12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Міхась Міцкевіч

_____________________
Пад бацькоўскім дахам.
Згадкі пра Якуба Коласа. (Заканчэньне)




Заканчэньне.
Пачатак
у №1-2 (32-33)


Праз некалькі дзён пасьля ад’езду бацькі ў Менск, маці прыйшла да мяне на Галаванаўскі завулак, дзе я здымаў невялікі пакойчык у прыватным доме, недалёка ад метро “Сокал”. Яна прыйшла разьвітацца са мною. Абняла, пацалавала і расплакалася, паведаміўшы мне, што кладзецца ў бальніцу на аперацыю.
Аперацыя прайшла пасьпяхова, але тыдні праз два яе перавялі ў другую бальніцу на далечваньне. Там было страшэн­на холадна. Як яна ні прасіла, каб далі другую коўдру, ёй адмо­вілі. І яна застудзіла лёгкія. Са страшнейшым кашлем яе вы­пісалі. Маці спынілася ў добрых знаёмых – Валі Сай і яе му­жа Марка Аляксееевіча Процькі. Да маці Валя адносілася надзвычай шчыра, даглядала як магла. Сама яна намучылася з двума малымі дзецьмі ў партызанскім лагеры дзесьці ў Чэр­веньскім раёне. У хуткім часе бацьку прыйшлося зноў клапаціцца, каб пакласьці маці ў бальніцу. Яна змарнела, абясьсілела. У лёгкіх знайшлі пацямненьне. У нас была адна на­дзея – на пеніцылін, які толькі распрацоўвалі Раскін і Клюе­ва. Праз знаёмых дасталі гэты новы сродак, але дактары лічылі, што ён не дапаможа. Маці рабілася горш і горш. Бацька стараўся прынесьці чаго-небудзь з ежы, каб падтрымаць яе здароўе. 9 мая мы ў чарговы раз прыйшлі наведаць маці. Напярэдадні ёй зрабілі пракол і адцягнулі гной з лёгкага. Наступіў крызіс. Маці ўжо не магла гаварыць. Я ўзяў яе руку пагладзіць, а там адна костка, абцягнутая скурай. У мяне хлынулі сьлёзы, гэта – канец. Маці зьбянтэжана круці­ла галавою, нібы хацела мяне супакоіць. У ноч з 20 на 21 мая яна памерла на руках у Даніка. Бацька пазваніў мне, каб я заехаў да яго ў гасьцініцу. Калі я ўбачыў яго з апухлымі вачамі, мне ўсё стала зразумела...
Як ён марыў завезьці жонку на радзіму жывой і здаровай! Прыйшлося везьці ў труне. Аднаму з першых аб сваім горы бацька напісаў свайму дзядзьку і сябру Ігнату Юр’евічу.
“Дарагія В[алянціна] М[іхайлаўна] і Ігнась!
Паведамляю Вам аб маім вялікім горы: у ноч з 20 на 21 мая памёр мой самы блізкі, самы дарагі друг, Маруся. Памерла ў Маскве ў бальніцы. 24 мая пахавалі ў Менску на Ваенных могілках. Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы. Цяжка мне і пуста...”
А 16.06.1945 г. бацька пісаў Сьвятлане Сомавай: “Сегодня было бы ровно тридцать два года совместной жизни с моей незабываемой Марусей, если бы она была жива. Но не судила ей доля дожить до этого дня. Время идет, а моя острая боль тяжелой утраты сжигает меня, и когда я говорю о своем потерянном друге, мне трудно удержать сьлезы. Моя жизнь как-то поблекла и потеряла для меня свой интерес. Хожу я и езжу по улицам сожженного и разрушенного Минска, а вокруг полное одиночество…”
Так, з пачуцьцём глыбокай адзіноты бацька застаўся да канца свайго жыцьця. Праз дзень пасьля пахаваньня маці бацьку са мной запрасіў да сябе ў Дразды П. К. Панамарэнка. Праязджаючы праз Масюкоўшчыну, мы спыніліся каля могілак. З левага боку знаходзілася аграмадная брацкая магіла, дзе пахавалі каля ста тысячаў нашых салдатаў. З правага боку былі таксама пахаваныя асобна немцы і асобна італьянцы – дзясяткі тысячаў памерлых ад ранаў. Страшнае, жахлі­вае відовішча крывавых сьлядоў вайны. А дзе, дзе ляжаць косьці нашага Юрачкі? Колькі разоў ён мне сьніўся! Божа мой! Сніўся, што вярнуўся, жывы! А потым ахоплівала горкае пачуцьцё, што гэта быў толькі сон...
Аб сваім вялікім горы бацька пісаў блізкім, знаёмым. 11.09.1945 году я атрымаў ліст ад яго: “Дарагі мой сынок Міхасёк! Астаўся я адзін. Самапачуваньне маё ня надта цікавае. Лёг паляжаць. Лежучы, думаў пра цябе, як ты там жывеш. І вось рашыў сесьці і напісаць табе колькі словаў. На другі дзень пасьля твайго ад’езду сабраўся ў Балачанку. Раней 2-х гадзінаў дня выбрацца не маглі. Заехалі каля 4-х дня. Я пайшоў з кошыкам пад Парню. Пападаліся сям-там баравікі. Але з раніцы хадзіла многа народу, і мой збор быў ня дужа багаты. Знайшоў каля 25 баравікоў. У хвойніку было маўкліва і глуха. Хоць бы адна птушачка заціўкала. Прайшоў невялікі і нядоўгі дожджык. Хадзіў я адзін, успамінаючы тыя дні, калі мы хадзілі тут перад вайною: ты, мама і я. Я прыйшоў пад тую нагнутую хвойку, каля якой ты колісь хаваў на выраст маленькія баравічкі. Ты не знайшоў свайго схову, і толькі праз тыдзень я выпадкам насунуўся на яго і падабраў цэлы гурт ладных баравікоў, схаваных табою. Кожная мясьцінка каля Парні нагадвала мне той далёкі і дарагі час, калі я з мамаю хадзілі тут. Я прыгадаў і той куточак хвойніку, дзе мама знайшла вельмі ўдалага баравіка. Я ўсё думаў пра маму. У маіх вушах гучаў яе голас вось так, як бы толькі што чуў яго. І мне прыйшла ў галаву такая блазная думка: гукнуць у лесе – Мару-у-уся! І я падумаў сабе: а што адчуў бы, калі б раптам на гэты выгук я пачуў – А-гу! Мне стала сумна-сумна, і на вочы наплывалі сьлёзы. Пішу гэта табе проста, як летапіс свае душы і свайго настрою, і пастаўся да гэтага, як да звычайнага факта нашага чалавечага жыцьця...”
Адчуваючы адзіноту, неабходнасьць зьняць цяжар перажываньняў, бацька гэты летапіс свае душы выказваў у пісьмах да Сьвятланы Сомавай, да Алесі Кетлер, а таксама да іншых знаёмых. Свой сум ён занатаваў і ў пачатку працягу паэмы “Рыбакова хата”, якую закончваў у Менску:

З чаго пачаць працяг паэмы?
У прошласьць сплыў час немалы...
Ох, чарпанулі гора ўсе мы,
Зазналі розныя сталы!
Шумеў, шугаў над нашым краем
Агністы віхар, чорны вір.
Яшчэ сягоньня мы ня знаем
Каго і дзе хавае жвір.
І часта, часта ў падарожжы
Магіла зрок прыпыніць твой,
І ты панікнеш галавой –
Каго вартуе агарожа?

Няма ні надпісу, ні крыжа,
Адзін гарбок сухой зямлі,
Дзе вецер песьні свае ніжа
На травяныя сьцебялі.
Мой мілы дружа, скуль і хто ты?
Як ты знайшоў тут дом глухі,
Дзе больш няма надзей, турботы,
Дзе толькі родзяць лапухі?
Мне боль пякучы сэрца гложа
І сына ўспомню я свайго.
А дзе магіланька яго,
Мне адказаць ніхто ня можа.

Я мімаволі ўспамінаю
І ў той куток імкнуся зноў,
Дзе жыў я ціха, як у раю,
З сваёй сям’ёю між дубоў.
Былі вы жывы і шчасьлівы –
Ты, друг мой жонка, і ты, сын.
Нам песьні пелі пожні, нівы,
Кусты надсьвіслачскіх далін.
І вас цяпер няма са мною!
О, хоць бы вам пачуць мой сум,
Зірнуць у вір гаротных дум
З яго бяздоннай глыбінёю..

Мой мілы сын, мая Маруся!
Нас разлучыў няўмольны лёс.
За вас зямлі я памалюся
І акраплю расою сьлёз...

У той дарагі сэрцу “куток надсьвіслачскіх далін” улетку сорак пятага мы прыязджалі некалькі разоў. Заязджалі да Канстанціна Сьцяпанавіча Дзяткі і яго жонкі Марыі Іванаўны. Косьцік, як звалі Дзятку, расказваў розныя гісторыі з часоў нямецкай акупацыі. Расказаў гісторыю хлопца, які з-за любай дзяўчыны пайшоў да немцаў. З гэтай гісторыі нарадзілася аповесьць “Між дзьвюх рэчак”. Ён расказваў, як загінуў Валодзя Жук, у якога мы летавалі ў 1938 годзе. Яны разам на дзьвюх падводах адвозілі ў мястэчка збожжа. Калі вярталіся назад, конь Косьціка крутануў на Падбярэжскай лагчыне і абыйшоў месца, дзе была пастаўленая партызанская міна. А конь Валодзі ня збочыў, і воз падарваўся. Валодзя памёр ад ран.
У доме Дзяткі сустрэліся з героем Савецкага Саюзу, камандзірам партызанскай брыгады “Полымя” – Я. Ф. Філіпскіх. Ён пабраўся з пляменьніцай Косьціка мілай Вандай і заязджаў да яе радні. Пасьля Ванда Браніславаўна ўзначаліла акадэмічную бібліятэку імя Якуба Коласа, а іх дачка працавала ў інстытуце фізікі Акадэміі навук, выконвала таксама ролю сакратара навуковага савету па фізіцы плазмы, у склад якога уваходзіў і я. А тады за добраю чаркай і казачнай закусьсю, прыгатаванай Марыяй Іванаўнай, адбылася цёплая, шчырая гамонка і аб літаратуры, і аб далейшых шляхах жыцьця. Яўген Фёдаравіч у знак пашаны падараваў Коласу свой партызанскі пісталет ТТ.

Канікулы падыходзілі да канца, трэба было выбірацца ў Маскву на вучобу. З бацькам мы ліставаліся, зрэдку ён наведваў сталіцу па сваіх справах і заўсёды прывозіў мне што-небудзь з харчоў. Восеньню мяне расшукала жонка Лужаніна, яна прасіла перадаць пропуск у інстытут, які забылася ў Менску Наташа, таксама студэнтка МАІ. Мне было цікава пазнаёміцца з той, на вучобу якой бацька адсылаў грошы Янку Маўру ў Алма-Ату. Са здымку на пропуску паглядала прыгожая поўнашчокая дзяўчына. Калі ж я знайшоў іх групу і спытаўся, ці ёсьць Фёдарава, падышла худзенькая дзяўчына, не падобная да той, што на фота. І я нічога лепшага не прыдумаў, як сказаць: “А на картачцы Вы прыгажэйшая!” Такая “пахвала”, відаць, крыху драпанула яе самалюбства, бо іншы раз яна дэманстратыўна не заўважала мяне. Але ж прыходзілася сустракацца з ёй ці то ў сталоўцы, ці ў чарцёжнай зале. Прыгожая, разумная, яна мне падабалася, нягледзячы на тое, што маё сэрца было акупавана азіяцкай дзесяцікласьніцай.
На канікулы наступнага году мы ўжо ляцелі разам у Менск, і са мною была яшчэ мая стрыечная сястра Ніна. Часамі з Наташай я сустракаўся ў Менску, на дзень яе нараджэньня прывёз ёй тры качкі з гарачым пацалункам. Аднойчы, калі бацька ехаў у Балачанку, я запрасіў і Наташу пабываць у тых маляўнічых мясьцінах, пахадзіць разам.
Восеньню мне трэба было шукаць другі прытулак, бо яшчэ ў мінулым годзе мая добрая гаспадыня папярэдзіла аб гэтым. Бацьку было вядома, і ён рабіў захады дапамагчы мне. У адным з лістоў ён пісаў: “Мой дарагі сынок! Маркотна мне без цябе. Часта, кожны дзень па некалькі разоў успамінаю цябе. Я паслаў табе пісьмо, але калі яно дойдзе. Зараз пасылаю табе гэта пісьмо праз жонку Лужаніна – Жэню – Яўгенію Эргардаўну Пфляўмбаум. Я гаварыў з ёй пра кватэру. У яе можна было б і асталявацца. Праўда, яна жыве каля метро “Парк культуры”, на процілеглым канцы ад “Сокала”... У яе вялікі пакой. Бяда толькі ў тым, што ў Лужанінай будзе жыць і дочка Янкі Маўра. На благі канец можна адгарадзіцца шырмай...
Бывай здаровы, мой мілы, мой дарагі Міхаська. Купі сабе вітамін С і хоць па пяць бобак прымай у дзень. Я пачаў іх прымаць, і мае дзясны перасталі крывавіцца. З кватэраю як-небудзь уладзімся. Моцна цалую цябе. Жадаю здароўя, посьпехаў, удачы. Твой бацька”.
Каб мне прапісацца ў ведамасным доме, дзе мела пакой жонка Лужаніна, бацьку прыйшлося нямала паклапаціцца, пабываць у прыёмнай Вярхоўнага Савету, дзе вырашылі гэта пытаньне.
Калі я размаўляў з Яўгеніяй Эргардаўнай аб уладкаваньні ў яе пакоі, яна запыталася – а як жа быць з Наташай? Да пераезду ў Менск яны жылі разам, прапіскі ў Наташы не было. А я ў жарт адказваю:
— Вялікі страх – мы расьпішамся і ўсе пытаньні будуць зьнятыя.
— Ой, як добра бы гэта было – я так ладзіла з ёю, яна слаўная дзяўчына!
У Маскву мы ехалі разам з Наташай і прыйшлі да згоды ўступіць у шлюб. Як жа паведаміць аб гэтым бацькам? Каб гэта было больш цікава, я прапанаваў ёй пазваніць свайму бацьку, каб той павіншаваў майго з маім шлюбам, а я пазваню свайму, каб ён павіншаваў Янку Маўра з нагоды таго, што Наташа выходзіць замуж. Выконваючы маю задумку, Наташа перадала гэта свайму бацьку, а той адразу – з кім жа ён жэніцца, калі заходзіў да цябе? І мая Наташа прызналася, але мне нічога не сказала. У майго бацькі пытаньні ня ўзьніклі. Павіншаваць, дык павіншаваць, і як чалавек абавязковы, ён пры сустрэчы з Маўрам павіншаваў яго. А той толькі запытаў: “Дык што ж мы будзем рабіць?” А Колас адказвае: “Рабі, што хочаш, мне якое дзела?” У таго і сківіцы адвісьлі ад нечаканасьці. Прыйшоў дахаты, расказаў жонцы – тая ў плач: “Колас ня хоча, каб дзеці парадніліся!” І хацела ісьці разьбірацца, што такое здарылася. Але пайшоў Янка Маўр. Хатняя гаспадыня Коласа, Марыя Георгіеўна, убачыўшы Янку Маўра, запытала:
– А за каго ж выходзіць Наташа, ці не за нашага Міхаську?
– А вы што, ня ведалі?
Бедны тата! Як гэта яму не паведамілі?! Так нечакана! Старыя знаёмыя крыху пасядзелі, выпілі, а праз дзень бацька прыехаў да нас у Маскву. Ён дастаў бутэльку наліўкі і сказаў:
– Ну, нявестка, накрывай стол!
Аднак, аб першых пачуцьцях бацькі я даведаўся шмат пазьней з яго лістоў-споведзяў. У іх праглядаецца і пэўная эвалюцыя ўражаньня: “21.09.1946. Я нахожусь в состоянии некоторого беспокойства. А самое основное – мой Михась. У него нет угла, а он не один, а с подругой дней своих суровых. Я не предполагал в Минске, что его непродуманный шаг так глубоко меня взволнует здесь, в Моск­ве, когда я все лицезрел непосредственно. Нахожусь под этим свежим впечатлением, и настроение у меня такое, что будь я женщиной, я бы заплакал. Сейчас сижу в холодной гостинице, собираюсь хлопотать о комнате для сына. Комната-то есть, но пропишут ли туда моего опрометчивого сына. Хлопот много, но на сердце у меня радость”.
31.03.1947. ...Вчера заходил Михась с женой. Я взял им билеты в кино. Вечером опять заходили дети. Поговорили. Хорошая жена у моего Михаськи.
16.10.1947. ...Вспоминал своего Михаську. Мне стало как-то жалко его. Я беспокоюсь и за Данилу, но Михася мне почему-то более жалко, может быть потому, что это мой самый младший сын. Рад, что жена у него толковая, дочь моего друга Янки Мавра, красавица.”
Ці мог бацька тады ведаць, што яго “опрометчивый” сын пражыве ў добрай згодзе са сваёю сяброўкаю больш за шэсьцьдзесят гадоў? Так, шмат мінула з тых часоў, а студэнцкія гады, праекты, залікі, экзамены помняцца добра.
Вучоба ў мяне пайшла лягчэй, бо на складаныя заданьні губляў часу менш – не было такой задачы, якую б не магла рашыць жонка, а я дапамагаў ёй разьбірацца ў механізмах, а таксама ў вывучэньні англійскай мовы. Замежная мова і асновы марксізму даваліся ёй цяжэй.
Не абышлося без камічных выпадкаў. Так, да заняткаў па асновах марксізму яна не рыхтавалася, прапускаць жа іх было нельга. Гэта яна засвоіла яшчэ на першым курсе ў Алма-Аце, калі не змагла прыйсьці на экзамен па марксізму-ленінізму і яе тут жа адлічылі з інстытуту. У гарах, дзе знаходзіўся бацька і дзе Наташа рыхтавалася да экзамену, выпаў сьнег, а ў яе не было абутку і яна не магла дабрацца да гораду. За няяўку на экзамен менавіта па гэтаму прадмету яе і адлі­чылі. Дзе даведка, што выпаў сьнег? Ледзьве ўдалося застацца, дзякуючы дэкану – Мільёншчыкаву, у будучым акадэміку.
А цяпер сядзела на занятках ціха, як мыш, і дрыжэла. Заняткі праводзіла выкладчыца з прозьвішчам Граза, якое адпавядала яе характару. Глянуўшы ў журнал, яна выклікала адказваць Фёдараву. Наташа толькі зьмяніла прозьвішча і маўчала. Тады гэтая Граза ткнула пальцам у яе бок і грозна сказала: “Я вас вызываю!”
— А я не Федорова.
— А кто вы?
І тут у студэнткі ад страху адняло памяць – забылася сваё новае прозьвішча. І нічога лепшага не прыдумаўшы, ляпнула:
— Начинается как-то на М, а кончается на К.
Група легла ад рогату, а Граза за такі зьдзек толькі выкрыкнула:
— Вон!
Прыйшлося выканаць загад. А выкладчыца – у дэканат са скаргаю, дзе, праўда, ёй паведамілі, што студэнтка памяняла прозьвішча. Толькі чаму яно заканчваецца на К – засталося невядомым.
Сваім сябрам па інстытуце я не казаў аб зьменах у маім жыцьці. Я чакаў выпадку – і ён надышоў. На Кастрычніцкія сьвяты я запрасіў іх на вечарыну. Калі ж яны сабраліся, я абвясьціў:
— Знаёмцеся – гэта мая жонка!
Ад нечаканасьці хлопцы разгубіліся: ці то жарт, ці праўда? Тым ня менш, вечар прайшоў хораша. Можа ад шуму ў нашым пакоі – вечарамі слухалі музыку – ці па другой прычыне суседзі напісалі скаргу, што тут жыве без прапіскі студэнт­ка. Зьявіўся ўчастковы, але ўбачыўшы штамп у пашпарце, выпісаў невялікі штраф за парушэньне рэжыму, і на тым справа скончылася.
Вясною “па сямейных абставінах” мы пакінулі Маскву. Вярнуліся пад бацькоўскі дах, уладкаваўшыся у самым цёплым пакоі плошчаю ў сем з паловай метраў, і былі шчасьлівыя. Дакументы занесьлі ў Політэхнічны інстытут на машынабудаўнічы факультэт. Прыйшлося даздаваць шэраг экзаменаў, з чым лёгка справіліся. Вучыцца тут было непараўнальна лягчэй, хаця ніякай лабараторнай базы, наглядных сродкаў не было. Ад беднасьці нашы курсавыя і дыпломныя работы былі выкарыстаныя як наглядныя сродкі для студэнтаў, што ішлі за намі. Адсутнасьць лабараторнай базы кампенсавалася шчырымі адносінамі выкладчыкаў, якія ўкладалі ў нас ня толькі веды, але і душу. І мы бясконца ўдзячныя Гаранскаму, Шлапакову, Пікусу, Клябанаву і іншым.
Канечне, забаўныя сітуацыі бывалі і тут. Так, Н. К. Клябанаў, знаёмячыся са студэнтамі, зачытаў іх прозьвішчы. Спыніўшыся на двух Міцкевічах, запытаў:
— Вы браты?
Група выбухнула сьмехам.
— Не, не, вы сёстры?
Ізноў рогат. Тады наш стараста Сяргей Касьцюковіч сказаў:
— Не, яны нават ня брат і сястра, а муж і жонка.
Са сваім старастам і яго будучай жонкай Тамарай Кажанковай мы пасябравалі, як кажуць, на ўсё жыцьцё. У 2007 годзе споўнілася 60 гадоў нашага сяброўства. Студэнты групы неаднаразова прыходзілі да нас, бацька вельмі ветліва сустракаў іх, засталіся фотаздымкі.
Дыпломную работу я выконваў пад кіраўніцтвам С. І. Губкіна, слыннага сьпецыяліста ў галіне тэорыі і практыкі пластычнай дэфармацыі металаў. Ён толькі што быў запрошаны з Масквы ўзначаліць Фізіка-тэхнічны інстытут Акадэміі навук і кафедру ў інстытуце. Яго як выдатнага сьпецыяліста вельмі высока ставіў сакратар ЦК партыі М. Т. Іаўчук. Ён неаднаразова заходзіў да бацькі, сам доктар філасофскіх навук, пакінуў добрае ўражаньне сваёй эрудыцыяй, ведамі, рашучасьцю. Але, на жаль, у хуткім часе яго зьнялі з гэтай пасады з-за “няправільнай” трактоўкі ленінізму і Леніна як рускай зьявы. Справа ў тым, што ў краіне пачалася кампанія, накіраваная на доказ прыярытэту Расіі і расейскіх вучоных у многіх галінах дзейнасьці. Гэта нарадзіла шэраг анекдотаў. Паводле аднаго з іх, расшчапленьне атама таксама належыць рускім, бо яшчэ апрычнік Івана Грознага, шчапаю­чы лучыну, выпадкова расшчапіў атам. Ну, а ленінізм – гэта не расейская, а сусьветная тэорыя.
Перад курсавой і дыпломнай работамі мы праходзілі практыку на заводах Масквы і Ленінграду. А ў гэтыя часы ў Менску праходзілі зьезды, сьвяткаваньні 30-годдзя БССР і інш., прыязджала многа гасьцей. Многія з пісьменьнікаў гасьцявалі ў доме Коласа. Аб наведваньні яго пакідалі свае аўтографы на кафлі печы. На жаль, большасьць з іх не запомнілася, толькі два сьлядкі – С. Гарадзецкага і С. Ліпатава засталіся ў памяці:

Внимая мощным жизни гулам,
Сын Беларуси, друг России,
Живи так долго, чтоб Джамбула
В борьбе с полетом дней осилить.
І:

Я прочитал все эти строки,
Хоть я и не гожусь в пророки,
Но знаю, что же говорить,
Что Колас вечно будет жить.

Пісьменьнікі Беларусі таксама рабілі “наезды” да сваіх калегаў. Летам 1947 году вялікая група нашых літаратурных творцаў накіравалася ў Ленінград на літаратурныя вечарыны ў доме літаратараў і ў гарадскім лекторыі. Адбыўся мітынг і на славутым Кіраўскім заводзе. Аляксандр Пракоф’еў запрасіў да сябе на дачу. За дні наведваньня Ленінграду Колас і Пракоф’еў моцна пасябравалі. І горад, і яго пісьменьнікі пакінулі яркія ўражаньні ў бацькі. А той год выдаўся надзвычай неўраджайным, на поўдні краіны так выгарала, што мала чаго засталося людзям. Адчувалася гэта і ў Ленінградзе. І Колас піша свайму сябру: “Сердечный Вам привет, мои дорогие друзья из благословенного Минска. Живу и отогреваюсь теплотой Ленинградских друзей, величью и красотой вашего города. Приехали из Москвы в Минск после вдохновляющих рюмок… Я хорошо помню свое слово, сказанное Вам, Алесь, на Вашей даче. Сегодня я пошел по начальству. А вчера на собрании партийного актива я виделся с руководящими товарищами и рассказал о том, что в порядке дружбы с ленинградцами не мешало бы подтвердить ее “вещественным знаком” невещественных отношений. Мою мысль горячо поддержали. Сейчас заместитель председателя Совета Министров при мне дал распоряжение послать на адрес председателя Союза Ленинградских писателей вагон бульбы…
Передайте мой сердечный привет М. И. Комиссаровой и Николаю Леонидовичу Брауну, и всем моим друзьям. Крепко обнимаю и целую Вас. Якуб Колас”.
З пераездам бацькі ў Менск пачалося асваеньне і добраўпарадкаваньне тэрыторыі вакол хаты. Яшчэ ў сорак пятым пасадзілі бярозку і чатыры дубкі вакол яе, нібы сімвалы нашай сям’і. Адзін дубок не прыняўся. Пасадзілі і некалькі пладовых дрэўцаў, а на клумбе каля хаты бацька пасеяў жыта, зерне прывёз з Балачанкі. Пасьля пастаянна засявалася дзялянка жыта. Каля хаты былі пастаўленыя “досьледы” па адначасоваму высяваньню ячменю і жыта.
Напярэдадні прыбаўленьня ў нашай сям’і бацька прапанаваў пасадзіць дубок і назваць яго Юркам. У самым канцы батанічнага саду ў куточку самасейнага кустоўя знайшлі гожы дубок, адкапалі і ўдвух перанесьлі ў свой двор. Каб ён лепш прыняўся, бацька паліваў яго. Аднойчы трохі перастараўся і перакарміў селітраю. Абвялі лісточкі, бацька спалохаўся і стаў прамываць глебу вадой. Дубок ачуняў. Пасадзілі і шэраг дэкаратыўных дрэваў, ядлоўцу і інш. А ў сорак сёмым бацька загадаў распланаваць пад пасадку пладовых дрэваў пустку і пасадзіць сад. Данік запрасіў слыннага селекцыянера Волазьнева даць параду, як лепш распланаваць пасадкі. Пасьля прывёз розныя гатункі пладовых дрэваў, у тым ліку селекцыі Волазьнева і Сюбаравай. Частка з гэтых дрэваў захавалася.
Хата з пячным ацяпленьнем патрабавала многа дроваў. На першы час разабралі пабудаваны немцамі бункер, там драўніны было шмат. Для яе захаваньня пабудавалі з дошак хляўчук з добрым пограбам і з маленькім пакойчыкам – для мяне на лета. Пасьля пабудавалі мураваны гараж і маленькую лазенку з паліцамі. Некалі бацька любіў парыцца і, відаць, марыў яшчэ. Не давялося, здароўе пагаршалася. У нашай хатцы кухня была настолькі маленькай, што не было дзе павярнуцца. І ў 1946 годзе пачалі будаваць двухпавярховую прыбудову памерам 6х6 метраў. На першым паверсе разьмясьцілася куханька, пакой для хатняй гаспадыні, ванна і прыбіральня. На другім – спальня і кабінет гаспадара. Улады прапанавалі бацьку пабудаваць катэдж, але ў тыя часы, калі мноства людзей жыло ў зямлянках і бараках, ён ня мог прыняць гэтую прапанову. Становішча людзей было цяжкім, у гаротным стане знаходзіліся дзіцячыя дамы. Бацьку прыходзіла мноства лістоў з просьбамі дапамагчы, і ён пісаў у Міністэрства, пісаў Панамарэнку, хадзіў па прыёмным Міністэрстваў.
Многа сілаў вымагалі клопаты аб Акадэміі. Здаралася, нікога з Прэзідыуму яе не было, а тут прыбывала з Германіі абсталяваньне для заводу дакладных прыбораў. Ні складу, ні нават брызенту накрыць скрынкі не было. А захаваць каштоўнасьць неабходна, і трэба было пісаць і пісаць, хадзіць і хадзіць.
У адным з лістоў ад 26.07.1946 бацька пісаў: “З сягоньняшняга дня пачаў работу ў Акадэміі ў якасьці адміністратара. З мяне адміністратар такі, што лепей было б, каб такія адміністратары пападаліся радзей”.
Хапала работы і па аддзяленьню гуманітарных навук – разьбіраць спрэчныя пытаньні па гісторыі Беларусі, літаратуры, даць належную ацэнку ролі Скарыны, Багушэвіча, Каліноўскага... Многа часу адымалі і клопаты аб будаўніцтве школы ў роднай вёсцы. У адным з лістоў да дырэктара яе Колас пісаў: “...Што напісаць аб тваім будаўніцтве? Учора я спраўляўся наконт розных дробязей, як цьвікі, акоўка дзьвярэй і вокан, ручкі і інш. можна дастаць у крамах г. Мінску. Што ж датычыцца кафлі, то яе трэба купляць у Івянцы... З бензінам зараз цяжка... Пра лакамабіль яшчэ не спраўляўся, але думаю, што набыць яго зараз нельга. Вось так дзень за днём праходзяць мае дні. Няма таго дня, каб не прыслалі мне пісем, а пісьмы ўсе такія, што трэба “памагаць”: адзін прышле вершы, другі прозу, трэці якія-небудзь пераклады або кнігу. А ў таго нехта высланы, асуджаны, таго “няправільна ” падаткамі аблажылі і г.д. А да ўсяго гэтага, не бывае такога дня, каб не было таго ці іншага засяданьня. Асабліва для сябе мне трудна вылучыць хоць адзін дзень, і ўсе мае асабістыя справы запушчаны. Вось і назаўтра ладзіўся паехаць да Косьціка, пахадзіць па хвойніку каля Парні, дык не: трэба ехаць аглядаць нейкі дом у 12 кіламетрах ад Мінску для Саюзу пісьменьнікаў...”
Крыху пазьней у лісьце да Гарадзецкага бацька пісаў: “…Я все еще нахожусь на положении полубольного. Силы мои иссякают… На собрания, вечера, на сходы не рискую выходить… За это время пришлось много работать над всевозможными статьями – в московскую “Литературную газету”, в “Красную звезду”. Послал стихи в “Правду”, в “Огонек”, в военную газету для советских воинов, находящихся за пре­делами родной страны. Писал статью в нашу “Учительскую газету”, в нашу “Советскую Белоруссию”, стихи в “Звязду” (нашу). Два раза записывался на пленку для радио. Сегодня записали четыре стихотворения для московского радио. Причем чтение вызвало реакцию в легких. Еле дотянул – стал душить кашель...”
Іншы раз бацька даваў мне пачытаць “пасылкі” маладых паэтаў Запомніліся байкі Уладзіміра Корбана – талент яго выразна праглядаўся ў вучнёўскіх спробах. Рэцэнзіі Коласа на прысланыя творы былі на рэдкасьць дакладнымі, іншы раз рэзкімі, хаця ў канцы свайго водгуку ён прасіў прабачыць за танальнасьць. Акрамя заўвагаў бацька даваў парады, асабліва маладым. У лісьце да Р. Грышкевіч ён пісаў: “Мілая Рагнедачка!.. Прачытаў Ваш верш. На гэты раз хваліць Вас за яго ня буду. Цэнна ў вершы добрая мысль, думка, але Вам не ўдалося знайсьці моўныя сродкі, словы – форму, каб мысль гэта засьвяцілася, як брыльянт у залатых асадках. Ніколі не тарапіцеся ў складаньні вершаў. Дабівайцеся ў пісаньні дасягнуць такой дасканаласьці, каб Вы першым чынам задаволіліся самі сваёй творчасьцю і яе вынікам... Адно скажу: вучыцеся, чытайце як мага болей кніг: паэт павінен мець шырокую і глыбокую адукацыю, павінен засвоіць багатую спадчыну з культуры прошлых часоў і адтачыць сваю паэтычную зброю так, каб яна без хібы біла нашых непрыяцеляў і жычліва служыла свайму народу”.
На ўсё жыцьцё мне ўрэзалася ў памяць тое хваляваньне, той незвычайны тон голасу бацькі, калі ён прынёс прысланую з Заходняй Беларусі кніжачку з грозным прозьвішчам аўтара – Танк і з партрэтам юнака з хударлявым тварам.
— Вось дзе сапраўдны паэт беларускай зямлі! – сказаў ён.
Сустрэліся яны шмат пазьней.
Да Максіма Танка Колас ставіўся як да роднага сына. І Яўген Іванавіч адказваў узаемнасьцю. Наогул, сяброўскія, амаль бацькоўскія, адносіны склаліся ў бацькі з многімі пісьменьнікамі. Бывала, што і крыўдзіліся на яго, як да прыкладу Аркадзь Куляшоў, калі Колас адхіліў прысуджэньне яму трэцяй прэміі пасьля атрыманьня першай, а потым другой. Канечне, не зашкодзіла б і трэцяя, але Колас ня мог пагадзіцца, бо лічыў, што гэта будзе выглядаць як спад творчасьці таленавітага паэта. Толькі адзін з пісьменьнікаў, якіх я ведаў, прызнаўся, што не любіў Коласа. Гэта былы вучань Янкі Маўра і яго сябра – Саша Міронаў, з якім я часта сустракаўся: цікавы чалавек, выдатны расказчык.
Пагутарыць з Коласам прыходзілі многія пісьменьнікі, а з большасьцю з іх ён сустракаўся ў Саюзе пісьменьнікаў, на пленумах, зьездах. Але ўдзельнічаць у розных мерапрыемствах станавілася цяжэй і цяжэй, здароўе пагаршалася, зачасьціліся думкі аб немінучай сьмерці, і нам ён нярэдка выказваўся: “Я тут часовы госьць”. Гэты матыў гучаў і ў лістах да блізкіх, да сяброў. Так, у лісьце-споведзі Гарадзецкаму пісаў: “...Немощны мы, друже. Вот и ты все храбрился, философски доказывал мне бессмертие и все прочее в этом роде. Но старость есть старость, а с ней и ее неизбежная спутница – смерть. О ней я помнил всю жизнь. Но раньше в зрелые годы она представлялась не очень страшной, потому что в организме было много сил. Теперь они иссякают, и конец представляется более реально и тревожно. Говорю это потому, что недавно мне было очень плохо. Появились неприятные пятна в глазах, да такие, каких еще не бывало. Все это получилось в результате длительной болезни и большой праздничной нагрузки. Ведь пришлось сидеть, не вставая, четыре часа на юбилейной сессии Верховного Совета. Был прием у правительства с многочисленными тостами. На следующий день пригласил писателей, приехавших на праздник. Много перед этим писал. Вот оно и сказалось. 8 января приехал врач и медицинская сестра. Выпустили 225 грамм крови и приказали лежать в постели. Теперь золотые снежинки и искры исчезли из глаз…”
Усё часьцей бацьку прыходзілася зьвяртацца да дактароў. Пасьля нават ня­значнай прастуды ўзбуджаўся працэс у лёгкіх – запаленьне – і на тыдні і месяцы прыходзілася класьціся ў стацыянар. У лютым сорак дзевятага з Крамлёўкі ў лісьце да Лужаніна Колас пісаў: “Дарагі Максім!.. Учора скончылі заліваць пені­цылін. Працэс у лёгкіх спыніўся, але ён, як паказвае практыка, можа праз тыдзень ізноў пачацца. Я вельмі аслабеў, упаў у целе. Гэтаму ў значнай ступені спрыяе і тое мноства ўсялякіх аналізаў. Каб гэтыя аналізы прарабілі над валом, дык і той падаўся б...”
Максім Лужанін працаваў памочнікам Коласа, дапамагаў адказваць на мноства лістоў, падрыхтоўваў матэрыялы для бясконцага шэрагу артыкулаў. Праўда, калі Лужанін сам пісаў артыкулы, ганарар за іх бацька аддаваў аўтару. На “пасаду” памочніка Лужанін доўга не пагаджаўся. З гонарам, складаным характарам, досыць самалюбівы, Лужанін быў выдатным знаўцам літаратуры. За яго глыбокія веды, у тым ліку тэорыі літаратуры, бацька выказваўся, што лепш бы было, каб ён займаўся літаратуразнаўствам, чым пісаў вершы. Максіма ў яго паводзінах крыху стрымлівала жонка, надзвычай абаяльная жанчына, паэтка, бадай ці не больш здольная за яго. Максім жа быў выдатным майстрам эпіграмы. Уламаць яго дапамагаць Коласу мог, напэўна, толькі Данік, прыкладаючы свае здольнасьці дыпламата і пераконваючую аргументацыю. Яны і сябравалі. Да таго ж абодва валодалі унікальнымі, рэдкаснымі якасьцямі: колькі б ні выпілі напярэдадні – на другі дзень галава не балела. Магчыма, гэтая акалічнасьць спрыяла таму, што брат злоўжываў сьпіртным. І як ён сьмяяўся, калі я аднойчы перабраў лішку і не мог падняцца назаўтра, адчуваючы сябе так кепска, што папрасіў паратунку. А бацька перажываў, што такі здольны хлопец траціць час на непатрэбнае. Можа і не зусім непатрэбнае, бо, дзякуючы чарцы, брат пазнаёміўся з большасьцю ўплывовых асобаў, што дазваляла лягчэй вырашаць розныя жыцьцёвыя пытаньні.
Аднойчы Данік пайшоў і да ночы не вярнуўся. Бацька ня мог заснуць, усё чакаў яго. Ці ня здарылася бяда? Ці не забілі дзе? Нервы былі напружаныя. Я яго супакойваў як мог. Але ўсё роўна бацька не заснуў у тую ноч ні на хвіліну. Я падняўся рана, было яшчэ цемнавата, і пачуў, як бразнула клямка варот. Глянуў – прабіраецца мой старэйшы брат. Падняўшыся на другі паверх, я хацеў супакоіць бацьку, сказаў: “Зьявіўся твой блудны сын, не хвалюйся”. Бацька кінуўся да акна, убачыў Даніка і імгненна расплакаўся, нярвовае напружаньне зьнялося. А я ўпершыню бачыў бацькавы сьлёзы.
Даводзілася і мне пазьніцца і таксама выклікаць бацькоўскія перажываньні. Так, аднойчы мы паехалі з Фёдарам Хадасоўскім на паляваньне на яго матацыкле, а ў ім нешта сапсавалася, і Федзя доўга рамантаваў яго. Дадому прыехалі позна ўночы. Федзя быў адмысловым шафёрам, сьлесарам, а таксама майстраваў радыёпрыёмнікі і г. д., але аднойчы, везучы бацьку з Балачанкі, заснуў за рулём, і машына зьехала ў кювет і легла на бок у балоціну. Сам бацька выбрацца з машыны ня мог, Фёдар вынес яго на руках – некалі быў чэмпіёнам па барацьбе ў сваёй вазе. Траўмаў ніхто не атрымаў, але Данік тут жа разьлічыў яго і на яго месца запрасіў маладога хлопца з гаража Акадэміі Сяргея Сонюшкіна. “Пенсію” шафёрам бацька плаціў са сваёй кішэні – тысячу рублёў. Сяргей машыну даглядаў добра, і пасьля таго, як атрымаў Опель-Адмірал, бацька падараваў ранейшую Сяргею.
Паездкі па горадзе былі амаль штодня; за горад жа, галоўным чынам у Балачанку, дзе так хацелася пабываць, пахадзіць па лесе, езьдзілі зрэдку. Сесіі, пася­джэньні, мітынгі, тэрміновая праца і частыя захворваньні прыкоўвалі бацьку да дому, а то і да ложку ў бальніцы.
Бацька вельмі турбаваўся наконт помніка жонцы. Дзе заказаць і каб помнік быў дастойны самага дарагога чалавека. Вызваўся дапамагчы Фелікс Лагута. І ён прывёз з Ленінграду вялікі помнік. На тым месцы, дзе пахавалі маці, ён не ўпісваўся. Прыйшлося перахаваць труну з прахам яе і ўстанавіць на пустыры Ваенных могілак, на самым высокім месцы. Да гадавіны яе сьмерці прыехалі браты маці – Іван з Вільні і Міхал з жонкаю з Клязьмы. З Вільні прыехаў і адзін з родзічаў – Цімафееў. З бацькавых плячэй зваліўся цяжкі груз. Ён папрасіў Заіра Азгура зрабіць барэльеф да помніку, што і было выканана.
Восеньню сорак дзевятага году памёр даўні сябар і сваяк бацькі – дзядзька Ігнась. Ён быў яшчэ дужым мужчынам, рупліўцам на ніве школы. Аднойчы ўвосень ён, вяртаючыся са Стоўбцаў з нарады дырэктараў школаў ён заснуў на падводзе па дарозе ў Мікалаеўшчыну і прастыў... Успыхнуў застарэлы сухотны працэс, лёгкае распалася... На пахаваньне яго мы езьдзілі з бацькам. Абарваўся яшчэ адзін ланцужок, які зьвязваў яго з мінулым.
У канцы пяцідзесятага году бацьку прыйшлося ехаць у Маскву на канферэнцыю прыхільнікаў міру. Краіну ахапіла кампанія барацьбы за мір, што нарадзіла анекдоты накшталт такога:
«У рэбе пытаюцца – ці будзе вайна зноў?
— Не, не, што вы! Зараз пачнецца такая барацьба за мір, што каменя на камені не застанецца».
З канферэнцыі бацька патрапіў у бальніцу – зноў праблема з лёгкімі. Потым аказалася, што пагоршыўся і стан сэрца, але што канкрэтна дактары не казалі. Калі я прыехаў наведаць бацьку, доктар строга-настрога наказаў мне ні ў якім разе не хваляваць хворага, яму забаронена ўставаць і г.д. Па тым, што бацьку пра­трымалі ў бальніцы каля двух месяцаў і адаслалі ў санаторый яшчэ на месяц, я шмат пазьней зразумеў, што гэта быў інфаркт міякарда.
Бальнічная палата, як бацька пісаў Лынькову, была прыстасаваная для пісаньня так, як сьвіньня для верхавой язды. Пісаць прыходзілася алоўкам, лежачы ў пасьцелі. У такіх умовах, нягледзячы на цяжкае становішча са здароўем, гумар не пакідаў яго. Ён напісаў гумарыстычны верш “Воз навукі”, які пераслаў Лужаніну з прыпіскай “не для друку”. А ў пісьме Глебку паведаміў: “...А я ўжо месяцы тры не плаціў членскіх узносаў, і прыйдзецца ў выпадку чаго траляваць на той сьвет беспартыйным. Затое ж цяпер я мільянер: 16 000 000 кубікаў пеніцыліну ўлілі ў мяне шляхам уколаў у злучаныя штаты. Цяпер кінулі пеніцылін... На маёй сьпіне пабывала за гэты час гэтулькі банак, што, калі напоўніць іх гарэлкаю, то іх хапіла б на цэлы год, п’ючы па два шкалікі ў дзень. А колькі мяшкоў кіслароду выдыхаў за гэты час! Каб палажыць іх адзін на другі, то яны мінулі б акно таго кабінета, дзе сядзіш ты з Кандратам”. А ў лісьце да Лынькова чытаем наступнае: “...Пазаўчора мне ставілі п’яўкі – падняўся ціск крыві. Божа мой, чаго толькі не перацярпела маё цела! Калі б усе гэтыя працэдуры прарабілі над вярблюдам, то і ён даўно ўжо здох бы”.
Тым часам верш “Воз навукі” атрымаў рэзананс. Гумарыстычна-сатырычных твораў, дзе ў якасьці дзеючых выступалі бы ўплывовыя асобы, фактычна не пісалі, асьцерагаючыся непрыемнасьцяў. Напэўна, Петрусю Броўку, блізкаму да кіраўнікоў Акадэміі, верш спадабаўся. І ён прачытаў яго ня толькі сябрам-пісьмень­нікам, але і ў ЦК, і там рагаталі. І да мяне зьвярталіся знаёмыя з просьбаю атрымаць рукапіс гэтага верша. А Янка Маўр напалохаў бацьку – нашто было чапаць І. М. Ільюшына, былога намесьніка старшыні Саўміну, партыйнага функцыянера. Па сутнасьці, ў тым вершы нічога крыўднага не было. Але ў тыя часы крытыка “высокіх” асоб успрымалася як нешта незвычайнае. Так, добра помніцца, як у тыя ж гады мы ў фізтэху “пакрытыкавалі” нашага парторга – у насьценнай газеце інстытуту. Колькі было шуму! Аргументам было: “Хіба Сталіна крытыкуюць?” Яно было і сьмешна, і страшнавата. На ўсякі выпадак я пайшоў да сакратара парткому Акадэміі параіцца, ці мы сапраўды ўчынілі нешта недазволенае. Канечне, можна! Але тут жа пры мне ён пазваніў у райком партыі ўпэўніцца ў сваёй праваце. Праз месяц у адной менскай газеце зьявіўся артыкул, дзе поруч з другімі недахопамі адзначаўся зажым крытыкі ў нашым інстытуце. Сапраўды: “Быў час, быў век, была эпоха...” – усё пад жорсткім кантролем.
У хуткім часе зьяўвіўся працяг тэмы – верш “Канец воза навукі”.
У крамлёўцы на кансультацыю да бацькі запрасілі прафесара Вінаградава, вядомага сьпецыяліста, які карыстаўся аўтарытэтам. Аглядзеўшы хворага, ён сказаў: “Калі хочаце жыць, то трэба кінуць курыць”. А бацька курыў з шасьці гадоў – і тытунь, і лісьце бярозы і інш. І гэта сказалася ня толькі на лёгкіх, але і на крыватоку ног. Сэрца ў бальніцы, потым і ў Барвісе, крыху падлячылі, але значна пагоршыўся стан ног. Хадзіць было цяжка, неабходна было часта адпачываць. І тым ня менш, лес прыцягваў старога грыбніка і ўвесну, і ўлетку, і асабліва восеньню. Аматары-грыбнікі добра ведаюць, які цуд прыроды першыя вясновыя грыбы – страчкі. Якое хараство, разнастайнасьць формаў і афарбоўкі! Ды і добра прыгатаваныя, яны зьяўляюцца далікатэсам. Бацька любіў іх зьбіраць ня менш, чым баравікі, але не даводзілася бываць у мясьцінах, дзе іх нарастае іншы раз неверагодная колькасьць. У балачанскіх маладых хвайняках іх амаль не было.
Пасьля заканчэньня інстытуту я стаў радзей суправаджаць бацьку, бо па выхадных днях быў часта заняты трэніроўкамі або спаборніцтвамі. Бацьку, як я адчуваў, было прыемна чуць пра мае посьпехі ў стральбе. Сам жа ён некалі быў першым стралком з нагану ў сваёй роце, ды і з малакаліберкі страляў трапна. Мая – Юркава – стрэльба, прыгодная для паляваньня, для спартыўных спаборніцтваў не падыходзіла. Падвярнуўся выпадак набыць стрэльбу славутай фір­мы Голанд-Голанд, бацька адразу ж даў грошы, а стрэльба каштавала мала менш кошту двух кароў. Праўда, па дарэвалюцыйным цэньніку кошт такой стрэль­бы адпавядаў кошту цэлага статку. Ну, а на набыцьцё коней, кароў родзічам, знаёмым ішло шмат больш грошай, чым на стрэльбу.
Згадваю, як аднойчы я прачнуўся ад шуму – праз плот пералазіў нейкі цыбаты незнаё­мы чалавек. Я выскачыў на ганак – гляджу – дзядзька Юзік! Што здарылася, як ён дабраўся ў такую ранечу? Дзядзька сказаў, што ўсю ноч ішоў пехам – укралі карову. Мне ня верылася, што за адну ноч можна прайсьці кіламетраў з восемдзесят. Дзядзька ж сказаў, што на ногі ён лёгкі, а стаў хадзіць у шэсьць месяцаў. Нешта ж часта здараліся прапажы кароў, коней у нашай радні!
Просьбаў аб дапамозе было многа. Напрыканцы 1955 году ад дзядзькі Юзіка прыйшоў ліст, які так моцна ўсхваляваў хворага бацьку, што ён у апошні дзень таго году адпісаў яму так: “Дарагі Юзік! Пісьмо тваё мне прынесьлі пасьля таго, калі я, хворы, вярнуўся з Масквы, ляжаў у пасьцелі. Мяне хацелі завезьці ў бальніцу ў Маскве, але я, можна сказаць, зьбег у Мінск. У Мінску таксама хочуць пакласьці ў бальніцу. У мяне завялася хвароба, якая называецца гіпертаніяй. ...Павышэньне ціску крыві. Калі гэты ціск дужа высокі, дык вельмі часта здараецца, што ў галаве лопаюцца крывяносныя сасуды. Кроў выліваецца ў мозак, і чалавек, у лепшым выпадку, памірае, а ў горшым, становіцца нікому не патрэбным чурбаком чалавечага цела. Хвароба гэта разьвіваецца на грунце нэрвовага ўзбуджэньня. Не скажу, каб і тваё пісьмо прайшло бяссьледна ў сэнсе разьвіцьця гіпертаніі. Так, ты пішаш, што да цябе прыязджалі “даволі высокапастаўленыя людзі”, каб паглядзець, дзе жыў Колас, паглядзець на прыроду. Яны табе сказалі няпраўду, калі гаварылі, што ў Коласа ляжыць на ашчадных кніжках адзін мільён шэсьцьсот тысячаў грошай. Не, брат Юзік, у Коласа ляжыць шэсьцьсот мільёнаў шэсьцьсот тысячаў і шэсьцьдзесят з палавінаю капеек. Няпраўду гаворыш і ты, калі сьцьвярджаеш, што я памагаю табе, як памагаюць жабраку: па дзесяць тысячаў жабракам не даюць. Апроч Коласавага брата, ёсьць і сёстры, сваякі і сваячкі. Ёсьць многа чужых людзей, сірат, што таксама патрабуюць дапамогі. Калі я трохі акрыяю, стану на ногі, я пайду патрасу трохі свае “мільённыя” кніжкі, тады і табе прышлю трохі, бо зараз у мяне на руках няма грошай. Тады ты прыедзеш у Мінск. Я завязу цябе да хірурга, каб ён выдаліў табе непатрэбны палец. Я завязу цябе да зубніка, каб ён паставіў табе штучныя зубы, так, як і мне. Скора будзе год, як мяне рэзаў хірург. Да ўсяго гэтага дадаць трэба, што я 22 разы, пачынаючы з 1946 году, хварэў на запаленьне лёгкіх... Ды ня будзем сварыцца перад Новым годам. Бывай здаровы. Я ўсьцягнуўся з пасьцелі, каб напісаць табе адказ на тваё пісьмо. Усяго добрага. Костусь”.
Як розьніцца па зьмесьце і тону ліст бацькавага дзядзькі Антося, матчынага брата, які падрыхтаваў хлопца да паступленьня ў настаўніцкую семінарыю!
“Дарагі Костусь!
Пішу табе прадсьмертнае пісьмо. Пішу карандашом у пасьцелі, бо ўстаць за стол не магу. Зьвяртаюся да цябе, дарагі Костусь, з вялікаю просьбай: не забывай Елены Ефімаўны.
Уміраць мне вельмі цяжка з-за таго, што я астаўляю Елену Ефімаўну адну, хворую, працаваць яна не можа, пенсіі не выхлапатала і астаецца без усякіх сродкаў да жыцьця, ёй нават няма дзе галаву прыкланіць. Дочкі памагаць ёй не могуць, бо Ларыса жыве з двума дзецьмі ў страшэннай галечы, а Вера па свайму характару памагаць не будзе, тым больш, што яна часта бывае беспрацоўная. А я перад Еленай Ефімаўнай вельмі вінаваты: праз мяне яна страціла свой дом і сядзібу, але мяне захавала да глыбокай старасьці. Каб не Елена Ефімаўна, то мае косьці ўжо даўно згнілі б у зямлі. Вось чаму я зьвяртаюся да цябе, дарагі Костусь, з просьбаю – не забывай Елены Ефімаўны.
Шчыра і вельмі-вельмі дзякую табе, дарагі Костусь, за ўсё, што ты зрабіў для нас. А я яшчэ ўдзячны табе за тое, што, дзякуючы табе, я знайшоў вечны пакой на бацькаўшчыне.
Прашчай, дарагі, мілы і добры Костусь!
Прашчайце, Міхаська і Данік!
Жадаю вам усім усяго добрага ў жыцьці, жывіце на карысьць дарагой радзімы!
А мой жыцьцёвы шлях ужо закончыўся.
Апошні з сям’і Юркі
дзядзька Антось.
Мікалаеўшчына”.
Не за сябе прасіў дзядзька Антось, а за сваю жонку. Цяпер абодва дзядзькі – Антось Лёсік і Антось Міцкевіч – знайшлі вечны прытулак на Мікалаеўскіх могілках пад адной плітою.

На семдзесят трэцім годзе жыцьця Коласу прыйшлося легчы пад нож хірурга. Пачалося з боляў у жываце, і бацька вырашыў лячыцца саматугам, бо той страшнай пагрозы жыцьцю ад жывата не ўяўляў. Да дактароў не зьвярнуўся, бо трэба было праводзіць чарговую вечарыну. Станавілася горш, але, як звычайна пры болях у жываце, прыклаў грэлку. Добра, што ў гэты час у хаце быў Максім Лужанін. Ён сам перанёс апендыцыт і ведаў, што ні цяпла, ні слабіцельнага ўжываць нельга. Грэлку адключыў і наказаў Даніку неадкладна вызваць доктара, бо бачыў цяжкі стан Коласа. Прыехала цэлая брыгада на чале з Б. І. Трусевічам. Гэта яшчэ больш напалохала хворага, пачалася ліхаманка, яго трэсла. Тут жа вызначылі – апендыцыт, а пры высокай тэмпературы патрэбна неадкладная аперацыя. Бацьку павезьлі ў лечкамісію, паведамілі ўладным структурам. Адтуль прыйшло распараджэньне – чакаць хірурга з Масквы. Але стан здароўя станавіўся крытычным, і наш выдатны хірург М. І. Бобрык узяў адказнасьць на сябе і ўночы прааперыраваў. Яшчэ пару гадзінаў – і гнойны апендыкс лопнуў бы. Хворае сэрца, немаладыя гады абумовілі вельмі цяжкі стан. Бацька адчуваў, што памірае, і папрасіў, каб каля яго былі свае людзі. Абедзьве нявесткі – Наташа і Зарына – дзяжурылі каля яго. Данік і Максім пастаянна наведвалі яго, падтрымліваючы ўражаньне, што нічога страшнага няма, каб адхіліць цяжкія думкі. Уставаць хвораму забаранілі, і да пасьляаперацыйных цяжкасьцяў дадалося запаленьне лёгкіх.
Праз некалькі дзён бацька пачаў ачуньваць. Максім Лужанін склаў верш і перадаў бацьку, а ён – хірургу. Доктару верш спадабаўся, і ён ад душы сьмяяўся.

Добры доктар Бобрык,
Але страшны ножык:
Выража апендыкс,
Пакладзе на ложак.

Не чапні рукою,
Не мяльні нагою,
Покуль каля пупа
Дзіркі не загоіш.

Гэта ўсё мінецца,
Час усё заліжа.
Дзякуй, дзядзька Бобрык,
Што не рэзаў ніжай.

Бацька і сам яшчэ раней пісаў жартоўныя прысьвячэньні дактарам, знаёмым, знаходзячыся ў стацыянары. Найбольш перапала цудоўнаму доктару С. І. Ліаранцэвічу. Я яго ведаў ня толькі як выдатнага дыягностыка, але і як заўзятага паляўнічага. Да паўсотні жартоўных вершаў, экспромтаў на “медыцынскія тэмы” праляжала ў хатнім архіве каля пяцідзесяці гадоў. Часьцей за ўсё паэт зьвяртаўся да доктара як да “Сьвятога Сергія”, ад якога залежыць даць ці ня даць “сьвятых” кропляў (сьпірытусу). І калі пасланьні не даходзілі да сэрца “сьвятога”, то ўзьнікаў зварот да Бога, ці чорта. Канешне, доктар ведаў, калі можна зрабіць “палёгку” хвораму, а калі не – у залежнасьці ад стану здароўя. Калі ж была сапраўды пагроза жыцьцю, сабраўся кансіліум дактароў і было вырашана прыставіць сядзелку, што абмяжоўвала хворага, ён тут жа выказаў сваё незадавальненьне.

Сьвяцілам зямлі Беларускай.
Б. І. Трусевічу, Д. А. Маркаву, С. І. Ліаранцэвічу

О, дактары! Замахі вашы мелкі.
Да гэтага, відаць, прывучаны вы змалку.
Чаму ж, чаму замест сядзелкі
Вы не прызначылі ляжалку?

Не на многа перажылі дактары свайго пацыента. Непадалёку ад помніка Коласу на Вайсковых могілках стаяць помнікі выдатным дактарам, тонкім псіхолагам М. І. Бобрыку і С. І. Ліаранцэвічу.
Пагаршэньне стану здароўя адчулася яшчэ ў Ташкенце, да пачатку пяцідзесятых стала значна горш. І бацька паўтараў і паўтараў: “Сынок, я тут часовы госьць. Прывыкайце жыць без мяне”. Свой настрой і агляд мінулага ён выказаў у лісьце да Гарадзецкага пасьля перанесенага захворваньня сэрца і некалькіх запаленьняў лёгкіх: “Никогда в жизни я не чувствовал себя так плохо, как в этот год. Я совершенно обессилел. Не могу ходить. Сердце достукивает свои последние, уже немногочисленные удары. Хотел бы дождаться завершения своих 69 лет: в этот день хочу отметить приход в жизнь моей внучки Маруси.
Когда я окидываю оком мысли прошлое и думаю о себе, то сегодня не верю, что было время моего неутомимого труда. Как раз теперь ведется редактирование всего того, что я написал на протяжении всей сознательной жизни. Глебка, один из редакторов, сказал мне: “Столько работы! И зачем Вам было писать так много?” А я и сам, сидя за просмотром и слушая замечания редакторов, тоже думаю: действительно, писал много… Но это соучастие в редактировании собственных писанин воскрешает во мне мою прошлую жизнь, где я откликался на каждое мало-мальски значительное событие в общественной жизни и в личной… Сегодня у меня уже нет прежней трудоспособности. Ведь помимо поэзии я сижу и много времени отвожу всевозможным статьям…”
Час ад часу ў яго пачуцьцё адзіноты ўрывалася маладая энергія пісьменьнікаў, навукоўцаў, а таксама людзей з рознымі сваімі справамі. Аднойчы ў двор зайшоў вайсковец у капітанскіх пагонах і, саромеючыся, запытаўся ў мяне, ці можна пабачыць Коласа. Я кудысьці сьпяшаўся, часу не было яго правесьці, і я сказаў: “Падымайцеся на другі паверх, бацька дома і прыме Вас. Ён вельмі прыхільна ставіцца да вайскоўцаў”. Так увайшоў у наш дом Аляксей Сьлесарэнка. Ён расказаў бацьку, што яшчэ са школьных гадоў палюбілася яму паэзія Коласа: ён хоча заняцца чытаньнем твораў са сцэны. Як неаднаразова успамінаў Сьлесарэнка, Колас даў дабро, але пацікавіўся: “Ці хопіць у вас на гэта беларускага цярпеньня?” Хапіла. Дзесяць тысячаў вечароў гучаў яго голас са сцэнаў клубаў, школаў Беларусі і за межамі яе. Пасьля доўгі час працаваў Сьлесарэнка ў Літаратурным музеі Якуба Коласа, пасябраваў з яго дырэктарам, але гэта было пазьней.
Колас, як і Купала, чытальнікам быў неважнецкім – голас слабы, тэмбр прыглушаны, і ён добра разумеў, што самае лепшае ўражаньне на людзей аказвае майстэрскае чытаньне, і гэта зьяўляецца найбольш магутнай крыніцай прапаганды літаратуры, паэзіі. Сам ён вельмі высока ставіў майстэрства чытаньня артыста Малога тэатру Царова. Яму спадабалася кампазіцыя для чытаньня “Рыбаковай хаты”, падрыхтаваная Аляксеем Сьлесарэнкам, і ён падтрымаў маладога чытальніка, прыклаў немалыя намаганьні, каб забясьпечыць яго кватэрай.
Набліжаліся семідзясятыя ўгодкі паэта, і ўрад рэспублікі прыняў пастанову пабудаваць яму дом. Распрацаваць праект гэтага дому Данік запрасіў слыннага архітэктара Заборскага, а за будаўніцтвам наглядаў сам. Старую драўляную хату разам з расьпісанай аўтографамі печчу зьнесьлі. Па новай двухмаршавай лесь­віцы бацьку было падымацца значна лягчэй. Ды і плошча была вялікаю, было дзе разгарнуцца і нам, і нашым дзецям. І дзед нярэдка займаўся са сваімі ўнукамі. У лісьце да Маргарыты Прозаравай ён пісаў: “Внуки шумят. Самый потешный из них Андрей. Он самый менший по возрасту, но свою сестрицу Машу обогнал. Много говорит. Иногда пугает меня: Х-х-х! Такой издает звук для устрашения деда и сам смеется”.
Аднойчы свой верш “Рыну” дзед пераказаў старэйшаму ўнуку. Несумненна, у вершы быў выкарыстаны фальклорны матэрыял, паводле якога да салдата, паселенага ў асобны пакойчык хаты, уночы прыходзіў Нехта Невядомы, гаворачы: “Ой, рыну я, рыну! Ой, рыну я, рыну!” Салдат ня мог заснуць і нарэшце не вы­трываў: “Рынь, згінь твая маці!” І раптам хата напоўнілася срэбраным звонам – звонам манет. Малы хітра глянуў на дзеда і кажа: “Дзед, рынь ты!” Дзед рассьмяяў­ся, дастаў з кішэні кашалёк і стаў вытрасаць на падлогу манеткі...

Неўзабаве надыйшло і семідзесяцігоддзе Коласа. І яму давялося вы­слухоўваць мноства прывітальных словаў з нагоды юбілею. Сьвяткаваньне адбылося надзвычай урачыста. Адна з першых вечарынаў – юбілейная сесія – адбылася ў Акадэміі навук, дзе вельмі цёпла навукоўцы віталі свайго віцэ-прэзідэнта. Праз два дні адбылося віншаваньне юбіляра ў дзяржаўным універсітэце – паўнюткая зала студэнтаў і выкладчыкаў. А яшчэ праз два дні адбылася гарадская вечарына, якую адкрыў старшыня Вярхоўнага Савету, партызанскі важак В. І. Казлоў. Ад Саюзу пісьменьнікаў СССР юбіляра віталі А. Сафронаў, М. Ісакоўскі, ад Украіны – М. Нагнібеда і М. Рыльскі, ад Камсамолу Беларусі – П. Машэраў, віталі таксама сабраты па пяру: Н. Зар’ян, В. Лукс, Набі Бабаеў. А Жарокаў запрасіў юбіляра ў Казахстан, дзе яму падораць добрага жарабца. Да юбілею зьнялі дакументальны фільм “Народны паэт”. Віншаваньні прадоўжыліся ў Маскве – у Цэнтральным доме літаратараў, адбылася сустрэча са студэнтамі ў клубе універсітэту, а таксама ў Політэхнічным музеі. Нагрузка выдалася вялікая – ня толькі выседзець і выслухаць, але ж і самому трэба нешта сказаць, аддаць даніну савецкай уладзе, а пасьля – застольле з тостамі і чаркамі, што для хворага чалавека – выпрабаваньне на трываласьць. Адпачыць і папрацаваць паміж зьездамі, юбілеямі і хваробамі Колас выправіўся ў дом адпачынку Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.
Прыходзілася Коласу прымаць удзел у пленумах і зьездах кампартыі Беларусі. Колас часта адгукаўся на іх ці ў вершаванай, ці ў празаічнай форме. У мяне захаваўся маленькі лісток, відаць, з блакноту, дзе алоўкам занатаваныя адносіны да крытыкі і самакрытыкі: “Крытыка і самакрытыка – вялікія і сьвятыя словы. Але і самыя высокія словы пры пэўных умовах абарочваюцца ў малакаштоўныя сьцёртыя медзякі. Лёгка сказаць: “Прызнаю крытыку справядлівай. Мяне (нас) трэба яшчэ больш жорстка крытыкаваць”. Такім прызнаньнем чалавек, якога крытыкуюць, лічыць, што ён ужо сьвяты, што далей ён будзе паступаць так, як належыць камуністу, а між тым, нічога ня робіць, каб паправіцца ў сваёй дзейнасьці.
Вельмі баюся, каб “Крытыка і самарытыка” ня стала для некаторых савецкіх і партыйных работнікаў тым, чым становіцца споведзь для хрысьціяніна.
Прыгадваецца анекдот, як бацька гаварыў сыну пасьля споведзі:
— Ну, сынок, цяпер можна ісьці красьці”.
Аб вяртаньні пачуцьця крытыкі да самога сябе Колас зьвяртаецца да бога з лёгкім гумарам:

Мая малітва

Сную адзін я, бы закляты,
У смутку марна трачу дні.
Вярні мне, божа, мае страты,
Пачуцьце крытыкі вярні.
Ты навучы глядзець цьвяроза
На ўсё, што вабіць здаляка.
Выбаў нас, божа, ад пагрозы
Насіць ярмо замест вянка.

Нягледзячы на частыя захворваньні Колас працягваў плённа працаваць. А для творчай працы найбольш спрыяльныя ўмовы былі створаны ў пісьменьніцкім доме адпачынку – Каралішчавічах. Хаця навакольная прырода не радавала вока чалавека, які захапляўся чыстымі, празрыстымі хвайнякамі, засланымі ігліцаю і белым мохам, але ж там быў добры пакойчык, някепская кухня, а галоўнае – добрая кампанія пісьменьнікаў з іх жонкамі і дзецьмі. Цёмны на нізіне яловы лес больш адпавядаў назьве Камарышчавічы, чым Каралішчавічы. Немалаважным было і тое, што сюды значна менш дабіралася наведвальнікаў, больш часу можна было аддаць творчай працы. Безумоўна, у Балачанцы адпачывалася лепш, навакольныя лясы тулілі заядлага грыбніка і прыгадвалі дарагое мінулае. Але ў тым годзе сур’ёзна захварэў Канстанцін сьцяпанавіч Дзятка, прыйшлося адвезьці яго ў Менск у бальніцу. Колас часта наведваў яго. Хвораму станавілася горш і горш. Дактары не гаварылі, што ў яго за хвароба. А ён адчуваў прыбліжэньне канчыны і прасіўся дахаты, каб памерці там. Дактары доўга не пагаджаліся выпісаць хворага, але нарэшце са­ступілі яго просьбе. У той дзень, калі Колас сабраўся адвезьці яго, ён памёр, адштурхнуўшы кіслародную падушку са словамі: “Калі не хапае свайго паветра, то штучнае мне не патрэбна”. Пахавалі яго на Кальварыйскіх могілках. Яшчэ адзін ланцужок, які зьвязваў Коласа з блізкім сэрцу чалавекам, з мясьцінамі, што сталі другой радзімай, абарваўся. Мар’я Іванаўна пераехала да сына ў Менск, хату, у якой Колас часта гасьцяваў, прадалі. Цяпер яна знаходзіцца ў Блоні.
Адпачываў і працаваў Колас у Каралішчавічах і ў наступным годзе. А праз некаторы час ён наведаў нарачанцаў, гасьцяваў у “адмірала” Лынькова, аматара прагулак на лодцы з магутным маторам. Аднойчы ён угаварыў Коласа пакатацца, завёз далёка, і раптам наляцеў шквалісты вецер. “Мараходы” ледзьве не ўтапіліся, прыйшлося пахвалявацца. У тым 1954 годзе прыйшла цяжкая вестка з радзімы, з Акінчыц – памёр старэйшы брат Уладзя. Колас, як ні цяжка яму было, выпраўляецца, каб разьвітацца з ім, разьвітацца назаўсёды...
А ўвосень, перад другім усесаюзным зьездам пісьменьнікаў СССР, адбыўся трэці зьезд пісьменьнікаў Беларусі. Адкрыць яго даручылі Якубу Коласу, яму прыходзіцца рыхтаваць прамову. У ёй, аддаючы даніну дасягненьням пад кіраўніцтвам партыі, Колас уздымае пытаньне – чаму няма твораў, у якіх была б адлюстраваная веліч падзеяў апошніх гадоў. І сам дае адказ – недаацэнка сваёй ролі як пісьменьніка. Дзеля абгрунтаваньня думкі зьвяртаецца да верша Пушкіна “Прарок” і каментуе: “Паэт у разуменьні Пушкіна павінен мець зоркія вочы, каб многае бачыць, чуткі слых, каб шмат чаго пачуць. Паэт павінен мець адзыўлівае сэрца, каб адгукацца на ўсе праявы і падзеі ў жыцьці, якія хвалююць людзей. “Празд­нословный и лукавый язык” Пушкін вырывае, бо гэты язык, у нашым разуменьні, ёсьць язык халтуршчыкаў. Сапраўднае ж слова паэта-грамадзяніна, інжынера чалавечых душ, павінна запальваць агонь у сэрцах людзей і клікаць іх наперад, на шлях прагрэсу, культуры і маральнага ўдасканаленьня. Таму і сам паэт павінен быць маральна чыстым”. І не арыгінальныя рыфмы, вычварныя сказы вянчаюць верш, а яго ідэйная накіраванасьць, думка, філасофія верша, яго музыка. І ня важна, што лермантаўскі “Парус” мае дзеяслоўныя рыфмы, яны не адчуваюцца на фоне карціны мора, адзінокага ветразя ў тумане, блакітнага промня сонца.
“Кожны буйны твор павінен выступаць пад тым ці іншым сваім сьцягам. Другімі словамі такі твор павінен выражаць пэўную праблему, як напрыклад, раман Леаніда Леонава “Рускі лес”.
У цэлым выступленьне прагучала як аналіз і праграма мастацкай творчасьці пісьменьнікаў, як гэта бачылася народнаму паэту. У выступленьні на ўсесаюзным зьезьдзе, закранаючы пытаньне аб станоўчым героі, ізноў спасылаючыся на Пушкіна і яго патрабаваньні, Колас адзначыў неабходнасьць, каб герой стаяў на ўзроўні аўтара і не знаходзіўся ў духоўнай адзіноце. Поруч з ім павінны быць, калі не роўныя па інтэлекту і шырыні поглядаў, дык хаця б аднадумцы. Другое пытаньне, якое адзначыў Колас – аб крытыцы і яе недахопах. На зьезьдзе з досыць рэзкімі словамі пра становішча ў літаратуры выступіў Міхаіл Шолахаў. Яго выступленьне выклікала палеміку і асуджэньне. Колас адаслаў Шолахаву ліст у падтрымку яго выступленьня.

Але хваробы ўсё часьцей давалі пра сябе знак. У лісьце ад восьмага ліпеня Колас піша да П. Броўкі, што лячэньне нічога не дало: “Рукі баляць мацней, чым балелі дагэтуль. Да суставаў рук далучыўся боль у суставе правага пляча... Сплю я тут кепска... А ўрэшце ж я быў бяссонны ўсё сваё жыцьцё. З горкімі думкамі гадаю пра тое, што да канца жыцьця астануся бязрукім інвалідам. Добра яшчэ, што гэтага жыцьця засталося не дужа багата. Ногі з трудом носяць мяне па зямлі. Галава круціцца, як біч на цапільні, – блізка мой захад. Нічога, апроч газет, не чытаў, нічога не пісаў. Работа ж не ўся зроблена: не дапісана “На шляхах волі”, не прыступіў да напісаньня аўтабіяграфіі, аб чым я даўно думаю. Проста ляжаў, сядзеў, думаў, пераадольваючы “культ личности”. Вельмі шкада, што не пераадолелі яго раней, калі быў жывы сам “культар”. Тлумачэньне, што тады нельга было пераадольваць, не пераканаўчае: ці мог стаяць высока ў вачах народа чалавек, які ўзяў на зьнішчэньне і зьдзек амаль па чалавеку з кожнай сям’і савецкіх людзей? Аўтарытэт яго быў штучны, узгадаваны на грунце страху за сваё жыцьцё, за свой дабрабыт. І мы так напалоханы, што не адважваемся адкрыта гаварыць пра гэта і цяпер. І, напэўна, ты, перачытваючы гэтыя радкі, ускінеш плечы, нахмурышся і падумаеш: “І навошта ён піша так?”... Цалую цябе моцна. Бывай шчасьлівы. Твой Якуб-інвалід”.
У канцы ліпеня я ў апошні раз езьдзіў з бацькам у Вусьцянскія хвайнякі і зрабіў апошняе фота, дзе ён, трымаючы ў руцэ шляпу, ішоў па хвойніку, зьбіраючы нешматлікія баравічкі. На наступны дзень я ў складзе каманды выехаў у Маскву на першую спартакіяду народаў СССР.
Праз некалькі дзён ён у апошні раз наведаў гэтыя дарагія сэрцу мясьціны. І роўна праз месяц ад ліста да Броўкі ён напісаў ліст Максіму Лужаніну: “Дарагія Максіме і Жэня! Сягоньня прышло да мяне тваё пісьмо. <...> Аб сабе што скажу? Ногі не служаць, шмат хадзіць не магу – паехаць, скажам, у Балачанку па баравікі не адважваюся: лягчэй Максіму-адміралу праехаць над нарачанскімі бяздоньніцамі, чым Якубу Коласу па гравійцы Магілёўскае шасэ – Пухавічы. ” <...> Цалую вас, нарачанцы, абнімаю, і ўсё ж такі заўсёды жыць на Нарачы не згодзен. Прывітаньне сям’і Танка, Міхала, Куляшова і ўсім вам. Цалуе вас Якуб Колас, якому сыходзіць тэрмін жыць на гэтым сьвеце. Якуб Колас”.
Гэты ліст быў напісаны за пяць дзён да яго апошняга дня і дня нараджэньня ўнучкі Марыі, названай у гонар яе бабкі, – жонкі паэта.
Я імкнуўся прыехаць у гэты дзень з Масквы, дзе прымаў удзел у спаборніцтвах і выступіў пасьпяхова, заняў два прызавыя месцы з выкананьнем нарматываў майстра спорту. Я не застаўся на заключны банкет, які ладзіўся для ўдзельнікаў спартакіяды, з нецярплівасьцю чакаў звароту ў родны Менск. З самай раніцы настрой быў такі прыўзьняты, так хацелася парадаваць бацьку посьпехамі, што міжволі лавіў сябе на думцы – каб не прыйшлося плакаць увечары. Пры прыбыцьці на станцыю я з вакна згледзеў жонку поруч з нашым сябрам Сяргеем Касьцюковічам і ...чамусьці з сястрой у белым халаце. Гэта насьцярожыла мяне. На пероне ка мне падбегла жонка і сказала, што бацькі з намі больш няма...
Які ўдар абрушыўся на маю галаву! Прыкмета спраўдзілася: радасны настрой зранку абярнуўся ўвечары вялікім горам.
У апошні дзень свайго жыцьця бацька напісаў ліст да Гарадзецкага: “Дорогой, хотя и не очень преданный друг Сергей! <...> Похвалиться здоровьем не могу. Давление тоже было высокое – 240, я же никаких мер не предпринимаю – оно само снизилось. Сколько сейчас – не знаю. Вчера пролежал в постели целый день. <...> Сегодня надо кое-куда зайти. <...> Не забывай 15 сентября – 50 лет моей так называемой литературной деятельности. Целую. Твой Костусь”.
Так, да 50-годдзя літаратурнай дзейнасьці заставалася ўсяго два месяцы, а “кое-куда зайти” – напэўна, мелася на ўвазе ЦК КПБ. Менавіта туды ў апошні дзень жыцьця ён аднёс ліст аб стане беларускай мовы. Над ім Колас працаваў у апошнія месяцы і закончыў у канцы траўня. Гэты ліст ён хацеў перадаць непасрэдна першаму сакратару – К. Т. Мазураву. Але, як сьцьвярджаў брат, у выніку занятасьці Мазурава, затым ад’езду ў Барвіху і інш. – атрымалася затрымка. Колас накіраваўся да другога сакратара Ц. С. Гарбунова. Але і Гарбуноў быў заняты і не прыняў яго. Аб намеры Коласа яму было вядома, і праз некалькі дзён пасьля пахаваньня бацькі брату пазванілі, каб гэты ліст даслалі ў ЦК. Данік зьняў копію і ліст занёс Гарбунову. У прысутнасьці былога памочніка Патолічава – Шыраева – Гарбуноў услых прачытаў гэты ліст, падзякаваў брату, паціснуў яму руку. Ці быў зарэгістраваны гэты ліст, ці не – можна даведацца толькі з архіву ЦК КПБ. Пакуль што ён не знойдзены. Ліст быў замоўчаны і толькі праз многа гадоў на­друкаваны. У ім занатаваны галоўны клопат усяго жыцьця паэта – клопат аб роднай мове, аб пашырэньні сферы яе ўжываньня. Гэта – апошняе слова народнага паэта, якое можна разглядаць як запавет. Яно застаецца актуальным, і таму лічу патрэбным прывесьці увесь тэкст:
“У Бюро ЦК КПБ
Дарагія таварышы!
Калі б сіла ўяўленьня змагла паказаць мне гадоў 50 таму назад сягоньняшні Мінск і ўсю нашу рэспубліку такімі, якімі яны зараз ёсьць, гэта здалося б недасяжнаю мараю, непраўдзівым сном. Я гавару аб тым, што асабліва дорага майму сэрцу, бо на маіх вачах узрос і адужаў народ беларускай зямлі, стаў жыць непараўнальна лепш, зьмяніў аблічча свае зямлі. Маладыя людзі ўжо не могуць уявіць сваю краіну без аўтамабіля на вуліцы, без трактара на полі, без велічных гарадоў, без электрычнага сьвятла, без усеагульнай граматнасьці, без кіно, тэатра. Гэта ўсё – наша праца, клопат... Нашы здабыткі – гэта мы самі, савецкія людзі, працавітыя, простыя. З тым большай пільнасьцю і дбайнасьцю беражом мы сваё шчасьце, пра­цу, свае багацьці.
Найвялікшым духоўным багацьцем народа зьяўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народу, яго працоўнае жыцьцё, яго барацьба, яго смутак і радасьць, яго прырода, яго любоў і гнеў. Любіць і шанаваць мову нас вучыў вялікі Ленін, выдатныя пісьменьнікі, вучоныя, педагогі.
Беларуская мова параўнаўча маладая. Хоць і даўно ўжо гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўленьня. Таму задача савецкай інтэлігенцыі рэспублікі – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, першае, штодзённым яе ўжываньнем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах.
Ці ўсё добра ў нас у гэтых адносінах? Далёка не ўсё. На мой погляд, далейшае разьвіцьцё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур’ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльдаў і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў. Сьмешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкай шашы на працягу 30 кіламетраў, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова. Толькі ў Русінаве на дасьледчай бульбяной станцыі знайшлося два пачарнелыя ад часу надпісы: “Кузьня” і “Сьвіран”. Дый то, відаць, яны былі зроблены ў 30-х гадах, да рэформы правапісу, бо пасьля мяккіх зычных у іх стаіць мяккі знак. Няўжо нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасьць не падводзіць! Бо колькі ні пішы “Казьбек” на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх. Сьвіслач рака незайздросная, але калі папяросы з такой назвай будуць самымі лепшымі, дык яны знойдуць попыт ва ўсім Савецкім Саюзе. Чаму ж мы дапускаем, каб беларускія этыкеткі зьяўляліся толькі на дрэнным гуталіне і на не вельмі смачных водах? Гэта ж і мала, і проста крыўдна.
Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць паседжаньняў. Што ў Акадэміі існуюць інстытуты мовы і літаратуры, яшчэ справы не рашае. У нас дасюль не распрацавана беларуская тэрміналогія па ўсіх галінах навукі, а гэта дало б магчымасьць пісаць па-беларуску навуковыя працы, выкладаць па-беларуску сьпецыяльныя дысцыпліны. Няўжо навуковая праца, калі яна ўдалая і цікавая, што-небудзь страціць пры напісаньні па-беларуску! Наадварот, яе будуць перакладаць і пашыраць на многіх мовах сьвету, як гэта робіцца з творамі нашых літаратараў. Могуць сказаць, што, стаўшы на такі шлях, распужаеш з Акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не валодаюць мовай. Не, ніхто не зьбіраецца саджаць за азбуку паважаных і сур’ёзных людзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету. Большасьць жа нашых вучоных – беларусы, і мову яны ведаюць, але ёю не карыстаюцца. У іх адрас і накіраваны гэты папрок. Бо хіба можа быць сур’ёзнае разьвіцьцё навукі, калі вучоныя не хочуць паважаць мовы народа, на зямлі якога яны працуюць?
Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Ну, няхай у іх іншыя сродкі выражэньня думак і пачуцьцяў, не моўныя. Аднак зрабіць уклад у нацыянальнае мастацтва і музыку, не ведаючы мова народа, немагчыма. Мова – важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць валодаць усімі духоўнымі багацьцямі народа.
Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны зьдзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўленьня, пастаноўкі націскаў, мова засьмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газетных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газеты і часопісы “прадстаячы”, “маючыйся”, “кіруемы” і іншыя страхападобныя словы.
Тэатры, ставячы перакладныя п’есы, па-свойму, няграматна папраўляюць перакладчыкаў, зьмяняюць сказы і словы, бо, бачыце, беларускае слова “не гучыць”. Беларускае слова гучыць, але яны не ведаюць яго, не імкнуцца зразумець сэнс і данесьці яго да гледача. Назвы п’ес тэатры стараюцца даць так, каб яны былі не перакладзены, а толькі напісаны беларускімі літарамі. Дарэчы, тэатр оперы і балету ніяк не можа ўзьбіцца на арыгінальны рэпертуар, пераклады лібрэта класічных опер не робяцца. Сьпевакі, артысты філармоніі, чытальнікі занядбалі беларускі рэпертуар. Можна пачуць, што такога рэпертуару няма. Няпраўда, ёсьць і творы для чытаньня. Трэба працягнуць руку і ўзяць. А пачні шырэй выконваць, дык і рэпертуар пашырыцца, будзе больш ахвоты працаваць у стваральнікаў яго.
Студыя “Беларусьфільм” здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не зьяўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.
Што ж мы маем у галіне нацыянальнай асьветы? У вузах, тэхнікумах, школах выкладаньне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны разьмешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысьля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды. Нават у многіх школах вясковых мясцовасьцяў беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, супраць беларускай школы зьяўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразьлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу над ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разьбірацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданьне народа? Можа, сапраўды наш народ перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць! Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгасьнікаў: у іх вуснах гучыць чыстая, прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпадзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць. Але ёсьць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастаткова разьвітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асьветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць беларускую школу і наогул выкладаньне мовы ў ёй. Але не волю народа выконваюць яны, блізарукія. Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменьню, а з другога – нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасьці, ворагі дружбы народаў. Наогул недастатковая ўвага да мовы дае матэрыял для плётак і інсінуацый нашым замежным ворагам і іх паслугачам.
У чым жа прычына сягоньняшняга становішча з мовай?
У пэўны час – ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? – вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады – значыла зарабіць ярлык нацыяналіста.
Прашу разумець мяне правільна. Партыя вяла справядлівую барацьбу з буржуазным нацыяналізмам, ускрываючы шкоднасьць і карэньні гэтага зла. Я маю на ўвазе іншае, а іменна тыя нездаровыя зьявішчы, у выніку якіх значная колькасьць партыйнай і савецкай інтэлігенцыі рэспублікі былі бязьвінна рэпрэсіравана. Дык вось, баючыся быць пакаранымі без віны, людзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову. Гэтак было са старэйшымі. Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасаваньня, не ўжываецца для выкладаньня, для перапіскі, не гучыць на сходах...
На жаль, не было зроблена ніякіх крокаў, каб паправіць гэты крэн ад свае мовы. Вымушаны выпадковымі і нездаровымі абставінамі адыход інтэлігенцыі ад беларускай мовы пачаў няправільна разумецца наогул нелюбоў да яе народа, нежаданьне ёю карыстацца. З гэтага неразуменьня і вынікла тое, што ўжываньне беларускай мовы паступова зьмяншалася.
Ці не даволі разважаць і перайсьці да канкрэтных прапаноў? Становішча мовы ў рэспубліцы патрабуе паляпшэньня. Я не думаю аб нейкіх адміністрацыйных загадах, сьмешна было б беларусізаваць беларускую рэспубліку. Усю справу можа вырашыць добры прыклад. Лягчэйшым за ўсё іншае мне здаецца такі шлях. У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасьцяў, сьвяткаваньняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказала павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі. Добры прыклад пярэйдзе ў вобласьць, а затым і ў раён. А то ж сапраўды нецікава атрымліваецца, што сакратары райкомаў і старшыні выканкомаў гавораць з народам не на яго мове. Мне думаецца, такім шляхам можна дасягнуць большага кантакту і ўзаемаразуменьня.
Другое. Такія ўстановы, як Міністэрства культуры, Міністэрства асьветы, могуць і павінны весьці сваю работу па-беларуску. Калі беларускаю моваю загавораць міністры і іх шматлікія намесьнікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове пасе­джаньні, пісаць, дык можна мець пэўнасьць, што справа пойдзе на лад.
Само сабой зразумела, ніякай цяжкасьці не складзе і карыстаньне мовай у творчых арганізацыях мастакоў, кампазітараў, у тэатрах. Укараненьне мовы ў Акадэміі зробіць уплыў на ўкараненьне яе ў навучальных установах. Выкладаньне самой мовы і асноўных прадметаў на ёй справа не цяжкая. Кадры ёсьць, падручнікі ёсьць – трэба толькі паваротлівасьць міністэрства. Вядома, што колькасьць беларускіх школ павінна быць павялічана і ўмовы ў іх павінны быць добрымі.
Я не майстар рабіць прапановы, іх трэба пашырыць і паглыбіць. Аб усім гэтым неабходна добра і ўважліва памеркаваць. ЦК знойдзе адпаведныя метады і сродкі. Пачаў жа я гэтую гаворку таму, што не мог не пачаць, таму, што адчуваю гэта сваім абавязкам перад народам.
Якуб Колас”.