12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Вяртаньне Веры. Аповесьць

Вяртаньне Веры

Настаўнік кажа, каб я прыдумаў новае імя для Веры.
Так звычайна робяць, калі пішуць кнігі,
каб не закрануць пачуцьцяў тых, пра каго пішуць.
Канешне, яе імя я мог бы і не называць…
Але Вера не вярнулася.
Свэн Дэльбланк, “Гунар Эмануэль”.

Фрэдэрык i Мэры
“14 траўня 2004 году ў Капенгагене спадкаемец дацкай кароны Яго Каралеўская Высокасьць кронпрынц Фрэдэрык (Фрэдэрык Андрэ Хенрык Хрысьціян), старэйшы сын каралевы Даніі Маргарэт ІІ і прынца Хенрыка, ажаніўся з аўстралійкай Мэры Элізабэт Дональдсан. На ўрачыстасьці былі запрошаныя 800 ганаровых гасьцей з каралеўскіх дамоў і арыстакратычных сем’яў Еўропы. Вянчаліся Фрэдэрык і Мэры ў найстаражытным кафедральным соборы Капенгагену — храме Дзевы Марыі. У гонар шлюбу былі ўведзеныя ў зварот купюры наміналам у 20 і 200 крон і маркі з партрэтамі Маладых.
Па падліках эксьпертаў, кошт вясельных мерапрыемстваў склаў $35 млн. Апроч таго, дацкі парламент вырашыў, што Данія не найлепшым чынам выглядала б перад каралеўскімі дварамі Еўропы, калі б сям’я будучага караля перабівалася на $700 тыс., якія атрымліваў ён з дзяржаўнай казны да вясельля, і сума была павялічаная да $2, 4 млн. штогод.
У дзень вянчаньня Аўгусьцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах дацкай сталіцы ў карэце да замку Амаліенборг, дзе віталі ўсіх прысутных з гаўбца палацу Хрысьціяна VІІ, а ўвечары разам з гасьцямі скіраваліся за горад у замак Фрэдэнсборг. Па дарозе ім махалі сьцяжкамі дзеці, апранутыя ў строі прынцыў і прынцэс. Казка пра Папялушку здавалася явай…

…Вясельле выглядала шыкоўным нават па каралеўскіх мерках, незадаволеныя ім засталіся хіба што бяздомныя Капенгагену. Яны “адкапалі” даўні закон, па якім у Даніі падчас каралеўскіх вясельляў для жабракоў таксама ладзіліся застольлі, але ўлады пасьпяшаліся назваць гэты закон анахранізмам”.

Філіп і Летыцыя
“22 траўня 2004 году ў Гішпанскай сталіцы ў саборы Альмадэна адбылася цэрымонія шлюбу Яго Каралеўскай Высокасьці Прынца Астуры́йскага Філіпа (Фэлі́пэ-Хуа́на-Па́бла-дэ-То́даса-лас-Са́нтаса) і донны Летыцыі Орціс Раксалана, якую правёў Архіяпіскап Мадрыда Кардынал Антоніа Рока.
Пасьля заканчэньня ўрачыстай цырымоніі Аўгусьцейшыя Маладыя праехалі па вуліцах Мадрыду ў браніраваным лімузіне “Ролс-Ройс” (Фантом, 1948 году выпуску).
Амаль 1600 ганаровых гасьцей былі запрошаныя на вясельле спадкаемца гішпанскай кароны, якое абыйшлося гішпанскай казьне ў $25,16 млн. Сьвята завяршылася банкетам, напрыканцы якога гасьцям быў пададзены торт вышынёй 2 м і вагой 170 кг.
Беспрэцэдэнтнымі былі меры бясьпекі: 20000 паліцэйскіх ахоўвалі Маладых ды іх Гасьцей у саборы і на вуліцах гораду, 200 снайпераў знаходзіліся на дахах дамоў, два зьнішчальнікі F-12 і самалёт-разьведчык АВАКС патрулявалі ў небе…

…31-гадовая Эрыка Орціс Раксалана, малодшая сястра гішпанскай кронпрынцэсы Летыцыі, была знойдзеная мёртвай у Мадрыдзе. Асноўная версія сьмерці: перадазіроўка моцнадзейных лекаў”.
(З гішпанскіх і дацкіх СМІ).

Павал
Чалавек той, ён не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага не выглядаў, так, бадзяжнік, падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць?.. Не, ён не спытаў, у яго цыгарэта была ў левай руцэ, а правай ён паказаў, што прыпаліць хоча, пальцамі пстрыкнуў... Я палез у кішэню, каб дастаць запальнічку, я нашу яе з сабой, такую цацку, запальнічку-пісталет, на сапраўдны пісталет, на маленькі маўзер “H-S”, як мне ў збройнай краме сказалі, падобную, я ў Швейцарыі цацку тую, у горадзе Зермаце, гэта амаль што ўжо Італія, дзе мафія ўсялякая, купіў, а ён з пінжака, з грудной кішэні таксама запальнічку вымае, гэткую самую, толькі большую, ня ведаю, якой сістэмы, я ў пісталетах не вялікі знаўца, і ён нібыта сустрэчна хоча даць мне прыпаліць — я, значыць, яму, а ён чамусьці мне, таму я падумаў яшчэ: “Што за цырк? Прыпылены ён, ці што?..” — а ён мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ставяць, стрэліў.
Во ё-маё...
Адразу тым, хто думае, нібы ёсьць тут — ці ад вас яно будзе там — нейкія рай або пекла, дзе па сьмерці можна кайфаваць альбо мучацца, магу сказаць, што ні раю, ні пекла няма, што наогул тут, ад вас — там, не існуе нічога, скразная, як у шкляным ліфце, пустата, і ты — дух, здань, пыл пустаты, часьцінка такая маленькая, што нават ня скажаш, якая: электрон?.. атам?.. кварк?.. — таму немагчыма ўявіць, хто ты і які, калі нават быццам бы існуеш, — а зрэшты, адчуваньне тагасьветнага ўсяго пустога ня гэткае ўжо нязвыклае, у нечым падобнае да зямнога, калі быццам бы і жывеш, ды сам пра сябе нічога ня ведаеш, а астатнім не да галавы, хто ты і які?..
Астатнія пра сябе таксама мала, ня болей, чым ты, ведаюць... Вунь паспрабуй разабрацца, чаму ён падышоў, зрабіў выгляд, нібы просіць прыпаліць, і стрэліў? Я не сустракаўся з ім раней, першы і апошні раз бачыў, — дык за што?.. Тым больш, што было гэта ня дзесьці там, дзе страляніна звыклая, ня ў Грозным або Багдадзе, а ў Мальма, на самым поўдні ціхай Швецыі.
Як я апынуўся на самым поўдні ціхай Швецыі?.. Проста. З Менску на самалёце — да Піцеру, з Піцеру — аўтобусам да Хельсінкі, пасьля — на пароме да Стакгольму, а стуль — цягніком да Мальма.
У Еўропе ўсё недалёка.
На пароме сеў у рулетку ў казіно згуляць, меў лішніх трыццаць еўра, дваццаць з якіх прайграў адразу, палову паставіўшы на 17 і палову на 21, я заўсёды першым разам стаўлю на 17 і на 21, гэта было на шостай палубе і я вырашыў, што шостая — не шанцовая, падняўся на сёмую, дзе зноў паставіў напалам на 17 і на 21, прайграў астатнюю дзесятку і мог спакойна ісьці спаць, але не пайшоў, падняў кейс над сталом, у мяне кейс быў, які выглядаў багата, скураны такі з бліскучымі, пад золата, замкамі, ніяк не падумаеш, што ў ім брытва ды транты, і я, паставіўшы кейс на край стала, шчоўкнуў адным замком і сказаў круп’е: “Мне фішак на сто тысячаў”.
Гэта было не па правілах, на стол, калі фішкі купляюць, грошы кладуць, а ня кейсы ставяць, але я разьлічваў, што названая сума павінна ўразіць – і яна ўразіла. Круп’е, рабаваты швед у малінавай камізэльцы, перапытаў: “На сто тысячаў крон?..” — а я зноў шчоўкнуў замком: “Еўра...” — і ўвесь швед стаў малінавым, як ягоная камізэлька, нават рабіньне на твары не праглядвалася, ён прадыхнуў і сказаў: “У нас і стаўкі, і выйгрыш абмежаваныя”.
Я спытаў: “А пройгрыш?..”
Такіх пытаньняў ніколі, колькі плаваў швед і круціў рулетку на пароме, ніхто яму, вядома ж, не задаваў, да гэткіх незразумелых, неспасьцігальных пытаньняў шведы, як і фіны з нарвежцамі, і немцы, і ўсе яны, заходнія, ніяк не падрыхтаваныя, бо наскрозь інструкцыямі прапісаныя, ва ўсім законапаслухмяныя, але логіка ёсьць логіка, яе яшчэ старажытныя грэкі прыдумалі, і логіка падказвала шведу, продкі якога вікінгамі былі і да Грэцыі даходзілі, што пройгрыш абмежаваным быць ня можа, з чаго лагічна вынікала, што і выйгрыш нельга абмежаваць, і круп’е, заблытаўшыся, мусібыць, у нелагічнай логіцы, адказаў бездапаможна: “Ня ведаю...”
Я спытаў: “А хто ведае?..” — і круп’е паклікаў яшчэ аднаго шведа, Арвіда, здаровага такога і зусім не рабога, упраўляючага казіно, які, паслухаўшы круп’е і галавой паківаўшы, паказаў мне інструкцыю, нешта накшталт правілаў гульні ў казіно “Танга”, як тое казіно называлася, побач з якім быў бар “Танга” і музычны салон “Танга”, і ў тых правілах па-фінску, па-шведску і па-ангельску было напісана, што найвысокая разавая стаўка ў казіно “Танга” — пяцьдзесят еўра. “А, значыць, максімальны выйгрыш… — Арвід для таго, каб зразумела ўсё стала нават такому тупому, як я, узяў у круп’е калькулятар… — 50 памнажаем на 30…
— Чаму на 30, а не на 35?
— Бо ў нашых правілах напісана на 30, а не на 35, таму маем 1500, а не 1750... І Арвід, нібы прабачаючыся, разьвёў рукамі: маўляў, калі ўсё напісана, дык пра што казаць?..
“Я не зьбіраюся выйграваць”, — сказаў я Арвіду, які хоць і паслухаў круп’е і галавой паківаў на пачутае, але так нічога і не ўцяміў, і яшчэ раз я паспрабаваў расталкаваць яму, што ў казіно на шостай палубе, ня ведаю, чыё там яно і як называецца, прайграў ужо частку грошай, ды там мне ня надта глянулася, таму я тут, у казіно “Танга” хачу прайграць астатнія сто тысячаў... На гэта Арвід адказаў, што казіно на шостай палубе называецца “Халінг”, як аднайменны нарвежскі народны танец. Я спытаў: “Чаму нарвежскі народны танец, а ня фінскі альбо шведскі, калі паром ходзіць паміж Хельсінкі і Стакгольмам?..” — на што Арвід, не маючы дакладнага адказу, змог прапанаваць толькі сумнеўную версію: нарвежцы зараз ва ўсёй Скандынавіі найбагатыя, дык, можа, таму... Але належыць казіно “Халінг”, як і казіно “Танга”, як і ўвесь паром, аднаму ўладальніку, кампаніі “Вікінг”, і ён, Арвід, у казіно “Халінг” таксама за ўпраўляючага, і там побач бар “Халінг” і музычны салон “Халінг”, і ўсё там гэткае самае, як і тут, толькі назвы розныя, таму ён не зусім разумее, чаму мне там не спадабалася?..
“Добра, — згадзіўся я, шчоўкнуўшы замком кейса. — Пайшлі туды”.
“Там выйгрыш таксама абмежаваны”, — пасунуўшыся за мной да сходняў, сумеўся Арвід замест таго, каб запатрабаваць тое, што даўно ўжо запатрабавалі б у любым з нашых казіно: адчыні, фраер, кейс і пакажы грошы. У іх, у шведаў, як і ў фінаў з немцамі, і ва ўсіх іх, заходніх, інструкцыямі прапісаных, законапаслухмяных, завядзёнка такая: калі нехта кажа, што мае сто тысячаў, дык ніякага сумневу ня можа быць у тым, што яны ў яго ёсьць, — вось у чым фокус. Ведаючы гэта, я і забаўляўся, каб скрозь усю ноч ад Хельсінкі да Стакгольму ня сумна плыць было. Каюта мая была на другой палубе, самая танная, каля дызеляў і ўсёй паромнай механікі — там нармальнаму чалавеку ноч ня вытрываць. Білеты ў такія каюты іншым разам нават задарма даюць, абы ты паплыў — і грошы ці ў барах прапіў, ці ў казіно прайграў, ці ў крамах на пароме пакінуў.
На шостай палубе ў казіно “Халінг” я зноўку, папстрыкваючы жоўта-бліскучымі, пад золата, замкамі на кейсе, тлумачыў Арвіду і гэткаму ж, як і на сёмай палубе, малінаваму з рабіньнем круп’е, толькі ўжо ня шведу, а фіну, якому прайграў нядаўна дваццатку і які зараз разяўлена маўчаў, што я хацеў бы прайграць астатнія сто тысячаў, і Арвід зноў паказваў мне інструкцыю, даводзячы, што на шостай палубе ў казіно “Халінг” правілы гэткія ж, як і на сёмай палубе ў казіно “Танга”, з тымі ж абмежаваньнямі найвысокай стаўкі і максімальнага выйгрышу, а я настойліва дапытваўся, як я магу сто тысячаў ня выйграць, а прайграць, калі не магу іх паставіць, — ці мне іх проста так аддаць на разьвіцьцё нарвежскай народнай творчасьці?..
Арвіду, я гэта па выразе твару ягонага ўбачыў, ня надта спадабалася, што я хачу аддаць грошы на разьвіцьцё нарвежскай, а ня шведскай народнай творчасьці — яны ў Скандынавіі не абыякавыя адзін да аднаго. Нарвежцы болей сябруюць, як сяляне з сялянамі, з фінамі, хоць ніякія фіны не скандынавы, проста ў тым баку жывуць, і ўжо разам яны, фіны з нарвежцамі, недалюбліваюць шведаў, гарадскіх, якія з былой метраполіі паглядваюць на былыя калоніі, на сялянаў сваіх, паблажліва, асабліва на сялянаў разбагацелых — і Арвід з гэткай лёгкай іранічнай усьмешкай мімахадзь анекдот пракінуў: “Прыйшоў швед да нарвежца ў кiроўцы наймацца...”
Калі нехта з вас падумаў, што гэта пачатак анекдоту — дык не: гэта ўвесь анекдот. Я ўжо чуў яго, таму не чакаў, што там далей будзе...
Круп’е, разяўлена памаўчаўшы, раптам прапанаваў, каб я свае сто тысячаў прайграў, калі ўжо так прайграць мне закарцела, па пяцьдзесят еўра ставячы, і я для таго, каб нават такому тупому, як ён, зразумела стала, ўзяў у яго калькулятар: “Глядзі... 100000 дзелім на 50, маем 2000 — столькі разоў я павінен паставіць. Гэта ў тым выпадку, калі буду толькі прайграваць і прайграваць, а магу ж і выйграць. І калі ты рулетку будзеш няспынна круціць і круціць, а я буду толькі прайграваць і прайграваць, дык усё адно на кожную гульню спатрэбяцца хвіліны тры, ці няхай сабе ўсяго хвіліна — гэта 2000 хвілінаў. Дзелім іх на 60, маем 33 гадзіны і 333333 хвіліны ў перыядзе. Па 3 хвіліны — гэта 99 гадзінаў і 999999 у перыядзе, а паром у Стакгольме ў 9 раніцы... Дык дзе мне часу набрацца, каб столькі гуляць з табой?..”
Рабога круп’е, як мне здалося, найбольш уразіла тое, што ў перыядзе, і болей у гаворку нашу з Арвідам ён ня ўлазіў.
Арвід зьнямогся ў напружаньні скеміць, чаго я ад яго хачу, калі ён ня можа зьмяніць правілы, перапісаць інструкцыю, якую на радзе дырэктараў кампаніі зацьвердзілі, і тут у галаве ягонай нешта пстрыкнула, як у мяне замок на кейсе, гэтак “пстрык”, я нават гук пачуў, Арвід выратавальна нешта ўспомніў і пазваніў нейкай Наташы, тая прыйшла і, скасіўшыся на мой кейс, спытала ў мяне па-руску:
— Панты ганяеш?..
Я да чаго пра гэта распавядаю?.. Бо падумаць пасьпеў, што мужык той, на бадзяжніка падобны, які прыпаліць папрасіў і ў лоб мне стрэліў, абрабаваць мяне, кейс мой забраць хацеў, бо таксама плыў на пароме і ўсё падгледзеў, падслухаў збоку, паверыўшы, што ў кейсе маім насамрэч сто тысячаў... Як паверыў пра сто тысячаў і той няголены чарнявец, які, калі ўжо я гарэлку ў бары выпіваў з Арвідам, падсеў да мяне і, выдаючы сябе за чачэнца, стаў плесьці, што Масхадаў, прэзідэнт Чачні, якога ён, як сябра, проста па імені называў, Аслан ды Аслан, паслаў яго ў Стакгольм, каб з Ахмедам Закаевым, прадстаўніком Масхадава на Захадзе, сустрэцца, які заўтра ў Стакгольм з Лондану прылятае, і яны будуць зброю для вайны за незалежнасьць прыкупляць. Ён ня можа, зразумела, раскрыць, дзе яны тую зброю прыкупляць будуць і ў каго, а можа сказаць толькі, што ім грошай трохі не хапае, тысячаў сто, дык Аслан даручыў яму знайсьці іх пад любыя адсоткі, вось... І чарнявец паказаў бліскучую, укладзеную ў скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, мелаваную паперу з грыфам “Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя”, на якой было напісана, што гэтая папера зьяўляецца дакументам, які гарантуе выплату... (тут быў пропуск для таго, каб пазначыць, каму і колькі...) адсоткаў ад сумы... (яшчэ адзін пропуск, каб праставіць суму), а выплата забясьпечваецца ўсёй маёмасьцю, нетрамі, нафтай і золатам (нібы нафта і золата — ня нетры) Рэспублікі Ічкерыя, — пад чым прэзідэнт і падпісваецца. Чарнявец прапанаваў спачатку трыста, потым пяцьсот і адразу ж, рукой махнуўшы, тысячу адсоткаў, бо надта тэрмінова патрэбныя грошы, на кейс з якімі ён усё касіўся, і мне, каб гэты жулік-аматар па-дурасьці мяне не прырэзаў, давялося выйсьці з бару і паказаць яму ў кейсе брытву фірмы “Gіllett” і пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і зялёным надпісам Belarus, а ў тым пакеце — трусы фабрыкі “Камсамолка”, верным якой я застаўся, нягледзячы на віхуры пераменаў. Брытву я чарняўцу нават паспрабаваў прэзентаваць, каб пагаліўся, ды ён ня ўзяў — пакрыўджаны, як школьнік за двойку... З ім было зразумела ўсё, але той, на бадзяжніка падобны, стрэліў мне ў лоб і пайшоў сабе далей па вуліцы ціхага шведскага гораду Мальма, нават не скасіўшыся, як чарнявец ці Наташа, на мой багаты, з замкамі пад золата, кейс.
Наташа аказалася, калі па-нашаму сказаць, загадчыцай культмасавага сектару на пароме “Вікінг”: сьпявала з п’янымі фінамі і шведамі песьні ў салонах “Танга” і “Халінг”. Была яна, хоць і падобнай на шведку, рускай з Выбаргу — гораду, заснаванага некалі шведамі, перададзенага пасьля фінам і ўрэшце забранага рускімі. З Выбаргу яе ўзяў замуж швед, з якім яна хутка разьвялася, а той швед, багаты, як нарвежац, сябраваў з нейкім фінам, саўладальнікам кампаніі “Вікінг”, і ў залік адступнога ўладкаваў яе на паром. У шведаў з фінамі, як і ў нарвежцаў, як і ў немцаў, як і ў нас, дый паўсюль у сьвеце, дзе мне пабываць давялося, — блат ды сувязі. Скрозь у сьвеце блат ды сувязі, без якіх табе застаецца толькі посуд мыць ды вуліцу падмятаць.
— Ты хто? — спытала Наташа? — Бандыт? Ігрок? Кідала?.. Чым на жыцьцё зарабляеш?
Я ўсьміхнуўся ёй абаяльна, я ўмеў, калі жывы быў, абаяльна ўсьміхацца:
— Сваток.
— А-а...
Яна зразумела. Ведала, відаць, што ёсьць такі занятак сярод процьмы іншых: нашых нявест за багатых замежнікаў прыстройваць. Можа, і сама праз сватка прайшла.
— Ты б згуляла на руку мне... Не згуляеш — сумная ноч будзе, а нашто табе мая сумная ноч?.. Скажы яму, — кіўнуў я на Арвіда, — што ў нас пры вялікай гульні за кошт казіно наліваюць. А яны мне яшчэ і маральна вінныя: хачу прайграць — і не даюць.
Наташа зьдзівілася:
— Ты разьлічваў, што табе нальюць?
Я сказаў:
— Не ўпершыню...
На пароме гарэлка хоць і без акцызу, ды ўсё адно ў бары кілішак столькі каштуе, што лепш на рулетку паставіць. А ў “Duty-free” пляшку купіць і ў каюце побач з дызелямі піць — задыхнешся.
— Абаяльны ты жулік, — пацьвердзіла маю абаяльнасьць Наташа. — Дзіўна, што бедны.
— Грошы ёсьць, але не на прапой. На білет да Мальма.
— І па што ты туды?..
— Па сваё... Нявесту адну прыстроіў, а яна і ня думае разьлічвацца. Мусіць, думае, што за так...
Яна сапраўды ўсё зразумела і руку працягнула, назваўшыся: “Наташа”, — і я назваўся: “Павал”, — яна сказала: “Майго бацьку таксама Паўлам зваць”, — на што я сказаў, што не таксама, бо я не Павел, а Павал, так мяне мой бацька назваў, гэтак маё імя ў пашпарце напісана, во, я паказаў ёй свой беларускі пашпарт, а яна спытала: “Ты чэх?..”
Чэх дык чэх, я ня звык з гэтым разьбірацца, я б і Павалам не называўся, няхай бы таксама Паўлам быў, але бацька настойваў, каб я заўсёды ўдакладняў, што я Павал, а не Павел, і я яму, нябожчыку, абяцаў, дык і ўдакладняю, таму што любіў яго. Ён памёр ад інсульту, ціск праз нервы зашкаліў, бо яго з работы пратурылі, ён з нацыянальнымі залётамі быў, што мне не перадалося, для мяне ўсе людзі — даяры і каровы, без нацыянальнасьці: тыя, хто доіць, і тыя, каго дояць. Але я ўсё ж спытаўся ў Наташы, бо дзіўна было, што чалавека, які беларускі пашпарт паказвае, за чэха прымаюць: “Чаму чэх, калі Павал?..” — і яна адказала: “Бо вунь Арвід — швед, таму і Арвід...”
Па адказе, дый па ўсім астатнім выглядала на тое, што мы падобныя, з чаго ўсё і пачалося... Калі б мы не былі падобныя, калі б яна не дапамагла мне раскруціць Арвіда, — які сам, бо на рабоце быў, ня піў, а ўсё расказваў, як бацька ягоны вучыў яго вызначаць, наколькі ён, калі п’е, п’яны і ці можна яму яшчэ піць, — я б не сядзеў у музычным салоне “Халінг”, не скакаў бы і не сьпяваў з п’янымі шведамі і фінамі народныя танцы і песьні, не дапытваўся б ва ўсіх, чаму на пароме, які ходзіць з Фінляндыі ў Швецыю, музычны салон па-нарвежску называецца, чаго ніхто ня ведаў, а мне трэба было дазнацца, бо, калі незразумелаўка нейкая мне ў мазгі западае, дык брынчыць там і замінае, пакуль ня вытрасу, і я сьпяваў і распытваў, скакаў і распытваў — і апынуўся пад раніцу ў Наташынай каюце, выходзячы з якой, калі паром ужо прычальваў, па звычцы пашнарыў па кішэнях, дастаючы і назад засоўваючы пашпарт, парманэт, запальнічку, убачыўшы якую Наташа спытала сонна:
— У цябе пісталет?..
Мне б сказаць ёй, што гэта цацка італьянская, у Швейцарыі ў горадзе Зермаце купленая, а я сказаў, крутога з сябе строячы, сіняга нейкага, што так, пісталет, і яшчэ спытаў, як яна ўяўляе ў сёньняшнім жыцьці мужыка без пісталета?..
Наташа пацягнулася — спакусьліва гэтак, як ні шведка, ні немка не пацягнецца.
— Ты ў Мальма калі едзеш?.. Я ў Стакгольме на тыдзень застаюся, адпачынак. Сёньня занятая, а заўтра вольная... — І мы дамовіліся заўтра, калі ўжо я разбагацею, спаткацца а шостай вечару ў Мальма каля гатэлю “Хілтан”.
Наташа прыгожая была. І падобная — нутром, сэрцавінай да мяне падобная, чым і вабіла, я нават прапанаваў ёй разам быць. А яна адказала, што мы ня можам быць разам, бо яна прастытутка. Знайшла прычыну...
З Арвідам мы разьвіталіся сябрамі.
— Выбіраеш, як толькі ўваходзіш у рэстаран, самую страхотную сярод усіх афіцыянтку, да якой цьвярозы і не падыйшоў бы, — распавядаў мне бацькаву навуку Арвід, — і як толькі яна пачынае табе падабацца, значыць, усё, фініш. Ты п’яны, як цэп.
— А калі, — я пытаўся, — няма страхотных?..
Тут Арвіда закліньвала: пра такую неспадзяванку бацька яму не казаў.
— Глядзі, што маю... — паказаў мне Арвід скураную папку з залацістымі, як у мяне на кейсе, замочкамі, у якой была бліскучая, мелаваная паперына з грыфам “Прэзідэнт Рэспублікі Ічкерыя”, і ў пропускі ў тэксьце на паперыне было ўпісана, што ён, Арвід, ахвяраў на барацьбу за незалежнасьць Чачні 100000 (сто тысячаў) еўра, пра што сьведчыў подпіс прэзідэнта. Я ня стаў пытацца, дзе ён узяў сто тысячаў, каля я іх не прайграў, а спытаў, колькі гэтая паперына яму каштавала?.. Арвід адказаў, што паўсотні. І сумеўся: “Хіба ня варта?.. Калі ў рамку ўзяць, на сьцяну павесіць...” Я адказаў, што варта. Нашчадкі ганарыцца будуць.
Сыходзячы з парому, я выглядваў няголенага чарняўца, каб паціснуць яму руку і сказаць, што ён зусім ня школьнік, але ў натоўпе не знайшоў.
Пад вечар я ўжо быў у Мальма. Там раён, дзе адны магазіны ды офісы, да якога ад вакзалу хвілінаў дзесяць хады, трохкутнікам называецца — мая “нявеста” ў ім жыла. Пераканаўшыся, што па найвышэйшым класе яе прыстроіў, я, апроч налічаных адсоткаў за несвоечасовы разьлік, яшчэ і за фешэнебельнасьць накінуў. За дарогу, само сабой, палічыў, за білеты. І пра тую трыццатку, якую ў казіно прайграў, не забыўся. Бо не паехаў бы — не прайграў бы.
Я чакаў, што з разьлікам праблемы будуць, бо ў некага грошы забраць — заўсёды праблема, а “нявеста” так перапудзілася, на парозе мяне ўбачыўшы, што і ўпірацца ня стала: заплаціла столькі, колькі я сказаў. Нават трохі болей, з верхам разьлічылася — на каву з пірожным. Абы ў яе дома я каву ня піў, а хутчэй пайшоў, каб муж не застаў, які хоць і швед, але раўнівы, як грузін. Здараюцца і сярод шведаў такія. Рэдка, але здараюцца.
Можна было ехаць назад. Калі б не дамоўленасьць пра спатканьне з Наташай. Заўтра а шостай вечару каля гатэлю “Хілтан”.
Багаты ўжо, я ня стаў шукаць таннага гатэлю, а ў “Хілтане” і пасяліўся. Выбраў нумар на самым высокім паверсе, адкуль, як сказаў незвычайна гаваркі для шведа парцье, што мяне пасяляў, відаць уся Еўропа. Ці, калі ня ўся Еўропа, дык уся Данія. Ці, калі ня ўся Данія, дык увесь Капенгаген. Праўда, пры сонцы.
Ліфт, які ўзносіў мяне пад нябёсы, быў цалкам шкляны. Падлога толькі не шкляная. Ды ўсё адно здавалася, што няма апоры пад нагамі, і я недзе ў пустаце, недзе нідзе... Дух, здань... Стала раптам страшна, захацелася спусьціцца — і на вакзал. Але цягнула і ўсмоктвала пустата. Я быў багаты, а Наташа была прыгожая. І падобная. Напляваць, што прастытутка.
Назаўтра, ад няма чаго рабіць да самага вечару, я зайшоў, каб час заняць, у магазін “Triangeln”, што значыць “Трохкутнік”, дзе мне ўсунулі рэкламны прасьпект, у якім было напісана, што магазін “Triangeln” — гэта не адзін магазін, а семдзесят два магазіны ў адным, і я хадзіў з аднаго ў другі, а пасьля, ніба тых 72-х мне не хапіла, туляўся яшчэ па нейкіх буціках, купіў туфлі, касьцюм, плашч, кашулю, гульштук, бо, калі ты багаты, дык і выглядаць трэба па-багатаму, залатым пылам іскрыцца, і я ўсё новае на сябе апрануў, нічога старога ня выкінуўшы, склаўшы ўсё старое, якое яшчэ насіць ды насіць, у зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам і надпісам Belarus, які прадаўшчыца яшчэ і бліскучымі стужкамі перавязала, і так я ва ўсім новым з усім старым, бліскучымі стужкамі перавязаным, з кейсам сваім іду сабе ў ціхім шведскім горадзе Мальма па вуліцы Sцdra Fцrstagatan, што значыць вуліца 1-я Паўднёвая, да гатэлю “Хілтан”, каля якога праз паўгадзіны ў мяне спатканьне з прыгожай жанчынай, потым вечар у рэстаране, ноч у нумары з панарамай усёй Еўропы, дый наогул жыцьцё наперадзе, а тут падыходзіць той бадзяжнік і пальцамі пстрыкае, просячы прыпаліць, сам дастае запальнічку, на пісталет падобную, гэткую ж, як у мяне, раптам страляючы мне роўненька пасярэдзіне лобу над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы круглыя знакі свае, кропкі сьвету ставяць, і я аказваюся нібы ў цалкам шкляным, ці нават у паветраным ліфце без апоры пад нагамі, дух, здань, недзе ў пустаце, недзе нідзе, — во ё-маё, Наташа...

Наташа
У Мальма магазін ёсьць “Triangeln”, што значыць “Трохкутнік”, па назьве раёну, дзе месьціцца, і ў гэтым магазіне яшчэ семдзесят два магазіны, што вельмі зручна, але я не праз тое ў Мальма бываць люблю, магазінаў паўсюль хапае, па сто ў адным, а вось такіх высозных гатэляў з фітнэс-цэнтрам на самым версе, куды цябе шкляны, нібы паветраны, ліфт падымае і скуль панарама ўсёй Еўропы адкрываецца, ці, прынамсі, панарама Капенгагену з усёй Даніяй, у Стакгольме, а тым больш у Хельсінкі, няма, і якраз таму я іншым разам у Мальма, як на поўдзень, пад’язджаю, бавячы час у фітнэс-цэнтры, гледзячы зьверху на Еўропу, — прыгожа... Стуль і замак відаць, у якім Гамлет, прынц Дацкі, вар’яцеў. Глядзіш, думаеш...
Еўропа паціху вар’яцее.
Я ў Выбаргу нарадзілася, дзе няма чаго рабіць, таму ў Піцер паехала, каб там ці сьпявачкай, ці артысткай стаць. Стала прастытуткай, ды на тое напляваць, прынамсі, шведам, якія рускіх сюжэтаў літаратурных: нейкі князь у нечым вінаватым сябе палічыўшы, з прастытуткай надумаў ажаніцца, дык тым самым ледзьве не маральны подзьвіг зьдзейсьніў, — не прасякаюць. Ну, была прастытуткай і была. Цяпер не прастытутка. Шведы, немцы, датчане, ды ўсе яны на захадзе адносіны з целам не ўскладняюць. Аніякіх яму ланцугоў з вярыгамі, толькі песьціць яго, толькі лашчыць. Для таго і фітнэс-цэнтры з панарамай Еўропы...
З тым, што ня цела ў чалавеку, — складаней. Але і ў гэта ніхто так балюча, як у нас, ня лезе.
Прастытуткай я не абы-якой была, а прыпісанай да салону, які трымала жонка былога партыйца — таксама не абы-якога. Я ў школу хадзіла — яго ўсё па тэлевізары паказвалі. То ордэн яму чаплялі, то зорку…
Ня ведаю, колькі ў тым салоне ўсіх нас было, але, мяркую, ня менш за сотню. Прычым, мы падзяляліся нібы на касты...
Вулічных там, зразумела, не трымалі. Прастытуткі ніжэйшай касты, “дамы”, прадаваліся па інтэрнэце. На сайце салону, зробленым пад рэсьпектабельны часопіс, зьмяшчаліся фотаздымкі “дам”. І расказваліся пра іх усялякія казкі...
Найбольш здольных, пашколіўшы ў ніжэйшай касьце, пераводзілі ў вышэйшую — у “ледзі”. Навучаныя і сексу, і мовам, і шмат чаму яшчэ, “ледзі” былі значна даражэйшым таварам. Яны пастаўляліся для ўпрыгожваньня прыёмаў, раўтаў, фуршэтаў. Іх бралі, каб яны прысутнічалі пры падпісаньні кантрактаў, у дзелавых паездках. І яны, безыменныя зоркі, мільгалі на тэлеэкранах пад час дзяржаўных, партыйных, камерцыйных тусовак. Глядзіш: стаіць прэм’ер-міністр, ці сьпікер парламенту, а побач — твая сяброўка салонная...
Панарама.
З вышэйшай касты адбіралася яшчэ і элітная. Можна сказаць, сьпецназ, які абслугоўваў былога партыйца, мужа гаспадыні салону. І выконваў ягоныя даручэньні. Праз адно з іх, апошняе, я і апынулася за мяжой.
Партыец быў з ельцынскіх, і калі да ўлады пуцінскія прыйшлі, яго пачалі выпіхваць з бізнэсу. Адзін з пуцінцаў стаў ягоным канкурэнтам у барацьбе за піцерскі порт. Нешта з канкурэнтам трэба было рабіць, але на пуцінскіх нават кілера знайсьці не ўдавалася — так іх усе баяліся. Прыкідваючы варыянты расправы, былы партыец, якому б у Галівудзе сцэнарыстам быць, прыдумаў, сярод іншых, і варыянт з маім удзелам.
У канкурэнта ягонага сын быў. Хлапчук, толькі школу скончыў... У Марыінскім тэатры, куды, панты ганяючы, прыблізна пароўну хадзілі інстытуткі і прастытуткі, дэпутаты і бандыты, я з ім і пазнаёмілася. Сутыкнулася на лесьвіцы:”Ах!..” — і сумачка выпала, і, калі я за ёй нахілілася, цыцка выглянула з дэкальтэ... Хлапчук вачэй ня мог зьвесьці з яе ружовай зрэнкі.
Я праз тэатр і музыку, праз жывапіс яго і павяла. Праз галерэі з музеямі... Ружавела, грубае слова пачуўшы, — я ўся ўмела ружавець... І ўсё бліжэй, не дазваляючы большага, да цыцкі падпускала.
Хлапчук шалеў. Цяля... І заявіў бацьку, што жэніцца. А той яму па мордзе, як і было наперад прапісана ў сцэнары.
Па тым жа сцэнары я пазнаёміла хлапчука з адным з ахоўнікаў партыйца, які выконваў даручэньні па ліквідацыі. Выдала яго за свайго брата... І той, здаровы, з мянушкай Ражон, слухаючы хлапчука, як мужык мужыка, стаў накручваць яго на подзьвіг. Маўляў, калі б нехта яму, хоць бацька, хоць брат замінаў кахаць тую, якая для яго найлепшая з усіх, ён не стрываў бы. Во гэтымі б рукамі задушыў, ці забіў бы во з гэтага пісталета... І дастаў пісталет — пад цацку, пад запальнічку зроблены. Сказаўшы хлапчуку, што гатовы дапамагчы, калі ён сам не справіцца. Хай толькі ў дом правядзе, як сябра.
Хлапчук, зусім ужо ашалелы, адказаў, што справіцца сам, і пісталета ня трэба... І паставіў бацьку ультыматум: ці той дазваляе яму ажаніцца, ці ён вешаецца. Бацька чуць яго не захацеў: “Вешайся!..”
Хлапчук павесіўся.
Гэтага ў сцэнары не было прапісана, такога не прадбачылася, як і ўсяго далейшага. Баючыся, што праз мяне раскруцяць увесь клубок, мной замянілі адну з “ледзі”, купленую ў салоне для дзелавой паездкі, і адправілі на падпісаньне кантракта ў Фінляндыю. Сказаўшы, што пазьней перашлюць грошы, і каб я пару гадоў не вярталася.
Ня ведаю, чаму проста не забілі.
Прэзідэнт фірмы, якая мяне купіла, ніяк ня мог працягнуць кантракт на пастаўку ў Фінляндыю драўніны. Мне ўсё адно было, хто і чым займаецца, але тут я зьдзівілася: як жа раней яму ўдавалася нешта прадаваць, калі ў фінаў у саміх уся зямля ў лясах? Прэзідэнт растлумачыў: свой лес яны не сякуць, зьберагаюць, рускі бяруць. І, бач, мець справу з ягонай фірмай раптам заўпарціліся, сталі шукаць іншых кампаньёнаў. А гэта мільёны і мільёны, так што мне трэба пастарацца...
Заўпарціліся фіны, як аказалася, нездарма: усё прадстаўніцтва фірмы, на якую я старалася, праз дзень пасьля перамоваў арыштавалі. Разам з прэзідэнтам. Бо фірма, якой мала было мільёнаў і мільёнаў за самую драўніну, у полых ствалах дрэваў, акуратна закаркаваных выразанай сэрцавінай, гнала на захад кантрабанду. Пасьля, убачыўшы, што канал працуе надзейна, узялася за наркотыкі.
Мяне затрымалі, бо ў паперах, па якіх мяне прывезьлі, я значылася менеджэрам фірмы. І павярнулі справу да суда...
Каб за што іншае, дык у фінскую ці шведскую турму яшчэ паспрабуй сесьці: у чарзе трэба пастаяць. А за наркотыкі садзяць без чаргі, хутка і надоўга.
Я даволі добра ведала фінскую мову, бо суседзі ў Выбаргу фінамі былі, трохі горш ангельскую і шведскую — і на ўсіх мовах пыталася: у чым мая віна? Мне адказвалі, што ў несьвядомым саўдзельніцтве. Я дапытвалася, што яно такое: несьвядомае саўдзельніцтва? Мне адказвалі, што вось такое яно, як у мяне, саўдзельніцтва несьвядомае... І накручвалі за яго два гады. Якраз столькі, колькі мяне прасілі не вяртацца ў Піцер.
Выпадкова ў газеце я прачытала, што ў сувязі з пашырэньнем Еўразьвязу ад Фінляндыі патрабуюць большага кантролю на мяжы з Расіяй. І зразумела я, што такое несьвядомае саўдзельніцтва.
Дапамог мне адзін з дырэктараў сумеснай фінска-шведскай кампаніі. Нядаўні наш партнёр. Той, з якім я старалася, каб быў працягнуты кантракт. Даніэль Саламонсан, швед. Ён наўпрост спытаў, чаго я болей хачу: ці ў турму, ці за яго замуж?.. Нібыта жартам папэрэдзіўшы, што гэта амаль адно і тое ж...
Не пачуўшы жарту, я згадзілася замуж, бо мне, апрача ўсяго, і жыць не было дзе. Хіба толькі ў турме.
Даніэль наняў амерыканскага, каб не з Еўразьвязу, адваката, сьпецыяліста па справах з наркотыкамі, і той даказаў, што я ні пры чым. Я заўважыла, як перад амерыканцам фіны ня тое каб выцягнуліся ў струнку, але ўсё ж замітусіліся: о’кей... о’кей — і мне гэта, шчыра сказаць, ня надта глянулася. У нечым яно да таго, што ў нас рабілася, было падобнае... І выходзіла, што ва ўсім сьвеце так: дзе грошы, дзе сіла, там і праўда.
Афармляць нашыя адносіны Даніэль ня стаў. Ніяк. Лічылася, што мы ў грамадзянскім шлюбе. Ён перавёз мяне ў Швецыю і пасяліў у асабняку ў прыгарадзе Стакгольму, амаль што ў лесе. І кожны дзень мы хадзілі на лыжах. Уявіце: на лыжах кожны дзень. Кругамі, кругамі...
Калі Даніэля дома не было, я выбіралася ў горад. З грашыма толькі на кішэнныя расходы. На каву з пірожным.
Аднойчы ў кавярні, дзе я піла каву і ела пірожнае, зьявіўся Ражон. Я ледзь не задохлася, пірожным папірхнуўшыся... Не чакала. І не падумала, што праз Ражна мне грошы перадалі. “Канец мне”, — падумала.
Грошай ніхто і не перадаваў. Ражон сказаў, што ўсьлед за мной ён пасьпеў зьбегчы, а партыйца нашага павесілі. На той жа вяроўцы, на якой павесіўся хлапчук. У тым порце, за які партыец змагаўся з канкурэнтам. Так што мне, выходзіла, ня два гады дамоў вяртацца нельга, а да новай рускай рэвалюцыі.
Ражон спытаў, што я раблю?.. Чаго засела ў лесе?.. Ён тут фірму адкрывае, дык...
Ён нічога мне ў сваёй фірме ня мог прапанаваць, апроч месца прастытуткі.
Вярнуўшыся ў лес, я сабрала ўсе лыжы, іх шмат было, пасекла і кінула ў камін. Сядзела і грэлася.
Сярод лыжаў былі “дамы” і “ледзі”. А сярод “ледзі” — яшчэ і элітныя. На іх хадзіў бацька Даніэля, які нават быў некалі нейкім чэмпіёнам, і хадзіў дзед Даніэля, і прадзед... Даніэль казаў, што ўсе яны, як толькі на сьвет зьяўляліся, спачатку на лыжах хадзіць вучыліся, а пасьля ўжо так, бяз лыж.
Даніэль прыехаў, калі ўсё дагарэла. Убачыўшы друз і попел, напіўся. Потым біў мяне. Доўга, усю ноч.
Раніцай, уся ў сіняках, я сабралася ў паліцыю. У феміністычнай Швецыі сінякі на жанчыне — гэта ня ў нас на жанчыне сінякі. Дзе хто каго любіць — той таго чубіць, і няма над гэтым ні суда, ні закону. Тут над усім ёсьць і закон, і суд — і немалая сума кампенсацыі з таго, хто любіць і чубіць, калі ён ня хоча ў турму. А да ўсяго — розгалас, які паўплывае і на асабісты ягоны імідж, і на імідж кампаніі... Таму Даніэль спытаў, чаго я хачу, каб абыйсьціся без паліцыі? А адказала, што волі.
Ён згадзіўся. І, каб на волі было мне за што жыць, дапамог з работай: праз нейкага фіна, універсітэтскага сябра свайго, шышку ў кампаніі “Вікінг”, уладкаваў на паром. Хоць мог закапаць у лесе — ніхто б мяне не шукаў.
Tack sе mycket, Dаnіel.*
Спачатку я працавала ў бары, пасьля ў казіно... Старалася, уверх падымалася хутка. Зьявілася на вокладцы часопісу з рэкламай парому — і праз тую рэкламу мяне зноў знайшоў Ражон. Ён адкрыў фірму, гандляваў, вазіў кантрабанду, яму патрэбны быў свой чалавек на пароме. Я паспрабавала адмовіцца, ён паклаў мне руку на сьпіну і ціскануў пальцамі шыю. Калі я ачуняла, сказаў, што наступным разам ціскане мацней.
Два тыдні я хадзіла ў ашыйніку. Не сумняваючыся, што наступным разам Ражон мацней ціскане. Як ён з людзьмі распраўляецца, я ведала, бачыла, і ў мяне перад ім быў панічны страх. Нават перад самой сьмерцю — меншы.
Неяк на паром села адна з нашых, салонных... З білетам у люкс на восьмай палубе. Вылупілася на мяне, убачыўшы, як на здань.
У яе ў люксе мы трохі пагаварылі... Салон цяпер належыў канкурэнту нашага партыйца. А Ражон зьбег, прыхапіўшы грошы былога гаспадара. Ня ўсе, але і нямала прыхапіў, калі яго шукаюць. Вось і яе выправілі, каб паглядзела: ён нібыта ў Стакгольме...
Наступным разам я ўбачыла яе ня ў люксавай каюце, а ў паліцэйскай хроніцы. Паліцыя не магла апазнаць труп маладой жанчыны.
Перад рэйсам, на якім плыў Павал, Ражон сказаў, што з Піцера пасылаюць некага для разборак... Дык каб я ўважлівей прыглядвалася... Асабліва да тых, хто ў казіно круціцца, у барах...
Ражон стараўся на мяне страху нагнаць, каб службу пільней спаўняла, але па ўсім выглядзе ягоным, па голасе адчувалася, што і сам ён пабойваўся. Бо ведаў: калі ўжо за яго ўзяліся — не адступяць. Сур’ёзныя цяпер людзі ў Расіі.
А Павал мне глянуўся... Я люблю людзей, якія весела, гуляючы адносяцца да жыцьця. Для якіх дзень — капейчына ў кішэні. І не трасуцца яны над кожнай, і не глядзяць, колькі засталося. Як пашчасьціць, бо лёс — рулетка.
Ён шапнуў мне пад раніцу, што, калі захачу, можам быць разам. Мне гэта ўсе прапаноўваюць — хто з раніцы, хто ўвечары... Я адказала, што мы ня можам быць разам, бо я прастытутка. Нават не сказала, што былая. Ён засьмяяўся: “Дык і што?.. Ведала б ты, кім бываюць мужыкі...”
Гэтыя беларусы, асабліва жулікі, усё адно як шведы.
На Павала я і не падумала нічога, пакуль ён, зьбіраючыся ўраніцы, пісталет не дастаў, зноў яго схаваўшы хуценька... Невялікі такі, падобны на той, які Ражон хлапчуку даваў. Пад запальнічку зроблены.
Са Стакгольму Павал ехаў у Мальма, дзе ўжо болей за тыдзень па кантрабандных сваіх справах круціўся Ражон. Усё нібыта сходзілася — і я прызначыла Павалу ў Мальма спатканьне. Але назаўтра, каб даць яму шанс. Калі ён пасьпее разабрацца з Ражном, дык што ж: рулетка, лёс. І ніхто мне шыю сьціскаць ня будзе.
Я на пароме яшчэ была, калі пазваніў, як адчуўшы нешта, Ражон. Спытаў: “Ну, што?..” Я адказала, што, здаецца, прыслалі чалавека. І ён едзе ў Мальма. Заўтра ў шэсьць вечару каля гатэлю “Хілтан” я сустракаюся з ім.
Ражон хмыкнуў. У яго хмык такі — нібы ўсхрап, як у зьвера, які нажэрся і задаволены. Хутчэй за ўсё, ён і ёсьць зьвер, абліччам пад чалавека падроблены.
Мы мала пра іншых ведаем, дый пра сябе ня болей...
Мне вось што пра саму сябе незразумела: нашто я Ражну пра Павала сказала?.. Хоць яшчэ да таго, як ён хмыкнуў, падумала: а што гэта я раблю?.. Каго, як фіны лес, зьберагаю?.. І адразу ж, за імгненьне нейкае, сама перадумала сябе: калі Павал першым разабрацца не пасьпее, тады чарга Ражна. Шанс у кожнага быць павінен.
Чаму я так зрабіла?.. так падумала?.. так перадумала?..
Ня ведаю.
Па абедзе ў фітнэс-цэнтры ніхто і нічым у той дзень не займаўся, шлюбную цырымонію неадрыўна глядзелі: дацкі прынц жаніўся. На вясельле ў Капенгаген усе еўрапейскія каралі і прэзідэнты зьехаліся, у нявесты ў крэмавай сукенцы шлейф быў метраў дваццаць, адна з наведвальніц фітнэс-цэнтру, англічанка, мела некалі з прынцам нейкія адносіны, была ягонай girl-friend, дык дапытвалася ва ўсіх і ні ў каго: “Ну што ён у ёй знайшоў?.. Што ў ёй знайшоў ён, звар’яцеў?..” — пакуль я не сказала да ўсіх і да яе, што для дацкіх прынцаў вар’яцець — гэта нармальна. Англічанка заткнулася, а я глядзела на бліскуча-пералівісты шлейф нявесты, што цягнуўся па чырвонай дывановай дарожцы і быў, мусібыць, нават з космасу відаць, і гэтак зашчымела ўва мне: не было ў мяне і ніколі ня будзе вясельля ня тое што каралеўскага — аніякага. Яшчэ я думала пра тое, колькі ж адначасова ў сьвеце самага рознага адбываецца: вунь каралі з каралевамі, дзіўныя ў наш час у каронах сваіх, сабраліся, нявеста з бясконцым шлейфам і жаніх у залатых эпалетах, сьвятар у белым жабо, кветкі, бляск, этыкет, манеры, а непадалёку Ражон з Павалам кружляюць, думаючы, як ім адзін аднаго забіць, і раптам я адчула, мне здалося: з Павалам у мяне нешта можа быць. Няхай сабе не каралеўскае, але нешта можа быць, бо для яго вар’яцець — гэта нармальна. І ўжо з фітнэс-цэнтру спускаючыся, я са шклянога ліфту, да якога не прывыкнуць ніяк, бо здаецца, што вось-вось звалішся, уніз абрынешся, убачыла, як да Павала, які нетаропка, бо да шасьці паўгадзіны яшчэ заставалася, крочыў да гатэлю, а я на паўгадзіны раней спускалася, каб папярэдзіць яго, што ў шэсьць да мяне ні ў якім разе нельга падыходзіць, каб пасьля ў нас з ім, няхай не каралеўскае, але нешта ўсё ж было… — дык вось тут я і ўбачыла са шклянога, нібы паветранага, ліфту, як да Павала, ва ўсё новае, нібы на вясельле, апранутага, бо ён, мусіць, разбагацеў, падышоў чалавек, апрануты неахайна, як бадзяжнік, і папрасіў, як мне здалося, у Павала прыпаліць, а Павал дастаў пісталет, на запальнічку падобны, бо, мусібыць, усё зразумеў, першым хацеў стрэліць, але не пасьпеў, бадзяжнік апярэдзіў яго, стрэліўшы з гэткага ж пісталета, і Павал доўга, нібы не знаходзячы, куды кейс паставіць, абсядаў, падмінаючы зялёны пакет з намаляваным на ім чырвоным трактарам, і ўсё глядзеў усьлед бадзяжніку, які паціху, не азіраючыся, адыходзіў ад яго па Sцdra Fцrstagatan, 1-ай Паўднёвай вуліцы, у пачатку якой прамільгнуў і згубіўся ў натоўпе Ражон, які без мяне, зьвярыным нюхам сваім вынюхаў Павала і скарыстаў свой шанс, а Павал свой не скарыстаў, і, можа быць, праз мяне: я заняла яго спатканьнем, вунь як апрануўся — не на сьмерць жа...
Ліфт толькі спусьціўся, а ўжо прыехалі і “хуткая дапамога”, і дзьве паліцэйскія машыны. Рабіць мне тут болей не было чаго, надзея, пакліканая каралеўскім вясельлем, казкай пра Папялушку, мільгнула і прапала, я засьпяшалася да вакзала, крайком вока назіраючы, як бадзяжніка, які не ўцякаў, не хаваўся, ішоў сабе ціха, нібы гуляючы, па вуліцы, паліцэйскія з адной машыны дагналі, зьбілі з ног, скруцілі, а паліцэйскія з другой машыны кінуліся да Павала, якога клалі ў машыну “хуткай дапамогі”, і адзін паліцэйскі, у пальчатках, асьцярожна пісталет Павала з ходніка падняў, прыгледзеўся да яго, пстрыкнуў ім і паказаў другому паліцэйскаму, які сказаў: “Det дr leksaken, tдndaren...”** І ўва мне паднялося ўсё, вантробы і дыханьне — пад горла, нібы я ўніз паляцела, праваліўшыся ў шкляным ліфце, дзе не было падлогі.

Ражон
Я ў прыгарадзе нарадзіўся, у сельгаспасёлку. Пры любым горадзе такія пасёлкі ёсьць, і кожны, хто там жыве, з маленства ведае, што нарадзіўся ён і жыве для таго, каб біцца з гарадскімі. Штовечар сядалі мы ў электрычку і ехалі ці ў парк, ці на дыскатэку, дзе, доўга не чакаючы, каб да ночы дамоў вярнуцца, усчынялі бойку. Нам было ўсё адно, каго і за што біць, і часьцей, чым мы іх, гарадскія, сабраўшыся, білі нас, але нам гэта толькі дадавала злосьці. Назаўтра, абмыўшыся ад крыві, мы зноў сядалі ў вагон электрычкі і ехалі, каб біцца насьмерць. Мы ні пра што ня думалі, нас вабіла небясьпека, рызыка, нам быў у асалоду сам пах бойкі, а ў газетах пра нас пісалі, што мы — сацыяльная праблема.
Неяк па тэлебачаньні пра нас дыскусію завялі, і адзін прафесар сказаў, я запомніў, што мы б’ёмся, несьвядома адваёўваючы сабе жыцьцёвую прастору, занятую тымі, каму яна за так дасталася. Я зразумеў, што меў на ўвазе прафесар: гэта як некаму выпадае каралём нарадзіцца, а некаму біцца і біцца, каб пры каралеўскай кухні, ці пры канюшні служыць.
З дзяцінства, апроч таго, што біўся і мяне білі, і быў заўсёды галодны, я вось што яшчэ запомніў. З арміі Лёнік, суседаў сын, вярнуўся, і сусед пеўня, каб да стала засекчы, злавіў. Таптаўся з пеўнем на дрывотні, ніяк сякеру ня мог знайсьці, на жонку крычаў, што тая падзела некуды, а Лёнік сказаў, што ня трэба сякеры. Узяў пеўня з бацькавых рук — і чык па шыі рабром далоні, нібы сякеркай. Галава пад калоду адляцела, а Лёнік абыякава, нават лянотна рукі абцёр адну аб адну, пеўня кінуўшы, які пабег па двары без галавы, крывёю з горла ва ўсе бакі пырскаючы...
Я пакляўся сабе, што навучуся гэтак, як Лёнік... Так, каб галава адлятала, па шыі біць, і так абыякава, лянотна рукі абціраць.
Пакляўся і навучыўся. У секцыю каратэ пайшоў, у арміі ў сьпецназ узялі, намахаўся і сякеркамі, і лапаткамі... Чалавеку галаву так проста, як пеўню, без лапаткі ці сякеркі не адбіць, тут неймаверная сіла і хуткасьць удару патрэбныя. Жылісты чалавек. Асабліва мужык, баба не такая.
Зрэшты, што мужык, што баба — шыйныя пазванкі ва ўсіх з касьцей. І ўжо іх я, руку набіваючы, натрушчыў. Балазе было каму і дзе, паўсюль ваявалі.
Калі б у сьпецназе плацілі нармальна, можна было б далей служыць. Але не плацілі.
Адслужыўшы, паспрабаваў у спорце патузацца, ды там пасьля сапраўдных боек пах ня той. Потам пахне, не крывёй. Таму згадзіўся, калі прапанавалі іншую работу.
Новы рускі, які наняў мяне ў ахову, быў ніякі ня новы, стары партыец. З найвышэйшай касты. З тых, хто і распачаў дзяльбу, падзяліўшы краіну так, што ўсё, што было ў ёй на зямлі і пад зямлёй, ім дасталося. А потым яны кляліся, што зусім ня гэтага хацелі — проста так выйшла. Але не інакш, бач, выйшла, а менавіта так. З чым не маглі зьмірыцца тыя, хто да дзялёжкі стаў падбірацца пазьней.
Пад час, калі ў Крамлі піцерскія заверхаводзілі, маскоўскія даўно ўжо ўсё падзялілі. У газетах пісаць пачалі, што нельга дапусьціць перадзелу, бо гэта дэстабілізацыя, інфляцыя і ўсё такое. Адразу ж кожнаму, хто быў хоць з нейкімі мазгамі, зразумела стала, што пачаўся перадзел. У Крамлі сабралі ўсіх, хто раней нахапаў, сказалі: “Мы ня будзем вас чапаць. Пры ўмове, што той, хто нахапаў на метале, укладвае грошы ў металургію, хто на нафце — у нафтаздабычу, хто на зброі — у армію...” — і так па ўсім сьпісе. Так яны быццам бы хітра прыдумалі, як грошы нахапаныя забраць. Ну, ня ўсе, хоць колькі-небудзь — нібыта з клопатам пра краіну.
Знайшлі дурных...
Старых піцерскіх заадно з маскоўскімі прэсавалі, не зважаючы на зямляцтва. Мой партыец таксама на той сходцы быў. Ім сказалі, яны паслухалі, галовамі паківалі: маўляў, згодныя. Але ніхто, зразумела, ні капейчыны не аддаў. Наадварот, зноўку ўсе гэтак грэбсьці заўвіхаліся, нібы сваё не дабралі. Тады і стала самай большай чаргой у Піцеры чарга на могілкі. Як і ў Маскве.
За піцерскі порт было некалькі войнаў, і калі пачалася новая, партыец сказаў мне, што трэба ня толькі бараніцца, але і нападаць. Зубы паказваць, каб ня думалі, што яны ў яго павыпадалі. Карацей, каб я набраў людзей. Групу ліквідацыі.
Я падабраў групу з сямёх. Разам са мной — васьмёра, на дзьве машыны. Чатырох сваіх сьпецназаўскіх узяў, трох сельгаспасёлкаўскіх... На рабоце не прадыхнуць было, не пасьпяваў рукі абціраць.
Партыйца зноў запаважалі, адступацца ад яго, здалося, пачалі — і раптам ледзь ня кончылі. Ды яшчэ праз сваіх.
Жонка ягоная бардэль трымала, салонам яго называючы. Некалькі прастытутак гаспадара абслугоўвалі, у яго на пасылках былі. Такія — не падступіся. Гонар паказвалі. Свой прастытуцкі, але гонар. “Мы не ў бардэлі, мы ў салоне”. Я паспрабаваў з адной, з Ляляй, танклявай такой... Яна мне: “Ты паглядзі на сябе, кабан!..”
Сучка.
Якраз у нанятай для яе кватэры на Васільеўскім у партыйца і пальнулі. З дому насупраць, Ляля ў спальні акно не зашторыла. Куля зрэзала ланцужок, на якім шторная ручка вісела, зрэкашэціла. Так што партыец выпадкова ўратаваўся — і даручыў мне разабрацца.
А ў чым разьбірацца?.. Сучка. Перакупілі, працавала на некага. Трэба было астатнім паказаць, што за такое бывае.
Я сказаў гаспадыні, каб у той жа кватэры на Васільеўскім склікала прастытуцкі сход. Увесь іх блядскі сьпецназ сабрала, як яны самі сябе называлі. Паставіў Лялю перад усімі і, калі ўжо яны сьпецназ, — чык па шыі! Шыя ў яе, як у курыцы, была, і Ляля, мусіць, яшчэ ўбачыць пасьпела, як галава ў яе адляцела, і пабегла за ёй, за галавой без галавы, па ўсёй кватэры крывёй пырскаючы...
Эфектна выйшла. Не пападалі, прытомнасьць страціўшы, толькі гаспадыня і Наташа, якую я тады і запрыкмеціў. Яна ня стала, як Ляля, ламацца. Ды ўсё яны шоўкавымі сталі.
Нешта ў Наташы мяне вабіла. Яна была прастытуткай — і ў той жа час не. Я разумею, што такога не бывае, але ў ёй вось такое было.
Ня ведаю, што гэта, і як растлумачыць... Мігценьне... Я хацеў нават прапанаваць ёй жыць са мной. Якраз перад тым, як гаспадар падкінуў нам работу на пару. Пасьля якой было ўжо не да мігценьня.
Мы дазналіся, хто з канкурэнтаў заказаў партыйца, але таго, былога гэбіста, не ўдавалася паваліць. Ледзь ня армію меў, моцна стаяў. Тады партыец і прыдумаў, як разабрацца з ім праз ягонага сына. Падрабязны план напісаў для мяне і Наташы, якая павінна была так хлапчука накруціць, каб ці сам ён бацьку кончыў, ці мяне ў дом правёў.
План мне ня глянуўся, кіно нейкае. А хлапчук спадабаўся. Нават шкада было, калі павесіўся...
Забаўны ён быў. Я пісталет яму даю, каб ён, як мужык, за сябе пастаяў, і ён нібыта згодны бацьку прышыць, каб з Наташай быць, ды раптам кажа: “Вы пісталет мне падшукайце, каб несапраўдным выглядаў, на цацачны паходзіў. Каб я думаў, што гэта гульня...”
Я прынёс яму невялічкі, італьянскі, на запальнічку падобны, ён і яго ня ўзяў... Так пісталецік той у мяне і застаўся. Нашу яго з сабой, ніхто ня думае, што сапраўдны.
А хлапчук вяроўкай абыйшоўся...
У бацькі ягонага ў ахове мой аднакашнік армейскі, былы сьпецназавец, служыў, які мяне папярэдзіў, што гаспадар, як толькі сына пахаваў, адразу ў Маскву паехаў. Каб давесьці там, што партыец даўно ўжо ўсім замінае. І давёў, з ім згадзіліся. Так што чакай, сказаў аднакашнік, гасьцей. Ці саскоквай, каб мы адзін аднаго не пастралялі.
Я ня стаў чакаць. Перад тым, як саскочыць, пачысьціў партыйца. Ламануў, можна сказаць, партыйную касу. Праз гэта мяне і пачалі даставаць за мяжой: вярні не сваё.
Хрэн вам. Чаму яно не маё, а ваша? Вы што: каралямі нарадзіліся?..
Дома мне не выпадала жыць. Хіба што зусім нядоўга.
У Стакгольм я падаўся, бо там у мяне свой чалавек быў. А ў яго — свой адвакат, які дапамог офіс купіць, фірму адкрыць. Параіў хоць аднаго шведа на нейкі час на работу ўзяць. Я ўзяў беспрацоўнага, адвакат журналіста знайшоў, які напісаў, што я ствараю у Швецыі новыя рабочыя месцы. Не на іхнім жыву, на сваім, ды яшчэ ім ад мяне перападае. На такіх людзей іначай, чым на звычайных імігрантаў ды бежанцаў, якіх карміць трэба, глядзяць.
Да тых, хто з грашыма, паўсюль адносіны, як да людзей, якія з грашыма. Да іншых — іншыя. Яно было так, ёсьць і будзе.
А швед мой, зарплату адрабляючы, наркату з Капенгагену вазіў. Яму дадуць — ён павёз. Ня ведаючы, што вязе. Апошнім разам яго ў Мальма ледзь не павязалі, і я паехаў туды, каб пашчупаць, што там і як.
Наркатой у Скандынавіі здаўна афрыканцы з азіятамі займаюцца. Пераважна яны. Яшчэ цыганы. Але ўсё болей і болей тавару пачало ісьці ў Еўропу з Сярэдняй Азіі праз Расію — і сур’ёзна падключыліся нашы. Мой чалавек у Стакгольме быў якраз адным з іх.
Ён сказаў мне, каб швед зьнік. Бо, калі ўжо на яго выйшлі, дык усё адно павяжуць. А ў якой ён фірме працуе, хто дапамог фірму адкрыць?.. Як толькі гэта высьветліцца — нам сядзець.
Я і сам сумневу ня меў, што, калі яго возьмуць, швед усіх здасьць. Наш бы дык яшчэ круціў, выдумляў нешта: ня ведаю, не маё. Каля аптэкі знайшоў, думаў, што вітаміны. А швед раскажа ўсё, як на споведзі. Ды ня толькі швед — хоць фін, хоць немец, хоць нарвежац. Законапаслухмяныя.
Адвакат мой неяк завёў мяне ў суд. Для практычных, можна сказаць, заняткаў. Каб лепей я шурупіў, у якім сьвеце цяпер жыву. Ён на судзе дзеда бараніў, які атруціў ката. Мазгі ў ката паехалі: па начах мяўкаў, драпаўся, спаць не даваў. Дзед трываў-трываў — няе вытрываў. Дык сьведкі ўсе, суседзі, падчыстую яго здавалі. Расказвалі, як ката ён мучыў. “На матузку, — адна суседка паказвала, — гуляць вядзе, і матузок тузае, тузае...”
Усе глядзелі на таго дзеда, як на садыста кончанага.
Пасьля гэта па газетах пайшло, па тэлебачаньні... У нас людзей штодня канчаюць — і нічога. А тут ката атруціў — на ўсю Швецыю скандал.
Хоць і ў іх, здараецца, страляюць... Прэм’ера нейкага некалі забілі. Пры мне бабу, якая міністрам была, завалілі. Падышоў мужык у краме — і заваліў. Без прычыны, дык нават не судзілі. Прызналі, што ненармальны, калі без прычыны.
А прычына была... Не хадзі, калі ты міністр, па крамах. У нас ніводнага міністра ў краме ня кончылі.
У Мальма ў гатэлі “Хілтан” я на апошнім паверсе, на самай верхатуры пасяліўся. Адкуль, як парцье сказаў, ці ня ўся Еўропа відаць. Ці ўся Данія. Альбо, ва ўсякім разе, Капенгаген. З якога швед наркату вазіў...
Гледзячы ўраніцы на Еўропу, якой за туманам не відаць было, я прыкідваў, як мне найлацьвей са шведам абыйсьціся. Каб зьнік, як туман.
Нічога талковага не прыдумвалася. Спусьціўшыся ў рэстаран пасьнедаць, я пазваніў Наташы. Яна сказала пра пасланца з Піцеру, які едзе ў Мальма. З якім дамовілася яна спаткацца заўтра а шостай вечару каля гатэлю “Хілтан”.
Ты думаеш, як зрабіць так, каб зьнік нехта. А нехта думае, як зрабіць так, каб зьнік ты. Жыцьцё ідзе, усё нармальна.
За суседні стол, дзьве поўныя талеркі рыбы і мяса прыцягнуўшы, хлапчына худобны прысеў, да якога афіцыянт падышоў і пачаў дапытвацца, у якіх апартаментах той жыве? Не з-за таго, думаю, дапытвацца пачаў, што хлапчына гару ежы набраў, а таму, што не выглядаў ён на тутэйшага пастаяльца. Ня гэтак ён глядзеўся, як чалавек, які спусьціўся са сваіх апартаментаў на сьняданак у рэстаране гатэлю “Хілтан”. Нават куртку зашмальцаваную, відавочна з сэкэнд хэнду, ня зьняў. Бадзяжнік.
Ён назваў афіцыянту нумар пакою — аднаго з самых дарагіх у гатэлі. З якога ці няе ўся Еўропа відаць. Афіцыянт не паверыў і пайшоў удакладняць... Заазіраўшыся па баках, хлапчына выбіраў момант, каб зьбегчы.
Не назваў бы ён нумар — няхай бы бег. Але ён назваў, і нумар гэты быў напісаны на маёй гасьцявой візітоўцы. На той, якую ўчора выдаў мне парцье.
Мяне насьцярожваюць любыя, а тым больш такія супадзеньні. У кожнага свой вопыт — і ў мяне свой. Пры маёй рабоце я пераканаўся: калі хочаш жывым быць, не дапускай думкі, што выпадковае адбываецца выпадкова. Нечым яно абумоўлена. Шукай, чым. І як мага хутчэй шукай, бо можаш не пасьпець.
Хлапчына падняўся, я кінуў праз стол: “Сядзі!..” Ён перапудзіўся ад нечаканкі, хоць і ня надта. Зноў сеў і, што мяне зьдзівіла, стаў есьці.
Калі афіцыянт вярнуўся з малайцом са службы бясьпекі, я падазваў іх і сказаў, што жыву ў названым нумары, а за суседнім сталом сьнедае мой госьць, за якога я плачу. І працягнуў афіцыянту візітоўку...
Ніхто ў мяне не спытаў: чаму мой госьць сьнедае за суседнім сталом? Калі плацяць, дык няхай сьнедае за суседнім. Можа, прынята ў нас паасобку сьнедаць, каб з самай раніцы адзін адным не раздражняцца.
Як і на пастаяльца “Хілтану”, так і на пасланца з Піцеру хлапчына, апрануты бадзяжнікам, быў мала падобны. Проста ніяк не падобны. Дый ня мог пасланец пасьпець сюды, праехаўшы чвэрць Швецыі — паром толькі што ў Стакгольме прычаліў. І не пасылаюць такіх, але... Ён назваў нумар нібыта наўмысна для мяне. Неверагодная, надта вялікая выпадковасьць.
Зьеўшы ўсё, што прынёс, госьць мой яшчэ раз схадзіў да шведскага стала і набраў столькі ж. Ён быў меншы за мяне разы ў тры, куды яно ў яго лезла?.. Прыгледзеўшыся, я заўважыў, што ён даўно ўжо не хлапчына — гэткі падвысахлы мужычок, які на хлапчука выглядае. Нарэшце ён наеўся, я ўстаў і ўзяў яго пад локаць: “Пайшлі пакажу, дзе жывеш”.
Ён пайшоў, ледзьве ногі цягнучы... Не таму, што аб’еўся, ён наогул быў вялы.
Аказалася, беларус. З Ваўкавыску, я і ня ведаў, што такі горад ёсьць. З назвай, нібы ваўкі ў ім выюць... Ён там барацьбітом нейкім быў, змагаўся за нешта. Як яны, такія вялыя, там змагаюцца?..
І я не зразумеў: за што? Каб Расія, ён сказаў, не заняла Беларусь. А нашто Расіі Беларусь займаць, калі Беларусь і так Расія?..
Звалі яго Сьвятаславам. Такое беларускае імя — у Расіі не пачуеш. Сьвятая слава, сьвяты абавязак, сьвятая айчына... Наслухаўся я гэтага ў войску — чуць ня мог.
Ён падышоў да акна ў маім нумары і глядзеў доўга. “Там недзе, — за туман паказаў, — замак, дзе Гамлет жыў, павінен быць”.
Я спытаў: “Ну і што?..” — і ён уздыхнуў, у туман углядаючыся: “А тое, што Шэксьпір…”
“Што Шэксьпір?..”
“А тое…”
“Што тое?..”
“Калі б у нас быў Шэксьпір, дык была б і гісторыя… Усё было б інакш…”
“Што інакш?..”
“Усё…”
Што ў іх магло быць інакш, калі мы разам у Савецкім Саюзе былі? А калі мы разам у Савецкім Саюзе былі, дык пры чым Шэксьпір?..
Гаварыў ён, трохі заікаючыся: “У нас бы-быў… дык бы-бы-ла б…” Мянушку б яму якую, дык Бабыб самае тое было б. Я так і сказаў: “Давай Бабыбам называць цябе буду, на Сьвятаслава ты не выглядаеш”, — і ён кіўнуў, галавы ад акна ў тумане не павярнуўшы: “Называй…”
У сьвятле ваконным, хоць і туманным, я разгледзеў, што ён старэйшы за мяне — і тым ня менш называй яго, як хочаш… І толькі цяпер ён спытаў: “А цябе як называць?”
“Ражном”.
“Ражном дык Ражном…”
Не, на разборкі такіх не пасылаюць. Нечым ён на таго піцерскага хлапчука, які павесіўся, быў падобны. Толькі падстарэлы... Дык я і падумаў: можа, яго скарыстаць?.. Не адразу падумаў, а тады, калі ён сказаў, што рабіць зьбіраецца.
Ён нарадзіўся ў Ваўкавыску, потым у Менску жыў, дзе ганялі яго за барацьбу, у каталажку садзілі. З работы пратурылі... Шукаючы, дзе прытуліцца і на кавалак хлеба зарабіць, ён вярнуўся ў Ваўкавыск. Бацькі памерлі, хату адразу па іх сьмерці ён за капейкі прадаў, прытуліўся ў брата стрыечнага. Уладкаваўся на пошту, дзе брат паштарыў — і абодвух іх выгналі, хоць на ўсю пошту толькі і паштароў было, што ён ды брат. Звольнілі іх праз тое, што яны ў пікет сталі: ён брата, які прытуліў яго і дапамог яму работу знайсьці, у пікет зацягнуў, каб таго на пару з ім выгналі! І дзеля чаго зацягнуў, каб выгналі?.. Каб вуліцы Суворава ў Ваўкавыску не было, не хацеў ён газеты на вуліцу Суворава насіць.
У мяне таксама ёсьць брат стрыечны, на гісторыю запалы, дык ён неяк расказаў мне, які бяздарны быў паход Суворава праз Альпы, дзе без аніякага толку процьма людзей загінула, памарозілася… Але ж напляваць на тое, бо калі яно было? Так што я зноў ня ўцяміў: “Пры чым Сувораў?..”
Адусюль выгнаны, Бабыб ня ведаў, як далей быць, і нехта яму сказаў, што беларусаў, якія змагаюцца, за мяжой прымаюць. Адразу ўсё ім даюць.
Пазычыўшы грошы ў брата, які прадаў паўхаты і гатовы быў, мусібыць, прадаць апошняе, каб толькі ад яго пазбавіцца, ён купіў тур па Скандынавіі, прыехаў — ніхто і нічога ня даў. Апроч месца ў лагеры для бежанцаў. Але цяпер і таго ня стала: яму адмовілі ў палітычным прытулку і ён падпаў пад дэпартацыю. Таму зьбег з лагеру, надумаўшы ці падпаліць што-небудзь, ці ўзарваць, ці нават каго-небудзь забіць, каб ці сесьці ў турму, ці ў клініку патрапіць для псіхічна хворых. Абы дахаты не вяртацца. А падпаліць што-небудзь ці забіць некага надумаў, бо, калі проста ўкрасьці, ці яшчэ ўтварыць што-небудзь такое, ня цяжкае, дык не пасадзяць, усё адно дэпартуюць.
Зусім выпадкова, рэчы падносячы, ён пабываў у нейкай клініцы для псіхаў, там хораша. Жывуць шведы, на галаву хворыя, так, як беларусам, на галаву здаровым, і ня сьнілася.
Ён ня быў хворым, не. Я ведаў такіх людзей, яны нібы ня самі жывуць на сьвеце. Быццам нехта іх жыць змушае. Такіх пасылаюць на такое, на што іншага не пашлеш. Іншы, не такі, ня пойдзе. З такіх вярбуюць сьмяротнікаў, каб зрабіць з іх жывыя міны.
Вось я і ўзважваў: на пасланца яго скарыстаць, калі сам ён не пасланец, ці на шведа?..
Я дапускаў яшчэ, што ён можа быць пасланцам, але ўжо толькі з-за звычкі нічога магчымага, хай нават самага неверагоднага, не выключаць. Выключыць можна было толькі тое, што ён швед.
Пасланца, калі ён пасланец, можна перакупіць… Я сказаў яму, што, калі ўжо наважыўся ён некага кончыць, дык магу прапанаваць, каго… Ён не зьдзівіўся, а мяне зьдзівіў, коратка кінуўшы, ад акна не павярнуўшыся:
— Толькі не жанчыну.
Я дык хоць бы павярнуўся… І спытаў бы найперш не пра тое, каго? — пра што ён па сутнасьці спытаўся, — а пра тое, за колькі?.. Дый хто заўгодна іншы павярнуўся б і пра тое самае спытаўся…
І чаму толькі не жанчыну? Якая розьніца?.. Шведа ці рускага — розьніца, за рускага ў Швецыі меней дадуць.
Я сказаў, што не жанчыну. Спытаў, што ён за гэта, апроч шведскай псіхушкі ці турмы, хоча? Ён адказаў, што вінен брату за палову хаты...
Надта спадабаўся яму, як некалі хлапчуку піцерскаму, пісталет. Праз тое, што маленькі, на цацачны падобны. “З яго страляць, як гуляць. Сам не паверыш, што…”
Бабыб не дагаварыў: што?..
Кілераў такіх не бывае. Які з яго пасланец?.. Кончаны бабыб. “Ражон, — зьдзівіўся я з самога сябе, — з кім ты зьвязаўся? Мазгі табе адбіла?..”
Я ўзяў яго ззаду за шыю — у яго вочы на лоб узьлезьлі, я умею так за шыю браць, каб на лоб вочы ўзлазілі:
— А двух заб’еш? За двух будзеш мець, як за цэлую хату.
Ён паспрабаў крутнуць галавой, ня змог, але паспрабаваў: “Не”.
— Тады ўсё, — разьняў я пальцы і падштурхнуў яго да дзьвярэй. — Вымятайся.
Ён не выходзіў. Стаяў каля дзьвярэй, паціраючы шыю і сьціскаючы павекі, намагаючыся вочы вярнуць у вачніцы. Пасьля сказаў неяк па-дзіцячы, як папрасіў на цукеркі:
— Слухай, дай мне каго-небудзь забіць. Не дасі, дык заб’ю цябе. Ны ведаю як, але заб’ю.
Апроч, як у дзяцей, гэткія жаласьлівыя да саміх сябе інтанацыі яшчэ ў блатных пракідваюцца. “Падла буду, зямлю буду жэрці, брат…” — а ў самога шыла ў рукаве.
Забіць мяне ён ны мог ні пры якім раскладзе, і ўсё ж, многае пабачыўшы і зьведаўшы ў жыцьці, я ведаў і тое, што такое зацятасьць. Перада мной — з вылезлымі на лоб вачыма і дзіцячымі размовамі — стаяў зацяты мужычок. А значыць, калі не ў гэтую хвіліну, дык у наступную — здольны на ўсё. Не скарыстаць такога было б памылкай…
З пасланцам з Піцеру яму ня справіцца. Калі адтуль паслалі чалавека, дык такога, які тузін бабыбаў пакладзе.
Я ўжо ледзь не надумаўся ўзяць яго з сабой у Капенгаген, на шведа скарыстаць, калі яму ўсё адно, каго забіваць, абы не жанчыну. І ў Капенгагене, у адрозьненьне ад Мальма, я з ім не засьвечваўся: у рэстаране з ім ня сьнедаў, за госьця свайго не выдаваў… Але ён, нібыта ўгадаўшы, пра што я думаю, мяне апярэдзіў:
— У Данію не паеду. Тут я хоць на нейкіх правах, а там на ніякіх.
На якіх ён тут правах?..
Не праз тое, што ён упёрся, а з-за таго, што яшчэ ня склалася ва ўсіх дэталях схема разборак са шведам і пасланцам, я паехаў у Капенгаген, да заўтра пакінуўшы свайго госьця ў нумары гатэлю “Хілтан”, скуль адкрывалася панарама ўсёй Еўропы.
Назаўтра, вярнуўшыся ў Мальма і сьпяшаючы, бо ўжо была палова на шостую, да гатэлю, я з натоўпу каля фантану ўбачыў Бабыба, які падыходзіў да нейкага ўсяго бліскучага фацэта з пакетам, і па тым, як ён не бачком, не азіраючыся, а рашуча і ўпэўнена крочыў, я адчуў, што зараз нешта адбудзецца, але ня думаў, што яны, фацэт з Бабыбам, сышоўшыся, схопяцца за пісталеты — і Бабыб, як яно ні дзіўна, пасьпее стрэліць першым. Гэта насамрэч дзіва, што ён пасьпеў стрэліць першым, бо Наташа ў фацэце з пакетам, якога заваліў Бабыб, пазнала піцерскага пасланца…
Вось табе і Бабыб.
З вакзалу, дзе, калоцячыся, бо ўсё бачыла на свае вочы, чакала мяне Наташа, я патэлефанаваў свайму адвакату ў Стакгольм і сказаў, што для яго ў Мальма ёсьць работа.

Сьвятаслаў
Я не падобны быў на забойцу, нават на бандыта звычайнага наўрад ці выглядаў, так, бадзяжнік, які падышоў і спытаў, ці можна прыпаліць?.. Не, я не спытаў, у мяне цыгарэта была ў левай руцэ, а правай я паказаў, што прыпаліць хочу, пальцамі пстрыкнуў... Ён палез у кішэнь, каб дастаць запальнічку, такую цацку, запальнічку-пісталет, на невялікі маўзер падобную, а я з пінжака, з грудной кішэні сапраўдны пісталет вымаю, які ён, мусібыць, за цацку-запальнічку прыняў, толькі большую, чым у яго, і я нібыта сустрэчна хачу даць яму прыпаліць — ён, значыць, мне, а я чамусьці яму, таму ён падумаў, я ў вачах ягоных прачытаў: “Што за цырк? Прыпылены мужык, ці што?..” — а я роўненька пасярэдзіне лобу яму, над пераносьсем, якраз туды, дзе індусы цікі свае ставяць, стрэліў. Ён не зразумеў нічога, зьдзівіўся толькі: “Во ё-маё…”
Яму не пашэнціла. Ня толькі таму, што па шведскім горадзе Мальма ён з чырвона-зялёным пакетам, з намаляваным на ім трактарам “Беларусь” ішоў, а не пашэнціла ўвогуле. А магло б пашэнціць. Мы ніколі б маглі не спаткацца, калі б не падаўся я ў Швецыю, дзе падлавілі мяне ў Мальма на сьняданку ў рэстаране гатэлю “Хілтан” — і я пазнаёміўся з Ражном.
Мяне ў Стакгольме адзін цыган навучыў гэтаму: заходзіш нараніцы ў гатэльны рэстаран, калі там сьняданак, з выглядам, нібы ў тым гатэлі жывеш, і награбаеш са шведскага стала ежы, колькі захочаш. Яшчэ і з сабой бутэрбродаў на цэлы дзень набраць у кішэні можна, ніхто ня сочыць.
Адзежу толькі трэба мець больш-менш… Ня смокінг, але і не лахманы, як на мне. Праз гэта афіцыянт у “Хілтане” да мяне і прычапіўся.
Калі зловяць, дык што ж: патрымаюць — і адпусьцяць, бо ў турме ты даражэй ім абыйдзешся, чым, пару бутэрбродаў скраўшы, на волі. Але мне нельга было пападацца, бо, калі зловяць, дык дэпартуюць: я зьбег з лагера. А зьбег таму, што мне адмовілі ў палітычным прытулку, а значыць, усё адно б дэпартавалі.
Гучыць страшна: лагер. Цёпла, сыта. Жыў я ў асобным пакоі, ад кватэры ўсё адрозьненьне — кухня з прыбіральняй на калідоры. Жывеш на ўсім гатовым, а табе яшчэ і грошы штомесяц даюць, як бежанцу. Па шведскіх мерках — драбяза, але ў Ваўкавыску я за гэткую драбязу бацькоўскую хату прадаў.
Я ў Ваўкавыск з Менску вярнуўся, веру страціўшы. Ва ўсё. Бо страціў жанчыну, якую кахаў, і якая сказала аднойчы, што праз мяне і ўсіх гэткіх самых недалэнгаў, як я, яна згубіла найлепшыя свае гады, маладосьць, жаночае шчасьце — ні на што жыцьцё паклала. Пад сьцягамі і штандарамі ў шэсьцях і пікетах.
Выходзіла, што я таксама ні на што жыцьцё паклаў.
Жанчыну, як і ўсё астатняе, што я страціў, звалі Верай.
Мы пазнаёміліся, калі ёй і дваццаці не было. На Дзяды, у Менску, каля Усходніх могілак… Цяпер ёй амаль сорак.
Дваццаць гадоў прамінула… Нечыя дзеці нарадзіліся, падрасьлі, у першы клас пайшлі і школу скончылі. Але ня нашыя дзеці, мы ўсё ў шэсьцях ды пікетах… Ні работы, дзе б плацілі, каб нармалёва жыць, ні сям’і, ні хаты…
На тыя Дзяды, з якіх усе нашыя шэсьці і пікеты пачаліся, мяне выкладчык гісторыі, я ў інстытуце тады вучыўся, паклікаў. Разам з Настай, якую, як мне здавалася, пакуль Вера не спаткалася, я кахаў. Наста таксама была з Ваўкавыску, на год пазьней за мяне — і праз мяне, як яна казала — у інстытут паступіла. Вучыліся мы на адным факультэце, жылі ў адным інтэрнаце. Калі канчалася стыпендыя, а канчалася яна надзіва хутка, і жывот з голаду падводзіла, мы хадзілі на Камароўскі рынак, дзе каштавалі, нібы купіць зьбіраліся, патрохі ўсяго, што там было: кілбас, сыроў, рыбы… Па скібцы, па лустачцы — гэтак і наядаліся. Калі ж адломваўся кавалак, які ўжо не каштуюць, а купляюць, і гандляры гвалт усчынялі, Наста раптам скідвала ці швэдар, ці кофту, што там на ёй было: “Паглядзі на рэбры студэнцкія, морда сьпекулянцкая! І ты мяне кавалкам сыра папікаць будзеш? Ды падавіся ты ім! На, задушыся!..”
Наста з дзяцінства мела схільнасьць да эфектаў…
Сыходзячы з рынка, мы яшчэ семак з арэхамі, таксама нібы каштуючы, с сабой набіралі… Так што, можа быць, і ні пры чым той цыган, які ў гатэльных рэстаранах сьнедаць мяне вучыў. Патрохі красьці я ўжо сам умеў.
Ды хто ў нас ня крадзе хоць патрохі? Я ў брата свайго стрыечнага, які пахваляўся, што за ўсё жыцьцё ня скраў нічога, спытаўся неяк: а што ты скрасьці мог? Люк каналізацыйны, калі ліцейшчыкам на прамкамбінаце быў? Газету ўчарашнюю, калі паштаром хадзіў?.. Брат і заткнуўся.
Ведаць пра сябе, што ён ня злодзей, можа хіба той, хто меў магчымасьць скрасьці — і ня скраў. Як і пра тое, што ён не забойца, можа ведаць толькі той, хто мог забіць — і не забіў.
Я б многіх забіў, калі б мог. І ўпершыню адчуў гэта на тыя Дзяды каля Усходніх могілак.
Вера на Усходніх могілках аказалася выпадкова. Хоць, хутчэй, гэта мы з Настай аказаліся там выпадкова, а ў Веры прадзед з дзедам, а цяпер ужо і бацька, на тых могілках пахаваныя. І яна прыйшла на Дзяды, як на Дзяды, а там такое… Натоўп, міліцыя, дубінкі… Міліцыянты расьсякаць натоўп пачалі, мне брыдой атрутнай, якая “чаромхай” чамусьці называлася, у твар пырснулі і ў “варанок” пацягнулі, па рэбрах дубасячы. Мяне цягнуць, дубасяць, а Наста, я з-пад локця выкручанага, з-пад пахі бачу, убок адварочваецца. Не крычыць, як на рынку: “Паглядзіце на рэбры студэнцкія, морды міліцыянцкія!” — а нібыта й ня бачыць, як мяне па тых рэбрах…
Назаўтра вінавацілася: баялася, што з інстытуту папруць.
Праз дзень яна выступіла па тэлебачаньні як сьведка падзеяў... У кампаніі з сакратаром партыйнага ЦК, які бажыўся, што міліцыянты дзейнічалі ў межах закону. Наста засьведчыла, што ніхто дубінкамі нікога ня біў і “чаромхай” ня труціў. Вось жа яна там была — і не пабітая, і не атручаная…
Гады праз тры, калі сакратароў ЦК ня стала і бажыцца пачалі іншыя, Наста зноў выступіла па тэлебачаньні. Гэтым разам у кампаніі з акторам, які расказаў, як камуністы з гэбістамі зрабілі яго сексотам. А Наста распавяла, як яе, студэнтку, тыя ж камуністы з гэбістамі змусілі зманіць пра тое, што было на Дзяды, пагражаючы выгнаць з інстытуту. І неяк так выходзіла, што Наста з сексотам — героі. Ня кожны, маўляў, знойдзе ў сабе мужнасьць, каб прызнацца…
“Абое рабое, далёка пойдуць”, — сказала пра іх Вера, але ўгадала не пра абудвух. Актор, здольны да алкаголю, сьпіўся, а Наста, здольная да журналістыкі, пабегала трохі, пакуль яны трымаліся, па рэдакцыях незалежных выданьняў, пасьля перабралася ў выданьне дзяржаўнае, а з яго — ва ўладу. Высока там сядзіць, далёка глядзіць — тут Вера ўгадала…
Пасьля аднаго з арыштаў чакала мяне за варотамі турмы шыкоўная жанчына ў шыкоўнай машыне. Гэтакі галівуд — Наста па-ранейшаму мела схільнасьць да эфектаў... Яна сказала, што наўмысна зрабіла так, каб усе ўсё бачылі, бо стамілася “адмазваць” мяне ўпотай, бо гэта ў шкоду ёй, бо ўсе пра ўсё даносяць, таму наступным разам мяне пасадзяць не на тыдзень-другі, а надоўга, яна ўжо нічым ня зможа дапамагчы, а калі і зможа, дык ня стане…
— І ня трэба. Я ж не прасіў.
— Ён не прасіў! А маці твая, пакуль жывая была? А радня, а сябры нашы інстытуцкія? “Наста, ты ж яго ведаеш!..” Некалі ведала, цяпер — не!
Яна нервавалася, пальцы дрыжэлі, калі прыпальвала…
— Цябе, аказалася, я і некалі ня ведаў.
Яна не хацела слухаць пра тое, што было некалі.
— Я выбрала лепшае жыцьцё, ты — горшае. Сьвядома! Спытай у нашых, у ваўкавыскіх, хоць у каго: нармальны чалавек захоча жыць ня лепш, а горш? Ты захацеў… Жыві! Але без мяне. Я не хачу, каб тваё горшае замінала майму лепшаму. Ці яшчэ й парушыла яго.
Нядаўна яе паклікалі з яе вялікага кабінетуа ў кабінет яшчэ большы і настойліва параілі ад мяне адхрысьціцца… Дык яна ж адхрысьцілася яшчэ на тых Дзядах… Калі мяне цягнулі ў варанок, а яна ўбок адварочвалася… А Вера на тых Дзядах, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару людскога як кінулася:”Вы што?!. Вы куды яго?!.” Адбіла ў міліцыянтаў, хоць ведаць мяне ня ведала. Пасьля казала: “Каб ведала, не адбівала б, хай бы зацягнулі… Хай бы ўсіх вас тады пабралі і расстралялі ў Курапатах. Дык хоць бы легенда пра вас засталася…”
Вера, мусібыць, таксама многіх бы забіла, калі б магла.
Але яна пазьней такой стала. Тады, на тыя Дзяды, яна не была такой. Як лёгка ўсё яна любіла! Людзей шкадаваць… Музыку слухаць, вершы чытаць, у ёй прага была — чытаць вершы… І сьлёзы ў яе вачах стаялі высока, як у нябёсах.

Усё, што коціцца,
дакоціцца да нас…

І дакацілася.

Ля могілак якраз,
Дзе сны пра вечнасьць сьняць
Ці сьпяць без сноў
З усімі
Караткевіч,
Куляшоў… —
Маўклівы мітынг.

З кожным, хто прыйшоў,
Зьявіліся і сталі побач продкі…

Маўклівыя
стаялі цені родных,
Маўклівыя
стаялі цені блізкіх:
Пад крыжам зьлеглых. Зоркай. Абеліскам.
Ва ўсіх Хатынях спаленых. Забітых
Пад Грунвальдам. На Калыме “прышытых”.
Бяссьледна зьніклых. Хапам пахапаных.
Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,
Ці ў Курапатах
скінутых у роў!..

Ад плоці плоць
І ад крывінкі кроў —
Мы ведалі, пра што маўчылі з імі.
Жывыя з мёртвымі.
І мёртвыя з жывымі.

І ўпершыню, маўкліва сьцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль народ.

Дзе яно ўсё падзелася? Я, Вера, народ… Было ж?.. Прайшло, як дождж, і прадчуваньні так і засталіся прадчуваньнямі. Паэт, які пра іх напісаў, зьбег за мяжу. Пабеглі іншыя… І ўсе крычалі, што, калі яны не зьбягуць, іх ці пасадзяць, ці заб’юць. А чаго вы хацелі? Каб улада, з якой вы змагаецеся і стамляецеся ў барацьбе, у санаторый вас пасылала?..
Пад адну музыку: дыктатура! — зьбягалі ўсе: палітыкі, жулікі, злодзеі, турэмшчыкі… Зьбягала, як малако з агню, хваляй пералівалася за мяжу моладзь…. Зьбег сьпікер парламенту… І нават той, пра каго ўсе думалі, што ён у Курапатах ляжа, а кроку з крэўнай зямлі ня ступіць — зьбег.
Непадалёк ад Усходніх могілак яшчэ і Курапаты — таксама могілкі. Ямы, у якія ў часы, калі Сталін баляваў, скідвалі расстраляных. Прывозілі, стралялі і скідвалі. Прывозілі, стралялі і скідвалі…
Мы пачыналі новае жыцьцё на касьцях. Людзі кажуць: на касьцях жыць нельга.
Хоць хто яго ведае… Стагоддзі за стагоддзямі, вайна за вайной… Як падумаеш — дык пад намі і зямлі няма, адны косьці.
У Ваўкавыску гара ёсьць, якая Шведавай называецца, бо нібыта шведы, якіх кароль Карл ваяваць вадзіў, тую гару насыпалі, зямлю шапкамі нанасіўшы. Дзеля чаго насыпалі, чаму зямлю шапкамі насілі? — невядома. А гару з якога боку ні капні — уся ў касьцях.
Нашая настаўніца літаратуры пыталася: “Дзеці, як вы думаеце, дзеля чаго шведы гару насыпалі?..” Хто што казаў. Каб на той гары бараніцца… Каб гарматы на версе паставіць і да Масквы страляць… Я адказваў: “Каб на лыжах катацца”.
Мой адказ спадабаўся настаўніцы найменш. А найбольш спадабаўся ёй адказ Насты: “Каб з гары глядзець на Швецыю, па якой яны сумавалі…”
“Вось так, дзеці, — казала настаўніца, — трэба любіць Радзіму”. Тое, што гэта самае бесталковае, самае бессэнсоўнае з усяго, дзеля чаго магла быць насыпана шведамі гара, настаўніцу не бянтэжыла. Беларусаў мала бянтэжыць адсутнасьць сэнсу ў чым бы там ні было…
На той гары я і надумаў зьбегчы. Бо, калі можна некаму, дык чаму нельга мне?.. І,калі гара Шведава, дык куды, як не ў Швецыю?..
Вера сказала: "Мазгі ў цябе — толькі кубікі складваць. І ва ўсіх вас, беларусаў, такія..."
Не ва ўсіх. Мой аднакласьнік Борусь, на Шведавай гары пасядзеўшы, у Аўстралію крутануў.
Круцелісты ён, Борусь. Калі я ў Народны фронт запісацца яго ўгаворваў, ён спытаў:"А нашто нам туды абодвум?.. Ты ідзі ў БНФ, а я ў КПСС пакуль пабуду. Яшчэ невядома, у які бок яно ўсё выверне".
У 1991, у жніўні, КПСС скончылася, а ў верасьні Борусь прыйшоў партыйныя ўнёскі плаціць. Парторг, які ўжо не ў парткаме, а ў нейкім складзе сядзеў, кітайскім адзеньнем і абуткам завалены, вылупіўся на яго:“Ты вальтануты?!.” Борусь адказаў: “Я прынцыповы. Партыйны статут патрабуе сплочваць унёскі, а мяне з партыі ніхто не выключаў”.
Борусь быў намесьнікам парторга, і той, ужо не як парторг, а як гандляр, прапанаваў яму ў тым складзе пайсьці да яго ў напарнікі. “У цябе мазгі ёсьць?.. Дык зразумей: усё, што было, назаўсёды скончылася. Шалёны час настаў. А шалёны час — шалёныя грошы. Хто іх сёньня пасьпее ўхапіць, той і банкаваць заўтра будзе”.
Стаўшы ўрэшце банкірам, былы парторг цяпер сапраўды банкуе… А ў верасьні 1991 Борусь вылавіў пяцёх з дзевяці парткамаўцаў — і яны выключылі парторга з партыі, якой ужо не было, абраўшы парторгам Боруся.
Такія прынцыповыя.
Пасьля Борусь казаў: “Калі б Савецкі Саюз уваскрос — во ў мяне біяграфія была б!.. Як у партыйнага Хрыста…”
У Аўстраліі ён да фірмы прыбіўся, якая сельгастэхнікай гандлявала, і дазнаўся, што трактар “Беларусь”, гордасьць пакінутай ім сінявокай Айчыны, нікім, як нацыянальны прамысловы брэнд, не запатэнтаваны. Гэта ўжо напраўду ў некага мазгі — толькі кубікі складваць. Але ня ў Боруся. Ён запатэнтаваў брэнд у Аўстраліі, як свой, пазычыў грошы і распачаў вытворчасьць. Сабраў з запчастак трактар, прадаў — і тут жа падаў у суд на былую Айчыну, адсудзіўшы ў сінявокай за выкарыстаньне ягонага брэнду столькі, што хапіла і на тое, каб пазыку вярнуць, і фірму, да якой Борусь прыбіўся, выкупіць. Цяпер жыве — кум каралю. А быў бы ў Беларусі нехта такі, як Ражон, ніяк бы Борусь ня жыў. Недзе ў Аўстраліі яго б і закапалі.
Я Боруся ўспомніў, калі мужыка з чырвона-зялёным пакетам убачыў. І, можа, страляў не ў яго, а ў Боруся. Ва ўсіх борусяў: і ў гандляроў, і ў правадыроў, і ў паэтаў… І ў тых, якія зьехалі, і ў тых, якія засталіся. І ў тых, якія вялі натоўп, і ў тых, якія за імі ў натоўпе крочылі. Бо ніхто анікога нікуды не прывёў — і ніхто не прыйшоў анікуды. Толькі, ідучы, жыцьцё праміналі — і яно прамінала нас… Таму я забіў бы таго мужыка на Sцdra Fцrstagatan, калі б ён і не з чырвона-зялёным, а з бел-чырвона-белым пакетам ішоў. Ці нават з бел-чырвона-белым сьцягам. Якая розьніца, калі беларус?..
Беларус. Во каго я хацеў забіць — і забіў.
Я і сьледчаму так сказаў, калі ён пачаў дапытваць, адкуль я ведаю Павала Рутко? Ну, таго, з пакетам… І за што яго забіў? Я сказаў:
— Бо беларус.
Сьледчы, швед адмарожаны, ня ўцяміў. Але вырашыў, што гэта я ня ўцяміў, пра што ён мяне пытае.
— Я пытаюся, як даўно вы ведаеце забітага, якія ў вас былі адносіны, за што вы яго забілі?
— Я ня ведаю яго. Не было ў нас ніякіх адносінаў. А забіў за тое, што ён беларус.
— Але ж вы таксама беларус?
— Таксама.
— А я швед. Выходзіць, я магу забіць любога шведа за тое, што ён таксама швед?
— Можаце.
— А ён мяне?
— І ён вас.
— Чаму тады беларус, якога вы забілі, не забіў вас за тое, што вы таксама беларус? Нават не паспрабаваў забіць?
— Мог паспрабаваць. Я б яму не замінаў.
Я б насамрэч не замінаў. Якая розьніца, якім беларусам меней? Але ён не паспрабаваў. Дастаў запальнічку, а не пісталет.
Ад’язджаючы, Ражон схаваў пісталет ў ніжнюю скрыню стала і замкнуў на ключ. Адчыніць шведскі замок шведскім сьцізоркам не было праблемай.
Пісталет быў, як цацка.
Я ня стаў чакаць Ражна…
З нумару я выходзіў, ня ведаючы, што буду рабіць… А з ліфту ўбачыў таго, з пакетам… Яго лёс да мяне прывёў, дык што ж…
Я б яго і без пакета, без трактара на ім распазнаў бы. Па тым, як ён ішоў, азіраўся — і ўсё рухі ягоныя, хоць нібыта ён і ўпэўнены ў сабе, нейкія незавершаныя, незакончаныя, не да канца даведзеныя: рухі напалову. А калі ён прыпыніўся, каб закурыць, дык стаяў хоць і на дзьвюх нагах, а ўсё адно быццам на адной, як бацян на балоце. Плечы стуліў, калена ў калена ўціснуў…
І ў замежжы мы такія, і дома. Здавалася б, і прасторы ж хапае, і сваёй, ня нечай, а нам усё здаецца, нібы чужую займаем.
Ёсьць такое ў беларусах, больш ані ў кім такога няма. Паляк вунь ідзе — увесь паляк, рускі — увесь рускі. А беларус — напалову беларус, і ва ўсе бакі галавой круціць: хто ж ён яшчэ?
А больш ён ніхто, якая б у ім, руская, польская ці нямецкая кроў яшчэ ні цякла. Няхай нават у ім і не палова, а чвэрць ці меней беларускага — усё адно ён кончаны беларус. Хоць ён борусь, хоць бабыб.
Вера казала: “Вы на зямлі сваёй не гаспадары, бо за так, а не за кроў яна вам дасталася. Суседзі вам яе, як соткі калгасьнікам, адмералі. І вы ўсё баіцёся, што калгас скончыцца, і соткі ў вас адбяруць. Таму і прыдумляеце самі для сябе: то вы ад балтаў, то ад рымлянаў… Каб тыя ці балты, ці рымляне пра вас паклапаціліся.
Нашчадкі рымлянаў вы, ага!.. Дык зрабіце нешта, дастойнае продкаў! Рымлянам ніхто і нічога не даваў, яны ўсё самі мячамі бралі! А вы?.. Вы што заўгодна прыдумаеце, абы нічога не рабіць. Прыдумалі, што ў Беларусі цэнтр Еўропы, дык, Еўропа, дапамагай! Каму?.. Ты не палянуўся, зьезьдзі ды паглядзі, хто там і што — у тым цэнтры”.
Я не паленаваўся, зьезьдзіў ды паглядзеў…
Цэнтраў Еўропы, як і ўсяго астатняга: моваў, гербаў, сьцягоў… — у Беларусі, аказалася, два. Адзін на дне возера Шо, а другі ў сярэдзіне трохкутніка Чэрвень-Асіповічы-Клічаў, два кіламетры на паўднёвы захад ад вёскі Чыжахі на Бярэзіне. Паколькі на дне возера хоць у цэнтры Еўропы, хоць на ўскрайку адна вада, я паехаў у Чыжахі. Рака там, як у Еўропе, а ўсё астатняе…
Там дзед сядзеў на беразе ў тых Чыжахах, рыбу вудзіў, я пытаюся: “Дзед, ты ведаеш, дзе сядзіш?..” — і ён мне: “Дзе хачу, там і сяджу, а ты пайшоў на…”
Я пайшоў не адразу. Стаў распытваць чалавека з самага цэнтру Еўропы, што ён пра Еўропу думае? І зноў чую: “А пайшла яна на!..” Я тады пра Расею, але і Расея пайшла на….
— А Беларусь?
— Якая Беларусь?..
— Як якая?.. Твая… мая…
— Ня ведаю, якая твая… Мая во… — ён кіўнуў у бок вёскі. — Астатняя на!..
— На?..
— А куды яшчэ?.. — Чалавек у цэнтры Еўропы плюнуў на чарвяка. — Туды ўсе — адтуль нікога.
Я падумаў: прападаюць не ў Бермудскім трухкутніку. Прападаюць тут, у трохкутніку беларускім. У самым цэнтры Еўропы…
Вера пыталася: “Вам чым ганарыцца перад сьветам ня сорамна?.. Тым, што больш за ўсіх бульбы ясьцё? Тым, што ваш сімвал — балотная птушка бацян?..
Ведаеш, чаму ў нас зубры некалі зьніклі і мы іх потым з чужых земляў завозілі? Не паляўнічыя іх зьнішчылі, не… Бацяны вашыя іх заклявалі!”
Бацька ў Веры рускі быў, маці — беларуска. Таму ў яе калі зубры — дык нашыя, а як бацяны — дык вашыя.
Хведар Міхайлавіч Дастаеўскі, не пісьменьнік, а той выкладчык гісторыі, які зацягнуў мяне на Дзяды да Усходніх могілак, Веры пабойваўся. Асабліва пасьля таго, як уварвалася яна ў інстытут на лекцыю: “Аж зьнемагаю, так цалавацца хачу!..” І пакуль Хведар Міхайлавіч бездапаможна абураўся: “Вы што сабе дазваляеце?..”, — Вера прабегла між сталамі і зубамі ўпілася мне ў губы, да крыві пракусіла… На гістфаку пасьля гэта так і называлася: пацалунак Веры.
Хутчэй, здавалася б, на такое Наста здольная, схільная да эфектаў, але ўварвалася на лекцыю, каб пацалавацца, Вера.
Наста пасьля трэцяга курсу перакінулася з гісторыі на журналістыку. Хведар Міхайлавіч ёй параіў гэта зрабіць, калі яна надрукавалася ў студэнцкай газеце. “Гэты занятак, — сказаў, — вам больш па фігуры”. І дапамог перавесьціся… А вось што прапанаваць Веры, каб па фігуры было, ён ня ведаў.
— Нейкая не тутэйшая яна, — касіўся ў бок Веры Хведар Міхайлавіч. — І ты ня слухай яе!.. Мы зямлю гэтую і ў рускіх, і ў палякаў, і ў шведаў адбівалі…” — а Вера пыталася: “Чаму ж тады толькі балота адбілі?.. Каб цяпер на балоце таптацца?..”
Гэта яна пра плошчу Бангалор у Менску, дзе раней балота было, і дзе ў звычайныя дні сабакі выгульваліся, а ў дні змаганьняў — мы.
“Мы за што тут змагаемся?!.” — рытарычна ўсклікнуў неяк, выступаючы на той менскай плошчы з індыйскай назвай, Хведар Міхайлавіч, і Вера крыкнула ў адказ, пакуль ён паўзу трымаў: ”За вызваленьне Індыі ад Брытанскай імперыі!” Выкладчык гісторыі забыўся, што далей хацеў сказаць, разгубіўся: “Дык яна ж вольная…”
— А вы як распазналі, — дапытвае шведскі сьледчы, — што чалавек, у якога вы стрэлілі, ня швед, не паляк ці рускі, а беларус?
Ён намагаецца не толькі дакараскацца да прычыны забойства, але разабрацца яшчэ і ў тым, што ж такое беларус, бо для яго ўсе мы, хто з былога СССР, а значыць, з Расіі, — рускія.
Тлумачыць яму нешта пра тое, як беларусы ходзяць, азіраюцца? Ці як стаяць, быццам бацяны на балоце?.. Ці як зуброў сваіх заклёўваюць?..
— Па пакеце.
— Але ж гэткі пакет мог і ў рускага быць. Хіба не?
— Мог.
— І што тады? Забілі б рускага?
— Забіў бы рускага.
— А шведа?
— Што шведа?
— Шведа забілі б?
— Забіў бы. Чым вы, шведы, лепшыя за рускіх? Прыпёрліся да нас у Ваўкавыск…
— Куды?..
Што яму тлумачыць?.. Чалавеку, які толькі сёньня дазнаўся, што ёсьць такая нацыя — беларусы. І што як толькі адзін з гэтых беларусаў, пра якіх дасюль ён нічога ня ведаў, сутракаецца з другім беларусам, так адразу кідаюцца яны адзін аднаго забіваць, — такая цікавая ў іх нацыянальная завядзёнка. Незразумела толькі, як пры завядзёнцы такой жывых беларусаў амаль столькі ж, колькі шведаў?.. Таму сьледчы пытае:
— Беларусаў, вы кажаце, дзесяць мільёнаў?
— Амаль.
— І амаль у кожнай вайне нацыя зьнішчалася ад траціны да паловы?
— Прыблізна.
— І дзьве вайны былі ў мінулым стагоддзі з пярэрваю ўсяго ў дваццаць гадоў, так?
—Так.
— І яшчэ, падобныя на войны, пасьля войнаў рэпрэсіі былі?
— Былі…
Шведскі сьледчы шукае прычыну, па якой беларус мог забіць беларуса, і глядзіць на мяне няўцямна:
—Дык як жа тады вы, хто жывы, адзін аднаго любіць павінны!.. А вы — забіваць. Зуброў сваіх заклёўваць.
Я ўжо распавёў яму пра зуброў з бацянамі… Наогул жа я хацеў распавесьці яму толькі пра Веру, пра тое, што адна яна — прычына ўсяго, але наўрад ці ён гэта зразумее.
У іх як?.. Падыходзіш ці ў кавярні, ці дзе заўгодна да любой шведкі і кажаш, я наўмысна завучыў: “Jag vill ha sex med dig”.*** Вера ў адказ на такое, калі б у яе пісталет быў, адразу б стрэліла табе ў лоб над пераносьсем, а для шведкі яно нармальна. Разглядвае цябе, ацэньвае… Калі згаджаецца, дык цягні ў бліжэйшы ложак, нават як зваць яе, не пытаючыся. Калі ж не, дык адразу адскоквай і болей не падыходзь. А падыйдзеш — гэта ўжо сексуальныя дамаганьні, гвалт, паліцыя, суд…
Немаведама хто выдумаў, што шведскі секс — гэта калі ўтраіх. Ці ўчатырох, сям’я з сям’ёй. І ўсе адзін да аднаго без ніякіх прэтэнзіяў. Нават дзяцей не разьбіраюць, дзе чые… Маўляў, нарадзіліся — і дзякуй Богу.
Наўрад ці гэта выдумалі шведы, для якіх сям’я — гэта ўсё, цяперашнія і былыя, жонкі, усе дзеці ад іх, і ніяк нельга на Каляды ці Вялікдзень пра некага забыцца, пакінуць кагосьці, дарослага ці малога, без падарунка.
Мы самі й выдумалі шведскі секс. Як шведскі стол, які ніякі ня шведскі.
Неяк мы з Верай расклейвалі адозвы супраць рэферэндуму па зьмене Канстытуцыі, Вера, сьпяшаючыся, наклеіла адну тэкстам да сьцяны і, каб адозва не прапала, у Веры каліва не прападала, фламастарам пісаць на ёй тэкст пачала: “Беларусы! Нас мала! Галасуйце…” — але не пасьпела дапісаць “за Беларусь!”, бо машына міліцэйская паказалася, гэта ўночы было, мы кінуліся наўцёкі, а назаўтра чытаем працяг на той адозьве, нехта дапісаў: “Беларусы! Нас мала! Галасуйце за шведскі секс!” Усе астатнія адозвы пазьдзіраныя, а гэтая вісіць.
Потым Вера так і расклейвала адозвы — тэкстам да сьцяны. Хай, казала, пішуць, што хочуць.
Расказваць швецкаму сьледчаму, як зьдзіраліся разам з адозвамі нашыя мары пра Беларусь? Распавядаць яму, як раставала і раставала, саступаючы месца расчараваньню і роспачы, наша надзея? Як глыбелі і цямнелі яміны адчаю? Як абяскрыльвалі, стамляючыся ў бясконцым чаканьні хоць нейкіх, хай маленькіх перамог, нашыя душы? Як Вера даводзіла ўсім, што нельга перамагчы, выбіраючы паміж эвалюцыяй і рэвалюцыяй, што перамога магчымая толькі ў выбары паміж свабодай і сьмерцю, — і як ніхто не хацеў паміраць?..
Я таксама паміраць не хацеў.
Я расказваю пра ўсё гэта ўжо ня сьледчаму, распавядаю адвакату, якога наняў мне Ражон, і адвакат — гэтаксама, як і сьледчы, не разумеючы, пра што я кажу, — супакойвае мяне: “Ня бойцеся, у Швецыі сьмерцю не караюць”.
Прычым тут Швецыя?..
— Я там паміраць не хацеў.
— Натуральна, што не хацелі. А хто хоча? Хоць там, хоць тут… Генетычная праграма самазахаваньня закладзеная ў мазгі найпершай. Ва ўсе мазгі: чалавечыя, зьвярыныя… Вас, дарэчы, у іншую камеру перавядуць, каб вы адчувалі сябе па-чалавечы.
— У мяне і зараз ня кепская...
— Новая будзе лепшая. Ня “Хілтан”, але і не турма.
Ражон наняў мне адваката і пастараўся, каб перавялі мяне ў лепшую камеру, бо, аказалася, я прыстрэліў якраз таго, каго ён хацеў, каб я прыстрэліў: кілера, прысланага рускай мафіяй расправіцца з Ражном. Я сказаў адвакату, што такога ня можа быць, бо я хацеў забіць і забіў беларуса, на што адвакат спытаў:
— А беларус хіба ня можа быць кілерам?.. Вы падумайце…
Падумаўшы, я зразумеў, пра што ён пытаецца, і адказаў, што можа.
— Як і кім заўгодна яшчэ, — задаволіў мой адказ адваката. — Скажам, целаахоўнікам, які выканаў свой абавязак… А калі не, дык чалавекам, у якім прыродная агрэсія вылілася ў нянавісьць да сябе падобных. У хваробу, у шызафрэнію… Пад узьдзеяньнем стрэсаў, перажытых вамі як там, так і тут. Мы яшчэ шведскія іміграцыйныя службы зробім вінаватымі — вы ня супраць?
У адрозьненьне ад сьледчага, які ўсім сваім выглядам нібыта ўвасабляў справядлівасьць і непарушнасьць закону, адвакат на жуліка выглядаў, дый, мусіць, быў ім, калі знаўся з Ражном, але мне якая розьніца? Калі ён прапаноўваў мне якраз тое, чаго я хацеў: швецкую псіхушку.
— Я ня супраць. Але сьледчы ня лічыць мяне ненармальным.
— Гэта не яму вызначаць. Дастаткова будзе, калі ён прызнае, што ў вашых дзеяньнях цалкам адсутнічае матывацыя. І ён прызнае гэта, бо зыходзіць з чалавечай логікі, звычайнай маралі.
У голасе адваката пракідвалася калі не пагарда, дык паблажлівасьць да сьледчага, да ягонай чалавечай логікі і звычайнай маралі, але зусім не праз тое яна пракідвалася, што адвакат быў старэйшы за сьледчага, праз нешта іншае, таму я спытаў, хоць ня трэба было, бо мне якая розьніца:
— А вы зыходзіце з якой логікі і маралі?
Зірнуўшы на гадзіньнік, адвакат пачаў складваць паперы ў тэчку.
— З жывёльнай… Якая і ёсьць чалавечая, калі лішняга не выдумляць.
Я не зразумеў:
— Як гэта?
— А так… Неяк у мяне кліент быў, які ката забіў. Кот жыць яму не даваў. І я давёў на судзе, што, калі хтосьці, хто заўгодна жыць табе не дае, з ім трэба распраўляцца. А як інакш?.. Між іншым, — адвакат, зьбіраючы паперы, затрымаўся на адной, — ведаеце, чаму вам у палітычным прытулку адмовілі?
Я ня ведаў.
— Ня ведаю. Пра прычыны ў такіх выпадках ня кажуць.
— Ня кажуць, але ж яны ёсьць. І адна з іх — ананімка, у якой пішуць, што вы забілі ката.
Рука, якой пацягнуўся я да паперы, сама, нібы дакрануўшыся да аголенага проваду пад токам, торгнулася назад і здранцьвела.
— Якога ката?
— Тут не напісана, якога? Можа, такога, якога варта было забіць. Але ў іміграцыйнай службе Швецыі поўна феменістак, якія да таго ж пагалоўна ў таварыстве аховы жывёлінаў, таму ад іх цяжка чакаць прыязных адносінаў да мужыка, які забівае катоў.
Пра тое, што некалі, калі быў падлеткам, я забіў ката, расказаў я аднойчы ў парыве адкрытасьці адной жанчыне. У Ваўкавыску на Шведавай гары… Была ліпеньская ноч, мы любіліся, і жанчына, соладка адстагнаўшы ў нябёсы і сьцішыўшыся, раптам сказала, што, пакуль мы любіліся, дзьве зоркі сачылі за намі, як вочы ката. І я ўспомніў, як тыя вочы пырснулі, выляцелі з кацінай галавы пасьля некалькіх удараў аб бетонны слуп, і пачаў расказваць, расказваць… як сам я ня ведаў, не ўсьведамляў, што са мной, што я такое раблю… як наплывала, накрывала, засьціла розум нянавісьць… расказваў, расказваў і, як і тады, не разумеў: што са мной?.. нашто расказваю, для чаго?.. — дык вось жа, аказалася, для таго, каб нехта напісаў у шведскую іміграцыйную службу, у якой поўна феменістак, якія пагалоўна ў таварыстве аховы жывёлін, што я катазабойца, кат і забойца… але ж хіба магла?.. ды як яна магла?.. не, не магла тая жанчына такое напісаць.
— Хіба ў Швецыі давяраюць ананімкам?
— А дзе не давяраюць? Паўсюль любяць плёткі, ня любячы плеткароў. Хоць нідзе, дзе ёсьць закон, ананімка, канешне, не дакумент. Была б дакументам, можна было б лічыць, што мы ўжо выйгралі суд. Бо мелі б доказ, што вы даўно псіхічна хворы. То катоў забіваеце, то людзей… І ўсё бяз дай прычыны, без матывацыi, што прызнае нават сьледчы. — Адвакат склаў паперы, двума пальцамі ўзяў тэчку за ражок, паківаў ёю, як маятнікам. — А вось я, паміж намі, не прызнаў бы, што без матывацыі… І, калі вам цікава, магу сказаць, чаму.
Голас ягоны ў апошніх словах зьмяніўся… Нібы адгаварыўшы ўсё, за што яму заплацілі, самае істотнае пад самы канец ён вырашыў сказаць за так.
— Чаму?
— Бо матывацыя ёсьць. Там, дома, вы ненавідзіце тых, хто над вамі. Але зусім не таму, што яны, як спрабуеце вы давесьці сьледчаму, душаць свабоду і дэмакратыю, а таму, што ў іх улада, грошы — усё тое, чаго б хацелі вы. І вы ня здольны нічога зьмяніць, нічога зрабіць, бо тыя, хто над вамі, моцныя, а вы слабы. Таму вы зьбеглі ад іх, і ўсю сваю злосьць і нянавісьць скінулі на таго, хто з іхняга ж статку, але ўсё ж слабейшы, не важак з ікламі, на якога ў вас і рука не паднялася б, здранцвела б, як зараз… Вось пад што падвярнуўся ваш зямляк з пакетам, як некалі кот. І называецца гэта, калі хочаце ведаць, пераразьмеркаваньнем агрэсіі.
Адвакат вырашыў, што разабраўся ўва мне, і я не зьбіраўся яму пярэчыць. Калі чалавек робіць тое, за што яму плоцяць, дык бяз розьніцы, што ён пры гэтым думае. Ён глядзеў на мяне так, нібы нутро маё выкруціў навыварат, мне самому адкрыўшы там нешта патаемнае, а мяне зьдзіўляла адно: як ён здагадаўся, што ў мяне рука здрацьвела?..
Асатняе ўсё я ведаў.
Прыблізна тое самае казала мне на Шведавай гары ў Ваўкавыску тая жанчына, якой прызнаўся я ў парыве адкрытасьці, што забіў ката. Яна дапытвала й дапытвала: хто перад тым мяне зьняважыў, пакрыўдзіў, каму я хацеў — і ня мог адпомсьціць? Я выдумляў нейкія крыўды на суседзяў, настаўнікаў, хоць ніхто мяне не крыўдзіў. Проста мне хацелася, каб жанчына, якую я кахаў і якая лічыла сябе разумніцай, ня мела сумневу ў тым, што я кахаю яе і што яна разумніца.
Аднойчы, калі ў чарговы раз нас пасадзілі за ўдзел у чарговым мітынгу, яна спытала: “Ты ведаеш, дзеля чаго ўсё гэта? Не для свабоды і дэмакратыі, а для цябе — дзеля чаго? Што ты за ўсё гэта мець хочаш? Ну, калі адсядзім, адбегаем сваё пад дубінкамі? Грошы? Славу? Уладу?.. ” Я адказаў, што, мусіць, нічога, бо пра гэта нават ня думаю. Яна сказала: “Я таксама, але ж ня ўсе прыдуркі, нехта ж думае”.
Так яна пасеяла ўва мне сумненьні, так аслабіла мяне — і слабога пакінула. Калі я сказаў, што нарэшце прыдумаў, як нам жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі, што нам трэба зьязджаць адсюль, бо, калі ўсім можна, дык чаму нам нельга? — яна адказала: “Едзь, я нікуды з табой не паеду. Ты мне тут абрыд. Усе вы мне абрыдлі”.
— Хто — усе?..
Мы сядзелі ў Менску непадалёку ад купалаўскага тэатру ў кавярні пад парасонамі, на ходніку вуліцы, па якой Наста якраз праязджала, спынілася каля нас, хоць там знак вісеў, што спыняцца нельга, але гэта некаму нельга, а не ёй, яна апусьціла шкло і так блізка была, нібы мы ў адной кампаніі, толькі Наста ў машыне, а не за столікам, і яна ўсё чула, што казала Вера, якая сядзела бокам да яе і, утаропіўшыся ў кубак з кавай, Насту не заўважала…
— Усе, каму я некалі паверыла. Усе, праз каго згубіла найлепшыя свае гады, маладосьць, жаночае шчасьце — хто мне ўсё гэта верне? Недацалаваныя дні і недапешчаныя ночы, якія днямі адстаяла я ў пікетах, адхадзіла ў шэсьцях, начамі адбегала ў цёмных ветрах… Хто і чым мне заплаціць за гэта?.. “Трэба, Верачка, трэба!” “Ты малайчынка, дзяўчынка…” “Заўтра наша сьвята!” “Заўтра — перамога!” Заўтра, заўтра… Хто верне мне маё жыцьцё?.. Ты? Дык ты здольны толькі…
Каля кавярні пачаў стварацца затор, вуліца засігналіла, цяпер Вера заўважыла Насту, на імгненьне замерла, неяк сутаргава зглынула недагавораныя словы: “…катоў забіваць...” — і раптам змахнула кубак з кавай са століка ў вакно машыны. Наста пасьпела адхінуцца, яе толькі апырскала кавай, кубак ударыўся ў плячо кіроўцы, здаравеннага бамбізы з гэбісцкай мордай, які сабраўся выйсьці, каб разабрацца, але Наста, атрасаючыся, злосна крыкнула яму: “Едзь давай, разьбярэшся!..”
Машына рванула з месца.
Вера паднялася і пайшла, кінуўшы разгубленаму афіцыянту: “Ён за ўсё разьлічыцца!..”
Па ўсім выходзіла, што так…
Я глядзеў, як яна ішла, ня ведаючы, куды, па ходніку ў бок Купалаўскага тэатру — і не вярнуў, не паклікаў. Няхай ідзе — дакуль дойдзе?..
Яна дайшла да канца.
— Магчыма, у вас былі праблемы праз жанчыну? — дапытвае шведскі сьледчы, і я адказваю яму, што не, ніякіх праблем праз жанчыну з забітым у мяне не было. Сьледчы кажа, што шкада, бо, з улікам шведскіх законаў, гэта быў бы для мяне найлепшы варыянт.
— А найгоршы?
— Той, які вынікае з пашых паказаньняў. Забойства па прычынах палітычных. Па новым законе, прынятым шведскім парламентам, гэта тэрарызм. А значыць, пажыцьцёвае зьняволеньне.
— Я не забіваў яго па палітычных прычынах.
— А па якіх?..
— Я казаў вам, па якіх. Але тое, што ён беларус — не палітычныя прычына.
— Тады якая?..
— Ну, можаце лічыць, эталагічная.
Шведскі сьледчы задумваецца і кажа: “Такой прычыны ў шведскіх законах няма”.
Няма дык няма…
— У шведскіх законах і пажыцьцёвага зьняволеньня няма.
Сьледчы не згаджаецца:
— Пажыцьцёвае зьняволеньне ёсьць.
— Якое?
— 15 гадоў.
— І вы ня бачыце супярэчнасьці?
— У чым?
— У тым, што пажыцьцёвае — і 15 гадоў?..
Шведскі сьледчы ня бачыць супярэчнасьці ні ў адным шведскім законе. Бо для яго закон ёсьць закон.
А для майго адваката — не. Ва ўсякім выпадку, не ва ўсім і не заўсёды. Таму ён спадзяецца, што мы выкруцімся, хоць праз нейкі новы закон раптам зноўку ўзьнікла небясьпека дэпартацыі. Але гэтым разам, тлумачыць мне адвакат, не руціннай дэпартацыі, калі вывозяць за мяжу — і каціся ва ўсе чатыры бакі, а дэпартацыі з перадачай уладамі шведскімі ўладам беларускім з рук на рукі, як крымінальніка. Што азначае нават не дэпартацыю, а экстрадыцыю.
Выходзіла: адкуль я выехаў — туды прыехаў. А сьледчы страшыў, што найгоршае, што мяне чакае — пажыцьцёвае зьняволеньне на 15 гадоў.
— Гэта не закон, а рашэньне ўраду, — нярвова доводзіць мне адвакат, я ўпершыню бачу яго нярвовым. Мусібыць, калі мяне вышлюць, Ражон яму не заплоціць, бо за што плаціць?.. — І яно ня можа быць законам! Швецыя перанасычаная імігрантамі, цяпер іх пры любой магчымасьці будуць выпраўляць туды, скуль яны прыехалі. Найперш тых, каго на нечым за руку зловяць… Але ў рашэньні сказана пра дробныя злачынствы, пра дробныя!.. Дык няхай пакажуць мне закон, па якім забойства ў Швецыі — дробнае злачынства!
Не падобна, што адвакат сам верыць у тое, што рашэньне шведскага ўраду ў Швецыі не закон. Фармальна не, але… Улада ўсюды ўлада.
Адвакат разумее, што не давёў нічога ні мне, ні сабе, таму кажа, што ў любым выпадку дэпартуюць мяне ня заўтра, бо шведская бюракратычная машына — ня “Формула-1”, і мы пасьпеем прайсьці псіхіятрычную эксьпертызу, а ўжо прызнанага хворым хай мяне хоць хто паспрабуе дэпартаваць хоць па якіх рашэньнях ці законах. А ў тым, што мяне прызнаюць хворым, ён ня мае сумневу. І не таму, што ў эксьпертах ягоны сябар, з якім пра ўсё дамоўлена, а таму, што любы чалавек, які жыў там, дзе жыў я, і лічыў сваё жыцьцё нармальным — хворы і ёсьць. Пасьля апошняга нашага спатканьня, як сьлед падумаўшы, адвакат прыйшоў да такой высновы.
Разьвітваючыся, ён спытаў ціха, шэптам: “А вы там, дома, нікога, апроч ката, не забілі?.. Ды што вы так наструніліся, я жартую…”
Ён не жартаваў.
Вярнуўшыся ў камеру, я ўключыў тэлевізар. У выпуску навінаў выступаў нейкі нацыяналіст. Худы, востратвары. Шведскія нацыяналісты пераважна худыя і называюць сябе шведскімі дэмакратамі. І вось гэты шведскі дэмакрат, а насамрэч шведскі нацыяналіст, казаў якраз пра мяне, беларускага нацыяналіста. Не персанальна пра мяне, а ўвогуле пра такіх, як я… “Яны прыязджаюць да нас, крадуць, страляюць, а мы павінны судзіць іх па нашых законах, даглядаць і карміць у нашых турмах — за чые грошы? Я ня згодны, каб за мае. І ніводны швед ня згодны. Няхай іх судзяць і ў турмы садзяць дома…”
Востратвары нацыянал-дэмакрат глядзеў некуды міма камеры і прамаўляў так, нібы апраўдваўся. Не выглядаў ён перакананым, што кожны швед з ім згодны. Нехта ж можа крык усчаць: “А гуманітарныя прынцыпы! А правы чалавека!..” Тут ёсьць каму крычаць, тут кантораў па правах чалавека ня меней, чым па ахове жывёлінаў.
Неяк прысьнілася, быццам Вера прыехала і служыць ў такой канторы. Стаіць у пікеце на Sцdra Fцrstagatan з плакатам: “Здавайце забітых у пункт прыёмкі забітых”. І Ражон каля яе з бел-чырвона-белым сьцяжком круціцца, у мяне пытаецца: “Ты чаму забітага ў пункт прыёмкі ня здаў?..” Я Ражна адпіхваю, бо што мне Ражон хоць і з бел-чырвона-белым сьцяжком, мне Веры трэба растлумачыць, што Sцdra Fцrstagatan — не Бангалор, што ўвогуле ў Швецыі дэмакратыя, тут забітых здаюць, куды захочуць, а Вера адказвае, што так няправільна, бо, як хаваюць на адным месцы, гэтаксама ў адно месца трэба здаваць, вунь у нас жа здаюць у судмедэксьпертызу…
Калі Веру з перарэзанамі венамі знайшлі ў яе аднапакаёйцы і адвезьлі ў судмедэксьпертызу, там напісалі, што спачатку ў Веры спынілася сэрца, а пасьля ўжо яна набрала ванну і ўзрэзала вены. Таму так мала нацякло крыві…
Прычыну, па якой спынілася сэрца, судмедэксьпертыза не ўстанавіла. Не было прычыны. Доза алкаголю, які знайшлі ў крыві, прычынай быць не магла.
Здарылася гэта ў той дзень і прыблізна ў той жа час, калі я сеў на цягнік да Масквы, каб у Маскве сесьці ў самалёт да Стагкольма… Так што ў гэты час я мог не быць у Менску, а мог і быць — Вера жыла побач з вакзалам. Я мог з ёй выпіць, спыніць ёй сэрца, зацягнуць у ванну, перарэзаць вены і пасьпець на цягнік.
Калі не, чаму зьбег?..
Сьлядоў маіх у кватэры хапала.
Па горадзе пакацілася: забілі некага з апазіцыі! КДБ, сьпецслужбы забілі, бо ў каго яшчэ ёсьць нешта такое, што сэрца спыняе нібыта без прычын? У інтэрнэце замільгала: “Дыктатура не расправіцца з нашай ВЕРАЙ!” Дык што рабіць сьпецслужбам дыктатуры? Калі забойца сам у апазіцыі — і да таго ж зьбег за мяжу… Таму і наструніла мяне пытаньне адваката: “Вы дома нікога не забілі?..” Я падумаў, што прыйшлі дакументы на экстрадыцыю. А гэта не ананімка пра ката…
Няўжо ўсё ж Вера напісала?.. У апошні вечар жыцьця села і напісала ў шведскую іміграцыйную службу, каб мне не давалі палітычнага прытулку, бо я ката забіў?..
Тады ў якім жа яна адчаі была… І пры чым тут сьпецслужбы? Можа, і пры чым, але не пры гэтым.
Дні за два да ад’езду мне пазваніла Наста… Ніхто, апроч Веры, ня ведаў, а яна аднекуль ведала, што я зьязджаю. Толькі думала, што мы зьязджаем разам. Я і Вера. Сказала, што правільна робім, тут нічога не дачакаемся. Сказала, што дапамагала мне апошнім часам ня столькі праз мяне, колькі праз Веру.Чаму?.. Бо я ў параўнаньні з Верай — шчанюк, а яна, Наста, сука. Спытала, ці памірыліся мы? Яна б не хацела, каб праз яе нешта ў нас ня склалася…
Скуль яна ўзяла, што праз яе?
Калі я дазнаўся, што Веры ня стала, чамусьці адразу пра Насту падумаў, пра яе бамбізу-кіроўцу з гэбісцкай мордай. Успомніў яе крык: “Едзь давай, разьбярэшся!..” Але ж не забіваюць за тое, што апырскалі кавай? Ці ў нас могуць забіць?..
Шведскі сьледчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
— Вы першую палову жыцьця хадзілі на савецкія шэсьці: Першамай, Кастрычнік… Так?
— Так.
— А другую палову жыцьця — на шэсьці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?
— Так.
— Тады скажыце мне, толькі падумайце: гэта нармальна?
— А што тут ненармальнага?..
Шведскі сьледчы глядзіць на мяне бездапаможна: “Ну, не ведаю… Я толькі хачу вас папярэдзіць, што вы зноў можаце апынуцца там. Вас туды могуць выдаць, калі адвакат не даб’ецца псіхіятрычнай эксьпертызы”.
Нарэшце яны, адвакат і сьледчы, выйшаўшы з пункта А і з пункта Б, сыйшліся. Не важна, што адзін з іх спыніўся ў пункце “выслаць”, а другі — у пункце “выдаць”. Пункт адзін і той жа… Але і ў тым, што мяне не вышлюць і не выдадуць, бо прызнаюць псіхічна хворым, сьледчы, як і адвакат, не сумняваецца. Хоць ніхто з эксьпертаў не сябар ягоны і ён ні з кім і ні пра што не дамаўляўся…
Яму шкада мяне.
Чаму яны ўсе мяне шкадуюць?.. Сьледчыя, міністры, адвакаты, хай нават яны жулікі?.. Феміністкі з іміграцыйнай службы і феміністкі з таварыства аховы жывёлін?.. Таму, што я жыў там, дзе я жыў, і лічыў сваё жыцьцё нармальным?
Дык яно і было нармальным. Яшчэ трэба разабрацца, дзе яно ненармальнае. Там, дзе турма — турма, з карцэрам і парашай, ці там, дзе турма — нумар у гатэлі. З тэлевізарам, халадзільнікам і падагрэтай падлогай. Ды яшчэ з прабачэньнямі, што тэлефона няма і кампутар да інтэрнету не падключаны, бо, пакуль вядзецца сьледства, сувязь забароненая. А пасьля, калі асудзяць, калі ласка. Хочаш — сядзі ў інтэрнэце, хочаш — з інструктарам на лыжах катайся. Хай сабе нават ты двойчы забойца.
Дома ў камеру на дзесяць чалавек нас па трыццаць набівалі. Не прадыхнуць… Па тры разы на дзень прытомнасьць страчваеш. І не ўсьведамляеш, прытомны ты ці не, калі чуеш: “Там, дзе канчаюцца замкі, там канчаецца Еўропа. Пад Смаленскам… І калі мы ўзновім, адбудуем нашыя замкі, мы дойдзем да Еўропы, вернемся ў яе”.
Вера казала: “Мы тады некуды вернемся, калі дойдзем да такіх, як у Еўропе, турмаў. Але дай нам такія турмы — нікога на волі не застанецца. Для нас такія турмы — замкі.
Мы рабы, нас цягне ў рабства. Там камфортна, зацішна. А свабода — вецер. Ген свабоды нам не прывіць, у рабоў ён не прыжываецца. Таму мы і шчасьлівыя ў рабстве”.
Шведскі сьледчы кажа: “Дарма вы пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаеце. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэньня чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і”.
Сям’і ня выйшла…
Вера лічыла мяне сваім, але не найлепшым. І народ лічыла сваім, але не найлепшым. І апазіцыю… Недалэнгамі яна лічыла і мяне, і апазіцыю, і народ.
Так ня можа быць. Ці можа? Каб усе — недалэнгі…
— У мяне жонка журналістка, даволі вядомая, — кажа сьледчы. — Яна ў вас ня раз бывала. Дык у першым рэпартажы напісала, што вы лепшыя за нас.
Выходзіць, сьледчы прыкідваўся, быццам ні пра Беларусь, ні пра беларусаў нічога ня ведае…
— А ў другім?
— Што ў другім?..
— А ў другім рэпартажы пра што яна напісала?
— Пра вашую мужнасьць. Пра тое, як мужна вы перанесьлі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І як зараз гэтак жа мужна, сьцяўшы рот, перажываеце дыктатуру.
— Мы мужна перажываем дыктатуру?
— Я ў вас ня быў. Яна так напісала.
Што ж, мужна дык мужна…
Дыктатуру дык дыктатуру…
— А ў трэцім рэпартажы?..
— О!.. — Сьледчы, што дзіўнавата для шведа, у захапленьні ад жонкі. Я таксама рады, што яна ў яго ёсьць, бо гэта праз яе, мусібыць, ён такі гаваркі. А я ўсё гадаў, чаму ён неабавязковыя для сьледства размовы со мной водзіць?..
Ва ўсім ёсьць прычына.
Сэрца без прычыны не спыняецца.
— Гэта не рэпартаж быў, фантастыка! Ёй прэмію за яго далі… Жонка мая… яе, дарэчы, Верай завуць…
— Як?..
Перад тым, як назваць імя жонкі, сьледчы, мне здалося, надта ўжо ўважліва зазірнуў мне ў вочы, нібы чакаючы, як я адрэагую…
— Так, Вера, — кіўнуў сьледчы і ня стаў тлумачыць, чаму ягоную шведскую жонку, як і маю беларускую, завуць Верай. — Яна перакананая, што небясьпека для чалавецтва — ня сьпід і не тэрарызм, а грамадства спажываньня, якім і ёсьць сёньня ўвесь Захад. Яна лічыць, што грамадству спажываньня цалкам адпавядае філасофія хрысьціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.
Я ня ўцяміў:
— Якую веру?
— Хрысьціянскую, на якой грамадства спажываньня і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысьціянства, пасьля пачаўся заняпад, што адчулі на Усходзе, дзе стварылі новую сусьветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёньня, каб ісьці наперад, трэба бегчы назад. А вам ня трэба назад, вы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у вас ёсьць храмы, але вы ў сутнасьці сваёй ніякія не хрысьціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спажываньня ў вас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала вас, як на стадыёне, на круг, але з трыбунаў здаецца, што вы не апошнія, а наперадзе, і Вера даводзіць, што так не здаецца, а так яно і ёсьць. Што, стаўшы аўтсайдэрамі, вы сталі лідэрамі. І ня трэба лезьці да вас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажываньня дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Бо гэта — як вешаць на вашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Рэпартаж так і называўся: “Цукеркі і фанцікі”. І з яго вынікала, што ня вам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да вас, да той чалавечай сутнасьці, да тых нязьменнасьцяў, якія вы захавалі. Калі, канешне, Еўропа ня хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.
Во як…
Жылі і ня ведалі пра сваё шчасьце.
За такое і ў нас бы ёй прэмію далі.
— А дзе жыве вашая жонка?..
“Выпадкова ня ў Менску?..” — хацеў я спытаць, ды сьледчы неяк дзіўна раэгуе на маё пытаньне: глядзіць так, нібы сам ня ведае, дзе яна жыве.
— Тут… у Мальма… — цягне ён, і ўва мне ўзьнікае падазрэньне, што з жонкай у яго, як і ў мяне, праблемы. — У яе свая кватэра, там кот у яе жыве. Асобна, бо я не люблю катоў.
Гэта правільна. Калі б у мяне была свая жонка, а ў жонкі яшчэ і свая кватэра, дык у ёй жыў бы кот. Асобна, бо я не люблю катоў.
— Вы жонку маю зацікавілі, яна хоча напісаць пра вас, — тлумачыць, нарэшце, сьледчы, да чаго ўся папярэдняя размова. — Прасіла спытаць, ці вы згодны?
Чаму не?.. Толькі адвакат папярэдзіў, каб я без яго — нікому ні слова, таму мне трэба параіцца з адвакатам.
— Ануча пад абцасам, — кажа пра майго сьледчага мой адвакат. — Гэта праблема Швецыі. Жонка ягоная, з якой ён, між намі… — адвакат робіць паўзу і нешта не дагаворвае… — дык яна заўсёды дзіўнаватая была, а ў апошні час зусім стала лявачка, што таксама праблема. Да таго ж яна ненармальная, а яе на каралеўскія прыёмы запрашаюць. Нядаўна на вясельлі дацкага прынца красавалася. Напісала, што са шлейфа нявесты можна было б сотню сукенак для голых афрыканак пашыць. І ўсё, больш ні слова. Прынцэса прачытала, скандал… Так што няхай і пра вас напіша, скандал не зашкодзіць.
Можа, і не зашкодзіць…
Мне ўжо нічога зашкодзіць ня можа…
Сьледчы сказаў, каб я ўключыў тэлевізар пасьля вечаровых навінаў, калі хачу ўбачыць ягоную жонку, якую зноў запрасілі на каралеўскае вясельле, скуль яна будзе весьці рэпартаж.
Я ўключыў…
Гішпанскі кронпрынц Філіп жаніўся з Летыцыяй Орціс. Нявеста, гішпанская тэлежурналістка, а цяпер прынцэса Астурыйская, магла б і сама рэпартаж правесьці. Тады б не пачула тое, што пачула. Што вясельле — на ўсю Еўропу, і што з вясельнага стала можна было б накарміць усіх бежанцаў, колькі іх у Еўропе ёсьць… “Але есьці з гэтага стала, які ломіцца ад ежы і пітва ў крышталі і золаце, будуць ня бежанцы, не галодныя дзеці, а згаладалыя і сасьмяглыя Іх Вялікасьці Кароль Гішпаніі Іаан Карл І і Каралева Сафія, Іх Каралеўскія Вялікасьці Аўгусьцейшыя Жаніх і Нявеста, Інфанта Алена Гішпанская і Герцаг дэ Луга, Яе Імператарская Вялікасьць Галава Расейскага Імператарскага Дому Гасударыня Вялікая Княгіня Марыя Уладзіміраўна, Іх Вялікасьць Каралева Галандыі Беатрыса І, Каралева Даніі Маргарыта ІІ, Кароль Грэцыі Канстанцін ІІ і Каралева Анна-Марыя, Кароль Бельгіі Альберт ІІ і і Каралева Паола, Кароль Швецыі Карл ХVІ Густаў і Каралева Сільвія, Кароль Нарвегіі Харальд V і Каралева Соня, Іх Каралеўскія Вялікасьці Вялікі Герцаг Люксембургскі Генрых і Вялікая Герцагіня Марыя-Тэрэза, Герцаг Браганцкі Дуартэ…”
У кадры ўсё зьзяла, камера плыла па белазубых усьмешках, па каронах, па бліскучых эпалетах, дыядэмах, каралях, па золатам вышытых паясах і стужках, было насамрэч каралеўскае, урачыстае і велічнае, вясельле, а голас за кадрам ператварыў яго ў немаведама што… У вадэвіль, у фарс, у анекдот…
Я ўявіў, як шведам, якія хоць і пытаюцца адзін у аднаго, ці варта ім карміць караля з каралевай, але ўсе ж любяць іх, такое чуць…
Голас за кадрам быў ня проста знаёмы. Родны. Здавалася, ён гучыць дома. Даносіцца са Шведавай гары.
Жанчыну з гэтым голасам я ня проста ведаў. Палову жыцьця я ёю трызьніў — палову жыцьця яе кахаў…
На імгненьне яна зьявілася ў кадры:”… і яшчэ 1600 дармаедаў з усёй Еўропы, якіх ахоўваюць 20000 паліцэйскіх…”
Вера?
Вера!
Вера...
Ня надта подобная на беларуску, не тутэйшая, праз што пабойваўся яе і касіўся ў яе бок выкладчык гісторыі Хведар Міхайлавіч Дастаеўскі, які прывёў мяне з Настай на Дзяды каля Усходніх могілак, дзе мяне, прытручанага “чаромхай”, міліцыянты, дубасячы, пацягнулі ў варанок… і Наста ўбок адварочвалася, каб яе не пратурылі з інстытуту, ды потым яшчэ бажылася, што ніхто ня труціў нікога і не дубасіў, вось жа яна там была і ўся цэлая… а Вера, зусім жа незнаёмая, аднекуль з гушчару людскога як кінулася:”Вы што?!. Вы куды яго?!.” — і адбіла мяне ў міліцыянтаў, каб пасьля згубіць са мной найлепшыя свае гады, маладосьць, жаночае шчасьце, недацалаваныя дні і недапешчаныя ночы, адстоеныя ў пікетах і адбеганыя ў цёмных ветрах, на якіх абяскрыльвала, стамляючыся ў бясконцым чаканьні, яе душа, растайвала і растайвала, саступаючы месца расчараваньню і роспачы, яе надзея, глыбела і чарнела яміна адчаю, куды ўрэшце, праз мяне і ўсіх гэткіх самых недалэнгаў, як я, скочыла яна, спыніўшы сэрца і ўзрэзаўшы вены… — і ўсё гэта дараваць?.. не адпомсьціць, не пакараць, не забіць за гэта нікога?!.
“Хто мне верне маё жыцьцё?!.”
Яна была ня так, як звычайна, апранутая, размаўляла па-шведску, але гэта была яна — і гэтага не магло быць.
Я кінуўся да дзьвярэй камеры: ахоўніка!.. адваката!.. сьледчага!.. доктара!.. Ражна!.. каго-небудзь…
Мусібыць, я так не хацеў забойцам вяртацца ў Беларусь, гэтак хацеў вар’ятам застацца ў Швецыі, што насамрэч звар’яцеў.

Дзьве Веры
Ня ведаю, як яно так атрымлівалася, ніхто мяне гэтаму не вучыў і сама я не вучылася, але з дзяцінства я ўмела жыць і ў сабе, і ў іншых; пасяляцца ў некім, пачуваючыся і сабой, і тым, у кім пасялілася. Рыбаю ў рыбе і вадою ў вадзе. Жывой у жывым і мёртвай у мёртвым. Хоць нічога мёртвага няма, мы проста называем гэтак тое, што, як нам здаецца, нежывое.
Першым, у кім я пасялілася, было жарабя. Вогненна-рудое з белай зоркай на лобе…
Стаяў сухі, сьпякотны ліпень. Гарэла жытняе поле. Пажар слаўся на ветры. Вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, нёс да мяжы і кідаў сабе самому за сьпіну, пераварочваў, з шумам і трэскам уздымаў да неба, скуль агонь падаў і паўставаў сьцяной, у якой жарабятка не знаходзіла выйсьця, паратунку, хоць ён быў: цераз поле да ракі, дзе можна было ўратавацца, пралегла даволі глыбокая канавіна, у якую трактарамі, калі поле аралі, сьцягвалі камяні. Вогненнае жарабятка кідалася ва ўсе бакі — і руды агонь з усіх бакоў кідаўся на жарабятка, якое ўжо задыхалася ад дыму і сьпёкі. Мне не было і шасьці гадоў, я ня ведала, як жарабятку дапамагчы, але я гэтак зратаваць яго хацела, што ўявіла, як сама пераскочыла б зараз праз тую пасму агню, што пераразае шлях да канавіны… і з апошніх сіл, задыхаючыся ад дыму і сьпёкі, тую пасму агню я пераскочыла, прабегла, зьбіваючы капыткі на камянях, па канавіне, кінулася ў ваду, стала прагна піць, піць, піць… і толькі тут адчула, што я ня толькі я, але яшчэ і нешта іншае… тое жарабя, якое ледзь ня згінула ў полымі.
Нешта са мной, дзяўчынкай Верай, на той час, пакуль я была ў жарабяці, мусібыць, сталася, бо знайшлася я ў сабе толькі тады, калі маці, з якой мы жылі на лецішчы, затрэсла мяне, як ляльку: “Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..”
Такое было ўпершыню, таму маці спалохалася. Пасьля прывыкла. А бацька кожны раз сур’ёзна распытваў, што я бачыла на тым сьвеце? Які ён наогул — той сьвет?.. У тым, што ён ёсьць, бацька не сумняваўся. Сумняваўся ён у тым, што менавіта той сьвет — той, а гэты — гэты. “Дачушка, — ён пытаўся, — а не наадварот?.. Неяк падобна, што наадварот.”
Іншым разам і мне так здавалася.
Праз год пасьля пажару бегла я, як тое жарабя, што зратавалася ад полымя, па той самай канавіне да рэчкі. Жыта на пажарышчы вырасла густое, высокае, стаяла да неба — нібы і за сябе, і за тое, якое згарэла. Бліжэй да сярэдзіны поля канавіна паглыблялася, там вялізны валун ляжаў — і за тым валуном падпільноўваў мяне лясьнік з мянушкай Цмок. Ня ведаю, чаму ён такую мянушку меў, не выглядаў ён на цмока. Зусім ня страшны быў, усьміхаўся… Некалькі разоў я бачыла яго каля рэчкі, нават віталася з ім, зараз таксама сказала: “Дзень добры!” — а ён ня даў мне міма прабегчы, скочыў за мной, схапіў, паваліў, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэтак балюча і страшна, што ад болю і страху я пачала канаць і, каб не сканаць, перасялілася з сябе жывой у сябе мёртвую, бо толькі мёртвай можна было гэты страх, боль гэты вытрываць.
Так я ўпершыню памерла.
Цмок адчуў, што я не жывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў: “Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… ня трэба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…” — і калі ўсё сваё скончыў, сьцягнуў мяне ў яміну і кульнуў зьверху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Цмок паспрабаваў яго зрушыць, але ня змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна. Тады я вярнулася з сябе мёртвай у сябе жывую і выбралася з-пад валуна. Праз невялічкую шчыліну паміж зямлёй і навіслым каменем выбрацца магла толькі зусім маленькая дзяўчынка.
Хіба такое магло быць на гэтым сьвеце?..
Але ж на нейкім сьвеце яно было.
На тым?..
Цмок жыў за рэчкай, цераз мост ад нашага лецішча, на сядзібе лясьніцтва. Начаваў ён летам на сене ў пуні. Гэта ягонае, а не чыёсьці жарабя, зратавала я год таму ад пажару.
Прыйшоўшы ў лясьніцтва ўночы, я падкралася да пуні, замкнула і падпёрла віламі, утыркнууўшы іх у зямлю, дзьверы, на ламачча каля сьцяны ад лесу нацягала сена — і толькі чыркнула запалкай, як пачулася з пуні іржаньне. Я магла патушыць запалку, але я не патушыла яе.
Я надта ўзьненавідзела чалавека, каб пашкадаць каня.
Пуня гарэла, жарэбчык іржаў і біў капытамі ў дзьверы, я, сьціснуўшы зубы, бегла праз лес да рэчкі… Потым цераз мост, потым па канаве цераз поле — нібы насустрач сабе самой, той, якая год таму перасялілася ў жарабя, каб уратаваць яго ад полымя, і толькі што ў полымі яго спаліла.
А Цмок не згарэў. У тую ноч яго не было ў пуні. У лесе хаваўся, нечага баяўся.
У канавіне я заўважыла, што ён усё ж паглыбіў падкоп пад валуном, каб той лёг плазам. Каб усе костачкі мае раструшчыў, каб сьледу не засталося.
Я ўсё думала і думала пра жарабя. Пра тое, што зратавала яго ад агню, каб у агні спаліць. Супярэчаньне было такім вострым, што разразала мяне напалам. Гэта цяпер я ведаю: чалавек толькі тым і займаецца, што стварае, каб парушыць, і ратуе, каб зьнішчыць. А тады, ня ведаючы законаў гэтага сьвету, я ніяк не магла зразумець: як такое сталася?..
З усяго, што мясьцілася і не магло ўмясьціцца ў маёй сьвядомасьці, вынікала адно: калі б я ня выбралася з-пад валуна, жарабя засталося б жывым.
Цяпер мне цяжка ўспомніць, як я дадумалася да таго, што, калі я жывая, а жарабя праз мяне мёртвае, дык мне трэба пахаваць ягоныя абгарэлыя костачкі там, дзе маглі б ляжаць раструшчаныя мае. Гэтая думка не ратавала, але ўсё ж нейкім чынам прытупляла вастрыню супярэчаньня, якое мучыла мяне невыносна.
Вечаровымі прыцемкамі я прыбегла ў лясьніцтва і стала на пажарышчы, узіраючыся ў тое, што пакінуў па сабе агонь. Апаленая сячкарня, жалезныя колы, абады, крукі... І ў гэты час вярнуўся з лесу Цмок. Ён убачыў мяне пасярод чорнага вугольля ў парванай ім беленькай сукеначцы — і страшна-страшна закрычаў. Гэтак страшна, што я скаменела. Мне трэба было бегчы, а я не магла. Стаяла і стаяла, нерухомая, а ён крычаў і крычаў… Раптам захлынуўся крыкам, нібы крык той горла яму перарваў, рынуўся зноў у лес — і толькі тады я здолела зрушыцца з месца.
Назаўтра касірка з лясьніцтва, якая жыла на хутары паблізу нашага лецішча і насіла нам малако, сказала што Цмока забралі ў лякарню. Ніхто ня ведае, што з ім, але падобна на тое, што звар’яцеў.
Ні бацьку, ні маці я ні ў чым не прызналася. А яны нічога не заўважылі, апроч таго, што сукеначка на мне парваная. Хоць казалі, што любяць мяне.
Я не сказала ім ні пра Цмока, ні пра жарабя, бо думала: калі баліць табе, навошта, каб балела яшчэ некаму?.. Табе ад гэтага меней балець ня стане.
Дый што б мае бацькі зрабілі, калі б пра ўсё дазналіся?.. Забілі б Цмока?..
Мой бацька, як амаль кожны рускі, не любіў сябе, а праз тое не любіў нікога. Памёр ён лёгка, ад сэрца, хоць баяўся сьмерці. Ня так, можа, сьмерці, як таго сьвету, на якім нічога добрага чакаць яго, грэшніка, не магло. Маці ж старалася любіць усіх, ды ў яе нават са мной ня надта яно ўдавалася. Ні сьмерці яна, ні таго сьвету не баялася, бо лічыла, што прад Богам і людзьмі не грашыла, а ўсё ж сьмерць паслаў ёй Бог пакутлівую: памірала яна ад раку. Калі ёй стала невыносна балюча і ўжо не дапамагалі ніякія лекі, я перасялілася ў яе і ўзяла яе боль. Я курчылася ад яе болю, а ёй стала лёгка, і яна глядзела на мяне і ўсьміхалася. Так, усьміхаючыся, і памерла.
Як курчылася я ад болю, канаючы пад Цмокам, як балела мне, калі перасялілася ў маці, гэтаксама мне балела, калі я перасялілася ў сьцяг.
Гэта было ў дні рэферэндуму па зьмене Канстытуцыі, на якім беларусы сьцяг свой адпрэчылі. А зааадно — і свой герб, дый сваю мову. Адмовіліся ад усяго свайго — і бессаромна сталі жыць далей.
Пад валуном у яміне.
Некаторыя саромеліся… Маўляў, мы не адмаўляліся, нас падманулі. Дык што ж вы маўчалі, калі вас падманулі? Прамаўчыўшы, вы адмовіліся двойчы. Значыць, адмовіцеся і тройчы, як тройчы пракрычаў певень.
Пасьля рэферэндуму мяне разам са сьцягам разадралі на шматкі і раздалі на сувеніры.
Тады я ў другі раз памерла. Але ўваскрэсла, бо надта любіла жыць. Калі любіш жыць, навошта быць мёртвым?

Лунае, нескароны,
На векавых вятрах
Наш, ад крыві чырвоны,
Ад болю белы, сьцяг.

Я ўваскрэсла, а Сьвятаслаў ня змог. Ён не трываў таго, што крывянела і балела… Адварочваўся, каб не заўважаць.
Ён слабы, але зразумела я гэта не адразу.
Калі на Дзядах каля Усходніх могілак міліцыянты цягнулі яго, скручанага, у “варанок”, а ён балюча зыркаў з-пад вывернутага локця, спалоханы, бездапаможны, я магла гэтага не заўважыць. Ці зрабіць выгляд, што не заўважыла, як гэта зрабіла Наста. Але мне здалося, што ён паклікаў мяне. Я кінулася адбіваць яго — і адбіла свой лёс.
Наш лёс залежыць ад таго, хто нас пакліча.
Сьвятаслаў казаў: “Нас паклікала Айчына!” Балбатня… Пакліч: “Айчына!..” І яшчэ раз пакліч, і хоць сто разоў — хто адгукнецца?.. Ніхто.
Яго Айчына паклікала, а ён яе кінуў.
Калі каля Купалаўскага тэатру ў кавярні пад парасонамі ён сказаў, што нарэшце прыдумаў, як нам жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі, што нам трэба зьязджаць адсюль, бо, калі ўсім можна, дык чаму нам нельга? — я адказала, што нікуды з ім не паеду, бо ён гэткі ж пацук, як і ўсе астатнія, што пазьбягалі, а я не хачу ні ў доме з пацуком жыць, ні дзяцей мець ад пацука. Паднялася і пайшла ад яго, не ведаючы, куды, а ён глянуў мне ўсьлед — і не паклікаў.
Ён жорсткі.
У яго ў Ваўкавыску сабака быў — напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду…
Наста неяк расказала, як з тым сабакам і братам стрыечным ён на рыбалку яе ўзяў. Даўно, да мяне. Налавіўшы з вечару плотак, раніцай ён, калі Наста яшчэ спала, зноў рушыў з братам на раку, загадаўшы свайму напаўвоўку сьцерагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Наста надумала сьняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац — і далонь наскрозь. Не зарычэўшы перад тым, ня гаўкнуўшы, не папярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і наскрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той рыбай з рукою ў зьвярынай пашчы, пакуль браты вярнуліся. Сьвятаслаў не накінуўся на свайго зьвера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Ня Насту пагладзіў, а воўка. Сказаў: “Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў зьвер: — Еш, заслужыў”. Толькі тады воўк разьняў іклы і вызваліў руку. Пашчасьціла, што не зачапіў сухажыльлі…
Брат ня вытрываў, накінуўся на брата: “Ды як ты так можаш, ды ты!..” — і Сьвятаслаў крыкнуў напаўвоўку: “Фас!” Той зьбіў стрыечніка з ног, ледзьве не загрыз…
Ён жорсткі, бо слабы. Жорсткі ад слабасьці.
Я сказала яму пра гэта на Шведавай гары, калі ён прызнаўся, што ў маленстве забіў ката. Ні за што, без прычыны. Схапіў за лапы — і аб слуп галавой.
Звычайна ён не прызнаваўся нават у відавочным. Вызьверыўся, калі я папракнула яго, што ён скарыстоўвае каханьне Насты, мае праз яе нейкія адносіны з уладай… І раптам адкрыўся ў тым, пра што ніхто ня ведаў, у чым прызнаюцца ці людзям зусім выпадковым, ці найблізкім. Не, найблізкім якраз не, ім дастаецца найболей маны, а прызнаюцца толькі ці выпадковым, як начны спадарожнік у вагоне, ці самім сабе.
Я была пакліканай, а пакліканыя ня могуць быць выпадковымі. Так я ва ўсякім разе думала… Тады выходзіла, што ён адкрыўся мне, як самому сабе. Я стала яго суцяшаць, шукаць апраўданьні. Казаць, што дзяцінства ня ведае жалю. Мне, калі была малой, матылькі здаваліся лятучымі кветкамі — і я адрывала ім крыльцы, як пялёсткі.
І тут ён сказаў:
— Ты і мне крылы адарвала!
Рэзка сказаў. Як воўк ікламі клацнуў. І нешта ўва мне — наскрозь! Ускалыхнуліся ўсё крыўды... На бацькоў, якія падкінулі мяне ў гэты сьвет, не спытаўшы, ці хачу я ў ім быць — і не змаглі, ня сталі мяне ў гэтым сьвеце абараніць… Ускалыхнулася, белая ад болю, крыўда на Цмока, а з ёй — крыўды на ўсіх цмокаў, цмочкаў, цмоцікаў… І я ўсё, як сабе самой, расказала таму чалавеку, які некалі мяне паклікаў — не насіць жа ў сабе да скону. Распавяла, як мяне падпільноўвалі, падміналі, рабілі на мне сваё, сьцягвалі ў яміну і завальвалі камянямі, каб ня выбралася. Каб усе костачкі мае раструшчыліся, каб і сьледу не засталося. А ён паслухаў і спытаў: “Дзеля чаго ты гэта расказала?.. Я тут пры чым?..”
І адсунуўся ад мяне.
Яму стала гідка.
Я адкрылася яму, як сабе самой, а яму стала гідка.
Хіба ня ён некалі паклікаў мяне?..
Амаль дваццаць гадоў!.. Шэсьці, мітынгі, пікеты… Ні сям’і, ні дзяцей, ні хаты… Я кватэру мела, ад бацькоў засталася, дык там то штаб, то друкарня, то сходка за сходкай — і мяне выселілі, на вуліцу выкінулі. Ва ўлады пытацца бяз толку, бо яна і выкінула, таму спыталася ў тых, хто на змаганьне з ёй клікаў: “Дзе мне жыць?” — а ў адказ пачула: “Кожны нечым ахвяруе”. Жыву ў нанятай сьлепавушцы за вакзалам…
Ды што там з кватэры — мяне з жыцьця выкінулі! Жыцьцё выкінулі з мяне — хто мне яго верне?.. Ты? Які ўсё адклаў на потым?.. Сям’ю на потым, дзяцей на потым… На потым — само жыцьцё! А што цяпер? Калі цяпер у нас не жыцьцё, дык што тады ў нас цяпер?!.
Ён ускочыў, вочы зьбялелыя, як мае крыўды:
— А мне хто і што верне?!. Толькі ў цябе жыцьцё, у мяне няма?.. А магло быць! Калі б ты не замінала! Ня лезла ў нашыя адносіны з Настай! З тымі людзьмі, з якімі яна зводзіла! “Яны ж з улады, як ты можаш з імі знацца? Яны бяз Бога, яны забойцы!..” А хто — з Богам? Хто — не забойца?! Ведаеш, колькі ты сёньня мурашоў натрушчыла? Думаеш, мурашынага бога няма?.. — Ён раптам супакоіўся, сеў. — Каб ня быць раструшчаным, трэба трушчыць. — І хрумстнуў костачкамі пальцаў, ён страшна хрумсьцеў костачкамі пальцаў.
Я падумала: некалі ён і мяне заб’е. Схопіць за ногі — і галавой аб слуп. Ці раструшчыць, кульнуўшы на мяне валун.
Але я памылілася: ён мяне атруціў. Ён надыхаў вакол мяне атруты.
Я сама набрала ванну, узяла скальпель… і раптам мне стала так сябе шкада, такі жаль сьціснуў сэрца, што яно ледзь не спынілася, але гэта ён пранік у мяне, ва ўсе мае костачкі і жылкі — і атруціў. Таму і звар’яцеў, калі ўбачыў, што я вяду рэпатаж з каралеўскага вясельля.
Звар’яцеў і паклікаў:
“Вера?
Вера!
Вера…”
Я не адгукнулася… Якая Вера?
Я не адгукнулася… Скуль мне ведаць, хто ўва мне я, а хто не я?.. І хто я ў іншых?..
Я не адгукнулася, бо скальпель, упаўшы, параніў калена, а жаль, што сьціснуў сэрца, стаў болем.
Я выпіла валакардзіну. Зьдзівілася з самой сябе: навошта піць валакардзін, калі зьбіраешся ўзразаць вены?.. Дабрала ў ванну цёплай вады, зноў узяла скальпель…
Двойчы ў гэтым жыцьці я памірала і ўваскрасала. Трэцім разам…
— Вера! У цябе званок не працуе, Вера?
Голас, які паклікаў мяне з-за маіх дзьвярэй, быў маім. Я падыйшла да яго і зірнула ў дзьвярное вочка.
За дзьвярыма стаяла я. Перад імі — я, і за імі — я. Толькі апранутая ня так, як звычайна.
Можна было б звар’яцець, калі б я ня ведала, што там, за дзьвярыма, Вера, але ня я. Шведская журналістка.
Я не любіла журналістак. Ні шведскіх, ні нямецкіх — ніякіх. Яны ўсе палілі, усе пілі каву і ўсе задавалі аднолькавыя пытаньні. Я адказвала, мне балела, а ім, я адчувала, не баліць. Адстаўляючы мезенец, яны падымалі кубачакі і пілі каву, пілі каву… Адна спачатку адстаўляла мезенец, пасьля падымала кубачак, а другая падымала кубачак, пасьля адстаўляла мезенец… Лак на пазногці мезенца найчасьцей бываў абадраны.
З Верай я пазнаёмілася ў Менску, у купалаўскім скверыку каля фантану. Яна насустрач ішла — і я аслупянела: ці не сама сабе іду насустрач?.. Толькі апранутая ня так, як звычайна.
Вось і ўся паміж намі розьніца… Паміж намі ўсімі…
Разгубленыя, мы прайшлі міма саміх сябе, але яна спынілася і паклікала мяне:
— Вера?..
На сьвеце ёсьць толькі той, хто цябе пакліча.
Яна ўжо прайшла за фантан, і мы глядзелі адна на адну скрозь вясёлку, што зьзяла ў сонечных пырсках. І відаць было, што вясёлка — падман.
Зіхоткая пустата.
Космас.

Падай мне голас праз Сусьвет пусты!
Галоднаму
гукніся з нематы,
Няхай на мне жабрацкая кароста —
Не падавай мне міласьціну, проста
Спытайся, хто я, і скажы, хто ты.

Яна сама паклікала мяне, дык што ж…
Лёс…
Калі можна на потым адкласьці жыцьцё, дык чаму нельга адкласьці на потым сьмерць?..
Я адчыніла.
— Ты чаму голая? — спытала Вера, пераступіўшы парог і раскінуўшы рукі для абдымкаў. У адной руцэ яна трымала сумку, у другой — пляшку. Феміністкі кветак не прыносяць.
— У ванну сабралася… Ня ведала, што ты ў Менску.
— Толькі што прыехала. Можна распрануся, як ты?..
Яна была феміністкай з лесьбійскім ухілам.
— Распранайся.
Голая Вера зусім такая, як я. Я ў люстэрку. Толькі радзімак на левым плячы на адну болей.

За ноч адну і тысячы начэй,
Заплеценых абдымкамі ў абдымак,
Ня злашчыць губ, не сцалаваць з плячэй,
Рассыпаных сузор’ем Рыб, радзімак.
А неба, дзе плыве сузор’е Рыб
Ушыркі рассыпаецца і ўглыб
Пустотамі міжгалактычных дымак,
Хоць нанава нябёсы прасып,
Сузор’і ўсе — абдымкамі ў абдымак.

— А Наста дзе?.. Я амаль нелегальна, праз Маскву, у мяне віза толькі расейская. Дык каб Наста, калі што, прыкрыла.
Па што гэта яна да нас бяз візы кінулася?..
— Нікуды не падзелася твая Наста. Прыкрые.
Наста вялікая прыкрывальшчыца.
Я пазнаёміла іх, бо Вера захацела ўзяць інтэрв’ю у каго-небудзь з улады…
Людзей цікавяць ня людзі, а нелюдзі.
Яны сыйшліся, зблізіліся.
Дзіўныя задумы твае, Госпадзі.
— А што тут такога? — зьдзівілася Вера, калі я спытала, як яна магла зблізіцца з чалавекам, які прыслужвае ўладзе. — Што яна робіць кепскага? Кар’еру?.. Дык усе і паўсюль яе рабілі. Пры манархіі, дыктатуры, дэмакратыі. У нас, у вас. Ня трэба пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаць. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэньня чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і... Дарэчы, ты мяне з мужам дасюль не пазнаёміла.
— Няма ў мяне мужа.
— Няма дык няма. У мяне таксама няма, хоць і ёсьць.
— Як гэта?..
— А то ты ня ведаеш, як…
Праўда што.
Мы сядзелі ў Менску непадалёку ад купалаўскага тэатру ў кавярні пад парасонамі, на ходніку вуліцы, па якой Наста якраз праязджала, спынілася каля нас, хоць там знак вісеў, што спыняцца нельга, але гэта некаму нельга, а не ёй, яна апусьціла шкло і, не выходзячы з машыны, замовіла каву. Пасьля ўсё ж выйшла, села да нас за столік, падняла, адстаўляючы мезенец, кубачак — і пазногці на ўсіх яе пальцах, у тым ліку на адстаўленым мезенцы, былі бездакорна адлакаваныя.
— Пра што шчабечам? Пра дыктатуру?
Шведская журналістка глядзела на служку беларускай дыктатуры, як зачараваная.
Каханьне пераступае цераз усё. Таму я цераз яго пераступіла.
— Пра мужыкоў. Вера кажа, што ў яе мужыка няма.
— У яе ёсьць, — не згадзілася Наста. — Гэта ў мяне няма, яна адбіла.
— Магу вярнуць.
— Ды што ўжо цяпер... Карыстайся.
Мы гатовыя былі плёхнуць адна ў адну кавай, у мяне ўжо рука пацягнулася… Вера гэта адчула, узяла маю руку ў сваю, прыціснула да стала.
— Я пераказвала ёй тое, што ўчора ад цябе пачула. Што трэба верыць у сваіх. Калі нават свае апошнія, трэба на ўвесь сьвет крычаць, што найпершыя.
Наста паставіла кубачак.
— Мы найпершыя і ёсьць. Мы перанесьлі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І цяпер ратуем чалавецтва.
Я ўспомніла жарабя, якое зратавала ад пажару. Каб потым зьнішчыць.
— Ад чаго мы яго ратуем?.. Ад дыктатуры? Сьніду? Тэрарызму?
— Ад пагібелі, якая зусім не ў дыктатуры. І ня ў сьнідзе, не ў тэрарызьме, а ў грамадстве спажываньня, якім і ёсьць сёньня ўвесь Захад. Грамадству спажываньня цалкам адпавядае філасофія хрысьціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.
Вера ня ўцяміла:
— Якую веру?
— Хрысьціянскую, на якой грамадства спажываньня і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысьціянства, пасьля пачаўся заняпад, што адчулі на Усходзе, дзе стварылі новую сусьветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёньня, каб ісьці наперад, трэба бегчы назад. А нам ня трэба назад, мы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у нас ёсьць храмы, але мы ў сутнасьці сваёй ніякія не хрысьціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спажываньня ў нас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала нас, як на стадыёне, на круг, але з трыбун здаецца, што мы не апошнія, а першыя, і самае цікавае, што так яно і ёсьць. Стаўшы аўтсайдэрамі, мы сталі лідэрамі. І ня трэба лезьці да нас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажываньня дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Бо гэта — як вешаць на нашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Ня нам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да нас, да той чалавечай сутнасьці, да тых нязьменнасьцяў, якія мы захавалі. Калі, канешне, Еўропа ня хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.
Вера так заслухалася, што адпусьціла маю руку, у мяне зьявілася магчымасьць плёхнуць кавай, але яна была дапітая, а пакуль афіцыянт падносіў новую, Наста паднялася, села ў машыну, угледзелася ў нас абедзьвюх: “Цікава ўсё ж, для чаго вы гэтак падобныя? Для нечага ж падобныя?.. “ — і яе кіроўца з гэбісцкай мордай рвануў з месца.
— Яна і ў нас зрабіла б кар’еру, — улюбёна сказала ўсьлед ёй Вера, якая стаяла зараз голая перада мной і спрабавала цалавацца.
Я падумала: чаму не?.. Калі цёплая вада ўжо набраная ў ванну.
Астыне — можна дабраць.
Сьмерць адкладзеная… Жыцьцё адкладзенае яшчэ раней… Я ўжо чакаць не чакала, што нешта ў гэтым адкладзеным жыцьці можа стацца са мной упершыню…
— …дык ён ката за лапы і аб вушак галавой, — нацалаваўшыся, расказвала пра свайго мужа, які нібыта ёсьць і якога нібыта няма, Вера.
— Калі?.. У дзяцінстве?..
— У якім дзяцінстве, ты ня слухаеш зусім… Два дні таму. У нас у Мальма дзьве кватэры, у адной я з катом, у другой ён, я ўжо з ім і не жыву, а тут ён прыпёрся з турмы, дабівацца свайго пачаў, адразу каля дзьвярэй, каля ўваходу паваліў на падлогу, дык кот, як сабака, я сама не чакала, накінуўся на яго з нейкім рыкам нутраным, давай драпаць і грызьці, а ён яго за лапы — і галавой аб вушак! Мяне адкінуў, а ката біў, біў і біў, пакуль ад галавы нічога не засталося, усе сьцены ў крывянцы… А нібыта ж не мужык, ануча, з яго вяроўкі можна віць… Я ў той кватэры быць не магла, у Мальма не магла быць, у Швецыі, шведаў не магла бачыць… Зьбегла. На самалёце да Масквы — і цягніком сюды. Вы найлепшыя ў сьвеце, найлепшыя, — зноў пачала яна цалаваць мяне і плакаць. — Ты, Наста, вы ўсе, вы ўсе…
Так, мы ўсе найлепшыя. Асабліва адзін. Ён забіў ката — і ў Менску ня можа быць, у Беларусі быць ня можа, беларусаў ня можа бачыць. Зьбягае. Цягніком да Масквы — і самалётам у Швецыю. Дзе таксама забіваюць катоў.
— А за што твой муж сядзеў?
— Ні за што не сядзеў… З чаго ты ўзяла?..
— Ты ж сказала: з турмы прыпёрся.
— Ён юрыст, сьледчы… Асатанеў, пэўна, з турэмшчыкамі… — Вера паднялася з ложка, схадзіла ў ванну, адмылася ад сьлёз. Вярнулася: — Там вада твая астыла.
— Дабяру.
Вада не жыцьцё. Можна дабраць.
Хоць і жыцьцё дабраць можна. Калі тое, што зараз у мяне з Верай, лічыць даборам.
Яна кінулася побач са мной на ложак, прытулілася, гульлівая…
— А я да цябе з прапановай прыехала! З вясёлай прапановай, бо ты сумна, мне апошнім разам здалося, жывеш.
— Без цябе і Насты?
— Пры чым тут Наста?
— Ты і з ёй, як са мной?
— Во... Ужо й рэўнасьць… Цяжка з вамі, славянкі-лесьбіянкі.
— Якая рэўнасьць?.. Я не лесьбіянка. У мяне мужык ёсьць, хоць і няма. Проста цікава, як?
— Калі цікава, дык ня так.
— А як?
— Іначай.
— Як іначай?
— Як лесьбіянка дэмакратыі з лесьбіянкай дыктатуры.
Яны абедзьве жывуць ня сумна…
— А чаму ты…
Я ня ведала: ці пытацца?..
— Што чаму?..
— Чаму ты ўвогуле гэтым займаешся?
— Чым гэтым?
— Гэтым… з жанчынамі?
— Бо не люблю мужыкоў.
— У цябе ж муж ёсьць…
— Дык і што?.. Усё адно не люблю. З дзяцінства.
— І бацьку не любіла?
Спытаўшы, я адчула, як яна напружылася.
— Не любіла. Ён мяне не абараніў.
— Ад чаго?..
Вера павярнулася на сьпіну, кінула рукі ўздоўж цела, утаропілася ў столь…
— Ад таго, што са мной зрабілі…
Пра тое, што з ёй зрабілі, я магла б і не пытацца, бо ўжо ведала, што зрабілі з ёй тое самае, што і са мной, але я спытала:
— А што з табой зрабілі?..
Яна памаўчала. Відаць, думала: ці расказваць? Такое расказваюць ці некаму зусім выпадковаму, ці найблізкаму. Хоць якраз найблізкім казаць такое ня варта, ім робіцца гідка. Такое распавядаюць толькі ці некаму зусім выпадковаму, ці толькі самім сабе.
Я не была выпадковай, я была пакліканай. Яна сама паклікала мяне праз вясёлкавыя пырскі фантану.
Праз пустату.
Праз космас.

Аднойчы, прачнуўшыся ў ночы,
Ты ўспомніш, што ўмееш лятаць,
І стане наіўныя вочы
Халодная бездань смактаць.
І зманлівай згадкай быцьця
Цябе працяне аж да поту…
Прачнешся — і станеш дзіця
Вучыць не хадзе, а палёту.

Я не была блізкай, мы сустрэліся ў космасе імгненьне назад. Зрэшты, усе сустракаюцца ў космасе імгненьне назад, таму блізкіх не бывае ўвогуле.
Вера склала рукі на грудзях.
— Я ляжала во так, а мяне хацелі раструшчыць.
Яна ўсё ж надумала расказаць… Як самой сабе.
— Камянём?..
Яна зьдзівілася. Ці выгляд зрабіла зьдзіўлены:
— Скуль ты ведаеш?.. Хоць ты павінна ведаць… Так, камянём. Ледавіковым валуном. Мы ў рыбацкім пасёлку жылі. На самым беразе мора, там шмат камянёў было. Яны прыгожа ляжалі, як кіты. Аднаго з іх, якога з мора найдалей на бераг выкінула, ажно да лесу, я так і называла: Кіт. Ён быў найменшы з усіх, але найбольш на кіта падобны. Я сядала на яго і плыла. Далёка-далёка… Ён гайдаўся на хвалях, закалыхваў. Божа, у якіх я толькі казках ні пабывала, на ім плывучы!.. І калі да мяне той барадаты рыбак падыйшоў, які жыў не ў пасёлку, а на невялікай высьпе метраў за трыста ад берагу, я падумала, што ён з казкі. Тым больш, што ў яго мянушка была…
— Цмок?
— Цмок?.. Хто гэта — Цмок?
— Дракон, які ўсіх жэр. Ці д’ябал. Яго анёлы ў каменнай гары ў ланцугі закавалі, але хутка грахі людскія пераядуць тыя ланцугі…
— І ён усіх зжарэ?
— Зжарэ. І костачкі абсмокча.
— Бо Цмок?..
— Бо Цмок…
— Якога анёлы ў каменнай гары закавалі?..
— У каменнай…
Вера памаўчала, страсянула галавой:
— Не, ня Цмок. Хоць ён мог быць і Цмокам. Але ў нас там свае казкі, і мянушку ён меў Кіт, уяўляеш? Ён лёг за валуном, за каменнай гарой з боку лесу і сказаў, каб я села на яго, і я на яго села, бо думала, што сядаю на Кіта і паплыву на ім далёка-далёка.. А ён перавярнуўся, перакуліў мяне, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэтак балюча і страшна, што я ад болю і страху сканала. Кіт адчуў, што я не жывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў: “Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… ня трэба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…” — і калі ўсё сваё скончыў, сьцягнуў мяне ў яміну і кульнуў зьверху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Кіт паспрабаваў яго зрушыць, але ня змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна.
Да гэтай пары не разумею, як гэта, сканаўшы, я вярнулася з сябе мёртвай у сябе жывую і выбралася з-пад валуна? Праз невялічкую шчыліну паміж зямлёй і навіслым каменем выбрацца магла толькі зусім маленькая дзяўчынка. Маленькая, мне тады і сямі не было, але ж не мёртвая…
Яна ўмее рабіць тое самае, што і я, толькі ня ведае пра гэта. Таму і не разумее.
— А ў Кіта хто-небудзь быў?
— Хто-небудзь хто?
— Жонка, дзеці…
— Не, у яго быў толькі сабака. Злы, напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду… У нашым пасёлку адзінотная жанчына жыла з рукой зьнявечанай, Асьвёр, дык казалі, што яна нявестай Кітовай была, і Кіт аднойчы ўзяў яе на рыбалку. Не на мора, а на возера. У нас, апроч мора, яшчэ і вялізнае возера адразу за лесам было. Налавіўшы з вечару шчупакоў, раніцай ён, калі Асьвёр яшчэ спала, зноў рушыў на возера, загадаўшы свайму напаўвоўку сьцерагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Асьвёр надумала сьняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац — і далонь наскрозь. Не зарычэўшы перад тым, не гаўкнуўшы, не папярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і наскрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той рыбай з рукою ў зьвярынай пашчы, пакуль Кіт вярнуўся. Ён не накінуўся на свайго зьвера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Не Асьвёр, нявесту сваю, пагладзіў, а воўка. Сказаў: “Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў зьвер: — Еш, заслужыў”. Толькі тады воўк разьняў іклы… Уяўляеш зьвера? І зьвера гэтага недзе за год перад тым, як Кіт мяне валуном заваліў, я зратавала, уяўляеш?..
— Зратавала ад агню?
— Не ад, вады… Ён у сецях заблытаўся, якія Кіт з берага лодкай цягнуў, і ўжо захлёбваўся, але я паднырнула і пасьпела выблытаць яго. Не дала ўтапіцца, каб пасьля спаліць. Зратавала, каб зьнішчыць. Ведаеш, як?
— Ты паплыла на выспу і падпаліла дом Кіта?
— Ня дом, клець. Лётам ён начаваў у клеці. Кідаўся на сеці і спаў. Я прыплыла ўночы, падкралася, замкнула і падпёрла васьцямі, утыркнууўшы іх у зямлю, дзьверы, нацягала да сьцяны ад мора сухога ламачча, падсунула шматок газеты — і толькі чыркнула запалкай, як пачулася з клеці скавытаньне. Зьвер, мусібыць, пазнаў мяне, сваю ратавальніцу, таму не брахаў, калі я зачыняла клець, цягала ламачча… І калі я тое ламачча падпальвала, не забрахаў — заскавытаў толькі, як просячы літасьці.
Я магла патушыць запалку, але я не патушыла яе. Я надта ўзьненавідзела чалавека, каб пашкадаваць зьвера.
Клець гарэла, сабака ўжо не скавытаў, брахаў і рыкаў, біўся ў дзьверы, а я, сьціснуўшы зубы, плыла і плыла далёка-далёка… — Вера ўскінулася, абняла мяне. — Як ты думаеш, я куды-небудзь прыплыла? Ці засталася там: на беразе мора пад каменем, пад якім бачу сон пра тое, што са мною магло быць, калі б засталася жыць?.. Я жывая, Вера?.. Я з той пары пачуваю сябе так, нібы не жыву, а ўсё адкладваю жыцьцё на потым. А куды яго можна адкласьці? Як?..
Паўсюль і скрозь адно і тое.
— Жывая, — пагладзіла я яе па валасах. — А Кіт?..
— Што Кіт?
— Кіт згарэў?
— Не. Тым разам ён начаваў ня ў клеці, а ў доме. Як адчуў нешта. Толькі сабаку чамусьці ў клеці на ноч запёр. Яго судзілі пасьля за тое, што спаліў сабаку. Ён прызнаўся, нагаварыў на сябе, што гэта ён спаліў. Хоць бачыў, што гэта я… Ужо адплываючы, я заўважыла яго ў вакне. Усяго белага ў белым споднім… І я была ў белай, парванай ім, сукеначцы. Мусібыць, ён падумаў, што я здань, што мяне з таго сьвету па яго паслалі — і сьсівеў. На судзе яго прызналі хворым і адправілі ў лякарню. Жыве там недзе, казачнік…
Вера па-дзіцячаму шмыргнула носам… Нібы не душу ёй зьнявечылі, а цукерку з елкі не далі.
— Дык яго судзілі толькі за тое, што сабаку спаліў?
— А за што яшчэ?.. Я нічога нікому не сказала. Ні бацьку, ні маці ні ў чым не прызналася. А яны нічога не заўважылі, апроч таго, што сукеначка на мне парваная. Хоць казалі, што любяць мяне. Я прамаўчала і пра Кіта, і пра сабаку, бо думала: калі баліць табе, навошта, каб балела яшчэ некаму? Табе ад гэтага меней балець не стане… А ты б сваім сказала?
— Сказала б... У мяне бацькі былі… Такія...
— Дык і ў мяне такія... Таму і не сказала.
— А мне кажаш, бо я не такая?
— Не… Бо ты, як я. — Вера прыціснулася грудзямі да грудзей. — Ты адчуваеш гэта?
— Што гэта?
— Што ты, як я. І не таму, што мы зьнешне падобныя. Проста ты, як я. А я, як ты. Адно і тое. Амаль.
Усе мы ў гэтым сьвеце амаль адно і тое. А на тым — тым больш.
Мне шкада стала ня толькі сябе, Веру, але і яе, Веру, і Асвёр з рукой скалечанай, і Насту са скалечанай душой, і ўсіх…
— Бедная ты мая…
— І ты мая бедная…
Ёй таксама, мусібыць, стала шкада ня толькі сябе, Веру, але і мяне, Веру, і ўсіх…
— Чаму я бедная?.. Я ня бедная…
— А я чаму бедная?.. І я ня бедная…
— Як гэта ня бедная, калі жывеш там, дзе гвалцяць, нявечаць…
— Гэта ты жывеш тут, дзе гвалцяць, нявечаць…
— Але ж у нас ня ўсе і няе ўсіх…
— Дык і ў нас ня ўсе і ня ўсіх…
— Але ж нявечаць… Адзін аднаго нявечаць…
— Нявечаць…
— І жанчын гвалцяць…
— Гвалцяць…
— І катоў забіваюць…
— І катоў забіваюць…
— Нявечаць, гвалцяць, забіваюць…
— Нявечаць, гвалцяць, забіваюць…
— Тут і там…
— Там і тут…
Вера села, абняўшы калені.
— Дык якая розьніца?.. Якая розьніца, калі ніякай?..
Я таксама села, абняла калені.
— Выходзіць, што без розьніцы...
Мы доўга сядзелі, абняўшы калені, і глядзелі адна на адну, шкадуючы і сябе, і ўсіх, глядзелі і маўчалі так, быццам пра тое, што і ў нас, і ва ўсіх было і будзе, мы ведалі, і праз гэта мне раптам стала няўтульна, я расхацела ўсё, што было і будзе, ведаць і спытала:
— Ты з якой прапановай прыехала?
— З ніякай… Няма ніякай розьніцы і няма ніякіх прапановаў… Якія тут могуць быць прапановы?..
— Нейкія ж могуць быць... Хоць адна…
— Ой!.. — страсянула Вера галавой, нібы выкідвала з яе ўсё, што помніла назад і ведала наперад. — Ёсьць! Такая, што ўпісяешся!.. — Яна аж піскнула, так ёй тое, што прыдумала, самой, мусіць, было ў спадобу. — Гэтай вясной у Еўропе два каралеўскія вясельлі. Адно ў Капенгагене, другое ў Мадрыдзе. Я запрошаная на абодва, без мяне ў Еўропе даўно ўжо нічога не адбываецца. Дык на адно паеду я, а на другое — ты! Сама выбірай, на якое…
— Ой…
— Што “ой”? Упісялася?..
Яна мяне разьвесяліла, я пачала сьмяцца, яна таксама, мы сьмяяліся і, абняўшыся, качаліся на ложку.
“І што я… і што я там буду рабіць?..”
“З каралямі есьці і піць…”
“З каралямі есьці і піць?..”
“Так, ты калі-небудзь піла з каралямі?..”
“Не, не піла… З усімі піла, а з кралямі… выбачай, з каралямі, не…”
“Дык вып’еш… І рэпартаж правядзеш…”
“Які рэпартаж?..”
“Вясёлы… выбачый, вясельны, які яшчэ…”
“Па-шведску?..”
“Па-шведску… Ці па-ангельску…”
“Па-ангельску?.. Хіба можна на шведскім тэлебачаньні па-ангельску?..”
“У Швецыі можна ўсяляк…”
“Усяляк?.. І так, і так?..”
“Не, так нельга, ты што вырабляеш?..”
“Што я вырабляю?..”
“Шчыпаешся…”
“А ў Швецыі не шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца?..”
“Не шчыпаюцца…”
“А дзе шчыпаюцца?..”
“У Англіі…”
“У Англіі шчыпаюцца, а ў Швецыі не?..”
“У Англіі шчыпаюцца, а ў Швецыі не…”
“Чаму?..”
“Таму!..”
“Не, ты скажы, чаму?..”
“Бо ў Швецыі кароль, а ў Англіі каралева...”
“І каралева шчыпаецца?..”
“Яшчэ як…”
“З каралём?...”
“А то з кім?..”
“Кароль з каралевай шчыпаюцца?..”
“Кароль з каралевай толькі тым і займаюцца, што шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца… Ну, скажы па-шведску: “Kungen och drottningen gцr inget annat дn nyps nдr de ligger med varandra”****.
"Gцr inget annat дn nyps nдr de ligger med varandra...***** Не, я так па-шведску сказаць не змагу…”
“Кажы па-ангельску, ангельская ў цябе нават лепшая, чым у мяне…”
“Лепшая, чым у цябе?..”
“Так, лепшая, бо вы найлепшыя… Я ва ўсіх газетах напісала, што вы найлепшыя…”
“Так і напісала?..”
“Так і напісала…”
“Ва ўсіх газетах?..”
“Ва ўсіх газетах…”
“Якімі ўсе падцёрліся?..”
“Не, не падцёрліся, у нас газетамі не падціраюцца…”
“А ў нас падціраюцца…”
“Усе?..
“Усе…”
“Я вярнуся і напішу, каб у нас таксама падціраліся…”
“Так і напішаш?..”
“Так і напішу…”
“Навошта?..”
“Каб нашыя былі такімі ж, як вашыя…”
“Такімі ж найлепшымі засранцамі?..”
“Такімі ж найлепшымі засранцамі…”
“Такімі кончанымі засранцамі, якія нават не западозраць, што я — гэта не ты?..”
“Яны не западозраць, але…”
“Яны не западозраць, але што?..”
“Але ты ў рэпартажы скажаш, што пакуль яны вясельлі гуляюць і мяккай паперай задніцы падціраюць, у вас людзей забіваць…”
“Як катоў?..”
“Як катоў…”
“Як мой муж забіў?..”
“Ня твой, а мой…”
“Мой забіў таксама…”
”Твой таксама забіў?..”
“Як і твой… Як яны ўсе…”
“Бо паўсюль бяз розьніцы?..”
“Бо паўсюль бяз розьніцы…”
“Ты і пра гэта можаш сказаць…”
“Скажу…”
“А потым прызнаешся, што ты гэта ня я, а ты гэта ты — во будзе бомба! Бабахне, як перад канцом сьвету — і хай паспрабуюць не пачуць, што жыве Беларусь!..”
Мы скаціліся з ложку, грымнуліся, Вера пад мяне — патыліцай аб падлогу. На імгненьне яна абмякла. Можа, нават страцілася прытомнасьць, але нібы не заўважыла, што нейкае імгненьне яе тут не было. Расплюшчыла вочы:
— Як табе такое?..
Гэтаксама яна не заўважыла б, што яе зусім няма.
Няма чаго баяцца.
Няма чаго адкладваць на потым.
Падняўшыся, я падала ёй руку:
— Ніяк. Але павесяліліся, як перад канцом сьвету.
Бацька пытаўся: “Дачушка, табе там не казалі: канец сьвету — гэта канец сьвету гэтага і таго, ці толькі гэтага? Калі толькі гэтага, тады які ж канец? Няўвязка нейкая…”

Усё адно: сьмяротны ты,
ці неўміручы —
Ты зорны вецер пустаты,
ты дым лятучы.
Сабе самому ўсьлед — адзін —
зірнеш са сьпіны,
І ветрам з дымам — успамін
пра ўсе ўспаміны.
На гэтым сьвеце і на тым,
на ўсякім сьвеце,
Усё, што ёсьць — лятучы дым
ды зорны вецер.

— І яшчэ павесялімся, у мяне такое ёсьць!.. — Вера пашнарыла ў сумцы, дастала пушачку з пудрай. — Во! Пудра для палётаў… Рускія пачалі да нас вазіць, у іх ня ўсё кепскае. Сінтэзавалі нешта так, што кайф дае — куды там экстэзі! Прычым, немагчыма распазнаць, што гэта наркотык. Ні калі ён у пушачцы, ні калі ў табе. — Яна адчыніла пушачку, дастала з яе вату, з-пад ваты дзьве аплаткі. — А моцны такі, мацнейшы за “белага кітайца”, трэба з дозай акуратна. На паўаплаткі… Ці для пачатку чвэрць… Ведаеш, як аплатка называецца? Крамлёўская… Нехта з гумарам, праўда?.. Але Крэмль убачыш, гарантую. І гімн Савецкага Саюзу пачуеш. Гэтак яны наркату сваю закадзіравалі, кэгэбісты…
Для шведаў, немцаў, канадцаў, ангельцаў, для іх усіх ва ўсім былым Савецкім Саюзе дасюль жывуць толькі тыя, хто сядзеў, і тыя, хто садзіў. Лагернікі ды кадэбісты. Як толькі заходнік які-небудзь у Менск прыпрэцца — так да будыніны КДБ фатаграфавацца. І усё азіраецца: ці не забяруць? Калі не яго, дык фотаапарат.
Сьвятаслаў аднойчы, у заклад са мной, падышоў да пары ангельцаў, мужа і жонкі, казырнуў: “Маёр камітэту Дзяржаўнай бясьпекі Берыя! Фатаграфаваць забаронена. Калі ласка, ваш апарацік”. Аддалі, ня рыпнуўшы…
Я не чакала такога, крычаць стала: “Як ты мог апарат забраць?..” — а ён засьмяяўся: “Адрэналін даражэй каштуе. А я колькі ім адрэналіну ўвагнаў?..”
— Мне ня трэба, Вера.
— Гімн Савецкага Саюзу ня любіш?.. — Вера разламіла аплатку напалам, палавіну яшчэ напалам. — З чацьвярцінкі — гімн у скарочаным варыянце і бяз словаў…
Сабе яна ўзяла цэлую аплатку, трохі падумала — і дадала яшчэ чвэрць. Запіла віном, шклянку выпіла…
— Не цягні, трэба разам. А то разьмінемся ў палётах…
Калі дабіраць жыцьця, дык не чацьвярцінку.
А ўсё, што засталося.
І запіць віном.
І ў Крэмль…
І слухаць… імн авецка юзу… …які стаў заікацца, нібы кружэлку заела, ды на шостым ці сёмым заіканьні музыка раптам зьмянілася, загучала іншая мелодыя, таксама гімнавая, але не савецкая, і не франзуская ці амерыканская, не еўрапейская і не афрыканская, а нейкая ўсясьветная, якую сьпяваў нехта ў нябёсах — Бог, ці хто?... і Бог сказаў, не перапыняючы сьпеву: “Я, каму яшчэ ў нябёсах сьпяваць?..” — і голас Ягоны ўвайшоў у мяне соладка-соладка, бо я паверыла, што Ён ёсьць, сьпявае, і яму акампануюць анёлы, на арфах граюць і на скрыпках, на кларнетах і акарынах, але ўзьнікае гэтая мелодыя спачатку ўва мне, а пасьля ўжо яе сьпявае Бог і граюць анёлы, якія самі зьдзіўляюцца, што ёсьць такая музыка, урачыстая і каляровая, як вясёлка, праз якую мы ўбачыліся з Верай каля фантана, і цяпер яна колерамі і гукамі напаўняе цёмны і пусты космас, лунае над вялізным — пад усім небам — стадыёнам, дзе я стаю на п’едэстале, адна, на чэмпіёнскім месцы, а па стадыённай дарожцы, якую і дарожкай не назваць, бо яна шырэй і даўжэй за любую дарогу, бягуць і бягуць людзі, процьма людзей не толькі белых, чорных і жоўтых, але і чырвоных, сініх, зялёных, нібы ўсе яны прабеглі праз вясёлку, кожны праз свой колер, і яны ўжо завяршаюць круг, я баюся, што іх не даганю, а Бог кажа, сьпяваючы: “Табе ня трэба даганяць, ты і так першая”, — толькі мне здаецца, што Ён хітруе, спачатку ўсё ж трэба перамагчы, а пасьля ўжо ставаць на п’едэстал, з якога я не магу сыйсьці, бо ён надта высокі, пад аблокі, а Бог зноў кажа, сьпяваючы: “Ты ўспомні, што ўмееш лятаць”, — і я паляцела, о, як соладка і высока, вышэй і яшчэ саладзей, яшчэ вышэй і саладзей, яшчэ і яшчэ, о, аж сэрца спыняецца, не можа вытрываць гэтакай асалоды, але павінна вытрываць, яно мне патрэбнае, каб бегчы, бо яны там, унізе, ужо дабягаюць першы круг, я спускаюся і бягу, на круг адстаўшы, паперадзе іх усіх, і па ўсім стадыёне, якому канца-краю не відаць, нарасьпеў коціцца: “Бе-ла-русь! Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!” — і так хораша гэтае слова, хоць Вера казала, што ня будзе словаў, кладзецца на ўсясьветную мелодую, якую граюць анёлы і сьпявае Бог, які раптам змаўкае і глядзіць на мяне сусьветна-самотна, о, як самотна, аж сэрца спыняецца, не можа вытрываць такой сусьветнай самоты, але яно мне патрэбнае, бо ўжо блізка фініш, вось ён, і я першая, о, якая радасьць быць першай, і яе столькі, што яна грудзі расьпірае, сэрца разрывае, якое няе можа вытрываць гэткай радасьці, але павінна вытрываць, яно мне патрэбнае, каб вытрываць гора, невыноснае гора, бо ўсе крычаць: “Бе-ла-русь! Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!” — а Бог кажа: “Не, яна ня першая, ёй бегчы яшчэ круг”, — і з Богам не паспрачаешся, бяжыш, бяжыш і бяжыш, задыхаешся, задыхаешся, задыхаешся і ад таго, што паветра не стае, і ад жаху, бо сьпераду яміна чарнее, якую выкапаў Цмок і куды дарожка, як стужка, сьлізгае, абвальваецца і цягне за сабой у пашчу Кіта, у чарнату, у пустату, скуль бацька пытаецца: “Дачушка, скажы, гэта ўжо той сьвет, ці яшчэ гэты?” — а што мне сказаць, калі сама ня ведаю, і так сорамна, о, як сорамна, што нават цяпер, калі бацькі ўжо няма, нічога добрага сказаць яму не магу, нічым не магу дапамагчы, як і Сьвятаславу нічога добрага не сказала і нічым дапамагчы не змагла, і праз гэта сорамна і балюча, так балюча і сорамна, што сэрца можа ня вытрываць, і яно не вытрымлівае, спыняецца, “тах-тах” перадапошні раз і яшчэ раз “тах…”, апошні, я ўжо ня дыхаю, але бацька, які таксама памёр ад сэрца, ведае, як не даць яму спыніцца, сьціскае і адпускае мне грудзі, сьціскае і адпускае, і штурхае з пустой чарнаты ўверх, уверх, уверх, дзе мне трохі лягчэе, дзе ўсё болей і болей колераў і гукаў, да якіх я выбіраюся праз такую вузкую шчыліну, праз якую выбрацца можа толькі зусім маленькая дзяўчынка, маленькая, але ж ня мёртвая, і зноў я чую музыку… імн… авецка… юзу… і ах! — хапаю паветра, але ўдыхнуць на ўсе грудзі яшчэ не магу, нешта зьверху мяне прыдушвае, Цмок глыбей падкапаў яміну і зваліў у яе валун, які лёг плазам… Госпадзі!.. — гэта Вера ляжыць на мне губы ў губы і ня рухаецца…
Адразу я нават не спалохалася. Падумала: калі я ўмею жыць і ў сабе, і ў іншых, перасяляцца і вяртацца, дык чаму яна, такая ж, як я, ня ўмее?.. Тым больш, што яна ўжо памірала некалі і вярталася з сябе мёртвай у сябе жывую, выбіралася з-пад каменю праз маленькую шчыліну…
Вера ляжала на мне, як раструшчаная.
Я выбралася з-пад яе, перавярнула на сьпіну, затрэсла, як ляльку: “Вера! Ты дзе, Вера? Што з табой, Вера? Вярніся!..”
Яна не вярталася. Перасялілася некуды назаўсёды.
Схапіўшы тэлефон, я машынальна набрала нумар, пачула ў слухаўцы: “Хуткая дапамога”, — і паклала трубку.
Калі ў маёй кватэры знойдуць шведскую журналістку, якая нелегальна прыехала ў Беларусь і сканала ад перадазіроўкі наркаты, дык ня знойдзецца такой дапамогі, якая б мне дапамагла.
Я залезла ў сумачку Веры, знайшла пашпарт. Віза ў пашпарце толькі расейская.
Наркаманка і нелегалка… Лесьбіянка — не ў залік. Але, калі пачнуць раскручваць, дык і гэта залічаць.
Вакол мяне загарэлася жытняе поле…
Мне б згараць на ім, калі ўжо набраная ванна. Бо якая розьніца: у агні?.. у вадзе?.. Але я забылася на тое, дзеля чаго ванна набіралася…
Пажар слаўся на ветры, вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, полымя паўставала сьцяной, у якой не знаходзіла выйсьця, паратунку, хоць ён быў…
З фотакарткі ў пашпарце Веры глядзела я.
Я ўспомніла, што зьбіралася зрабіць гадзіну таму… Ускаціла Веру на коўдру і асьцярожна, каб нідзе не драпнуць, зацягнула да прыбіральні. Там узяла пад пахі і падняла ў ванну. Эмаліраваны край ванны быў гладкі, ня драпаўся. Уладкаваўшы Веру роўненька, я дабрала цёплай вады, узяла скальпель і рэзанула па запясьці левай рукі.
Паклала скальпель на край ванны. На ім не было ні крывінкі.
Выйшла, прыкрыла дзьверы.
Апранулася ў адзежу Веры. Прыбралася ў кватэры. Хоць там і прыбіраць не было чаго: дзьве шклянкі памыць ды пляшку на сьметнік выкінуць.
За дзесяць хвілінаў дайшла да вакзалу. Паазіралася, ці няма некага са знаёмых?..
Нікога.
Купіла квіток.
Цягніком — да Масквы, адтуль — самалётам да Стакгольму. Аўтобусам — да Мальма.
У Еўропе ўсё блізка.
Перасялілася.
Я з дзяцінства ўмела гэта рабіць…
Дабраўшыся да Мальма, прыбіралася ў кватэры даўжэй, чым у Менску. Вэрхал я, ад’язджаючы, пакінула неверагодны: закарэлы посуд, раскіданая бялізна, касьметыка, а да ўсяго — уся вітальня ў засохлай крывянцы. Як гэта я паехала некуды, нават кроў са сьценаў ня змыўшы?..
Я ўзялася мыць сьцены, амаль усё ўжо адмыла, калі спахапілася: што гэта я раблю?..
Тое, што засталося, адмываць ня стала.
Прагаладаўшыся, спусьцілася ў краму, каб купіць яды. “Hej!.. — усьміхнуўшыся, сказала касірка, узяўшы маю крэдытку. — Har du kommit tillbaka?..” ****** Я ўсьміхнулася ў адказ: “Hej!.. Jag har kommit tillbaka…” *******
Я купіла віна і, вярнуўшыся, выпіла.
З вяртаньнем!..
Ціўкнуў мабільны тэлефон Веры. Мой тэлефон, на які прыйшло паведамленьне. “Я купіў табе кацяня. Прабач. Карл.”
Майго мужа, аказваецца, завуць Карлам. Як шведскага караля…
Чаму адной — замуж за караля, а другой — набіраць ванну, браць скальпель і ўзразаць вены?.. Хаця і пабраўшыся з каралём, можна набраць ванну, узяць скальпель і ўзрэзаць вены…
Я напісала Карлу, што ён мае выбар… Ці забыцца, што я ёсьць, і ў турме працаваць, ці помніць, што я ёсьць, і ў турме сядзець. За гвалт і забойства. Ён адказаў, што прымае першы варыянт і пакідае кацяня сабе.
Хіба я магла ўявіць тады, што яго прызначаць сьледчым па справе Сьвятаслава, і мне давядзецца яму яшчэ пісаць і пісаць…
Тады я ўсё ж асьцерагалася, што ён будзе шукаць сустрэчы, а сустрэўшыся, не пазнае ўва мне Веру, бо ў мяне радзімак на левым плячы на адну меней… Супраць яго трэба было нешта мець, хоць бы закрываўленыя сьцены ў вітальні, якія я не дамыла. Каб доказ быў, што забіў… Але аднойчы нейкі клерк з кейсам, падобны, як мне здалося, на майго мужа Карла, сутыкнуўся са мной на ўваходзе ў кавярню — і адскочыў, як апёкшыся. Перабег на другі бок вуліцы, па якой рушыў, не азіраючыся — і я зразумела, што асьцерагацца мне няма чаго. Прыйшла дахаты і дамыла ўсё чыста, адскрэбла тое, што заставалася, засохлае, з былога жыцьця.
Назаўтра пайшла прагуляцца да мора і ўбачыла тлустага, рыжага ў белыя плямы ката, які лянотным подбегам уцякаў ад гэткага ж тлустага і рыжага, толькі не ў плямы, мужыка. Мужык аж задыхаўся — гэтак намагаўся ката дагнаць. Нарэшце, кот стаміўся ўцякаць, мужык дагнаў яго, нахіліўся і пагладзіў…
Вы каго-небудзь, задыхаючыся, даганялі, каб пагладзіць?..
Калі я вяла рэпартажы з каралеўскіх вясельляў, дык не прызналася, што я ня Вера. У гэтым я вінаватая перад ёй, бо мы дамаўляліся, што прызнаюся. Але ж дамаўляліся мы жывая з жывой, а не жывая з мёртвай…
Канешне, калі б я прызналася, гэта была б бомба… Толькі што тады было б са мной?.. Са Сьвятаславам, якога я знайшла толькі тады, калі ў газетах напісалі, што яго арыштавалі, і якому трэба было тут, як і там, дапамагаць. Наста тут нічым дапамагчы не магла.
А там дапамагла: сьмерць маю ўсё ж прызналі самазабойствам. На тэлефон Веры Наста эсэмэску скінула:
“З вяртаньнем у Еўропу! Вось для чаго вы падобныя былі”.
Лесьбіянка дыктатуры.
Прычыны для экстрадыцыі Сьвятаслава ня стала: не з-за ката ж высылаць… Ды яшчэ я так пра яго напісала, што шведы вінаватымі перад ім пачуваліся. Такога героя звар’явалі…
З псіхушкі яго забраў нейкі рускі, якому Сьвятаслаў, забіўшы беларуса, аказаў вялізную паслугу. За тую вялізную паслугу той рускі прыдбаў для яго вялізны дом, у падворку якога насыпаў, як Сьвятаслаў папрасіў, вялізную гару. І купіў вялізнага сабаку. Сьвятаслаў назваў гару Ваўкавыскай, вечарамі залазіў на яе з сабакам і глядзеў некуды на паўднёвы ўсход. Сонца сядала за ягонай сьпінай, сьвяціла ў той бок, куды ён глядзеў, і калі яно закочвалася за небасхіл і нічога ўжо не было відаць, ён пачынаў выць, а сабака — падвываць. Страшна, як воўк. На ўсю Еўропу.
Вясна 2004 г., Расьціла, Хельсінкі, Фінляндыя
Вясна 2008 г., Вісбу, в. Готланд, Швецыя

* “Tack sе mycket, Daniel!” “Вялікі дзякуй, Даніэль!” (шведск.)
** “Det дr leksaken, tдndaren…” “Цацка, запальнічка...” (шведск.)
*** “Jag vill ha sex med dig”. “Я хачу заняцца з табой сексам”. (шведск.)
**** “Kungen och drottningen gцr inget annat дn nyps nдr de ligger med varandra…”. “Кароль з каралевай толькі тым і займаюцца, што шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца…” (шведск).
***** "Gцr inget annat дn nyps nдr de ligger med varandra...” “Толькі тым і займаюцца, што шчыпаюцца, калі гэтым займаюцца…” (шведск.)
****** “Hej!... Har du kommit tillbaka?..” “Прывітаньне! Вы вярнуліся?..” (шведск.)
******* “Hej... Jag har kommit tillbaka…” “Прывітаньне. Я вярнулася…” (шведск.)