12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Армагедон.
Драма на дзве дзеі. (Заканчэнне)


ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

Насельнікі гэтага свету:
А п е н д ы ц ы т
Г р ы ж а
Б е з Д ы я г н а з у
П с і х

Насельнікі таго свету:
А р м а г а д о н
А м а р г а д о н
М а л о д ш ы Б р а т
Д а ч к а
Г а н е ц

Персанал шпіталю:
Д о к т а р
С я с т р а

Падвойныя персанажы:
Г а л а в а
П у с т ы
Я н а

Рэчы:
Т э л е в і з а р
Т у м б а ч к а
Г а н д о н
Л і х т а р ы к

Міты:
Б э н Л а д э н
К Г Б
С а н т э х н і к

Стан:
Д у ш а

З’ява:
Г а н е ц

Т у м б а ч к а
— Дык трэба ж,
каб была яна, душа.

П у с т ы
— Душа, душа… Гарэлка! Анаша! —
Народная душа!..

А р м а г а д о н
— У анашы,
Канешне, кайфа больш,
чым у душы.
Не мучае, а толькі весяліць.

Г р ы ж а
— А трэба, каб балела?
Як з ёй жыць,
Калі яна баліць, баліць, баліць,
І ўдзень баліць, і ўвечар, і ўначы!..

Д у ш а, з’яўляючыся
— Ты супакойся, родны…
Не крычы…

Г р ы ж а
— Дык ты ж баліш!..

Д у ш а
— Даруй, я не хацела…
Не буду больш балець…

Г р ы ж а
— Чаму?..

Д у ш а
— Я адляцела.

Г р ы ж а
— Як адляцела? Я жывы…

Д у ш а
— Не, цела
Тваё жывое. Сам ты нежывы.

Г р ы ж а
— Даўно?

Д у ш а
— Даўно.

Г р ы ж а
— А як я без душы
Жывы? Ну, як?..

Д у ш а
— А як без галавы
Жывы?.. Ну, як?..

Г р ы ж а
— Я зараз звар’яцею.

Д о к т а р
— Не, гэта немагчыма без душы.
Вар’ят — душэўнахворы.

Т э л е в і з а р,
абдымаючы Т у м б а ч к у
— Я балдзею!..

Т у м б а ч к а
— Ды ціха ты!.. Так моцна не душы!
Душу мне выдушыш…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды з кім я?.. Хто я?.. Дзе я?..
Душа, а ты не бачыла маёй
Душы?.. Ты выпадкова з ёй
Дзе-небудзь не спаткалася?..

Д у ш а
— Спаткала.

Б е з Д ы я г н а з у
— І што?..

Д у ш а
— Што значыць: што?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ну, што яна казала?

Д у ш а
— Што ўся баліць.

Б е з Д ы я г н а з у
— І ўсё?

Д у ш а
— А гэта мала?..
Баліць і ўдзень, і ўвечар, і ўначы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Чым-небудзь, можа, ёй дапамагчы?..

Д у ш а
— Не ведаю… Яна ўжо не твая.

Б е з Д ы я г н а з у
— Як не мая?.. Чыя ж яна? Чыя?..
Ты што маўчыш?..

Д у ш а
— Яна з душою брата
Злілася, каб не быць душой тваёй.

Б е з Д ы я г н а з у
— І мучае яго?

Д у ш а
— Шыпіць у ім змяёй:
“Твой брат напіўся
братавай крывёй!
Твой брат вар’ят —
і ты ў тым вінаваты!..”

Б е з Д ы я г н а з у
— Армагадон…

А р м а г а д о н
— Вось — кара. Вось — расплата.

П у с т ы
— Расплата? Ха!..
А што ён заплаціў?
Мільён? Ці сто мільёнаў?..
Адпусціў
Душу — няхай лятае!..
Ціў-ціў-ціў…
“Ты не пакаяўся!..
Грахі не замаліў!..” —
Так галаву грахамі задзяўбала,
Што галавы
У галаве
Не стала!..
Прасіў: “Маўчы!..”
Я з ёй нармальна жыў,
І нам абодвум усяго хапала,
Пакуль не завяла сваё ціў-ціў:
“Ёсць боскі суд!..
Падумай пра сумленне!..”
А я ўжо стаў Святым,
увесь заззяў:
“Ды згінь, — кажу, — ты,
чортава насенне!..”

Т у м б а ч к а
— І згінула?..

П у с т ы
— І чорт яе не ўзяў!
Дык я забіў.

Т у м б а ч к а
— Каго забіў?

П у с т ы
— Душу.

Т у м б а ч к а
— Сваю?..

П у с т ы
— Сваю. Што мне душа чужая!
Яна не ціўкае, не замінае...
Ліхтарык во займеў…
Як трэба — запалю,
Не трэба — патушу…

Д у ш а
— Твая душа блукае
У пустаце, пакінуўшы зямлю.

П у с т ы
— Блукае ў пустаце?
І што такое?..

Т у м б а ч к а
— З пустога перабралася ў пустое.

Д у ш а
— Яна адна. Ні сонцаў, ні планет
Там, дзе яна.
Адзін касмічны вецер.

П у с т ы
— Ну дык і я адзін
на ўвесь сусвет!
Хіба ты недзе бачыла ў сусвеце
Такіх, як я?..

А р м а г а д о н
— Ты вольная, Душа!

П у с т ы ўслед Д у ш ы
— Во, выцякла, нібы вада з каша…
І што гэта было, калі не здань?

Т э л е в і з а р
— Забіць сваю душу...
(Кідаецца да П у с т о г а)
Ды я!..

Т у м б а ч к а
— На месца стань!

Т э л е в і з а р
— Я перадам пра гэта! Напішу…

П у с т ы
— Куды? Каму?
Хто ў нас і што чытае?..

Л і х т а р ы к
— Пусты ў нас час
і прэса ўся пустая.
Я быў адзін, хто ў пустаце свяціў.
(Ківаючы на П у с т о г а)
Ды ён мяне купіў…

П у с т ы да Л і х т а р ы к а
— І ты “ціў-ціў?..”
Глядзі мне!

Л і х т а р ы к
— Што глядзець?..
Я застаюся тут!
Бо там, дзе ты, душы маёй капут.

П у с т ы, спрабуючы біцца
— І тут капут!..
Аддай мне батарэйкі!

Л і х т а р ы к, б’ючы ў адказ
— А во табе! На!..

Т э л е в і з а р
— Узарвалі рэйкі!

П у с т ы
— Хто?

Т э л е в і з а р
— Партызаны!

П у с т ы
— Дзе?

Т э л е в і з а р
— Над пустатой
З таго на гэты свет —
І з гэтага на той!

П у с т ы
— Ды што ж яны там робяць,
ёрш іх так!

Т э л е в і з а р
— Вайна канчаецца,
дык трэба нейкі знак,
Што бралі ўдзел!..
Геройства паказаць!..
І рвуць, абы ўзарваць…

П у с т ы
— Альбо, каб не пускаць
Мяне...
(Да Г р ы ж ы
і Б е з Д ы я г н а з у)
Героі! Рыць! Капаць!
Прарвёмся! Хто са мной?

Б е з Д ы я г н а з у
— Я!

Г р ы ж а
— Я!

Д о к т а р
— І я…

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— А вы хіба герой?
Вы партызан?

Д о к т а р
— Дык там жа людзі! Дзеці!..
Апендыцыт!..

А п е н д ы ц ы т
— Я застаюся. Трэцім
Вы пойдзеце вось з гэтымі двума?
Забойцам і гвалтаўніком?.. Турма
Па вас, прафесар, плача…

Д о к т а р
— А іначай
Як я магу?.. Мой абавязак
быць
Там, дзе баліць! Дзе просяць,
моляць, плачуць…

Т у м б а ч к а з усхліпам
— І я прашу і плачу…
Мне баліць…

Д о к т а р
— Ты — тумбачка!

А п е н д ы ц ы т
— А я — не чалавек?..
Усе ўжо мёртвыя даўно
на вашым свеце,
Прафесар!

Д о к т а р
— Хто ж там плача? Вецер?..

А п е н д ы ц ы т
— Вецер!
Там хворы вецер плача
з веку ў век,
А вецер вам не вылечыць ніколі,
Як пустату не вылечыць…

П у с т ы
— Даволі!
До балбатаць!
(Да Г р ы ж ы і Б е з Д ы я г н а з у)
Народ, за мной!
(Да Д о к т а р а)
Ты з намі?

Д о к т а р
— Я думаю…

Т у м б а ч к а да Д о к т а р а
— Ды гэта ж той, з вусамі!
Хіба не бачыце?
Курынай слепатой
Вы захварэлі?..

Д о к т а р
— Бачу. Гэта той.
Ды што з таго, калі за ім народ?

Т э л е в і з а р
— Які народ, прафесар?
Гэта зброд…

Д о к т а р
— Той, які ёсць!
Не лепшы і не горшы
За твой!..
За іншыя…

П у с т ы
— Глядзі… А ты харошы
Габрэй. І ты карысным
можаш быць…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ага… Бабруйск
і Магілёў бамбіць.

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— Вы чуеце?..

Д о к т а р
— Я чую…

А п е н д ы ц ы т
— Дык ідзіце!..
Бамбіце Магілёў!
Бабруйск бамбіце!..
Прафесар,
з вамі
іх
там будзе болей!

Д о к т а р
— А тут мне што рабіць?

А п е н д ы ц ы т
— А тут пра Бога
Мы будзем гаварыць і пра душу,
Пра вечнае, нябеснае, святое!..

Б е з Д ы я г н а з у
— У пустаце далдоніць
пра пустое.
А п е н д ы ц ы т, ставячы
Д о к т а р а паміж Г р ы ж а м
і Б е з Д ы я г н а з у
— Вось так — іх трое.
(Ставіць Д о к т а р а
паміж сабой і Т э л е в і з а р а м)
А вось так — нас трое.
Вы разумееце?..

Т у м б а ч к а
— Прафесар, я прашу:
Застаньцеся…
(Становіцца побач з Т э л е в і з а р а м)
І нас цяпер чацвёра…
І ўсё ў нас ёсць: нябёсы,
месяц, зоры…

Т э л е в і з а р
— І дом…

Д о к т а р
— Дур-дом…

А п е н д ы ц ы т
— Дык мы перабудуем!
(Завіхаецца, перастаўляе рэчы)
Вось так… вось так… вось так…
Такі палац змайструем!..
(Чапляе зэдлік, на якім вешаўся,
на карніз)
І будзем жыць тут
у саюзе братнім…

А р м а г а д о н,
паказваючы на зэдлік
— А гэта што?..

А п е н д ы ц ы т
— А гэта… галубятня!..

А р м а г а д о н да Д о к т а р а
— Там, дзе вар’яты —
кожны дом вар’ятня,
Прафесар… Тут ва ўсіх
няма галоў…

А п е н д ы ц ы т
— Э, не!.. Я з галавой!
Без галубоў
Саюзаў братніх быць не можа…

Д о к т а р
— Божа,
Як жа мне быць?..
Усе павар’яцелі
І трэба ўсіх лячыць!..
(Ідзе ў адзін бок)
І там… І тут…
(Ідзе ў бок другі)
І тут… І там…

Г р ы ж а
— Вы з намі йсці хацелі!

Т у м б а ч к а
— Вы застаецеся?

Д о к т а р
— Хто Цэзар тут? Хто Брут?

Г р ы ж а
— Якія Цэзары! Якія тут Бруты!
Тут пустата!..

Д о к т а р раптам
— Пайшаў ты… на!..
(На Б е з Д ы я г н а з у
і П у с т о г а)
І ты пайшоў!.. І ты!..
Пайшлі вы ўсе!..

Т у м б а ч к а
— Прафесар, брава! Брава!..

Д о к т а р
— І ты пайшла!..

Т у м б а ч к а
— Вы так… з жанчынай…

Т э л е в і з а р
— Права
Якое ў вас нас пасылаць усіх?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Вы псіх, прафесар…

Г р ы ж а
— Вы, прафесар, псіх…

П у с т ы
— Дык хай ён лечыцца!..
Яшчэ прасіць яго!
Абыйдзецца Бабруйск без аднаго
Пра-фе-са-ра…
За мной, адзінаверцы!..
Армагадон, а дзе тут выхад?
Дзверцы
Якія-небудзь…

Т у м б а ч к а,
рассстаўляючы ногі
— А во тут яны!
Дзе і былі з далёкай даўніны
Для гэтакіх, як вы!..

П у с т ы
— Армагадон…

А р м а г а д о н
— Другога
Не бачу шляху.

Г р ы ж а
— Як прыйшлі да Бога —
Так і назад…
(Да Б е з Д ы я г н а з у)
Ты першы…

Б е з Д ы я г н а з у, выпаўзаючы
— Папаўзлі…

Г р ы ж а, выпаўзаючы,
пагрозліва да ўсіх
— Сустрэнемся яшчэ мы на зямлі!

А п е н д ы ц ы т услед
— Наўрад ці…
Надта доўгая дарога.

П у с т ы
— І мне туды?..

А р м а г а д о н
— Туды.

П у с т ы
— Дык я ж святы…

Т у м б а ч к а
— Паўзі, табе сказалі!
П у с т ы да Т у м б а ч к і,
Т э л е в і з а р а і А п е н д ы ц ы т а
— Ты, ты, ты
Папомніце мяне! Армагадон, а ты…

А р м а г а д о н
— А я…

П у с т ы
— А ты…

А р м а г а д о н
— Я слухаю... Падумай
Перш, чым сказаць…

П у с т ы
— Ты мне саюзнік! Брат!
І я туды — і да цябе назад.
(Да Т у м б а ч к і)
Як-небудзь стань не так,
як ты для іх стаяла.

Т у м б а ч к а
— Для ўсіх — аднолькава!

П у с т ы, выпаўзаючы
— Драўляха…

Т у м б а ч к а, пінаючы
П у с т о м у пад азадак
— Бляха!.. Мала?..
Дык на табе!.. Дык на!..
(Услед П у с т о м у)
— Ух, трэці раз папала!

А п е н д ы ц ы т
— Ну, ты дала…
Ты ўсё яму адбіла.

А р м а г а д о н
— Павесяліла…

Т э л е в і з а р
— Тумбачка, ты — сіла!

А р м а г а д о н
— А што гэта прафесар наш
у скрусе?

Д о к т а р
— А што вясёлага?..
На нашых жа вачах
Забойца і гвалтоўнік у хаўрусе
У свет вярнуліся…
І з імі ўлада… Жах…

А р м а г а д о н
— І з імі ўлада…
Што ж, і мне пара…
Ну, як гаворыцца, з гарой гара
Не сходзяцца, а…

Т у м б а ч к а, кульгаючы
да А р м а г а д о н а
— А на дарогу чаю?

А р м а г а д о н, адступаючы
да М а л о д ш а г а Б р а т а
— Не, дзякуй…
У дурдоме прызначаю
Старэйшым…

А п е н д ы ц ы т
— Прызначаеш? Зноў дыктат?
Ёсць выбары!

А р м а г а д о н
да М а л о д ш а г а Б р а т а
— Як ты на гэта, брат?

М а л о д ш ы Б р а т
— Я супраць. Абяруць,
каго папала.

Т э л е в і з а р да Т у м б а ч к і
— Каханая, ты ножку не зламала?
Ты неяк дзіўна на мяне глядзіш…

Т у м б а ч к а
— Мяне тут зневажаюць…
Ты стаіш…

Т э л е в і з а р
— Дык ты ж сама стаяць сказала…

Т у м б а ч к а
— Мала,
Што я сказала! Я жанчына! Я
Кажу адно, а думаю другое.

Т э л е в і з а р
— І што ты думаеш?..

Л і х т а р ы к
— Ну да чаго ж тупое
Усё на Захадзе!..
(Да Т э л е в і з а р а)
Ты проста э-лек-трон.
Элементарная часціца.

Т э л е в і з а р
— Хто я?..
А ты — не э-лек-трон?

Т у м б а ч к а, уздыхнуўшы
— Ліхтарык ён.
Ён — рэч, як ты і я…
Скажы, Армагадон,
Вось у людзей — свядомасць?
А што ў рэчах?
Чым нашы думкі горш
ад чалавечых?
І чым пачуцці нашыя слабей?
Чаму, калі я рэч, дык я грубей
За тое, што не рэч?
А што яно такое,
Калі яно не рэч? Армагадон?..

А р м а г а д о н
— Пустое.

Т у м б а ч к а
— І што ж у пустаце?

А р м а г а д о н
— Біенні, калыханні
Касмічных хваляў.
Свет увесь з адных
І тых часціц...

Т у м б а ч к а
— З адных!.. І ўсе каханні,
І ўсе нянавісці
з часціц адных і тых,
І ў пустаце касмічнай ловіць іх
І ўсім перадае, а значыць, і кіруе
Усім і ўсімі — хто?

Д о к т а р, уважліва гледзячы
на Т у м б а ч к у
— Якая жарсць віруе
У дрэве спілаваным!..

А р м а г а д о н да Т у м б а ч к і
— Прэзідэнта
Ты хочаш выбраць?

Т у м б а ч к а
— Так!

А р м а г а д о н
— Я прэтэндэнта
Пакуль не бачу….

А п е н д ы ц ы т
— Ды яна сама
Сабралася!.. Ну, Тумба!

Т у м б а ч к а
— Не, няма
Такіх амбіцый… Тэлевізар гэта.

А п е н д ы ц ы т
— Дык ён жа — рэч, як ты…

Т у м б а ч к а
— І ты!.. Усе часціцы свету —
Адно і тое. Бог сказаў. Ты чуў?

Т э л е в і з а р
— Мяне?.. У прэзідэнты?.. Не хачу!

Т у м б а ч к а
— А ў што ты хочаш?

Т э л е в і з а р
— Я хачу дахаты!
У Злучаныя Штаты!
Там вар’яты
Не могуць
рэч
за прэзідэнта мець!

А п е н д ы ц ы т
— І тут не могуць. Але выбіраюць!
І ў нас
ніхто не хоча
не хацець
Быць прэзідэнтам!
Людзі давяраюць —
І ўсё! Кіруй…

Т э л е в і з а р
— Бяру самаадвод!
Я тэлевізар! Рэч!

Л і х т а р ы к
— Ты — і-ды-ёт.
(Да ў с і х)
Прашу маю ўлічыць
кандыдатуру!

А п е н д ы ц ы т
— Маленькі ты.
І нейкі ўвесь пануры.
А ў нас вясёлых любяць.

Л і х т а р ы к
— Я вясёлы.

Т у м б а ч к а
— Што ж не відаць?..

Л і х т а р ы к
— Мне весела ўнутры.
Дзе батарэйкі.
(Галёкае)
Гарады і сёлы
Паўсюль і скрозь
асвецяць ліхтары!
Калі я прэзідэнтам стану.

Д о к т а р
— Гола
І пуста ў нас. Ні гарадоў, ні сёл…
Што ж асвятляць?..

Т э л е в і з а р да Л і х т а р ы к а
— Калега, ты — асёл.

А п е н д ы ц ы т
— Ён не асёл. Ён проста навасёл
Дурдома.
(Да Л і х т а р ы к а)
Трэба сталая прапіска,
Каб прэзідэнтам стаць…

Л і х т а р ы к
— А дзе ж яе мне ўзяць?

А п е н д ы ц ы т, штурхаючы
Л і х т а р ы к пад ногі Т у м б а ч к і
— Во там!..
(Выпраўляючы Л і х т а р ы к
шляхам П у с т о г а)
Свяці там!.. Бліскай!

Л і х т а р ы к, упіраючыся
— Я не хачу туды!..
(Знікаючы)
Апендыцыт, ты гад!..

А п е н д ы ц ы т услед
Л і х т а р ы к у, атрасаючы рукі
— Нам без патрэбы
лішні кандыдат.

А р м а г а д о н
— Ну-ну… Я б не сказаў,
што надта тонка
Ты абышоўся з ім…

А п е н д ы ц ы т
— Прадвыбарная гонка.
На трасе слізка…

А р м а г а д о н да ўсіх
— Хто ж найболей блізкі
Усім вам? Так бы мовіць,
ад калыскі
Хто тут жыве?
Даўжэй за вас усіх?..
Хто лечыць псіхаў,
але сам не псіх?..

А п е н д ы ц ы т
— Прафесар?.. Прэзідэнтам?.. Не!

А р м а г а д о н
— Чаму?

А п е н д ы ц ы т
—Ды як чаму?.. Ды ён…
(Не ведаючы, як сказаць)
Па ка-ча-ну!.. Яму
Закон не дазваляе!..

А р м а г а д о н
— Дзе ў законе
Напісана пра гэта?

А п е н д ы ц ы т
— На Сіёне,
Калі ты хочаш ведаць!..

Т у м б а ч к а
— Быдла…

Т э л е в і з а р
— Хам!

А п е н д ы ц ы т
— Хто быдла? Хто тут хам?..
Па шнобелю як дам!..
(Да А р м а г а д о н а)
Тут прынцыпы!

А р м а г а д о н
— Цікава. І якія?..

А п е н д ы ц ы т
— Славянскія! Спрадвечныя!
Святыя!
Як не бываць гарэлкаю вадзе,
Так не абраць ніколі і нідзе…

А р м а г а д о н, перапыняючы
— А калі стане?

А п е н д ы ц ы т
— Што?

А р м а г а д о н
— Вада гарэлкай.

А п е н д ы ц ы т
— Як гэта?

А р м а г а д о н
— Так!.. У бочках,
бутлях, грэлках —
Паўсюль гарэлка! Што тады?..

А п е н д ы ц ы т, разгубіўшыся
— Тады…
(Знайшоўшыся)
А дзе ты возьмеш гэтулькі вады?

А р м а г а д о н
— Вазьму дзе-небудзь…

Т э л е в і з а р да А п е н д ы ц ы т а
— Ха!.. Дастойны прэзідэнта
Адказ… А ты тэкілы, ці абсэнта
Не піў?

А п е н д ы ц ы т
— Не піў… Славянскі прэзідэнт
Не п’е абсэнт!..

А м а р г а д о н,
уваходзячы з валізай
— У вас тут файна… Міла…
А я прынёс абсэнту і тэкілы…
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Магу прадаць…

А п е н д ы ц ы т, пазнаючы
— Амаргадон…

А р м а г а д о н
— З’явіўся?..

А п е н д ы ц ы т
— Як расфуфырыўся!..
Прыбарахліўся…
А грошы дзе?

А м а р г а д о н
— Чые?

А п е н д ы ц ы т
— Мае!

А м а р г а д о н
— Якія?

А п е н д ы ц ы т
— А тыя! Сто мільёнаў!

А м а р г а д о н
— Во святыя
Якія прынцыпы!
Захапаць не сваё!

А п е н д ы ц ы т
— І не тваё, зладзюга!

А м а р г а д о н
— Ё-маё!..
Што ад каго я чую? Брат?..
Ён бога…

А р м а г а д о н, перапыняючы
— Ты грошы браў?.. Аддай!

А м а р г а д о н
— Дык не яго…
(Рэагуючы на пагрозлівы жэст
А р м а г а д о н а)
Чужога
Не трэба нам…
(Аддае грошы А п е н д ы ц ы т у)
Вазьмі.

А п е н д ы ц ы т,
пералічваючы грошы
— Ды тут няма паловы…

А м а р г а д о н
— А колькі ты хацеў?..
(Да ўсіх)
Такія цэны!.. Што вы!..

А р м а г а д о н
— Ты жулік?..

А м а р г а д о н
— Так. Але спачатку — брат!
(Да Ма л о д ш а г а Б р а т а)
Здароў, малодшы!..
(Паказваючы на А п е н д ы ц ы т а)
Ты ўсяліцца можаш
У гэтага?..

М а л о д ш ы Б р а т,
прымяраючыся
— Па росце акурат…
(Дапытліва глядзіць
на А р м а г а д о н а)

А м а р г а д о н, згодна ківаючы
— Уселішся ў яго… І дапаможаш
Ва ўсім…
Цяпер пра імідж…
Ёе памяты,
Няголены…
Касцюмчык мяшкаваты…
(Уважліва глядзіць
на А м а р г а д о н а)

А м а р г а д о н
— Не, не аддам!..
За так, на ўвазе маю.
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Плаці давай.

А п е н д ы ц ы т
— А колькі?

А м а р г а д о н
— Пяцьдзесят.

А п е н д ы ц ы т
— Ён не каштуе столькі!

А м а р г а д о н
— Ды я знаю,
Што не каштуе! Але ж кандыдат
У прэзідэнты…
(Убачыўшы папяраджальны жэст
А р м а г а д о н а)
Проста кожны рад
Займець такі касцюмчык…
(Выцягваючы з валізы транты)
Да яго
Мадняцкую кашулю, гульштук…

А р м а г а д о н
— Краму
Прыкрый сваю.

А м а р г а д о н
— Як скажаш… Я б Абаму
Зрабіў з Апендыцыта…

А п е н д ы ц ы т
— Што? Каго?..
(Паказваючы на Т э л е в і з а р)
Мурына іхняга?..
Ты мне яшчэ мурынку
У пару дай!..

А м а р г а д о н
— Табе — не дам.

Т э л е в і з а р
— Карцінку
Перадаю!.. Расіста аднаго
У прэзідэнты сунуць!..

А р м а г а д о н да Т э л е в і з а р а
— А чаго
Ты сам не сунуўся?..

Т э л е в і з а р
— Я дзень і ноч заняты.
Перадаю...

А р м а г а д о н д а Д о к т а р а
— Леў Львовіч…

А п е н д ы ц ы т,
не даючы сказаць Д о к т а р у
— Ён вар’ятаў
Лякуе…

Т у м б а ч к а, перапыняючы
— Не! Прафесар не сказаў,
Што ён не хоча…

Д о к т а р
— Я — хачу!

А п е н д ы ц ы т
— Я знаў,
Што вылезеш!

Д о к т а р
— Для ўсіх адзін закон.

А п е н д ы ц ы т
— Адзін для ўсіх…
(Да А р м а г а д о н а
пра Д о к т а р а)
На ім, Армагадон,
Кроў! Смерць!

Д о к т а р
— Чыя?

А п е н д ы ц ы т
— Сястры і Псіха!

Т у м б а ч к а
— Божа,
Няпраўда гэта!..

А п е н д ы ц ы т
— Як забойца можа
Пасаду найвышэйшую заняць?..

А р м а г а д о н
— Ніяк не можа! Нават і казаць
Няма пра што…
Расклад такі, што ты
Адзіны кандыдат ад пустаты,
Ад вечнасці, ад нас —
у прэзідэнты!
Адна праблема толькі…
Апаненты
Твае ўсе кажуць: ты —
антысеміт.

А п е н д ы ц ы т
— Хто? Я?.. І хто так кажа?..
Гэты жыд?

А р м а г а д о н
— Габрэй.

А п е н д ы ц ы т
— Няхай габрэй…

А р м а г а д о н
— Мы антысемітызму
Не можам дапусціць...
Калі скрозь гэту прызму
Глядзець, дык ты
не падыходзіш нам,
Як кандыдат ад вечнасці…

А п е н д ы ц ы т да ўсіх
— Жыдам
Не падыйшоў!
Не тая, значыць, морда…

А м а р г а д о н
да А р м а г а д о н а
— Якім жыдам?

А р м а г а д о н
— Ды нас яны, падобна,
Прымаюць за габрэяў…

А м а р г а д о н
— Ха! Ну-ну…

А р м а г а д о н
— Апендыцыт, ты можаш рэч адну
Зрабіць для нас?..

А п е н д ы ц ы т
— Якую рэч?

А р м а г а д о н
— Пагляды
Свае змяніць…
І ўсе мы будзем рады
Цябе абраць…

А п е н д ы ц ы т
— І ўсё? Няма праблемы!
Жыды, я вас люблю!..

Д о к т а р
— О, божа! Хто мы?.. Дзе мы?..

А м а р г а д о н
— Змяніў пагляды?..

А п е н д ы ц ы т
— Цалкам.

А м а р г а д о н
— Неяк бурна…
Як у кіно… А трэба працэдурна,
Па пратаколе…

А п е н д ы ц ы т
— Як гэта?

А м а р г а д о н, дастаючы з валізы
тэчку з аркушамі паперы
— Вось ліст…
Бярэш асадку, пішаш…
(Дыктуе)
Я, артыст…

А п е н д ы ц ы т
— Які артыст?

А м а р г а д о н
— Прабач: А-пен-ды-цыт…

А п е н д ы ц ы т, пішучы
— Апендыцыт…

А м а р г а д о н
— Імя… Імя па бацьку…

А п е н д ы ц ы т
— Ёсць.

А м а р г а д о н
— Не жыд…

А п е н д ы ц ы т
— Не жыд…

А м а р г а д о н
— Сваю кандыдатуру вылучаю…

А п е н д ы ц ы т
— Сваю кандыдатуру вылучаю…
Куды, я знаю… Што?..

А м а р г а д о н
— Я правяраю...
Не прэ-зі-дэн-там —
кан-ды-да-там.

А п е н д ы ц ы т
— Знаю!..

А м а р г а д о н
— І заяўляю…
(Паўза)

А п е н д ы ц ы т
— Што я заяўляю?

А м а р г а д о н
— Што па нацыянальнасці…

А п е н д ы ц ы т
— Што па нацыянальнасці…

А м а р г а д о н
— Габрэем…

А п е н д ы ц ы т
— Габрэем…

А м а р г а д о н
— З’яўляюся…

А п е н д ы ц ы т
— З’яўляюся…

Т э л е в і з а р
— Ну ўсё… Я тут здурэю.

А п е н д ы ц ы т
— Пайшоў адсюль!
Дурэць каціся ў Штаты!..

Т э л е в і з а р, выходзячы
— Вы ўсе тут у вар’яты кандыдаты.

А п е н д ы ц ы т
да А м а р г а д о н а
— Што там далей? Хутчэй!
Чакае справа.

А р м а г а д о н
— Ты так
і напісаў?..

А п е н д ы ц ы т
— Як ёсць. І подпіс справа.
І дата... Эх! Шкада не ўзяў пячатку!

А р м а г а д о н да Д о к т а р а
— З дыягназам
якім у вас спачатку
Ляжаў ён, доктар?..

А п е н д ы ц ы т
— Не… Вы недамерка
З мяне не зробіце!
Ну, падпісаў паперку.
І што?.. Каму да ветру?
(Бярэ напісаны аркуш, але адкладвае
яго і скамечвае ў кулаку іншы)
Ну? Каму?..
А калі ўладу я ў кулак вазьму!..

Т у м б а ч к а
— Дык возьме, возьме!..
Ну, і чым ён лепшы
За ўсіх вусатых?..

А м а р г а д о н, забіраючы напісаную
А п е н д ы ц ы т а м паперу
— Ён не піша вершы.
Ці пішаш?..

А п е н д ы ц ы т
— Я што хочаш, напішу!
А ты чаму не ўзяў маю душу?

А м а р г а д о н
— Дык вось бяру.
Хаця ні даць ні ўзяць —
Твая душа… Разлезлася, азызла…

А р м а г а д о н да Д о к т а р а,
ківаючы на А п е н д ы ц ы т а
— А ён раней у антысемітызме
Не заўважаўся?

Д о к т а р
— Не. Наадварот.
Заўсёды быў цярпімы.

А р м а г а д о н
— Што ж, народ
Ператрываў такія катаклізмы,
Што можна зразумець…

А м а р г а д о н
— А ўсё-ткі клізму
Яму б я ўставіў! Во!..
І не патрэбны рот!
З гэрэлкай клізму —
і маўчы, народ!

А п е н д ы ц ы т
— Я не народ!
Я прэзідэнт народны!

А м а р г а д о н
— Пакуль ты не абраны,
я не згодны.
Не маеш права…

А п е н д ы ц ы т
— Напісаў заяву,
Дык маю права!..

А р м а г а д о н
— Кандыдата права…

А п е н д ы ц ы т
— Хай — кандыдата!
Кандыдату — слава!..
Дзе тэлевізар?..

Т у м б а ч к а
— Ты ж яго прагнаў.

А п е н д ы ц ы т
— Ідзі вярні!

Т у м б а ч к а
— Ты што: мяне наняў?..
Загадваць будзе ён!

А п е н д ы ц ы т
— Я кан-ды-дат!

Т у м б а ч к а
— Ты — падла!
Ты ўсіх прадаў!

А п е н д ы ц ы т
— Я ўсіх купіў!

Т э л е в і з а р, з’яўляючыся
— Ды ладна…
Купіў, прадаў…
Што мне перадаваць?

А п е н д ы ц ы т
— Ты не пакрыўдзіўся?

Т э л е в і з а р
— Чаго мне крыўдаваць?..
Я сродак інфармацыі.

А п е н д ы ц ы т
— А стаць
Міністрам хочаш? Над усімі тэле
І радыё…

Т э л е в і з а р
— Над медыакартэлем?..
Хачу. А Тумбачка?...

А п е н д ы ц ы т
— Мы не кідаем дам
Сваіх… ну, тых,
хто верна служыць нам.
Мы Тумбачку тваю
над тумбачкамі ўсімі
Камандаваць паставім —
і над тымі,
Хто тумбачкамі карыстаецца!..
Вось так!..

Т э л е в і з а р
— Перадаю! Увага!..

Д о к т а р
— Зноў вяртаецца
Ўсё на кругі свае, Армагадон?

А р м а г а д о н
— Я, доктар, не пры чым.
Такі закон.

Д о к т а р
— Ды чый закон?
Закон людзей? Багоў?

А р м а г а д о н
— Закон законаў ён —
закон кругоў.

А п е н д ы ц ы т, убачыўшы
Г а л а в у ў Т э л е в і з а р ы
— Дык гэта ж я!..
Зусім як той, з вусамі…

Г а л а в а, з’яўляючыся
ў Т э л е в і з а р ы разам
з Г р ы ж а м і Б е з Д ы я г н а з у
— Браты і сёстры!
Зноў я разам з вамі!
Вярнуўся з космасу,
каб зратаваць народ!
Рыхтуюць ворагі пераварот!
На нас ідзе арда армагадонаў!
Ды ім рэдутаў нашых і кардонаў,
Равоў, траншэй,
акопаў не прарваць!
Народ са мною будзе ратаваць
Міністр вайсковых спраў
таварыш Грыжа!

Г р ы ж а
— Мы тых армагадонаў
расчыкрыжым!
Адкінем да Берліну! Да Парыжу!

Г а л а в а
— Спецслужбамі
ў нас будзе кіраваць
Таварыш Без Дыягназу!..
(Страчваючы
ў крыку прытомнасць)
І знаць
Дыягназ кожнага
цераз яго я буду!..
(Абсядае, Б е з Д ы я г н а з у
яго падтрымлівае)
Апендыцыт! А ўжо цябе, паскуду
Армагадонскую,
я проста ў парашок…
У пыл сатру…

Т у м б а ч к а
— Абсеў, як той мяшок.

Д о к т а р
— Падучая ў яго… Нервовы шок.

А п е н д ы ц ы т да А р м а г а д о н а,
які ўважліва глядзіць
на М а л о д ш а г а Б р а т а
— А скуль яму вядома ўсё здаля?..
Дзе мы?.. Дзе ён?..
Дзе неба і зямля?

А р м а г а д о н, падступаючы
да М а л о д ш а г а Б р а т а
— Скажы, дзе мы?..
Дзе ты?...
(Ківаючы на А м а р г а д о н а)
Дзе ён…
Дзе я?..
Дзе бацька наш?.. І наша ўся сям’я
Дзе праз цябе, скажы мне?!.

М а л о д ш ы Б р а т, усхліпваючы
— Брат, прабач…
Апошні раз, клянуся!..

А р м а г а д о н
— Ну, паплач
Апошні раз…

М а л о д ш ы Б р а т
— Я ўсё нібы сяджу
У ім — і ўсё служу, служу, служу
З рання да цемнаты…

А п е н д ы ц ы т
— Чакай, дык гэта ты
У ім вяшчаў?..

М а л о д ш ы Б р а т
— Не я!.. А той, пусты…

А п е н д ы ц ы т
— А хто ў пустым?

М а л о д ш ы Б р а т
— А той, які з вусамі…

А р м а г а д о н
— Што ж ад людзей чакаць,
калі мы самі,
Армагадоны, поўныя спакус!

М а л о д ш ы Б р а т
— Я не армагадон…

А р м а г а д о н
— А хто ты?

М а л о д ш ы Б р а т
— Беларус!

А п е н д ы ц ы т,
Т у м б а ч к а і До к т а р,
стаўшы ў шэраг
з М а л о д ш ы м Б р а т а м, спяваюць
“Мы, беларусы, з братняю Руссю
Разам шукалі к шчасцю дарог.
Ў бітвах за долю, бітвах за волю
Мы здабылі свой сцяг перамог!
Нас аб’яднала Леніна імя,
Партыя к шчасцю вяла у паход!
Партыі слава! Слава Радзіме!
Слава табе беларускі народ!”

А р м а г а д о н
— Ты здрадзіў Бацьку,
небу і братам!

А п е н д ы ц ы т
— Затое Леніну ён верны!
Верны нам!

А м а р г а д о н
да М а л о д ш а г а Б р а т а
— Ты з гэтымі?..

М а л о д ш ы Б р а т
— Я іх старэйшы брат!

А м а р г а д о н
— Старэйшы дык старэйшы…
Кожны рад
Старэйшым быць…
І тут ты маладзец…

М а л о д ш ы Б р а т
— Я рускі беларус!

А м а р г а д о н
— Ты — хто?..

А р м а г а д о н
— Кашмар!.. Канец!

А м а р г а д о н да А р м а г а д о н а
— Ды пачакай!..
(Да М а л о д ш а г а Б р а т а )
А беларусу можна
Шпіёніць?

М а л о д ш ы Б р а т
— Можна… Толькі асцярожна…

А р м а г а д о н
— Які ты беларус! У нашых жылах кроў…

А м а р г а д о н, жэстам
перапыняючы А р м а г а д о н а
— І здрадзіць можна?
І прадаць сяброў?

М а л о д ш ы Б р а т
— Каго ж ім прадаваць яшчэ?.. Яны
Завуць сябе сябрамі з даўніны,
Дык вось саміх сябе і прадаюць
На ўсход і захад…

А м а р г а д о н
— Нешта ж ім даюць
За гэта… А табе?

М а л о д ш ы Б р а т
— Дальбог, нічога!
Ні мне, ні ім! Спытайцеся ў любога,
Хто прадаваў, ён скажа: ні шыша
Не меў за гэта.

А м а р г а д о н да А р м а г а д о н а
— Бедная душа.
Заусім заблытаўся. Даруй яму…

А р м а г а д о н
— Ён — прах.
Касмічны пыл.
(Да М а л о д ш а г а Б р а т а)
Пайшлі!.. Ці хочаш на вачах
Ва ўсіх…

М а л о д ш ы Б р а т
— Даруй мне!

А р м а г а д о н
— Не!

М а л о д ш ы Б р а т да нябёсаў
— Даруй мне, Бацька!

А р м а г а д о н
— Годзе!
Цябе не пусціць Бацька на парог!

А м а р г а д о н
— Падумай, брат…
Ён брат нам! І мы ўтрох
Захоўваем гармонію ў прыродзе…

А р м а г а д о н
— Якая там гармонія!.. Мой Бог,
Мы ледзьве ўжо канцы
з канцамі зводзім!
Свет распадаецца праз гэтакіх, як ён,
Змяняецца праз іх
у складзе рэчаў!

Т у м б а ч к а
— Армагадон, давай па-чалавечы…
Каму ён здрадзіў? Ідалу якому?..

А р м а г а д о н
— Ён здрадзіў Бацьку!
Нам! Сабе самому!

Т у м б а ч к а
— Давай па-людску ўсё ж,
Армагадон…

А р м а г а д о н
— З табой па-людску?..

Т у м б а ч к а,
ператрываўшы крыўду
— Ты казаў: закон
Адзін для ўсіх.
Ці ты казаў пустое?

А р м а г а д о н
— Не, так і ёсць. І што з таго?

Т у м б а ч к а
— А тое!
У вас, Армагадонаў, свой дурдом!
Тут свет увесь ідзе на скрут,
на злом,
А ты і брата ў пыл?..
Я думала: наладзіць
Паслаў вас Бацька гэты свет!
Вы ж гадзіць
Тут пачалі!
Ты свой экс-пе-ры-мент
Прыдумаў!.. І пачаў, нібыта мент,
З усімі разбірацца, дазнавацца…
(Махнуўшы рукой,
да А п е н д ы ц ы т а)
Апендыцыт! Яшчэ не позна здацца
Вусатаму… Гары яно агнём!..

А п е н д ы ц ы т
— Пайду, бадай, здавацца…
Там дурдом —
І тут дурдом…

Д о к т а р
— Армагадон, скажы:
Няўжо жыццё ўсё наша —
міражы?
І ўсе мы — пыл?
Ніколі нам не быць
Падобнымі на Бога?..

А р м а г а д о н
— Можа быць.

Д о к т а р
— Што можа быць,
калі няма нічога?!

А м а р г а д о н
— Чаму нічога?
Вунь спытай любога:
Усе ўсё маюць, хоць і не шыша
Ім не даюць…

Д о к т а р
— О, як баліць душа!

А р м а г а д о н
— Дык ёсць, калі баліць.

Д о к т а р
— І гэты свет змяніць
І найвышэйшым сілам не па сіле?

А р м а г а д о н
— А вы прасілі?

Д о к т а р
— Што?

А р м а г а д о н
— Вы свет змяніць прасілі?
Вы ўсе мяне прасілі толькі даць
Што-небудзь. І нічога не мяняць…
Вось і жывеце ўсе вы
ў вашым свеце,
Які ён ёсць…

А п е н д ы ц ы т
— Прафесар, вы ідзеце?..
Там хворыя… Жанкі, старыя, дзеці…

Д о к т а р, пераходзячы з палаты
“на тым свеце” ў палату “на свеце
гэтым”, пасля чаго дзея доўжыцца
адначасова там і тут
— Так, так… Іду, іду…
(Праходзячы, да А р м а г а д о н а)
Мне па рабоце…
Вось і палата…

Г р ы ж а насустрач Д о к т а р у
— Ба, я ваша цёця!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Здароў, прафесар!..

Д о к т а р
— Як не быў нідзе…
Як і не жыў… Што ж будзе на Судзе
На Страшным?..

Г р ы ж а, блюзнерачы
— Дзе што будзе?

Б е з Д ы я г н а з у, падайграючы
— Будзе дзе?..

Г р ы ж а
— А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?

Б е з Д ы я г н а з у,
выстройваючы ўсіх, апроч
братоў-Армагадонаў, у паходны строй
— Беларусы.

Г р ы ж а
— А што яны нясуць
на худых плячах,
На руках ў крыві,
на нагах у лапцях?

Б е з Д ы я г н а з у
— Сваю крыўду.

Г р ы ж а
— А куды ж нясуць
гэту крыўду ўсю,
А куды ж нясуць напаказ сваю?

Б е з Д ы я г н а з у
— На свет цэлы.

Г р ы ж а
— А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несць наўчыў,
разбудзіў іх сон?

Б е з Д ы я г н а з у
— Бяда, гора.

Г р ы ж а
— А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім,
сляпым, глухім?

Б е з Д ы я г н а з у
— Людзьмі звацца.

А р м а г а д о н
— Завіцеся. Ну, хто вам не дае?..
Палякі? Рускія?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды не…

А р м а г а д о н
— А хто?

Б е з Д ы я г н а з у
— Свае.

Г р ы ж а
— У нас чужых няма.
У нас сваіх хапае.
Вунь як ва ўсёй краіне патыхае!..
Здароў, Апендыцыт!

А п е н д ы ц ы т
— Та-ва-рыш Грыжа!..
Міністр вайсковых спраў!..
Ну, што ты ўкраў
У міністэрстве?

Г р ы ж а
— Во!.. Прэзент для рыжай!..
І я не ўкраў яго, а заслужыў!

А п е н д ы ц ы т
— Прэзерватыў?..
Дык ты здаровы быў
І без яго…

Г р ы ж а
— Дык гэты адмысловы!
Вайсковы. Унікальнай распрацоўкі:
Вось так — гандон,
а гэтак — парашут.
Ну, калі раптам муж
з камандзіроўкі,
Як лось, здаровы!..
Што табе? Капут!
А так ты —
у вакно і паляцеў…

А п е н д ы ц ы т
— А самалёт не лепш?

Г р ы ж а
— Як ты ўгадаў? Хацеў
Я ў войску мець прэзервасамалёт!
Вось ты ўяві: гумовы — і жалезны!

А п е н д ы ц ы т
— І што?

Г р ы ж а
— Фіяска!.. Ні адзін пілот
Не рызыкнуў ні на адзін палёт.

А р м а г а д о н
— Няма герояў?

Г р ы ж а
— Будуць! Непазбежны
Прагрэс у гэткай справе!
(Ківаючы на Б е з Д ы я г н а з у)
КГБ
Таксама зацікаўлены…

Б е з Д ы я г н а з у,
раздаючы прэзерватывы
— Табе… табе… табе…
(Да А м а р г а д о н а)
— Адзін, ці болей?.. Аддаю за так.

А м а р г а д о н
— Не трэба…

Б е з Д ы я г н а з у
— Як не трэба?

А м а р г а д о н
— Аніяк!

Б е з Д ы я г н а з у
— Вазьмі, Амаргадон…

А м а р г а д о н
— І не прасі!..
Навошта мне?

Б е з Д ы я г н а з у
— А Бацьку аддасі!
Каб не рабіў, такіх, як ты!
(Паказваючы на А р м а г а д о н а)
Як ён!..

А м а р г а д о н
— Ты што сказаў?..
Ты чуў, Армагадон,
Што ён сказаў?!.

А р м а г а д о н
— Чуў, брат мой, чуў… Ён брата
Свайго прадаў…
І зараз вінаватых
У тым шукае…

Б е з Д ы я г н а з у
да А р м а г а д о н а
— І ў цябе ёсць брат…

А р м а г а д о н
да М а л о д ш а г а Б р а т а
— Пайшоў!.. Стой!.. Не!.. Ідзі!..
(Вагаючыся)
Калі мільярды страт
Наперадзе, дык што мне — брат?
(Вяртаючы
М а л о д ш а г а Б р а т а)
Назад!..

М а л о д ш ы Б р а т,
становячыся на калені
— Даруй мне, брат…

А р м а г а д о н
— Па найвышэйшай волі
Ад найвышэйшых сіл
За здраду Бацьку ты
Адлучаны!..

Т у м б а ч к а ўслед знікаючаму
М а л о д ш а м у Б р а т у
— Што гэта з ім?..

А п е н д ы ц ы т
— Кранты
Малодшаму…

А р м а г а д о н д а ў с і х
— Я ў вецер вас над полем
Перамялю! У пыл!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Армагадон, прабач…

У с е адзін за адным
— Прабач… прабач… прабач…

А п е н д ы ц ы т
— Не плач ты, Тумба…
Чуеш ты: не плач!

Т у м б а ч к а
— Малодшага шкада…
(Да А р м а г а д о н а)
Ты знішчыў здрайцу, ці
Ты знішчыў брата?

А р м а г а д о н, спрабуючы
суцешыць Т у м б а ч к у
— Ды не плач…

Т у м б а ч к а
— Пусці!
Калі б сястра была ў мяне, ніколі
Я ні па ўласнай, ні па нечай волі
З ёй так не абыйшлася б…

А р м а г а д о н, перапыняючы
— Ад пачатку
Ён нёс на лобе здрадніка пячатку!

Т у м б а ч к а
— А хто ж яе яму паставіць мог,
Калі ягоны Бацька — Бог?

А р м а г а д о н
— Дык Бог
Яе й паставіў!

Т у м б а ч к а
— Бог?.. Дык як жа тады Бога
Любіць, Армагадон?.. Як Бацьку?..

А р м а г а д о н
— Як нікога!

Т у м б а ч к а
— Што значыць: як нікога?..
Не любіць?

А р м а г а д о н
— Любоўю быць. Сляпой любоўю быць.

Т у м б а ч к а
— Чаму сляпой?..

А п е н д ы ц ы т
— Чаму сляпой?..

А р м а г а д о н
— Пустыя
Размовы скончаны!

Т у м б а ч к а
— Вярні яго...

А р м а г а д о н
— Не тыя
Я паўнамоцтвы маю, каб вяртаць.
Хаця я мог бы зараз паказаць,
Што ёсць любоў сляпая,
і часова
Вярнуць…

Т у м б а ч к а
— Вярні…

А р м а г а д о н
— Але таго, каго вы
Усе вярнуць хацелі б на зямлю.
Каго ўсе любіце.

Д о к т а р
—Усе?

А р м а г а д о н
— Усе. І ў Бога
Вярнуць яго папросіце.

Б е з Д ы я г н а з у
— Нікога
Не вернеш ты.
А р м а г а д о н
— Чаму?

Б е з Д ы я г н а з у
— Бо не люблю
Нікога я!

Г р ы ж а
— І я…

А п е н д ы ц ы т
— І я…

Т у м б а ч к а
— Во гады!..
Не любяць анікога! І не рады
Ніколі і нікому!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Не сябруем
З любоўю мы…

Д о к т а р
— А, можа, паспрабуем?..

А п е н д ы ц ы т
— Усе?

Д о к т а р
— Усе… Паціху… пакрысе…
Давайце… Ну… Ну, некага ж любілі
Мы некалі!..

Г р ы ж а
— Ды ўжо даўно забылі,
Каго любілі…

А р м а г а д о н
— Нешта ўсё ж пайшло…
Паехала… Не ўсё так безнадзейна…

Д о к т а р
— Ну, тужымся! Народзім!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Іудзея
Народзім зараз…

Д о к т а р
— Бачыце: святло!

Т э л е в і з а р
— І ў ім адзін… Другі…

Т у м б а ч к а
— Ды не другі, другая!..

Т э л е в і з а р
— Псіх і Рэгіна…

Г р ы ж а
— Мама дарагая…
(Да А р м а г а д о н а)
Мы што: усе?..

У с е адзін за адным
— Усе?.. Мы ўсе?.. Усе?..

А р м а г а д о н
— Усе...
Вось так сляпой любоўю пакрысе
Вы іх і палюбілі… А казалі:
Не любіце нікога.

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык не зналі,
Не ведалі, што любім…

А п е н д ы ц ы т
— Любім…

Г р ы ж а
— Любім…

Т у м б а ч к а,
кідаючыся абдымацца
— О, Божа, як жа добра!
Прыгалубім
Адзін аднога ўсе…
Мае вы галубкі!
Хрыстос васкрос!..

Г р ы ж а
— А сёння дзень які?

А п е н д ы ц ы т
— Ды не Вялікдзень…

Г р ы ж а
— Хто ж тады ўваскрос?

Т у м б а ч к а, Т э л е в і з а р,
Д о к т а р
— Хрыстос! Хрыстос! Хрыстос!
Любоў! Любоў! Любоў!..

П с і х да Р э г і н ы,
якая не адказвае
— Сястра… Сястра… Сястра…
Мы што: жывыя зноў?..

Д о к т а р
— Яна не чуе… Там яшчэ начуе…
Давайце пакладзем яе…
(Кладуць С я с т р у на ложак,
Д о к т а р сядае каля С я с т р ы)
Не чуе…

Г р ы ж а, падыходзячы да П с і х а
— Здарова, Псіх!

А п е н д ы ц ы т д а Г р ы ж ы
— Якое тут здарова!
Ты што нясеш?

Г р ы ж а
— А як глядзіць сурова…
(Псіх, не падаўшы Г р ы ж ы рукі,
дае яму шчаўбан)
Ты што шчаўбаніш?

П с і х
— Дык шчаўбан за мной!

Г р ы ж а
— І ты за ім вярнуўся?

П с і х, даючы яшчэ адзін шчаўбан
— За табой!

Г р ы ж а
— Э, не!.. Армагадон!..
(А р м а г а д о н, нібы не чуючы
Г р ы ж у на “тым свеце”,
кладзецца на адзін ложак,
А м а р г а д о н — на другі)
Ды што ж гэта такое!..
За ім адзін шчаўбан,
а ён шчаўбаніць два!

П с і х, падстаўляючы галаву
— На… Адшчаўбань адзін…

Г р ы ж а, не патрапляючы
— І тут… і тут пустое…
Дзе ж галава?..
(Бярэцца за сваю галаву)
Як страшна галава
Баліць!..

Б е з Д ы я г н а з у
— І мне…

А п е д ы ц ы т
— Даўно не выпівалі…
Гдядзі: у Псіха пляшка!

П с і х
— Вы пазвалі
Мяне, каб піць?

А п е н д ы ц ы т
— Не, каб любіць…
(Вядзе П с і х а на ложак)
Ідзі ты паляжы
Там, дзе ляжаў…
(Забраўшы і ўзняўшы бутэльку)
Якія віражы
За ёй у космасе!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Прэзервасамалёт…

А п е н д ы ц ы т
— А хто пілот?

Б е з Д ы я г н а з у
— Я!

А п е н д ы ц ы т
— Я!

Г р ы ж а
— І я пілот…

А п е н д ы ц ы т,
Б е з Д ы я г н а з у, Г р ы ж а пяюць
“І таму, і таму, што мы пілоты,
Неба наш, неба наш радзімы дом,
Дык спачатку прапіваем самалёты,
А пасля мы ўсё астатняе прап’ём!”

А п е н д ы ц ы т
— Героі, у палёт!.. Прафесар з намі!

Д о к т а р
— Не, без мяне…

А п е н д ы ц ы т, круцячы перад
Д о к т а р а м бутэльку
— Нябеснымі шляхамі
Скрозь вецер космасу
прыйшла яна, а вы…
(Падымаючы Д о к т а р а)
Прафесар, не дурыце галавы!
Кампанія!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Чароўная?

А п е н д ы ц ы т
— Яна!
Якой ніколі не дапіць да дна!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык налівай!

А п е н д ы ц ы т
— Дай чаркі, Тумба!

Т у м б а ч к а
— На!

Б е з Д ы я г н а з у да Т у м б а ч к і
— Ты, як вайна…

А п е н д ы ц ы т
— Усё было… Вайна,
Любоў і здрада…
(Наліваючы Д о к т а р у)
І прафесар…

Д о к т а р
— Не,
Вы без мяне…

А п е н д ы ц ы т
— Вы, доктар, на вайне!
Ну, за вайну!..
Ці за любоў?

Д о к т а р
— Мінае
Усё…

А п е н д ы ц ы т
— Тады за ўсё!..
Ух, смаката якая!..
Да дна, прафесар…
Калі піць, дык піць!..

Д о к т а р
— Цішэй! Рэгіна спіць…

Б е з Д ы я г н а з у
— Пара ўжо нам будзіць
Рыжулю…

А п е н д ы ц ы т
— Зараз вып’ем — і пабудзім…
(Налівае)
Ну, будзем…
(Выпіваюць, Апендыцыт
зноў налівае)
Будзем!..
(Выпіваюць, Апендыцыт налівае).

Г р ы ж а, адстаўляючы чарку
— Што мы: будзем, будзем!..
Як алкашы. Сказаць бы нейкі тост.

Б е з Д ы я г н а з у
— І закусіць…
(Да Т у м б а ч к і)
Ты б нечым закусіла,
Калі б піла?..

Т у м б а ч к а, уздыхнуўшы,
падае на стол
— Закусвайце… Не пост.

А п е н д ы ц ы т
— Глядзіце, што ў яе…
Ну, Тумбачка, ты сіла!
Цыбулька… агуркі…
каўбаска… сала…
Ты дзе знайшла?

Т у м б а ч к а
— А там жа, дзе схавала.

Б е з Д ы я г н а з у
— Што?.. На тым свеце сала падмяла?

Т у м б а ч к а
— Ага, на тым…

Б е з Д ы я г н а з у
— Тады мы да стала
Павінны запрасіць Армагадонаў.

Г р ы ж а
— Да д’ябла іх!

А п е н д ы ц ы т
— Ты што: супроць законаў
Гасціннасці?

Г р ы ж а
— Я супраць іх саміх!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды ціха!
(У бок А р м а г а д о н а ў)
Слухаюць!..

Г р ы ж а
— Няхай!..
Вось ты хацеў, каб Псіх
Вярнуўся?.. Ну, скажы?..
(Да А п е н д ы ц ы т а)
А ты?..

А п е н д ы ц ы т
— Ты завяжы
Язык!

Г р ы ж а
— Пляваць! Тут наш дурдом!

А п е н д ы ц ы т
— Табе мазгі адбіла шчаўбаном?

Г р ы ж а
— Ніхто з нас не хацеў!..

Т у м б а ч к а
— Хацела! Я хацела!

Г р ы ж а
— Адна!.. А каб Рэгіна прыляцела,
Хацела?.. Што маўчыш?..
Не тое з’ела?

А п е н д ы ц ы т
— А ты што з’еў?

Г р ы ж а
— Не ем з чужых сталоў!
Нас надурылі — вось і ўся любоў!
(У бок А р м а г а д о н а ў)
Браты ўсё
экс-пе-ры-мен-туюць, гады!..

А п е н д ы ц ы т
— Дык і няхай сабе…
Што кепскага?... Я рады,
Што Псіх да нас вярнуўся…
І сястра…

Г р ы ж а
— Сястру і я люблю…
(Ідзе да ложка,
на якім ляжыць С я с т р а)
Бадай, прыйшла пара
Прэзервасамалётам скарыстацца…

Т у м б а ч к а
— Дык мёртвая ж яна…

Д о к т а р да Г р ы ж ы
— Куды ты?.. Стой!

Г р ы ж а, скіроўваючыся да ложка
Псіха, які спрабуе ўстаць
— Падняцца
Яму дапамагчы…
(Да П с і х а, падводзячы яго да ўсіх)
Я рады, што ты з намі.
(Да Д о к т а р а)
За вамі тост, прафесар…

Д о к т а р
— Мы вякамі…
Мы — гэта ўсе,
хто жыў тут, на зямлі,
Да нейкай мэты прывіднай ішлі,
Якую называлі то прагрэсам,
То рэвалюцыяй…

Б е з Д ы я г н а з у
— Ды карацей, прафесар!..

Д о к т а р
— Магу і карацей…
А мэта ўся — у нас.
Вось тут яна…
(Кладзе руку на грудзі).
Я — за любоў!..

У с е адзін за адным
— За вас!..
За вас, прафесар!..
За жыццё!..
За нас!..

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— Да дна, да дна!..

Д о к т а р
— Я выпіў бы вады…

Б е з Д ы я г н а з у
— Няма вады, бо выпілі жыды…
Ха!.. Моцная!..
Так паліць, што бяда…

Д о к т а р, прыгубіўшы
са свайго кілішка
— А тут — вада…

Б е з Д ы я г н а з у, смакуючы
напой Д о к т а р а
— Вада…

Г р ы ж а, смакуючы
— Ну так… Вада…
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Ты што наліў?..

А п е н д ы ц ы т
— Дык з посуду аднога…
Як гэта, Псіх?..

П с і х
— Усё — з крыніцы Бога,
І хто што хоча — тое кожны мае.

А п е н д ы ц ы т
— Што выбірае?..

П с і х
— Так, што выбірае.
Добро і зло
у посудзе адным
Гасподзь нам падае…

Г р ы ж а ў бок Д о к т а р а
— І выпіў з Ім
З усіх — адзін. І ён — богаабраны?
А п е н д ы ц ы т, аддаючы
бутэльку Г р ы ж ы
— Канчай ты, Грыжа!

Б е з Д ы я г н а з у
— Як усё ж старанна
Нас апрацоўваюць…
(У бок А р м а г а д о н а ў)
А во!.. Не выйдзе нічарта!
(Пачынае скакаць, спяваць,
Грыжа, наліваючы, падпявае)
“Тра-та-та, тра-та-та,
Мы вязем з сабой ката,
Чыжыка, сабаку,
Тумбу-забіяку,
Тэлевізар, папугая,
Вось кампанія якая!..”
Кампанія!.. А ну яшчэ адну,
Каб прапаліла аж да сэрцавіны!
І на вайну, як продкі ў даўніну!..

Г р ы ж а, гледзячы
ў бок С я с т р ы
— Па бабах лепш!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Што?.. Сумна без Рэгіны?

Г р ы ж а
— Нявесела! Кампанія не тая!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Бутэлька не пустая?

Г р ы ж а, падаючы бутэльку
— Не пустая!

Б е з Д ы я г н а з у
— Хоць нешта не пустое!..
(П’е, вяртае бутэльку Г р ы ж ы)
Ты ў кусты,
Ці ты са мной?

Г р ы ж а, узяўшы
бутэльку і выпіўшы
— З табой!.. Ды першы — ты!

Б е з Д ы я г н а з у,
рушыўшы да С я с т р ы
— Так, першы я…

Т у м б а ч к а
— Вы што? Павар’яцелі?
Яна нябожчыца!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты дзе такіх… у целе
Нябожчыц бачыла?..
(Прыстройваецца да С я с т р ы,
не можа яе абняць,
С я с т р а слізгае між рук)
Ніяк яе не ўзяць…
(Да Г р ы ж ы)
Твая чарга…

Г р ы ж а да А п е н д ы ц ы т а
— Ты быў другі…

А п е н д ы ц ы т
— Ааддаць
Магу чаргу… Ды ўсё адно прапала
Душа!..
(Да Г р ы ж ы)
Давай прэзервасамалёт!

Б е з Д ы я г н а з у
— Дык я ж табе даваў…

А п е н д ы ц ы т, пашукаўшы
— А, во…
(Ладзіцца да сястры)
Ты дзе і з кім лятала
Без нас, сястра?...
На ёй халодны пот…
І пах, нібы з магілы…
Ты мне: “Мілы…” —
Шаптала некалі…
А як ты цалаваць
Умела...
(Вые)
Не ма-гу!..
(Скідваецца з ложка і коціцца
па падлозе. Пераступіўшы цераз
А п е н д ы ц ы т а,
да ложка ідзе Г р ы ж а)
Т у м б а ч к а да Г р ы ж ы
— Сядзь, Грыжа…
(Грыжа не спыняецца, ідзе
да С я с т р ы, Т у м б а ч к а
б’е яму між ног)
Грыжа, сядзь!

Г р ы ж а, скурчыўшыся ад удару
— У, бл...дзь!
Па яйцах!..

С я с т р а
— Ты яму папала?..

Т у м б а ч к а
— А то!..

Г р ы ж а да С я с т р ы
— Мая рыжуля… Ты паспала?..
(Падпаўзае да ложка)
Я да цябе…
(Спрабуе з падлогі памацаць С я с т р у)
Ты дзе?..
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Што гэта з рыжай?..
Рэгіна, што з табой?..

С я с т р а, падымаючыся
— А што з табою, Грыжа?
З табой, Апендыцыт?..
Хоць штосьці ў вас
Змянілася? Ці вас мінае час?..

П с і х
— Хадзі сюды, сястра…
Час не мінае
Нікога. Ён ляціць —
і ці ўздымае,
Ці апускае… Гэтых — апусціў.

Б е з Д ы я г н а з у
— Мы ажывілі вас!
А ты сваё “ціў-ціў”
Зноў запусціў!..
Ты можаш памаўчаць?

С я с т р а
— Ім давялося на краі стаяць
І столькі перажыць… І ўсё дарма?

П с і х
— Усё дарма, калі ў душы няма
Нічога, бо няма самой душы.

Г р ы ж а
— Ты, Псіх, трактат пра гэта напішы
І т а м
чытай яго нябожчыкам! Не нам.

С я с т р а
— Паслухайце…

П с і х
— Без толку ўсё… Ні там,
Ні тут яны не хочуць чуць нічога.

Г р ы ж а
— Нас Бог стварыў такімі!
Што ж: на Бога
Нам крыўдаваць?..
Дык хай перарабляе!

А п е н д ы ц ы т
— А што там, Псіх?

П с і х
— Дарога.

А п е н д ы ц ы т
— А якая?

П с і х
— Бясконцая.

А п е н д ы ц ы т
— Да самага канца
Бясконцая дарога?

Г р ы ж а
— Гоп-ца-ца!
Паехалі мазгі! Дзе без канца канец
Ты бачыў?

А п е н д ы ц ы т
— Там. І скача ўжо Ганец
Адтуль, каб нам сказаць,
што кожны з нас — пусты…

Г р ы ж а
— Скакаць не даскакаць
Яму да нас…
(Да П с і х а)
А ты
Чаго ажыў?

П с і х, даючы Г р ы ж ы шчаўбан
— Каб даць табе шчаўбан!

Г р ы ж а
— Ну, зашчаўбаніў, бляха!
Як туман
У галаве…

Б е з Д ы я г н а з у
— У нас ва ўсіх — туман.
Туманнасць Андрамеды…

Д о к т а р
— Вось дыягназ!
Туманнасць Андрамеды!..

Г р ы ж а
— Доктар, як вас
Падкінула!..

Д о к т а р
— Я гэта ведаў! Ведаў!

Г р ы ж а
— Ну, добра… Сядзьце…
Псіх, а ты абедаў?

А п е н д ы ц ы т
— Ты што?.. Ён мёртвы.

П с і х
— Я б што-небудзь з’еў.

Г р ы ж а, падсоўваючы яду
— Сілкуйцеся!..
А што гэта за спеў?
Вы чуеце?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ціў-ціў?

А п е н д ы ц ы т
— Ды не… Не птушка…
Я чуў такое, калі Кацю гушкаў…
Не, падалося…
(Да П с і х а, падстаўляючы галаву)
Шчаўбані і мне.

Б е з Д ы я г н а з у
— Тады і мне…

Д о к т а р
— І мне…

Г р ы ж а, узяўшы пляшку
— І стала ясна: ісціна ў віне.
Прафесар?.. Псіх?..
Не хочаце — не трэба.
Без ісціны памрэце.
(Г р ы ж а, А п е н д ы ц ы т
і Б е з Д ы я г н а з у выпіваюць)
Тумба, хлеба
Не засталося?

Т у м б а ч к а
— Зжэрлі вы ўвесь хлеб.
Без хлеба памірайце.

А п е н д ы ц ы т
— Тумба, мне б
Скарыначку…

Т у м б а ч к а
— Чым ты за Грыжу лепшы?

Б е з Д ы я г н а з у
— Ён вершы піша…
Пачытайце вершы,
Прафесар! Мы адной нібыта веры
Цяпер. “Шчаўбанчыкі…”
Ці гэта секта ў нас?

А п е н д ы ц ы т
— Ды не чапай яго ты, підарас!

Б е з Д ы я г н а з у
— Я підарас? А ты?..

Т у м б а ч к а
— Ды ціха! Некрафілы!..

Т э л е в і з а р
— Во абсадзіла…
Тумбачка, ты сіла!

С я с т р а да П с і х а
— Як час мінае! Як мінае час!..
Ім трэба ўсё сказаць, як яно ёсць.

П с і х
— Нам нельга… Госці мы…

Г р ы ж а да П с і х а
— Скажы, нябесны госць…

Д о к т а р, перапыняючы
— Ды ўсё ўжо ён сказаў вам!
Вы не чулі?
Армагадоны іх да нас вярнулі,
Каб мы адчулі…

А п е н д ы ц ы т
— Што?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Каб што адчулі?..

Д о к т а р
“Калі ўздыхне апошні
дзень прыроды,
Склад рэчываў
парушыцца зямных,
Сусветныя зямлю акрыюць воды —
І Божы воблік выявіцца ў іх”.

Г р ы ж а
— Хто гэта так сказаў?
Бог пра сябе? Ці Псіх
Сказаў пра Бога?..

Д о к т а р
— Гэта не пра Бога.

Б е з Д ы я г н а з у
— А пра каго?..

А п е н д ы ц ы т
— Пра нас! Пра ўсіх! Пра ўсіх!..
Як ненавіджу я сябе самога!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты што, Апендыцыт?..
Панапісалі
Абы-чаго!..

Г р ы ж а, наліваючы
— Даўно не выпівалі,
Апендыцыт… Ну што ты, як дзіця!
Хаця… У нечым…
Можа быць… Хаця
Не можа быць таго, чаго не можа!

А п е н д ы ц ы т
— Чаго не можа быць?

Г р ы ж а
— Таго!

А п е н д ы ц ы т
— Чаго?

Г р ы ж а
— Ды ўсе прыгожа
Умеюць гаварыць!
А жыць? Як набяжыць,
Так і жывуць! І вінавацяць Бога,
Што не такімі іх стварыў!..
Няма нічога
Ні для каго святога!..

П с і х
— Дык і Бога
Няма, рабяты.

Г р ы ж а
— Як гэта няма?

Т у м б а ч к а да Т э л е в і з а р а
— Перадавай!..

Т э л е в і з а р
— Перадавай сама!
Як я скажу: няма?..

Т у м б а ч к а
— Паўсюль цэнзура!

Б е з Д ы я г н а з у
— А хто ж тады
на самай верхатуры?

П с і х
— Дзе?

Б е з Д ы я г н а з у,
паказваючы ўверх
— Недзе там… Дзе мы былі…

П с і х
— І вы
Там бачылі Яго?

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты галавы
Нам не дуры! Нам і раней казалі:
Яго няма! Пасля сказалі: ёсць!
Папоў нерастраляных апраўдалі,
Набудавалі столькі храмаў — хоць
З іх не выходзь!

Т у м б а ч к а
— Бо могуць расстраляць…

Г р ы ж а
— Калі Яго няма, хто ж сустракаць
Нас будзе там?

А п е н д ы ц ы т
— Хто-небудзь…

Б е з Д ы я г н а з у
— Хто?

А п е н д ы ц ыт
— Анёлы…

Б е з Д ы я г н а з у
— І зноў раздзенуць?..
Я ўжо быў там голы!
Бардак
Там, дзе няма гаспадара:
На небе — Бога, на зямлі — цара.

Г р ы ж а
— Цароў хапае…

А п е н д ы ц ы т
— Нехта нешта чуе?
Яна спявае…

Д а ч к а – г о л а с
— Тата, не хачу я
Вяртацца зноў…

А п е н д ы ц ы т
— Кацюша, Бог — Любоў?

Д а ч к а – г о л а с
— Так, тата, Бог — Любоў.

А п е н д ы ц ы т
— Астатняе ўсё прах?

Д а ч к а – г о л а с
— Астатняе ўсё прах…

Світаюць у Бога ў вачах,
Агні ў пазалочаных рамах.
Няма Яго ў душ вашых храмах
І ў сэрцах, дзе попел і прах.

Вы богазабойцы! І ў вас
Кроў жарсці і злосці галоднай.
А ля дамавіны гасподняй
Вы прагніце ласкі ў адказ.

Пустыя, як храм без Хрыста,
Нясеце крыжы залатыя,
І вашы абдымкі пустыя
Пусцей, чым сама пустата.

Б е з Д ы я г н а з у
— Пусцей, чым пустата…
Як гэта зразумець?

А п е н д ы ц ы т
— Ніяк не зразумець…

Б е з Д ы яг н а з у
— Чаму?..

А п е н д ы ц ыт
— Бо гэта — смерць.
Апошні міг праб’е…
Зямлю затопяць воды…

Г р ы ж а
— Ды што ж гэта такое?
Век свабоды
Не бачыць мне!
(Да П с і х а)
Ты што тут замуціў?
Бог ёсць! І ты канчай сваё ціў-ціў!
Сваё круць-верць!
Дуры каго другога!

П с і х
— Бог — гэта смерць.
Няма другога Бога.

Б е з Д ы я г н а з у,
рынуўшыся на “край зямлі”
— Тады да д’ябла ўсё! На край!..

Г р ы ж а
— На край!..

А п е н д ы ц ы т
— На край!..

Г р ы ж а да Б е з Д ы я г н а з у
— Давай! Ты першы!

А п е н д ы ц ы т
— Я другі! Давай!

Б е з Д ы я г н а з у
— Налі для смеласці!..
А як Рэгіна вальсам
Між рук слізнула!..

Г р ы ж а
— Тут жыццё між пальцаў
Пяском, а ты — Рэгіна!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Што ж: краіна,
бывай!..

Г р ы ж а
— Бывай, дурдом!

А п е н д ы ц ы т
— Давай спяём
Перад канцом!

Б е з Д ы я г н а з у
— Чакай! Яшчэ нальём!

А п е н д ы ц ы т
— Каторы раз крычым:
бывай, дурдом! —
І ўсё жывём у ім!

Б е з Д ы я г н а з у
— Жывём!

Г р ы ж а
— Апошні раз жывём!

А п е н д ы ц ы т
— А я б яшчэ пажыў,
калі б Ён быў!

Б е з Д ы я г н а з у
— Калі б Ён быў,
я брата б не забіў!..

Г р ы ж а
— А я б не піў, калі Ён быў!..

А п е н д ы ц ы т
— Не піў?..

Б е з Д ы я г н а з у
— Як гэта: ты б не піў?
А як бы жыў?..

С я с т р а да П с і х а
— Нашто ты ім
пра Бога наманіў,
Нібы яго няма?

П с і х
— А каб шукалі!
А то прывыклі: ёсць!
І што шукаць?..

С я с т р а
— Дык скокнуць зараз…
На краі пасталі…

П с і х
— Пабачым… Скокнуць —
пойдзем сустракаць.

Д а ч к а, з’яўляючыся
— Ніхто не скокне…
Вера ў іх не тая…

П с і х
— Вось і Кацюша
з намі іх спаткае.

Д а ч к а
— Не, хай іх Бог спаткае, як усіх.

А р м а г а д о н да А м а р г а д о н а
— Глядзі: вунь тыя ўтрох —
і гэтыя ўтраіх…
Жанчына і мужчына… І дзіця…
Як мудра ўсё і проста!
Сэнс жыцця
Не па-за імі, ён у іх, хаця
Яны яго шукаюць дзе заўгодна,
Каб толькі не ў сабе знайсці…

А м а р г а д о н
— Прырода
Ва ўсіх адна.
Але вось якасць, якасць…
(Да А п е н д ы ц ы т а,
Г р ы ж ы і Б е з Д ы я г н а з у)
Здарова, п’яніцы!

Б е з Д ы я г н а з у
— Здарова, жулік…

А м а р г а д о н
— Як вам
Адпачываецца?

Г р ы ж а
— Ты жартаўнік, Амар…

А м а р г а д о н
— Хіба праблемы ёсць?
Ні ветру тут, ні хмар,
Надвор’е роўнае…

А р м а г а д о н да А м а р г а д о н а
— Ды пачакай ты!.. Каця
Спытаць пра нешта хоча.

Д а ч к а
— Запытаць я
Хачу…

А р м а г а д о н
— Пытайся. Тут мы ўсе свае.

Д а ч к а
— Дзе бацька мой?

А м а р г а д о н
— Ды вунь гарэлку п’е…
Сюды збіраецца. Табе ён трэба?

Д а ч к а
— Не,
Сапраўдны дзе?.. Які і мой, і ваш.

А м а р г а д о н
— І твой, і наш?
Цікавенькі пасаж…
Прабач, дзяўчынка,
ты нам не сястра.

Г р ы ж а, наліваючы
А п е н д ы ц ы т у і Б е з Д ы я г н а з у
— Пара ляцець, саколікі!

А п е н д ы ц ы т, выпіваючы
— Пара!

Б е з Д ы я г н а з у,
зазіраючы “за край”
— Як чорна там!... Дзіра…

Г р ы ж а, зазіраючы
— Дзіра…

А п е н д ы ц ы т, зазіраючы
— Дзіра…

Д а ч к а да А м а р г а д о н а
— Хіба мы не адно і тое?

А м а р г а д о н
— Мы?..
З кім?..
(Паказваючы на А п е н д ы ц ы т а,
Грыжу і Б е з Д ы я г н а з у)
З гэтымі?.. Ды лета да зімы
Бліжэй, чым мы да іх!..

С я с т р а
— І я вам не сястра?

А р м а г а д о н
— Паслухайце…
Вось з аднаго кастра
Агонь і дым… Так?

С я с т р а
— Так.

А р м а г а д о н
— Але хіба яны
Адно і тое?..

Д а ч к а
— Не… Вы не Яго сыны…
Вы надта хітрыя,
каб быць Яго сынамі.

А м а р г а д о н
— А Ён прастак?
Стварыў людзей з багамі,
Сусвет — і Ён прастак?..
Калі казаць між намі,
Дык ён хітрэй за ўсіх:
паслаў сюды Ганца,
Каб абвясціць КАНЕЦ,
а хто ён, той Ганец,
Нікому не сказаў…
Вось і няма КАНЦА.
І ўсе жывуць:
жанкі, мужчыны, дзеці…

П с і х
— Скажы, а мы
нашто Яму ў Сусвеце?

А м а р г а д о н
— Ды неяк невясёла на планеце
Было без вас!
Адна вада ды цвердзь.
Завёў ад суму…
Дзе ж цяпер падзець?
Вунь: п’юць і п’юць…
Жывуць…

Г р ы ж а
— Пара ляцець!

А п е н д ы ц ы т
— Ляцець пара!
Мяне дачка чакае!

Д о к т а р
— Чакайце! Чуеце?
Гэта яна спявае…

Д а ч к а
“Ці з неба град з каменнямі,
Ці бліскавіца б’е —
Прад небам на каленях мы
З малітвай за сябе.

Бруснічкаю пракоціцца
Крывінка па губе.
Па кім жа нам маркоціцца,
Калі не па сабе?

Зайграе на світанку нам
Анёлак на трубе,
Па кім бы мы ні плакалі —
Мы плачам па сабе”.

А п е н д ы ц ы т
— Я слоў не разабраў…
Які ў дачкі маёй
Нябесны голас!
Быццам над зямлёй
Зайграў анёл
у першы дзень вясновы…

Д о к т а р
— Я запісаў…

А п е н д ы ц ы т
— Што запісалі?..

Д о к т а р
— Словы
Дачкі тваёй…
(Чытае па паперцы)
“Мой тата, родны мой…”

А п е н д ы ц ы т, вырваўшы
ў Д о к т а р а паперку, чытае
— Мой тата… родны мой…
я так цябе люблю…
Даруй, што я… пакінула зямлю…
Пакінула цябе… і маму…
Не! Я не магу!..
(Дае паперку Грыжы)
Чытай.

Г р ы ж а
— Тут пра мяне!
“Я Грыжы даравала…”
(Апускаючы руку з паперкай)
Даравала…

Д о к т а р, беручы паперку
— Хоць знала Без Дыягназу я мала,
Ён вельмі мілы…

Б е з Д ы я г н а з у
— Так і напісала?..
Ён вельмі мілы?..

Д о к т а р
— Так і напісала.

Б е з Д ы я г н а з у,
забіраючы паперку
— Дай мне!..
“І я прашу вас шкадаваць,
Любіць адзін аднога… дараваць
Адзін адному ўсё…
няхай вам Бог даруе…
І зразумець…”
(Замаўкае, гледзячы ў паперку)

А п е н д ы ц ы т
— Што зразумець?...

Б е з Д ы я г н а з у
— І зразумець, што смерць
Вас не палюбіць і не пашкадуе…
(Праз паўзу паўтарае)
І зразумець, што смерць
Вас не палюбіць і не пашкадуе…
(Праз паўзу)
Як напісала…
Мы ж любіць маглі…
І шкадаваць…
І знаць спагады радасць…

Д а ч к а да П с і х а і С я с т р ы
— Як доктар добра ўсё
прыдумаў, праўда?
Я б не змагла, як ён…

Д о к т а р да Б е з Д ы я г н а з у
— Любоў, спагаду
Спазнаць не позна…

А п е н д ы ц ы т
— Позна! Край зямлі.

(Да Г р ы ж ы і Б е з Д ы я г н а з у)
Ну, дапілі? Даелі?..
Па-ля-це-лі!..

Т у м б а ч к а
— Трымайце іх! Яны павар’яцелі!..

Т э л е в і з а р
— Самазабойства веку! Групавое!
Тры чалавекі! Здуру! З перапою!

Г р ы ж а, не даючы скочыць
А п е н д ы ц ы т у, штурхаючы
Б е з Д ы я г н а з у
— Ты першы!

Б е з Д ы я г н а з у
— Я быў першы не сюды!
Пусці, казёл!

Г р ы ж а
— Стой, падла! Ты куды?

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты што?.. Забыўся нешта
на тым свеце?!.

Г р ы ж а, раптам адпускаючы
Б е з Д ы я г н а з у
— І праўда што... Апендыцыт?..

А п е н д ы ц ы т
— Ты трэці!

Г р ы ж а
— Я трэці, так, але…
мне Каця даравала…
Дык для чаго тады?

А п е н д ы ц ы т
— Да-мо-ві-лі-ся!..

Б е з Д ы я г н а з у
— Мала
Пра што мы дамаўляліся і з кім!

А п е н д ы ц ы т
— Дамовіліся ўсе, што паляцім!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ляці сабе!

А п е н д ы ц ы т
— А вы ў кусты?

Б е з Д ы я г н а з у
— А ты
Чаго хацеў?..
Каб мы з кустоў — у пекла?
Мяне й без пекла
так жыццё пасекла,
Што жыць не міла…
А Кацюша мілым
Мяне назвала…
Дык нашто ў магілу,
Калі я мілы?..

А п е н д ы ц ы т
— Ты мяне на вілы
Не падымай! Яна цябе для смеху
Назвала мілым!..

А м а р г а д о н
— Так яны пацеху
Са смерці зробяць…
(Да А р м а г а д о н а)
Ім дапамагчы?
Пайсці і падштурхнуць?..

А р м а г а д о н
— Ды стой ты! Не скачы.
Хай сам сабе паможа гэты свет
Над прорваю… У нас — нейтралітэт.

А м а р г а д о н
— Дык я
і падштурхну нейтралітэтна:
Адразу ўсіх… Ці некага канкрэтна,
Як скажаш…

А р м а г а д о н
— Пачакай. Паназірай.

Д а ч к а
— Мне тату так шкада…
Самазабойцу ў рай
Не пусцяць…
(Да А р м а г а д о н а ў)
Вы хоць тату падштурхніце.

А р м а г а д о н
— Нам нельга.

А м а р г а д о н,
разводзячы рукамі
— Нельга нам…

А п е н д ы ц ы т да Г р ы ж ы
і Б е з Д ы я г н а з у
— Дык не ляціце?..
(Б е з Д ы я г н а з у і Г р ы ж а,
гледзячы спачатку адзін на аднаго,
а пасля на А п е н д ы ц ы т а,
адмоўна ківаюць галовамі)
Малодшыя браты…
Ну, што ж… Тады я сам…

Д о к т а р, становячыся побач
з А п е н д ы ц ы т а м
— І я з табой… Каб хоць на пару…

Б е з Д ы я г н а з у
— Вам,
Прафесар, не зрабіць з сябе ахвяру!
Ён — да дачкі, а вас Рэгіна там
Чакае…

Д о к т а р да Б е з Д ы я г н а з у
— А ў цябе там — анікога?

А п е н д ы ц ы т да Д о к т а р а
— Ахвяр не трэба, доктар…
Анічога
Не трэба мне… Чацвёртая палата —
Усё, што заслужыў…

Д а ч к а
— Мой слаўны, мілы тата…
Ён плача, бачыце?..

Д о к т а р
— І я тут заслужыў
Не болей за цябе…
Хоць я ўсіх вас лячыў…

А п е н д ы ц ы т
— Не далячыў.
Вакцыны не хапіла.
Чацвёртая палата — гэта сіла!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ты сам пабудаваў яе.

А п е н д ы ц ы т
— Мы разам
Пабудавалі. З газам, унітазам.
Цы-ві-лі-за-цы-я.
І век тут ёй стаяць.

Г р ы ж а
— Ламаць — не будаваць.

Б е з Д ы я г н а з у
— Што ты сказаў? Зламаць?

Г р ы ж а
— Ды знесці к чорту ўсё!

А п е н д ы ц ы т, пачынаючы
ламаць усё ў палаце
— Давай ламай! Крушы!
Вось гэта, блін, работа для душы!
Крушы! Сячы! Людзей! Любую рэч!
Нікому не ўцячы!

Д о к т а р, спрабуючы спыніць
А п е н д ы ц ы т а
— Ды што ж ты робіш!

А п е н д ы ц ы т, да якога далучаюцца
Г р ы ж а і Б е з Д ы я г н а з у
— Прэч,
Прафесар! Засяку! Заб’ю!

А м а р г а д о н да П с і х а
— Любуйцеся!
А вы: люблю, люблю…
А вы пра Бога ім…

П с і х
— Яны не вінаваты.
Павар’яцелі ўсе… Не плач, Кацюша…

Д а ч к а
— Тата…

А р м а г а д о н
— Мне нешта сумна, брат.

А м а р г а д о н
— І мне. Але цікава.

А р м а г а д о н
— Што ж тут цікавага?..

А п е н д ы ц ы т
— Я ў цэнтры! Грыжы справа!
Ты злева, Без Дыягназу!

Б е з Д ы я г н а з у
— Ламалі
І не такое мы!..

С я с т р а да П с і х а
— Вы ім дарма сказалі,
Што Бога не знайшлі…

А р м а г а д о н
— Ды што ім Бог, калі
Яны паганцы! Храмы руйнавалі,
Не разумеючы,
што храм не на зямлі,
Што ў сэрцы ён ці ўзведзены, ці не!..
(Да А м а р г а д о н а)
Мне сумна, брат…

А м а р г а д о н
— І мне…

С я с т р а
— І мне…

П с і х
— І мне…

А п е н д ы ц ы т
— І раз! І два! І тры!
Агнём усё гары!
Ламай! Грамі! Буры!
(Б’е Т у м б а ч к у)
І раз! І два! І тры!

Т э л е в і з а р, кідаючыся
да Т у м б а ч к і
— Ды гэта ж Тумбачка,
Апендыцыт!..
Бандыт! Забойца!

А п е н д ы ц ы т
— Гэта Бог — бандыт!
Забіў дачку!

Т э л е в і з а р
— Ты Тумбачку забіў!
(Да Т у м б а ч к і)
Не памірай! Я так цябе любіў!
Я стаў з табой такім, якім не быў
Ні з кім ніколі…

Т у м б а ч к а
— Паміраю… Дзіўна…
Я ж Тумбачка…
Ты паглядзі: ўва мне
Тут… нешта ёсць…
што зараз адлятае…

Т э л е в і з а р
— Душа?

Т у м б а ч к а
— Душа…

Т э л е в і з а р
— Няма. Ты ўся пустая.

Т у м б а ч к а
— Пустая я…

Т э л е в і з а р
— Ты ўсё ім аддала...
Не памірай!..

Т у м б а ч к а
— Шчасліва была
З табою я… бо я цябе любіла…
Бывай, мой любы…

С я с т р а
— Тумбачка, ты — сіла!

Т э л е в і з а р да А п е н д ы ц ы т а,
Г р ы ж ы, Б е з Д ы я г н а з у
— Вы… Свалата!..

Г р ы ж а
— Хто тут у нас бунтуе?

Б е з Д ы я г н а з у
— Канчай яго!
І паглядзі, што ў ім!
(А п е н д ы ц ы т пачынае
спяваць, усе падхопліваюць)
“Мы наш, мы новы свет збудуем!
Хто быў нікім, той стане усім!”

Г р ы ж а
— Нічога ў ім!
Экран ды электроды!

Б е з Д ы я г н а з у
— Пусты?

Г р ы ж а
— Пусты!

Б е з Д ы я г н а з у
— А нам тут пра свабоду
Вяшчаў! Пра дэмакратыю!
(Дапамагаючы Г р ы ж ы)
Кідай яго! За край!

Г р ы ж а, штурхаючы Т э л е в і з а р
— Ляці! Армагадонам перадай
Што мы на іх наклалі!

Б е з Д ы я г н а з у
— На ўсіх трох!

Г р ы ж а
— На Бацьку іхняга!..

А р м а г а д о н
— Не, гэтага ўжо Бог
Трываць не можа…

А м а р г а д о н
— Брат, нейтралітэт!

А р м а г а д о н
— Нейтралітэту — не!
Я гэты свет
У парашок! У пыл!
Каб ні слядоў, ні знакаў
Не засталося!
Каб ніхто не плакаў
Тут ні па кім!..

А п е н д ы ц ы т, Г р ы ж а,
Б е з Д ы я г н а з у
адзін за адным, знікаючы
— Ляцім… Ляцім!.. Ляцім!..

А р м а г а д о н
— Каб толькі цемра
і касмічны вецер
На свеце ўсім!
На тым і гэтым свеце!..

А м а р г а д о н
— Ну ты й махнуў…

А р м а г а д о н
— Зноў чыстая зямля.
З Пачатку ўсё.
З Нічога ўсё.
З Нуля.

А м а р г а д о н
— Ты перавысіў паўнамоцтвы, брат.

А р м а г а д о н
— І ты мяне здасі?

А м а р г а д о н
— Я не малодшы…

С я с т р а да А р м а г а д о н а
— Гад,
Ты што зрабіў?.. Дзе доктар?..

Д а ч к а
— Дзе мой тата?..

А р м а г а д о н
— Даруйце… Захапіўся… Вінаваты…

С я с т р а
— Ён вінаваты! Што нам з той віны,
Калі яны…

А р м а г а д о н
— Ды хто для вас яны!
(Да Д а ч к і)
Адзін цябе выкопвае з магілы!
(Да С я с т р ы)
Другі з цябе прабірку робіць!..

С я с т р а гукае “за край”
— Мілы!..
(Да А р м а г а д о н а)
— Ён мілы быў! І ён мяне кахаў!

Д а ч к а
— Дзе тата мой?..

А р м а г а д о н да ўздыхнуўшага
А м а р г а д о н а
— Чаго ты заўздыхаў?

А м а р г а д о н
— Ды нешта сумна, брат...
Што тут цяпер рабіць?
Пустэча… Пыл…

А р м а г а д о н
— Няма каго дурыць?

А м а р г а д о н, узіраючыся
“за край”, дзе з’яўляецца Д о к т а р
— Не, ёсць каго…
(Да С я с т р ы)
Па-мойму, твой жывы…

С я с т р а
— Паклікала — пачуў!..

А м а р г а д о н
— Ні дрэўца, ні травы,
А ён — жывы…

С я с т р а
— Мой мілы! Тут мы! Гэй!

А м а р г а д о н
— Глядзі ты: дзе пустэча —
там габрэй.
(Да А р м а г а д о н а)
Куды яго?

А р м а г а д о н
— Не ведаю. Заўжды
Праблема з імі. Думай сам.

А м а р г а д о н
— Тады
Раскрыжаваць.

П с і х
— Ты жартаўнік, Амар…

А м а р г а д о н
— Ці хай блукае тут?
Ні ветру тут, ні хмар
Надвор’е роўнае…

Д а ч к а
— А мы куды цяпер?

А м а р г а д о н
— Ды некуды
ў раён нябесных сфер.
Да Бацькі,
калі Ён прышле Ганца.

А р м а г а д о н
— Тут нехта быць
павінен да канца
Да самага, каб наступіў канец.

Д а ч к а
— Не разумею…

С я с т р а
— Ну ўяві: Ганец
Прыпрэцца —
і няма каго канчаць.
Дык Бацька ім пакажа!...

Д а ч к а
— Калі ўзяць
Нам нельга доктара,
дык трэба ажыўляць
Усіх астатніх!

А р м а г а д о н
— Не! Яны пустэча. Пыл.

С я с т р а
— Пыл без магіл? А крыж?..
Ці зорка дзе над імі?..

А р м а г а д о н
— Над імі неба з зоркамі сваімі,
Якіх у небе болей, чым магіл
На ўсёй зямлі.
На кожнага — мільярд.

А м а р г а д о н
— Ты перавысіў
паўнамоцтвы, брат.

Д а ч к а
— Ён перавысіў сам сябе…

А р м а г а д о н
— Як так?..

Д а ч к а
— Забіць — ты Бог,
а ажывіць — слабак.

А р м а г а д о н
— Хто?.. Я?.. Слабак?...
Ты чуў, Амаргадон?..

С я с т р а да А м а р г а д о н а,
не даючы таму сказаць
— Ды ты мацнейшы
за яго ў мільён
Разоў! Хоць і сярэдні…

А м а р г а д о н
— Не!
Вось тут закон:
Старэйшы, хто мацнейшы!

Д а ч к а, паказваючы
на А р м а г а д о н а
— Дык не ён!

А р м а г а д о н
да А м а р г а д о н а
— Ты што сказаў?

А м а р г а д о н
— Чакай… Наадварот:
Мацнейшы, хто старэйшы.

А р м а г а д о н
— Ідыёт!
Яны ж на пару проста дураць нас!

П с і х
— Як час мінае… Як мінае час…

Д а ч к а да А р м а г а д о н а
— Вярніце ўсё назад!

А р м а г а д о н
— Ды нельга, я сказаў!

Д а ч к а
— Тады наперад!

А р м а г а д о н
— Як?..

Д а ч к а
— А так! Каб людзі ўсе без зла,
Каб без нянавісці
маглі на свеце жыць!

А р м а г а д о н
— Зло ў складзе рэчываў!
І гэтага змяніць
Ніхто не можа!

С я с т р а
— Ды не можа быць!

А р м а г а д о н
— Чаго не можа быць?

С я с т р а
— Таго!

А р м а г а д о н
— Чаго?

С я с т р а
— Каб мог ты ажывіць,
Дык ажывіў бы!

Д а ч к а
— Ха! Ды ён не можа
Быць а-жыў-ляль-шчы-кам!

А р м а г а д о н
— Я не магу?!.

П с і х
— О, Божа!..
Паўсюль грызня:
на небе, на зямлі…

А р м а г а д о н,
ступіўшы “да краю”
— Гэй, вырадкі! Вы дзе там?..

А м а р г а д о н насустрач
А п е н д ы ц ы т у, Г р ы ж ы,
Б е з Д ы я г н а з у
— Папаўзлі,
Жукі і жабы! Змеі і вужакі!
Шакалы і шалёныя сабакі!..

А р м а г а д о н да С я с т р ы
і Д а ч к і
— Вы іх хацелі бачыць? Вось яны!
Я вымываю рукі.

А м а р г а д о н
— Як паны
Па смерці пачуваюцца?

Б е з Д ы я г н а з у
— Па смерці?..

А п е н д ы ц ы т
— Амаль што так, як мёртвыя…

С я с т р а
— Не верце!
Вы проста спалі.

Г р ы ж а да А п е н д ы ц ы т а
— Глянь: Рэгіна!..
(Да С я с т р ы)
Ты
Прыйшла нам даць?

А р м а г а д о н да С я с т р ы
— Ну, што? Яшчэ не позна…

С я с т р а
— Не! Хай жывуць!..

А м а р г а д о н
— Ты, брат мой, надта грозны.
Любое запаўненне пустаты
Любым матэрыялам матэзгодна…

А р м а г а д о н
— І нават смеццем?

Б е з Д ы я г н а з у
да А р м а г а д о н а,
гледзячы ў залу
— Просім прынародна
Не зневажаць!

А м а р г а д о н, гледзячы ў залу
— Той самы ўсё народ…
Тут тыя ж
пацыенты вашы, доктар.

Г р ы ж а
— Ты як, Апендыцыт?

А п е н д ы ц ы т
— Ды не сказаць, каб добра.
Як перапіў…
Труха паўсюль ды пыл…
Дзе гэта мы былі?..

Б е з Д ы я г н а з у
— І я, як перапіў…
Прыснілася, што я без галавы…

А п е н д ы ц ы т
— І мне прыснілася…

П с і х да А р м а г а д о н а ў
— Калі вярнулі вы
Забойцу і гвалтоўніка з нябыту,
Што ж брата не вяртаеце, нібыта
Ён горшы, чым яны?..
Вярніце брата.

А р м а г а д о н
— Ён здрайца!
А за здраду скрозь расплата
Адна і тая. Волю Бацькі я
Парушыць не магу.

С я с т р а да А м а р г а д о н а
— Ну і сям’я
У вас…

А м а р г а д о н
— Паслухай, брат…

А р м а г а д о н
— Не будзе даравання!
І скончана!

Г р ы ж а да Д о к т а р а
— Прафесар, прывітанне!
Вы дзе былі? Хіба не з намі?..

Д о к т а р
— Гола
Наўкола як!.. І голас…
(Да А п е н д ы ц ы т а)
Чуеш голас?

А п е н д ы ц ы т, прыслухоўваючыся
да першых акордаў фінальнай музыкі
— Так… як з нябёс…

Д о к т а р
— Што ж адбылося тут,
Скажы ты мне?..
Няўжо быў Страшны Суд?

А п е н д ы ц ы т,
гледзячы ў нябёсы
— Не мне пра тое ведаць…

А р м а г а д о н
— Не яму.

Г р ы ж а да А р м а г а д о н а
— Калі быў Страшны Суд,
тады вада чаму
Не ўкрыла свет?..

А р м а г а д о н
— Бо быў яшчэ не ён.
Не Суд.

Б е з Д ы я г н а з у
— А што ж было, Армагадон?

А р м а г а д о н
— Прагон быў! Рэпетыцыя Суда!..
А хочаце вады,
дык будзе вам вада!..

У с е адзін за адным
— Дождж!.. Снег!..
Не мёртвыя!..
Жывыя ты і я!..
І я!.. І ты!.. І Неба!.. І Зямля!..
І Сонца!..
Сонца!.. Вунь яно ўстае!..

Д а ч к а пачынае спяваць
— О, Божа, дзеі дзіўныя твае!
Душа, як ноч — ёй чарнаты стае.
Душа, як дзень —
у ёй святло пяе.

У с е адзін за адным
О, Божа! Дзеі дзіўныя твае!
Нам лёс сабе не выпісаць, як чэк.
Сам для сябе свабода чалавек.
Сам для сябе і пекла ён, і рай.
О, Божа! Толькі звар’яцець не дай!

Світае думкай смутнае чало.
Жыве ў падступным
цемра і святло.
Любоў руку адчаю падае.
О, Божа! Дзеі дзіўныя твае!

Нянавісць і гаючую любоў
Ты зноў даеш і адбіраеш зноў.
Наш доўг табе расце і растае.
О, Божа! Дзеі дзіўныя твае!

Лёс знік і ўзнік,
каб дзверы год замкнуць.
І арханёлы з трубамі лятуць.
Жыццё ўспамінам крозы раздае.
О, Божа! Дзеі дзіўныя твае!

Д а ч к а
— Глядзіце, хто ляціць!..

А р м а г а д о н
— Ганец!..

А м а р г а д о н
— Ганец!..

М а л о д ш ы б р а т – г о л а с
— Ганец!..

Г а н е ц
— Канец у рэшце рэшт —
У рэшце рэшт
Канец!
(Трубяць арханёлы).

Б е з Д ы я г н а з у
— Канец!..

— Г р ы ж а
Канец!..

А п е н д ы ц ы т
— Канец!...

Г а н е ц
— Дзень судны настае!..

Д о к т а р, знікаючы разам з усімі
— О, Божа! Дзеі дзіўныя твае!..

А р м а г а д о н
— Нікога… Толькі я…

А м а р г а д о н
— І я…

М а л о д ш ы б р а т – г о л а с
— І я…

С а н т э х н і к, з’яўляючыся ў пыле
на руінах з рыдлёўкай і галавой у руках
— І я…
Во… Галаву знайшоў…
Мая?.. Ці не мая?..

А р м а г а д о н
— Жывы...

А м а р г а д о н
— Жывы…

М а л о д ш ы б р а т – г о л а с
— Жывы...

А р м а г а д о н да Г а н ц а
— А што нам з ім рабіць?..

Г а н е ц, пацепнуўшы плячыма
— Гасподзь сказаў,
што ён павінен быць.

А м а р г а д о н
— Нашто?..

С а н т э х н і к
— Каб не з Адама пачынаць!..
(Прыладзіўшы галаву
і абапёршыся на рыдлёўку)
— Быць ці не быць?..
Капаць ці не капаць?

Канец.