“Дзяржава музыкі” ці музыка дзяржавы?
Знакаміты французскі культуролаг А. Моль у сваёй кнізе “Сацыядынаміка культуры” (1967) назваў сьвет музычнай творчасьці “дзяржавай музыкі”, а слухачоў, кампазітараў, музыкаў і тых, хто тэхнічна забясьпечвае стварэньне і жыцьцё музычных твораў – яе грамадзянамі. Моль між іншым адзначыў, што “культура – гэта інтэлектуальны асьпект штучнага асяроддзя, якое чалавек стварае ў часе свайго сацыяльнага жыцьця”. Калі гэтыя пастулаты суаднесьці з рэчаіснасьцю, то можна заўважыць, што нашая “музычная дзяржава” разьяднаная, як разьяднаная сама Беларусь. Менавiта існаваньнем тут тыпова беларускіх парадыгмаў, кшталту “чэсны” і “нячэсны”. З аднаго боку, “чэсныя” ўсімі магчымымі сродкамі навязваюць свае стандарты разуменьня беларускай рэчаіснасьці, у тым ліку і ў беларускай папулярнай музыцы. Паколькі мараль пакінула сферу творчасьці нават больш-менш таленавітых беларускіх выканаўцаў на службе ва ўладаў (аб гэтым сьведчыць іх адмова ад беларускай мовы – найвялікшага скарбу нацыі), а іх эстэтыка зьвялася да малпаваньня чужога, то на экранах нашых тэлевізараў, з прыймачоў мы чуем i бачым адзін вынік – плынь пошласьці, упакаванай у абгортку “крэатыўнасьці”, якая правакуе бадай толькі шызоідныя музычныя галюцынацыі ў “гопніцкай” часткі аўдыторыі. Вынікі гэтага працэсу мы добра пабачылі на сьвяткаваньні сёлетніх Калядаў на Кастрычніцкай плошчы і шмат на якіх масавых сьвятах з удзелам “зорак беларускай эстрады”...
Назіраючы гэты антыкультурны вэрхал, а таксама тое, з якой вар’яцкай аднабаковасьцю гэтыя шэрыя мастацкія і музычныя стандарты прадукуюцца і падносяцца беларускім слухачам як нацыянальнае мастацтва, падсьвядома пачынаеш разумець, што мы ў Беларусі маем справу з таталітарнай папсой як сацыя-культурным феноменам. Яе відавочныя асаблівасьці можна пабачыць на ўласныя вочы ў шматлікіх тэлепраграмах, галоўныя героі якіх дрэйфуюць ад адной перадачы да другой, калі адна “зорка” бярэ інтэрв’ю ў другой аналагічнай “зоркі”, а пасьля ў іншы тэлечас яны мяняюцца месцамі (як гэта робіцца, напрыклад, у праграмах “Вот такие пироги” на БТ, “Большой завтрак” і “Большая музыка” на СТВ і г. д. ). Абойме гэтых выканаўцаў не прапануецца аніякай альтэрнатывы, і гэта іх робіць “недатыкальнай кастай” для крытыкі, прынамсі, у дзяржаўных СМІ. Чаго вартае, напрыклад, запрашэньне да ўдзелу ў тэлепраграме “Наши новости” слабага ў выканаўчым плане падлеткавага трыо “Черника” і камплементарнае інтэрв’ю з ім вядучага Аверкава!
Што ж тычыцца “беларускага шоу-бізнесу” як апоры тутэйшай таталітарнай папсы, то ён ужо даўно падпарадкаваны законам “рынкавага сацыялізму” з яго сацыяльнымі гарантыямі, падтрымкай тых, хто не патрапіў у “чорныя сьпісы” забаронаў. Іх канцэрты ідуць з максімальнай падтрымкай дзяржаўных структураў, БРСМ...
Для выканаўцаў з гэтай абоймы ствараюцца самыя льготныя ўмовы для запісу, для выступаў. Уся дзяржаўная машына нібыта гаворыць астатнім: “Рабіце выснову – падтрымлівайце ўладу, гадуйце сваёй музыкай сапраўдных патрыётаў, у тым сэнсе, які задавальняе нас!”
Калі Канфуцый выводзіў сваю неўміручую формулу ўлады: “Кантроль над словам”, то наўрад ці меў на ўвазе папсу. Але відавочна, што цяпер “кантроль за словам” уключае ў сябе і ўладу над гэтым жанрам масавай культуры, кантроль над тым, пра што сьпяваецца і як гэта робіцца.
Таму пра стварэньне тэкстаў тыражаваных песьняў у Беларусі гаварыць не даводзіцца. Дый і тое, што застаецца ад інтэлектуальнага напаўненьня песьні ці музычнай кампазіцыі ўціскаецца ў вельмі вузкія стылістычныя рамкі танцавальнай музыкі строга вызначанага рытма (“умца-умца”) з мінімальнай сэнсавай нагрузкай (“Девчонки полюбили не меня...”).
Важным тут падаецца і факт псіха-лінгвістычнага замбаваньня маладых слухачоў з дапамогай вядомага каланіяльнага сродку – насаджэньня мовы суседняга народу, якая становіцца сьцягам і фарпостам таталітарнай папсы. Тлумачыцца гэта, маўляў, большай яе прывабнасьцю як для “прагрэсіўнага” расейскага рынку, так і для саміх “рахманых беларусаў”. Таму зразумела, чаму для ідэолагаў таталітарнай папсы лепшай адзнакай іх заслугаў зьяўляюцца “посьпехі” ў Маскве “наших” – таго ж Аляхно ці Падольскай?
“Нячэсным” жа застаецца карыстацца ўсімі магчымымі мастацкімі і эмацыянальнымі сродкамі і несьці сваю праўду да слухачоў, апелюючы да расчараваных душ, падтрымліваць i памнажаць іх надзею на лепшае. Не зважаючы на папрокі, што гэтая музыка напружвае, ствараць нечуваны для сёньняшняй Еўропы музычны прэцэдэнт – аптымістычнае (нават у дэпрэсіўнасьці) андэграўнднае музычнае мастацтва на глебе абароны дэмакратыі і пратэсту супраць нацыянальнай здрады.
Зьявы, якія адбываюцца ў андэграундзе (контркультурным “падзямельлі”) – складаныя і драматычныя. І гэта зьвязана са спробамі пэўных сілаў дэстабілізаваць альбо разьяднаць найбольш уплывовае і папулярнае адгалінаваньне ў нашай поп і рок-музыцы – беларускамоўнае. Звычайна робіцца гэта пад выглядам дыскусіяў, у ходзе якіх інсьпіруюцца рознагалосьсі паміж беларускамоўнымі і іншамоўнымі выканаўцамі, робіцца так, каб падкрэсьліць няпэўнасьць пазіцыяў тых ці іншых музыкаў, робяцца высновы, якія ўваскрашаюць старыя крыўды, рознагалосьсі і недавер. За дваццацігадовую дзейнасьць у якасьці музычнага аглядальніка і аналітыка давялося быць сьведкам не адной хвалі вось такіх “дыскусіяў”, мэтай якіх, звычайна, бывае імкненьне заангажаваных журналістаў паставіць на беларускамоўных рок-музыкантах (палітыках, літаратарах, мастаках і г. д.) кляймо – “нацыяналіст”, каб зрабіць іх ворагамі дзяржавы, пазбавіць, на іх погляд, добрай будучыні ў ёй.
Рускамоўныя ж музыкі, нічога не падазраючы, падтрымліваюць гэтую гульню супраць сваіх беларускамоўных калегаў: музыкі блюзавага гурта “Мадэра Хард Блюз” (дарэчы, што сябруюць з беларускамоўным гуртом “P.L.A.N.”) сярод сваіх пячорных аргументаў звычайнага “хома саветыкуса” проста тыкаюць пальцам на магчымую ахвяру: “Да и Супранович (прадзюсер беларускамоўнай музыкі – А. М.), наверное, в чулок не белорусские рубли складывает, а баксы-евро».
Ствараецца ўражаньне, што некаторым журналістам і музыкам зусім не да спадобы рост папулярнасьці і ўплыву на сьвядомасьць беларускай моладзі менавіта беларускамоўных музыкаў. Ім здаецца, што калі беларуская мова запануе па ўсёй краіне, то ім, рускамоўным культуртрэгерам, не застанецца месца ў гэтай краіне. Альбо прыйдзецца вывучаць “гэтую” мову, а “это так тяжело!” Значыць, іх мэта – тармазіць вяртаньне беларускай мовы яе народу любымі сродкамі, у тым ліку і такімі “контраргументамі”, як у Вольгі Самусік з “Музыкальной газеты”: “На самом деле, лозунг “белорусская музыка – это музыка, созданная в Беларуси белорусом на белорусском языке” – это очень круто! Остается лишь добавить – сыгранная на гитарах белорусского производства и записанная белорусскими звукорежиссёрами на белорусские микрофоны, в перерыве между поглощением белорусской водки, закусываемой белорусскими солеными огурцами. Мне сейчас почему-то вспомнилились Гитлер и Мусолини...”
Цікава, што пазіцыя тых, хто вырашыў сказаць сваё слова ў абарону роднай мовы ў сучасных умовах, груба скажаецца, пераводзіцца ў ранг “падрыўной” адносна дзяржаўных устояў, адносна міжнацыянальнага міру ў краіне, а таксама да маральных якасьцяў тых ці іншых асобаў. Напрыклад, вельмі аргументаваны адказ на згаданую публікацыю “Музыкальной газеты” вядомага беларускага журналіста Вітаўта Мартыненкі, у якой аўтар разьвянчаў падмену В. Самусік паняцьцяў “беларускі па духу” і “беларускі па пашпарце”, рэдактар “Музыкальнай газеты” ўвасобіў некарэктнымі выказваньнямі і параўнаньнямі ў адрас аўтара: “хамская манера изложения своих мыслей”, “безнадежен”, “...истина, в юродствующем исполнении...”
Што ж, гэтыя метады добра вядомыя з нашай найноўшай гісторыі, як мэта і іх мара – бачыць становішча беларускай мовы ў сучаснай папулярнай і рок-музыцы, а шырэй ва ўсім нацыянальным мастацтве і грамадстве недзе на фальклорных задворках, пазбаўляючы яе магчымасьцяў разьвівацца ў сучасным рэчышчы, назапашваць здабыткі ў рамках нашай IT-тэхналагічнай сучаснасьці. Бо прадстаўляць яе толькі ў лапцях – значыць пазбаўляць яе будучыні.
Праз чужынскую музыку –
да сьветаадчуваньня чужынца
“– Табе не выказвалі прэтэнзіяў
да таго, што ты сьпяваеш па-расейску?
– На Беларусі па-беларуску
размаўляюць толькі бабкі і дзядулі ў вёсках. А ў горадзе – там наогул ніхто
па-беларуску не размаўляе.”
З інтэрв’ю Руслана Аляхно
газеце “Московский комсомолец”.
Прычыну здрады роднай мове можна зразумець – уяўная магчымасьць займець большую папулярнасьць, а з ёй уплыў і прыбытак ад канцэртаў і дыскаў. Мы маем справу з маральным выбарам і адказнасьцю за яго.
Многія рускамоўныя музыкі гэта разумеюць, хоць бы спантанна, падсьвядома. Для псіхааналізу прапаную цытату з артыкулу лідэра гурта “Мадэра Хард Блюз” Ю. Міхайлава: “Я – как художник-карикатурист – выставлялся во всем мире, в Европе, Азии, Америке, и везде был представлен как белорусский художник! Я сделал и делаю для Беларуси больше, чем некоторые белорусскоязычные горлопаны… “Мадера хард блюз” поет на русском, но она всегда будет белорусской группой” (“Музыкальная газета” № 15, 2005 г.). А чаму тады на сваіх афішах вы не абвясьцілі: “Гурт “Мадера хард блюз” – беларускі блюз”? Дакажыце справай, што вы – беларускія выканаўцы! Юрый, вядома, ужо адчуў прычыну свайго трывожнага стану: яго творчасьць ня ўпісваецца ў кантэкст беларускай культуры, ніхто не прызнае ўклад яго гурту ні ў гісторыю расейскага, а тым больш беларускага року, значыць – гады прайшлі безвынікова. А вось сябры з гурту “P.L.A.N” на парадак менш у беларускамоўным рок-н-роле, а пра іх гавораць як пра “генералаў”. Юрыю здаецца гэта несправядлівым…
А што беларускага ў цяперашняй музыцы Аляксея Шэдзько і яго “Сестры”? Так, гэты музыкант распачынаў з беларускамоўнай творчасьці (памятаю яго шыкоўны выступ з беларускай народнай песьняй на канцэрце “Рок вітае незалежнасьць” у 1991 годзе ў скверы імя Янкі Купалы). Але потым музыкант стаў дзясятым клонам “Алисы” і “Аквариума”...
Зусім іншая танальнасьць выказваньняў адносна роднай мовы назіраецца ў больш сур’ёзных выканаўцаў, якія маюць досьвед супрацоўніцтва і паразуменьня ў рамках беларускай рок-музычнай рэчаіснасьці. Разважаньні суседнічаюць у гэтых музыкаў з эксьперыментамі, іх вынікі – з намерамі ўзяць новыя вышыні, якія гэтыя музыкі імкнуцца пераўзысьці... Вельмі паказальнымі тут падаюцца развагі лідэра гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандра Кулінковіча: “Я не пою на модном языке. Я пою на том языке, на каком хочу. Есть песни, которые мне хочется петь. И более того: вот в этом альбоме («П.И.О.Т.К.У.К.У.К.» – А. М.) их три, но мною лично написаны еще с пяток песен на белорусском языке, потому, что тогда, когда я писал, мне думалось по-белорусски. Ночью что-то переклинивалось в мозгах, и я начинал мыслить по-белорусски…» («Музыкальная газета» № 14. 2002 г.).
Крывое люстэрка
дзяржаўнага “білінгвізму”
Нас спрашывают, пачаму мы не паём
на беларускам языке,
дык мы і па-руску не паём!
З інтэрв”ю дуэта “Саша і Сірожа”.
Квазі-культурны складнік новай “старой” мовы – “трасянкі” – стаў прадметам капіраваньня, падладжваньня, выкарыстаньня для сатырычных і гумарыстычных мэтаў у літаратурных колах Беларусі, сярод рок-музыкантаў. Макаранічны эфект ад ужываньня такой мовы даўно вядомы літаратарам. За імі і беларускія музыкі ўбачылі ў беларуска-рускай “мяшанцы” вялікі выяўленчы патэнцыял. Бо ў наш час “трасянка” прыйшла ў дзяржаўныя органы з новымі асобамі цяперашняй улады, на тэлебачаньне, у школы і ВНУ. “Трасянка” стала сапраўднай афіцыйнай мовай сёньняшняй улады. І музыкі, што выкарыстоўваюць макаранічны эфект “трасянкі”, паказваюць усе культурныя і інтэлектуальныя “вывіхі” тых, хто ўзяў адказнасьць за будучыню краіны.
Да гэтага “трасянка” звычайна выкарыстоўвалася гумарыстамі (напрыклад, артыстамі тэатра “Хрыстафор”) для стварэньня вобраза сучаснага беларуса – прыдуркаватага п’янюгі ў кухвайцы і кірзавых ботах, няздатнага мысьліць, а тым больш правільна размаўляць ні на адной з моваў.
Зусім іншая справа з поп- і рок-музыкамі. Піянерамі выкарыстаньня “трасянкі” як мастацкага сродку сталі музыкі супольнага праекту “Народны альбом” (1997), на якім была зьмешчаная “сьлязьлівая” песенька “Надзенька”, зьмест якой, а таксама “трасянка” гераіні твора, толькі падкрэсьлівалі гістарычную драму, якая напаткала беларусаў у міжваенны перыяд.
Але сапраўдным адлікам сатырычнага выкарыстаньня “трасянкі” ў мастацкіх мэтах стала сьпетая Касяй Камоцкай і запісаная ў “Народным альбоме” палітычная сатыра “Дарагія мае масквічы” (тэкст М. Анемпадыстава). У гэтым шэдэўры, дзякуючы па-майстэрску перададзеным моўным асаблівасьцям, адразу можна было пазнаць Галоўнага Героя, яго палітычныя маніфесты, погляды і мову, на якія і скіроўвалі свае сатырычныя стрэлы аўтары:
Дарагія мае масквічы,
Уважаемыя растаўчане!
Хваціт места для всех у міня
На дзіване, сафе і тапчане.
А не хваціт, так есьць жа краваць:
Есьлі нада, магу пацясьніцца.
Так давайце, друзья, “сібраваць”,
Як на Белай Русі гаварыцца!
Тэндэнцыю ўвядзеньня “трасянкі” ў беларускі культурны дыскурс падхапіў рок-гурт “N.R.M.” са сваёй сёньня ўжо знакамітай сацыяльнай сатырай на гопнікаў “Кумба” (з альбому “Пашпарт грамадзяніна “N.R.M”, 1998):
А есьлі цібе ня нравіцца ўласьць,
Значыт, ты – галубая валасатая мразь!
Ну, ладна, харэ! Давай твой стакан.
Давай стакан, я налью сібе сто грам...
“Трасянка” стала трапным выяўленчым сродкам у некаторых папулярных выканаўцаў. Думаю, што чытачы змогуць прыгадаць “трасянкавы” рэп гурта “IQ48” (“Мой клён”, “Таполі”), кампазіцыі “Крамбамбулі” (“Госьці”). Майстрам “трасянковай” сатыры можна сьмела назваць гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча, чыя “Балада пра таварыша Сапегу” стала ўжо класічным творам новага напрамку ў беларускай папулярнай і рок-музыцы.
Бадай што толькі ў аднаго творчага калектыву – дуэту “Саша і Сірожа” –“трасянка” стала адзіным творчым крэда. Гэтыя таленавітыя выканаўцы-гумарысты ўсю сваю дзейнасьць пабудавалі менавіта на рэалізацыі вядомай тэзы: “Хто как хацит, тот так и гаварыт!” Іх “Калыханкі для дарослых”, альбом “СКАты!” сталі ў нечым папсовым (а таму больш масавым) варыянтам “трасянкавага” напрамку ў беларускай поп- і рок-музыцы.
Безумоўна, тыпы, якія адлюстраваныя ў песьнях “Сашы і Сірожы”, можна трактаваць як архетыпы сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці. І вобразы гэтай рэчаіснасьці – ня вельмі прывабныя. Самі музыкі пра гэта кажуць так: “Единственное, я заметил, что его (альбом Сашы і Сірожы «СКАты!» – А. М.) не очень любят бизнесмены, которые родом из глубинки. То есть, которые родились где-нибудь в деревне, переехали в Минск и стали значимыми людьми» (“Музыкальная газета” №17, 2005 г.). Гэта, дарэчы, можна сказаць і ня толькі пра бізнесмэнаў!
Таму і адпаведныя высновы: прэзентацыя альбому дуэту “Саша і Сірожа” была забароненая. Як забароненыя і канцэрты, прэзентацыі іншых беларускіх выканаўцаў, чыя творчасьць у краіне лічыцца ненадзейнай ідэалагічна. Вось і даводзіцца музыкам апранаць каўпак блазна, каб зусім ня трапіць пад прэс рэпрэсіяў. Пра гэта разважае адзін з удзельнікаў дуэту Сяргей Міхалок: “...про нас написано было следующее: «Бред на грани гениальности». Да, бред, конечно, есть. Но я не могу, например, встать перед камерой и открыто сказать, что думаю. Мне просто не позволят. А когда идет такая полудурка – все вполне реально и легко сделать...” (“Музыкальная газета” №17, 2005 г.)
Беларускія мовазнаўцы, культуролагі і проста прыхільнікі роднага слова спрачаюцца, шкодная ці карысная “трасянка” для існаваньня беларускай мовы ў сучасных умовах. І падыходы да яе функцыянаваньня ў грамадстве розныя: ад непрыняцьця да захапленьня. І гэта адлюстравала дыскусія па артыкуле С. Квяткоўскага “Жаба ў роце” (“Наша Ніва” №6, 1998 г.). Нягледзячы на тое, што у ім феномен “трасянкі” падвяргаецца сумневу, аўтары допісаў у рэдакцыю па гэтай тэматыцы справядліва пытаюцца: “Чаму з усіх бакоў ідзе такое непрыняцьце трасянкі. Гэта ж звычайны беларускі акцэнт...” Той жа лідэр гурта “Ляпис Трубецкой” (адзін з удзельнікаў дуэту “Саша і Сірожа”) Сяргей Міхалок як бы адказвае ўдзельнікам дыскусіі: “Мая трасянка – смачная!”
Беларускія ж рок-музыкі далі свой адказ на “мовазнаўчае” пытаньне: калі гэтая “трасянка” дапасуецца да творчых мэтаў, дык яе выкарыстаньне цалкам абгрунтаванае.
Родная мова як паратунак
ад унутранай эміграцыі
“Ведь главное, наверное, петь
на белорусском языке и чтобы не было
эклектики в сочетании языка и музыки…”
З інтэрв’ю кіраўніка ансамбля
“Песьняры” Уладзіміра Мулявіна
“Музыкальной газете” (№50, 1999 г.).
Самая цікавая і дынамічная галіна ўсяго андэграунднага музычнага мастацтва Беларусі апынулася сёньня ў апазіцыі да існуючай улады. Гэта частка беларускамоўных фолк-мадэрн-калектываў і шэраг знакамітых рок-гуртоў, якія стварылі гісторыю і сучаснасьць беларускага рок-руху.
Часта даводзіцца чуць: ну і што – рок увогуле контркультурная зьява. Але што можа быць контркультурнага ў творчасьці, напрыклад, гурта “Палац”, які занесены ў “чорныя сьпісы” “неблагонадежных”?
Можна канстатаваць факт сьвядомага выштурхоўваньня ўладамі са свайго і так беднага культурнага поля нават фальклорных ці фолк-мадэрновых праектаў, каб потым забараніць іх выступы ды выкінуць з эфіру...
Рускамоўныя ж “контркультурныя” гурты (“Куклы”, “ТТ-34”, “Дай дорогу”) пачуваюць сябе ў Беларусі больш вольна. Прынамсі, канцэрты іх не адмяняюцца. Дый тэлебачаньне не адвяргае іх відэа-кліпы як нефарматныя. Гэта адбываецца таму, што яны ня лічацца праціўнікамі ўладаў, а, наадварот, садзейнічаюць “интеграционным процессам двух наших народов”.
І ўсё ж: што рухае музыкаў беларускамоўных гуртоў супрацьстаяць “чорным сьпісам” і забаронам, усяму, што адбываецца ў краіне на “моўным фронце”? Думаю, што не памылюся, калі скажу: боль і жаданьне выправіць сітуацыю, калі беларусаў робяць эмігрантамі ў сваёй роднай краіне. Мова, як родная маці, заклікае да дзеяньняў у яе абарону ад папулісцкіх падкопаў і нападак як функцыянераў дзеючай улады (рэвізіяваўшых Закон аб мовах), так і “ліберальнай” апазіцыі.
Калі прааналізаваць творчыя шляхі такіх выдатных беларускіх гуртоў-ветэранаў, як “Мроя”, “N.R.M.”, “Bonda”, “Крама”, “Ulis”, то даводзіцца канстатаваць: прыхільнасьць да роднага слова ў многіх з іх пачала выкрышталізоўвацца на спадчынным узроўні (узгадаем, што бацька Л. Вольскага – беларускі пісьменьнік, а лідэр гурта “P.L.A.N.” А. Плясанаў – унучаты пляменьнік заслужанай дзеячкі культуры П. Мядзёлкі).
Гістарычныя і культурна-моўныя абставіны спрыялі вылучэньню прызнаных лідэраў нацыянальнай фолк-мадэрн і рок-плыні – такіх харызматычных і непахісных прыхільнікаў беларушчыны, якімі зьяўляюцца ўдзельнікі гурту “N.R.M.” Лявон Вольскі, Алег Дземідовіч, Піт Паўлаў, Юры Ляўкоў, лідэр гурту “Крама” Ігар Варашкевіч, рок-сьпявачка Кася Камоцкая, фалькларыст і рок-музыка Алесь Таболіч, аўтар рок-тэкстаў Міхал Анемпадыстаў, рок-музыка і мастак Сяргей Скрыпнічэнка, фолк-мадэрн-выканаўцы Алег Хаменка, Юры Выдронак, Андрэй Палаўчэня, сьпявак і кампазітар Зьміцер Вайцюшкевіч, рэпер Алесь Памідораў...
Ня скажаш, што ўсе ветэраны прытрымліваюцца роднай мовы пасьлядоўна ня толькі ў творчасьці, але і ў артыстычным побыце – падчас інтэрв’ю ці пры вядзеньні канцэртаў. І гэта недарэчная акалічнасьць адразу становіцца аб’ектам крытыкі ці недаверу да пазіцыі беларускамоўнага выканаўцы. У бальшыні ж ветэраны беларускамоўнага рок-руху моцна трымаюцца сваіх беларускіх моўных прыхільнасьцяў, і іх прынцыпы зьяўляюцца выразным арыенцірам для маладой плыні беларускамоўных выканаўцаў.
Згуртаванасьць і цэльнасьць творчай канцэпцыі беларускамоўных выканаўцаў значна спрашчаюць шляхі да беларускага культурнага кантэксту маладзейшых музыкаў і гуртоў. А перад імі, як чорт з табакеркі, выскокваюць падманлівыя персьпектывы ці то “засьвяціцца” на правінцыйным “Хит-моменте”, ці трапіць у лапы драпежнага расейскага шоў-бізнэсу...
Маладая плынь энергічна стварае рэальную канкурэнцыю. Новая генерацыя ня можа не захапляць сваёй творчай разнастайнасьцю і выканаўчым майстэрствам. Маю на ўвазе такіх музыкаў, як Алег Губіч (“Камаедзіца”), Ігар Загумёнаў (zIGZAG), Сьвятлана Сугака (“Тарпач”), Аляксандр Ракавец (“IQ48”), Янка (“Таварыш Маўзер”), Віктар Рудэнка (“Dali”), Андрэй Карповіч і Віталь Зыблюк (“Parason”), Маша Лагодзіч (“Яр”). Яны прадстаўляюць амаль увесь стылістычны спектар беларускамоўнай рок-музыкі.
Некаторыя пераходзяць на больш “зразумелую”, спадзеючыся на тое, што адразу зьявіцца вядомасьць і прыбыткі. Такія зігзагі ў творчасьці ажыцьцявілі гурты “Impett” і “Без Билета”. Але да новых рэаліяў і патрабаваньняў яны не прызвычаіліся. Таму ціха гібеюць як выканаўцы і творцы. Трохі зьмякчае іх становішча той факт, што слухачы яшчэ памятаюць гэтых музыкаў менавіта па іх лепшых беларускамоўных кампазіцыях – “Зусім ня проста” і “Мая краіна Беларусь”.
Беларускі D.I.Y. – феномен
“Перамены нельга навязаць звонку,
ды і мы ня хочам гэтага.
Нам патрэбна падтрымка,
але мы павінны ўсё зрабіць самі”.
З інтэрв’ю гітарыста гурту «N.R.M.»
Піта Паўлава газеце “The International Herald Tribune”,USA (2.09.2005 г.).
Ідэалагічныя органы беларускай дзяржавы сваімі рэпрэсіямі супраць беларускамоўных музыкаў зрабілі так, што яе разьвіцьцё цяпер ідзе ў напрамку сусьветных тэндэнцый так званай D.I.Y.-культуры. (ад анг. Do it yourself – зрабі гэта сам). Так атрымліваецца, што D.I.Y.-лозунг “Думай глабальна, дзейнічай лакальна” поўнасьцю стасуецца і адпавядае сутнасьці таго, што адбываецца ў краіне на беларускамоўнай рок-сцэне. Выканаўцы ня маюць ніякай падтрымкі ад сваёй дзяржавы, спадзяюцца толькі на сябе і клапоцяцца пра глабальную для Беларусі задачу – пра захаваньне роднай мовы і разьвіцьцё нацыянальнай культуры ў век IT-тэхналогіяў. А на лакальным узроўні дзейнічаюць таксама адпаведна D.I.Y.-культурным прынцыпам: ствараюць непадцэнзурную сетку камунікацыяў, незалежныя выдавецкія структуры, дыстро (структуры, якія распаўсюджваюць дыскі з рок-музыкай і фолк-мадэрнам, рок-сімволіку, музычны самвыдат). Такія структуры ў Беларусі існуюць ва ўмовах нечуваных у Еўропе перашкодаў...
Праўда, ня ўсе D.I.Y.-прынцыпы прыжыліся на беларускай глебе. Не знайшоў у нашай краіне шырокай падтрымкі веганізм (строгае вегетарыянства), стрэйт-эйдж (сьвядомая адмова ад алкаголю, наркотыкаў і сэксу – don’t drink, don’t drugs, don’t fuck), сквотэрства (захоп пустуючага жыльля), антыглабалісцкія пратэсты-дэманстрацыі і іншыя прыклады D.I.Y.- актывізму…
Прынцыпы ж D.I.Y.-культуры ў Беларусі спрыяюць разьвіцьцю беларускамоўнай поп, фолк-мадэрн і рок-музыкі. А тое, што ў Беларусі вельмі шпаркімі тэмпамі ідзе распаўсюджваньне D.I.Y.-ідэяў як альтэрнатыва дзяржаўнаму лабіраваньню “ідэалагічна выверанага” музычнага прадукту (дазволенай папсе), не заўважыць не магчыма. І гэта абсалютна новая зьява ў жыцьці маладога пакаленьня беларусаў, сапраўды феномен на еўрапейскім культурным тле…
А што тычыцца моладзі, якая знаходзіцца пад уплывам дзяржаўнага ідэалагічна-музычнага прэсінгу... Праз 4-5 гадоў яны ўладкуюцца на заводы ці ў будаўніча-мантажныя ўпраўленьні, створаць свае сем’і. І іх адносіны да ўладаў ня будуць такімі “запаралеленымі” на дзяржаўную таталітарную папсу. Урэшце, ці выйдзе былы гопнік на пляц з патрабаваньнямі “Далоў” і “Беларусь у Еўропу!”, будзе залежаць не ад прадзюсерскага спрыту Кірылы Слукі ці мелодый Влады і “Нового Иерусалима”, а ад велічыні заробкаў, магчымасьці на іх пабудаваць жыльлё, аплаціць адукацыю дзяцей і медыцынскія паслугі і г. д.
Калі такога ня здарыцца, на пляцы перад Домам урада пад бел-чырвона-белымі сьцягамі апазіцыі цяжка будзе адрозьніць сьвядомага прыхільніка беларускамоўнага року і былога гопніка...
фота аўтара.