12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімер Мазго

_____________________
Дзе пачынаецца вясна.
Вершы

Сустрэча

Анатолю Грэкаву

Паедзем у Зэльву,
Паедзем,
Прывецім князёўну Зяльвянку.
Няма даражэй на сьвеце
Сустрэч,
Чым на родным ганку.

Калючы ад росаў золак,
Як вожык, —
Не дакрануцца.
Палаюць масты вясёлак,
Клічуць дамоў вярнуцца.
Цягнік пранізаў прастору,
Нат рэху за ім ня ўгнацца…
Ваду п’юць з крыніцы зоры,
Каб сілы зямной набрацца.

* * *

Так нечакана выпаў сьнег
На вёскі, гарады…
Яго захопніцкі набег,
Нібы набег арды.

Зямля патрапіла ў палон
Халоднай белізны
Цяпер ужо
Да лепшых дзён
Далёкае вясны.

Завеяй зьдзейсьнены прымус
Дамогся аднаго:
Бялейшай стала
Беларусь
Ад белізны сьнягоў…


Недасланы ліст

Зьміцеру Яўтуховічу

Калі дрыготкая
Рабіна
Крывёй сьцякае
На двары,
Ляцяць у вырай
Сумным клінам,
Як жураўлі,
Твае сябры.

Ім адгукаецца
Апошні
Растайны птах
Тваёй тугі.
А погляд
Колецца аб пожні
І спадарожныя
Стагі.
Забыць такое
Немагчыма,
Іначай –
Грош табе цана:
Краёў нямала,
А Радзіма
(Ажно нямее сэрца,
Дзіма!),
Нібы матуля,
Ў нас адна.


* * *

У доме за ракой
Лагода і спакой.
У доме за ракой –
Падушка пад шчакой.

У доме за ракой
Няўлежна ад надзей.
У доме за ракой
Сьвітае новы дзень.

У доме за ракой
Я піў сьвятло зары…
…У доме за ракой
Цяпер жывуць вятры.

У доме за ракой…

Віцебск

Дрыготкім полымем
Шугала
Сінеча ранішніх нябёс,
Калі палотнамі Шагала
Маю душу апанавала
Карціна горада
Наскрозь.

Тваіх музыкаў
І паэтаў
Вітала песьняю Дзьвіна
На вечы сонечнага лета,
Дыханьнем вечнасьці сагрэтым,
Дзе міг
Стагоддзі паяднаў…

* * *

Наканавана гора нам
Трываць спакон вякоў,
Каб тут было ня сорамна
Нідзе за землякоў.

І далі ваўкавыскія,
І Беларусь уся
Дапамагалі выстаяць
Памкненьням Кастуся.

Сьвітала думка золакам:
Мы тут – гаспадары,
Бо сам Францішак з Полацка
Нам Кнігу падарыў.

Люлялі долю горкую
З калысак да магіл.
А лёс палыннай зоркаю
Параніў небасьхіл…


Дзе пачынаецца вясна

Ля карціны Галіны Хінкі-Янушкевіч

Вісіць карціна на сьцяне.
І ад яе так сьветла мне,
Нібыта ў марах,
Мроях,
Снах,
Дзе пачынаецца вясна.

Сагрэла сонца акварэль –
І лёд падталы на дварэ
Сьлязінкі радасьці спазнаў
Ад думкі,
Што ідзе вясна.

Карціны рама,
Як акно,
У прамінулае даўно.
Танчэе лёсу лінія…
Душа ў вясну
Рас-чы-не-на!..