12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Мяльгуй

_____________________
Іншай Радзімы ў нас ня будзе

Гутарка са старшынём клуба «Спадчына» Анатолем Белым

Сёньня беларуская культура ўсё больш прыкметна падзяляецца на “дыгітальную” (тую, што ствараецца ў кампутары і захоўваецца ў кіберпрасторы) і “аналагавую” (якая па традыцыі існуе ў выглядзе палотнаў, рукапісаў, кнігаў, часопісаў і іншых невіртуальных артэфактаў)... І калі для першага віду культурнага існаваньня цяпер самыя спрыяльныя ўмовы, то другі — відавочна знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Высілкаў дзяржавы відавочна недастаткова, каб выратаваць ад згубы многія каштоўнасьці беларускай культуры. І добра, што да высакароднай справы ратаваньня нацыянальных набыткаў далучаюцца прыватныя асобы, якія лічаць сябе адказнымі за захаваньне бясцэнных скарбаў беларускага мастацтва мінуўшчыны і сучаснасьці. Ідэя гэтая для Беларусі, у якой у мінулыя стагоддзі дзейнічалі дзясяткі ўнікальных прыватных музеяў, ня новая. Сёньня ж, дзякуючы сьвядомым рупліўцам, яна набывае другое дыханьне.
Адным з такіх адданых мастацтву і гісторыі Беларусі зьбі­ральнікаў беларушчыны зьяўляецца вядомы ў краіне калекцыянер, кіраўнік культурна-асьветнага клуба “Спадчына” Анатоль Белы — стваральнік першага ў сучаснай Беларусі прыватнага музею выяўленчага мастацтва, адкрытага ня так даўно ў горадзе Старыя Дарогі. Пра тое, як нараджалася гэтая ідэя, як ствараўся ўнікальны культурны асяродак у правінцыі, расказвае Анатоль Белы.
— Спадар Анатоль, па якіх мастацкіх якасьцях вы зьбіраеце творы беларускага мастацтва для свайго музею?
— Па-рознаму... Але ўсе творы зьбіраюцца і асэнсоўваюцца ў комплексе, каб не было аднабокасьці ў калекцыі. Часта творы “плывуць” адзін да аднаго, зьяўляецца канцэптуальнасьць збору і іх тэматычнасьць. Але першасна я зьвяртаю ўвагу на тое, што зьвязана з прыгажосьцю, з мастацкасьцю, з Беларусьсю. Такім чынам, усе адзнакі спалучаюцца: у маёй калекцыі шмат твораў з краявідамі Беларусі, ёсьць нацюрморты, партрэты валадароў Беларусі, дзеячаў беларускай эміграцыі і духоўных асобаў, літаратараў і навукоўцаў.
—Ці можна назваць працу клуба “Спадчына”, якім вы ўжо доўгія гады кіруеце, працягам вашай зьбіральніцкай працы?
— О так! Бо першапачаткова некаторыя мастакі нават дарылі свае творы менавіта клубу “Спадчына”. І ка­залі пры тым: “Гэта да­рунак клубу “Спадчына”, а не спадару Беламу асабіста”. Гэта і зразумела: грамадская арганізацыя заўсёды мае куды большую вагу, чымсьці адзін чалавек.
Па-другое, калі мы рабілі выставы, то арганізоўвалі іх ад імя клуба “Спадчына”. І заўсёды падкрэсьлівалі, што гэта не выстава аднаго Белага, над ёй працавалі ўсе сябры культурна-асьветнага клуба.
Нават для музею ў Старых Дарогах сябар клубу “Спадчына” Анатоль Цыркуноў дапамагаў ствараць экспазіцыю. А яшчэ адзін “спадчынавец” Алесь Шатэрнік дапамагаў рабіць помнікі, якія ёсьць на тэрыторыі музею. Іншыя мастакі дапамагалі ў стварэньні скульптураў. Кожны з сяброў клуба, жыцьцё якога зьвязанае з мастацтвам, браў самы чынны ўдзел у гэтай справе, і я ўдзячны маім паплечнікам за дапамогу.
Таму на помніках Міколу Гусоўскаму і Франьцішку Скарыне, што ўсталяваныя на тэрыторыі БДУ, ёсьць надпіс: “Дар ад сяброў клуба “Спадчына” Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту”. Там указаныя імёны ўсіх ахвярадаўцаў і тых, хто дапамагаў у стварэньні помнікаў. Гэтым была выказаная ўдзячнасьць і прызнаньне ўсім сябрам клуба “Спадчына”, што аказвалі пад­трымку ў гэтай патрэбнай справе.
— Якую з выставаў, арганізаваных клубам “Спад­чына”, вы лічыце найбольш удалай?
— Цікавых выставаў было вельмі шмат, і пералічыць іх усе складана. Нагадаю найбольш значныя — “Любіць Радзіму—шанаваць родную мову”, “Гіс­торыя Беларусі ў мастацкіх вобразах”, “Беларускія Калумбы”... Я ганаруся, што мне першаму ўдалося з маёй экспазіцыяй “прарвацца” ў Злучаныя Шта­ты Амерыкі і паказаць амерыканцам нашае беларускае мастацтва. І калі на выставу “Франьцішак Скарына і яго час” завітала Натальля Арсеньнева, то я ўба­чыў шчырыя сьлёзы радасьці выдатнай беларускай паэткі і пачуў незабыўныя словы: “Урэшце я паверыла, што ў Беларусі пачалося сапраўднае нацыянальнае Адраджэньне. Бо для стварэньня такой колькасьці твораў, прысьвечаных Скарыну, патрэбна цэлая плынь мастакоў, для якіх імя нашага першадрукара не пусты гук!”
— Што больш за ўсё зьдзівіла ці расчаравала вас, спадар Белы, падчас будоўлі музею ў Старых Дарогах?
— За гэты час расчараваньняў у мяне не было. Я па складзе характару чалавек вельмі апантаны, рашучы і люблю заўсёды даводзіць справу да лагічнага завяршэньня, як бы цяжка ні даводзілася. Вядома, былі праблемы ў час будоўлі, але дзякуй Богу, сёньня ўжо можна сказаць, што музей ёсьць!
Вельмі смуткую з прычыны раптоўнай сьмерці майго сябра А. С. Мурашкі, які мне вельмі дапамагаў у Старых Дарогах. Мы планавалі, што Алег Сьцяпанавіч стане дырэктарам новага музею, бо ён натхніў мяне на яго будаўніцтва. Дзякуючы ягонай падтрымцы, ягонай папулярнасьці ў горадзе і была пабудаваная спачатку першая, а затым і другая, і трэцяя, і чацьвёртая залы музею...
А ўвогуле будоўля давалася цяж­­ка — даводзілася ў шэсьць гадзінаў раніцы ўставаць і класьціся ў дванаццаць ночы. Я ня ведаў, што такое адпачынак, выхадныя дні альбо сьвяты. Я ня ведаў, што такое быць хворым, бо ўсе хваробы пераносіў на нагах. Як і мая жонка, якая заўсёды дапамагала мне. Ёй я вельмі ўдзячны за разуменьне і падтрымку!
— Ці цікавяцца прадстаўнікі ўладаў Старых Дарогаў хадой будоўлі музею, ці дапамагаюць вам?
— Многія кіраўнікі прадпрыемстваў гораду вельмі шмат дапамагаюць і з транспартам, і з апрацоўкай матэрыялаў, і з вырашэньнем іншых тэхнічных праблемаў. Бяз іх я б ніколі ня справіў­ся. Самае галоўнае, гэтыя кіраўнікі паверылі, што Старым Дарогам патрэбны музей — і дапамагаюць ажыцьцяўленьню гэтай задумы як могуць. І гэтая дапамога адчувальная і цяпер. Таму я б хацеў падзякаваць старадарожскім кіраўнікам – А. А. Цагойку, М. А. Ліха­дзіеўскаму, В. М. Цьвірку і іншым старадарожцам, якія дапамагалі ў будаўніцтве музею з патрыятычных пачуцьцяў. Гэтыя людзі – высокаадукаваныя кіраўні­кі, якія любяць свой горад і разумеюць, што іншай малой радзімы ў іх ня будзе.
— Лічу, што самыя значныя вынікі працы і вашай, і ўсяго клуба апошняга часу — адкрыцьцё помнікаў знакамітым беларускім творцам: паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве, гісторыку Міколу Ермаловічу ў Маладэчне, пісьменьніку Васілю Быкаву на сядзі­бе музею ў Старых Дарогах... Што значаць менавіта для Вас, спадар Анатоль, гэтыя людзі?
— Гонар беларускай нацыі — яе лепшыя сыны і дочкі. забываць пра іх мы ня маем права. І таму мы ў клубе “Спадчына” адразу паставілі перад сабой задачу ўзьвядзеньня помнікаў у Беларусі людзям, якія заслужылі іх усім сваім жыцьцём. для іншых грамадскіх ды палітычных установаў гэтыя мэты сёньня, па-сутнасьці, зьяўляюцца неажыць­цявімымі.
Вы ведаеце, што з усталяваньнем помніку Л. Геніюш ня ўсё адбывалася так гладка, але дзякуючы намаганьням Беларускай царквы, грамадскасьці, журналістаў помнік і цяпер упрыгожвае Зэльву. І ў сувязі з гэтым я хачу выказаць удзячнасьць усім, хто спрычыніўся да абароны і помніка, і добрага імя Ларысы Геніюш. Акрамя таго, выказваю падзяку журналістам газетаў “Камсамольская праўда ў Беларусі”, “Труд”, “Новы час” за прадтрымку ідэі помніка і яе адстойваньне. Асаблівая ўдзячнасьць Уладыку Мітрапаліту Фі­ла­рэту, епіскапу Гарадзенскаму Арцемію, айцу Аляксандру з Траецкай царквы, якія не далі згоды на знос помніка.
Цяпер мы ажыцьцявілі ўстаноўку помніка паэтцы Н. Арсеньневай на ся­дзібе музею ў Старых Дарогах. Яе творчасьць арганічна ўліваецца ў сусьветны літаратурны кантэкст. Чаго варты верш “Магутны Божа”, які стаў сапраўд­ным гімнам беларусаў! Таму побач з помнікам мы адальем і ўстановім тыя пятнаццаць неўміручых радкоў. І ён стане помнікам ня толькі Н. Арсеньневай, але і гімну “Магутны Божа”.
Цяпер мы плануем ушанаваць памяць нашых вялікіх князёў, якія заснавалі і абаранялі Вялікае Княства Літоўскае – Міндоўга, Віценя, герояў Грунвальду – Вітаўта і Ягайлу...
— Як рэагуюць на экспазіцыю музею мясцовыя школьнікі, настаўнікі ды іншыя наведвальнікі?
— Калі раней адчувалася не зусім зразумелая абыякавасьць, то цяпер у музей пастаянна ідуць і едуць людзі са Слуцку, Асіповічаў, Магілёву, Менску, Любані. Музей наведвалі слухачы Акадэміі кіраваньня. Пасьля знаёмства з экспазіцыяй яны былі ў захапленьні. Адзін са слухачоў Акадэміі сфармуляваў свае пачуцьці наступным чынам: “Мы бачылі сюжэт пра музей па Беларускім тэлебачаньні, нам пра яго шмат распавядалі. Але тое, што мы ўбачылі ў Старых Дарогах, пераўзыйшло ўсе нашыя чаканьні!”
А прафесар Штыхаў, калі наведаў музей, адзначыў тое, што тут можна ўбачыць усю гісторыю Беларусі, лёс яе творцаў у мастацкіх вобразах, а па экс­панатах можна нават рыхтавацца да экзаменаў па гісторыі і літаратуры.
— Адным з важнейшых набыткаў Вашага прыватнага музею зьяўляецца багатая калекцыя літаратурных твораў беларускіх пісьменьнікаў, што жылі і працавалі і ў Беларусі, і на эміграцыі. Па якіх прынцыпах стваралася літаратурная экспазіцыя музею? З якімі калекцыямі выданьняў можна пазнаёміцца на яго стэндах?
— Спачатку я зрабіў стэнды з партрэтамі шэрагу дзеячаў эміграцыі, літаратараў. Але для многіх наведвальнікаў часта было незразумела, што гэтыя людзі зрабілі для беларускай культуры і літаратуры. Калі мы гаварылі пра Ку­палу, Цётку ці Багдановіча, то ўсе разумелі, пра што ідзе гаворка. Але знаё­міць з тымі, чыя творчасьць не вывучалася ў школе, было праблемна...
Таму я вырашыў аформіць літаратурныя стэнды і на іх паказаць тую тытанічную працу, якую рабілі гэтыя творцы, выставіць іх кнігі, газеты, часопісы. Напрыклад, у экспазіцыі шмат эміграцыйных выданьняў, кнігаў Н. Арсеньневай, А. Бярозкі, Я. Кіпеля, “Запісы БІНІМ”, “Конадні”, “Полацак” С. Белай і шмат іншых.
У музеі ёсьць і экспазіцыі сяброў клу­ба “Спадчына”: Рыгора Барадуліна, Генадзя Шты­хава, Анатоля Грыцкевіча, Аляксея Саламонава, Яўгена Гучка і інш.
—Спадар Анатоль, якія новыя экс­пазіцыі былі створаныя апошнім часам у музеі, якія цікавыя творы і экспанаты папоўнілі вашую калекцыю мастацкіх твораў?
— Канцэпцыя музею ў Старых Дарогах зьмяняецца: зьявіліся асобныя экспазіцыі, прысьвечаныя Кастусю Каліноўскаму, стэнд з 80 творамі выяўленчага мастацтва, прысьвечаных Франьцішку Скарыну, царкоўным дзеячам Беларусі. Акрамя гэтага у музеі зьявіўся стэнд з творамі мастакоў Заходняй Беларусі ХХ-га стагоддзя: Драздовіча, Сергіее­віча, Жаўняровіча. Пры тым, на творы Віктара Жаўняровіча ў музеі маюцца дакументы, якія сьведчаць пра тое, што яны выстаўляліся ў самых прэс­тыжных залах Францыі.
А яшчэ ў нашым музеі зьявіўся арыгінал твору знакамітага беларускага мас­така Валенція Ваньковіча, а таксама рарытэтны бюст гэтага знакамітага мас­така XIX-га стагоддзя. Адзіны арыгінал В. Ваньковіча ў Беларусі! На шыльдзе пад творам пазначана, што гэта дар беларускаму народу ад мастака Ар­лена Кашкурэвіча.
Створаная і экспазіцыя пад назвай “Дынастыя”, якая прысьвечаная творчай сям’і мастакоў Ціхановічаў. Гэтым я аддаю даніну павагі Генрыху Ціхановічу – аднаму з самых выдатных беларускіх жывапісцаў. Знакамітая “Бітва пад Воршай”, іншыя палотны будуць даваць уяўленьне наведвальнікам музею пра дынастыю мастакоў, пра яе вялікі ўклад у нацыянальнае беларускае мастацтва.
Творамі Ціхановічаў, А. Пятрухны, карцінамі Шчамялёва “Беларускае вясельле ў Амерыцы”, “Ларыса Геніюш”, “Скарына” можа ганарыцца любы музей ці галерэя, бо гэта прыклады найвышэйшай мастацкай каштоўнасьці, бо палотны гэтых мастакоў — шэдэўры беларускага выяўленчага мастацтва ХХ стагоддзя... Тое ж можна казаць і пра калекцыю медальернага мастацтва, у якой самым старажытным экспанатам зьяўляецца каранацыйны медаль Аўгуста ІІІ, датаваны 1700 годам.
— З якімі стэндамі, прысьвечанымі беларускім творцам, можна будзе пазнаёміцца ў будучым? Якія адкрыцьці чакаюць аматараў роднай культуры, што трапяць на экскурсіі ў Ваш музей?
— Калі памёр Васіль Уладзіміравіч Быкаў, я вырашыў стварыць і экспазіцыю, прысьвечаную яму. Цяпер у ёй знаходзіцца каля 200 экспазіцыйных адзі­нак. Гэта ўжо сапраўдны музей у музеі. Ёсьць вельмі цікавыя экспанаты: ілюстрацыі да твораў Быкава, ягоныя кнігі на мовах розных народаў сьвету, малюнкі самога Васіля Уладзіміравіча, запісныя кніжкі, аўтографы і асабістыя рэчы пісьменьніка. Ёсьць нават асадка, з якой пісьменьнік працаваў над сваімі творамі ў апошнія гады...
Мая бліжэйшая мара — да юбілею пісьменьніка зрабіць прэзентацыю гэтага музею, у якім у будучыні будзе прадстаўленая ня толькі творчасьць Васіля Быкава, але і ягоных сяброў-калегаў. Акрамя гэтага, больш поўна будзе прадстаўленая творчасьць Натальлі Арсеньневай, а таксама навуковая і творчая спадчына Барыса Кіта.
Музей пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі, бо ён – жывы арганізм, які працуе і разьвіваецца! Дзякуючы нашаму прыватнаму музею, створаная новая інстытуцыя, якая на грамадскіх пачатках прапагандуе беларускую культуру, як бы да яго ні ставі­ліся прыхільнікі “чыстых формаў” у мастацтве. І гэта яшчэ адзін паказчык станоўчых зьменаў на карысьць нацыя­нальнага Адраджэньня і таго, што Беларусь — жыве!