12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Шлях.
Папулярны біяграфічны нарыс


Я – шлях, якому век няма спакою…
Янка Купала.
Некалі, упершыню прачытаўшы «Безназоўнае», напісаную ў 1924 годзе і па сутнасьці апошнюю купалаўскую паэму Купалы, я сярод іншага запісаў: «Беларусь і беларусы – запозьненая мара гісторыі, ня зьдольная зьдзейсьніцца. Янка Купала – персаніфікаваная нязьдзейсьненасьць гэтай мары. Сон пра мару».
Было гэта гадоў трыццаць таму… Шмат чаго за прамінулы час адбылося і ў сьвеце, і ўва мне. Цяпер я ня думаю, што Беларусь – мара, ня здольная зьдзейсьніцца. І ўсё ж той Беларусі, пра якую бачыў сны Купала, як не было, так і няма, і ў гэтым сэнсе яна па-ранейшаму — «Безназоўнае». Як і тады, калі пісаў пра яе Купала сваю безназоўную паэму:

Было яно калісьці,
Калі, як жаўталісьце,
Жылі мы – не жылі…
У гэтай паэме няма ніводнага названага героя, ёсьць толькі абагуленае мы. Як і ў “Адвечнай песьні”, першай драматычнай паэме Купалы, герой ня мае імені, ён проста Мужык. І ў паэме “Сон на кургане” героем выступае нехта Сам, і ў паэме “На папасе” хтосьці Незнаёмы, які хоць і мае прыкметы біяграфіі самога Купалы, але так і застаецца безназоўным…
Хаваць сваё “я” за нечым, за некім, каб не вытыркацца, не назаляць – уласьцівасьць беларускага характару. Купала гэты характар ня надта любіў, але ж і сам быў беларусам.
Слова безназоўнае немагчыма перакласьці на рускую мову дакладна – ва ўсёй ягонай глыбіні. Безыменное альбо неназванное – зусім ня тое, альбо толькі частка таго, што ўбірае ў сябе безназоўнае. І нават па-беларуску значэньне, зьмест безназоўнага даволі цяжка вытлумачыць іншымі словамі…
Тут, бадай, дарэчы будзе сказаць некалькі словаў пра мову.
Зямля Меншчыны, на якой зьвілі калісьці свае радавыя гнёзды продкі Якуба Коласа і Янкі Купалы, стала ня толькі калыскай найвялікшых беларускіх паэтаў, але і радзімай сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Такой, якая яна ёсьць, беларуская мова існуе не ад веку. Фармавалася яна, як і ўсе мовы сьвету, з мноства гаворак і дыялектаў, якія былі настолькі рознымі, што чалавек, які жыў на Прыпяці, на поўдні Беларусі, мог і не зразумець чалавека з Нёмана ці Дзьвіны, з беларускага захаду ці поўначы. Але кожны, і найперпш кожны з тых, хто пісаў па-беларуску, даводзіў, што менавіта ягоная гаворка, ягоны дыялект самы правільны і найлепшы. І калі ў дваццатыя гады дваццатага стагоддзя насьпеў час зьвесьці ўсё самае правільнае і найлепшае да адзінай нормы, дык у падмурак, у аснову літаратурнай мовы былі пакладзеныя не паўднёвыя і не паўночныя дыялекты, а гаворкі цэнтральнай часткі Беларусі. Сталася тое ня без уплыву найлепшых беларускіх паэтаў, іх творчасьці, аўтарытэту. Так што ўся Беларусь размаўляе сёньня менавіта на мове Купалы і Коласа, на мове Меншчыны. Дакладней, магла б, павінна была б размаўляць…
Парадаксальна, але справа жыцьця двух беларускіх геніяў (дый ня толькі іх, сотняў іншых празаікаў і паэтаў, дзеячаў нацыянальнай культуры) стала драмай іх жыцьця. Спроба зьдзейсьніцца ў родным слове, зрушыць беларусаў да ўсьведамленьня саміх сябе як народу, як нацыі, дорага каштавала. Многім – самога жыцьця. Астатнім – даносаў, арыштаў, катаваньняў, турмаў, лагераў. Вымушаных публічных пакаяньняў, саманагавораў, самагубстваў… За што, чаму? Не таму ж, што яны літаратары. І яны гэта разумелі. Усе гэтыя людзі маглі выбраць іншы шлях, але іх прадвызначэньне было вышэй за іх жаданьні. Таму і спраўдзілася.
А ўсё пачыналася з мовы. Як у Бібліі: «Напачатку было слова…»
Абодва яны – і Колас, і Купала – спрабавалі пісаць на польскай мове. Спрабавалі на рускай… Не атрымлівалася, не выказвалася… Бо гэта былі мовы няхай адной і той жа крыві, але іншай групы. Іншага рытму, пульсу, дыханьня – і яны не супадалі з тым рытмам, пульсам, дыханьнем, з якімі Колас у Акінчыцах, а Купала ў Вязынцы нарадзіліся.
Ва ўяўленьні большасьці людзей мова – гэта толькі сродак камунікацыі. Ты сказаў – я пачуў. Ён напісаў – я прачытаў. Яно так, гэта сапраўды найважная функцыя мовы, аднак не адзіная. Усё значна складаней, глыбей. Мова – адзін з інструментаў фармаваньня ўнутраных прыкметаў чалавека, народу. Усяго таго, што сёньня прынята называць менталітэтам. Таго, чым розьнімся мы паміж сабою ў адзіным Боскім сьвеце, у якім, пры ўсёй ягонай адзінасьці, кожнаму дадзена нешта, што робіць яго ні на каго не падобным. І наўрад ці Ўсявышні, разьяднаўшы народы ў мовах, тым самым пакараў іх за гардэчу. Можа быць, таму і даў Гасподзь усялякаму народу ўласную мову ягоную, што ўбачыў каля падножжа вежы Вавілонскай: людзі, аднолькавыя ў мове – аднолькавыя ва ўсім. Прычым, занадта аднолькавыя, настолькі, што ўсе – пыхлівыя дурні.
Чалавек і мова разьвіваліся ва ўзаемаўплыве, узаемастварэньні. У такім істотным узаемастварэньні, што без асаблівага перабольшваньня можна сьцьвяр­джаць: іншая мова – іншы чалавек. І калі ў сьвеце, дзе для ўсіх і кожнага найдаражэй крэўнае, сваё, раптам мы, беларусы, ці некаторыя з нас, на сваё забыўшыся, пытаемся: а навошта нам, беларусам, беларуская мова? – дык для чаго тады мы самі? З нашай памяцьцю, крывёй, гісторыяй?.. І нашто тады нам Якуб Колас і Янка Купала, якіх па-за мовай немагчыма ўявіць? Як не ўявіць па-за ёй і ўсю мудрасьць народу, сканцэнтраваную і зафіксаваную ў мове. І калі б Купала і Колас не ўсьведамлялі гэтага, няя дыхалі і не жылі Беларусьсю, бо нічым іншым ні дыхаць, ні жыць не маглі, мы б іх проста ня мелі. Але яны ў нас, дзякуй Богу, ёсьць, таму ёсьць і мы разам з імі, і ёсьць у нас, працярэбленая імі, дарога.

Дарога ад Менску да прывіленскіх Вязынкі і Акопаў – у адзін бок, да прынёманскіх Акінчыцаў і Альбуці – у другі. Па першай я часта езьдзіў у юнацтве – яна ў мае родныя мясьціны. У тыя, па якіх не аднойчы праязджаў Купала: праз Маладзечна да Смаргоні, далей на Ашмяны, адкуль ужо рукой падаць да любімай купалавай Вільні. Сёньняшняга Вільнюса, горада, які ў самым пачатку ХХ стагоддзя, у найлепшыя для Купалы часы, быў культурнай, духоўнай сталіцай беларусаў. Там выдаваліся беларускія газеты «Наша ніва” і «Наша доля», «Беларуская крыніца», «Беларуская доля”, “Беларускія ведамасьці”, “Беларуская ніва”, “Беларуская справа”, “Беларуская газета”, часопісы “Саха”, “Лучынка”, “Беларуская культура” і “Беларускі летапіс”, дзейнічалі кнігавыдавецтвы М. Кухты і “Зьніч”. У Вільні друкаваліся першыя беларускія падручнікі, там у “Беларускім выдавецкім таварыстве” ў 1913-1914 гадах працаваў Янка Купала.
Ня стану сьцьвярджаць, што, праязджаючы Вязынку, я кожны раз прыгадваў Купалу. А калі ўспамінаў, дык хіба толькі тое, што ведаў пра яго са школы. Што Янка Купала напісаў вершы пра хлопчыка, які марыў стаць лётчыкам, і яшчэ шмат чаго напісаў… Што нарадзіўся ён старэйшым сынам у беднай сялянскай сям’і, таму з самага дзяцінства давялося яму гнуць сьпіну, гарбець і гарбець, каб займець кавалак хлеба…
Цяпер я ведаю, што нават гэта, ня кажучы ўжо пра многае іншае, не зусім так. Першынцам у бацькоў Купалы, у сям’і Дамініка Ануфрыевіча і Бянігны Іванаўны Луцэвічаў быў сын Мікалай, Міколка, які ня выжыў... Зацяжарыўшы ў другі раз і баючыся месца, дзе памёр яе першынец, маці Купалы прысьпешыла бацьку з пераездам з фальварку Паморшчына пад Ракавам у Вязынку пад Радашковічамі. Тут 7 ліпеня (25 чэрвеня па старым стылі) 1882 году і нарадзіла яна сына Івана – старэйшага і не старэйшага…
Жыцьцёвы шлях Купалы з большага можна прасачыць па ягоных аўтабіяграфіях і аўтабіяграфічных лістах.
“Отец мой родился в застенке (хуторе) Пески Игуменского уезда Могилянской волости Минской губернии, — піша Купала ў 1927 годзе ў Пецярбург Л. Клейнбарту, свайму першаму біёграфу. –Эти Пески были подарены предкам отца за какие-то заслуги (падкрэсьлена мной, — У.Н.), но потом оказались во владении князей Радзивиллов. Эти посьледние выбросили… всю семью Луцевичей на улицу (што стала сюжэтам адной з раньніх купалаўскіх паэм “За што?” і драмы “Раскіданае гняздо”, — У.Н.). Посьле этого Луцевичи взяли в аренду фольварк Камень… Из Каменя переехали тоже на аренду в Раговичи. Там же отец мой в 1879 г. женился на Бенигне Ивановне Волосевич, родом из фольварка Нешота, около местечка Рубежевичи.
Из Рогович отец отделился от семьи и пошел служить в Поморщину около Ракова… Из Поморщины отец снова переходит на арендованную землю в фольварк Вязынка… В 1883 году отец снова на службе в имении Юзефово у помещика Богдановича… В 1887 году – имение Косино у того же Богдановича… В 1889 году переезжает на службу в имение Сенница… В 1890 году бросает службу и переезжает в Минск. Здесь купил лошадь и некоторое время ездил извозчиком. В 1891 г. бросает город и берет в аренду фольварк Прудище… В 1895 г. из Прудища переезжает на аренду в фольварк Селище…”
Дзесяць пераездаў за пятнаццаць гадоў!.. Вандроўнае, цыганскае жыцьцё, а не аседла-сялянскае.
“В Селище, кажется, в 1901 г. (насамрэч у 1902, — У.Н.) умер весною отец, а осенью того же года единственный брат (гэта ўжо брат малодшы, — У.Н.) и две младшие сестры (“Аж бацьку гора з ног зваліла, Пайшоў на той сьвет без пары; У год капай зноў тры магілы: Зьлёг брат і дзьве зьляглі сястры”, — аўтабіяграфічныя радкі з паэмы «На папасе», — У.Н.). Пришлось мне самому заняться хозяйством, но оно вскоре начало мне надоедать. И вот в 1903 г. я пошел на службу, сначала домашним учителем… а через два месяца попал писцом к судебному сьледователю в Радошковичи. От сьледователя я поехал в имение Толочин… мне там отказали. Тогда я направился в имение Белица помещика Сьвяцкого. Там я прослужил сначала в конторе имения, а потом, под весну, уже в 1904 г. – в качестве младшего приказчика на поле по хозяйству.
Осенью 1905 года (заўважым, што вясной 1905 году, 25 траўня, у менскай газеце “Северо-Западный край” зьяўляецца верш “Мужык”, першы надрукаваны верш Янкі Купалы, — У.Н.) я поступил в качестве практиканта на винокуренный завод в имении Семково помещика Хелховского. 1906-1907 г.г. – помощником винокура в имении Яхимовщина помещика Любанского. 1907-1908 г.г. — также в качестве помощника винокура в имении Дольный Снов помещика Гартинга…»
За пяць гадоў – пяць месцаў працы і сем пераездаў! Лёс і шлях бацькі… Да таго ж вясной 1904 году ўся сям’я Луцэвічаў перабіраецца з Селішча ў Бараўцы Менскага павету… А пра сваю працу вінакурам Купала напіша пасьля ў аўта­біяграфічным лісьце да акадэміка Я. Карскага: “Праслужыў тры гады ў броварах. Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ ня меў”.
Спытаемся: што значыць працаваць на бровары?.. Гэта значыць, апрача ўсяго астатняга (пекла), – выпіваць. Бо ўсё, чым можна шклянку напоўніць, пад рукой. І ўсё – не вада. Каб ня піць, трэба было мець іншы характар, не купалаўскі. На броварах Купала і прызвычаіўся прытушваць тое, што душу пякло, алкаголем. З гэтым шкляным богам, як называў яго Вацлаў Ластоўскі, меў Купала ня простыя стасункі.
“Осенью 1908 г. (ужо закончана ў Бараўцах паэма “Адвечная песьня” і выда­дзены першы купалаўскі паэтычны зборнік “Жалейка”, у рэцэнзіі на які газета “Наша Ніва” напісала: “Гэта – крык, што жыве Беларусь”, — У.Н.) получил приглашение приехать в Вильно. Там поступил в частную библиотеку “Знание” Б.Л. Даниловича… Осенью 1909 г. Данилович послал меня в имение Беница Минской губернии Новогрудского уезда в качестве управляющего. По возвращению из Беницы поздней осенью того же 1909 г. выехал из Вильны в Петербург, где поступил на общеобразовательные курсы А. Черняева. В 1913 году оставил Петербург и переехал снова в Вильну, где впоследствии занял место официального и фактического редактора “Нашай нівы”. Осенью 1915 г. из Вильно с причины эвакуации города (да Вільні набліжалася Першая сусьветная вайна, — У.Н.) переехал в Окопы, к матери. Из Окоп вскоре по приглашению Живописьцева (С. Жывапісцаў – ветэрынарны ўрач, грамадскі дзеяч і мецэнат, у дачку якога Тацяну быў Купала мімалётна закаханы і прысьвяціў ёй верш “Арліныя крыльлі”, — У.Н.) я выехал в Орел. В том же 1915 году переехал из Орла в Москву в Народный университет им. Шанявского.
В январе 1916 г. (в Москве 23 января 1916 г. я женился на Владиславе Францевне Станкевич) я переехал в Минск, где поступил старшим рабочим в “Дорожно-строительный отряд” Варшавского округа путей сообщения. Летом 1916 г. из Минска перевели отряд в Полоцк, куда я и переехал. Из Полоцка в 1917 г. в дни Октябрьской революции я переехал в Смоленск. В начале 1919 г. (нагадаю, што 1 студзеня 1919 году, у процівагу створанай 25 сакавіка 1918 году Беларускай Народнай Рэспубліцы, БНР, была абвешчаная ў Смаленску Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР, — У.Н.) из Смоленска переехал на постоянное жительство в Минск”.
Тут спынемся ў цытаваньні купалаўскіх лістоў да Л. Клейнбарта і вернемся да дня нараджэньня Купалы, які ў аўтабіяграфіі 1940 году піша: “Отец мой происходил из мещан…»
Вось выпіска з метрычнай кнігі Радашковіцкага касьцёлу за 1882 год. У графе: «Когда, где, кто и кем, одною ли водою или со всеми обрядами таинства крещен», — запісана: «Тысяча восемьсот восемьдесят второго года июля двенадцатого дня в Радошковичском р.-к (римско-католическом) приходском костеле окрещен младенец по имени Иван кс. (ксендзом) Станиславом Сульжинским, вилейским деканом, с совершением всех обрядов таинства». А ў графе: «Какого сословия и общества, каких родителей, когда и где, т.е. в каком приходе родился крещеный», — чытаем: «Дворян (падкрэсьлена мной, — У.Н.) Доминика и Богумилы (тут памылка, маці Купалы звалі Бянігнай, але заўважым, што лёс Купалы ўжо ад самага пачатку пазначаны знакам падвойнасьці, блытанінай, якая будзе цягнуцца праз усё жыцьцё і вузлом зацягнецца ў сьмерці, — У.Н.) Волосевичей Луцевичей, зак. супр. (законных супругов), сын, родившийся 25 июня сего года в имении Вязынке».
Наўрад ці ксёндз Станіслаў Сульжынскі мог запатрабаваць ад Дамініка Луцэвіча (ды яшчэ ў дзень хрысьцінаў ягонага сына) пісьмовую даведку пра саслоўнае паходжаньне. А калі б запатрабаваў, дык даведкі пра тое, што ён са шляхты (з дваранаў), у бацькі Купалы не было. Значыць, запіс зроблены альбо на падставе нейкіх іншых дакументаў, альбо са словаў. Але для таго, каб у касьцёльнай кнізе запісацца дваранінам, мала ім назвацца. Трэба, каб цябе дваранінам прызнавалі. І, выходзіць, прызнавалі, калі запісалі. Пацьвярджаецца тое (калі не наўпрост, дык ускосна) запісам у графе: «Кто были по имени и прозванию восприемники при св. крещении и кто присутствовал», — дзе чытаем: «Восприемниками были Иосиф Банцаревич с Олимпиею Замбржицкою». Дык вось: Алімпія Замбржыцкая — шляхцянка. Што і ёсьць дваранка. А ведаючы гонар шляхты, спытаемся: ці стала б Алімпія Замбржыцкая, шляхцянка ды яшчэ ўладальніца фальварку Вязынка, аднаго з фальваркаў, якія належылі яе мужу Станіславу Замбржыцкаму, знацца з мужыкамі? З быдлам?.. Ды няхай бы яна хоць з крыльцамі анёльскімі была, але хроснай сына мужыка, які, калі і пан, дык толькі, як напіша потым яе хрэсьнік, пан сахі і касы, яна б ня стала.
У сваіх дваранскіх правах род Луцэвічаў, як сьведчаць дакументы з архіўнага фонду Менскай дваранскай дэпутацкай зборні, быў зацьверджаны гэтай самай Зборняй у 1802 годзе. І ўжо ў «Списке дворянском 1816-го года генваря 31-го дня Минской губернии Игуменского повета» першым запісаны Іван Юр’еў сын Луцэвіч з шасьцю ягонымі сынамі. Прывяду толькі адно з некалькіх пасьведчаньняў, якімі пацьвярджаліся правы на шляхецтва купалаўскага роду.
«Дано сие из Минского дворянского депутатского собрания, за надлежащим подписанием и приложением казенной печати, не утвержденным окончательно в дворянстве Луцевичам в доказательство пользования по настоящее время дворянскими правами, на предмет представления при поступлении ныне в податное звание (шляхта не абкладвалася падаткамі, а Луцэвічаў выпіхвалі ў ніжэйшае саслоўе, якое падаткі плаціла, — У.Н.), в том, что род Луцевичей… определениями сего собрания, 6 августа 1802, 21 февраля 1846 (у год нараджэньня бацькі Купалы, — У.Н.) и 22 апреля 1857 годов состоявшимися, признан в дворянском достоинстве (падкрэсьлена мной, — У.Н). Копии с приведенных определений с документами, в состав оных вошедшими, представлены на рассмотрение Правительствующего сената по департаменту герольдии».
Дваранства Луцэвічаў сьведчылася Менскай дваранскай дэпутацкай зборняй не аднойчы, але ў Пецярбурзе ў Дэпартаменьце герольдыі, чыноўнікі якога нібыта наперад ведалі, што якраз з роду Луцэвічаў павінен зьявіцца сябар народу і вораг царызму, ніводнага з тых сьведчаньняў не прызналі. У 1862 годзе зацьвердзілі ўсё ж у дваранстве адну галіну роду Луцэвічаў, але не купалаўскую… Абражаныя гэтым, дзед Купалы Ануфрый Дамінікавіч і ягоны стрыечны брат Людзьвіг Францавіч рынуліся на новы штурм пецярбургскай цытадэлі герольдыі – і патрапілі пад Указ ад 23 верасьня 1864 году, скіраваны якраз супраць таго, чаго яны дамагаліся. Згодна з тым указам, яны лічыліся сьпярша менскімі «грамадзянамі», а праз чатыры гады іх запісалі мяшчанамі. І хоць дзед Купалы працягваў дабівацца справядлівасьці яшчэ болей за дзесяць гадоў, але з 1869 году ўсе Луцэвічы купалаўскай галіны, дзе б яны ні жылі і чым бы ні займаліся, павінны былі па саслоўі сваім называць сябе не інакш як менскія мяшчане. Так што ў 1882 годзе бацька Купалы ня меў ужо ніякіх фармальных падставаў для таго, каб пры нараджэньні сына запісацца дваранінам – і тым ня менш запісаўся. Мяркуючы, мусібыць, што ісьціна вышэй за фармальнасьці…
Ці мог ня ведаць гісторыі сямейнай барацьбы за вяртаньне ў дваранства Купала, да нараджэньня якога ад году 1875, калі дзед ягоны зьмірыўся і кінуў змагацца за дваранскія прывілеі, заставалася ўсяго сем гадоў? А бацьку Купалы ў 1875 годзе было амаль трыццать, і ўсе падзеі адбываліся калі не пры ягоным удзеле, дык у ягонай прысутнасьці. Хіба маглі ў сям’і не размаўляць пра гэта?.. Не маглі не размаўляць, бо гэта найважнейшая сюжэтная лінія ў гісторыі роду — і ўсю яе ва ўсіх падрабязнасьцях Купала, вядома ж, ведаў. Тады чаму не скарыстаў такі разгалінаваны сюжэт цалкам?.. Каб ён быў ня толькі мужыцкім, як у драме «Раскіданае гняздо» ці ў паэме «За што?», але і шляхецкім, дваранскім? Зразумела, не пасьля сямнаццатага году, калі падобныя гісторыі сталі, так бы мовіць, ня ў модзе, а раней?.. Гэта ж сага, эпапея, што бярэ пачатак ад 1692 году і якую, здаецца, нельга было не напісаць, а яна засталася ненапісанай...
Чаму?
Таму што Купала, няхай, можа, і занадта ўзьнёсла яно гучыць, — паэт ня роду, а народу. Таму што пад час, калі ён прафесійна пачаў займацца літаратурай, узьнікла тэма значна болей важная, чым сюжэт, зьвязаны з дваранскім паходжаньнем ягоных продкаў. Спачатку сьцішана, а пасьля ўсё мацней загучалі першыя ноты Першай сімфоніі беларускага нацыянальнага Адраджэньня – і Купала стаў тым, кім наканавана было яму стаць: першай скрыпкай у аркестры, які паспрабаваў тую сімфонію дапісаць, выканаць, дайграць да канца. Гэта яе гукі чуюцца і ў вершах Купалы, і ягоных паэмах, і ў публіцыстыцы, і – што таксама было наканавана – у апошнім трагічным акордзе: хрумсьце дваранскіх касьцей народнага паэта на мармуровых плітах падлогі ў гатэлі «Масква».
Цяпер вось і гатэлю таго няма, зьнесены… Засталіся толькі, перавезеныя з Масквы ў Купалаўскі музей, дзьверы нумара 414, дзе пражыў Купала дзесяць апошніх дзён... Не апошнія дзьверы, якія ён за сабой зачыніў.
Пра тое, чым была для Купалы ідэя адраджэньня Беларусі, якая стала сэнсам ягонага жыцьця, найлепей сьведчыць ён сам. Напрыклад, у сваёй «Прамове на 15-годдзе літаратурнай працы», надрукаванай у газеце «Беларусь» у чэрвені 1920 году.
«Усяго пятнаццаць год вялікая ідэя вызваленьня з падняволеньня Беларусі лунае і пашыраецца сярод многамільённага беларускага грамадства… Ні адно на сьвеце адраджэньне народу, ні адна вялікая ідэя не пашыралася так шпарка, як ідэя нацыянальнага адраджэньня беларускага народу.
Што было пятнаццаць год таму назад і што мы бачым цяпер? Пятнаццаць год таму назад некалькі шалёных галоў захацелі галавамі мур прабіваць… Пятнаццаць год таму назад аб незалежнасьці і падумаць было небясьпечна – сягоньня нашыя дужэйшыя суседзі самі аб гэтым па-дзяржаўнаму гавораць з намі, як з народам, каторы заслужыў па людскаму і божаму праву гэту незалежнасьць.
Арліным узмахам агняцьветнай думкі аб нашай волі мы скінулі і патапталі даўгавечную брахню, — брахню, што Беларусі не было і няма. Сваім векапомным і магутным духам народным, што адважна сягае на сонца, мы паказалі сьвету, што Беларусь была, ёсьць і будзе.
Хай Вас, браты беларусы, не палохае цяперашні бурны крывавы час. Агнём і жалезам куецца моц, гарт, доля і воля народныя… Хай вас не палохае, што рвуць вашу зямлю на часьці, што хаты нашы спалосканы (як сказана! – У.Н.) пажарам… Хай толькі асьвеціць Вас адна вялікая думка – аддаць усё для сваёй Бацькаўшчыны, нават жыцьцё, калі яна Вас да гэтага пакліча.
На беларускай зямлі было і цяпер ёсьць шмат фальшывых прарокаў… але гэтага няма чаго баяцца. У адным з псалмоў біблейскіх сказана: “стануў Бог у зграмаджэньні Багоў і паміж Багамі суды судзіць”. Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыйдуць новыя людзі, новыя прарокі і будуць па-божаму над фальшывымі прарокамі і прадажнымі душамі суды судзіць…
Верце, што мы зьяўляемся дзейнымі асобамі-героямі чараўнічай песьні, чудатворнай містэрыі (падкрэсьлена мной, — У.Н.), якую тварыць на Беларусі па­клікала нас само жыцьцё. У гэтых чарах (падкрэсьлена мной, — У.Н.), у гэтым выяўленьні бясьсьмертнага чалавечага духу… нашая слава і шчасьце – цяпер і ў будучыні».
Занадта пафасна?.. Ня без таго. Але відавочна, што не фальшыва. Шчыра. А што да пафасу, дык на двары 1920 год. Аркестр грае, большасьць аркестрантаў яшчэ жывыя – і пакуль ня страчаная ніводная з надзеяў. У тым ліку і надзея на народ, хоць трохі яна ўжо сумнеўная – нездарма ж Купала спытаўся ў самога сябе, прарока, вуснамі таго самага народу: «Па колькі нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?..» І ўсё ж не пакідаюць Купалу ні ўзвышаная вера, ні гранічная шчырасьць, ні ўзьнёслы рамантызм. Таму і ў прамове ягонай ня столькі палітыкі, колькі паэтыкі: чараўнічая песьня, чудатворная містэрыя, гэтыя чары…
Наўрад ці ў той час рамантык Я.Купала чытаў прагматыка І. Сталіна, які ўжо ў студзені 1918 году, зьяўляючыся камісарам па нацыянальных справах, удакладняў абвешчанае бальшавікамі права нацыяў на самавызначэньне: «Принцип наций на самоопределение должен быть средством борьбы за социализм». А вось Вільгельм Кнорын (Кнорыньш), які быў сакратаром Паўночна-Заходняга абласнога камітэту РКП (б), І. Сталіна, канешне ж, чытаў. І вось што напісаў у газеце «Звезда» восеньню (6 кастрычніка) таго ж 1918 году: «Мы считали, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты. Нашею задачей является не создание новых наций, а уничтожение старых национальных рогаток. Белорусское же движение является таким воздвижением национальных рогаток…»
Для таго, каб ня даць разгарнуцца «движению с воздвижением национальных рогаток», у студзені 1918 году (адразу ж пасьля згаданага ўдакладненьня І.Сталіна) быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам), у дзейнасьці якога маглі браць удзел толькі тыя, хто «стоял на платформе признания Советской власти и власти Народных Комиссаров». І адразу ж, у тым жа месяцы, І.Сталіну быў накіраваны ліст з просьбай аб выдзяленьні Белнацкаму (для самавызначэньня, ці што? – У.Н.) 15-ці тысячаў рублёў. У кіраўніцтва Белнацкаму быў прызначаны на пасаду галоўнага сакратара Зьміцер Жылуновіч. У зьвязку з тым, што ён адыграў значную ролю ў лёсе Купалы, прывяду даволі экстравагантны тэкст:
“Пясьняр вёскі, прыкаваны к зямлі змалку, жывучы ёю, думаючы аб ёй наяву і ў сьне, большую вагу сваіх думак пасьвячае ідэалу жаданьня зямлі… Работнік якраз (не пясьняр вёскі, — У.Н.) мала ўспамінае аб гэтай рэчы: праца паднявольная ў фабрыцы ці майстэрні родзіць жаданьне палепшыць яе варункі, скінуць гвалтоўнасьць яе характару, аслабіць. У беларускай літаратуры прадстаўніком гэтага настрою зьяўляецца Цішка Гартны. Фундаментальны матыў яго песьні – гэта пачуцьцё сваёй сілы, сілы ўсяго рабочага класа, які творыць скарбы сьвету. Вось чаму ўсе мукі яго жыцьця – нічога перад яго сілаю і не падрываюць у ім веры і надзей. Зварот чыстых ідэй у дзела — упорнаю працаю – захапляе ў Цішкі Гартнага сваёю вераю і неперадатнасьцю”.
Хто гэта так, калі і пра каго?..
Гэта так пра Янку Купалу, адсталага песьняра вёскі, і пра сябе, неперадатнага работніка, у тым жа 1918 годзе кажа ў лекцыі перад студэнтамі Беларускага народнага універсітэту ў Маскве Зьміцер Хведаравіч Жылуновіч. Ён жа — галоўны сакратар Белнацкаму, ён жа — першы старшыня Беларускага часовага ўраду, ён жа — той самы пісьменьнік Цішка Гартны, які яго, Зьміцера Хведаравіча Жылуновіча, захапляе той самай неперадатнасьцю.
Яно нібыта сьмешнавата – публічна самому сабой захапляцца, ды насамрэч няма тут нічога сьмешнага. Заўсёдная трагедыя беларускай нацыянальнай справы – не змаганьне з чужымі, а бойка сваіх са сваімі… Між іншым, ня Янка Купала, а якраз Цішка Гартны павінен быў стаць першым народным паэтам Беларусі, наконт чаго (найперш ягонымі асабістымі стараньнямі) яшчэ ў 1923 годзе на пленуме ЦК КП(б)Б была прынятая адпаведная пастанова, па розных прычынах не даведзеная да выкананьня. Гартны наогул, спаборнічаючы з Купалам, быў ня надта пераборлівы ў сродках, а Купала… А Купала піша ў тым жа 1923 годзе верш «Цішку Гартнаму», усхваляючы ягоны «дух неўгамонны». Што ж, гэтакі ён ёсьць – беларускі характар.
Таленавітага пісьменьніка Цішку Гартнага з ягоным «духам неўгамонным» напаткаў, на жаль, ня меней, калі ня болей трагічны лёс, чым Купалу. У 1931 годзе яго (бо хоць, здаецца, і служыць, а ўсё адно нацдэм!) выключылі з партыі, у 1936 годзе арыштавалі, прызналі псіхічна хворым – і праз год у шпіталі ён скончыў жыцьцё самагубствам.
Тым ня менш факт ёсьць факт: з прыходам савецкай улады Гартны першы пачаў паскубваць Купалу. А калі свой пачаў, дык чаму чужым не прадоўжыць?.. І ў «Заметках» пра беларускую літаратуру, надрукаваных у газеце «Звезда» 1 кастрычніка 1922 году, Вільгельм Кнорын, цяпер ужо сакратар ЦК КП(б) Б, пра Купалу піша: «Это – банкрот. Полный и окончательный. И не найдется дурака – разве что в кооперативном товариществе «Адраджэньне», который за акции этого банкрота дал бы медный пятак, не то что советский лимон».
Адносіны з новай уладай ад пачатку ў Купалы ня надта заладзіліся, і жыцьцё ягонае па прыезьдзе са Смаленску ў Менск не выглядала на лёгкае. Як яно з часам (у зьнешніх выявах) мянялася, можна прасачыць па архіўных дакументах. Вось (у скароце) некаторыя з іх.
8 ліпеня 1921 г.
Запіска ў Сацбес (Наркамат сацыяльнага забесьпячэньня) з Наркамату асьветы, дзе Купала працаваў спачатку бібліятэкарам, а пасьля намесьнікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзелу:
“Гэтым Наркамасьветы просіць выдаць адны новыя боты вядомаму беларускаму пісьменьніку Янку Купалу (Івану Луцэвічу). Пры гэтым Наркамасьветы дадае, што Купала ў ботах вельмі нуждаецца”.
10 чэрвеня 1925 году.
Пастанова Савету Народных Камісараў.
“…Мінула дваццаць год, як Ян Дамінікавіч Луцэвіч (Янка Купала) распачаў сваю літаратурную дзейнасьць сваім вершам “Мужык”.
Савет Народных Камісараў… пастанаўляе:
1. Надаць Яну Дамінікавічу Луцэвічу (Янку Купалу) імя Беларускага народнага паэта.
2. Прызначыць яму на ўсё жыцьцё персанальную пенсію ў 150 руб. на месяц”.
26 сьнежня 1928 году.
Пастанова Савету Народных камісараў БССР.
“1. Зацьвердзіць правадзейнымі членамі Беларускай Акадэміі навук:
Луцэвіча Івана Дамінікавіча (Янку Купалу).
Міцкевіча Кастуся Міхайлавіча (Якуба Коласа)”.
30 студзеня 1929 году.
Пасяджэньне Савету Народных Камісараў Беларускай ССР.
“Пастанавілі:
1. Павялічыць з 1 лютага 1929 г. пенсію народным паэтам Якубу Коласу і Янку Купалу да сярэдняй стаўкі акадэмікаў Беларускай Акадэміі навук”.
25 мая 1935 году.
Пастанова Савету Народных Камісараў БССР:
“Адзначаючы пладатворную дзейнасьць народнага паэта рэспублікі Янкі Купалы на фроньце савецкай літаратуры… у азнаменаваньне 30-гадовага юбілею літаратурнай дзейнасьці ўзнагародзіць народнага паэта рэспублікі т. Янку Купалу легкавым аўтамабілем”.
11 ліпеня 1935 году.
Пастанова Юбілейнай сесіі ЦВК БССР.
“Юбілейная сесія Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту… пастанаўляе:
1. За актыўны ўдзел у барацьбе за вызваленьне Беларусі ад белапольскай акупацыі (!)… узнагародзіць Ганаровай граматай БССР:
Янку Купалу, народнага паэта”.
31 января 1939 года.
Указ Президиума Верховного Совета СССР.
«За выдающиеся усьпехи и достижения в развитии советской художественной литературы наградить
О р д е н о м Л е н и н а
Коласа Якуба.
Купалу Янко».
15 марта 1941 года.
Постановление Совета Народных Комиссаров Союза ССР.
«Присудить Сталинские премии за выдающиеся работы в области
П о э з и и.
Премии первой степени в размере 100 000 рублей:
Купале Ивану Доминиковичу – за сборник стихов «От сердца», опубликованный в 1940 г.».
У “новых ботах” Купала даволі хутка дайшоў да легкавога аўтамабіля, да ордэна Леніна і Сталінскай прэміі… Кожныя пяць год — юбілеі творчай дзейнасьці, паміж імі – юбілейныя дні нараджэньня… І ўсё — з помпай, з літаўрамі. Ягонае імя надаецца бібліятэкам, вучэльням… Але ўсё гэта – зьнешняе. А ўнутры… Ды пра тое, што ўнутры, каму скажаш, каму пажалішся?.. Калі ўсё зьнешняе – на зайздрасьць.
Дзяды і прадзеды Янкі Купалы, якія адносілі свой род да шляхты канца ХVІІ стагоддзя, затрацілі процьму часу, сілаў і грошай на тое, каб даказаць свае страчаныя правы на дваранства. А іх нашчадку ў новых варунках амаль праз усё жыцьцё наканавана было даводзіць адваротнае: «Я мужык-беларус…»
У аўтабіяграфіі 1919 году, дасланай Я. Карскаму, Купала піша: “У душы маёй быў вечна нейкі пякельны разлад”.
Рэфлексіі і ўзрушэньні Янкі Купалы, паэта рэфлексіяў і ўзрушэньняў, за­пісанага савецкай уладаю ў акыны, у песьняры новага сацыялістычнага будаўніцтва, закладзеныя ў ім з нараджэньня. Яны абумовілі падвойнасьць ягонага жыцьця, зьнешняга і ўнутранага. Прывіднага і сапраўднага. Ён заўсёды быў ня тым, за каго яго прымалі. Дакладней, і яго самога, і іншых змушалі прымаць Купалу не за таго, кім ён быў. А быў ён ня толькі Янкам Купалам, але яшчэ і Іванам Луцэвічам, жыцьцё якога было таямніцай – і мала хто хоць нешта з той таямніцы ведаў, дый мала хто цікавіўся. Хіба што органы, якія прынята называць кампетэнтнымі.
Сур’ёзная ўвага з боку гэтых органаў да Луцэвіча-Купалы выявілася напрыканцы 1925 году, калі Купала, які толькі што стаў народным паэтам, разам з Цішкам Гартным і Міхасём Чаротам быў пасланы за мяжу. Вось што паведамляла пра гэта газета “Савецкая Беларусь” 18 чэрвеня 1925 году:
“Дзеля азнаямленьня Заходняй Еўропы з беларускай культурай Сав. Нар. Кам. (Савет народных камісараў) пастанавіў камандзіраваць за граніцу (у Нямеччыну і на Парыжскую мастацкую выстаўку) членаў Інбелкульту (Інстытуту беларускай культуры) беларускіх паэтаў тт. Гартнага-Жылуновіча, Янку Купалу і Чарота-Кудзельку.
На паездку названых пісьменьнікаў СНК адпусьціў з запаснога фонду 900 руб.”
Выехалі яны за мяжу ў канцы верасьня – і ня разам. Першым (дзеля азнаямленьня з нямецкімі літаратурнымі коламі, як паведамлялася ў друку) паехаў Цішка Гартны, а ўжо сьледам – Купала з Чаротам. Ня разам яны і назад вярталіся. Дзівосамі Парыжскай мастацкай выстаўкі ніхто з іх не дзівіўся, бо арганізатары паездкі мелі на ўвазе зусім іншае. Цішка Гартны, да якога пад выглядам “дыпламата” далучыўся супрацоўнік “кампетэнтных органаў” Аляксандр Ульянаў, апынуўся ў Берліне, дзе праходзіла ў той час канферэнцыя беларускай эміграцыі, а Купала з Чаротам – у Празе. Пра тое, для чаго яны былі туды накіраваныя, мы даведваемся з паказаньняў таго ж А. Ульянава, пазьней тымі ж “кампетэнтнымі органамі”, з якімі ён супрацоўнічаў, арыштаванага.
“Когда меня послали на работу в Польшу (афіцыйна А. Ульянаў лічыўся прадстаўніком БССР пры прадстаўніцтве СССР у Варшаве, — У.Н.), основной момент был раскол… За границей имелся целый ряд белорусских эмигрантских групп… Эти группы противопоставляли себя Советскому правительству, везде выставляя себя как «представителей народа». Наша задача была обезглавить, обезвредить эти группы. Надо было сьвязаться с этими группами, поставить перед ними вопрос, что если они явятся, вернутся сюда и будут честно работать, здесь им будет дана амнистия. Это было проделано».
Так, «это было проделано». Угавораныя, падманутыя салодкімі абяцанкамі, вярнуліся з-за мяжы на радзіму і ў хуткім часе патрапілі за краты многія лідэры беларускага эміграцыйнага руху, у тым ліку прэм’ер-міністр Беларускай Народнай Рэспублікі ў эміграцыі Аляксандр Цьвікевіч. Па «справаздачы» Ульянава, тым самым быў зьліквідаваны (а на самой справе не, бо існуе і сёньня) эміграцыйны ўрад, Рада БНР, і Ульянаў сьведкамі ліквідацыі называе Міхася Чарота і Цішку Гартнага, якія «приехали за границу как писатели и у меня с ними был обед, когда было ликвидировано правительство».
Гэтае «ликвидированное правительство» калі ня цалкам, дык напалову складалася з сяброў Купалы… Калі не сяброў, дык знаёмых… Людзей, з якімі ён рукаўся, абдымаўся, выпіваў…
Вось у што ўблыталі Купалу. На канферэнцыі ў Берліне ён ня быў, сустракаўся з эмігрантамі ў Празе, дзе выступіў разам з Чаротам на літаратурнай вечарыне. На сустрэчу з ім, як паведамляў з Прагі ў Менск «Саюз студэнтаў – грамадзян БССР у ЧСР», савецкая маладзёвая арганізацыя, «прыйшла амаль уся эміграцыя ўсіх палітычных напрамкаў. Пасьля гэтага вечару эмігранты пачувалі сябе, як будта іх выкупалі ў лядовай ваньне. Савецкае студэнцтва, будучы маральна падтрыманае песьнярамі, з захапленьнем пайшло далей па яшчэ раней намечанаму ім шляху».
З той жа місіяй (па задуме арганізатараў замежнай камандзіроўкі беларускіх паэтаў) Купала павінен быў пабываць яшчэ і ў Вільні, аднак польскія ўлады не дазволілі яму там спыніцца, далі толькі транзітную візу.
Нейкі інструктаж перад выездам за мяжу Купала, безумоўна, меў, не турыстам жа ехаў, але наўрад ці «кампетэнтныя органы» ставілі перад ім тыя ж задачы, якія ставіліся перад Ульянавым ці Гартным. Дастаткова было паказаць на ягоным прыкладзе, як хораша быць паэтам у Савецкай Беларусі. І Купала ня змог адмовіцца ад такога паказу: за званьне народнага паэта, за ўсе прывілеі трэба было плаціць. Інакш яно і не бывае…
Аднак ня ўсе спадзяваньні, якія ўскладваліся на яго «кампетэнтнымі органамі», Купала апраўдаў. Скажам, няма ніводнага сьведчаньня, каб ён персанальна ўгаворваў некага з лідэраў эміграцыі вярнуцца ў Беларусь. Як гэта рабіла, да прыкладу, ягоная каханая Паўлінка, завербаваная «органамі» Паўліна Мядзёлка, якой лідэр беларускіх эсэраў Томаш Грыб, так і не ўгавораны ёй на вяртаньне, адказваў у лісьце з Прагі ў траўні 1926 году: «Палуша!.. Ты пішаш, каб я зараз жа прыязджаў у Менск. Пішаш: «служба будзе…» Але якая служба, каму? Служыць свайму народу я магу і тут. Праўда, я гэтага не скрываю, тут цяжка жыць… Цярплю сухоўрыцу… Я знаходжу лепшым для сябе памерці тут галоднай сьмерцю, але ратаваць сваю чалавечую годнасьць, чым быць у Менску самазадаволенай сьвіньнёй…Мяне дзівіць, што ты мне прапануеш гэткую ганьбу».
Сапраўды, ня можа не дзівіць, бо хто Томашу Грыбу такое прапануе?.. Ягоная нядаўняя жонка.
Пра Купалу, з якім зусім нядаўна сустракаўся Томаш Грыб у Празе, у лісьце ні слова. Алё ж намёкі, намёкі… І ня цяжка ўявіць, што думалі пра Купалу, слухаючы яго на літаратурнай вечарыне, “выкупаныя ў лядовай ваньне” эмігранты.
Вярнуўшыся з замежжа, Купала вясной 1926 году становіцца сябрам Беларускага таварыства культурных сувязей з заграніцай (гэта працяг зьнешняга жыцьця), а летам піша ў Акопах (жыцьцё ўнутранае) нізку вершаў скразнога болю і скразной віны. Бязьлітаснае пытаньне “новых пакаленьняў” задае ён у вершы “І прыйдзе…” ўсім сваім сучасьнікам – і найперш сабе самому: “Ці аб свой гонар дбайна дбалі, І дабравольна, без прынук, Самі сабой не гандлявалі, Ня несьлі ў петлі дум і рук?” – а ў вершы “За ўсё…” робіць адчайную спробу апраўдацца:

Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў з цемры да сьвятла.
Змагаўшыся з напасьцяй
За шчасьце для людзей,
Ня раз пісаў ў няшчасьці
Крывёй з сваіх грудзей.
Уносіў гэтым долю
Сваю для ўсіх дабра.
А болей… што ж там болей
Жадаць ад песьняра?..

Але жадалі, патрабавалі болей… Пад восень 1927 году Купала зноў выпраўляецца ў Чэхаславакію, дзе разам з Гартным і Чаротам (да якіх далучаны гэтым разам Міхась Зарэцкі) ён зноў “цёпла сустрэты навуковай і літаратурнай грамадскасьцю ў Празе”. А па дарозе назад палякі, як і восеньню 1925 году, не даюць яму візы, каб ён наведаў Вільню…
У другі раз згадзіцца праехаць тым жа шляхам, наступіць, як кажуць, на тыя ж граблі мог толькі надламаны чалавек… Пра стан надлому, з якога ад 1926 году і па скон жыцьця Купала так і не выкараскаўся, можна меркаваць па паказаньнях Паўліны Мядзёлкі, якія дала яна “кампетэнтным органам” 21 ліпеня 1930 году: “1925-26гг. Купала еще переживал славу 20-ти летнего юбилея, звание народного поэта, был доволен собой и всеми, много пил. По своей натуре он человек замкнутый. Если чем недоволен, если душа болит, он настолько замыкается в себе, что целыми неделями ни слова одного не проронит, даже с женой. В прежние годы, помню, после такого гробового молчания всегда рождалось какое-нибудь сильное стихотворение. Так все и знали – смолк Купала – будет новое произведение. Но теперь такое молчание бывает длительнее, но бесплоднее. Теперь такое молчание кончается запоем, желанием покончить с собой — застрелиться. Я понимала, его мучает его бесплодность последних лет, что он не может ничего нового создать”.
Так, надламаны Купала замаўкае… У 1930 годзе ён выдае зборнік сваіх дарэвалюцыйных паэмаў са шматзначнай назвай «За што?» — і 15 лістапада 1930 году, пад вечар у суботу, яго выклікаюць на першы допыт у ДПУ.
Чаму ў суботу?.. Да панядзелка не маглі пачакаць?.. Не маглі, таму што якраз у той суботні дзень быў надрукаваны ў газеце «Праўда» артыкул Максіма Горкага «Если враг не сдается – его уничтожают», у якім буравесьнік рэвалюцыі прамаўляў, здавалася, вуснамі самога таварыша Сталіна: “Внутри страны против нас хитрейшие враги… Против нас всё, что отжило свои сроки, отведенные ему историей, и это дает нам право считать себя все еще в состоянии гражданской войны. Отсюда следует естественный вывод: если враг не сдается – его истребляют”.
Усе разумелі, што ня Горкі, разамлелы пад паўднёвым сонцам на востраве Капры, гэта напісаў – і рэагаваць трэба было не марудзячы, бо ў такіх справах не бывае рана, бывае толькі позна. Тым больш у той сьпешнай справе, пра якую менш чым праз два месяцы (7 студзеня 1931 г.) ужо дакладваецца ў сакрэтнай запісцы сакратара ЦК КП(б) Беларусі К. Гея ў Палітбюро ЦК ВКП(б):
“Сьледствие по делу “Саюза Вызваленьня Беларусі” подходит к концу. Согласно постановлению ПБ ЦК ВКП от 15.Х.30 г. должен быть разрешен вопрос о дальнейшем направлении дела. Мы высказываемся за то, чтобы не создавать процесса, направив это дело по линии ОГПУ”.
У выкліканага на допыт Купалы адразу пытаюцца пра тое, чым займаліся, прыходзячы да яго ў госьці, ужо выкрытыя ворагі народу, і Купала адказвае: «Гулялі ў карты… у шахматы, пілі, закусвалі, да таго ж, як многія ведаюць, я сам час ад часу люблю выпіць», — аднак у дурня згуляць яму не далі, гульня была сур’ёзная. Настолькі сур’ёзная, што Купала не вытрымлівае – і ўраніцы 20 лістапада ўзразае сабе жывот. Хтосьці сьцьвярджае, што паляўнічым нажом, хтосьці, што сьцізоркам, нібы такое вымяраецца даўжынёй нажа.
Але ж вымяралі… І расцэньвалі спробу самазабойства як няўдалы фарс, прыдуманы Купалам толькі для таго, каб тэатральнай, так бы мовіць, крывёй падпісацца пад нібыта прадсьмяротным лістом да Старшыні ЦВК СССР і БССР таварыша Чарвякова: “Яшчэ раз, перад сьмерцю, заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі ня быў і не зьбіраўся быць. Ніколі ня быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасьці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую іншую… Шчыра дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабілі партыя і Сав. улада. Уміраю, прымаючы тое, што лепей сьмерць фізічная, чымся незаслужаная сьмерць палітычная. Відаць, такая доля паэтаў…”
Хоць Купала і шчыра дзякуе таварышу Чарвякову за ўсё добрае, няма ў гэтымі лісьце ніякай шчырасьці, што відавочна было для ўсіх «кампетэнтных органаў». Вось што пісаў наконт гэтага сакратар ЦК КП(б) Беларусі К. Гей сакратару ЦК ВКП(б) П. Постышаву:
“Считаю необходимым сообщить Вам, что вчера, 20 ноября утром покушался на самоубийство Янка КУПАЛА – народный поэт Белоруссии. Покушение было несерьезным (прабітая пячонка – гэта несур’ёзна? – У.Н.). Купала ударил себя перочинным ножом в правый бок, жизнь его вне опасности и если не будет сепсиса, или других осложнений, то дней через пять он будет здоров.
Янка Купала входил в руководящий центр “Союз освобождения Беларуси”, как о том свидетельствуют показания Лёсика, Некрашевича и других. Янка Купала являлся идейным центром нац.-демовской контрреволюции, что нашло отражение в его творчестве. Наряду с произведениями вполне советскими у него имеются стихотворения и кулацкого, и прямо контрреволюционного содержания.
Приглашенный для переговоров в ГПУ, Янка Купала упорно отрицал свою принадлежность к какой бы то ни было контрреволюционной организации и не обнаружил ни малейшего желания пойти навстречу нам в смысле хотя бы осуждения контрреволюционной деятельности своих друзей – участников и руководителей СВБ (Саюза вызваленьня Беларусі, — У.Н.).
Незадолго до 20 ноября он начал обнаруживать признаки некоторого колебания, что, впрочем, не нашло отражения в его “предсмертном” (если так можно выразиться) письме.
Письмо это адресовано на имя тов. Червякова. Оно содержит утверждение, что он не состоял в контрреволюционной организации; затем Купала пытается оправдать свое стихотворение, восхваляющее Пилсудского, и просит позаботиться об его семье.
Все это происшествие рассматривается нами как протест против нашей политики борьбы с национал-демократизмом. Мы решили не требовать от Я. Купалы признания участия в Союзе вызволения Белоруссии и сосредоточить свои силы на требовании выступить с открытым осуждением контрреволюционной деятельности группы белорусских интеллигентов, арестованных по делу СВБ. Думаю, что нам это удастся».
І спробу самазабойства, і ліст да Чарвякова сакратар ЦК расцэньвае не інакш, як «протест против нашей политики борьбы с национал-демократизмом». Таму, «сосредоточив силы», ад Купалы дабіваюцца публічнага пакаяньня: ліста, надрукаванага ў газеце «Зьвязда» 14 сьнежня 1930 году. У гэтым лісьце Купала грэшны ўжо ня ў тым, што ў карты гуляў, у шахматы, што выпіваў і закусваў. Ён «шчыра» прызнаецца ў контр-рэвалюцыйнай дзейнасьці, у сваёй ідэйна-натхняючай ролі ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху. З удзячнасьцю прызнае: «Камуністычная партыя і савецкая ўлада даравалі мне гэтыя грубыя нацыянал-дэмакратычныя памылкі ў маёй творчасьці, і за мае ранейшыя заслугі перад беларускім працоўным людам надалі мне высокую годнасьць народнага паэта. І ў апошнія гады я ўсімі сіламі намагаўся далучыцца сваёй творчасьцю да вялікага сацыялістычнага будаўніцтва, якое так магутна разгортваецца ў нашай краіне… Але ўсё ж такі ў гэтым напрамку я зрабіў вельмі мала, не зважаючы на тыя магчымасьці, якія мне давала партыя і савецкая ўлада.
Балюча і цяжка ўсьведамляць мне сёньня, што… утапаючы ў пратухлым балоце акружаючых мяне контр-рэвалюцыйных і нацыянал-дэмакратычных «дзеячоў»… я так сьлепа, так упарта на працягу раду год ідэолёгічнымі памылкамі ў сваёй творчасьці, папулярнасьцю і аўтарытэтам, як народны паэта, не дапамагаў сваёй адданасьцю і захапленьнем ажыцьцяўленьню заветных летуценьняў чалавецтва, ажыцьцяўленьню сацыялізму.
Але гэты чад, як сон кашмарны, мінуў. Сёньня, пранікнуты яснай сьвядомасьцю, я рашуча і раз назаўсёды… парываю з беларускім нацыянал-дэмакратызмам… Няхай жыве культура, зьмест і форма якой выпісаны на ленінскім сьцягу найвялікшым сучасным правадыром пралетарыяту т. Сталіным!.. Няхай жыве Камуністычны Інтэрнацыянал… Няхай жыве Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка… Няхай жыве СССР…»
Нават зрабіўшы ўсе папраўкі (на той час, на той страх, на тагачасную стылістыку), немагчыма ўявіць, што гэты ліст напісаў сам Купала. Але ён яго падпісаў – і тым самым зратаваўся. Адклаў сваю фізічную сьмерць на 12 гадоў, праз якія пранясе толькі спусташальную адзіноту, толькі адчай, выказаны аднойчы (1938 г.) у размове з К. Чорным: «Я хутка памру, так і не пабачыўшы той Беларусі, пра якую марыў усё жыцьцё».
Праз чатыры гады сказанае спраўдзілася…
Ёсьць ускосныя сьведчаньні, што пакаянны купалаўскі ліст (па ўзгадненьні з ДПУ) напісаў вядомы літаратурны крытык Лукаш Бэндэ – і напісаў сапраўды для таго, каб дапамагчы Купалу ўратавацца. Зрэшты, не выключаю, што мог і сам Купала напісаць… Ад 1926 году ён рабіў амаль усё, што ад яго патрабавалі. Вышэйзгаданы А. Ульянаў на допыце ў ДПУ паказвае: «Я заставил написать Купало два стихотворения, и когда у меня сидел Славинский и Василевич, я принес стихотворения, они прочли и указали мне на неправильную формулировку. Я вызвал Купалу и он переделал». (Падкрэсьлена мной, — У.Н.).
Такое вось творчае супрацоўніцтва…
Лісту Янкі Купалы папярэднічаў, надрукаваны 3 сьнежня ў той жа газеце «Зьвязда», ліст Якуба Коласа «Супраць “адраджэнцаў” буржуазнай Беларусі» – таксама пакаянны… Ім абодвум як давалі ўсяго пароўну – так пароўну змушалі за ўсё плаціць.
Новыя хмары над імі (як і над многімі іншымі, яшчэ ня зьнішчанымі, беларускімі пісьменьнікамі) згусьціліся ў канцы 30-х. Восеньню 1938 году на стол П. Панамарэнкі, тагачаснага першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі, лёг дакумент, які называўся “Об имеющихся компрометирующих материалах на членов Союза советских писателей БССР” і ўяўляў сабой менавіта тое, што вынікала з ягонай назвы: сьпіс беларускіх пісьменьнікаў з палітычным кампраматам на іх. Першымі ў сьпісе стаялі імёны Янкі Купалы, названага “одним из лидеров нацдемовского движения в Белоруссии”, і Якуба Коласа, які таксама кампраметаваўся як “один из лидеров нацдемовского движения в Белоруссии”, а да таго ж «закодычный друг Янки Купалы».
Зьяўленьню гэтага дакумента, падпісанага Народным камісарам унутраных справаў БССР маёрам Дзяржаўнай бясьпекі Наседкіным, папярэднічаў ХVІІ зьезд КП(б) Беларусі, на якім быў прыняты зварот да таварыша Сталіна – і ў тым звароце наўпрост казалася: «Мы понимаем, что и после разгрома осиных гнезд врагов народа еще остались их презренные последыши. Мы заверяем Вас, товарищ Сталин, что и впредь будем беспощадно разоблачать и уничтожать врагов народа, предателей, какой бы личиной они ни прикрывались, в какие бы щели они ни забирались, ликвидируя в самый короткий срок…»
Небясьпека ўзьнікала сур’ёзная… Можа, гэткая сур’ёзная, як ніколі раней.
Існуе (створаная, дарэчы, ня без руплівага ўдзелу саміх жа беларускіх пісьменьнікаў) легенда пра тое, нібы ад арышту і ліквідацыі “в самый короткий срок” зратаваў Купалу (як і Коласа) ня хто іншы, як прывезены з Масквы на пасаду першага сакратара беларускага партыйнага ЦК Панцеляймон Панамарэнка, які якраз пасьля ХVІІ зьезду КП(б) Беларусі гэтым самым першым сакратаром і стаў. Паводле легенды, ужо падпісаны былі ордэры на арышт і Купалы, і Коласа, і яшчэ амаль двух дзясяткаў беларускіх пісьменьнікаў, але Панамарэнка кінуўся ў Маскву да Сталіна, угаварыў яго памяняць ордэры на ордэны — і ў студзені 1939 году Купала з Коласам (а разам з імі З. Бядуля, М. Лынькоў, Э. Самуйлёнак, П.Броўка і П.Глебка) са сьпісу ворагаў пераносяцца ў сьпіс герояў: становяцца ордэнаносцамі… У прадстаўленьні на ўзнагароды, дасланым Сталіну 26 сьнежня 1938 году, П. Панамарэнка называе Купалу (імя якога як адкрывала сьпіс ворагаў, так адкрывае і сьпіс герояў) классиком белорусской литературы, создавшим за годы Советской власти ряд замечательных советских произведений. Класікам беларускай літаратуры называецца і Якуб Колас, “в ярких художественных образах показавший борьбу белорусского народа против белопольских оккупантов”.
Аповеды пра прыязныя, ці ва ўсякім разе пра нейкія асаблівыя адносіны Панцеляймона Панамарэнкі да літаратараў (дый наогул да дзеячоў культуры) мне даводзілася чуць ня толькі ад тых людзей, якія былі да яго набліжаныя (скажам, ад народнай артысткі СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай), але ад людзей аддаленых (прычым, аддаленых ва ўсіх сэнсах, як, напрыклад, паэт Сяргей Іванавіч Грахоўскі, які дваццаць гадоў прабыў у лагерах). Аднак, апроч аповедаў, ёсьць дакументы – і вось адзін з іх: ліст Панамарэнкі да Сталіна, напісаны 21 лістапада 1938 году, а значыць, усяго за два месяцы да таго, як ордэры былі замененыя на ордэны (тут трэба заўважыць, што Сталін да Панамарэнкі ставіўся больш чым прыязна, іх зьвязвалі даўнія адносіны, некалі разам яны былі на фроньце пад Царыцыным, так што прапанова не пасадзіць Купалу, а ўзнагародзіць, магла быць насамрэч выказаная і Сталін – па палітычнай мэтазгоднасьці – мог яе пачуць).
“В отношении Янки Купалы, Якуба Колоса, Бровко, Глебки, Крапивы, Бядули, Вольского, Аксельрода и др. членов этой «могучей кучки», узурпировавшей представительство от Белорусской литературы всюду, в том числе и за рубежом, людей, творческая авторитетность которых непомерно раздута, проводивших лично всю описанную выше вражескую работу, имеются многочисленные показания разоблаченных и арестованных врагов, изобличающие их вплоть до связей с польской дефензивой.
По количеству и качеству изобличающего материала, а также по известным нам фактам их работы, они, безусловно, подлежат аресту и суду, как враги народа. В частности, Наркомвнудел Белоруссии запросил из центра санкцию на арест Купалы и Колоса уже давно, но санкция пока не дана.
Их нужно или арестовать, или, учитывая обстановку, принять, поговорить открыто, показать, что нам известны все их «ошибки», если это допустимо так называть, сказать, что они могут искупить свою вину перед Советской властью, призвать их к честной работе, посмотреть, как они будут реагировать и если в какой-либо мере пойдут на это, то использовать это в целях разложения группы, отрыва наиболее честного и ликвидации остатков нацдемовщины».
Зрабіць з гэтага ліста выснову пра прыязныя адносіны сакратара партыйнага ЦК да беларускіх літаратараў пры ўсім жаданьні цяжкавата, а вось тое, што адносіны былі асаблівымі – відавочна. Хоць, канешне, з улікам тагачасных рэаліяў, фразу:“Их нужно или арестовать, или, учитывая обстановку, принять, поговорить…” – можна расцаніць і як спробу заступства. Толькі зратавала Купалу з Коласам зусім не “заступства” Панамарэнкі, а тое, што Сталіну пад той час неабходна было, па-першае, паказаць паслабленьне рэпрэсіяў, хоць неяк затушаваць перад чарговым (ХVIII) зьездам партыі жудасны 1937 год, а, па-другое, па ягонай змове з Гітлерам рыхтаваўся ўжо аншлюс Заходняй Беларусі, далучэньне яе да БССР, дык нельга ж было аб’ядноўваць заходнікаў адно з расстралянымі і закратаванымі ўсходнікамі – патрэбны быў на ўсходзе хоць нехта жывы… Таму і мяняецца ордэр на арышт на ордэн Леніна, а праз два гады, за тры месяцы да пачатку вайны да ордэна дадаецца яшчэ і Сталінская прэмія. Драматычная разьвязка ў лёсе Купалы зноў адкладваецца – на гэты раз да лета 1942 году.
Другая сусьветная вайна, як, дарэчы, і Першая сусьветная, застала Купалу ў Літве, толькі гэтым разам ня ў Вільні, а ў Каўнасе, дзе 22 чэрвеня 1941 году ён спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са зьезду пісьменьнікаў савецкай Латвіі. Цягніком, які ўжо бамбілі, Купала пасьпеў даехаць да Менску, забраў жонку і на машыне, завітаўшы па дарозе на сваё лецішча ў Ляўкі, з цяжкасьцямі дабраўся ў пачатку ліпеня да Масквы. У сярэдзіне кастрычніка яму прапануюць выехаць у Ташкент, але ён адмаўляецца, каб дапамагчы выбрацца ў эвакуацыю свайму даўняму сябру Барысу Емельянаву. “Прошу вместо меня и моей жены, — піша службовую запіску Купала, — эвакуировать с эшелоном писателя Емельянова Б.А. Его сестра, член ССП, едет с этим же эшелоном”. Гэта, трэба сказаць, быў жэст, які ў той час зрабіў бы далёка ня кожны – Масква была ўжо амаль прыфрантавым горадам… Пад канец кастрычніка Купала выпраўляецца ў эвакуацыю пад Казань, дзе жыве больш за паўгоду, пакуль не атрымлівае ўрадавую тэлеграму.
Вось яна.
“Правительственная.
Казань, Верхний Услон, Печищи, мельзавод.
Народному поэту Белоруссии Янке Купале.
Прошу Вас выехать Москву Совнарком БССР, выезд телеграфьте.
Председатель Совнаркома Белоруссии Былинский.
4 июня 1942 г.»
Набліжаўся 60-гадовы юбілей Купалы, які ён ня надта хацеў сьвяткаваць. Маці, амаль уся радня ягоная ў акупаванай Беларусі – не да юбілеяў. Дый з боку ўраду не чуваць ніякіх юбілейных прапановаў, хутчэй наадварот… 14 красавіка 1942 году на пасяджэньні ЦК КП(б)Б прымаецца рашэньне “Аб правя­дзеньні 60-гадовага юбілею народнага паэта Беларусі Якуба Коласа”. Сьвяткаваньне прызначаецца на лістапад, ствараецца юбілейная камісія на чале з сакратаром ЦК Ц. Гарбуновым, у якую разам са страшынём Саюза пісьменьнікаў М. Лыньковым уваходзіць і Янка Купала. Але ж купалаўскае 60-годдзе раней за коласаўскае, ня ўвосень, а летам, – дык дзе ж пра юбілей Купалы якое-небудзь рашэньне? Ці пастанова? Няма… І ня будзе ні рашэньняў ніякіх, ні пастановаў. Значыць, сьвяткаваць не зьбіраліся. Таму не зусім зразумела, для чаго той жа Ц. Гарбуноў, які быў яшчэ і адным з кіраўнікоў Усеславянскага камітэту, і адказным сакратаром рэдакцыі часопісу “Славяне”, раптам пытае ў лісьце да Купалы, напісаным у самым канцы траўня, роўна за месяц да трагічнага дня 28 чэрвеня: “Ці знойдзеце Вы магчымым па стану здароўя прыехаць у Маскву ў сярэдзіне чэрвеня дзён на 10-15?”
У гэтым лісьце, як праз тыдзень і ў тэлеграме, ні пра якія сьвяткаваньні ані слова, але якая яшчэ магла быць прычына такога тэрміновага выкліку?.. Апроч юбілею, здавалася, ніякай. Калі Гарбуноў, задаючы пытаньне: “Ці знойдзеце вы магчымым прыехаць у Маскву?..” — мае намер запрасіць Купалу на кангрэс Усеславянскага камітэту (на які Купала нібыта і прыехаў), дык зноў жа, чаму пра гэта нічога ня сказана ні ў тэлеграме, ні ў дакументах, з якімі Купала “действительно командируется Верховным Советом БССР в г. Москву с обратным возвращением в Казань?..”
Як бы там ні было, Купала зьбіраецца ехаць і, калі ўжо едзе на юбілей, пытае дазволу на тое, каб узяць з сабой жонку. Зусім нечакана для яго (як успамінае пляменьніца Купалы) дазволу на тое не даюць. Катэгарычна адказваюць: “Не. Вас выклікаюць аднаго”. І ў спадарожніцы яму замест жонкі выпраўляюць старшыню Вярхоўнага Савету БССР Н. Грэкаву, на імя якой у Казанскі гаркам партыі прыходзіць тэлеграма за подпісам таго ж Былінскага: “Выезжайте вместе народным поэтом Белоруссии Янка Купала Москву”.
Для чаго?.. Для ўдзелу ў кангрэсе Усеславянскага камітэту?.. “Вместе народным поэтом Белоруссии Янка Купала?..” Як сабе хочаце, але па зьмесьце, па гучаньні тэлеграмы не выглядае на тое…
Купала разгублены, ён і ўявіць ня мог, каб адмовілі ў просьбе паехаць разам з жонкай. На юбілей, на сьвята… Раней такога не здаралася, нешта тут ня тое… І гэтае нешта не магло не насьцярожыць чалавека з такой інтуіцыяй, як у Купалы. Да таго ж, для насьцярогі мелася яшчэ адна прычына, значна больш істотная, чым адмова ў тым, каб ён паехаў у Маскву разам з Уладзіславай Францаўнай…
У лютым 1942 году Бюро ЦК КП(б) Б прымае пастанову аб скліканьні ў Казані чарговай сесіі Беларускай Акадэміі навук. З дакладам на сесіі даручаецца выступіць Янку Купалу. Тэма даклада не абы якая: “Беларуская інтэлігенцыя ў дні Айчыннай вайны”. Матэрыялы для даклада высылае ў Казань Ц. Гарбуноў. І вось што павінен быў прамовіць Янка Купала на той сесіі 12 сакавіка:
“Але яны (немцы, — У.Н.), гэтыя крывавыя дзяблы, яшчэ прабуюць прыкідвацца нявіннымі авечкамі і сьпекуляваць сумленнымі і чыстымі імёнамі! Кажуць нават, што яны вуліцу, па якой я жыў у Мінску, назвалі маім імем. Таксама, бачыце, “паважаюць” пісьменьніка. Але будзьце вы прокляты крывавыя вырадкі – за такую павагу! Спачатку вы паслалі сотні самалётаў. Спалілі гэтую вуліцу дашчэнту, кінулі дзясяткі бомбаў на мой дом. Спалілі яго разам з маімі рукапісамі – а цяпер вы прыкідваецеся прыхільнікамі культуры. Такой надругі над культурай сьвет яшчэ ня бачыў. І я, сумленны совецкі пісьменьнік, плюю ў ваша агіднае крывавае фашысцкае рыла і ўсім сэрцам сваім жадаю пагібелі вам, катам беларускага народа, катам беларускай культуры”.
Мяркую, што толькі дзеля выступленьня Купалы, ці нават толькі дзеля прыведзенага абзацу з гэтага выступленьня і была прыдуманая ў Казані ўся сесія Беларускай Акадэміі навук. Зразумела, каб на ягоным прыкладзе і ўсім астатнім паказаць, што такое інтэлігенцыя ў час вайны… Зноў Купала, як і ў сваіх “пакаяньнях” 30-х гадоў, мусіць апраўдвацца ў тым, у чым не вінаваты… Калі ж яно ўсё скончыцца? Падобна, што ніколі. А раз так...
Купала выкрэсьлівае з дакладу ўвесь прыведзены абзац.*
Выкрэсьліць ня тое, што абзац, а хоць бы слова з таго, што напісана ў партыйным ЦК, нават у брэжнеўскія часы было б небясьпечна, а ўжо ў часы сталін­скія…
18 чэрвеня Купала прыязджае з Казані ў Маскву – і праз дзесяць дзён урадавую тэлеграму атрымлівае ў Ташкенце Якуб Колас:
«Правительственная.
Ташкент. Союз писателей. Коласу Якубу.
Извещаем сьмерти нашего любимого Янки Купалы…
Зампредсовнаркома Крупеня. 29 июня 1942».
Прыехаць на купалаўскі юбілей ні за дзесяць дзён да таго, ні раней Якубу Коласу не прапаноўвалі, і гэта таксама нешта азначае. Зразумела, ня блізкая дарога да Масквы з Ташкенту, аднак жа пазьней прыехаць у Маскву на сход беларускай інтэлегенцыі яму прапанавалі. І я ня думаю, што (як пішуць у даведніках) не паехаў ён на той сход, бо ня меў цёплага адзеньня…
Колас падаўлены, разгублены, яму трывожна. Быў ён тры месяцы таму на сесіі Акадэміі навук у Казані, сам выступаў і чуў выступленьне Купалы… І Колас піша з Ташкенту ў лісьце да І. Крупені: “Вы далі мне тэлеграму, цяжкую, балючую: паведамілі аб сьмерці Янкі Купалы… Паведаміце, калі ласка, што здарылася з Янкам, пры якіх абставінах ён памёр? У мяне астаецца такое перакананьне, што з ім прыключылася раптоўная бяда”. (Падкрэсьлена мной, — У.Н.).
У афіцыйным паведамленьні, надрукаваным 30 чэрвеня ў газеце «Известия» і 2 ліпеня ў газеце “Савецкая Беларусь”, пра сапраўдныя абставіны сьмерці Янкі Купалы, зразумела, ні слова. А вось што дакладвалася пра гэтыя абставіны 29 чэрвеня ў аператыўным данясеньні (Спецсообщении, як яно называецца) на імя наркама ўнутраных справаў СССР Л. Берыі (з копіямі Сталіну і Молатаву).
“28 июня в 22 часа 30 минут в гостинице “Москва” упал в лестничную клетку и разбился насмерть поэт Белоруссии Луцкевич Иван Доминикович”.
Што спецсообщается пра Янку Купалу — зразумела. Толькі чаму ён Луцкевіч, а не Луцэвіч? Памыліліся? У данясеньні на імя Берыі з копіяй Сталіну?.. Хіба ў Купалы, Івана Дамінікавіча Луцэвіча, не было пашпарту, пасьведчаньня? Калі не ў кішэнях, дык у нумары, які адчынілі якраз для таго, каб паглядзець рэчы і дакументы. Ёсьць жа (праўда, трохі пазьнейшы, ня ў той дзень зроблены ) вопіс гэтых рэчаў і дакументаў. У ім пад № 20 апісаны нават пачак запалак, 1 шт., а пасьведчаньняў розных (апрача пашпарту № І НУ 580393) ажно 4 шт. – ды яшчэ дэпутацкі і пісьменьніцкі білеты. Дык не глядзелі?.. І без таго неяк ведалі, што Луцкевіч?.. Прычым, настолькі ведалі, што менавіта так, Луцкевіч, напісалі прозьвішча не аднойчы, што яшчэ можна было б лічыць памылкай, а праз усё данясеньне: Луцкевіч, Луцкевіч, Луцкевіч…
Заўважым гэта – і вернемся да выкрэсьленага абзацу з дакладу Купалы, дзе ён павінен быў апраўдвацца ў тым, што немцы ў Менску назвалі вуліцу ягоным іменем.
Вуліца імя Янкі Купалы павінна была зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны: вясной 1941 году прапаноўвалася ў гонар паэта перайменаваць вуліцу Садовую. Аднак Панцеляймон Панамарэнка, “абаронца і заступнік” Янкі Купалы, асабіста выкрэсьліў тую “прапанову працоўных” з праекту партыйнай пастановы. Чырвоным алоўкам. А ўжо восеньню, усяго праз паўгоду, вуліцы і плошчы ў Менску пераймяноўваюцца немцамі. Пастановы (загады) падпісвае цяпер не сакратар ЦК Панамарэнка, а начальнік Менскай палявой камендатуры Шлегельхофер – і вуліцу Кастрычніцкую, на якой жыў Купала, называюць вуліцай імя Івана Луцкевіча. Не Івана Луцэвіча, паэта Янкі Купалы, а Івана Луцкевіча, аднаго з пачынальнікаў беларускага Адраджэньня, заснавальніка Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, археолага і этнографа, памерлага ў 1919 годзе.
Зноў падвойны знак?.. Фатальнасьць?.. Блытаніна?.. Як з іменем купалавай маці, замест Бянігны запісанай Бугамілай у метрычнай кнізе Радашковіцкага касьцёлу? Як шмат з чым іншым?.. Што ж, можа быць, бо чаго-чаго, а і фатальнасьці, і падвойнасьці, і блытаніны ў жыцьці Купалы хапала. Дык хіба дзіва, што ў данясеньні пра ягоную сьмерць данесьлі па сутнасьці пра сьмерць іншага чалавека?.. Пра сьмерць таго, чыім іменем названая немцамі вуліца ў Менску.
Але чытаем аператыўнае данясеньне (спецсообщение) далей.
“Предворительным выяснением обстановки падения никаких данных, свидетельствующих о насильственной смерти или самоубийстве, не установлено (гэткая фармулёўка: “ня тое, ня сёе, а немаведама, што”, — пры данясеньні на самы верх выглядае даволі дзіўнай, бо, як мінімум, не выключае грознага пытаньня зьверху: “Что же вы выясняли вашим предворительным выяснением?” – ды падобна на тое, што ніхто не чакаў і не асьцерагаўся ніякіх грозных пытаньняў, нібы там, куды пра гэта дакладвалася, загадзя ўсё вядома).
Происшествию предшествовали следующие обстоятельства:
Примерно в 21 час Луцкевич был приглашен в комнату 1034 (дзесятый этаж той же гостиницы) к проживающему там председателю Союза советских писателей Белоруссии Лынькову, где присутствовал там же писатель Крапива, редактор газеты “Красноармейская правда” Миронов, сотрудник этой же газеты Карханов и зав. отделом редакции “Известия” Войтинская. Луцкевич пришел в нетрезвом виде и с присутствующими еще выпил несколько стопок шампанского.
Примерно в 22 часа Войтинская и Крапива из номера ушли, и минут через 10 после них вышел Луцкевич.
Момент и обстоятельства падения Луцкевича никто не видел. Можно предполагать, что упал он с 9-го этажа, так как начиная с седьмого этажа в лестничной клетке обнаружены отдельные капли крови.
При осмотре комнаты, занимаемой Луцкевичем, обнаружены около стола две бутылки из-под шампанского и не убранная со стола посуда с запахом вина (агледзеўшы пакой, не знайшлі анічога, апроч сьлядоў папойкі, якая роўненька кладзецца ў нібы загадзя падрыхтаваную версію: напіўся – і зваліўся). Других данных, связанных с происшествием, не обнаружено.
Следствие ведет Военный Прокурор гор. Москвы.
Начальник 3 Управления НКВД СССР (Горлинский).
№ 3/3/6661.
Апроч блытаніны (як наўмысна наблытанай) з прозьвішчам Купалы, насильственной смерти или самоубийства которого не установлено, яшчэ шмат чаго, што напісана ў гэтым дакуменце, не супадае са сьведчаньнямі многіх і многіх людзей. Да прыкладу, ва ўспамінах П. Глебкі, зьнятых з магнітафоннай стужкі Б.Сачанкам, Глебка распавядае, як ён гадзінаў пад дзесяць вечару зайшоў у нумар да М. Лынькова, дзе праз колькі хвілінаў зазваніў тэлефон. Узяўшы трубку і перадаўшы яе Купалу, Лынькоў папрасіў усіх гасьцей выйсьці на балкон, бо званіў нехта такі, з кім размову Купалы нікому ня трэба было чуць. Пагаварыўшы, Купала адразу пайшоў з нумару, быццам некуды тэрмінова пакліканы…
Па ўскосных сьведчаньнях (ёсьць яны і ў кнізе Б. Сачанкі “Мне сьняцца сны аб Беларусі…”) у нумар Лынькова званіў Купалу ў той вечар Ц. Гарбуноў. Да сакратара ЦК па ідэалогіі (а ў гатэлі “Масква” мясьцілася кіраўніцтва Цэнтральнага штабу партызанскага руху, беларускі ўрад і партыйны апарат) Купала, канешне, мог засьпяшацца – хоць цьвярозы, хоць нападпітку… Але ж П. Глебка сярод гасьцей 1034 нумару ў аператыўным данясеньні не называецца. Ён што: схаваўся на балконе і яго не знайшлі? Ці ў пачатку 60-х гадоў, якімі датуюцца ўспаміны Глебкі, пацягнула Пятра Фёдаравіча на фантазіі, навыдумляў ён нешта – і ў нумары Лынькова яго не было? І не было ніякага тэлефоннага званка?.. Аднак і пра прысутнасьць П. Глебкі, і пра тэлефонны званок сьведчыць Соф’я Захараўна Касьпіц, жонка М. Лынькова. Толькі яна сьцьвярджае, што званок быў не ад Ц. Гарбунова, а званіла літоўская партызанка Ірэна. Не выключаю, што Купала мог засьпяшацца як да партыйнага сакратара, так і да партызанкі Ірэны, але навошта тады Лынькоў выпраўляў усіх гасьцей на балкон?.. Пра што такое мог гаварыць Купала з партызанкай Ірэнай, чаго ня трэба было чуць усім астатнім? І наогул, чаму ніводны з іх, ні М. Лынькоў, ні П. Глебка, ні П. Броўка, ні К. Крапіва, ніхто з тых, хто мог падрабязна напісаць пра апошнія дні і гадзіны Купалы, н і ч о г а не напісаў? Ім забаранілі – і яны баяліся?.. Калі нават (ёсьць і такія сьведчаньні) з іх узялі падпіску, што яны будуць маўчаць, як маглі яны не напісаць? У стол, на будучыню — яны ж літаратары… Ці ў такіх выпадках штосьці пераважае над схільнасьцю да прыгожага пісьменства, асабліва дакументальнага?..
Спадзяюся, хоць нешта, напісанае кімсьці з іх пра сьмерць Янкі Купалы, яшчэ знойдзецца. Калі ж не імі напісанае, дык некім…
Што ж адбылося пасьля таго, як зачыніў за сабой Купала дзьверы нумару 1034?.. Сьведчаньняў пра тое ня шмат, але яны ёсьць. І сьведчаньні гэтыя, калі сабраць іх разам, хоць і супярэчлівая, ды ўсё ж нельга сказаць, што ні ў чым паміж сабой не падобныя. Прынамсі, амаль ва ўсіх іх побач з Купалам прысутнічае ці на калідоры, ці на лесьвічнай пляцоўцы маладая жанчына. Яна альбо адна (як пра тое распавядаў украінскі паэт Пятро Панч), альбо на пару з маладым чалавекам (як сьведчыў архітэктар Г. Заборскі). Ну, гэта і не маглі быць людзі ў форме пры пісталетах, ці нават проста “берыяўцы ў кепках”, якіх убачыў, калі яны выбягалі з гатэлю “Масква”, паэт Анатоль Астрэйка. Між іншым, распавядаў Астрэйка яшчэ і пра тое, як яго ледзьве ня зьбіла з ног, выбягаючы з гэтэлю, маладая жанчына – і называў яе імя… Але не імя Паўліны Мядзёлкі, хоць існавала (наўмысна, мяркую, прыдуманая) і такая версія. Не абмінуў, зачапіў яе ў свой час (праўда, у іншай інтэрпрэтацыі) нават такі бліскучы дасьледчык жыцьця і творчасьці Янкі Купалы, як Георгій Колас. Калі ў рэдакцыі часопісу “Крыніца” рыхтавалася ягоная публікацыя “Як бераглі Купалу Чарвякоў і Галадзед?”, ён даводзіў мне, што хоць Купала і быў для кампетэнтных, найперш партыйных органаў, як костка ў горле, але яго ўсё ж наўрад ці маглі забіць, бо не было за што. Маўляў, усё, што ад яго патрабавалі, ён спраўна выконваў, напісаў усе тэксты, усе звароты да народу (дарэчы, пісаў тыя тэксты ў Цэнтральным штабе партызанскага руху не Купала, а Кузьма Чорны), верш “Партызаны, партызаны, беларускія сыны…” – дык чым жа ён мог замінаць? Георгій Колас прытрымліваўся тады замазабойчай версіі, выводзячы яе як са схільнасьці Купалы да суіцыдных жэстаў, так і з даўніх адносінаў ягоных (якія з 1926 году сталі ўжо і адносінамі з “кампетэнтнымі органамі”) з Паўлінай Мядзёлкай – ледзьве ня ведзьмай, як лічыў Георгій Колас, што праляцела над купалаўскім лёсам. А калі я пытаўся ў яго: “А як жа быць з вершамі “Для Яе” са зборніка “Шляхам жыцьця”, з радкамі накшталт:“Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад І такую ўзлажыў ёй з каханьня карону, — Як і неба з зямлёю, на Божы загад, Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!” – Георгій Данілавіч ускокваў: “Пры чым тут вершы? Жарсьць падпірала, дык і пісаў! А дзе яна была ўвечары, калі яго ня стала?..”
Ня выключана, што ў гатэлі “Масква”.
Яўген Мазалькоў (рэдактар кніг Купалы ў перакладзе на рускую мову) згадвае ў сваіх успамінах, як гасьцяваў у Купалы (у 414 нумары гатэлю “Масква”) гадзіны за тры да купалавай сьмерці. “Перад нами на столике, — піша ён, — лежала большая коробка шоколадных конфет”.
Больш ні пра якія пачастункі ва ўспамінах ні слова. А пра выпіўку Купала кажа Мазалькову: “Праз тыдзень мне 60 – тады і пасядзім як сьлед”. Што азначае: тады і вып’ем, а зараз ты зьеў бы цукерку ды йшоў адсюль з усімі сваімі перакладамі…
Купала некага чакаў, Мазалькоў замінаў яму.
Мазалькоў пайшоў. Праз нейкі час (праз тры гадзіны) Купала, падняўшыся з чацьвёртага на дзясяты паверх, зьлятае ў лесьвічны пралёт.
Назаўтра ў сьпецпаведамленьні начальніка 3 Упраўленьня НКВД дакладваецца пра “две бутылки из-под шампанского”, знойдзеныя пры аглядзе 414 нумару.
З кім, калі не з Мазальковым, выпіў Купала шампанскае?..
Шампанскае з цукеркамі – не мужчынскае застольле. Як тады, так і цяпер – гэта так званы “джэнтльменскі набор” для інтымных сустрэчаў.
Сярод рэчаў Купалы, апісаных разам з пачакамі тытуню “Казбек” і цыгарак “Эліт”, нечакана зьдзіўляе жаночая парфума. У вопісе рэчаў (№59): Духи “Душистый горошек”. Купала, які паліў «Казбек», карыстаўся жаночай парфумай?..
Таксама ў вопісе (№78): разорванный носовой платок. І яшчэ (№80): пуговица.
Магчыма, парваная насоўка з адарваным гузікам і ня ёсьць дэталі найбанальнага сюжэту. Тым ня менш, ці не насамрэч, як кажуць французы: «Шукайце жанчыну». І знойдзеце ўсё.
Ня ведаю, ці была позьнім вечарам 28 чэрвеня 1942 году ў гатэлі “Масква” Паўліна Мядзёлка, яе ўспаміны і пра той дзень, і пра наступныя дні па сьмерці Купалы даволі блытаныя, але мне дакладна вядомае імя жанчыны, якой у гатэлі тым вечарам не было: народнай артысткі СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай. Раніцай таго дня яе выправілі з канцэртам да партызанаў, але ўжо назаўтра, 29 чэрвеня, вярнулі ў Маскву – і 1 ліпеня яна выступала з разьвітальным словам на пахаваньні Янкі Купалы... У зборніку ўспамінаў пра Купалу “Такі ён быў”, выдадзеным у 1975 годзе, Александроўская згадвае, як перад яе ад’ездам Купала ўсё парываўся ёй нешта сказаць, але так і не сказаў. Калі б гэты зборнік выдаваўся зараз, ва ўспамінах Александроўскай вось што было б напісана: “Разьвітваючыся, ён браўся за рукі, не адпускаў… Казаў: “Ларыса, перапёлачка, ня ехала б ты нікуды, кепска мне будзе… Можа, і ня жыць”. Так ва ўсякім разе запісана мной са словаў Ларысы Пампееўны на аркушы паперы, які меўся стаць адной са старонак кнігі яе ўспамінаў… І далей словы Александроўскай: “Гэта ўстрывожыла мяне, мы тады ўсе былі нярвовымі – і ў “Маскве”, і ў “Якары” (маецца на ўвазе гатэль “Якар”, у якім таксама жылі беларусы, у тым ліку літаратары і акторы, але, так бы мовіць, драбнейшыя, —У.Н.). Перад самым ад’ездам пра размову з Купалам я сказала Гарбунову. Гарбуноў адмахнуўся, раззлаваўся нават: “Слухай ты яго! Ён усім тое самае кажа”.
Наўрад ці Купала казаў тое самае сакратару ЦК…
Нечага такога ў маім жыцьці, пра што б я, азіраючыся назад, шкадаваў — ня многа. Шкадаваньне – пусты занятак. Ды ўсё ж што-нешта, пра што шкадую, ёсьць. І не ў апошнюю чаргу шкада мне ненапісанай, а дакладней незапісанай кнігі ўспамінаў Ларысы Пампееўны Александроўскай. Бліскучай жанчыны, сьпявачкі, актрысы, якая пачынала працаваць сакратаркай яшчэ ў штабе таварыша Фрунзе. Набліжаная да самых вярхоў улады, яна ведала столькі, колькі мала хто… Аднак, чалавек сталінскіх часоў, Александроўская ставіла такія кансьпіратыўныя ўмовы запісу яе ўспамінаў, што на тое, каб напісаць кнігу, спатрэбіліся б ня год і ня два. На такое я ня мог згадзіцца. Мяне ніяк не спакушала персьпектыва стаць гадоў праз дзесяць аўтарам літаратурнага запісу нечых (хай нават самых бліскучых) успамінаў, мне было дваццаць пяць — і я меў зусім іншыя планы. Вельмі шкада… Але што ж: усім нам вядома, якім розумам мы разумныя.
У гады, калі толькі пачыналася нашая ненапісаная кніга ўспамінаў, Л. П. Александроўская была старшынёй Беларускага тэатральнага аб’яднаньня – і ўладкавала мяне (беспрацоўнага пасьля вяртаньня з Масквы, з Літаратурнага інстытуту) на работу: рэдактарам бюлетэню “Тэатральны Мінск”. Аднойчы з Уладзімірам Іскрыкам (у той час супрацоўнікам БТА, а пазьней работнікам апарату Саўміна) мы ў прысутнасьці Ларысы Пампееўны завялі спрэчку (якраз у дачыненьні да Купалы) пра аднаго літаратара… ну, назавем яго В. Б. Г. Гэта першыя літары нават ня прозьвішча, а мянушкі чалавека, пра якога Александроўская, перапыняючы маю з Іскрыкам спрэчку, раптам сказала: “Ён Купалу і забіў…”
Ашаломлены, я вырашыў, што гэты самы В.Б.Г. браў у зьнішчэньні Купалы непасрэдны, фізічны ўдзел – і стаў угаворваць Ларысу Пампееўну, каб яна засьведчыла ягонае імя на паперы. Ну, калі ўжо мы пішам кнігу ўспамінаў… Быў пачатак сямідзясятых – і жанчына сталінскіх часоў, паглядзела на мяне, як пазіраюць звычайна на тых, пра каго кажуць: дурны, як сабака да году. Праз паўзу, нібы шкадуючы пра тое, што слова – не верабей, дагаварыла: “Ён напісаў данос, праз які Купалы ня стала…”
Хоць “заслугі” літаратара В. Б. Г. у разьвіцьці даноснай літаратуры зусім не малыя, я ўсё ж ня маю права назваць ягонае імя ў зьвязку са сьмерцю Купалы. Для гэтага патрэбныя неабвержныя факты, дакументы. Словаў хай сабе нават такой аўтарытэтнай сьведкі, як Л. П. Александроўская, недастаткова. Ва ўсякім разе, недастаткова для абвінавачваньняў. Але дастаткова для роздуму, для супастаўленьняў…
У пачатку 70-х я ніяк ня мог зразумець: што ж за данос можна было выдумаць, напісаць на Купалу, які сядзеў сабе ціха на млыне ў Печышчах, у глушы пад Казаньню? І нічога я тады ня мог супаставіць, бо не было чаго з чым. Цяпер ёсьць.
Як дэзінфармацыя пра тое, што ў акупаваным Менску зьявілася вуліца імя Янкі Купалы, прайшла на самы верх?.. Чаму яна не правяралася?.. Было ж праз каго (пры жаданьні) праверыць. Напрыклад, на радыё ў Менску, па якім абвяшчалася пра перайменаваньне вуліцаў, працавала жонка Пятра Глебкі Ніна Ларывонаўна, якая, безумоўна, была неяк зьвязаная з савецкімі сьпецслужбамі, інакш бы як яна, паслужыўшы ў цэнтры нямецкай прапаганды, пасьля вайны ўратавалася – хай сабе і з мужам-ордэнаносцам?.. Ніна Ларывонаўна, дарэчы (па сьведчаньні Аркадзя Куляшова), папярэджвала Глебку, каб ня надта набліжаўся да Купалы, бо побач з тым – небясьпека.
Аркадзь Куляшоў быў перакананы, што Купалу забілі. Месца ў гатэлі “Масква” паказваў: “Вось тут з ім расправіліся”.
П. Глебка, хоць і асьцярожна, але сьцьвярджаў тое ж.
Пімен Панчанка запісаў у дзёньніку: “Забілі Купалу – заб’юць і мяне”.
П. Броўка казаў, што Купала, прыехаўшы ў Маскву, нечага баяўся, асабліва ўначы – і разам з Твардоўскім яны ў яго начавалі, Купала не адпускаў.
Л. Александроўская кажа: “Мы тады ўсе былі нярвовымі…”
Не для таго, каб неяк пацьвердзіць словы Л. Александроўскай, сумнявацца ў якіх ня маю падставаў, а для большага ўяўленьня пра тое, які настрой панаваў у асяродку беларусаў, што жылі ў гатэлі “Масква”, калі там пасяліўся Купала, працытую некалькі сказаў з ліста жонкі Кузьмы Чорнага да Аксаны Фёдараўны Вечар, жонкі Аркадзя Куляшова. Ліст датаваны 27 чэрвеня 1942 году, калі Равека Ізраілеўна, жонка Чорнага, прыехала з Уральску – за дзень да сьмерці Купалы.
«Дорогие! Приехала в Москву вчера около 5-ти часов дня. Черный меня не встретил… Наконец, он приехал на вокзал вместе с Глебкой, и мы отправились в гостиницу…
Сразу же я окунулась в атмосферу склочничества, существующую здесь между некоторыми, была свидетельницей отвратительной сцены, которую разыграл Б. (П.Броўка, — У.Н.), который называл К. (А. Кучара, — У.Н.) самыми оскорбительными словами, ругался безобразнейшими словами, его едва выпроводили. Оказывается, он постоянно устраивает такие сцены, особенно попадает от него Л. (М. Лынькову, — У.Н.). В общем, они, кажется, немногим лучше баб. Потом Лыньков… страдал очень и кончил слезами».
Магчыма, перажываньні М. Лынькова былі зьвязаныя ня столькі з Масквой, колькі з Менскам, дзе засталася пад немцамі ягоная сям’я, але… З чаго гэта П. Броўка, чалавек, трэба сказаць, зусім не брутальны, які назаўтра ж, як піша далей у сваім лісьце Равека Ізраілеўна, прасіў у яе прабачэньня, апраўдаваючыся тым, што ў яго нервы расхадзіліся, раптам на ўсіх разлаяўся – найбольш на Лынькова, старшыню Саюза пісьменьнікаў? І чаму ён зьневажаў Кучара?.. Чаму яны ўсе такія нярвовыя: ругаются безобразнейшими словами, страдают очень и кончают слезами?.. Ці не таму, што ўсе яны здагадваюцца, ці нават ведаюць пра небясьпеку, якая навісла над Купалам, а праз яго, магчыма, і над імі? І ці не таму, ці не праз гэта крычыць Броўка ўсім – і найперш Лынькову: «Ды зрабіце вы што-небудзь!..» І ўсё гэта, урэшце, ці не таму, што зьместам даносу, які напісаў В. Б. Г. на Купалу, якраз і была дэзінфармацыя пра вуліцу, названую немцамі, фашыстамі, ворагамі іменем народнага паэта, ордэнаносца, лаўрэата Сталінскай прэміі?
Хутчэй за ўсё, праз свайго кампетэнтнага даносчыка самі кампетэнтныя органы гэтую дэзу і запусьцілі. Альбо ўгадаў ён іх патаемныя пажаданьні – ёсьць у лёкаяў такая ўласьцівасьць, здольнасьць: наперад угадваць жаданьні гаспадароў. Навошта ж гаспадарам, кампетэнтным органам такое пераправяраць? Калі гэта для іх, як кажуць, самае тое… Калі з гэтага вынікае, што ў адносінах да Купалы, які быў і застаецца ідэолагам нац.-фашызму, адны яны, кампетэнетныя органы былі празорлівымі, патрабуючы для яго неадкладнай кары. А сьляпымі былі, памыляліся, гуляючы з ім у званьні і ўзнагароды, — хто?.. Ды яшчэ падбілі да гульні, да памылкі – каго?.. Таго, хто не памыляецца! Пра гэта ўжо нават падумаць страшна… Але ж Л. Цанава дакладваў П. Панамарэнку (і якраз тады, калі з Купалам у самыя высокія ўзнагароды гуляліся), што як раней друкаваліся вершы Купалы ў нацдэмаўскіх газетах побач з партрэтам Пілсудскага, так цяпер у нац.-фашыстоўскіх газетах – побач з партрэтам Гітлера. Не адрэагавалі – вось і вынік. Так што давайце, нарэшце, рэагаваць… Няма чалавека – няма праблемы. І памылак няма…
Пра тое, як у канцы 30-х і ў пачатку 40-х хацелася кампетэнтным органам расправіцца з ужо абрыдлым ім Купалам, сьведчыць запіска таго ж Л. Цанавы з прапановай вызваліць з-пад арышту Кузьму Чорнага для «использования его по вскрытию и разоблачению нац.-фашистского формирования в Белоруссии». І каго ж «разоблачать», хто там сярод фашыстаў?.. «Романовский Н.К., — піша далей Цанава, — был завербован в нац.-фашистскую организацию Я. Купалой, Я. Колосом и Бедулей, которые в настоящее время находятся на свободе (падкрэсьлена мной, — У.Н.), о чем в своих показаниях на суде Романовский будет делать упор и ссылаться на последних».
Я не падганяю ўсё чыста пад выбраную мной версію, зусім не. Не выключаю, што праз усё тое, за што яго маглі забіць, ні ў чым не вінаваты Купала, стаміўшыся быць вінаватым, мог скончыць жыцьцё самагубствам. Але ці самагубства гэта было, ці не – у любым выпадку абавязкова, што называецца, па факце сьмерці павінны былі завесьці крымінальную справу. Дзе яна?.. Доступу да яе нікому з тых, каго так ці інакш цікавіць Купала, не ўдалося дабіцца. У тым ліку і мне — ні ў нядаўнія часы перабудовы, ні ў найноўшы час дэмакратыі. На ўсе мае захады і як рэдактара часопісу “Крыніца”, і як старшыні Саюза пісьменьнікаў адказ быў адзін: крымінальнай справы па сьмерці Янкі Купалы ні ў якіх архівах няма. А калі яе няма, казалі мне далей, дык яна і не заводзілася. Чаму?.. Бо засьведчаны быў факт самагубства, а да самагубцаў у час вайны, калі гінуць мільёны, каму якая справа?..
Ну, па-першае, факт самагубства нідзе і нікім не засьведчаны. Па-другое, самагубца не абы які, да яго якраз шмат у каго ў той час і была самая пільная справа… А што да справы крымінальнай, дык яна, па некаторых зьвестках, захоўваецца зараз не ў архівах пракуратуры ці ФСБ, а ў архіве Прэзідэнта Ра­сійскай Федэрацыі – былым архіве ЦК КПСС. Разам з усімі тымі дакументамі, да якіх пакуль, як ні дабівайся – не даб’ешся. Але час ідзе… вада камень точыць… і людзі праўды дабіваюцца.
22 ліпеня 1942 году за подпісам намесьніка старшыні Савету Народных Камісараў Беларускай ССР І. Крупені, а таксама писателя-драматурга Белорусской ССР, лауреата Сталинской премии Кондрата Крапивы и поэта Белорусской ССР Пятруся Бровки (так у тэксьце, — У.Н.) на імя сакратара ЦК КП (б) Беларусі таварыша Панамарэнка П.К., сакратара ЦК таварыша Гарбунова Ц.С. і старшыні Саўнаркама БССР таварыша Былінскага І.С. накіроўваецца ліст наступнага зьместу.
«Решением Правительственной комиссии по похоронам народного поэта Белорусской ССР Яки Купалы нам поручено выбрать урну…
На лицевой стороне урны в левом верхнем углу будет написана дата рождения, а в правом – дата смерти. В верхней половине урны будет помещен портрет поэта на фарфоре. Под портретом золотыми буквами надпись на белорусском языке: «Народны паэт Беларусі Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч)”.
На лицевой стороне постамента в виде автографа почерком поэта будет помещена строка из его стихов: «Мне сьняцца сны аб Беларусі… Янка Купала».
На правой стороне урны будет помещено следующее четверостишие из произведений поэта в следующем изложении:

«За праўду, за шчасьце, за лепшую долю
Вазьміся, мой дружа, пастой.
У крыўду не дайся, свайго дабівайся,
Адвага хай будзе з табой».

На левой стороне:

«Песьня мая не шукае чырвонцаў –
Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям, —
Жыць толькі хоча ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцы ўсім добрым людзям».

На тыльной стороне урны:

«Зямлёй лягу ў зямлю,
Але перш прапяю,
Як я волю люблю,
Гэту волю сваю».

Урна будет установлена на специально изготовленном постаменте из бело-розового мрамора… Просим санкционировать оформление урны и постамента».
Крэмацыя цела Купалы адбылася 1 ліпеня а шостай вечару… Перад тым, 30 чэрвеня, у газеце “Известия” была надрукаваная пастанова Савету Народных Камісараў Саюзу ССР.
“Совет Народных Комиссаров Союза ССР постановил:
1. Принять похороны народного поэта БССР Янки Купалы за счет государства.
2. Установить семье покойнога персональную пенсию пожизненно: матери поэта Янки Купалы – Луцевич 500 рублей в месяц, жене поэта — Луцевич В.Ф. 500 рублей в месяц».
Як бачым, і прозьвішча маці, і прозьвішча жонкі ў пастанове правільна напісаныя.
Маці Купалы Бянігна Іванаўна, запісаная ў метрычнай кнізе Радашковіцкага касьцёлу Багумілай, грашыма гэтымі і дня не скарысталася: 30 чэрвеня памерла. Пра тое, што сталася з яе сынам, запісаным у сьпецпаведамленьні пра ягоную сьмерць Луцкевічам, яна не магла ведаць: немцы ў Мeнску пра сьмерць Купалы не паведамлялі. Значыць, сэрца ўчула – і спынілася, не захацела біцца ў спусьцелым сьвеце.
Пахавалі іх – сына ў Маскве, а маці ў Мeнску – у адзін дзень: 1 ліпеня, перад Купальлем.

Чэрвень 2005г.