_____________________ Хто ж сімвалізуе Беларусь?
Фельетоны |
Адрачэнцы
“Сябра Рады “Моладзі БНФ” Вольга Усьціновіч паведаміла, што ў кадравым агенцтве яе папрасілі выкрасьліць з анкеты пункт пра тое, што яна добра валодае беларускай мовай:
“Менеджэр не зразумела, навошта я гэта пазначыла, і прапанавала выкрасьліць гэты пункт. Патлумачыла вельмі проста: мае веды і тое, што я ўмею, па вялікім рахунку, зьяўляюцца таварам, а добра прадаецца толькі той тавар, які карыстаеца попытам. Мая беларуская мова, маўляў, нікому не патрэбная, яна толькі выклікае лішнія пытаньні”.
Дарэчы, менеджэр кадравага агенцтва паведаміла Вользе цікавую інфармацыю. Аказваецца, рэзюмэ, напісаныя на беларускай мове, часьцей за ўсё ўвогуле не чытаюцца.” “Народная Воля”
На гэту тэму сіл няма сьмяяцца ...
Мы , беларусы , гінем без вайны .
Сярод народаў розных ,
Розных нацый
Такія адрачэнцы — мы адны .
Ад роднай мовы ,
Што жыла вякамі ,
Мы адракліся , затапталі ў гной .
Для нас яна —
Нібы на шыі камень ,
Як цяжкі груз ,
Што цягнем за сабой .
Чужыя песьні і чужы ў нас голас ,
К чужым сьвятыням ходзім на паклон .
Адбіліся калісьці ад манголаў ,
Самохаць сёньня рушылі ў палон .
А хто туды ня йдзе ў агульным статку ,
Ня крочыць за бязвольнай чарадой ,
Навесілі таму ярлык , як латку :
“Нацдэм ”, і “адшчапенец ”, і “ізгой ”.
Цураюцца яго , нібы праказы ,
Усьлед плююцца , не бяруць у штат ...
І слова беларускае — абразай
Гучыць цяпер у нас , нібыта мат ...
* * *
Што ж , дажыліся :
Атрымаеш працу ,
Калі абвесьціш :
“Мову не люблю !”
Куды ж цяпер “нацдэмам ” падзявацца ?
Чакаць нам застаецца рэзервацый .
Куды саслаць ?
На Новую Зямлю *...
* Група астравоў Новая Зямля — расійскі палігон для выпрабаваньняў ядзернай зброі.
“Бажкі”
Паведаміла газета “Наша Ніва”: на думку ідэолагаў Віцебшчыны, сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, якія ладзіць ксёндз Юры Барок у Глыбокім, зьяўляюцца сходкамі апазіцыі. Сьвятару ставяць у папрок тое, што ў Дзень памінаньня продкаў ён маліўся за памерлых, а таксама за ахвяраў фашызму і камунізму. Глыбоцкі ідэолаг зрабіў сьвятару “разнос”, заявіў, што ён сустракаецца з “няправільнымі” музыкантамі, пісьменьнікамі, гісторыкамі і журналістамі, а таксама ўдзельнічае ў акцыях апазіцыянераў.
Да сталінскай часіны тое
Мы дажыліся, здэцца, зноў.
Трымае ўлада “пад пятою”
Ня толькі люд, але й ксяндзоў.
І хоча, каб, як Дом Саветаў,
Была царква, і быў касьцёл.
І ў вальнадумства
З кабінетаў
Асінавы ўбівае кол.
Гняла нацдэмаўцаў бяз меры,
Каб іх жыцьцё было, як золь.
Цяпер і думкі,
Нават веру
Паставіць хоча пад кантроль.
І вырашае чын элітны,
Каго — у рай, каго ў турму,
Якія нам чытаць малітвы,
Маліцца ўвогуле каму.
...Быў ксёндз на ўвесь абсяг адзіны,
І ён ня думаў пра чынуш.
Маліўся за народ, Радзіму,
За ратаваньне нашых душ.
Сьвядома гаварыў “на мове”,
Бо ён любіў свой родны край.
Ды да яго прыйшлі “панове”...
— Цябе б у пекла, а ня ў рай!
Народу нашаму зацята
Лузгой засьмечваеш мазгі.
Па горла ў будні нам і ў сьвяты
Тваёй нацдэмаўскай лузгі!
“Нячэсных”,
Што з “Народнай Волі”,
Вакол сябе сабраў пісак... —
Крыў ідэолаг.
Ён найболей
Ксяндза чыхвосьціў так і сяк. —
І камуністы, і фашысты
Як быццам на адзін капыл.
Ты не сьвятар,
А дух нячысты!
Цябе згнаім,
Сатром у пыл!
Чытаеш пропаведзі людзям...
І што, нацдэм, ты ў іх пляцеш?
Няйначай, каб жылося ў блудзе,
Ты думкі б’еш
Народу ў плеш.
Духоўнасьць, вера —
Наша ніша.
Я сам малітвы прапяю!
Сваё Евангельле напішам
І нават Біблію сваю... —
Начальнік святара такога,
Як шкаляра,
“Сагнуў у рог”. —
У нас улада ўся —
Ад Бога,
І для цябе я, значыць, Бог!
* * *
Нялёгкі час, адзначыць трэба...
Чыноўны, тлумны ён такі...
Мы Богу молімся на неба,
А там —
Мясцовыя “бажкі”.
Балота
“Чыноўнікі міністэрставаў замежных справаў, фінансаў і прамысловасьці сустрэлілся з беларускімі рэкламістамі. Сьпецыяльную групу з 14 чалавек стварыў сваім загадам прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі. Яны зоймуцца раскруткай брэнда “мэйд ін Беларусь”.
— Краінавы маркетынг — нашыя дзеяньні для таго, каб нас бачылі такімі, якімі мы хочам! — тлумачыць Раман Касьціцын, дырэктар па разьвіцьці агенцтва “Камюнікейшнз”, адзін з удзельнікаў рабочай групы. — Вось ёсьць рэклама “Егіпет — гэта сонца”. У Беларусі таксама павінна быць іміджавая дамінанта”. “Комсомольская правда в Белоруссии”
Няма
У Беларусі нашай брэнду .
Краіны роднай
Невыразны твар .
І што рабіць ?
Хоць ты вазьмі ў арэнду
Расійскі газа -нафтавы тавар ...
Рэклама ёсьць :
Егіпет — гэта сонца !
А сімвал у Румыніі — вампір .
Працягваць можна так было б
Бясконца :
Малдавія — віно ,
Швейцарцы — сыр .
Хахлы нахабна
Захапілі сала ,
Германія “забрэндзіла ” аўто .
Начальства беларускае сабрала
“Мазгі ” краіны :
Брэнд падкажа хто ?
Спачатку голас едны
Адусюль быў :
— У сьвеце ўсім завуць нас —
“Бульбашы ”.
Давайце брэндам
Абяром мы бульбу !
Ты так сабе , прэм ’ер , і запішы !
Аднак жа твар скрывіўся
У прэм ’ера :
— Караняплод
Нам выбіраць ня сьлед ,
Бо гэтай бульбы ўсюды да халеры .
Палякі , украінцы ...
Цэлы сьвет !
Яшчэ ідэя :
— Хай жа будзе брэндам
Наш сінявокі беларускі лён !
Прэм ’ер плюецца :
— Ты , напэўна , збрэндзіў :
Даўно ўжо ў нас
Безураджайны ён .
— А можа нам
Чарнобыль брэндам выбраць ?
Працягнем , як галодныя , руку ...
Прэм ’ер ужо злуецца :
— Што за выбрык ?
Няма ў Еўропе веры жабраку !
І Пушча там была кандыдатурай ,
Была Хатынь ,
І быў яшчэ Курган .
Аднак прэм ’ер
Чамусьці зыркаў хмура :
— Нам трэба брэнд бяз хібаў ,
Без заган !
І ціха нехта мовіў :
— А балота ?
У нас жа што ня лес ,
Дык то дрыгва .
Прэм ’ер наш абудзіўся ад дрымоты
І зычна -ўзьнёсла ўсклікнуў :
— Галава !
Балоты —
Гэта “лёгкія ” Еўропы !
Буржуям пастаўляем кісларод !
Балоты —
Гэта нашыя “акопы ”,
Няхай сімвалізуюць наш народ !
І вось рашылі :
Беларусь — балота .
Трымай жа нас ,
Еўропа -ягамосьць !
* * *
Падумаў хтосьці :
Сімвал -пазалота !
А хтось пра тое ,
Дзе мы зараз ёсьць ...
“Быдла” ці “скот”?
Трывожныя думкі наконт беларускай мовы выказала афіцыйная газета “Звязда”. Напрыклад: мы ганарымся, што ў нашай краіне дзьве дзяржаўныя мовы, а такое становішча для цывілізаваных краінаў не характэрнае, двухмоўе існуе ў асноўным у афрыканскіх краінах; сёньня мы заносім у Чырвоную кнігу рэдкую жывёліну ці птушку, якая можа зьнікнуць, а пра тое, што зьнікаюць цэлыя мовы, ня думаем...
А мы — народ!
Не падшыванцы!
Мы не з бязроднае гурмы!
Мы не французы ці германцы,
І не палякі нават мы.
Туземцы тых краін адсталых
На мове “шпрэхаюць” сваёй.
А нам адное мовы мала!
“Язык” таксама нам “родной”.
У вёсцы змалку мамы-таты
Наш папаўнялі лексікон.
Хоць лексікон той быў багаты,
Ды нейкі “некультурны” ён.
Па-простаму казаць абрыдла.
Нягегла зносіўся народ.
Прыземлена казаў ён — “быдла”.
А як гучыць прыгожа — “скот”!
Пад “бэзам” мы любілі ўпасьці,
Цяпер жа ўзьнёсла рвём “сірэнь”.
Вітаемся “прывет” і “здрасьце”,
А не няўклюдна — “добры дзень”.
Сьцьвярджае нехта: на “трасянцы”
Гаворым мы заўжды й падчас.
А каб жа ўсіх пабралі пранцы,
Хто папракае гэтым нас!
Маўляў, жалобныя хаўтуры
Сабе ж рыхтуе наш народ.
Ды ён імкнецца да культуры!
Ён вырываецца з балот!
Узяць, напрыклад, папуасаў
(Такое племя дзесь жыве).
Яны ідуць суладна з часам —
У іх дзяржаўных моваў дзьве.
А эскімосы, гандурасцы...
Ці ўзяць жа эфіопаў гарт...
Нам адставаць якое трасцы?
Нам трэба бегчы ў авангард!
* * *
Лісты Чырвонай кнігі, мабыць,
Папоўняцца праз колькі год.
Кузуркі будуць там і жабы,
І беларускі наш народ.
Гімн
Як паведаміла газета “Сн-плюс”, Гомельскі аблвыканкам прыняў рашэньне аб узнагароджаньні прэміямі аўтараў тэксту і музыкі гімну Гомельскай вобласьці. Газета надрукавала тэкст гімну, які напісаў кіраўнік справамі аблвыканкаму Аляксандр Врубель. Ці наўмысна, ці з-за таго, што аўтар ня ведае беларускай мовы, гімн па сутнасьці напісаны на “трасянцы”.
“Нічаво, што непісьменна,
Для дашкольнікаў сайдзёць.
Дый рэдактар, несумнена,
Там, дзе трэба, давядзёць”. (З верша,
прачытатага ў дзяцінстве).
А радзіўся я ў дзярэўні ,
Маць і папа — ад сахі .
Там у нас сьпяваюць пеўні .
(Ой , прасьціце , петухі ).
Там у нас і піск каціны ,
І карова там раве .
Словам , шмат якой скаціны
Ёсьць і ў хаце , і ў хляве .
Многа ў нас лугоў і пашань ,
А вакруг — дубоў рады .
Патаму дзярэўня наша
Мае назву Жалуды .
Ёсьць тут клуб , дзятсад вясёлы ,
І мядовы гмах узьнік .
У дзярэўні ёсьць і школа .
Толькі рускі там язык .
Так ня кажуць папа з мамай ,
Ім “язык ” не па нутру .
Пасьля школьнае праграмы
Я культурна гавару !
Шчасьце з етага такое !
Напрымер , узяць калхоз .
Там грузіў я многа гною ,
А цяпер гружу навоз !
Мой “язык ” мяне харошыць ,
Ён ня гідкай “мовы ” вонь !
Напрымер , кажу я “лошадзь ”.
А казаў кагда -та “конь ”!
Або ўзяць жа слова “водка ”...
З етым ваабшчэ бяда :
Ну ня йдзе “гарэлка ” ў глотку !
“Водка ” п ’ецца , як вада .
Ці куру я сігарэты ...
Там “табак ”, а не “тытунь ”!
Дык “тытунь ” у ср ...ку еты
Разам з “моваю ” засунь !
Я — культурны !
І ў калхозе
Не жыву , як парася .
Я на правільнай дарозе !
Так жыве дзярэўня ўся ...
Пачаму пішу пра ета ?
— Мы дадзім табе грашы , —
Папрасілі з сельсавета —
Гімн дзярэўні напішы .
Гімн усе імеюць страны ,
Абласьця і гарады .
Нету гімна —
Ета странна ! —
У дзярэўні Жалуды .
Ты ў нас парэнь самы вумны ,
Маеш склоннасьці к сьціхам .
То на дзень засядзь за гумны ,
Гімн дзярэўні выдай нам .
Цэлы дзень я быў паэтам ,
Сачыняў каля гумна .
І сьцішком , і гімнам етым
Кучу вывернуў ... дзярма .
Гусак
Байка
Прэзідэнт Кіргізіі Курманбек Бакіеў напярэдадні чарговых выбараў здаў экзамен на веданьне кіргізскай мовы. У сувязі з гэтым “Комсомольская правда в Белоруссии” задала пытаньне: “А які экзамен вы прымусілі б здаваць вышэйшых чыноўнікаў?” “Толькі не на веданьне роднай мовы! — адказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў НС РБ Аляксандр Шацько. — Мы гэта ўжо праходзілі! Чыноўніка трэба тэставаць на лаяльнасьць дзяржаве”.
Жыло было малое Гусяня
І на гусінай мове гагатала.
Напіхвала вальлё,
Расло штодня,
Аперыўся з яго Гусак удалы.
Адзначыць трэба,
Што ў двары здавён
Была ў жывёлы хатняй веча-рада.
Сачыла, каб захоўваўся закон,
Каб у двары заўсёды быў парадак.
Дык вось туды
З гусінай чарады
Быў наш Гусак абраны дэлегатам.
Рашылі так:
Дарма, што малады.
Прасьцяг не здыхлякам, а зухаватым.
Выходзіла, што выбраны Гусак
Хоць трохі, але быў ужо ва ўладзе.
Гусак сябе не праяўляў ніяк
На той жывёльнай гаманлівай радзе.
На ёй найболей глотку рваў Баран,
Яшчэ Казёл аўтарытэт меў пэўны.
І ўвогуле вёў рэй капытных клан.
Але ніхто ня мог зраўняцца з Пеўнем!
Дагледжаны, фасоністы, як франт
(Ня тое што Хаўроньня-недарэка).
На галаве — агністы грэбень-бант...
А як па-заліхвацку кукарэкаў!
Гусак такіх ня бачыў на вяку.
Быў Певень для яго —
Узор і прыклад.
Чамусьці дэлегату Гусаку
За вывадак гусіны стала прыкра.
Гамоняць, як “дзярэўня” — “га-га-га”
І сам, і Гусь, і дзеці-гусяняты
Ці ж так лапцёжна
размаўляць ільга?
Тым болей што абралі ў дэлегаты.
І прыгразіў сваім Гусак вось так:
— Хто зьведаць маю дзюбу не ахвочы,
Той кукарэкаць будзе і квахтаць!
Хай толькі паспрабуе загагоча...
Ці сьвет перавярнуўся дагары?
Ніхто ня бачыў гэтакага дзіва:
Гусіная чародка па двары,
Навыперадкі квохчучы, хадзіла.
Хто з гусянятак заквахтаць ня мог,
Дык той не раскрываў папросту дзюбу.
Лепш прамаўчаць у пер’е, далібог,
Чым вымаўляць “га-га” сабе на згубу.
Гусак не сунімаўся.
Для Гусі
Наогул закруціў, як кажуць, гайкі:
— Загад мой:
З часу гэтага нясі
Курыныя, замест гусіных, яйкі!
...Падумаў гаспадар:
“З чаго б гусак
Закукарэкаў?
Мо яшчэ й завые?..
Па ўсім відаць, нядобры гэта знак”.
І “пеўню-гусаку”
Скруціў ён шыю...
* * *
На жаль, і ў Беларусі сёньня так...
Суцэльны вэрхал сёньня ў Беларусі:
Як певень,
Кукарэкае “гусак”
А ўсьлед за ім,
Як куры, квохчуць “гусі”...
Дыялог
82 працэнты расійцаў ставяцца да Беларусі “вельмі добра” ці “ў асноўным добра”. Такія вынікі апытаньня, якое правялі сацыёлагі “Левада-цэнтру”. А да беларусаў станоўча ў рознай ступені ставяцца 90 працэнтаў жыхароў Расіі. Парадаксальны факт: беларусаў, як людзей, любяць больш, чым Беларусь, як дзяржаву...
Размову я падслухаў на мяжы
Краінаў дзьвюх
(Бо сьвет жа сёньня вузкі).
З пахмельля гаманілі два бамжы:
Мікіта — беларус, і Ваня — рускі.
— За што цябе, Мікіта, я люблю?
Бо ты мне не шкадуеш Беларусі!
Мяне пускаеш на сваю зямлю,
І я ў тваіх кантэйнерах пасуся.
Там бульбачка, сьвінячая нага...
Пінжак сабе знайшоў —
Амаль што новы...
Мікіта ж у адказ яму:
— Ага...
А болей ён ня вымавіў ні слова.
— Ты не такі,
Як бомж-хахол Тарас.
Нядаўна ён знайшоў кавалак сала
І сам сажраў...
Ня думаў ён пра нас.
А каб яго, сквалыгу, разарвала!
Не захацеў дзяліць ён “пірага”...
Яго на часткі разарваць гатовы!
Мікіта ж у адказ яму:
— Ага...
А болей ён ня вымавіў ні слова.
— А ўзяць, напрыклад, Яна-латыша.
Падсунуў мне “прасрочаныя” шпроты.
Ну хай пасмакаваў бы сам сьпярша.
А так мяне цягнула на ірвоты.
За гэта я адпомсьціў як мага —
У морду заляпіў кулак пудовы.
Мікіта ж у адказ яму:
— Ага...
А болей ён не вымавіў ні слова.
— Сказаць па праўдзе, і грузін Вано
Заўчора мне, паганец, даўся ў знакі.
Прынёс ён недапітае віно.
Я хлебануў.
Такое там г...но,
Што лепей бы, здаецца, выпіў сц…кі.
Я на яго ня толькі пазьвягаў,
А паказаў, хто болей з нас здаровы...
Мікіта ж у адказ яму:
— Ага...
А болей ён ня вымавіў ні слова.
— О, як я ненавіджу іх, зараз!
Нарэшце, і адпомсьціў ім за гэта:
Калі ў запальнічках
у іх сышоўся газ,
Я ім ня даў агню для цыгарэтаў.
З табой, Мікіта, дружна жыць ільга:
“Язык” адзін,
Бо ты забыў пра “мову”...
Мікіта ж у адказ яму:
— Ага...
А болей ён ня вымавіў ні слова.
* * *
Ён, беларус —
Ад Хведзяў да Ганусь —
У сьвет ідзе
з душой сваёй адкрытай.
А хто ж сімвалізуе Беларусь?
Ды, мусіць жа, так званая эліта...
Ідэолагі
Абласная газета “Заря” апублікавала “План закупак галоўнага ідэалагічнага ўпраўленьня Брэсцкага аблвыканкаму на 2009 год”. Сума ўражвае: амаль 335 мільёнаў рублёў! Акрамя рознай драбязы накшталт паперы і канцтавараў, мяркуецца набыць 22 кампутары і ажно 11 аўтамабіляў. А вы кажаце — крызіс...
“Пірог” ідэйны быў салодкі,
Хоць і задужа дарагі:
Ім можна браць любыя сродкі,
Каб людзям “прамываць мазгі”.
Яны і бралі іх “па поўнай”.
І не мільёнаў нават сто.
А каб зусім было шыкоўна,
З дзясятак набылі аўто.
(На іх, няйнакш, ідэі везьці
Хацелі ў горад і ў сяло,
Каб нават у глыбінцы дзесьці
Зазьзяла іх ідэй сьвятло).
...Павезьлі ў вёску-зачуханку
Прапагандысцкі свой “дэсант”.
Там старшыня калгаса зранку
Прышыў на грудзі яркі бант.
Завулкі нават —
Глянуць люба! —
Чысьцюткія, нібы сьлюда.
І вось картэж прыплыў да клуба —
Машын шыкоўных чарада.
Іх сустракалі хлебам-сольлю,
Адвесіў старшыня паклон.
Усьмешак там было
Уволю
І прывітальных слоў мільён.
Затым паслухаў люд вясковы
Зьмястоўны мудрасны даклад.
Гучалі правільныя словы
Пра ўладу, пра дзяржаўны лад.
Хвалу прапелі прэзідэнту,
Які паказвае нам “путь”,
Нацдэмаў зганьбілі дашчэнту...
Дый як жа крызіс абмінуць?
Было пра крызіс слоў нямала,
Бо ён ускочыў, як скула.
Сказалі: гэтая навала
Да нас з Амерыкі прыйшла.
І не ўпадзе нам манна з неба,
Чакацьмем лепшыя часы.
Сказалі: эканоміць трэба,
Тужэй зацягваць паясы.
Вяскоўцы доўга гаманілі
На вуліцы — у двух канцах:
Пра лён,
Які пакрыўся цьвільлю,
Пра бульбу,
Што згніла ў капцах...
Напрыканцы,
Ужо пад вечар,
Пайшлі намёкі пра банкет.
Для старшыні ж то — недарэчы:
Калгасны трэскаўся бюджэт.
І з-за таго ён быў пануры
(Апошнім часам — найчасьцей).
Ды хоць вылузвайся са скуры,
Але частуй такіх гасьцей!
Па ўсім відаць, капец калгасу,
Ён стане голым, як сакол.
Пачысьцілі дашчэнту касу
І ўсе ж накрылі царскі стол.
Паелі рыбу і катлеты,
Даўно ўжо выпіта віно,
Ды “продолжения банкета”
Чакаюць госьці ўсё адно.
З кішэні старшыня няшчасны
Дастаў уласныя рублі,
Бо гадавы бюджэт калгасны
Яны праелі-прапілі...
* * *
Ёсьць ідэолагаў замнога,
Ідэалогіі — няма.
І ўжо ў Самога
Ёсьць трывога:
Мо напладзілі іх дарма?..
Імя Беларусі
Нашы суседзі, Расія і Украіна, выбралі асобаў, якія пакінулі ў гісторыі краінаў самы значны сьлед. Імем Украіны стаў Яраслаў Мудры, а Расіі — Аляксандр Неўскі.
Беларускае тэлебачаньне звычайна вельмі хутка перахоплівае ідэі сваіх суседзяў. А ў дадзеным выпадку — нечаканае маўчаньне. Ці не таму, што імёны сваіх гістарычных дзеячаў мы шчодра раздалі суседзям, а тыя, што засталіся, — не ў пашане? Ці не таму, што сёньня Беларусь адракаецца ад сваёй гістарычнай спадчыны?
Ну дык якое ж ты, імя
Спрадвечнай Беларусі?
Хто, Еўфрасіньні акрамя,
Забіцца сэрца змусіў?
Чаму ня пішам сёньня мы
“Імя сваё” ў скрыжалі?
А ці народ у нас — нямы?
А ці сьляпымі сталі?
Няўжо народ наш, як жабрак,
Скарэлы і нікчымны?
Няўжо ня знойдзем аніяк,
Хто б “сьцягам” стаў
І “гімнам”?
Былі,
Ну ведама ж, былі
Імёны, як зарніцы!
Яны на нашае зямлі
Здалелі
Ускарміцца.
І сотні мы маглі б імён
Занесьці
У скрыжалі.
Ды іх здавён
Да нашых дзён
Чужынцы разабралі.
Літоўскім княствам мы былі
І Рэччу Паспалітай...
Цяпер князі і каралі
Ня нашыя нібыта.
То ж нашы продкі ў барацьбе
Свой шлях гацілі слынна!
...Спачатку “выкралі” сабе
Літоўцы Гедзіміна.
І вось ужо Альгерд ня наш...
І Вітаўт нам ня крэўны...
На продажы
(Нібы ў кірмаш!)
Князі і каралеўны.
Параздавала ўсім Масква,
Што ёй ня трэба будзе...
І нават назву
(Мы ж Літва!)
Перадарыла Жмудзі.
Палякі “ў шапку не драмалі”...
Сваіх імёнаў мала —
У нас “пазычылі”,
Калі
Сабе зграблі
“Кавалак”.
Такі паэт — на сьвет адзін,
Ягоны талент — Боскі.
Міцкевіч быў калісь ліцьвін,
А сёньня — геній польскі.
Ды каб жа польскі
Толькі ён...
“За тытуню панюшку”
Паслалі мы “на аўкцыён”
І прадалі Касьцюшку.
А колькі нашай “даўніны”
Мы аддалі ў Расію!
(Дзіўлюся нават, што яны
Ня “ўкралі” й Еўфрасіньню).
У нас для ўсіх імёнаў шмат —
Багатая краіна.
Не скіравала свой пагляд
Мо толькі Украіна.
Не! Януковіч ёсьць такі...
Яго Ўкраіна мае.
Ён рос у вёсцы Янукі,
Што з Докшыцкага краю.
(Сумнеў я маю немалы
Пра варты “кошт” ягоны:
Ці нам удзячныя хахлы,
Ці шлюць адны праклёны?..).
Што ж засталося сёньня нам?
Не, не зусім “абноскі”!
Ёсьць неўміручы Скарына
І слаўны Каліноўскі!
Купала ёсьць
І Быкаў ёсьць
(Ня ў лік Алфёраў-“нобель”).
Ды мы,
Нібыта зграя косьць,
Прарокаў нашых гнобім.
* * *
Мы добра знаем напярод:
Ня быць народу
Зводу.
Дык а ці ёсьць жа ён, народ,
“Бяз племя і бяз роду”?
Якія
Будучым вякам
Перададзім імёны?
Пашлюць нашчадкі заўтра нам
Праклёны
Ці паклоны?..
Кантрабанда
Мытня нарэшце выправіла ўсе 46 памылак у дэкларацыі на беларускай мове. Але пры гэтым беларускія словы, напісаныя да гэтага правільна, чамусьці ўзялі і замянілі русізмамі, паведамляе “Еўрарадыё”.
Такія цэны — сьвет ня ведаў!
Ну проста немагчыма жыць!
Таму рашыў калгасьнік Хведар
Вазіць тавары з-за мяжы.
Патрэбна штось адзець і зьесьці,
Сатлее дом праз год-другі...
А ў нас, нібы ў Нью-Ёрку дзесьці,
Тавар айчынны дарагі.
І Хведзя ў Польшчы, у суседзяў,
“Набіў” таварам легкавік.
Здаволены, да мытні едзе:
Жыцьцё настане — бляск і шык!
У дэкларацыі пазначыў
Увесь тавар, што вёз дамоў.
А мытнік — як бугай, няйначай —
Чамусь на Хведара зароў.
Здавалася, парвуцца гланды
У тога мытнага чынка:
— Дык ты ж правозіш
кантрабанду!
І плача па табе КК*!
З каго ты зьдзекуешся, сука?
Каму плявузгаеш, смаржок?
Ты напісаў, што гэта “цукар”,
А гэта ж “сахара” мяшок!
І што яшчэ за выбрык гэткі?
Ды тут жа “гвозди” — не “цьвікі”!
Накрэмзаў нейкія “шкарпэткі”,
А я ж дык бачу тут “носки”.
Ты напісаў, што гэта “боты”.
На самай справе — “сапоги”.
Я — не студэнцік жаўтароты,
Ты не задурыш мне мазгі!
А вось “обои” — не “шпалеры”,
Як ты тут панапісваў, гад!
Тут кантрабанды да халеры!
І гэта будзе канфіскат!
Чыноўнік зыркае вяльможна
І да сябе тавар грабе.
— І тут ня “мытня”, а “таможня” —
Так запішы сабе на лбе.
Ад хваляваньня Хведар сіні.
І ён падумаў (што ня ўзьдзіў):
“А можа, трапіў я ў Расію?
Магчыма, недзе заблудзіў?
Цяпер ня выбрацца дадому...”
Адчуў бядак трывожны сьверб.
Агледзеўся: і сьцяг знаёмы,
І родны, як капейка, герб...
Далей жа — паўз шашу-дарогу
І лес знаёмы, і кусты...
І ён падумаў:
“Слава Богу,
Мой родны край, што гэта ты!”
* Крымінальны кодэкс
Куля наўздагон
“У газеце “Бабруйскае жыцьцё” надрукаваны паклёпніцкія лісты ананімных ветэранаў на адрас выбітнага беларускага пісьменьніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Алеся Адамовіча.
Прычынай неадэкватнай рэакцыі ананімных аўтараў стала публікацыя артыкулу журналіста Валерыя Зіноўскага. У ім аўтар выказваў надзею, што неўзабаве вуліцы гораду пачнуць атрымліваць адпаведныя часу назвы. Аўтар прапанаваў назваць адну з вуліцаў у гонар Алеся Адамовіча, які, як вядома, родам з вёскі Глуша, што на Бабруйшчыне.
Разьюшаныя ананімы наступным чынам выказалі негатыўнае стаўленьне да асобы пісьменьніка: “пярэваратням і разбуральнікам вялікай Радзімы-СССР — няма і ня будзе месца на нашых вуліцах”. “Народная Воля”.
Ўсіх “ворагаў народа ”, як таранам ,
Штурмуюць ветэранамі чыны
(Хоць , зрэшты , ў гэтым
Ёсьць і шмат маны ),
Нібы яшчэ ваююць ветэраны ,
Нібыта не вярнуліся з вайны ...
...Яно , прынамсі , і ня дзіўна гэта
(Заслугі лепей бачны здаляка ):
Параіла мясцовая газета
Увекавечыць вулкай земляка .
Пісьменьнікам ён быў
славутым , знаным ,
Ён дбаў пра нашу мову , пра народ .
У час крывавы
Быў і партызанам ,
Са стрэльбаю хадзіў з дзіцячых год .
Ды словы ,
Непрыемныя для ўлады ,
Калолі вочы праўдаю сваёй .
Лісьліўцам толькі
Наша ўлада рада ,
Прыслужнік -падхалім — яе герой .
Чыноўнікаў ва ўладным кабінеце
Адразу ахапіў перапалох .
— Нам заўтра ж
Трэба даць адлуп газеце !
Каб нават пікнуць
Больш ніхто ня мог !
А хто ў нас мае голас самы важкі ?
Каму народ павагу аддае ?
Ды ветэранам !
І на ўсе замашкі
Хай нібы думкі выкажуць свае .
Яны і ў Менску выступілі чынна ,
Падсобілі чыноўнікам , калі
Ліст напісалі
Пра прасьпект Скарыны
(Тых “ветэранаў ”
потым не знайшлі ...).
І вось , газета , “наш адлуп народны ”
(Народ сам і ня ведае няхай ),
Што Адамовіч —
Стаўленік заходні ,
А ў “час крывавы ” —
Ледзь не паліцай ...
А нам навошта здраднікі -шпіёны ?
Мы не за гэта пралівалі кроў !
У назвах вуліц
Шчэ ня ўсе імёны
Мы ўвекавечылі бальшавікоў ...
* * *
Калісь і слова не давалі мовіць ,
Бо “здраднік ” ён , і “вораг ”, і “шпіён ”.
Памёр наш знакаміты Адамовіч .
Яму паслалі кулю наўздагон ...
«Нацдэм»
“У Днепрапятроўску супрацоўнік ДАІ затрымаў аўтамабіль — запатрабаваў, загаварыўшы з кіроўцам па-руску, паказаць дакументы. Той у адказ папрасіў зьвярнуцца да яго на дзяржаўнай мове (у суседзяў яна адна). Даішнік “палез у бутэльку” — гэтую просьбу прыняў за зьнявагу прадстаўніка ўлады, за непадпарадкаваньне і... “закаваў” чалавека ў кайданкі.
Што было далей? З міліцэйскага пастарунку вадзіцеля, зразумела ж, адразу адпусьцілі, таго руплівага даішніка звольнілі з працы, а яго непасрэднага начальніка панізілі ў пасадзе за неналежнае выхаваньне кадраў”. “Звязда”
Схіляю ў роспачы чало ,
Душа застыла ў скрусе ,
Бо ўсё інакш зусім было
У роднай Беларусі ...
Даішнік доблесны спыніў
Легкавічок пацёрты :
Не прышпілілі рамяні
Кіроўца і кагорта .
А столькі ж ДТЗ наўкол !
І езьдзіць трэ ’ са страхам !
Даішнік піша пратакол
І пагражае штрафам :
— Я раю тысяч сотні тры
Трымаць напагатове ...
Ў адказ хлапец загаварыў
На беларускай мове :
— Што ж , калі трэба , заплачу , —
Кіроўца меўся годна . —
Ды пратакол чытаць хачу
На нашай мове роднай .
— Ага ! Дык ты яшчэ й нацдэм ! —
Даішніка пагроза —
То будзеш болей мець праблем ...
Лічы , што нецьвярозы !
— Прашу на мове ... — хлопец гне
Патрабаваньне ўпарта . —
І не залічвайце мяне
У шэраг нейкіх партый .
У гэтым сэньсе ваш папрок
Так мовіць бы , ня ў тэму .
Я свой , уласны маю клёк .
Мне неўспадоб нацдэмы .
Я — беларус .
І гэта ўсё .
Я так кажу з маленства .
Даішнік , нібы парасё ,
Зайшоўся ад шаленства :
— Ты пакладзеш правы ! — раве , —
Кіроўцам будзеш конным !
— У нас дзяржаўных моваў дзьве .
І я прашу законна .
Кіроўца быў і сапраўды
Ніякі не нацдэмны .
На мове размаўляць заўжды
Было яму прыемна .
На ёй выхоўвалі бацькі ,
У школе выкладалі ...
Ці ж вінават , што час такі ,
Што мову занядбалі ?
Даішнік жа сваё цяўпе ,
Яму пляваць на гэта :
— На мове , кажаш ?
На цябе
Надзену “бранзалеты ”!
А ну шыбуй у “варанок ”! —
Нібы падвёў рахунак .
І “мент ” кіроўцу павалок ,
Павёз у пастарунак .
У хлопца — як кашмарны сон .
Трымалі там да раньня :
Маўляў , зьняважыў мовай ён
“Мянта ” “пры выкананьні ”.
Ён столькі там спазнаў пакут —
З любога гонар сыдзе .
“Нацдэмаўца ” павезьлі ў суд ,
Здалі яго Фемідзе .
І зноў у наступ ён папёр !
Злавіў суддзю на слове :
— Прашу зачытваць прыгавор
На беларускай мове ...
Суддзя ж той не хавае гнеў :
— Тваю ня чую зьвягу !
Што дазваляеш ?
Як пасьмеў ?
Ты й мне нанёс зьнявагу !
Не паважаеш гэтых сьцен !
І што тут разбірацца ?
Я дзесяць сутак даць хацеў ,
Дык май жа ўсе пятнаццаць !
* * *
Цяпер “нацдэм ” наш глух і нем —
“Дасталі ” небараку ,
Бо нары атрымаў “нацдэм ”.
Даішнік жа — падзяку .
Патрыёты
“Лукашэнка наведаў сваю малую радзіму — вёску Александрыю і пасёлак Копысь. У гэты дзень было адкрыцьцё мясцовага цэху па вырабе сыроў. Прысутныя спыталіся ў прэзідэнта, як называць сыры. Адказ: называйце, як хочаце, толькі “Лукашэнкаўскім” не называйце. А потым гісторык паводле адукацыі сказаў — называйце “Купалаўскім” (недалёка Ляўкі) і “Паўлаўскім” — мэр Менску спансаваў будаўніцтва.
Была распрацаваная рэцэптура і тэхналогія сыру “Купалаўскі” з помнікам Янку Купалу на этыкетцы.
Давайце яшчэ вырабім тушонку “Быкаўскую” з выявай Васіля Быкава, шакалад “Чорны квадрат Малевіча”, гарэлку “Шагалаўсія палёты над Віцебскам...”
“Наша Ніва”
Лісьліўцы юзгаюцца ўпарта:
Хай будзе “Лукашэнка-сыр”!
Ды прэзідэнт сказаў:
— Ня варта!
Бо не дурны
Наш правадыр. —
Калісь было,
Што целам-хлебам
Апосталаў
Карміў Хрыстос.
Далёка мне яшчэ да неба.
Яшчэ да Бога не дарос...
А прэзідэнт у нас
Талковы!
За гэта
Пахвалю яго.
Аднак лісьліўцы не гатовы
Ад плана збавіцца свайго.
Яны —
Нібыта патрыёты.
Нацыянальны сыр-хаўрус:
“Купалу” есьці поўным ротам
Хай будзе кожны беларус.
Усьлед —
І ў мясакамбіната
Нацыянальны план узьнік:
Даць назву “Быкаў”
Сервелату,
Бо слова мае корань “бык”.
* * *
“Нацыянальнага — замала! —
Так палічыў чыноўнік-сук. —
Таму і Быкава,
Купалу
Перавядзём на каўбасу!”
Не выпадкова, зрэшты, гэта,
Для беларускасьці — канцом:
Купалу “зьелі” як паэта,
Цяпер сажрэм яго жыўцом.
Паэт
Паведаміла “Народная Воля”: літаратары Саюза беларускіх пісьменьнікаў, які ўзначальвае ўраджэнец Случчыны Алесь Пашкевіч, ужо пяць гадоў ня маюць магчымасьці прыехаць у Слуцк і свабодна сустрэцца з чытачамі, перадаць свае новыя творы. З падачы Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі ім забаронена наведваць школы, бібліятэкі, Дамы культуры і іншыя навучальныя ўстановы.
А вось творцы навастворанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, “чаргінцоўскага”, маюць ад улады бюджэтную падтрымку, літаратурныя выдавецтвы, газеты і часопісы, ім дазволена сустракацца з чытачамі ва ўсіх раёнах, іх творы вывучаюць у школах... Каго толькі ні прынялі ў гэты Саюз для масавасьці! Іхнія так званыя творы чытаць сорамна...
Аж са сталіцы быў званок
З высакароднай мэтай:
— Каб абкультурыць гарадок,
Прышлём да вас паэта.
Няхай абудзіць ваш раён
Сваім радком прачулым.
Каб тое, што раскажа ён,
Пабольш людзей пачула.
Ён піша пра наш сьветлы лад
І трошкі пра каханьне...
Не налівайце толькі шмат,
А то буяніць стане.
Трымайце гэта ў галаве...
Паэт да вас прыедзе
Апоўдні, у гадзіны дзьве,
А ці ў чатыры недзе...
Яшчэ ж убіце вы ў мазгі:
З “нячэснага” Саюза
Каб творцаў не было й нагі!
У нас сваіх ад пуза...
...Прачнуўся ўранку з бадуна
Паэт той самы “чэсны”.
І думка ў галаве адна —
Там ёй зусім ня цесна:
Дзе б затушыць агонь душы,
Па-просту — пахмяліцца?
І затрымацца ён рашыў
Для гэтага ў сталіцы.
Падумаў: “Вып’ю куфлі тры,
Пакуль паеду, піва”.
А ў бары стрэліся сябры...
І ім пітва хапіла.
Паэт наш пра цягнік забыў,
Пабоку ўсе сустрэчы.
Сябры дадому, труп нібы,
Яго цяглі пад вечар...
А з Менску ў гэты дзень якраз
(Ён там гасьціў на сьвята)
Вяртаўся ў родны свой калгас
Рыгор-механізатар.
Ён быў таксама “з пахмяла”,
І ўсё дрыжэла цела.
Сястра яму не наліла,
Бо зьвягі не хацела.
Калі ў раённым гарадку
Выходзіў ён з вагона,
Яму паціснулі руку
(А дзеўкі цмокнулі ў шчаку).
І быў узьдзіў ягоны.
“Завошта мне прыём такі?
Памылка тут, няйначай”.
Не адхінуў Рыгор рукі:
“Што ж, пажывём-пабачым...”
Сюды прыйшлі гаспадары
Страчаць таго паэта.
Якраз было гадзіны тры,
І хлопец, пэўна, гэты,
Бо з цягніка на той перон
Ніхто ня выйшаў болей.
Падумалі: “Той самы! Ён!”
Дык зьеж жа хлеба-солі.
Хлеб-соль? Паклоны да зямлі?
Пітва душа хацела!
— Вы б лепей трохі налілі... —
Сказаў Рыгор нясьмела.
Цяпер дакладна: ён — паэт!
Сумневу больш нямашка.
Як бач, зьявіліся на сьвет
З кішэні чарка й пляшка.
Тры чаркі там Рыгор глынуў
І, стаўшы “зьлёгку п’яным”,
Няўцямна запытаўся:
— Ну?
Якія нашы планы?
Рыгору выдалі расклад:
— Завод — наш адрас першы.
Прыхільнікаў там вашых шмат!
Там любяць вашы вершы!
А вось цяпер Рыгор дапёр,
Каго страчалі людзі.
“А што? — падумаў так Рыгор. —
Няхай паэт ім будзе!”
Успомніў п’есу “Рэвізор”,
Згадаў пра Хлестакова...
Хоць не хапаў ён з неба зор,
Ды меў дачын да слова!
У школе вершыкі страчыў
Для аднагодкі Мані.
Карпеў, размазваў смаркачы,
Чытаў ёй аб каханьні...
Мог зрыфмаваць
“любовь — морковь”...
“Калі вось так прыперла,
Я без патугі, без маркот
Успомню тыя перлы...”
Яны наведалі завод,
Затым калгас і школу...
Быў слухаць змушаны народ
Той кожны вершык кволы.
На залы поўныя цяклі
Яго натхненьня хвалі.
(Натхняўся больш яшчэ, калі
Тры чаркі налівалі).
Да ночы так упіўся ён —
Ня мог паварушыцца.
Рыгора ўсунулі ў вагон,
Адправілі ў сталіцу...
Падзяка ўзьнёслая пайшла
Да старшыні Саюза:
“Для нас праменьчыкам сьвятла
Былі Паэт і Муза.
І цёпла нам да гэтых пор,
Паэзіяй сагрэтым.
На памяць знаем кожны твор!
Дык паспрыяйце, каб Рыгор
Народным стаў паэтам”.
Для старшыні ж то быў сакрэт:
Адкуль такі прыблуда?
Ён ведаў: п’яны быў паэт,
Ня езьдзіў анікуды.
Сказаў Саюза старшыня:
— Знайсьці патрэбна Грышу.
Бо ён, падобна, нам раўня,
Няблага, мусіць, піша.
Дык варта ж далучыць яго
Да нашага кагала.
* * *
Вось так на члена аднаго
Больш у Саюзе стала.
План
“На сустрэчы з маладымі выканаўцамі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе “Новыя галасы Беларусі”, прэзідэнт нагадаў, што два-тры гады таму ён даручыў кіраўніку канала АНТ Рыгору Кісялю напісаць дзесяць шлягераў. “Я іх не атрымаў. Я чакаю ад вас гэтага рэзультату”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка”. “Звязда”
Даведзены айчынным творцам планы
(Во наступіла дзіўная пара !):
Ці хворы ты ,
А ці ты вечна п ’яны ,
Ды выдавай шэдэўры на -гара .
Калі пісьменьнік ты і член Саюза ,
То для цябе дзяржаўны будзе план :
Ня маеш права грэць на дачы пуза ,
Садзіся крукам і пішы раман .
І каб у крамах вершы і паэмы
Купляліся , як кажуць , нарасхват .
Для гэтага ёсьць
выйгрышныя тэмы :
Пра нашу ўладу , пра дзяржаўны лад ...
(Яны і пішуць .
Лік ідзе на тоны —
Так вылівае кожны з іх душу !
Пра той Саюз пісаў я фельетоны .
Калісьці , мусіць , зноўку напішу ...).
Калі ты лічыш , што мастак ад Бога ,
Дык ты таксама атрымоўвай план :
Ствары партрэт , як у таго Ван Гога ,
Ці намалюй пейзаж , як Левітан .
Ты кампазітар ?
Не шкадуй жа моцы ,
Сімфоніі твары і днём , і ў сьне .
Ды так ,
Каб пазайздросьціў нават Моцарт ,
І Бах перавярнуўся у труне .
А Кісялю
Дык сказана адкрыта :
— Каб заўтра ж
песьні -шлягеры былі !
А з Кісяля які там кампазітар ?
Як сёмая вада на кісялі ...
* * *
Даводзяць план
катэгарычным тонам ...
Я буду адчуваць сябе , як пан ,
Бо , несумненна , гэтым фельетонам
Свой асабісты выканаю план .
Прысуд
“Суддзя Клецкага райсуда аштрафавала рэгіянальнага актывіста Сяргея Панамарова на 30 базавых велічыняў. Яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі.
“Гэта ж нейкі абсурд! — гаворыць Сяргей Панамароў. — На якіх падставах яна такое прыдумала? У гэты дзень у Клецку не было аніякай недазволенай акцыі. Сваё рашэньне суддзя мне на рукі пакуль не дае”.
У Клецку планавалася сустрэча насельніцтва са старшынём добраахвотнага Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам. Аднак супрацоўнікі аддзелу культуры Клецкага райвыканкаму і мясцовыя міліцыянты не пусьцілі жадаючых у Палац культуры, хаця папярэдняя дамоўленасьць пра гэта была”. “Народная Воля”
У Клецку
Лёгкі ўздым узьнік ,
Ускалыхнуў наўсьцяжжа :
Прыездзе з Менску прадстаўнік ,
Пра помнікі раскажа .
Што ж , аб сівое даўніне
Паслухаць люд гатовы .
“А можа й нас не абміне —
Аб Клецку скажа словы ...”
Ды кіраўнічае нутро
Успрыняло ўсё хвора .
А ці нясе той госьць дабро ?
А ці ня будзе гора ?
Такі няўзгоднены візіт ,
Магчыма , недарэмны .
А што калі ён , паразіт ,
Засланец ёсьць нацдэмны ?
А раптам людзям скажа ён
Зусім ня тыя словы ?
І будзе ім тады “гамон ”,
І паляцяць галовы ...
“Забараніць !” —
Ляціць загад
Апошняю хвілінай .
Прыйшло народу
дужа шмат
(Ды так і быць павінна !).
Ля ганку тоўпіцца народ ,
Вітаць гатовы госьця .
Начальства знае напярод :
Крамольнае тут штосьці .
Каб не нажыць сабе бяды ,
Прыняць патрэбна меры .
А для нацдэмаў
Ёсьць суды ...
І ў Клецкі суд —
паперы .
Маўляў , мясцовы баламут
Сабраў народ на мітынг .
Быў справядлівы Клецкі суд
(Цяпер ён знакаміты ).
“Зачыншчыка ”
“Загналі ў штраф ”,
Як шчупака
У нерат .
(Хай адчувае кожны
Страх ,
Так мовіць бы , наперад ).
— Якое ж сатварыў я зло ?
І штраф за што мне гэты ?
Бо , далібог жа , не было
Там мітынгаў -пікетаў !
Суддзя яму сказала так :
— Дала б табе я веры ...
Пра гэта думаў ты , аднак ,
Былі ў цябе намеры !
* * *
Які прадбачлівы наш суд !
Зайздросьціў бы й савецкі ...
Ты штось падумаў —
Тут як тут ! —
Прысуд чакае “клецкі ”.
Ды не судзі ,
Сказаў Гасподзь ,
І будзеш не судзімы ...
Хай год міне ,
І дваццаць хоць —
На тое паглядзім мы ,
Бо непазьбежна прыйдзе час
(Здаецца мне падспудна ):
Хто сёньня судзіць “на заказ ”,
Той будзе сам падсудны ...
Сімвалы
“Па канале “Лад” паказваюць праграму пра асновы беларускай незалежнасьці і дзяржаўнасьці. Словы пра шматвяковую беларускую гісторыю і традыцыі пераплеценыя з кадрамі са школьнага ўроку, дзе дзецям тлумачаць сутнасьць сьцяга і герба. Пра Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг не згадалі ані слоўцам. У тым кіно настаўніца спытала ў дзяцей, чаму мы маем такі сьцяг. Шасьцігодкі патлумачылі тым, што ў нас шмат дрэваў і травы”. “Наша Ніва”
Мы вывучаць гісторыю павінны !
Настаўніца праводзіла урок
І школьнікам пра сімвалы краіны
Цьвікамі веды забівала ў клёк .
Пра родны сьцяг ,
Найпрыгажэйшы ў сьвеце ,
Пра герб ,
Які падобны на медаль .
І слухалі , нібыта казку , дзеці ,
І “не лічыў варон ” ніхто амаль .
Такія ўрокі
Трэба сёньня ў школе !
І педагог пытаньне задае :
— Чаму на сьцягу
Ёсьць зялёны колер ?
Пра гэта думкі выкажце свае .
Руку ускінуў разумнейшы самы ,
Ён у вучобе , мовіць так , гарэў :
— Краіна ў нас багатая лясамі ,
А ў тых лясах
Ёсьць шмат зялёных дрэў .
— Што ж , пагаджуся
З думкаю такою .
Тым часам слова мае і другі :
— Краіна ў нас багатая травою .
Паўсюль адны балоты ці лугі .
— І гэта вельмі слушна .
Малайчынка ! —
Настаўніцу здавольвае урок .
Ды раптам падымаецца дзяўчынка
І вымаўляе словы “не ў радок ”.
Настаўніцы яна пярэчыць сьмела :
— Казаў мне татка :
У мінулы час
Наш родны сьцяг быў
Бел -чырвона -белы ,
А герб — Пагоня ...
Прытаіўся клас .
А школьніца працягвае :
— …Пагоня ,
Бо баранілі край наш ваяры .
Таму краіна вольная сягоньня ,
Што нас тады ніхто не пакарыў .
І продкаў кроў —
Нібы палоска сьцяга ,
Каб мы пра гэта
Помнілі штодня .
А белы колер —
Сьвятасьці павага ,
У ім і першацьвет ,
І чысьціня ...
Пагляд суровы двойку абяцае ...
Настаўніца —
Зварот да шкаляроў :
— Ды гэты сьцяг насілі паліцаі !
Яны і пралівалі тую кроў !
Ня трэба нам і нейкая Пагоня .
На ёй жа з палкай
Скача коньнік -пан .
Што гэта азначае ?
Пры прыгоне
Ганяў ён гэтай палкаю сялян .
Табе ж , дзяўчынка ,
(Гэта ўжо пагроза )
Даю , як педагог , наказ такі :
Калі ў цябе
Ня ў тым кірунку розум ,
Няхай у школу
Зьявяцца бацькі .
* * *
Чужая мова ,
Іншыя напевы ,
У роднай хаце —
Прымакоў правы ...
Жывём -расьцём
Нямыя , нібы дрэвы ,
Падобныя да скошанай травы ...
“Чыжык-пыжык”
“Міністэрства інфармацыі Беларусі разаслала радыёстанцыям пісьмо, у якім гаворыцца, што незахоўваньне 75-працэнтнай квоты беларускай музыкі ў прайм-тайм пагражае самымі суровымі мерамі ўзьдзеяньня, аж да звальненьня вінаватых. Нагадаем: пачалося ўсё з таго, што на вышэйшым узроўні было прынятае рашэньне аб увядзеньні ў эфір радыёстанцыяў гэтых 75 працэнтаў беларускай музыкі”. “Комсомольская правда в Белоруссии”
Даведзены да ўсіх радыёстанцый
Працэнты на айчынную папсу .
Парушыце —
Дык лёгка можа стацца ,
Што ў чорную спаўзеце паласу ...
Дзе ж ім набрацца
“Роднага тавару ”?
Па дыску выпускаюць раз у год ...
А я ж калісьці дрынькаў на гітары
І быў нядрэнны , кажуць , вершаплёт .
Я песьню напішу !
І мецьму шанец
Прабіцца на халяву
У эфір .
На радыё
Дабавяць песьні глянец ,
І буду я тынэйджэраў кумір !
Для песьні
Стала “класіка ” падмуркам
(Рэдактары ,
Ня кідайцеся ў шок !).
Пад слаўную мелодыю ,
Пад “Мурку ”
Я сачыніў бясхітрасны “сьцішок ”.
На радыё
Спыталі пра прапіску .
Упэўніліся ў тым ,
Што не чужак .
Рэдактарка
Шчасьлівым віскам -піскам
Пра тую песьню выгукнула :
— Так !
Гучыць мая мелодыя нястрымна ,
Штодня я чую
Свой прыпеў -куплет :
І раніцай —
Адразу пасьля гімна ,
І вечарам —
Якраз за ім усьлед .
Да ўсенароднай славы стаў я хіжы !
Узбагачу айчынную папсу !
Я напісаў “сьцішок ”
Пад “Чыжык -пыжык ”.
На радыё сягоньня занясу .
* * *
Ударылі працэнтамі -нагрузкай ...
І правільна зрабілі !
Добры знак !
Хай будзе наша песьня
Беларускай !
Мы будзем патрыётамі !
Аднак ...
З працэнтамі згаджуся я , панове ,
Айчынных сьпевакоў
Хай хлыне раць !
Ды каб яны
На беларускай мове
Працэнты тыя
Сталі адпяваць .
Шалік
Як паведаміла “Народная Воля”, у дзень шанаваньня роднай мовы ў Гомелі было затрымана шасьцёра маладых людзей. На судзе Марысю Тульжанкову давескам абвінавацілі ў тым, што на ёй быў апрануты шалік чырвона-зялёнага колеру, а такую расфарбоўку мае беларускі дзяржаўны сьцяг...
Нацдэмы гідкія бяз меры,
Канца нахабству не відно!
Ты іх выпіхваеш за дзьверы,
Яны ж залазяць у вакно!
Як саранчы якой нашэсьце...
Няма жыцьця ад свалаты!
Яны зьбіраюцца на шэсьці,
Плакаты носяць і шчыты.
І ім — заслужаная кара,
Бо думкі шкодныя наўме:
Хто атрымаў кухталь у карак,
Хто косьці парыць у турме.
Ды лезуць напралом сьляпіцай,
Ім кара — як вада з гусі.
Гатовы за ідэю біцца,
Хоць патрабуй, а хоць прасі.
У іх патрыятычным шале
Такі фантазіі размах!
Адна на шыю ўзьдзела шалік
Такога ж колеру, як сьцяг.
Маўляў, наш сьцяг —
Адна задуха,
Давала гэтакі намёк...
Ды ў суд паджгала маладуха,
Там ёй далі выдатны ўрок!
— Я шалік той купіла ў краме! —
Крычала дзеўка на судзе.
(Ня супраць я, скажу між намі,
Калі й вытворцам пападзе).
Цяпер жа будзе жыць са страхам,
Ня возьме шчыт або плакат:
Суддзя яе абклала штрафам,
Як кажуць, з галавы да пят.
“Схапіць” магла б і болей дзева
(Такія ў нас цяпер часы):
Суддзя, на жаль, не паглядзела,
Якога колеру трусы.
...Усё за нас жа вырашалі
Улады нашыя заўжды...
Якога ж колеру нам шалік
Насіць дазвольна ў халады?
Калі насіцьмеш “зелень-чырвань”
(А ў нас такі дзяржаўны сьцяг),
То суд цябе з натоўпу вырве
І трэсьне штрафам па вушах.
Як шалік бел-чырвона-белы
Накінеш ты сярод зімы,
То сухары сушы ўжо сьмела —
Не мінаваць табе турмы.
* * *
За нас наверсе ўсё рашылі...
Таму выснову я раблю,
Што дазваляецца на шыі
Насіць, намыліўшы, пятлю...
“Шведскі ранак”
“Вядучыя “Нашего утра” на АНТ Лушчык ды Кашчэеў запрасілі ў госьці пасла Швецыі. Ён гаварыў з імі па-беларуску, а яны з ім размаўлялі па-расійску”. “Наша Ніва”
Задума , зрэшты , добрая была :
— Праграму трэба нам абеларусіць .
А для пачатку
Шведскага пасла
Для інтэрв ’ю
паклікаць варта , мусіць ,
Бо нашу мову вывучыў пасол .
Дык , мовіць так , яму і ў рукі карты .
А каб не атрымаўся ў нас “пракол ”,
Вядучым мову падвучыць бы варта .
І тут вядучых ахапіў спалох .
Ад роспачы Кашчэеў толькі войкаў :
Зьвязаць на мове
і двух слоў ня мог ,
Была адна адзнака ў школе ,
пэўна , двойка .
Хоць быў знаёмы
ўвесь гламурны сьвет ,
Калені задрыжалі ў Люсі Лушчык :
На мове роднай размаўляць
як сьлед —
Не семечкі на дыскатэцы лушчыць .
Ды што паробіш , калі ёсьць загад ...
І вось на тэле запрасілі шведа
На мове гаварыць ён дужа рад
(Хоць некалі яе зусім ня ведаў ).
Вядучыя ж на мове —
“пык ” ды “мык ”,
І ўрэшце не адужалі нагрузкі :
— Какой -то очень
трудный сей язык ,
Мы будзем с Вами
говорить по -русски .
Глядзець і слухаць —
проста сьмех і ьдзек ,
З вядучых насьміхалася краіна .
Злуе начальства :
— Гэткіх недарэк
Быць на экране
й блізка не павінна !
У штат жа лепей
возьмем мы пасла ,
Няхай ён будзіць моваю з экрана .
І перадача новая пайшла :
Заместа “Наше утро ” —
“Шведскі ранак ”.
* * *
На жаль , усё было наадварот ...
Рашылі :
— Хопіць гэтай мовы -друзу .
А гэтакіх , як шведскі паліглот ,
Не запрашаць ,
Каб не было канфузу .
Беспамяцтва — найгоршаснае з зол .
Дык хто ж цяпер
жыве на Беларусі ?
Сапраўдны беларус
між нас — пасол .
А самі мы — перараджэнцы -“люсі ”?
Больш твораў Алеся Няўвеся можна пачытаць на сайце – www.alesnauwes.com.
|