12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марына Наталіч

_____________________
Лісты да каханага. Вершы


1.

Выстуджу хату знарок
І зьнікну –
Подыхам, павевам, скразьняком.
Была – і нястала.

Ты вернешся дадому,
А мяне няма –
Нідзе і ніколі – зьнікла.
У хаце-лядоўні ніхто не жыве –
Ні мышы, ні цвыркуны,
Нават шэрай вароны на панадворку ні сьледу.

Гукнеш мяне – рэха,
Паклічаш дамавічка – марна.
Можа, пашкадуе тваёй самоты
Кікімара Матрунка –
Кудлатая бабулька
З тварыкам дзіцяці.

Пастаіць-падрыжыць у парозе,
Пагалосіць сьціха
Над тваёю нядоляй,
Напалохае халоднай пяшчотай
Ды пойдзе.

О, як шкада мне небараку:
Лётаў па сьвеце,
Шукаў прыгодаў,
Золата, шакалад, птушак каляровых…

А я чакала,
Праглядала вочы.
Вёсны цурчэлі,
Леты сплывалі,
А ўвосень золата таго ў нас сумёты,
А жар-птушак пад вокнамі, бы сакатушак, —
Налятуць у хату ды пасядуць
На рушніках, на фартухах, у печы.
Горача нам, весела, чырвона.
Нават дровы палаюць ды сьпяваюць,
Кот вуркоча, руды і ласкавы.
Ад цябе ж ні голасу, ні дыху.
І паштаркі хату абмінаюць,
Сарокам нават надакучыла пляткарыць…

Вось і выстуджу хату ды зьнікну,
Бяры за жонку ледзяную прынцэсу
І цалуйся з ёй пад сьнегавою коўдрай,
А Марынку сваю не ўспамінай!
А то прылячу мараю, насланьнём,
Зоркай вогненнай, агнявіцаю
І спапялю бадзягу і здрайцу,
Што каханьне прамяняў на жаданьне:
Па людзях гуляць,
На волі блудзіць,
Сьвет белы сабою, як дзівам, дзівіць.
А я ж чакала…

2.

Сядае чырвонае сонца за сумёты,
А сьняжынкі ані чырванеюць,
Не прымаюць колеру ружовага,
Мо баяцца закахацца ды растаць.

Пралятала-дрыжэла галубка,
Пагубляла перыйкі ад сьцюжы.
Пазьбіраю іх ды пафарбую –
У сіняе, зялёнае, чырвонае –
І пушчу з далані па ветравею.

А раптам які сьмелы
Не спалохаецца сьцюжы,
Ветру не збаіцца,
Будзе глядзець на ўсе вочы,
Як сядае сонца за сумёты,
Чырвонае, як каханьне.

Ён зловіць каляровыя перыйкі
Ды падахвоціцца дазнацца:
А дзе тая галубка,
Што перыйкі паслала –
Сінія, зялёныя, чырвоныя?
Мо яна жар-птушка якая
Ды мяне чакае?
Во які разумны,
Во які цікаўны!

А то лятуць-валяцца сьняжынкі камякамі –
Сытыя, панылыя –
І кахаць баяцца…

3.

Неба, перыйкі, аблокі, —
Толькі яны вабяць мяне,
Бо лятуць – чыстыя, лёгкія, —
Не затрымаць іх,
Не злавіць сеткай,
Не ўчапіць кручком.
Лятуць сабе, як мроі,
Сплываюць і набягаюць ізноў –
Бо яны аблокі.

Нават неба ляціць,
Калі ляжыш у траве і глядзіш у сінечу;
І круціцца галава,
І зямля пад табою робіцца нетрывалай.

А перыйкі –
Пакуль на птушыных крылах, –
Яны яшчэ зямныя,
Зусім простыя,
Кажуць пра іх: “Пух і пер’е”.
А як птушка іх пагубляе, -–
Усё – цуд і мроя!
Яны вольныя ўжо, нябесныя
І зямлі больш не належаць.

Як хачу я згубіць сваё цела,
Цьвярдое, нязграбнае,
Гэты скрутак скуры ды цяжкіх костак,
І ляцець –
У сьвет, у аблокі, у нябёсы.

А нехта з зямлі паглядзіць на мяне –
Бесьцялесную –
І падумае:
“А што гэта? Анёл праляцеў?..”
І то будзе праўдай…

4.

Пакіну пасьля сябе кніжку,
Ці дзьве, ці пяць…
А колькі трэба дзеля шчасьця?
Сьмешна…

Балбочам усё жыцьцё,
Выкрыкваем усё грамчэй і грамчэй,
Напінаем глоткі і жылы, --
А толькі гэта шум-шумавіньне,
І не разабраць ні слова.

І кніжкі ня трэба –
Гэтай гары крамзэлаў
І плоймы плойм драбнюсенькіх літарак
Усіх альфабэтаў сьвету.
(Іх нават цікавей разглядаць,
Як іерогліфы нікому невядомай мовы.)

Лепш я напішу табе ліст –
Кароценькі, просты,
Дзе будзе зусім мала словаў,
І то самых звычайных:
“Мой харошы, дзень добры!
Я сумую…чакаю…кахаю…”
І ўздыхну.
А словы мае адаб’юцца ў Сусьвеце
І – застануцца. Навек…
Ты пачуеш іх у цішыні,
У самоце, сам-насам…
Я пісала табе і ўздыхнула,
Бо вечнасьць мінула.

А некалі нехта
Возьме ў рукі мой ліст
І ўздых
І прытуліць да сэрца.
І адгукнецца. Праз стагоддзі…
Люты 2006 г.