12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Мінкін

_____________________
Ляціць душа...
Вершы


СМАЎЖЫ

З прамоклых зарасьцяў ажыны
Пасьля абложнае iмжы
Павыпаўзалi на сьцяжыны
Дасьпехi прасушыць смаўжы.

Павытыркалi рогi-пiкi,
Нiбыта ў латах ваяры,
I так i пруць пад чаравiкi,
Смаўжы, маруды, недатыкi,
Вiльготных нетраў жыхары.

Ах, грозны выпаўзак смаўжыны,
Каб пад абцас прыпадкам вы
Ня трапiлi – вас са сьцяжыны
Перанясу я ў схрон травы.

СТРАКАЗА

Стракозка на галінцы
Ад сонца аж зіхоча,
Вясёлкавыя крылцы,
Смарагдавыя вочы,
Танюсенькія ножкі,
Вузенькая сукенка...
Пабудзь са мной шчэ трошкі,
Прывабная паненка!


МУ

Ігару Бабкову

– Слухай, кароўка-бурэнька, чаму
Гэтак тужліва ты мыкнула: «Му-у-у...»?
– Му-у-у! – адказала бурэнька тужліва. –
Сэнс майго «му» зразумець немажліва.


ХУТКАЯ ПЛЫНЬ

Ня трэба, каханая, слоў. Памаўчым.
Нiхто не валодае мовай, якою
Два сэрцы, спавiтыя пешчаў ракою
Размову вядуць, у нябыт плывучы.

Глядзi, якi морак, i шэрань, i стынь
Залеглi наўкола страшлiвай аблогай...
Дык будзем жа моўчкi адно да аднога
Тулiцца.
Хай зносiць нас хуткая плынь.

ГРАВЮРА

У гарлачы на стале хрызантэмы...
Гэта ня прыклад няўдалай квантэмы –
Гэта пачатак мiлоснае тэмы.

Нашы альтанкi, прысады i паркi,
Сьвет на дваiх, незваротны i яркi,
Жалем запралi няўмольныя Паркi.

Што засталося? Сьвiтанак пахмуры.
Надпiс «кахаю» на зжоўклай гравюры.
Томiк журботных лiстоў Сенанкура.


ДЗЬВЕРЫ

Няiсьней, чым кружляньне пудкай молi
мой жыцьцяпiс.
Ня бель аблокаў – цяжар шэрай столi
згары навiс.
Ня плёскат хваль, не дасканаласьць цела,
ня шорхат крыл –
а маўклiня й на вокладках зжаўцелых
стагоднi пыл.
I ў снах той самы незагойны верад,
што вось знайшоў
аднойчы ў край, жахлiва-пекны, дзьверы –
i не ўвайшоў...

БЭЗ

*
У вазе зьвяў духмяны бэз.
А я паперы скрэмзаў жмутак...
Я доўга быў з табой i без
I вызнаў, што такое смутак:
Ён, пенiста-лiлёвы спрэс,
Так нас спавiў, i так захутаў,
Як той зьдзiчэлы прагны бэз,
Што плот збуцьвелы пералез
I ахiнуў забыты хутар.


**
Рассунуў бэз я... Акурат
Насупраць, у ваконнай шыбе,
Губамi варушыў, як рыба
Бязгучна, за чытвом мой кат.

Карпеў да ранку, мусiць, ён
Над мудрым томам «Капiтала»,
Скуль навукова вынiкала,
Што ўсiм, такiм як я – гамон!

Было ўсё вызначана спрэс
Там аж да «чыстак» i «лiкбеза»...
Адно ня ўлiчана: куст бэза
Пад самай шыбай i абрэз.


***
Пад мурам таго самага механiчнага цэху,
Дзе Кукабака вырабляў пратэзы,
Штогод у траўнi зацьвiтаў куст бэзу,
Сарамлiва затуляючы шчарнелую цэглу.

Такой нязвыклай i такой сiрочай
Была сярод шкла, бетону й жалеза
Лiлёвая квецень квiтучага бэзу,
Што Кукабака адводзiў вочы.

На тэрыторыi, абнесенай дротам,
Квiтучага бэзу лiлёвая кiпень
Здавалася Кукабаку дзiвосным выкапнем
Нейкай недарэчнай, забытай пяшчоты.

Напэўна ў Кукабакаў задушны закутак
Той, хто ня церпiць нiякага лiшку,
Дадаваў штогод пяшчоты крышку,
Каб яшчэ яскравей адцянiць пакуту.


ПЕНАТЫ

Зноў я вярнуўся нi з чым
Да гэтых згнiлых варот,
Скуль праз няўрод i нiшчым
Паразбрыдаўся мой род.

Я ненадоўга, але,
Божа, якi гэта жаль
Бачыць у стылай iмгле
Сад абляцелы амаль.

Божа, ад пунь i ад хат
Цягне такою жальбой,
Што застаецца няшмат,
Каб не пакончыць з сабой.

Божа, калi ўжо й мяне
Перст Твой, як яблык, страсе –
Хай яшчэ раз сьлiзгане
Цень мой па цёмнай страсе.


ШПАК

Прасьвiсьцеў я, быццам шпак,
Дарагое-залатое,
I жыцьцё маё, што гляк –
Аж да дна наскрозь пустое.

I ляцiць душа туды,
Скуль вяла яе дарога:
Да палёўкi-лебяды,
Да гарлачыка рачнога.


КУФАР

Так было: я ў сябе зазiрнуў,
Быццам хто века куфра пiхнуў.

Думаў, скарбаў адкрыю тайнiк,
А адкрыўся смуродны гнайнiк.

Думаў, боскае ўбачу сьвятло,
А там сыкала гадаў кубло.

Думаў, ёсьць хоць на дне прыгажосьць,
А знайшоў раздражненьне i злосьць...

Апусьцiце сьвiнцовае века
I замкнiце нутро чалавека!


ПАНЯВЕРКА

М. М.

Ты паглядзі, кім стала ты цяпер…
Баішся нават глянуць у люстэрка,
Бо ў поглядзе тваім стаіўся сумны зьвер,
Якога не прагнаць, а клічуць – Паняверка.

Ты моліш усю ноч: «Сыйдзі, шалбер,
Я сукню белую хачу дастаць з куфэрка,
І стаць ранейшай…» Не сыходзіць зьвер,
Падступны зьвер з мянушкай Паняверка.
Ты кажаш: «Мне нязносны твой ашчэр!
Каб ты мне ў вочы не глядзеў,
я разаб’ю люстэрка!»
Разьбіла… ды сьмяецца кпліва зьвер,
Найгоршая з хімер, нязводны Паняверка.

АНЁЛ

Мой анёл, белакрылы мой кат,
Столькі год пад тваёй я апекай,
Столькі год пагражаеш мне пеклам...
Ды ў свой рай мяне возьмеш наўрад.

Жорсткасьць вуснаў і погляд ва ўпор:
Ты катуеш мяне без супыну.
Я кажу: «Мне даволі, я гіну...»
Ды стэрыльны заўжды твой убор.

Бачу спрэс яго бель-чысьціню,
Што пануе над сьветам убога...
Царства Бога бяз каліўца Бога
У кашмарах страхотлівых сьню.


ДВОРНIК

Надараецца, жахам агорне
Ад таго, што яшчэ не памёр...
Ды са зьдзiвам пачуеш, як дворнiк
Ачышчае засьнежаны двор.

Звыклы лад пахiснуўся, пажухлi
Усе веры й атожылкi вер –
А вось дворнiк шкрабе сваёй шухляй
I тады, i заўжды, i цяпер.

Ён адкiдвае да агароджы
Сьнег наносны i сыпле пясок,
Каб няўпэўнены ў заўтра прахожы
Пасьлiзнуцца ня мог неўзнарок.


КУКАБАКА ПЕРАД ЛЮСТЭРКАМ

Я ўзiраюся ў люстэрка –
Як жа час мяне скаверкаў:
Зжоўклы твар у зморшчках спрэс,
Плех на месцы, дзе быў лес...

Эх, падсела, падгнiло,
Пане Дух, тваё жытло,
У якое мiмаходзь
Запiхнуў цябе Гасподзь!

НАСТАЛЬГIЯ

Паглядзi: над дахамi гораду
У вячорнай, дажджыстай iмгле
Возiць хохлiкаў баба Каргота
На сваёй абтрапанай мятле.

Прыкра. Мокра. Iмжака цярусiць
Усю ноч... А яна – хоць памры! –
«Мы беларусы з братняю Русьсю»
Гугнявiць з хохлiкамi да зары.


ПАХМЕЛЬЛЕ

Усё так, як раней, толькі троху
Больш падвоху ў паветры й спалоху,
Больш паныласьцi ў тварах i смутку,
Больш нянавiсьцi ў кожным закутку,
I глядзяць адусюль блазнавата
Зьвiльгатнелыя вочы вар’ята.

Зноў стрыножаны конi Пагонi,
На iх месцы – дубiнкi, пагоны,
I разумнiкi зноў не ў цане,
I вусаты партрэт на сьцяне.
«Што ж, за пляшкай схаджу, буду пiць...
Можа загадзя кайстру купiць?»