi штогод выдаецца нямала высокамастацкiх твораў, якiя, на жаль, не трапляюць да свайго чытача. Слабым месцам беларускай кнігавыдавецкай дзейнасці з’яўляецца маркетынг. Што, на тваю думку, трэба зрабiць у гэтым напрамку?
– Слабым месцам беларускай кнігавыдавецкай дзейнасці, на маю думку, з’яўляецца не маркетынг, а адсутнасць у гэтай галіне нацыянальна арыентаванай дзяржаўнай палітыкі. Калі яе па-ранейшаму не будзе, не дапамогуць аніякія маркетынгавыя прыдумкі – ні ўсё больш вядомы ў нашай краіне бук-кросінг, ні музычныя дадаткі да кнігаў у выглядзе альбомаў папулярных выканаўцаў, ні нават Уладзімір Арлоў за прылаўкам кнігарні «Логвінаў».
– Што ты катэгарычна не прымаеш у літаратуры?
– У літаратуры трэба старацца ўсё ўспрымаць, а што не прымаць – табе твая прырода падкажа. Напрыклад, мне ніколі не хацелася быць ваяўнічым у адносінах да сваіх калегаў. Ну, пісаў у свой час пародыі – дык яны проста спевы анёльскія ў параўнанні з сённяшнімі інтэрнэт-форумамі. Мне ніколі не падабалася і не падабаецца, як сёй-той з літаратараў (незалежна ад узросту) спрабуе самасцвердзіцца на прыніжэнні другога. Вобразна кажучы, з камянёў з-за пазухі спрабуе змураваць для сябе п’едэстал. Ці разбурыць п’едэстал пад кімсьці і нацягаць з тае крушні камянёў пад сябе. Вось гэтага я не прымаю катэгарычна. Свет літаратуры – бязмежны, усім месца хопіць. Стварай, самасцвярджайся праз створанае, а не праз разбуранае. Максім Багдановіч нікога не зневажаў, ні ў кога не адваёўваў сабе месца пад сонцам. І Уладзімір Дубоўка таксама не ішоў ні з кім у рожкі, хоць пяро меў вострае і баявітае. І Уладзімір Караткевіч не драпежыў ні сучаснікаў, ні папярэднікаў. Усім нам, і літаратарам, і не літаратарам, трэба памятаць дзве рэчы. Па-першае, з усіх на свеце войнаў самая страшная і бессэнсоўная – грамадзянская вайна. І па-другое, самыя надзейныя пантэоны ўзводзіць Час. Ён жа тыя пантэоны і засяляе.