12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Мяльгуй

_____________________
Музыка моўнага рэзыстансу.

Эсэ-агляд беларускай моладзевай музык



“Дзяржава музыкі” ці музыка дзяржавы?

Знакаміты французскі культуролаг А. Моль у сваёй кнізе “Сацыядынаміка культуры” (1967) назваў сьвет музычнай творчасьці “дзяржавай музыкі”, а слухачоў, кампазітараў, музыкаў і тых, хто тэхнічна забясьпечвае стварэньне і жыцьцё музычных твораў – яе грамадзянамі. Моль між іншым адзначыў, што “культура – гэта інтэлектуальны асьпект штучнага асяроддзя, якое чалавек стварае ў часе свайго сацыяльнага жыцьця”. Калі гэтыя пастулаты суаднесьці з рэчаіснасьцю, то можна заўважыць, што нашая “музычная дзяржава” разьяднаная, як разьяднаная сама Беларусь. Менавiта існаваньнем тут тыпова беларускіх парадыгмаў, кшталту “чэсны” і “нячэсны”. З аднаго боку, “чэсныя” ўсімі магчымымі сродкамі навязваюць свае стандарты разуменьня беларускай рэчаіснасьці, у тым ліку і ў беларускай папулярнай музыцы. Паколькі мараль пакінула сферу творчасьці нават больш-менш таленавітых беларускіх выканаўцаў на службе ва ўладаў (аб гэтым сьведчыць іх адмова ад беларускай мовы – найвялікшага скарбу нацыі), а іх эстэтыка зьвялася да малпаваньня чужога, то на экранах нашых тэлевізараў, з прыймачоў мы чуем i бачым адзін вынік – плынь пошласьці, упакаванай у абгорт­ку “крэатыўнасьці”, якая правакуе бадай толькі шызоідныя музычныя галюцынацыі ў “гопніцкай” часткі аўдыторыі. Вынікі гэтага працэсу мы добра пабачылі на сьвяткаваньні сёлетніх Ка­лядаў на Кастрычніцкай плошчы і шмат на якіх масавых сьвятах з удзелам “зорак беларускай эстрады”...

Назіраючы гэты антыкультурны вэрхал, а таксама тое, з якой вар’яцкай аднабаковасьцю гэтыя шэрыя мастацкія і музычныя стандарты прадукуюцца і падносяцца беларускім слухачам як нацыянальнае мастацтва, падсьвядома пачынаеш разумець, што мы ў Беларусі маем справу з таталітарнай папсой як сацыя-культурным феноменам. Яе відавочныя асаблівасьці можна пабачыць на ўласныя вочы ў шматлікіх тэлепраграмах, галоўныя героі якіх дрэйфуюць ад адной перадачы да другой, калі адна “зорка” бярэ інтэрв’ю ў другой аналагічнай “зоркі”, а пасьля ў іншы тэлечас яны мяняюцца месцамі (як гэта робіцца, напрыклад, у праграмах “Вот такие пироги” на БТ, “Большой завтрак” і “Большая музыка” на СТВ і г. д. ). Абойме гэтых выканаўцаў не прапануецца аніякай альтэрнатывы, і гэта іх робіць “недатыкальнай кастай” для крытыкі, прынамсі, у дзяржаўных СМІ. Чаго вартае, напрыклад, запрашэньне да ўдзелу ў тэлепраграме “Наши новости” слабага ў выканаўчым плане падлеткавага трыо “Черника” і камплементарнае інтэрв’ю з ім вядучага Аверкава!

Што ж тычыцца “беларускага шоу-бізнесу” як апоры тутэйшай таталітарнай папсы, то ён ужо даўно падпарадкаваны законам “рынкавага сацыялізму” з яго сацыяльнымі гарантыямі, падтрымкай тых, хто не патрапіў у “чорныя сьпі­сы” забаронаў. Іх канцэрты ідуць з максімальнай падтрымкай дзяржаўных структураў, БРСМ...

Для выканаўцаў з гэтай абоймы ствараюцца самыя льготныя ўмовы для запі­су, для выступаў. Уся дзяржаўная машына нібыта гаворыць астатнім: “Рабіце выснову – падтрымлівайце ўладу, гадуйце сваёй музыкай сапраўдных патрыётаў, у тым сэнсе, які задавальняе нас!”

Калі Канфуцый выводзіў сваю неў­міручую формулу ўлады: “Кантроль над словам”, то наўрад ці меў на ўвазе папсу. Але відавочна, што цяпер “кантроль за словам” уключае ў сябе і ўладу над гэтым жанрам масавай культуры, кантроль над тым, пра што сьпяваецца і як гэта робіцца.

Таму пра стварэньне тэкстаў тыражаваных песьняў у Беларусі гаварыць не даводзіцца. Дый і тое, што застаецца ад інтэлектуальнага напаўненьня песьні ці музычнай кампазіцыі ўціскаецца ў вельмі вузкія стылістычныя рамкі танцавальнай музыкі строга вызначанага рытма (“умца-умца”) з мінімальнай сэнсавай нагрузкай (“Девчонки полюбили не меня...”).

Важным тут падаецца і факт псіха-лінг­вістычнага замбаваньня маладых слухачоў з дапамогай вядомага каланіяльнага сродку – насаджэньня мовы суседняга народу, якая становіцца сьцягам і фарпостам таталітарнай папсы. Тлумачыцца гэта, маўляў, большай яе прывабнасьцю як для “прагрэсіўнага” расейскага рын­­ку, так і для саміх “рахманых беларусаў”. Таму зразумела, чаму для ідэолагаў таталітарнай папсы лепшай адзнакай іх заслугаў зьяўляюцца “посьпехі” ў Маскве “наших” – таго ж Аляхно ці Падольскай?

“Нячэсным” жа застаецца карыстацца ўсімі магчымымі мастацкімі і эмацыя­нальнымі сродкамі і несьці сваю праўду да слухачоў, апелюючы да расчараваных душ, падтрымліваць i памнажаць іх на­дзею на лепшае. Не зважаючы на папрокі, што гэтая музыка напружвае, ствараць нечуваны для сёньняшняй Еўропы музычны прэцэдэнт – аптымістычнае (нават у дэпрэсіўнасьці) андэграўнднае музычнае мастацтва на глебе абароны дэмакратыі і пратэсту супраць нацыянальнай здрады.

Зьявы, якія адбываюцца ў андэграундзе (контркультурным “падзямельлі”) – складаныя і драматычныя. І гэта зьвязана са спробамі пэўных сілаў дэстабілі­заваць альбо разьяднаць найбольш уплывовае і папулярнае адгалінаваньне ў нашай поп і рок-музыцы – беларускамоўнае. Звычайна робіцца гэта пад вы­глядам дыскусіяў, у ходзе якіх інсьпіруюцца рознагалосьсі паміж беларускамоўнымі і іншамоўнымі выканаўцамі, робіц­ца так, каб падкрэсьліць няпэўнасьць пазіцыяў тых ці іншых музыкаў, робяцца высновы, якія ўваскрашаюць старыя крыўды, рознагалосьсі і недавер. За дваццацігадовую дзейнасьць у якасьці музычнага аглядальніка і аналітыка давялося быць сьведкам не адной хвалі вось такіх “дыскусіяў”, мэтай якіх, звычайна, бывае імкненьне заангажаваных журналістаў паставіць на беларускамоўных рок-музыкантах (палітыках, літаратарах, мастаках і г. д.) кляймо – “нацыяналіст”, каб зрабіць іх ворагамі дзяржавы, пазбавіць, на іх погляд, добрай будучыні ў ёй.

Рускамоўныя ж музыкі, нічога не па­дазраючы, падтрымліваюць гэтую гульню супраць сваіх беларускамоўных калегаў: музыкі блюзавага гурта “Мадэра Хард Блюз” (дарэчы, што сябруюць з беларускамоўным гуртом “P.L.A.N.”) сярод сваіх пячорных аргументаў звычайнага “хома саветыкуса” проста тыкаюць пальцам на магчымую ахвяру: “Да и Супранович (прадзюсер беларускамоўнай музыкі – А. М.), наверное, в чулок не белорусские рубли складывает, а баксы-евро».

Ствараецца ўражаньне, што некаторым журналістам і музыкам зусім не да спадобы рост папулярнасьці і ўплыву на сьвядомасьць беларускай моладзі менавіта беларускамоўных музыкаў. Ім здаецца, што калі беларуская мова запануе па ўсёй краіне, то ім, рускамоўным культуртрэгерам, не застанецца месца ў гэтай краіне. Альбо прыйдзецца вывучаць “гэтую” мову, а “это так тяжело!” Значыць, іх мэта – тармазіць вяртаньне беларускай мовы яе народу любымі сродкамі, у тым ліку і такімі “контраргументамі”, як у Вольгі Самусік з “Музыкальной газеты”: “На самом деле, лозунг “белорусская музыка – это музыка, созданная в Беларуси белорусом на белорусском языке” – это очень круто! Остается лишь добавить – сыгранная на гитарах белорусского производства и записанная белорусскими звукорежиссёрами на белорусские микрофоны, в перерыве между поглощением белорусской водки, закусываемой белорусскими солеными огурцами. Мне сейчас почему-то вспомнилились Гитлер и Мусолини...”

Цікава, што пазіцыя тых, хто вырашыў сказаць сваё слова ў абарону роднай мовы ў сучасных умовах, груба скажаецца, пераводзіцца ў ранг “падрыўной” адносна дзяржаўных устояў, адносна міжнацыянальнага міру ў краіне, а таксама да маральных якасьцяў тых ці іншых асобаў. Напрыклад, вельмі аргументаваны адказ на згаданую публікацыю “Музыкальной газеты” вядомага беларускага журналіста Вітаўта Мартыненкі, у якой аўтар разьвянчаў падмену В. Самусік паняцьцяў “беларускі па духу” і “беларускі па пашпарце”, рэдактар “Музыкальнай газеты” ўвасобіў некарэктнымі выказваньнямі і параўнаньнямі ў адрас аўтара: “хамская манера изложения своих мыслей”, “безнадежен”, “...истина, в юродствующем исполнении...”

Што ж, гэтыя метады добра вядомыя з нашай найноўшай гісторыі, як мэта і іх мара – бачыць становішча беларускай мовы ў сучаснай папулярнай і рок-музыцы, а шырэй ва ўсім нацыянальным мастацтве і грамадстве недзе на фальклорных задворках, пазбаўляючы яе магчымасьцяў разьвівацца ў сучасным рэчышчы, назапашваць здабыткі ў рамках нашай IT-тэхналагічнай сучаснасьці. Бо прадстаўляць яе толькі ў лапцях – значыць пазбаўляць яе будучыні.

Праз чужынскую музыку –

да сьветаадчуваньня чужынца


Табе не выказвалі прэтэнзіяў

да таго, што ты сьпяваеш па-расейску?

На Беларусі па-беларуску

размаўляюць толькі бабкі і дзядулі ў вёсках. А ў горадзе там наогул ніхто

па-беларуску не размаўляе.”

З інтэрв’ю Руслана Аляхно

газеце “Московский комсомолец”.


Прычыну здрады роднай мове можна зразумець – уяўная магчымасьць займець большую папулярнасьць, а з ёй уплыў і прыбытак ад канцэртаў і дыскаў. Мы маем справу з маральным выбарам і адказнасьцю за яго.

Многія рускамоўныя музыкі гэта разумеюць, хоць бы спантанна, падсьвядома. Для псіхааналізу прапаную цытату з артыкулу лідэра гурта “Мадэра Хард Блюз” Ю. Міхайлава: “Я – как художник-карикатурист – выставлялся во всем мире, в Европе, Азии, Америке, и везде был представлен как белорусский художник! Я сделал и делаю для Беларуси больше, чем некоторые белорусскоязычные горлопаны… “Мадера хард блюз” поет на русском, но она всегда будет белорусской группой” (“Музыкальная газета” № 15, 2005 г.). А чаму тады на сваіх афішах вы не абвясьцілі: “Гурт “Мадера хард блюз” – беларускі блюз”? Дакажыце справай, што вы – беларускія выканаўцы! Юрый, вядома, ужо адчуў прычыну свайго трывожнага стану: яго творчасьць ня ўпісваецца ў кантэкст беларускай культуры, ніхто не прызнае ўклад яго гурту ні ў гісторыю расейскага, а тым больш беларускага року, значыць – гады прайшлі безвынікова. А вось сябры з гурту “P.L.A.N” на парадак менш у беларускамоўным рок-н-роле, а пра іх гавораць як пра “генералаў”. Юрыю здаецца гэта несправядлівым…

А што беларускага ў цяперашняй му­зыцы Аляксея Шэдзько і яго “Сестры”? Так, гэты музыкант распачынаў з беларускамоўнай творчасьці (памятаю яго шыкоўны выступ з беларускай народнай песьняй на канцэрце “Рок вітае незалежнасьць” у 1991 годзе ў скверы імя Янкі Купалы). Але потым музыкант стаў дзясятым клонам “Алисы” і “Аквариума”...

Зусім іншая танальнасьць выказваньняў адносна роднай мовы назіраецца ў больш сур’ёзных выканаўцаў, якія маюць досьвед супрацоўніцтва і паразуменьня ў рамках беларускай рок-музычнай рэчаіснасьці. Разважаньні суседнічаюць у гэтых музыкаў з эксьперыментамі, іх вынікі – з намерамі ўзяць новыя вышыні, якія гэтыя музыкі імкнуцца пераўзысьці... Вельмі паказальнымі тут падаюцца развагі лідэра гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча: “Я не пою на модном языке. Я пою на том языке, на каком хочу. Есть песни, которые мне хочется петь. И более того: вот в этом альбоме («П.И.О.Т.К.У.К.У.К.» А. М.) их три, но мною лично написаны еще с пяток песен на белорусском языке, потому, что тогда, когда я писал, мне думалось по-белорусски. Ночью что-то переклинивалось в мозгах, и я начинал мыслить по-белорусски…» («Музыкальная газета» № 14. 2002 г.).

Крывое люстэрка

дзяржаўнага “білінгвізму”


Нас спрашывают, пачаму мы не паём

на беларускам языке,

дык мы і па-руску не паём!

З інтэрв”ю дуэта “Саша і Сірожа”.


Квазі-культурны складнік новай “старой” мовы – “трасянкі” – стаў прадметам капіраваньня, падладжваньня, выкарыстаньня для сатырычных і гумарыстычных мэтаў у літаратурных колах Бе­ла­русі, сярод рок-музыкантаў. Макаранічны эфект ад ужываньня такой мовы даўно вядомы літаратарам. За імі і беларускія музыкі ўбачылі ў беларуска-рускай “мяшанцы” вялікі выяўленчы патэнцыял. Бо ў наш час “трасянка” прыйшла ў дзяржаўныя органы з новымі асобамі цяперашняй улады, на тэлебачаньне, у школы і ВНУ. “Трасянка” стала сапраўднай афіцыйнай мовай сёньняшняй улады. І музыкі, што выкарыстоўваюць макаранічны эфект “трасянкі”, паказваюць усе культурныя і інтэлектуальныя “вывіхі” тых, хто ўзяў адказнасьць за будучыню краіны.

Да гэтага “трасянка” звычайна выкарыстоўвалася гумарыстамі (напрыклад, артыстамі тэатра “Хрыстафор”) для стварэньня вобраза сучаснага беларуса – прыдуркаватага п’янюгі ў кухвайцы і кірзавых ботах, няздатнага мысьліць, а тым больш правільна размаўляць ні на адной з моваў.

Зусім іншая справа з поп- і рок-музыкамі. Піянерамі выкарыстаньня “трасянкі” як мастацкага сродку сталі музыкі супольнага праекту “Народны альбом” (1997), на якім была зьмешчаная “сьлязьлівая” песенька “Надзенька”, зьмест якой, а таксама “трасянка” гераіні твора, толькі падкрэсьлівалі гістарычную драму, якая напаткала беларусаў у міжваенны перыяд.

Але сапраўдным адлікам сатырычнага выкарыстаньня “трасянкі” ў мастацкіх мэтах стала сьпетая Касяй Камоцкай і запісаная ў “Народным альбоме” палітычная сатыра “Дарагія мае масквічы” (тэкст М. Анемпадыстава). У гэтым шэдэўры, дзякуючы па-майстэрску перададзеным моўным асаблівасьцям, адразу можна было пазнаць Галоўнага Героя, яго палітычныя маніфесты, погляды і мову, на якія і скіроўвалі свае сатырычныя стрэлы аўтары:

Дарагія мае масквічы,

Уважаемыя растаўчане!

Хваціт места для всех у міня

На дзіване, сафе і тапчане.

А не хваціт, так есьць жа краваць:

Есьлі нада, магу пацясьніцца.

Так давайце, друзья, “сібраваць”,

Як на Белай Русі гаварыцца!

Тэндэнцыю ўвядзеньня “трасянкі” ў беларускі культурны дыскурс падхапіў рок-гурт “N.R.M.” са сваёй сёньня ўжо знакамітай сацыяльнай сатырай на гопнікаў “Кумба” (з альбому “Пашпарт грамадзяніна “N.R.M”, 1998):

А есьлі цібе ня нравіцца ўласьць,

Значыт, ты – галубая валасатая мразь!

Ну, ладна, харэ! Давай твой стакан.

Давай стакан, я налью сібе сто грам...

“Трасянка” стала трапным выяўленчым сродкам у некаторых папулярных выканаўцаў. Думаю, што чытачы змогуць прыгадаць “трасянкавы” рэп гурта “IQ48” (“Мой клён”, “Таполі”), кампазі­цыі “Крамбамбулі” (“Госьці”). Майстрам “трасянковай” сатыры можна сьмела назваць гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча, чыя “Балада пра таварыша Сапегу” стала ўжо класічным творам новага напрамку ў беларускай папулярнай і рок-музыцы.

Бадай што толькі ў аднаго творчага калектыву – дуэту “Саша і Сірожа” –“трасянка” стала адзіным творчым крэда. Гэтыя таленавітыя выканаўцы-гумарысты ўсю сваю дзейнасьць пабудавалі ме­навіта на рэалізацыі вядомай тэзы: “Хто как хацит, тот так и гаварыт!” Іх “Ка­лыханкі для дарослых”, альбом “СКАты!” сталі ў нечым папсовым (а таму больш масавым) варыянтам “трасянкавага” напрамку ў беларускай поп- і рок-музыцы.

Безумоўна, тыпы, якія адлюстраваныя ў песьнях “Сашы і Сірожы”, можна трактаваць як архетыпы сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. І вобразы гэтай рэчаіснасьці – ня вельмі прывабныя. Самі музыкі пра гэта кажуць так: “Единственное, я заметил, что его (альбом Сашы і Сірожы «СКАты!» – А. М.) не очень любят бизнесмены, которые родом из глубинки. То есть, которые родились где-нибудь в деревне, переехали в Минск и стали значимыми людьми» (“Музыкальная газета” №17, 2005 г.). Гэта, дарэчы, можна сказаць і ня толькі пра бізнесмэнаў!

Таму і адпаведныя высновы: прэзентацыя альбому дуэту “Саша і Сірожа” была забароненая. Як забароненыя і канцэрты, прэзентацыі іншых беларускіх выканаўцаў, чыя творчасьць у краіне лічыцца ненадзейнай ідэалагічна. Вось і даводзіцца музыкам апранаць каўпак блазна, каб зусім ня трапіць пад прэс рэпрэсіяў. Пра гэта разважае адзін з удзе­льнікаў дуэту Сяргей Міхалок: “...про нас написано было следующее: «Бред на грани гениальности». Да, бред, конечно, есть. Но я не могу, например, встать пе­ред камерой и открыто сказать, что думаю. Мне просто не позволят. А когда идет такая полудурка – все вполне реально и легко сделать...” (“Музыкальная газета” №17, 2005 г.)

Беларускія мовазнаўцы, культуролагі і проста прыхільнікі роднага слова спрачаюцца, шкодная ці карысная “трасянка” для існаваньня беларускай мовы ў сучасных умовах. І падыходы да яе функ­цыянаваньня ў грамадстве розныя: ад не­прыняцьця да захапленьня. І гэта адлюстравала дыскусія па артыкуле С. Квяткоўскага “Жаба ў роце” (“Наша Ніва” №6, 1998 г.). Нягледзячы на тое, што у ім феномен “трасянкі” падвяргаецца сумневу, аўтары допісаў у рэдакцыю па гэтай тэматыцы справядліва пытаюцца: “Чаму з усіх бакоў ідзе такое непрыняцьце трасянкі. Гэта ж звычайны беларускі акцэнт...” Той жа лідэр гурта “Ляпис Трубецкой” (адзін з удзельнікаў дуэту “Саша і Сірожа”) Сяргей Міхалок як бы адказвае ўдзельнікам дыскусіі: “Мая трасянка – смачная!”

Беларускія ж рок-музыкі далі свой адказ на “мовазнаўчае” пытаньне: калі гэтая “трасянка” дапасуецца да творчых мэтаў, дык яе выкарыстаньне цалкам абгрунтаванае.

Родная мова як паратунак

ад унутранай эміграцыі


“Ведь главное, наверное, петь

на белорусском языке и чтобы не было

эклектики в сочетании языка и музыки…”

З інтэрв’ю кіраўніка ансамбля

“Песьняры” Уладзіміра Мулявіна

“Музыкальной газете” (№50, 1999 г.).


Самая цікавая і дынамічная галіна ўсяго андэграунднага музычнага мастацтва Беларусі апынулася сёньня ў апазіцыі да існуючай улады. Гэта частка беларускамоўных фолк-мадэрн-калектываў і шэраг знакамітых рок-гуртоў, якія стварылі гісторыю і сучаснасьць беларускага рок-руху.

Часта даводзіцца чуць: ну і што – рок увогуле контркультурная зьява. Але што можа быць контркультурнага ў творчасьці, напрыклад, гурта “Палац”, які занесены ў “чорныя сьпісы” “неблагонадежных”?

Можна канстатаваць факт сьвядомага выштурхоўваньня ўладамі са свайго і так беднага культурнага поля нават фальклорных ці фолк-мадэрновых праектаў, каб потым забараніць іх выступы ды выкінуць з эфіру...

Рускамоўныя ж “контркультурныя” гурты (“Куклы”, “ТТ-34”, “Дай дорогу”) пачуваюць сябе ў Беларусі больш вольна. Прынамсі, канцэрты іх не адмяняюцца. Дый тэлебачаньне не адвяргае іх відэа-клі­пы як нефарматныя. Гэта адбываецца та­му, што яны ня лічацца праціўнікамі ўладаў, а, наадварот, садзейнічаюць “интеграционным процессам двух наших народов”.

І ўсё ж: што рухае музыкаў беларускамоўных гуртоў супрацьстаяць “чорным сьпісам” і забаронам, усяму, што адбываецца ў краіне на “моўным фронце”? Думаю, што не памылюся, калі скажу: боль і жаданьне выправіць сітуацыю, калі беларусаў робяць эмігрантамі ў сваёй роднай краіне. Мова, як родная маці, заклікае да дзеяньняў у яе абарону ад папулісцкіх падкопаў і нападак як функцыянераў дзеючай улады (рэвізіяваўшых Закон аб мовах), так і “ліберальнай” апазіцыі.

Калі прааналізаваць творчыя шляхі такіх выдатных беларускіх гуртоў-ветэранаў, як “Мроя”, “N.R.M.”, “Bonda”, “Крама”, “Ulis”, то даводзіцца канстатаваць: прыхільнасьць да роднага слова ў многіх з іх пачала выкрышталізоўвацца на спадчынным узроўні (узгадаем, што бацька Л. Вольскага – беларускі пісьменьнік, а лідэр гурта “P.L.A.N.” А. Плясанаў – унучаты пляменьнік заслужанай дзеячкі культуры П. Мядзёлкі).

Гістарычныя і культурна-моўныя аб­ставіны спрыялі вылучэньню прызнаных лідэраў нацыянальнай фолк-мадэрн і рок-плыні – такіх харызматычных і непахісных прыхільнікаў беларушчыны, якімі зьяўляюцца ўдзельнікі гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі, Алег Дземідовіч, Піт Паўлаў, Юры Ляўкоў, лідэр гурту “Крама” Ігар Варашкевіч, рок-сьпявачка Кася Камоцкая, фалькларыст і рок-музыка Алесь Таболіч, аўтар рок-тэкстаў Міхал Анемпадыстаў, рок-музыка і мастак Сяргей Скрыпнічэнка, фолк-мадэрн-выканаўцы Алег Хаменка, Юры Выдронак, Андрэй Палаўчэня, сьпявак і кампазітар Зьміцер Вайцюшкевіч, рэпер Алесь Памідораў...

Ня скажаш, што ўсе ветэраны прытрымліваюцца роднай мовы пасьлядоўна ня толькі ў творчасьці, але і ў артыстычным побыце – падчас інтэрв’ю ці пры вядзеньні канцэртаў. І гэта недарэчная акалічнасьць адразу становіцца аб’ектам крытыкі ці недаверу да пазіцыі беларускамоўнага выканаўцы. У бальшыні ж ветэраны беларускамоўнага рок-руху моцна трымаюцца сваіх беларускіх моўных прыхільнасьцяў, і іх прынцыпы зьяўляюцца выразным арыенцірам для маладой плыні беларускамоўных выканаўцаў.

Згуртаванасьць і цэльнасьць творчай канцэпцыі беларускамоўных выканаўцаў значна спрашчаюць шляхі да беларускага культурнага кантэксту маладзейшых му­зыкаў і гуртоў. А перад імі, як чорт з та­бакеркі, выскокваюць падманлівыя персьпектывы ці то “засьвяціцца” на правінцыйным “Хит-моменте”, ці трапіць у лапы драпежнага расейскага шоў-бізнэсу...

Маладая плынь энергічна стварае рэальную канкурэнцыю. Новая генерацыя ня можа не захапляць сваёй творчай разнастайнасьцю і выканаўчым майстэрствам. Маю на ўвазе такіх музыкаў, як Алег Губіч (“Камаедзіца”), Ігар Загумёнаў (zIGZAG), Сьвятлана Сугака (“Тарпач”), Аляксандр Ракавец (“IQ48”), Янка (“Таварыш Маўзер”), Віктар Рудэнка (“Dali”), Андрэй Карповіч і Віталь Зыблюк (“Parason”), Маша Лагодзіч (“Яр”). Яны прадстаўляюць амаль увесь стылістычны спектар беларускамоўнай рок-музыкі.

Некаторыя пераходзяць на больш “зразумелую”, спадзеючыся на тое, што адразу зьявіцца вядомасьць і прыбыткі. Такія зігзагі ў творчасьці ажыцьцявілі гурты “Impett” і “Без Билета”. Але да новых рэаліяў і патрабаваньняў яны не прызвычаіліся. Таму ціха гібеюць як выканаўцы і творцы. Трохі зьмякчае іх становішча той факт, што слухачы яшчэ памятаюць гэтых музыкаў менавіта па іх лепшых беларускамоўных кампазіцыях – “Зусім ня проста” і “Мая краіна Беларусь”.

Беларускі D.I.Y. – феномен


“Перамены нельга навязаць звонку,

ды і мы ня хочам гэтага.

Нам патрэбна падтрымка,

але мы павінны ўсё зрабіць самі”.

З інтэрв’ю гітарыста гурту «N.R.M.»

Піта Паўлава газеце “The International Herald Tribune”,USA (2.09.2005 г.).


Ідэалагічныя органы беларускай дзяржавы сваімі рэпрэсіямі супраць беларускамоўных музыкаў зрабілі так, што яе разьвіцьцё цяпер ідзе ў напрамку сусьветных тэндэнцый так званай D.I.Y.-культуры. (ад анг. Do it yourself – зрабі гэта сам). Так атрымліваецца, што D.I.Y.-лозунг “Думай глабальна, дзейнічай лакальна” поўнасьцю стасуецца і адпавядае сутнасьці таго, што адбываецца ў краіне на беларускамоўнай рок-сцэне. Выканаўцы ня маюць ніякай падтрымкі ад сваёй дзяржавы, спадзяюцца толькі на сябе і клапоцяцца пра глабальную для Беларусі задачу – пра захаваньне роднай мовы і разьвіцьцё нацыянальнай культуры ў век IT-тэхналогіяў. А на лакальным узроўні дзейнічаюць таксама адпаведна D.I.Y.-культурным прынцыпам: ствараюць непадцэнзурную сетку камунікацыяў, незалежныя выдавецкія структуры, дыстро (структуры, якія распаўсюджваюць дыскі з рок-музыкай і фолк-мадэрнам, рок-сімволіку, музычны самвыдат). Такія структуры ў Беларусі існуюць ва ўмовах нечуваных у Еўропе перашкодаў...

Праўда, ня ўсе D.I.Y.-прынцыпы прыжыліся на беларускай глебе. Не знайшоў у нашай краіне шырокай падтрымкі веганізм (строгае вегетарыянства), стрэйт-эйдж (сьвядомая адмова ад алкаголю, наркотыкаў і сэксу – don’t drink, don’t drugs, don’t fuck), сквотэрства (захоп пустуючага жыльля), антыглабалісцкія пратэсты-дэманстрацыі і іншыя прыклады D.I.Y.- актывізму…

Прынцыпы ж D.I.Y.-культуры ў Беларусі спрыяюць разьвіцьцю беларускамоўнай поп, фолк-мадэрн і рок-музыкі. А тое, што ў Беларусі вельмі шпаркімі тэмпамі ідзе распаўсюджваньне D.I.Y.-ідэяў як альтэрнатыва дзяржаўнаму лабіраваньню “ідэалагічна выверанага” музычнага прадукту (дазволенай папсе), не заўважыць не магчыма. І гэта абсалютна новая зьява ў жыцьці маладога пакаленьня беларусаў, сапраўды феномен на еўрапейскім культурным тле…

А што тычыцца моладзі, якая знахо­дзіцца пад уплывам дзяржаўнага ідэалагічна-музычнага прэсінгу... Праз 4-5 гадоў яны ўладкуюцца на заводы ці ў будаўніча-мантажныя ўпраўленьні, створаць свае сем’і. І іх адносіны да ўладаў ня будуць такімі “запаралеленымі” на дзяржаўную таталітарную папсу. Урэшце, ці выйдзе былы гопнік на пляц з патрабаваньнямі “Далоў” і “Беларусь у Еўропу!”, будзе залежаць не ад прадзю­серскага спрыту Кірылы Слукі ці мелодый Влады і “Нового Иерусалима”, а ад велічыні заробкаў, магчымасьці на іх пабудаваць жыльлё, аплаціць адукацыю дзяцей і медыцынскія паслугі і г. д.

Калі такога ня здарыцца, на пляцы перад Домам урада пад бел-чырвона-белымі сьцягамі апазіцыі цяжка будзе адрозьніць сьвядомага прыхільніка беларускамоўнага року і былога гопніка...


фота аўтара.