12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Няўвесь

_____________________
Мёд на вуснах. Фельетоны


А хто там ідзе?

“Калісьці, гадоў трыццаць таму, яшчэ ў савецкім войску я зладзіў такі эксперымент. Я спытваў у салдат: хто ты? Вынік атрымаўся метафарычны й часта прыгадваецца мне дагэтуль. Дык вось. Эстонец і кіргіз адказалі адпаведна: эстонец і кіргіз. Расеец сказаў: чалавек. А беларус сказаў: сяржант”.

Сяргей Дубавец.
“А хто там ідзе,”
А хто там ідзе? —
Купалава жальба-пытанне.
Ды то ж беларусы!
Сябе за людзей
Чакаюць ад свету прызнання.
І свет іх прызнаў,
І займелі пасад
Яны між народаў па праву.
Не шэры наперадзе ў іх далягляд,
І ўласную маюць дзяржаву.
У гэтай дзяржаве
Ёсць свой правадыр,
Якому даверыцца можна.
Паўсюль і братэрства,
і роўнасць, і мір,
Жывуць яны ледзь не заможна.
І крыўды няма,
Што калісь на плячах
“На свет паказаць” яны неслі.
Не гора,
а шчасце іскрыцца ў вачах,
Не жальба з іх вуснаў,
А песні.
Чаму ж адчуванне вярэдзіць, нібы
Натоўп той,
Што быў у знямозе,
Да сённяшніх дзён не данёсшы,
Згубіў
Бясцэннае нешта ў дарозе?
Ці мову,
Што крыўду даносіла ў свет
Цяжкімі часінамі тымі?
Ці продкаў далёкіх
наказ-запавет
І іх абярогі-святыні?
І быццам бы
Вольна ўздыхнуўшы грудзьмі,
Зрабіўшы ва ўсім ператрусы,
Яны (гэтак думаюць)
Сталі людзьмі.
Забыліся ж, што беларусы.

* * *
— А хто там ідзе,
А хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Мы, “сяржанты”.

“Пралятаем”...

Расказала газета “Снплюс”: пісьменнік Уладзімір Арлоў калісьці запытаўся ў сакратара па ідэалогіі Аршанскага райкама КПБ: “Вуліца, на якой жыў знакаміты пісьменнік Уладзімір Караткевіч, мае назву Савецкіх касманаўтаў. Якія ж адносіны да Оршы маюць касманаўты?” Ідэолаг не разгубіўся і адказаў: маўляў, касманаўты праляталі над Оршай.
У Рагачове ж вуліца, дзе жыў, тварыў і памёр Караткевіч, носіць імя Чкалава. “Мусіць, над Рагачовам таксама калісьці пралятаў Чкалаў”, — іранізуе газета.

Зноў я расказ распавяду
Пра вуліцы і плошчы.
Бальшавікоў я, на бяду,
Зноў патрывожу мошчы.
Яны брыдуць за намі ўслед
Праз час і праз прастору.
Яны — як сімвал нашых бед
І ўвасабленне гора,
Як векавечны чорны мніх,
Як жудасныя здані.
Здаецца, вечна мы ад іх
Пазбавіцца не ў стане.
Што Ландар, Фрунзе, Мяснікоў
Брыдуць,
Дык то не дзіва:
Тут зграя тых бальшавікоў
Хоць неяк наслядзіла.
Чаму ж брыдзе
яшчэ й Свярдлоў?
Што ён рабіць тут мусіў?
І ўвогуле: хоць колькі слоў
Ці чуў аб Беларусі?
Урыцкі, Шчорс, Чапаеў, Гай
І Валадарскі, Кіраў...
Мо ведалі пра гэты край?
І, можа, дбалі шчыра?
А можа, Куйбышаў смылеў
Пра Беларусь штодзённа?
Ці конных войскаў на чале
Нас бараніў Будзённы?
А мо бываў наездам тут
Той “стараста” Калінін?
За што ж яго тутэйшы люд
Так шанаваць павінен?
Што ўжо казаць нам пра такіх
Як Энгельс, Маркс і Ленін.
Праклёны будуць слаць для іх
Вякі і пакаленні.
Затое скручана ў сувой
Ўся наша раць святая.
Яна
У памяці людской,
Як кажуць, “пралятае”.
Альгерд, Астрожскі, Радзівіл...
На ганьбу нам і сорам,
Забытыя,
З сівых магіл
Глядзяць на нас з дакорам.
Баторый, Вітаўт, Гедзімін...
Нібы на Марсе недзе.
Ну хоць бы хтосьці,
Хоць адзін
Застыў для нас у медзі.
І нат апостал нашых дзён,
Наш геніяльны Быкаў,
Не ўвекавечаны,
Бо ён
Уладны гнеў наклікаў.
Трывожыць зараз мой спакой,
Гняце ўсё думка тая,
Што над краінаю сваёй
Народ наш “пралятае”...
Адказ

Паведаміла “Наша Ніва”: жыхар Бабруйскага раёна Аляксандр Леаненка напісаў скаргу ў аўтапарк № 2 на беларускай мове і папрасіў даць адказ таксама па-беларуску. Дырэктар аўтапарку адказаў па-руску і зрабіў прыпіску:”Але гэта не значыць, што беларускую мову мы не лічым сваёю роднаю”.

Дырэктару той ліст-сігнал
Быў неўспадоб, вядома,
Бо смецце скінуў самазвал
Каля жылога дома.
Што ж, гэта звыклае якраз...
Адказ — напагатове.
Ды просіць скаржнік даць адказ
На беларускай мове.
Дырэктар з мовай тою рос,
На ёй вучыўся ў школе.
Заўжды любіў яе да слёз,
Не забываў ніколі.
У вёсцы
Сапраўды сляза
Нагорнецца на вочы...
Таму на мове адказаць
Дырэктар быў ахвочы.
Але грызе ў душы чарвяк:
“А што там скажуць зверху,
Правёўшы планава няўзнак
У дакументах зверку?”
Спытаюць потым:
— Ты — нацдэм?
І надаюць па карку...
Падумаў: “Буду глух і нем, —
Дырэктар аўтапарку, —
Мне б не набыць нацдэм-кляйма,
Адмыцца потым цяжка.
Дазволу моўнага няма,
Не зроблена адмашка.
На мове скажаш слова ў нас —
Лезь у пятлю без мыла”.
І ён па-руску даў адказ,
Зрабіўшы пяць памылак.

* * *
Няўжо праклёнам на зямлю
Няшчаснай Беларусі:
“Я мову родную люблю,
Ды размаўляць баюся”?

Бульба

Як паведаміла “Народная Воля”, Мінскі аблвыканкам хоча зрабіць традыцыйным Свята бульбы. І гэта ў той час, калі ў вобласці летась былі самыя нізкія ўраджаі “другога хлеба”. А ўвогуле па краіне бульбы зараз збіраюць у два разы менш, чым у савецкія часы! Беларусь апынулася на мяжы неабходнасці імпартаваць “другі хлеб”. “Бульбашы” без бульбы — гэта сапраўды сусветная сенсацыя, — адзначае газета. — А які сорам для нацыі!”

Заўжды нас
называлі “бульбашамі” —
Увесь народ. Кагалам. Талакой.
Прынамсі, мы згадзіліся і самі
З бяскрыўднаю мянушкаю такой.
Яно і сапраўды:
Хіба ж то дзіва,
Што бульбу мы не выпускалі з рук.
Заўжды зямля напоўніцу пладзіла
(Вось толькі гадзіў
каларадскі жук).
Мы з бульбы мелі дранікі і крышкі...
Дый што казаць:
Дзясяткі мелі страў.
А драбязу —
Тут быць не могуць лішкі —
У стопку.
Каб парсюк яе “сажраў”.
І ўвогуле:
“Бульбаш” у гэтым свеце —
Наш беларускі,
Наш народны брэнд.
(Урад хай гэта мае на прыкмеце,
Зарэгіструе там, дзе след, патэнт).
Вось напісаў —
А ўсё ў мінулым часе...
І, прызнаюся,
Слёз стрымаць не змог.
Чамусьці ў нашым
сённяшнім калгасе
Вырошчваецца бульба, як гарох.
Яе і есці могуць толькі дзюдзі
(Ганебна гэта ўсё,
што ні кажы).
Каб без яе не засталіся людзі,
Даводзіцца завозіць з-за мяжы.
...Мне асабіста
Засмучацца годзе:
Я буду бульбу есці ў поўны рот,
Бо ведаю,
Што ў дзеда на гародзе,
Як галава, расце караняплод.
* * *
Прабач жа мне, чытач, мае іголкі...
Ды ўсё-ткі, мусіць, час такі прыйшоў:
Цяпер мянушку маем — “агамолкі”
Замест зусім бяскрыўдных
“бульбашоў”.

Дым у вочы

Савет па сродках масавай інфармацыі на чале з галоўным рэдактарам “Советской Бе­­лоруссии” Паўлам Якубовічам даў рэкамендацыю “Белпошце”, каб яна ўключыла ў падпісны каталог апазіцыйныя газеты. “Белпошта” гэтую рэкамендацыю чамусьці пра­ігнаравала...

Палітыкі плявузгалі пра гэта,
І абураўся з імі цэлы свет:
Любую можна выпісаць газету,
Апроч “нячэсных”,
“Гадзенькіх” газет.
Але ў Еўропу хочацца дзяржаве,
І каб жа там лічылі нас людзьмі.
Таму, як вынік, створаны наяве
Пры ўрадзе нашым
быў савет па СМІ.
Такія паўнамоцтвы у савета!
(Бо так жа заяўлялі — не маню).
Рэдактар прэзідэнцкае газеты —
Сам Якубовіч! —
Быў за старшыню.
Сваёй ён пыхкаў
люлькай зканамітай,
Рашэнне выкладаючы на стол:
— У нас жа дэмакратыя нібыта.
І вось ён —
на падпіску ўсім дазвол.
З рашэннем
паспяшаўся ён навошта?
Хутчэй за бацьку
ў пекла джгаць не след...
У нас галоўней
Сціплая “Белпошта”,
Чым прэзідэнт.
Тым болей — чым савет.

* * *
У нас адзіны робіць, што захоча:
Камусьці — пахвала,
Камусьці — гвалт.
Камісіі, саветы — дым у вочы,
Што з люлькі Якубовіча накшталт.

Выйсце

“У Жодзіне бацькі школьніка Янкі Лапіцкага змагаюцца за права навучаць свайго сына на беларускай мове. Аднак Жодзінскі гарвыканкам прыняў рашэнне аб прымусовым пераводзе Янкі на рускамоўнае навучанне, абгрунтаваўшы гэта неабходнасцю “рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў”.

“Народная Воля”

З сям’ёю гэтай
Добра цяпнуў гора
Таго гарвыканкама старшыня.
Адзіная на ўвесь дыхтоўны горад.
Спакою ад яе няма ні дня.
Сам прэзідэнт,
А з ім і ўся краіна
На “русский” перайшлі даўно “язык”.
А гэтыя
На “мове” хочуць сына
Вучыць у школе.
Што за дзіўны “бзік”?
Ім гаварылі:
Можам на англійскай.
А можам па-кітайскаму яшчэ.
Аднак яны не слухаюць і блізка.
Па-беларуску, кажуць, ім ямчэй.
Каб задаволіць гэтых “беларусаў”,
Настаўнікаў патрэбен цэлы штат.
Вось хай і вучыць
З “тэбээму” Трусаў,
Калі ў яго імпэту дужа шмат.
І ўсё-ткі як жа быць
З сям’ёю гэтай,
Каб гвалту ад нацдэмаў не набыць?
Бо пішуць жа часопісы-газеты,
Што “мова” і дзяржаўная нібы...
Ну, адным словам, старшыня не рады,
Што гэты клопат —
Для яго якраз.
З такой нагоды
Склікаў ён нараду:
Хай “калектыўны розум”
дасць адказ.
І прапаноў
Пачуў ён там нямала,
Як збавіцца ад гэтае бяды.
— Кудысь у вёску
Я сям’ю саслала б,
На “мове” кажуць там тады-сяды.
— Мы ўсе калісьці
з мовай беларускай
Прыйшлі на гэты свет —
То не сакрэт.
Настаўнік кожны —
Будзе хай нагрузкай —
Хлапцу на “мове” выкладзе прадмет.
— Яшчэ чаго!
Хай лепей будзе невук
Яшчэ адзін.
У нас дэбілаў шмат.
Хай п’е “чарніла”,
Горнецца да дзевак,
Становіцца на працу за варштат.
— Самім сабе
Пускаем пыл у вочы!
Пустыя прапановы, далібог.
Сям’я ж у вёску ехаць не захоча...
За “невука”
Усім дадуць “у рог”...
А я вось чула,
Што ў суседняй Польшчы,
Таксама і ў Канадзе, і ў Літве
На гэту “мову”
Попыт трохі большы —
Яна сярод насельнікаў жыве
У Вільнюсе — ці верыце? — наогул
Ёсць беларускі
Універсітэт.
І маем мы магчымасць,
Слава Богу,
Не дужа раскашэльваць
наш бюджэт.
Мой варыянт
Зусім не самы горшы:
Сям’я хай ад’язджае
У Літву.
Дадзім ім на абжытак
Трохі грошай,
І хай яны не дураць галаву.
Была “на ўра” прынята прапанова.
Такі настрой узнёслы ў старшыні!
Нарэшце дакучаць не будзе “мова”,
Бо знішчыцца яна на карані.

* * *
Во старшыні далася мова ў знакі!
Згнаіць гатовы, бедную, яе.
Хоць сёння не англійскія бігмакі,
А сала беларускае жуе.

Казырны туз

Як паведаміла “Наша Ніва”, у сёлетнім рэспубліканскім бюджэце прадугледжана змяншэнне выдаткаў на культуру, адукацыю, медыцыну і спорт. Затое асобным радком прадугледжана фінансаванне наваспечанага праўладнага саюза пісьменнікаў Беларусі (так званага “чаргінцоўскага”). Для сваёй дзейнасці гэты саюз атрымае 243 мільёны 399 тысячаў рублёў.

У крызіс людзі
Бачаць выйсце ў цудзе...
А ў нас жа сёння крызіс —
не сакрэт.
І “верх” рашыў:
Літаратура будзе
Збавеннем ад усіх праблем і бед.
З трыбун высокіх
Прагучала гэта:
“Літаратура —
Наш казырны туз!”
Таму і грошай з кволага бюджэта
Далі на наваспечаны саюз.
Адкуль саюзу
Узялі “даніну”,
Калі і так малы
“Бюджэтны торт”?
“Абрэзалі” культуру, медыцыну,
“Пашкрэблі” адукацыю і спорт.
Грашовая ін’екцыя
Саюзу
Прынесла проста
фантастычны плён!
Пісьменнікі пайшлі,
як кажуць, юзам,
І твораў лік
Ідзе на сотні тон.
І графаман, да славы апантаны,
І рыфмаплёт — тварыць заселі ўсе.
Апавяданні, п’есы і раманы,
Нататкі, казкі, вершы і эсэ...
Якія геніяльнейшыя творы!
Як допінг,
Нібы стымул для людзей.
Ці ты спартсмен,
А ці ты вечна хворы,
Яны — падмога ў шчасці і ў бядзе.
І сапраўды:
Навошта тыя лекі,
Калі знянацку грып цябе зваліў?
Заместа іх
(І будзе значна лепей),
Прачытвай міліцэйскі дэтэктыў.
Калі ў навуцы ты зусім не першы,
Па фізіцы заўсёды маеш “два”,
Вучы на памяць
Гэтых творцаў вершы,
І стане светла-мудрай галава.
А як жа ты ў культуры нехлямяжы
(Або, па-просту кажучы, цурбан),
То многае, дальбог, табе падкажа
Саюзаўскага класіка раман.
А калі меціш ты
У чэмпіёны,
З трыбун сабе жадаеш чуць “ура”,
То зранку
Уставай пад гімн хвалёны
На слаўны тэкст паэта-песняра.
І перамог, і поспехаў — ад пуза
Падорыць наваспечаны саюз.
А што датычыць іншага саюза,
Дык гэта — смецце.
Непатрэбны друз.

* * *
Такое ў нас становішча сягоння...
Прыбытак графаманам немалы...
Сапраўдныя ж пісьменнікі —
ў загоне,
І творы імі пішуцца “ў сталы”.

Крытычным вокам

Не так даўно я прапанаваў свае фельетоны газеце “Звязда”. “Мы фельетоны не друкуем увогуле!” — быў адказ. І сапраўды: ні ў “Звяздзе”, ні ў любой іншай дзяржаўна-афіцыйнай газеце амаль не друкуюцца крытычныя матэрыялы, хіба што толькі пра апазіцыю. Нават пры камуністах у кожным нумары любой газеты з’яўляліся крытычныя публікацыі, пасля якіх прымаліся меры і, як кажуць, часам “ляцелі галовы”...
“Бяззубыя” газеты чытачу нецікавыя. І нездарма намеснік кіраўніка беларускага ўра­­ду Уладзімір Патупчык канстатаваў, што толькі 40 дзяржаўных газетаў працуюць з прыбыткам, астатнія фінансуюцца з бюджэту.

Выказвалі папрокі чытачы,
Што крытыка ў газеце —
вельмі рэдка:
“Ты выкрывай заганы — не маўчы!
Няхай у кожны нумар —
Хоць заметка!”
Рэдактар рэдкалегію сабраў
З такое найважнейшае нагоды.
— Канцэпцыю цяпер змяніць пара.
Вунь крытыка
патрэбна для народа.
А мы ўсё хвалім аграгарадкі
І выдаём прамовы прэзідэнта.
Ну, карацей,
Цяпер расклад такі:
Каб крытыкі было
Не менш працэнта.
Вось з заўтрашняга
нумару й пачнём
Крытычныя пускаць
заметкі-стрэлы.
Выпальваць будзем,
Мовіць так, агнём
Усё, што шкодзіць нам і набалела.
Ці ён калгаснік
І ці “ягамосць”,
Ці ў спорце ён працуе,
Ці ў культуры...
Крытыкаваць патрэбна ўсіх як ёсць!
Выкладвайце свае кандыдатуры.
Падаў найпершым важкі голас свой
Загадчык прамысловага аддзела:
— На МАЗе што ні дзень,
Дык то прастой.
Яго крытыкаваць мы можам смела.
Рэдактар моршчыць мудрае чало:
— Прастоі ёсць
на прадпрыемстве кожным,
Бо крызіс.
Каб не кепска нам было...
З прастоямі давайце асцярожна...
— На Брэстчыне, —
То ўжо сельгасаддзел. —
Апошнім часам падаюць надоі.
Няхай брыгада
Рэйд там правядзе.
Падставы вельмі важкія на тое.
— На Брэстчыне? —
Рэдактар мокры аж. —
Туды не трэба соўгацца і блізка!
Змагаемся мы сёння за тыраж.
А там жа ў нас
найбольшая падпіска.
Спартыўны аглядальнік —
тут як тут:
— Магу на фельетон я расстарацца.
Набудавалі рознага...
Ды люд
Не ходзіць у лядовыя палацы.
Рэдактар падхапіўся аж:
— Не смей!
На гэту тэму стаўлю забарону!
У нас жа Сам
Курыруе хакей,
І тут зусім не месца фельетону.
— Надзейны аўтар
кампрамат прыпёр
Да нас
На старшыню райвыканкама. —
Сказаў найбольш
актыўны рэпарцёр. —
Я мог бы “скрэмзаць”
Фельетон таксама.
— Ну што ты плешчаш
нешта неўпапад? —
Размове ўжо рэдактар
сам не рады. —
Які яшчэ быць можа кампрамат?
Ды ён жа, ведай,
прадстаўнік улады!
Было яшчэ нямала прапаноў —
Для крытыкі ж у нас
Хапае тэмаў.
Рэдактар прапановы ўсе адмёў:
— Лепш крытыкуйце,
як заўжды, нацдэмаў.

* * *
Трымала прэса колісь
Чуйна вуха,
І кожны пра яе сказаць бы мог:
“Забіць газетай льга
Міністра й муху!”
Цяпер жа толькі муху, далібог...

Пакаранне

Пра цікавы факт паведаміла газета “Снплюс”. На адной з будоўляў працаўнікі задужа выпівалі, прагульвалі. Словам, дысцыпліны — аніякай. Каб выправіць становішча, было прыдумана пакаранне: з заробку вылічвалі суму, роўную кошту падпіскі на “СБ. Беларусь сегодня”. Выпіў — выпісаў. З дысцыплінай стала намнога лепш.

Прараба прыгнятала скруха,
Начамі спаць не мог прараб.
Замала на будоўлі зрухаў,
Бо дысцыпліны дух аслаб.
Не мог ён даць апойкам рады,
Хоць спроба не адна была.
Бывала, што з усёй брыгады
Адзіны ён не “з пахмяла”.
Хоць ты бяры якую доўбню
І малаці паміж плячэй.
Або зусім спыняй будоўлю —
Хоць уздыхнулася б лягчэй.
Дзе ён знайшоў ідэю гэту,
Прараб не ведае і сам.
Няхай выпісвае газету
Той, хто ўжывае “глык” і “гам”!
І не караць “Народнай Воляй”
Ці “Нашай Нівай”, “Снплюс”,
Бо іх купляць,
Чытаць — тым болей
Ахвочы кожны беларус.
Перад уладай будзе годна,
І ён, апоек, зараве,
Як мецьме “Беларусь сегодня” —
Бы абухом па галаве.
І стала явай тая кара...
І загулі будаўнікі:
— Ты лепш насоўгай нам у карак!
Не рві нам душы на шматкі!
Газета ўнесла ў поспех лепту!
Не стала выпівак, калі
Яны ажно па тры камплекты
“СБ” за штрафы “здабылі”.
Не чуў я пра такое зроду...
Бядуй, апоек, і трымці!
А што калі вось гэткі сродак
Ужыць увогуле ў жыцці?
Калі імпэту — і не блізка,
Калі ў рабоце знік запал,
Такому караю падпіску
Зрабіць патрэбна на квартал.
А хто зусім наробіць шкоды
Ці вырабляе проста брак,
Таму —
падпіска на паўгода,
Каб ведаў, дзе зімуе рак.
І казнакраду-прайдзісвету,
Што аблапошваў свой народ,
Патрэбна выпісаць газету.
Няхай чытае цэлы год.
Караем мы вышэйшай мерай
Забойцаў і гвалтаўнікоў
І кулі трацім.
На халеру?
Ці ж лепшы метад —
“кроў за кроў”?
Караць
Ёсць спосаб больш суровы,
Яго трымаць нам варт наўме:
Няхай чытаюць пажыццёва
Газету гэтую ў турме!

* * *
Для ўсіх нягоднікаў адпетых
Карунку большага няма:
Для іх дзяржаўныя газеты
Выпісваць трэба.
Задарма.

Сірата

Паведаміла газета “Звязда”: прэзідэнт лічыць неабходным актывізаваць вывучэнне замежных моваў у навучальных установах Беларусі. Гэта дапаможа лягчэй прасоўваць беларускія тавары на замежныя рынкі.

“Мне трэба выглядаць
суладна з часам.
Збываць важу
Тавары за мяжу,
А выглядаю нейкім папуасам,
Бо на англійскай мове не кажу.
Таму і не бяруць мае тавары.
А мова — гэта поспеху гарант.
Вось вывучу —
і паплывуць даляры”, —
Так разважаў Мікола, камерсант.
І вывучыў.
Аднак карысці мала,
Не стаў для бедака
лягчэйшым хлеб.
Замежная дзяржава не купляла
Міколаў заляжалы шырпатрэб.
Мікола выглядаў як асталоп там...
Яшчэ ж вазіў тавары і Пятрусь.
Расхопвалі яго тавары оптам,
Таму цякла валюта ў Беларусь,
Не мог англійскай мовай
пахваліцца
(Бог не падкінуў паліглоцкі дар),
Затое з легендарнай “Мілавіцы”
У Петруся быў вартасны тавар.

* * *
Мой фельетон жа —
Не пра камерсантаў
Мне не спазнаць іх
радасць і бяду.
Тым болей спраў
няма да іхніх трантаў.
Пра мову я мараль распавяду.
Англійскую мы будзем
ведаць годна.
Нямеччыну мы ўважым і Кітай.
Вось толькі як жа быць нам
З мовай роднай,
Што пры жывым народзе —
Сірата?

Травень

Паведаміла “Народная Воля”: Чалавек у кастрычніку ездзіў у грамадскім транспарце па праязным білеце за верасень, і яго не штрафавалі кантралёры. Яны проста не ведалі, як па-беларуску называюцца месяцы...

Студэнта я
Не папракну за гэта
(І тое трэба мовіць напярод):
З адным (на месяц)
праязным білетам
Ён ездзіў у трамваі цэлы год.
Калі ж студэнту
прад’яўляў знянацку
Пасведчанне кандуктар-кантралёр,
Паказваў ён білет па-заліхвацку,
Хоць кантралёр
На хлопца танкам пёр:
— С билетом этим
Ездить вы не вправе,
У нас сейчас не травень,
А июль.
— Июль па-беларуску будзе травень,
І гэта людзі ведаюць паўсюль.
Июль і травень —
Нібы сувязь-повязь,
Трава, вядома ж, —
Гэта лета знак,
Бо ў гэты час
Расце яна па пояс, —
Тлумачыў так
Кандуктару юнак.
А ў верасні,
Калі пайшлі заняткі
І трэба ездзіць зранку цэлы дзень,
Студэнт таксама меўся анігадкі,
Хоць кантралёры бралі за каршэнь.
— Ды восенню
Якраз сезон атаве,
Дальбог жа,
Не знасіць мне галавы:
Сентябрь па-беларуску
Значыць травень,
Ён — сімвалам апошняе травы!
Калі ж зямля марозамі прыкута
І ўсе жывое
Звонку не жыве,
Калі стаіць
Марозны месяц люты,
Ён зноўку “байкі травіць” аб траве:
— Февраль?
Ды гэта ж травень той на справе!
Вядома гэта ўсім,
Як двойчы два.
Таму ён і завецца —
“Месяц травень”,
Што ажываць рыхтуецца трава.
Вясною,
Гэта ўжо само сабою,
Дурыць наогул лёгка галаву:
Усё пакрыта свежаю травою.
Даводзіў кантралёрам пра траву.

* * *
Калі ж ты, травень?
Можа, на Пакровы?
А можа, на Пятра ты ў нас штогод?
Ты родную вучы, кандуктар, мову,
І парк трамвайны
Будзе мець даход.

“Упырхлік”

“За год да ўладаў Швецыі з просьбай атрымаць прытулак па палітычных прычынах звяр­нулася 361 асоба з Беларусі. Сярод уцекачоў практычна няма тых, хто сапраўды пацярпеў ад палітычнага ўціску. Большасць імкнецца змяніць беларускі сацыялізм на шведскі, прыкінуўшыся “ахвярамі рэжыму”. Для азначэння такіх эмігрантаў некалькі гадоў таму з’явілася слова “ўпырхлікі”.

“Наша Ніва”
Ягор, па праўдзе, —
І махляр, і злодзей.
Пра бэйбусаў вось гэткіх нездарма
Спрадвеку трапна
кажуць у народзе:
На ім няма
І месца для кляйма.
Спачатку
У бацькоў быў дармаедам,
Затым і да злачынстваў
шлях прамы.
Змахлярыў, скраў —
І прыгаворы следам.
Гадамі не вылазіў ён з турмы.
Ды ўсё ж не знікла
У яго панада
Сядзець на шыі, мовіць так, чужой.
І ён прачуў:
Каго “прэсуе” ўлада,
Таму даюць прытулак за мяжой.
А хто не хоча жыць
З буржуем побач?
Ды там жа не жытуха, а халва!
Раскоша і камфорт,
Дыхтоўны побыт —
Ад шчасця пойдзе кругам галава!
“Нацдэмам стаць!” —
Задача для Ягора.
Сябры з насмешкай раілі яму:
— Не лезь туды,
Бо цяпнеш, дурань, гора
І пойдзеш зноў
У гэтую ж турму.
Ягор жа іх не слухаў.
Ён упарты,
Як два дзясяткі племянных аслоў.
Перачытаў ён спіс
нацдэмных партый,
Засвоіў сотню беларускіх слоў.
Стаў ён хадзіць на мітынгі, пікеты,
У пастарункі
Валаклі яго.
Цяпер не “зэк” ён,
А “нацдэм адпеты”,
“Змагар за волю”
І “бунтар” Ягор.
Крычаў ён пра палітыкаў, што зніклі,
Пра дыктатуру,
Самаўпраўства ўлад.
На “Еўраньюс” —
Штодня малюнак звыклы,
І ў рэпартажах тых
“Ягора” шмат.
Калі ж яму сінюшныя фінгалы
Сябры па п’янцы ставілі падчас,
Ён нават іх
Дэманстраваў удала:
Маўляў, пабіў на мітынгу спяцназ.
Актыўнічаў Ягор, бадай, з паўгода,
Выказваў свой “нацдэмаўскі” напор.
І вось знянацку для ўсяго народа
У Швецыі
“Усплыў” “нацдэм” Ягор.
Даводзіў палка ён наіўным шведам,
Што ў Беларусі на яго — “праслед”.
І ў сувязі з вось гэтакім пераследам
Ён кінуўся ўцякаць у белы свет.
Маўляў, заўжды адданы я ідэям,
За гэта пагражала мне турма.
І ўвогуле: сябе лічу я... геем,
У Беларусі
Ім жыцця няма.
Наіўныя там людзі —
Свет не ведаў!
Да глыбіні расчулены былі.
Ну, словам,
атрымаў Ягор ад шведаў
Прытулак на мясцовае зямлі.
Прачнуўся вольны ён
Назаўтра ранкам!
Ды рамясло ранейшае наўме:
Абрабаваў адразу
Касу банка
І зноўку апынуўся
У турме...

* * *
Бывае, сапраўды цераз палена
Улада ломіць,
У каршэнь таўчэ.
На жаль,
махлярска-здрадніцкая пена
На гэтай хвалі
Плавае яшчэ.

Як у горле косць

Як паведаміла “Наша Ніва”, начальнік аддзелу па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска А. Герашчанка заявіў, што Беларусь — гэта частка Расіі, а беларуская мова ўвогуле непаўнавартая.

Ды як жа ён
(Кумекаю насілу)
Ва ўладны кабінет пралез-пранік?
Ён Беларусь
Імкнецца здаць Расіі —
Дзяржавы незалежнай прадстаўнік.
Сядзіць чынуша
На пасадзе хлебнай.
Для беларусаў —
Як у горле косць.
А мусіць жа, ён,
гэтакі, патрэбны
Уладзе той,
Што ў нас сягоння ёсць.