12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Армагедон.
Драма на дзве дзеі. (Працяг)


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Насельнікі гэтага свету:
А п е н д ы ц ы т
Г р ы ж а
Б е з Д ы я г н а з у
П с і х

Насельнікі таго свету:
А р м а г а д о н
А м а р г а д о н
М а л о д ш ы Б р а т
Д а ч к а
Г а н е ц

Персанал шпіталю:
Д о к т а р
С я с т р а

Падвойныя персанажы:
Г а л а в а
П у с т ы
Я н а

Рэчы:
Т э л е в і з а р
Т у м б а ч к а
Г а н д о н
Л і х т а р ы к

Міты:
Б э н Л а д э н
К Г Б
С а н т э х н і к

Стан:
Д у ш а

З’ява:
Г а н е ц

Т э л е в і з а р
— Вяшчае Галава!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дзе ж галава?.. Капуста... Нейкі згустак...

Д о к т а р
— Арыгінальна выглядае...

А п е н д ы ц ы т
— Пуста...
Амаль крыштальна... Вось ён — наш палац.

Г а л а в а - з г у с т а к
— Суродзічы! Сяўба на ўсіх палях
Завершана! Ура!

Т э л е в і з а р
— Ур-р-а!..

Г а л а в а - з г у с т а к
— Агрэсар
Разбіты ўшчэнт!
Рэгіна і прафесар
Адпушчаны! Памілаваны мной!
Хай ведаюць усе, што я не той,
А гэты! Справядлівы і гуманны!
Займіцеся, прафесар, галавой!
Рэгіна!
Ты трусы згубіла ў ваннай...
Я іх знайшоў, памыў...
Яшчэ хачу
Сказаць асобна Грыжы...
Ты ўрачу
Паабяцай палову за Рэгіну,
Рэгіне — за ўрача, а палавіну
Падзелім папалам.

А п е н д ы ц ы т
— А колькі нам?..

Г а л а в а - з г у с т а к
— Апендыцыт?..

А п е н д ы ц ы т
— Ну... я...

Г а л а в а - з г у с т а к
— Сантэхнік там?

А п е н д ы ц ы т
— Быў... выйшаў...
Адцягнуўся на Рэгіне...

Г а л а в а - з г у с т а к
— Рэгіна...

С я с т р а
— Што?..

Г а л а в а - з г у с т а к
— Магла б ты нарадзіць...

С я с т р а
— Каго?..

Г а л а в а - з г у с т а к
— Сантэхніка.
Дзярмо па ўсёй краіне
Плыве...
Скрозь патыхае і смярдзіць...

Д о к т а р
— Глядзі: сплывае...

Т э л е в і з а р
— Сплыў...

Д о к т а р
— Сантэхнік не ўратуе
Краіну...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён
нам прапануе мір?..

А п е н д ы ц ы т
— Хрэн разбярэшся,
што ён прапануе!..
(Да Г р ы ж ы)
Куды?!.

Г р ы ж а
— Пайду падумаю ў сарцір.

А п е н д ы ц ы т
— Сядзі! Мысліцель!..

Г р ы ж а
— Дык жывот скруціла!

А п е н д ы ц ы т
— У круцяля і круціць!

С я с т р а
— Я згубіла
Трусы?.. Я проста збегла
без трусоў.
А ён не гэткі страшны без вусоў,
А то тырчаць —
бы ў вожыка калючкі...

А п е н д ы ц ы т
— Рабіць што будзем?..
Га, кныры і сучкі?..
Другім быць хоча.
І за гэта плаціць.
А Грыжа — думаць...

Г р ы ж а, пляскаючы па азадку
— Дык жа не ў палаце
Мне думаць гэтым!..

А п е н д ы ц ы т
— Што ў цябе там? Нервы?..

Б е з Д ы я г н а з у
— А што тут думаць?..
Той, хто ўночы першы
З Рэгінай быў,
той першы і цяпер...

Д о к т а р
— Другі...

Б е з Д ы я г н а з у
— Другі...

С я с т р а
— Адзін.

Г р ы ж а
— Замоўкні, сцерва!..
Жыць застануся —
разарву, як звер!

А п е н д ы ц ы т
— А ўночы
Без Дыягназу быў першы.
Не Грыжа і не я...

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, не чакаў...

Т э л е в і з а р
— Высакародна як...

Т у м б а ч к а
— Ты б лепей памаўчаў,
Пакуль яны табе не адарвалі
Высакародства...

А п е н д ы ц ы т
— Мы нібы папалі
На дзіўны ранык,
дзе ўжо ўсё прадалі,
Апроч надзеі ды вады святой,
Якой не больш за кропельку, і той,
Хто вып’е тую кроплю —
не загіне…
І ўся надзея — у святой Рэгіне.

П с і х
— Прыгожа запяялі вы!.. Нібыта
Не грэшнікі,
а хор царкоўных пеўчых…

Б е з Д ы я г н а з у
— Я першы быў!

С я с т р а да Д о к т а р а,
паказваючы на Б е з Д ы я г н а з у
— Дык пад яго мне легчы?..

Б е з Д ы я г н а з у
— А пад каго?
Пайшлі!
Давай, карыта!

Т э л е в і з а р
— Высакародна...

Т у м б а ч к а
— Я ж казала...

А п е н д ы ц ы т
— Ён…
І я..

С я с т р а
— І доктар!

А п е н д ы ц ы т
— І гандон.
(Да Г р ы ж ы)
Не выкінуў яго?

Г р ы ж а
— Ты што! Адразу
Памыў...
Адзін жа ад усёй заразы.

Т у м б а ч к а
— Святое...

А п е н д ы ц ы т
— Раз памыў, дык ён, гаротны,
У тых правах, што й мы...
І ён — чацвёрты!

Г а н д о н, з’яўляючыся
— Чацвёрты я!

Б е з Д ы я г н а з у да Г а н д о н а
— Пайшоў адсюль!..
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Ён мёртвы!

А п е н д ы ц ы т
— Не, ён жывы!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды што мне да яго!..

А п е н д ы ц ы т
— А мне што да цябе?!.
Гандон — чацвёрты!
Бо мне пляваць:
жывы ты, або мёртвы!
Ты першым быў? За гэта заплаці!
Хто першы — той апошні!

Б е з Д ы я г н а з у
— Не круці!
Хто першы — той і першы!
Па законе!..

А п е н д ы ц ы т
— Па доктары,
па мне і па гандоне —
Апошні ты!..

Б е з Д ы я г н а з у
да А п е н д ы ц ы т а
— Ты Псіх!..
(Да П с і х а)
Хоць ты яму скажы!..

П с і х
— Як вы счапіліся...
За гэткіх на крыжы
Хіба пакутваў і канаў Гасподзь?
Я ж вам казаў:
Ён бачыць... Вашу плоць
Ён паразіў за гвалтаванне духа.

Г р ы ж а
— Апендыцыт,
ты скрэнціў, бляха-муха?
Як гэта можа захварэць гандон?

А п е н д ы ц ы т
— А ты яго спытай...

Г р ы ж а
— Пайшоў ён вон!

Г а н д о н
— Што ж, я пайду, бадай...
Бо непрыстойна
Такое слухаць.

А п е н д ы ц ы т да Г а н д о н а
— Слухай, стой спакойна.
Як што — я побач.

Г а н д о н
— У шпіталі побыт,
Нібы ў бардэлі!.. Я пайшоў…
(Да Т э л е в і з а р а)
Гуд бай.

Г р ы ж а
— Ды пачакай, братан!..
Ты выбачай,
Я гэта так... Апендыцыт давёў!

Г а н д о н
— Я... за цябе... жыццё...
каб ты быў жыў-здароў...

Г р ы ж а
— А што?.. Ты хворы?..

Г а н д о н
— Так.

Г р ы ж а
— І як?

Г а н д о н
— Смяртэльна.

Г р ы ж а
— Тады пайшоў!.. Шпіталь!..
Рэжым пасцельны!..

Г а н д о н
— Звальняеш ты мяне?

Г р ы ж а
— Пад скарачэнне!

П с і х
— Найшло зацьменне...

Д о к т а р
— Зона ачмурэння.

Г р ы ж а
— Давай, гумовы! На адной назе!..

Г а н д о н
— Каб я быў новы...

А п е н д ы ц ы т да Г а н д о н а
— Стой!
(Да Г р ы ж ы)
Ён у чарзе!

Г р ы ж а
— Якой чарзе?!.
Яшчэ хварэць мне з ім!..

Т у м б а ч к а
— Харошанькі такі... Як херувім...
(Да Т э л е в і з а р а)
Давай яго мы возьмем
у крыштальны
Палац да нас.

Т э л е в і з а р
— Ды што ты! За мяжой
Усё аднаразовае. Шпітальных
Няма парадкаў вашых...

Г а н д о н
— Божа мой... Мне паміраць...
Замытым і зацёртым...

Г р ы ж а
— Давай змывайся!

Г а н д о н
— Ды пайшоў ты к чорту!

Т у м б а ч к а
— Так! Заставайся!
Разам пасядзім...
І вып’ем... Тэлевізар паглядзім.

Т э л е в і з а р
— Што паглядзім?..
Са мной ты, або з ім?

Т у м б а ч к а
— З табой, з табой...
Але і ён згадзіцца,
Калі ў мяне во гэты з гэтай...

Т э л е в і з а р
— Так...

Т у м б а ч к а
— Што значыць так?

Т э л е в і з а р
— У вас тут не бальніца...

Т у м б а ч к а
— У нас — свабода! Воля!

Т э л е в і з а р
— Ды бардак!
Бардэль у вас!
А з Захаду дурнога
Яшчэ мяне прыслалі ў дупамогу!

Т у м б а ч к а
— У што?.. Ой, дупамог!..
Трындзіш без толку!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык ты сама і дай яму,
двухстволка.

Т у м б а ч к а
— Каму?

Б е з Д ы я г н а з у
— Гандону.

Т у м б а ч к а
— Колькі даць?

Д о к т а р
— Ні-коль-кі!..
Пайшлі ўсе вон!
На выхад! Каранцін!..
(Да Г а н д о н а)
А я іх ратаваць яшчэ, крэцін!..

Г а н д о н
— О, не, прафесар...
Я пайду адзін...
Дазвольце толькі тэзу...
колькі слоў...
Любові я служыў, люляў любоў —
Сябе не шкадаваў —
нібы лілею...

Т у м б а ч к а
— Як нашы кажуць!..
Паміраю... млею...
Які там Захад!..
Там няма тых слоў...

Г а н д о н
— І ўсё трываў я...
пах яе... і кроў...
Я скуру сцёр... душу ўсю агаліў...
Ніхто так не любіў, як я любіў,
Жыццё паклаўшы на алтар яе!..

Т у м б а ч к а
— Ах, як гаворыць!..
Салавей пяе...

Г а н д о н
— І вось — канец.
Банальнейшы трохкутнік.

Т у м б а ч к а
— Не плач, салоўка мой...

Г р ы ж а
— Мандапакутнік!
Ідзі, пакуль ад слёз
не разарваўся...

Г а н д о н
— Я ратаваў усіх. Не зратаваўся
Я толькі сам.
Нібы на мне праклён...
Ну, што ж...
Цяпер ратуйцеся ўсе самі...
Хай я гандон,
ды ратавацца з вамі,
З гандонамі,
не буду! Не магу!..

С я с т р а
— Чакай!.. Пастой!..
Не парушай чаргу...

Г а н д о н, выходзячы
— Сваю чаргу
я доктару ўступаю.
(Да С я с т р ы)
А ты бывай, любоў мая святая!

А п е н д ы ц ы т услед Г а н д о н у
— Ну і гандон...
Шкада — з пляча чужога...
(Да Г р ы ж ы)
Дзе браў? Аптэка?
Адрас? Тэлефон?..

Г р ы ж а
— Мне доктар даў...

Д о к т а р
— Так, гэта мой гандон!
Шчаслівы я,
што ўзгадаваў такога!
Што ён у бацькі
дух узяў нязломны!..

С я с т р а
— Як ён стаяў!..

Т у м б а ч к а
— А як спяваў нястомна...

А п е н д ы ц ы т
— Так... У такім, як ён,
і мой бы ўстаў.
А ў іншых штось не хоча...
Мусіць, душна...

Т у м б а ч к а
— Якія ў ім узвышаныя думкі!..
Ніколі б не падумала... А ў вас?..
Ці вы мужчыны?..
ці вы людзі... ці вы?..

С я с т р а
— Зацёртыя яны прэзерватывы.
Пайду ад іх...
Хай трахаюцца ў дошку...

Г р ы ж а
— Куды пайшла?..
На месца, мандавошка!

Д о к т а р
— Не смець! Маўчаць!

С я т р а
— Прашу не зневажаць.

А п е н д ы ц ы т
— Яму не трэба —
вось і зневажае...
Дый ты сама...
Перш думай, чым даваць.

С я с т р а
— Я б думала... Яна не дазваляе.
Як цыгарэта ды глыток віна —
Так чэшацца, як завяліся вошы.

Я н а, з’яўляючыся
— А што вы пра мяне:
“Яна, Яна...”

С я с т р а
— Што з ёй рабіць,
не ведаю сама...

Г р ы ж а
— Вусатаму нясі.
Ён дасць ёй грошай.

Я н а
— Як быццам у мяне імя няма...
Рэгіна, ты за кошт мяне харошай
Не будзеш болей. Болей задарма —
Ніколі і нікому!

С я с т р а
— Дык жа хочуць...

Я н а
— І перахочуць!..
Ты паслухай Грыжу.
Хоць я яго таксама ненавіджу,
Халяўшчыка,
але ён праўду кажа…
За грошы дам хоць чорнаму,
як сажа,
Хоць лысаму, як чорт, —
ды хоць каму!

С я с т р а
— Ну, а вусатаму?..

Я н а
— І за мільён — яму!
Пра будучыню думай. Ты, Рэгіна,
Ужо не школьніца,
і разгуляй-маліна
На даху ці ў падвале —
не для нас.
Ты што, не бачыш,
як змяніўся час?
Ну, дам я гэтаму...
Ці гэнаму я дам,
Ці вунь таму... А што за гэта нам?

С я с т р а
— Як — што?..
Дадзім — зратуем...

Т э л е в і з а р
— O, madam!
Amazing!..
You are beautiful, madam!

Я н а
— Эмэйзін?..
Дык эмэйзін — за валюту!

Т а м б а ч к а да Т э л е в і з а р а
— Стаяць!..

Я н а да С я с т р ы
— Не разумею я, чаму ты
Са мной, сваёй… сястрой,
нібыта з лахмадранкай
Чужою абыходзішся якой?
Таўкуць уноч!
Таўкуць мяне наранку —
Спаць не даюць!..
Ды пашкадуй хоць трохі...
Шалёны шквал
Ляціць у твар эпохі!
А на табе — як ветрык, паліто...
За што, Рэгіна?..
Ты скажы: за што?..
І потым — добра: зараз маладая
І гладкая, салодкая такая...
Але, Рэгіна, час не за гарой,
Як стану
я маршчыністай, старой,
І анікому не патрэбнай стану!..
Ну, можа,
трахнуць без разбору, сп’яну...
Дык гэта ў беднаце!
А пры валюце
Лятаць мы будзем
іскрамі ў салюце!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Як меркантыльна...

А п е н д ы ц ы т
— Гэтакай насільна
Не будзеш мілы...

Д о к т а р
— Нельга ўсё ж, пасільна,
Без высілкаў, за так дапамагчы?..

Я н а
— За так вы ўжо
таўклі мяне ўначы
І ўдзень, калі дзяжурылі, таўклі...

Д о к т а р
— Ну, не зусім за так...
Усё ж былі...

Я н а
— Што там было!..

С я с т р а
— Шампанскае... цукеркі...

Я н а
— Дык гэта ўсё табе,
а мне — ад хрэна дзверкі!
Ледзь ён за іх — і ўсё!
Пайшла! Пад’ём!..
Рэгіна, мы вусатаму даём.
Таму, хто плаціць.

Т э л е в і з а р
— Fak him!.. Я плачу!..

Я н а
— Я патрыётка!

Т у м б а ч к а
— Сядзь!..

С я с т р а
— Але ўрачу
Няхораша не даць...
Усю вакцыну
Ён мне аддаў... Давай напалавіну,
На чвэрць яму дадзім...
І ўсё, дадому...

Я н а
— Альбо вусатаму —
альбо нікому!

Т э л е в і з а р
— О, дзева-дзіва!
Прыгажосць якая!..

Т у м б а ч к а
— Раз’якаўся!..
Вунь і ў мяне такая!

Т э л е в і з а р
— Такая ды не тая... Я плачу,
Рэгіна!

С я с т р а
— Ой... Не ведаю... не знаю...

Т у м б а ч к а
— А што тут знаць?
Усіх у карак гнаць!..

Т э л е в і з а р
— Не біць! Тут шкло!..

Т у м б а ч к а
— Зашкліся!.. Як трываць?
Яшчэ за так!
Ды з мордаю шкляной!..
(Да С я с т р ы)
Твая сказала праўду! І сваёй
Скажу я, каб з тваёй пагаварыла —
І во ўсім ім!..

А п е н д ы ц ы т
— Ну, Тумбачка, ты — сіла.

Т у м б а ч к а
— Як гэта чуць: такая ды не тая!

П с і х
— А што такое
прыгажосць людская?
Хто мне адкажа?
Можа, Грыжа, ты?..
Крышталь яна,
што поўны пустаты,
Ці той агонь,
які ў крышталі ззяе?

Г р ы ж а
— Ой, вось чаго не трэба —
гэта вершаў!..
Давайце вырашаць:
хто будзе першы?

Б е з Д ы я г н а з у
— А ты пры чым?..
Як бык, здаровы...

Г р ы ж а
— Так,
Здаровы я. Адзін з усіх… Аднак
Не саступлю, бо маю інтарэсы!
Давайце жэраб кінем...
Га, прафесар?..
Бо не саступяць вам —
ні ён, ні ён...
І я не саступлю… Адзін гандон
Вам саступіў...

А п е н д ы ц ы т
— Не ён, а ты гандон!..

С я с т р а
— А сто мільёнаў —
гэта што?.. Мільён
Памножаны на сто?..

Д о к т а р
— Сястра, пра што вы?..
Дапамагчы —

ваш абавязак… доўг...

С я с т р а
— Дык што мне:
на яе прыбіць падкову,
Каб не сціралася?..
А ёй — хто дапамог?
А мне самой?.. За гэткую работу
Цукерачку?..
До! Выхадны! Субота!

Д о к т а р
— Ты ж не габрэйка, выбачай…
І ні…

С я с т р а
— І што, што не габрэйка?..
Ты мне дні
Не будзеш прызначаць!
Адпрызначаўся!

Д о к т а р
— Рэгіна, я заўсёды… я стараўся...

С я с т р а
— Стараўся ён!..

Т у м б а ч к а
— Стараўся — ледзь не ўс...аўся!..

Д о к т а р
— Як груба... як вульгарна...
Мне так горка…

С я с т р а
— Ах, табе горка?..
А “мая ты зорка”,
“Мая ты ружа”, –
хто мне ўсё спяваў?
А кветку… хоць адну… падараваў
За пяць гадоў?..
Крактаў адно: “Старэю,
Дай бедному і хвораму габрэю...”

Д о к т а р
— Ды нешта ж падарыў я...

С я с т р а
— Ганарэю!
І тую б не прынёс,
каб не суседка!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, ганарэя
ў нейкім сэнсе кветка...
(Да С я с т р ы)
У параўнанні з ягадкай, якой
Ты нас пачаставала…

С я с т р а
— Ой-ё-ёй…

Б е з Д ы я г н а з у
— Не ёйкай! Стой!..
Як быць мне з галавой?
Вярні мне галаву!..
Заб’ю!..

С я с т р а
— Забі!..

Т у м б а ч к а
— Ды забяры даўбню сваю, дэбіл!
Як я яе надзела, так не знаю,
Што з ёй рабіць...
Вось пра любоў чытаю,
А ў галаве адно ўсё: трах ды трах.
А думкі ў ёй!..
Як у свінарні… Жах!..
А што за словы! Толькі ё да ё!..

А п е н д ы ц ы т
— Во і ў маёй такія ж, ё-маё.
Бывае іншым разам е ды е...

Б е з Д ы я г н а з у
— Маўчы, драўляшка,
бо па галаве…

Т у м б а ч к а, падстаўляючы галаву
— Бі! Па сваёй!..
Не, я маўчаць не стану:
Не я драўляшка,
гэта ты — драўляны!
Бо ты — з а б о й ц а!

Б е з Д ы я г н а з у
— Я сказаў: маўчы!

Т у м б а ч к а
— Забойца ты! Ад кары не ўцячы
Табе нікуды, нават у бальніцу,
Куды ты лёг, бо замятаў сляды!

Б е з Д ы я г н а з у
— Не давядзі, шасцёрка, да бяды!
Асцеражыся, бо…

Т у м б а ч к а
— Бі чым папала!
Праломвай! На! Твая!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, ты дастала!
Ты давяла!..

Т у м б а ч к а
— А помніш: “Дзе была?” —
Пытаўся ты. У КГБ!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Здала.
Я здагадаўся… Нюхам я адчуў…

С я с т р а,
засланяючы Т у м б а ч к у
— Яна маўчыць, маўчыць…

Т у м б а ч к а
— Ды не хачу
Маўчаць!..
І бачыць, як нахабна маняць
У вочы вам!
Як адбіраюць памяць
І топчуць гонар!..
Вам кладуць на грудзі,
А вы… А вы трываеце! Не людзі,
А тумбачкі!.. Тады адкрыта мне
Прызнайцеся:
вам хораша ў г...не!
Апендыцыт?.. Маўчыш?..
Ці ты мне скажаш,
Што гэта масла —
і на хлеб намажаш?
Намажаш!.. І з’ясі, калі нальюць…
Вас зневажаюць, у душу плююць,
У задніцу запіхваюць, а вы…
Над вамі Галава без галавы,
Ды вы і безгаловаму гатовы
Служыць!.. Дык хто вы?..
Хто вы?..
Хто вы?..
Хто вы?..

А п е н д ы ц ы т
да Б е з Д ы я г н а з у
— А ты каго забіў?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Усіх заб’ю!
Парэжу!.. Ты, драўляшка!..

Т у м б а ч к а
— Ой, лю-лю…

А п е н д ы ц ы т
— Каго забіў ты, я цябе спытаў?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Забіў таго, каго ён загадаў!

П с і х
— Хто
Ён?..

Б е з Д ы я г н а зу
— Ён —
Ён! Не вам пра тое знаць!
Трываць — вось ваша справа!
І маўчаць!

Т у м б а ч к а
— Што, з’елі?..
Ён усё вам растлумачыў?..

А п е н д ы ц ы т
— Каго забіў ты? Мразь...
Гандон сабачы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Апендыцыт, не лезь!

Т у м б а ч к а
— Ды не палезе ён…
Ну, хто вы ўсе? Ты?.. Ты!..
Калі гандон
І той на вас наклаў!.. Таму і рада,
І цешыцца людзьмі такімі ўлада,
Бо на каленях
вы з дзярма любога
Глядзіце на яе, як Псіх на Бога!
Ну і маліцеся!..
Вы — тумбачкі. Не людзі.

Г р ы ж а да ў с і х
— А хто гэта яе наняў у суддзі?..
(Да Т у м б а ч к і)
Ты, посцілка… Мадэлька…
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Там бутэлька
Не апусцела?..
(Да Т у м б а ч к і)
Сучка…

А п е н д ы ц ы т,
падаючы бутэльку Г р ы ж ы
— На, глыні…

Т у м б а ч к а
— Як вока, поўная…
Глядзі не патані…

А п е н д ы ц ы т
— І ты спыніся! Хвалю не гані,
І так нагнала…

Б е з Д ы я г н а з у
— Галаву вярні.
Пакрасавалася…

Т у м б а ч к а, вяртаючы галаву
— Ага. Баба-Яга.

Б е з Д ы я г н а з у
— Харошая мая…
Ідзі сюды… Ага…
Не прыстаўляецца…
А лёгка так знялася…
Хістаецца…

Г р ы ж а
— Дык з Тумбай напілася.

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды што ж гэта?..

Д о к т а р
— Хвароба. Вірус.

Г р ы ж а
— Грып.

Б е з Д ы я г н а з у
— Заткніся! Ты!..

Д о к т а р
— Сябры! Мы тут маглі б
Жыць без галоў,
або з адной на ўсіх…

А п е н д ы ц ы т
— З той, што вяшчае?
Доктар, вы не псіх?..

Д о к т а р
— Адну Радзіму мець, адну сям’ю,
І я…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, што?

Д о к т а р
— Я галаву сваю
Вам аддаю! Я ўжо стары, а вы
Такія юныя!..

Г р ы ж а
— І нам капаць равы.

Д о к т а р
— Не! Вам ствараць!
Кахаць! Вы ў самай сіле!

С я с т р а
— З ахвяраю палез?..
Цябе прасілі?

Д о к т а р
— Так, ахвярую! Я вас уратую!..

Г р ы ж а
— І павядзеш нас
у зямлю святую?..
Ты хто такі? Падумай…

Д о к т а р
— Я габрэй
І сын габрэя!

А п е н т ы ц ы т
— Доктар, не дурэй…

Д о к т а р
— Я жыд пархаты!..

Т у м б а ч к а
— Ой, ё-ёй-ё-ёй…

Д о к т а р
— І я Радзіме дарагой маёй,
Сваёй Айчыне ўсё аддам,
што маю:
Не капялюш, а галаву здымаю!

Т э л е в і з а р
— А тут хіба Радзіма… іудзея?..

Д о к т а р
— Радзіма — не зямля!
А дух! Ідэя!
І дух твой там, дзе ёсць ты сам!..

А п е н д ы ц ы т
— А дзе я?..
Складана ўсё…

Д о к т а р
— Прасцей, чым двойчы два!..

Т э л е в і з а р
— Увага ўсім! Вяшчае Галава!

Г а л а в а – з г у с т а к
— Браты і сёстры!

С я с т р а
— Хто?..

Г а л а в а – з г у с т а к
— Суседзі і суседкі!..
Рэгіна не вярнулася з разведкі.
Яе перахапілі іншаземцы.
Амерыканцы ў Магілёве! Немцы
Бяруць Бабруйск!
Без пашпартоў, без візаў…
Вакцына ўся,
што вырабіў правізар,
У ворага ў руках! І тэлевізар
Таксама ў іх! Гуляе з імі, п’е,
Без галавы мяне перадае!
Ён служыць глабалістам! Гэты гад
Паказвае ўсё перадам назад!
На тумбачку купіўся!..

Т у м б а ч к а
— Я балдзею…

Г а л а в а – з г у с т а к
— Суродзічы, за намі Сталінград!
Вялікая славянская ідэя!
Мы ўсё парушым і пачнем знава!
Без галавы! Ідэі галава
І не патрэбная,
Ідэя ўся ў ідэі,
Сама ў сабе…

С я с т р а
— І я з яго балдзею…

Г а л а в а – з г у с т а к
— Яна — дзе я!
Ды не скажу я, дзе я!

Б е з Д ы я г н а з у
— Зусім паплыў…
Замест мазгоў трава…

Д о к т а р
— Хто небудзь
растлумачыць іудзею:
Патрэбна для ідэі галава,
Ці галава патрэбна для ідэі?

Г а л а в а – з г у с т а к
— Гэй, Грыжа!..

Г р ы ж а
— Я!

Г а л а в а – з г у с т а к
— Жывы?

Г р ы ж а
— Жывы яшчэ…

Г а л а в а – з г у с т а к
— А дзе сантэхнік?

Г р ы ж а
— У двары… Капае…

Г а л а в а – з г у с т а к
— Скажы яму,
што скрозь дзярмо цячэ…
Смярдзіць ва ўсёй краіне…
Патыхае…

Т у м б а ч к а
— Знікае…

С я с т р а
— Знік…

Г а л а в а – з г у с т а к, знікаючы
— Гэй… Грыжа!..

Г р ы ж а
— Я!

Г а л а в а – з г у с т а к
— На ўлік
Сантэхніка пастаў…

Г р ы ж а
— На ўлік які?..

Г а л а в а – з г у с т а к
— Вайсковы…
Туды, дзе безгаловыя галовы.

Т у м б а ч к а
— Усё…
У тэлевізары завея…

А п е н д ы ц ы т
— Хоць хтосьці
хоць што-небудзь
разумее?

Б е з Д ы я г н а з у
— Я думаю, што гэта быў…
ну, тэст…

А п е н д ы ц ы т
— На што?

Б е з Д ы я г н а з у
— На інтэлект.

Д о к т а р
— Пратэст! Пратэст! Пратэст
Нам трэба аб’явіць!..

А п е н д ы ц ы т
— Каму пратэст?

Д о к т а р, тыкаючы ў Т э л е в і з а р
— Яму!

Г р ы ж а
— Каму, каму?..

Д о к т а р
— Яму!.. Яшчэ ўсяму таму,
Што з ім плыве,
смярдзіць і патыхае!..

Т у м б а ч к а
— Якая жарсць!

Б е з Д ы я г н а з у
— Камедыя якая…

Д о к т а р
— Чаго сядзім?
Каго мы тут чакаем?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Карціну жывапісную ствараем…

Г р ы ж а
— Па-мойму,
мы чакаем тут Рэгіну…
Па жэрабу…

А п е н д ы ц ы т
— Вось зараз жэраб кіну —
І будзеш зубы па кутах шукаць!..
Прафесар, вы герой…
Але хачу спытаць:
Вы з намі
не ў чарзе?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён пратэстант…

А п е н д ы ц ы т
да Б е з Д ы я г н а з у
— Маўчаць!
(Да Д о к т а р а)
Вы ахвяруеце?..

Д о к т а р
— Так, не пратэставаць!
Ахвяраваць! У гэтым веліч духа!..

Б е з Д ы я г н а з у
— А як вас, доктар,
выбачайце, зваць?

Д о к т а р
— Леў Львовіч я…

Г р ы ж а
— Леў Львовіч… Бляха-муха!..

Д о к т а р
— Так, бляха-муха!
Веліч — у ахвяры!
У мары пра ахвярнасць!

А п е н д ы ц ы т
— Вашы мары
Даволі небяспечныя… Хаця
Ва ўсіх яны такія…

С я с т р а
— Ты дзіця…
О, Леў! Мой Леў!
Мой бог, які ты чысты!
Высакародны! Светлы!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, артысты!..
А час ідзе. Нас рэжуць без нажа.

Д о к т а р
— Нябачная ў сусвеце ёсць мяжа
Паміж зямлёй і небам…

С я с т р а
— Гэта тая,
Дзе небасхіл?..
Дзе хмаркая залатая?..

Д о к т а р
— Глядзі вышэй…
Вышэй…
Там, за мяжою той,
Усё, што мы ўзялі
ў пазыку ў Бога,
Вяртаць настане час!..

Г р ы ж а
— А што я браў?.. Нічога.

Б е з Д ы я г н а з у
— І я не браў…

С я с т р а
— А што там, Леў?

Д о к т а р
— Дарога.

С я с т р а
— Да Бога?

Д о к т а р
— Можа быць…

С я с т р а
— А ён чакае нас?

Д о к т а р
— Не ўсіх.

С я с т р а
— Не ўсіх?.. А я хачу з табой,
Абняўшыся…

Б е з Д ы я г н а з у
— Абдымкі з пустатой!
Смяртэльны нумар!
Уваход свабодны
За той мяжой…

А п е н д ы ц ы т
— Вось тут я цалкам згодны:
За той мяжой, дзе пустата…
За той…

Б е з Д ы я г н а з у
— До пра пустое!..
Што рабіць з сястрой?

Т у м б а ч к а
— А тое ж, што са мной!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты… развалюха…

А п е н д ы ц ы т
— Леў Львовіч,
галаву за нос і вуха
Трымаць?.. Вось так?..

Д о к т а р
— Ну, так… Ды без вакцыны
Не прырасце…

Б е з Д ы я г н а з у
— Я першы да Рэгіны!

А п е н д ы ц ы т
— Ды пачакай!.. А без яе — ніяк?

Д о к т а р
— Ніяк.

А п е н д ы ц ы т
— Ні так, ні так?..
А як жа сіла духа?
А веліч духа як?..

Г р ы ж а
— Ды вось ён, дух!
Дзе корак?!.
Ух, як жлукціць, бляха-муха!
Апендыцыт! Ды не лаві ты мух!
Дапамажы!.. З гарла!..
Ух ты, скаціна! Ух,
Ты свалата!..
Да дна!
Да кроплі ўсё!
І змыўся!..

А п е н д ы ц ы т
— Хто гэта быў?..

Г р ы ж а
— Ды хрэн з гары зваліўся!
Прасіў жа: памажы!
Хоць корак дай!

А п е н д ы ц ы т
— Хто гэта быў?

Г р ы ж а
— Здаровы, як бугай!
Я не слабак… Я так і так… А ён!..

А п е н д ы ц ы т
— Хто гэта быў? Га, Псіх?!.

П с і х
— Амаргадон.

Б е з Д ы я г н а з у
— Хто? Цар Гадон? Які Гадон?..

Г р ы ж а
— Гандон
Задрыпаны!
Ну, падла!..

А м а р г а д о н
— Хто гандон
Задрыпаны? Хто падла?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ладна… ладна…

П с і х да А м а р г а д о н а
— Ты ў час прыйшоў?

А м а р г а д о н
— У час, калі з’явіўся.

Г р ы ж а
— З’я-віў-ся!..
А чаго так раз’ярыўся?
А-мар Га-дон!..
Я — Грыжа. А вось ён —
Апендыцыт. І што?

А м а р г а д о н
— Мне выйсці вон?

Г р ы ж а
— Так! Вон!

У с е а д з і н з а а д н ы м
— Вон!
— Вон!
— Вон!
— Вон!..
— Чаго прыпёрся?
— Тут цябе чакалі?..

А м а р г а д о н
— Глядзі, як нашы
гарадскіх пагналі…
(Да П с і х а)
Скажы ім, хто я!

П с і х
— Ён — Амаргадон.

Г р ы ж а
— Ды бачым, што Гадон!
І што такое?..

У с е а д з і н з а а д н ы м
— Што?
— Што?
— Ну, што?
— Ну, што?...

А м а р г а д о н
— А толькі тое,
Што я — канец.

Б е з Д ы я г н а з у
— Канец каму?
(Праводзіць двума пальцамі
пад носам, як па вусах)
Яму?..

А м а р г а д о н
— Не аднаму.
Усім вам і ўсяму.

Г р ы ж а
— А ну гані!..

Ус е а д з і н з а а д н ы м
— У карак!
— На!
— Па рэбрах!
— Па печані!
— Па яйцах!..

П с і х
— До!.. Не трэба!
Не біце!.. Ён пасланы не сабой!

А п е н д ы ц ы т
— Што значыць не сабой?..
А кім? Адкуль?

А м а р г а д о н
— Я з неба.
Пасланы Богам.

Т у м б а ч к а
— Ой-ё-ёй-ё-ёй…

П с і х
— А дзе твой брат?

А м а р г а д о н
— Мой брат… Ён тут… ён там…
Па справах па сваіх…

А п е н д ы ц ыт
— А ты, таварыш, нам
Мазгі не пудрыш?

А м а р г а д о н
— Ёсць што пудрыць?

Т у м б а ч к а
— Хам!

А м а р г а д о н
— Не, я не хам.
Я той, хто ўслед за хамам.

А п е н д ы ц ы т
— Дык гэта што?..
Фінал біблейскай драмы?

Б е з Д ы я г н а з у
— Сусветны апакаліпсіс?

Г р ы ж а
— Шындзец?..

С я с т р а
— Ой, мамачкі…
ой, мамачка… ой, мама…

А м а р г а д о н
— Так, гэта я.

Г р ы ж а да П с і х а
— Ён самы?

П с і х, падумаўшы
— Поўны самы.

Г р ы ж а праз паўзу
— Дык жа відаць: арол!
Ну, здаравец!..
Вы бачылі, як ён гарэлку?.. Сіла!..
Амаргадон! Раз — і да дна!
З гарла!
Чароўную!
На усіх бы тут хапіла!..
Дуб! Волат! Га?..
Не чалавек — гара!
У нас такія ёсць?..

Б е з Д ы я г н а з у
— У нас такіх няма.

А м а р г а д о н
— Так, я не чалавек…

Б е з Д ы я г н а з у
— Вось гэта ты дарма!
Ты чалавек! Давай па-чалавечы!..
Дружыць!..
Ну, мы не ўцямілі… Ёсць рэчы
Не зразу зразумелыя…

А м а р г а д о н
— У плечы
Панадавалі, а цяпер дружыць?

Г р ы ж а
— Так, сябраваць!
Па-чалавечы жыць!

А м а р г а д о н
— Ды я не чалавек!

А п е н д ы ц ы т
— Ды што ты! Што ты!
Ты чалавек!

У с е а д з і н за а д н ы м
— Ты друг!
— Таварыш!
— Брат!..

Д о к т а р
— Дык вы — Канец?..

А м а р г а д о н, ківаючы
— Канец.

П с і х
— З’явіўся акурат…

Д о к т а р
— А нельга пачакаць?

А м а р г а д о н
— Чаго?

Д о к т а р
— Ды я работы
Не дарабіў...
Тут хворы… з галавой…
На аперацыю…

С я с т р а
— О, Леў! Каханы мой!..

Г р ы ж а
— Ну, не!.. Во хітрыя!
Што ён і што яна!
На аперацыю…
Збягуць, а нам хана!

А м а р г а д о н
— Куды збягуць?

Г р ы ж а
— Не ведаю, куды!
Туды, сюды…
Збягуць, калі жыды!

А м а р г а д о н
— Дык я таксама жыд…

Г р ы ж а
— Які ты жыд?.. Ты наш…

А м а р г а д о н
— А што такое: ваш?..
Мясцовы?..

Г р ы ж а
— Ну… Тутэйшы…

А м а р г а д о н
— Здаровы, як і вы?..

Г р ы ж а
— Ты нават здаравейшы!

А м а р г а д о н
— І больш, чым вы, тутэйшы?..

Г р ы ж а
— Больш!

А м а р г а д о н
— На колькі?

Г р ы ж а
— На…

А м а р г а д о н
— Прыблізна…

Г р ы ж а
— На…

Т у м б а ч к а, ацэньваючы
— На паўвядра г...на.

Г р ы ж а
— Амаргадон, даруй!..
(Да Т у м б а ч к і)
Ах, ты трухля! Ну, бля-я-…
ха-муха!..

А м а р г а д о н
— Не чапаць!..
(Да Д о к т а р а)
Дык я
Вас слухаю.

Д о к т а р
— Я… І сястра мая…
(Паказваючы на П с і х а)
На аперацыю…

П с і х
— Ды ўжо няма патрэбы,
Прафесар…

Б е з Д ы я г н а з у
— Хай парэжа! І на неба…

Д о к т а р
— Але ёсць доўг…

П с і х
— Цяпер ужо нас Бог
Спытае за даўгі…

А м а р г а д о н
— Што ж, я не воўк,
Хоць і не чалавек.
(Да С я с т р ы і Д о к т а р а)
Вы за гадзіну
Паспееце?

С я с т р а
— Не ведаю…

Д о к т а р
— Павінны…

А п е н д ы ц ы т
— Ты адпускаеш іх?

А м а р г а д о н
— Не назусім.... На час…

Б е з Д ы я г н а зу
А п е н д ы ц ы т
Г р ы ж а
— А нас?
— А нас?
— А нас?

А м а р г а д о н
— Я б адпусціў і вас,
Ды духу ў вас няма…

А п е н д ы ц ы т
— А што ў нас?

А м а р г а д о н
— Толькі газ.
Якія мітуслівая вы трое!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Амаргадон, пусці…
Мне трэба там… з сястрою…
А я табе ўсё, што захочаш, дам!

А м а р г а д о н
— Чаго б мне захацець?..

А п е н д ы ц ы т
— А нам як быць?

Б е з Д ы я г н а з у
— А нам?...

Т э л е в і з а р
— А мне як быць?..
(Пра Т у м б а ч к у)
І ёй?..

Г р ы ж а
— Вы дровы! Вы паленні!

А м а р г а д о н
— Да рэчаў
я не маю дачынення…

Т у м б а ч к а
— Я вам не рэч!

Г р ы ж а
— А хто ты!? Ты куды?..

Т у м б а ч к а, кідаючыся на Г р ы ж у
— А я ў муды!

Г р ы ж а, скурчыўшыся
— Ну, Тумба…
(Да А м а р г а д о н а)
Зноў жыды
Ды іншаземцы будуць пёрці ў рай
На шыі нашай?!.

Т э л е в і з а р
— Грыжа, выбірай…

Г р ы ж а
— Што — выбірай?
Што — выбіраць?!.
Канец?!.

А м а р г а д о н
— Фінал. Або як ты казаў…

Г р ы ж а
— Шындзец?..
Ну, бл..., тады гуляць!
Рэгіна — ракам!
І на мяне!.. Вось так!..
(Да Б е з Д ы я г н а з у
і А п е н д ы ц ы т а)
У рот!.. У с...аку!.. Хор!
Апошні хор усім наперакор!..

А п е н д ы ц ы т
— Бл...дзь, паміраць,
дык з музыкай!
Дапёр?..

Г р ы ж а
— Дапёр!..

А п е н д ы ц ы т
— І я дапру!..
У рот яе! Аральна!
Рэгіна — гэта ж так арыгінальна!
Не Маня, Ніна, Зіна, а Рэгіна!

Б е з Д ы я г н а з у
— А я ў анал! У зад яе, скаціну!
Вакцына ты — дык на табе
Вакцыну!..

А м а р г а д о н
— Якія жвавыя…

Г р ы ж а
— Жывыя!

Т у м б а ч к а
— Жах які…

Д о к т а р
— Вы… вы… вы што зрабілі?..
З кім?..

Г р ы ж а
— Ды кінь,
Прафесар!.. Ты ў чарзе чацвёрты.

Т у м б а ч к а
— Вы мёртвыя…

Б е з Д ы я г н а з у
— Калі тут нехта мёртвы,
Дык гэта ты.

Д о к т а р
— Што ж вы зрабілі з ёй…
Звяры…
Хадзем, Рэгіна…
(Да П с і х а)
Вы са мной…
Хоць вы тут здаравей за ўсіх,
ды мой
Доўг, абавязак…

Б е з Д ы я г н а з у
— Клятва Гіпакрата…

Д о к т а р
— Так, клятва!

А п е н д ы ц ы т
— Для сусвету Псіх — не страта,
Прафесар!

Г р ы ж а да Д о к т а р а
— Ты падумай пра сябе!
Вакцына ў ёй!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды ён яе ўдзяўбе,
Як певень! Толькі выйдуць…
Гі-па-крат…

Т у м б а ч к а
— І гэтакіх у рай?.. У боскі сад?

А м а р г а д о н
— А хто казаў пра рай?..
Там установы
Ёсць розныя…

Т у м б а ч к а
— Ну, хто вы?.. хто вы?.. хто вы?..
Вы вырадкі…

П с і х
— Вар’яты… Бо яны
Не ведаюць, што робяць… І віны
На іх няма…

А м а р г а д о н
— На кім няма віны?
На гэтых?..
Ды вы што!..
Падобна, што здзіўляцца
Я толькі пачынаю тут…

Т у м б а ч к а
— Ён бл...ва
З вар’яцтвам блытае.
Праз тое ашызеў.

Д о к т а р
— Табе баліць, Рэгіна?..

С я с т р а
— Не, мой Леў...
Ад гэтых вырадкаў?..
Ад гэтых — не баліць.

Т у м б а ч к а
— Сястра мая… Ніхто абараніць
Цябе не змог…
(Да Т э л е в і з а р а)
А ты куды глядзеў?!.

С я с т р а да Т у м б а ч к і
— Сястра, не трэба…
(Збіраючыся пайсці)
Дай руку мне, Леў…

Д о к т а р
— Хадзем…
(Да П с і х а, выходзячы
Мы вас чакаем…

С я с т р а,
раптам перадумаўшы,
не прымаючы дапамогі Д о к т а р а
— Не! Сама!..

Т э л е в і з а р
— Вяшчае галава!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Дзе ж галава?.. Няма
Ніякай галавы…

А м а р г а д о н
— Расслабце нервы…

Г а л а в а б е з г а л а в ы
— Суродзічы!
Я скарыстаў рэзервы!
Прыйшоў канец!
Адзін
з усіх канцоў
Канец я сплёў:
усе вы — без галоў!
Без панікі! Хай вораг панікуе!
Хацеў бы нешта адарваць, а х..!
Няма што адрываць!..

А м а р г а д о н,
пстрыкнуўшы пальцамі
— Ну, гэта як сказаць…

Т э л е в і з а р
— Куды ён знік?..
(Да А м а р г а д о н а)
Ты сапсаваў мяне?
Я іншаземец!..

Т у м б а ч к а да А м а р г а д о н а
— Рамантуй!
Ці не!..
(Кідаецца да Т э л е в і з а р а)
Сама, сама, сама…
Ты што зламаў яму?

А м а р г а д о н
— Я рот заткнуў дэбілу аднаму,
Што праз яго вяшчае…

Г р ы ж а
— А каму
Яшчэ вяшчаць?..

А м а р г а д о н,
уважліва ўсіх агледзеўшы
— Тады пара канчаць.
Чакаць няма чаго. Няма каго.

А п е н д ы ц ы т
— Не! Ёсць, каго!..

Г р ы ж а, паказваючы на П с і х а
— Яго!

Б е з Д ы я г н а з у
— Яго!

А п е н д ы ц ы т
— Яго! Яму на аперацыю!..
(Паказваючы ў бок, куды выйшлі
Д о к т а р і С я с т р а)
Траіх
Яшчэ чакаць!..

А м а р г а д о н
— Пра тых забыўся…

Г р ы ж а,
Б е з Д ы я г н а з у,
А п е н д ы ц ы т адзін за адным
— Псіх…
Ты не спяшайся…
Ты пабудзь… Пастой…
Ты — так вось — з намі…
Так вось — мы з табой…
Кампанія якая: мы і ты!..
Усе сябры!
Таварышы!
Браты!
Мы — калектыў!

Т у м б а ч к а
— Ага. Мужчынскі хор.

Г р ы ж а да Т у м б а ч к і
— Не лезь!
(Да П с і х а, паказваючы ў бок,
куды выйшлі С я с р а і Д о к т а р)
А там хто?.. Курва… Жывадзёр,
Чык — і зарэжа…
Вокам не міргне…

А м а р г а д о н
— Ідзеце вы ці не?

П с і х
— Іду… Жыццё на дне…

Г р ы ж а,
Б е з Д ы я г н а з у,
А п е н д ы ц ы т адзін за адным
— На дне…
На дне…
На дне…
Дык пачакай ты…
Пацягні ты час…
Прыдумай нешта!..

П с і х
— Што?

А п е н д ы ц ы т
— Ты блаславі ўсіх нас!

П с і х, спрабуючы пайсці
— Я не святар.

Г р ы ж а
— Ну, Псіх, яшчэ хвіліну!..

П с і х
— Як вас затрэсла…
Двойчы пупавіну
Адрэзаць нельга…

Г р ы ж а,
Б е з Д ы я г н а з у,
А п е н д ы ц ы т адзін за адным
— Нельга!
Нельга!
Так!
Ты нам казаў!..

А м а р г а д о н да П с і х а
— У вас сябры, аднак…

П с і х
— Якія ёсць. Мне іх усіх шкада.
Вось іх не стане, а трава, вада…

Г р ы ж а,
Б е з Д ы я г н а з у,
А п е н д ы ц ы т адзін за адным
— Так, так, трава…
Вада…
І птушкі…
Мурашы…
Ну, як яны без нас?!.

Т у м б а ч к а
— Ні сэрца, ні душы,
А толькі страх.
І як яны жылі?..

А м а р г а д о н
— Са страху і жылі,
як і памруць са страху.

Г р ы ж а
— Амаргадон!..
Ты нас ужо затрахаў!

А м а р г а д о н да Т у м б а ч к і,
ківаючы на Г р ы ж у
— Крычыць са страху...

Т у м б а ч к а
— Можа, на зямлі
Інакш і быць не можа?..

П с і х
— Божа, Божа…
(Да А м а р г а д о н а)
Няўжо, як Тумба кажа, так і ёсць?
І ўсё, што ёсць
на гэтым свеце— косць
Сабакам кінутая?..

А м а р г а д о н
— Я тут толькі госць.
Пра ўсё не ведаю.
(Паказваючы на Г р ы ж у,
Б е з Д ы я г н а з у
і А п е н д ы ц ы т а)
Але пра іх дакладна
Магу сказаць:
дзярмо.

Г р ы ж а, А п е н д ы ц ы т,
Б е з Д ы я г н а з у
— Ды ладна…
Ладна…
Ладна…

Г р ы ж а
— Яшчэ пабачым, хто ты сам такі!
А мы сябры! Браты! Мы землякі!..
Мы разам па…
(Чапляецца за ножку ложка, падае)

Т у м б а ч к а
— Па бабах.

Г р ы ж а
— Па ваду…
І па траву…
Псіх, адвядзі бяду!..

П с і х
— Ды як я адвяду?..

Т у м б а ч к а
— Пашлі ты іх!

П с і х
— Куды?

Т у м б а ч к а, паказваючы
— Сюды во!.. У...

П с і х
— У…

Т у м б а ч к а
— У…

П с і х
— Не, не магу!..

Т у м б а ч к а,
паварочваючыся задам
— Магу во гэтак стаць.
У зад прасцей паслаць…

П с і х
— Які ж у свеце голад
На лаянку!.. А чалавеку голас
Бог даў,
каб ён па-людску размаўляў.

Т у м б а ч к а
— Калі Гасподзь
што-небудзь ім і даў,
Дык не сказаў ім, што!

П с і х
— Не, так здаецца!
А ў іх душа…

Т у м б а ч к а

— Ага, з гаўна…

П с і х, выходзячы
— І сэрца…
Жыццё іх мяла, доля іх сякла
І трушчыла, і біла на асколкі!..
Хто басанож ідзе,
той бачыць, колькі
Паўсюль цвікоў…
ашчэпкаў… друзу… шкла…

Г р ы ж а, гледзячы ўслед П с і х у
— Мы для яго ашчэпкі…
Тваю маць!

А м а р г а д о н
— Ён так сказаў,
што лепей не сказаць.
Пара канчаць.

А п е н д ы ц ы т
— Чакай! Мы ж пачакаць
Дамовіліся… Селі, селі, селі!..
Чакаем…

А м а р г а д о н
— Як вам страшна паміраць…
Што мне зрабіць,
каб вы павесялелі?

Г р ы ж а
— Гарэлкі дай!

А м а р г а д о н, кідаючы бутэльку
— Гарэлкі? Без праблем.

Г р ы ж а, злавіўшы бутэльку
— Чароўная!

А п е н д ы ц ы т
— Святая!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Тая!..

Г р ы ж а
— П’ем!
Гэй, Тэлевізар!
Тумба!

Т у м б а ч к а
— Шклянкі даць?

Г р ы ж а
—Граць і спяваць!
Мы будзем паміраць!

Т у м б а ч к а
— А што спяваць?

Г р ы ж а
— А што ў душы тваёй!..

Т у м б а ч к а
— Ёсць за здароўе.
Ёсць за… упакой.

А п е н д ы ц ы т
— Усё адно!
Будзь, Грыжа!

Г р ы ж а да Б е з Д ы я г н а з у
— Будзьма!

Б е з Д ы я г н а з у
да Т у м б а ч к і і Т э л е в і з а р а
— Граць!
Спявайце, скрынкі!
(Да А м а р г а д о н а)
Я хачу скакаць!..

А м а р г а д о н
— Скачы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Скачу!

А м а р г а д о н
— А што прапанаваць
Ты мне хацеў?

Б е з Д ы я г н а з у,
дастаючы картку
— Амэрыкан экспрэс!

А м а р г а д о н, гледзячы на картку
— American Express?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Тут сто мільёнаў! Без…
Без драбязы!

А м а р г а д о н
— Якой?

Б е з Д ы я г н а з у
— Украў мільён!

А м а р г а д о н
— Сам у сябе?

Б е з Д ы я г н а з у
— Прывычка!..
А м а р г а д о н
забірае ў Б е з Д ы я г н а з у
картку і паціскуе яму руку.

А п е н д ы ц ы т да Г р ы ж ы
п р а Б е з Д ы я г н а з у
— Грыжа, ён…
Ён адкупіўся!..

Г р ы ж а
— Бачу! Задарма!
Пустая картка…
(Да А м а р г а д о н а)
А калі няма,
Мільёнаў — што тады?

А м а р г а д о н
—Хоць што давай.

Г р ы ж а
— Гарэлкі хочаш, га?

А м а р г а д о н
— Маёй? Ну, налівай…
(Перадумвае і забірае
ў Г р ы ж ы бутэльку)
Не, сам налью…
(Налівае сабе ўсё, што ў бутэльцы)

Г р ы ж а
— А мне?..

А м а р г а д о н, выпіваючы
— Амаргадон — не донар!

Г р ы ж а, аблізаўшыся
— Амаргадон,
а ў вас, Амаргадонаў,
Гандоны ёсць?

А м а р г а д о н
— У нас няма гандонаў.
І калі б ты аддаў мне
свой гандон…

Г р ы ж а
— Дык што?..
Ты б за гандон?.. Амаргадон?..

А м а р г а д о н
— Так, за яго, бадай што…

Г р ы ж а
— Адпусціў бы?..

А м а р г а д о н
— На ўсе бакі.

Г р ы ж а
— Які дэбіл!
Забіў бы!..

А м а р г а д о н
— Каго?

Г р ы ж а
— Сябе!

А м а р г а д о н
— Ды кінь! І так памрэш!..

А п е н д ы ц ы т
— Амаргадон, а хабар ты бярэш
У выглядзе душы…
ці, скажам, духу?

А м а р г а д о н
— Не, не бяру!

А п е н д ы ц ы т
— Амаргадон, паслухай,
Вазьмі!..

А м а р г а д о н
— Ды я не чорт!
Начорта мне твая
Душа здалася!..

А п е н д ы ц ы т
— Дык жывая… Я
Прашу цябе… І ночы ўсе, і дні
Баліць, баліць, баліць…

А м а р г а д о н
— А мне што з ёй рабіць?!.
З тваёй душой?..

А п е н д ы ц ы т
— Ну, спаліш у агні…
Ці прадасі…

А м а р г а д о н
— Каму?..

Г р ы ж а
— Амаргадон, вярні
Чароўную!..

А п е н д ы ц ы т,
рвануўшы на грудзях кашулю
— Вазьмі!..

Г р ы ж а, узяўшы працягнутую
А м а р г а д о н а м бутэльку
— Пустая…

А м а р г а д о н да А п е н д ы ц ы т а
— Без патрэбы
Твая душа!

А п е н д ы ц ы т
— Я з ёй памру!

А м а р г а д о н
— Памры!

А п е н д ы ц ы т
— Тады да споведзі!..
Так б’е! Пад дых! Пад рэбры!
Хачу пакаяцца!..

Г р ы ж а
— Ну, кайся… Гавары,
Што хочаш…

Б е з Д ы я г н а з у
— Пачакай! Мы не глынулі…

Г р ы ж а, пераварочваючы бутэльку
і аддаючы яе Б е з Д ы я г н а з у
— З пустой?..

А п е н д ы ц ы т
— Мая дачка памерла…

Б е з Д ы я г н а з у, намагаючыся
выціснуць з бутэлькі хоць кроплю
— Чулі!..

Г р ы ж а
— Ты мучыўся, пакутваў, гараваў…

А п е н д ы ц ы т
— І краў калготкі,
портачкі, кашулі,
Дзіцячую апратку краў і краў.
І неяк спёр сукенку ільняную…
Прыгожую!.. Квяцістую такую…
А я Кацюшу ў белай пахаваў,
І смерць мне ў белай снілася…
Я стаў
Баяцца смерці! Не даваў заснуць
Мне гэты страх!.. І пераапрануць
Я вырашыў дачку…
І выкапаў… Яна
У той сукенцы белай: “Сатана!..” —
Крычыць!..
А я з яе сукенку зняў…
Пайшоў — і ўспомніў,
што не закапаў!..
Прыбег на могілкі — пустая!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Што?..

А п е н д ы ц ы т
— Магіла!..
Няма дачкі!..

А м а р г а д о н
— Гуляць пайшла!..

(А п е н д ы ц ы т, не ведаючы,
што рабіць, забірае бутэльку
ў Б е з Д ы я г н а з у, спрабуе
нешта высмактаць, пуста цмокае)
—Ты сіла,
Амаргадон…

Г р ы ж а да А п е н д ы ц ы т а
— Як яе звалі?..

А п е н д ы ц ы т
— Каця.

Г р ы ж а
— Такая ўся гарэзлівая?..

А п е н д ы ц ы т
— Так…
Як ластаўка…
Званочак срэбны ў хаце…

Г р ы ж а
— Вось тут радзімка?

А п е н д ы ц ы т
— Так…
Вось тут радзімка…

Г р ы ж а
— І колькі ёй было?..

А п е н д ы ц ы т
— Дзіця… Зусім дзяўчынка…
У тую восень споўнілася восем.

Г р ы ж а
— Памерла ўвосень?

А п е н д ы ц ы т
— Так, памерла ўвосень…

Г р ы ж а
— Тады ёй прывітанне
ад мяне!

А п е н д ы ц ы т
— Ёй?.. Ад цябе?..

Г р ы ж а
— Што? Не казала?

А п е н д ы ц ы т
— Не…
Не казала…

Г р ы ж а
— Трэба ж… А крычала:
“Я татку раскажу!..”

А п е н д ы ц ы т
— Пра што ты, Грыжа?..

Г р ы ж а
— Мала
Пацешыўся я з ёй …

А п е н д ы ц ы т
— Ты з ёй?.. Пра што ты, Грыжа?

Т е л е в і з а р
— Лухту вярзе, не слухай!

Т у м б а ч к а
— Не-на-ві-джу!..

А п е н д ы ц ы т
— Пра што ты, Грыжа?!.

С я с т р а, уваходзячы
— Псіх памёр…

Т э л е в і з а р
— Ад рака?

С я с т р а
— Не, не ад рака. У яго ніякай
Пухліны не было.

Т у м б а ч к а
— Дык ад чаго?..

С я с т р а
— Ад нечага таго,
Што ў рэчах не баліць,
а толькі ў чалавеку.

Т у м б а ч к а
— Душа?

Т э л е в і з а р
— Душа?

А м а р г а д о н
— Душа?.. Дык гэта нейкі
Фантом.
(Да Т у м б а ч к і і Т э л е в і з а р а)
Вось вы жывеце без яе,
Як рэчы — і чаго вам не стае?
Усё ў вас ёсць!
І больш, чым у людзей…
Ну, дзе душа?
Тут?..
Тут яна?.. Нідзе
Яе няма!
Памёр ён ад рачку…
А, зрэшты, ўсё адно!
Пара мне!..

А п е н д ы ц ы т
— Пра дачку
Ты чуў, Амаргадон?..

А м а р г а д о н
— Не чуў! Цяпер вы самі
З сабою разбірайцеся…
Гуд бай!

Т у м б а ч к а ўслед А м а р г а д о н у
— Глядзіце… гэта ж ён!..
ну, той… які з вусамі…
Без галавы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Куды?!.
Лаві яго!
Хапай!..
Стой, свалата!
Амэрыкан экспрэс!..

Г р ы ж а
— Дык гэта ж чорт быў…

Б е з Д ы я г н а з у
— Сто мільёнаў
Без
Драбязы!.. Ой, гора мне!
Ой, ліха!

Г р ы ж а
— Чорт!.. Чорт прыходзіў
за душою Псіха!

С я с т р а
— Ды Бог яе забраў…
Ён ціха-ціха
І светла, быццам свечка, пагасаў…
За вас маліўся…

Г р ы ж а
— Лепш бы ён паслаў
Усіх нас!..

А п е н д ы ц ы т
— Грыжа, што ты мне сказаў
Пра Кацю?..

Г р ы ж а
— Ды забудзься! Чорт паблытаў!

А п е н д ы ц ы т
— Дык ты трындзеў?..

Г р ы ж а
— Трындзеў!

Б е з Д ы я г н а з у
— А так трындзеў, нібыта
Так і было…

Т у м б а ч к а,
падыходзячы да А п е н д ы ц ы т а,
каб забраць у яго бутэльку
— Пайду і здам я шкло.

А п е н д ы ц ы т
— Мы разам пойдзем,
Тумба… Дай руку…

Б е з Д ы я г н а з у да Т у м б а ч к і
— Не падыходзь!

А п е н д ы ц ы т,
ставячы ў Т у м б а ч к у бутэльку
і беручы з яе нож
— Во гэты ў перадку
Нашто табе?
Тырчыць, як сук!
(Адсякае)

Т у м б а ч к а
— Ой-ёй…

Б е з Д ы я г н а з у
да А п е н д ы ц ы т у
— Ты… сука… гэта ж мой…

А п е н д ы ц ы т
— Ягоны ён ці твой,
Якая розніца!
Ты што — не сукаваўся?!.

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык не з дачкой тваёй!..

А п е н д ы ц ы т, кідаючы яму “сук”
— Тады вазьмі!..
(Да Г р ы ж ы)
Не ўсцаўся?..
Не абдрыстаўся ты?..

Г р ы ж а
— Кінь нож! Ды сука буду —
Я ўсё змандзеў!

А п е н д ы ц ы т
— Ідзі сюды, паскуда!
Ідзі сюды!.. Гарэзлівая?.. З ёй
Ты мала цешыўся?..
Дык зараз ты са мной
Пацешышся!..
Ты! Педафіл! Гандон!

Г р ы ж а
— Вяжы яго!
Ён з глузду з’ехаў!
Ён
Зарэжа ўсіх!

Б е з Д ы я г н а з у
— Валі яго!
Вяжы!
Трымай!
Закручвай!
(Спавіваюць А п е н д ы ц ы т а
прасцінамі)
Зверху! Па нажы!
Бі! Дабівай!..
(Да Т у м б а ч к і)
А ты чаго стаяла,
Як тумба!

Т у м б а ч к а
— Фу!.. Як лёгка зразу стала
Без гэтага… Цягаць няпроста вам
Сукі такія…

Б е з Д ы я г н а з у
— Сам сябе я, сам
Абезгаловеў і абесхрэнячыў.
А лёг здаровым…

Т э л е в і з а р
— Failure…

Б е з Д ы я г н а з у
— Што?

Т э л е в і з а р
— Няўдача…

Б е з Д ы я г н а з у
— Як думаеш, сястра:
не прырасце?
Во тут… Ці тут?..
Вышэй… На жываце…

С я с т р а, махнуўшы рукой
— Не галава.
Прафесар прысабача.

Б е з Д ы я г н а з у
— Вось будзе дзіва…

С я с т р а
— Ды якое дзіва!
Такое ў дурня кожнага!..

Б е з Д ы я г н а з у
— І вам
Яно не ў радасць?

С я с т р а, паказваючы пад горла
— Во!.. Але цярпліва
Трываем…
Што за радасць —
сук саплівы!..

Т у м б а ч к а
— Ад радасці такой
пайду я посуд здам.

Т э л е в і з а р
— Адну бутэльку?

Т у м б а ч к а
— Так, адну бутэльку.
Хоць штосьці з усяго…

Т э л е в і з а р
— На карамельку
Амерыканскую…

Т у м б а ч к а, узяўшы цукерку
— І фанцік залаты.
Багатая Амерыка.

Т э л е в і з а р
— А ты?..

Т у м б а ч к а
— А я бутэльку маю! Во!..

Т э л е в і з а р
— Пустую…

Т у м б а ч к а
— Пустую, ды затое залатую,
Чароўную...

Т э л е в і з а р
— Даруй мне…

Т у м б а ч к а
— Я дарую…
Я даравала ўсім… І развітацца
Хачу…

Т э л е в і з а р
— Застанься!

Т у м б а ч к а
— З кім тут
заставацца?..
(Узіраецца ў твары)
Бывай, сястра!
Ці ты са мной?..

Б е з Д ы я г н а з у, заступаючы
С я с т р ы дарогу
— З ёй братні
У нас саюз…

Т у м б а ч к а
— Дзе
Братні?
У вар’ятні?
(Да С я с т р ы, выходзячы)
Што тут цябе чакае?
Толькі здзек…

Д о к т а р, уваходзячы
і размінаючыся з Т у м б а ч к а й
— Мы так усе чакалі новы век,
Так спадзяваліся на перамены —
І дачакаліся…
Паўсюль падман, падмены:
Не зразумець:
Дзе рэч,
Дзе чалавек?..
Вось кнігі Псіха…
Тут не пра вайну,
Не пра нянавісць…
Пра любоў, пра Бога…
Вы іх чыталі?..

Г р ы ж а
— Тумбачка адну
Чытала…
Пра любоў…
І я чытаў… І многа,
Калі вычыўся ў школе. А цяпер —
Вунь тэлевізар…
Радыё…
Газеты…

Б е з Д ы я г н а з у
— Прафесар… Доктар…

Д о к т а р
— Што?..

Б е з Д ы я г н а з у,
паказваючы “сук”
— Прышыеце мне гэта?..
(Д о к т а р ківае).
І, можа, павялічыце памер?

Д о к т а р
— На колькі?

Б е з Д ы я г н а з у
— На… на… на…

А п е н д ы ц ы т,
качаючыся па падлозе
— Ды гэта ж… канец свету!
А Псіх трындзеў: у Бога!
Богу вер!..
А дзе ён, Бог? Ну, дзе ты, Бог?..
Ну, дзе ты?!.

А р м а г а д о н, з’яўляючыся
— Я тут.

Г р ы ж а
— Ну, вось і свежанькі вар’ят.

Д о к т а р
— Як Псіх казаў: з’явіўся акурат…

Г р ы ж а
— Ты хто?

А р м а г а д о н
— Армагадон!

Г р ы ж а
— Арма?..
Ну, добра, добра, добра…
Нас тут няма.
Да вас кліенты, доктар!
(Гледзячы ў залу)
Вунь колькі...
Сотня…
Тысяча…
Мільён…

Д о к т а р, уважліва разглядваючы
А р м а г а д о н а
— А як дазнацца,
ці сапраўдны ён?..

Г р ы ж а
— Калі з бутэлькай,
дык Армагадон!

Канец першай дзеі.


Працяг будзе.