12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Вінцэсь Мудроў

_____________________
Шпег.
Навелы


Навела гэтая мае сваю гісторыю. Напісаная
яна немаведама калі (яшчэ як мы з Мінкіным
жылі на Поўначы). У мяне там, у вагончыку,
надарыўся пажар. Шмат якія паперы згарэлі, думаў
і гэтая навелка пайшла дымам. Але нядаўна перабіраў свой архіў і знайшоў колькі абгарэлых лісткоў.
Першыя дзве старонкі твору, праўда, адсутнічалі.
Аднавіў па памяці.
Аўтар.

Мне было дзевятнаццаць гадоў. Я ляжаў на мулкай лаве і зацята глядзеў на міргатлівую зорку – яна толькі што выплыла з-за фіранкі. Зорка то бліскала, то патухала, захінутая на імгненне галінамі старой яблыні, якая расла пад вакном.
Гаспадыня кватэры, у якой кватараваў, таксама не спала. І калі яна з цяжкім уздыхам пераварочвалася з боку на бок, я таксама ўздыхаў. Гаспадыню звалі Сабінай і яна была на пятнаццаць гадоў старэйшай ад мяне.
На пячной ляжанцы адчайдушна хроп ейны муж – кадыкасты, па-брэжнеўску густабровы бамбіза. Печка была напалена як домна, я ляжаў, накрыты адной прасцінай, а гэты храпун штоначы ўзбіваўся на самую гарачынь ды яшчэ спавіваўся старым кажухом.
– Ну і храпець, – раз-пораз выдыхала Сабіна. – Мне карцела сказаць штосьці ў адказ, але я не адважваўся. А яшчэ мне карцела падысці да жанчыны, сцягнуць з яе коўдру і з пяшчотнай павольнасцю правесці рукой па малочна-белым сцягне. Я разумеў, што ніколі не зраблю гэтага, але палкая фантазія не давала спакою і зганяла сон з павекаў.
Я толькі трэцюю ноч спаў у хаце, на старой лаве, якую гаспадары называлі тапчанам. Дагэтуль мы з Лозкам, старастам групы, месціліся на верандзе. Тры дні таму Лозку – студэнту-пераростку, які паспеў ужо адслужыць у войску, заехалі вязанкай лёну, самым камлём, у вока, і ён паехаў дахаты, бо вока пачырванела ды пакрылася блакітнай плеўкай. Якраз таго дня ўдарыў мароз і гаспадыня прапанавала начаваць у хаце, на драўлянай, паточанай шашалем лаўцы з выразанымі на прыслоне загадкавымі літарамі “НКПС”. Я доўга маракаваў – што б яны маглі азначаць. І толькі калі даведаўся, што лаўку прыцягнулі калісьці з разбомбленай немцамі чыгуначнай станцыі, уцяміў: гэта было майно Народнага камісарыяту шляхоў зносінаў.
Гаспадар меў прозвішча Кірпіч – з націскам на першы сказ. Кірпіч быў сугнеем; ён і са мной амаль ніколі не размаўляў. Толькі аднойчы спытаў, насупіўшы кудлатыя бровы: калі мы, студэнты, з’едзем дахаты. Праўда, да Лозкі ён ставіўся больш лагодна: распытваў пра службу ў войску. Аднаго разу яны нават выпілі на пару пляшку гарэлкі.
Таго дня, як стараста пашкодзіў вока – мы з Лозкам закідвалі лён у пуню – да нас пад’ехаў на кані калгасны брыгадзір.
– Ну, як там вам, у Кірпіча? – прозвішча было прамоўлена з націскам на апошнім сказе.
– Нармальна! – крыкнуў Лозка, завіхаючыся з калянымі вязанкамі, і брыгадзір, ссунуўшы з патыліцы на нос кепурку-васьміклінку, жартам папярэдзіў:
– Сабіна ягоная… любіць маладых хлопцаў. Толькі ж вы да яе не чапіцеся. А то Кірпіч раўнівы. Аднойчы ў іх салдат быў на пастоі, дык ён яго збіў на горкі яблык. Два гады потым на Аршанскай зоне адбухаў.
Жарцік запаў у душу і калі адвячоркам, праводзіўшы Лозку на аўтобус, я вярнуўся на веранду, думкі мае апанавала жанчына, прыглушаны голас якой гучаў за сценкай…
А ўчора ўначы гаспадыня папраўляла падушку і незнарок адхінула край шторы, якая аддзяляла ложак ад святліцы. Праз шчыліну, у шэрым прыцемку, я ўгледзе малочна-белае сцягно, такі ж белы, трохі пукаты жывот і кроў гарачай хваляй апякла твар.

Вось і цяпер мне мроілася малочна-белая пляма, мроілася, што Сабіна лашчыць свае сцёгны рукою – я памкнуўся ўцяміць – сон гэта, ці ява, і нечакана прачнуўся ад зацятага сабачага брэху. Гаспадарова Жучка – істота крывалапая і куртатая – брахала з рыкам, стогнам і прагавітай нянавісцю.
– Ну до табе ўжо, до… – азвалася за шторай Сабіна. – Яна хацела тым самым абудзіць мужа, але той адно схрапянуў спрасоння.
Жучка, нібыта пачуўшы гаспадыню й сапраўды змоўкла, але толькі на імгненне. Неўзабаве зноў забрахала, але цяпер ужо з жаласлівым скавытаннем.
– Мішка! – голасна выдыхнула жанчына і на ляжанцы заварушыліся.
– Чаго табе?...
– Ты што, не чуеш як сабака заходзіцца? Можа ваўкі блізка?
Гаспадар мацюкнуўся і глуха, відаць, з галавой захінуўшыся кажухом, адказаў:
– Тут бы на ўсю вёску галас стаяў. А так толькі Жучка брэша… суседскія не дапамагаюць.
– А можа шашок у хлеў убіўся?
– Спі ты, шашок… Курэй жа не чуваць…
Я стаў углядвацца ў вакно, спрабуючы па руху зоркі вызначыць – ці доўга спаў, і нечакана, скрозь сабачы брэх, пачуў дзіўныя зыкі. На двары, каля плоту, штосьці глуха гуло і шаргатліва цёрлася аб штыкеціны. За час кватаравання я добра вывучыў гукі Кірпічовага жытла. Ведаў – у якім месцы рыпаюць масніцы, дзе спявае цвыркун і ў якім баку шоргае вецце аб сцену хаты. Пачуты зык быў невядомы, нават злавесны. Сабіна, відаць, таксама пачула дзіўны шоргат і наструніла слых. Вецер дзьмухнуў з новай сілай, зык паўтарыўся, прычым, цяпер штосьці настойліва шарканула па страсе, і гаспадыня з пярэпалахам у голасе прашаптала:
– Міш…
Гаспадар адразу адгукнуўся, голасам дрогкім і шапятлівым:
– Чую, чую…
– Выйдзі, паглядзі – што там…
Гаспадар ладны час ляжаў без дыху і без руху, і толькі калі па страсе шкрабатнулі як мае быць, бязгучна споўз з ляжанкі.
– І хто там валтузіцца? І Жучка асіпла ад брэху, – з панікай у голасе прашаптаў Кірпіч, прыпаўшы да ваконнай шыбы. – Гаспадар відавочна шукаў маёй падтрымкі, але я прыкінуўся, што сплю, нават засоп дзеля прыліку.
Нічога не ўгледзеўшы, Кірпіч з апаскаю – аніводная масніца не азвалася – падаўся ў сені.
Выхадныя дзверы рыпнулі перарывіста і зычна, засведчыўшы, што іх адчынялі з насцярогай. Я прыўзняў голаў. Знадворку ізноў зашамацела, у сенях гучна бразнула вядро і Кірпіч, заляцеўшы ў хату, пераселым ад хвалявання голасам выгукнуў:
– Шпіён!
Я падхапіўся на ногі, памкнуўся надзець штаны ды заблытаўся ў калашынні й кінуўся на двор у адных трусах.
У твар дыхнуў халодны вецер, сэрца парывіста затахкала, але тут жа і сунялося, калі я пабачыў над галавой вялізны шар: пачапіўшыся да плоту, ён мерна біўся аб край страхі.
– Радыёзонд прыляцеў, – патлумачыў я гаспадару, галава якога ціхенька вытыркнулася з дзвярной проймы.
Мы ўвайшлі ў хату, сталі апранацца, і я распавёў Кірпічу ўсё, што ведаў пра радыёзонды.
– Дык, кажаш, аж на сорак кіламетраў уздымаюцца? – перапытаў Кірпіч, калі мы выйшлі на ганак. – Гаспадар мерыўся запаліць, ды я тузануў яго за рукаво: паветраныя балоны поўнілі вадародам, і трэба было асцерагацца агню.
Кірпіч перарэзаў сцізорыкам шнур, які лучыў шар з бляшанай скрынкай, тузануў за канец шнура, прыкідваючы, ці прыдасца гэтая надзіманая халера ў гаспадарцы, і нечакана пусціў шар па ветры. Той шорхнуў наастачу па яблыневых галінах і паляцеў пад развітальны Жучкаў брэх уздоўж вясковай вуліцы.
– Хай яшчэ куды заляціць. А то прывяжы да плоту, дык на раніцу ўся вёска збяжыцца.

– …Божухна, гумовы пузыр са шпіёнам пераблытаў, – сустрэў мяне іранічны голас гаспадыні, калі я, завітаўшы па выпадку за хлеў і палашчыўшы змучаную брэхам Жучку, вярнуўся ў хату і бухнуўся на энкапээсаўскі тапчан.
– Ты нічога не ведаеш, дык маўчы, – незадаволена азваўся гаспадар. – Я адразу па вайне ў Дрысе вучыўся, дык нам вайсковец лекцыю чытаў. Пра імперыялістычныя падкопы. І фотаздымак паказваў, на якім дакладна такі пузыр быў сфатаграфаваны. Казаў, на на такіх пузырах шпіёны праз мяжу і пералятаюць. Ды я ў дзяцінстве… – гаспадар падвысіў голас, звяртаючыся ўжо да мяне, – сам на шпіёна ўзбіўся. Тут жа да вайны, адразу за Дзвіной, Польшча была. І вось мы пасвім аднойчы са старэйшым братам статак, а тут з-за кустоў чалавек выходзіць. Незнаёмы, не па-нашаму адзеты. “Як тут, хлопцы, да чыгуначнай станцыі прайсці? Мне, – кажа, – у Менск трэба, у Цэнтральны камітэт камсамолу”. Так і сказаў: не ў Мінск, а ў Менск. Лёшка, брат мой, неўпрыкмет падміргнуў, павёў таго чалавека ў Свольну, а я на заставу кінуўся. Начальнік заставы потым у школу прыходзіў. Падзяку нам абвясціў за дапамогу ў затрыманні лазутчыка.
Гаспадар змоўк, зычна керхануў, праз нейкі час засоп, а я ляжаў, размежыўшы вочы, і думаў: які подлы гэты Кірпіч. Здаў чалавека, і яшчэ ганарыцца. А гэта ж, відаць, быў заходнебеларускі камсамолец. Мяне апанавала злосць на Кірпіча. Я хацеў быў кульнуцца на бок ды ў гэты момант рыпнулі спружыны і гаспадыня белым прывідам выплыла з-за шторы. Нячутна, у сваіх лямцавых тэпцях, яна выйшла ў сені і там напорліва зумкнула вядро. У мяне заняло дыханне. Я перапоўз на край тапчана, і калі Сабіна ўваходзіла ў святліцу, схапіў жанчыну за руку. Думаў, гаспадыня закрычыць, лясне мяне па твары, а тая паказала вачыма на печ і стоена шапятнула:
– Заўтра.
Заўтра… якое чароўнае слова! Слова – прадвесце шчасця і ўадначас помста кадыкастаму мужлану, які дрыхнуў на печы. Дый не заўтра, а ўжо сёння, калі ў хаце не будзе Кірпіча (націск на апошні сказ), я зноў схаплю Сабіну за руку, прыпаду вуснамі да голага пляча, знямелай далонню правяду па малочна-белых сцёгнах!.. Вушы напоўніліся аднастайным шумам, і наўкол стала на дзіва ціха: нават Кірпіч пакінуў сапці і ходзікі не тахкалі на кухні. Я ляжаў у шчаслівым здранцвенні, і скрывіўся як ад болю, калі на печы схрапянулі, а на другім канцы вёскі – у той бок якраз паляцеў пузыр, – гамузам, з залівістым енкам, забрахалі сабакі.

1989 г.