12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Няўвесь

_____________________
Мукі ад навукі. Фельетоны


“Дзеравеншчына”

Праваахоўныя органы затрымлівалі ініцыятараў рэферэндуму аб мэтазгоднасці ўвядзення павышаных мытных пошлін пры ўвозе аўтамабіляў у Беларусь. Затрыманыя патрабавалі, каб пратаколы вяліся на беларускай мове. Ва ўсёй мінскай міліцыі ледзьве знайшлі чалавека, які здолеў гэта зрабіць...
...Некалькі гадоў таму міліцыянеры затрымалі і правялі допыт сяброў Саюза бе­ларускіх пісьменнікаў за тое, што яны ў скверы размаўлялі на роднай мове...

Раслі сябры —
Суседзі цераз вуліцу —
Антон і Саўка
У адным сяле.
Здавалася,
Што дружба іх не змуліцца
І будзе непарыўнаю.
Але...
Антон з дзяцінства
Захапляўся вершамі
І рыфмы зацуглёўваў па начах.
Настаўнікі
Чыталі вершы першымі,
Сачылі,
Каб жа талент не зачах.
А Саўка падрастаў,
Як кажуць, бэйбусам:
Мацак — на цела,
На мазгі — пусты.
Настаўнікам
Не бачылася рэбуса:
— А будзеш ты
Круціць быкам хвасты.
У кожнага, аднак, свае амбіцыі...
І мудры лёс
Распарадзіўся так:
Падаўся Саўка ў горад,
У міліцыю,
Антон жа здаў іспыты на філфак.
Мінула дзесяць год.
У ціхім скверыку
Каханцы вершы
“Прамаўляў” Антон.
— Вось ты пачула...
А скажы цяперака,
Пісаць ці варта? —
Запытаўся ён.
Аднак не ад дзяўчыны сінявокае
Ён на пытанне атрымаў адказ.
Міліцыянт
Са сцежкі недалёкае
Пагрозліва-бязлітасна галёкае:
— Што за “язык”
Услышаў я січас?
Пахожа,
Здзесь сабранне апазіцыі:
Сціхі на беларускам языку.
І патаму жа я,
Сяржант міліцыі,
У каталажку вас завалаку.
Зірнуў Антон
На чалавека з лычкамі,
Ад хвалявання
Слёз стрымаць не змог:
— Ты гэта, Саўка?
Пражылі мы знічкамі —
Сто год цябе не бачыў, далібог!
Сяржант нахмурыў бровы:
— Мне не велена
З задзержанымі
Разгавор вясці.
І я січас не Саўка,
А Савелій я,
І мне з тобой, нацдэм, не па пуці...
— Паслухаеш цябе,
Дык свет расколецца...
Цябе, “Савелій”, я не пазнаю...
Няўжо забыў ты нашыя ваколіцы
І мову “дзеравенскую” сваю?
— Значэння не імеет абстаяцельства,
Што за адною партаю сідзел.
Ваш разгавор —
Как будта бы ругацельства,
І папрашу за мною ў райаддзел.
У райаддзеле пачаліся допыты...
І там Антон
Не мог стрымаць парыў:
— Няўжо вы ўсе бязглуздыя,
Як чобаты?
Я на дзяржаўнай мове гаварыў!
Не змог пераканаць Антон
Палкоўніка —
На галаве чашы, як кажуць, кол.
— Вы гэтак?
Дык вядзіце —
Хоць са слоўнікам! —
На беларускай мове пратакол!
Як гэта патрабуе Канстытуцыя,
Павінны нашу мову ведаць вы.
Адгаладаю,
Хоць магу “загнуцца” я,
Але мае захоўвайце правы!
Палкоўніка
Такі расклад не радуе:
Не трэба перад пенсіяй скандал.
Аддаў загад
Па ўнутранаму радыё:
— Найти спеца мне,
Кто бы “мову” знал!
Ніхто не захацеў
Залішне клопату
(Яшчэ дадуць мянушку,
Што “сяло”).
І выйшла, што ў аддзеле ўсім
Для допыту
Дасведчых “беларусаў” не было.
Праблема для палкоўніка —
Во гора дзе!
Не абярэшся потым жа бяды...
Сярод міліцыянтаў —
Кліч па горадзе:
— Хто гэту “мову” ведае —
Сюды!
Разумніцу,
Што моваю валодае,
Знайшлі, нарэшце,
У прэс-цэнтры МУС.
І не была ўжо мова перашкодаю,
І быў давольны
Шчыры беларус...
І перамог урэшце
Хеўру “менцкую”,
Сваю свабоду
Адстаяў Антон!
...А Саўка ведаў
“Мову дзеравенскую”,
Але нікому
Не прызнаўся ён...

* * *
Я “размаўляў” на вуліцы...
Міліцыя
За гэта мне дала па галаве.
Дык што, на роднай мове
І маліцца я
Магу ў касцёле толькі
(Не ў царкве!)?


Мова не загіне...

“Беларускай мове ва Украіне плануецца надаць статус рэгіянальнай”.

“Народная Воля”
Яна і ў нашае дзяржаве
Рэгіянальная даўно.
Пры ўладзе сённяшняй
Наяве
Ёй перспектывы не відно.
І ўсё-ткі мова не загіне,
Хоць затаптана сёння ў гной,
І будзе жыць ва Украіне —
Няхай і ў вёсачцы адной.

“Ахоўнік”

Валанцёр кампаніі “Гавары праўду” Аксана Самуілава раздавала газету “Свободные новости плюс” ля завода “Ліфтмаш”. Начальнік аховы прадпрыемства адабраў у дзяўчыны газеты і перадаў яе міліцыі. Дзяўчына зрабіла экспертызу нанесеных ёй пабояў і падала ў суд. Аднак суддзя Ленінскага раёна Магілёва палічыла, што гэта сама 48-кілаграмовая дзяўчына збіла ахоўніка-бамбізу, і аштрафавала яе на 350 тысяч рублёў.

Спрачацца з тым судом — без толку.
Не знойдзеш праўды анідзе...
А я вам працытую толькі
Расказ ахоўніка ў судзе:
— Ну, значыцца, как была эта...
Стаю у прахадной, куру...
І ўдруг жа дзевушка з газетай...
Мне этат факт не па нутру!
Я поняў (ведзь сматру я целік),
Што эта дзевушка — нацдэм.
Чаво ты тут? З какою цэллю?
Ведзь не “СБ” ў руках саўсем!
І я такцічна, несамненна,
Культурна начаў аб’ясняць:
“Заср...нка, ты какога хрэна
Стаіш... тваю такую маць?
Ты пачаму прышла, лахудра,
Смушчаць рабочыя умы?
І ўласць бы паступіла мудра,
Штоб не избегла ты цюрмы”.
Зацем жа я газеты эці
У дзевушкі хацеў із’яць,
Штоб уніштожыць... І замецце:
Культурна прадлажыў апяць.
Ана жа абругала матам,
Зацем ударыла ў ліцо.
Патом чэраз бядро з захватам
Сумела бросіць на крыльцо.
Служыў кагда-та я ў АМОНе,
І быстра я падняцца змог.
Ана жа робрышкам ладоні
Па шэе — хрась! І збіла з ног.
“Не ізбівай, — прашу я. — дочка!
Мне ўсё панятна ўжэ цяпер...”
Ана жа б’ёт у пах, па почках...
Такая злая, будта звер!
Жастока так не біў і сам бы...
Хаця па рылу даць магу.
Кагда-та я асвоіў самба —
Схваціў убійцу за нагу.
Ана звалілася на землю.
Січас настаў і мой чарод.
Жастокіх мер я не прыемлю:
Удар па рылу, два ў жывот.
Ана скруцілася ў дзве столкі —
Усё жа слабы жэнскі пол...
Зацем я здаў яё ў мянтоўку,
Там напісалі пратакол...

* * *
Не чуў я пра такое зроду...
Навокал творыцца бедлам...
Таму кіраўнікам завода
Пытанне слушнае задам:
”Нашто ахоўнік гэткі “гожы”?
Ці ж ён падставіць вам плячо,
Калі яго “змутузіць” можа
І трохпудовае дзяўчо?”


Крадзеж

Мы ўжо звыкліся з тым, што з музеяў выкрадаюцца творы сусветна вядомых мастакоў. А нядаўна газеты паведамілі аб крадзяжы ў вёсцы Рассвет Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці карцін беларускіх мастакоў Леаніда Шчамялёва, Ягора Батальёнка і Мікалая Цурыкава. Прычым зладзеі дзейнічалі ў лепшых традыцыях жанра: выразалі палотны з рам...

Да нас даходзяць з Захаду навіны
(І гэта мае розгалас такі!):
З музеяў выкрадаюцца карціны,
Што колісь напісалі мастакі.
Крадуць і Рафаэля, і Ван Гога,
У попыце Пікасса і Далі.
А з нашага не кралася нічога.
Нікому не патрэбнымі былі.
І тут паведамленне —
З неба громам,
Нямашака майму здзіўленню меж.
З газет і тэле
Стала мне вядома:
Карцін тутэйшых
Здзейснены крадзеж.
І хай не Луўр —
Калгасная кантора,
Хай там сігналізацыі няма,
Аднак жа — факт...
Таму ўжо дзень каторы
Віруе беларуская гурма.
Чаму не забяспечылі ахову?
Карціны хтось,
Як мех пшаніцы, спёр!
Міліцыя дала ўрачыста слова:
Зладзеяў знойдзем,
Знойдзем кожны твор.

* * *
Хоць гэта выглядае, можа, хціва,
Аднак жа рады я
(І то не жарты!).
Калі крадуць
Тутэйшыя карціны,
Дык значыцца,
Яны чагосьці варты!


Вугельчык

“Амерыканка Джасцін Ралей перасекла акіян, каб вывучыць беларускую мову”.

“Народная Воля”
Хацела мову —
Не, не пад прымусам! —
Яна да сэрца далучыць свайго...
А ў нас саміх,
Спрадвечных беларусаў,
Патухнуў беларушчыны агонь.
Касцёр наш моўны —
Позна а ці рана —
Мы ўсё ж запалім...
Станецца пара!
Шукаць мы будзем аж за акіянам
Вугельчыкі для гэтага кастра...


Хто перамог?

Польшча і Літва з размахам адсвяткавалі 600-годдзе Грунвальдскай бітвы. Наша ўлада гэты юбілей, можна сказаць, праігнаравала, хоць найбольшы ўклад у гістарычную перамогу ўнеслі беларускія харугвы... Таму мінская моладзь у гонар той бітвы вырашыла наладзіць сімвалічны бой падушкамі. Больш за 70 чалавек былі затрыманы, а арганізатара акцыі асудзілі...

Не згасне слава Грунвальда ніколі,
Хоць столькі год мінула з той пары!..
Ахвярна адстаялі нашу волю
І годнасць беларусаў ваяры.
Святкуюць і літоўцы, і палякі
(І я за гэта іх не папракну).
А наш урад да бітвы — аніякі,
Забыў ён пра сівую даўніну.
Калі чыны бясхітрасна змаўчалі,
Дык моладзь не забыла бітвы той.
— Там ваяры змагаліся мячамі,
Цяпер падушкі
Возьмем мы на бой!
Ну хай бы паляталі пух і пёры.
Яны, падушкі, —
Гэта ж не калы.
Калі “ваяр” скапыціцца каторы,
Урон здароўю бачыцца малы.
Аднак улада ўбачыла крамолу
І свой туды паслала легіён —
Міліцыянтаў,
Каб той фэст вясёлы
Ці папярэдзіць,
Ці зрабіць разгон.
Міліцыянтам даспадобы справа,
Ім звыкла разганяць
Людскую раць.
Адны яны, лічылі, маюць права
Дубінкамі на мітынгах махаць.
Затрымлівалі ўсіх
з падушкай-ношай,
Яе ператваралі ў канфіскат.
— А раптам напладзіў ты
Блох ці вошай?
Праверым —
Аддадзім яе назад.
Абмацвалі цяжарных і пузатых:
Ці не падушкай поўніцца жывот?
...І ўсё-ткі адбылося тое свята!
Падушкамі дубасіўся народ!
Для кожнага хапіла калатнечы.
І быў патрыятычны ўздым такі!
Хто ж перамог
У той шалёнай “сечы”:
Ліцвіны ці тэўтонцы-крыжакі?
Збіралі талакой падушкі-транты...
Якраз жа падаспеў і “легіён”.
Перамаглі яны, міліцыянты:
І тых, і гэтых узялі ў палон.

* * *
Улада Грунвальд зганьбіла сягоння,
Не выпускае свята на прасцяг,
Бо там —
Ёй ненавісная Пагоня
І гідкі бел-чырвона-белы сцяг.


“Рацыён”

Кіраўнік аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка адзначае, што Беларусь выйшла ў сусветныя лідэры па экспарце малочнай прадукцыі. І тут жа прыводзіць цікавы факт: у Японіі датацыі на адну карову складаюць больш за 3000 долараў. Выходзіць, што японская карова атрымлівае болей, чым сярэднестатыстычны беларускі прафесар...

Каб быць жа
У суладнасці з прагрэсам,
Не адарвацца
Ад народных мас,
Рашыў паехаць з лекцыяй прафесар
У “самую глыбінку”,
У калгас.
Ён быў выкладчык
Беларускай мовы,
Якую ўлада “соўгае ў загон”.
“Ім мова трэба болей,
Чым каровы,
Бо ў ёй жыве душа”, —
Так думаў ён.
На сходзе ўзнёсла
Гаварыў прафесар
І пра апостраф,
І пра мяккі знак...
Сказаў калгаснік:
— А ідзі ты лесам!
Нацдэмаў мова
Нам далася ў знак!
А еслі б я не гаварыў культурна,
(А значыцца, на рускім языку),
То б прадсядацель
Зыркаў очань хмурна,
На шэе дажа б
Прылажыў руку...
Суладна з ім
Гурма загаманіла
І зганьбіла прафесара гурма.
З трыбуны збег ён борздка —
Свет не мілы! —
І ўжо аб “мове”
Нават слоў няма...
Затое ўслед яму ляцелі словы:
— Нам нужан мнагатонны уражай!
І штобы малака далі каровы!
І штобы іх абслужываў бугай!
Не чуў прафесар
Гэткіх словаў зроду,
Бо “адарваўся”
Ад народа ён.
А трэба што
Галоднаму народу?
Хаця б жа, як каровам, рацыён...

* * *
Пры ўладзе гэтай —
Вось якая штука! —
Навука сёння бачыцца пустой...
Не трэба нам якаясьці навука!
Нам мяса трэба!
Трэба нам надой!


Пустая барацьба

“Студэнта фізфака Белдзяржуніверсітэта Юлія Місюкевіча абвінавацілі ў дробным хуліганстве за тое, што ён вывесіў бел-чырвона-белыя сцягі насупраць будынка Адміністрацыі прэзідэнта”.

“Народная Воля”
Студэнт непрыемнасцей мае багата
За наш гістарычны,
Адвечны наш сцяг.
Ён што,
Ля будынка паставіў гармату
І на прэзідэнта задумваў замах?
Што твораць улады —
Не ведаюць самі.
Заняты яны барацьбою пустой.
...А каб жа на сцягу
Быў чэрап з касцямі,
Дык не закрануў бы студэнта ніхто.
Жальба

Група “3+2” прадстаўляла Беларусь на конкурсе “Еўрабачанне 2010” і адмовілася ад песні беларускага кампазітара. Новую песню напісаў расіец Макс Фадзееў. “Што ж у ёй ёсць нацыянальнага, беларускага?” — запыталіся ў кіраўнікоў тэлеканала АНТ. “У аранжыроўцы прагучыць жалейка”, — быў адказ.

І краіна, і мова чужая...
І ў той песні няроднае нейкай
Так гучыць беларуская жальба
Адзінокай, сірочай жалейкай...


Іспыты

Гісторыю Беларусі 60 працэнтаў абітурыентаў здавалі на рускай мове і толькі 40 працэнтаў — на беларускай.

Выдатнікам
Міхась лічыўся ў школе,
І гэткім быў разумнікам Міхась,
Што верылі настаўнікі:
Ніколі
Ён тварам не ўпадзе,
Не ўлезе ў гразь.
Аднак жа школу
Не любіў хлапчына:
Па-беларуску
Выкладалі ў ёй.
І гэта стане, ён лічыў, прычынай
Не ў гразь упасці,
А зваліцца ў гной.
Чытаў Міхась дзяржаўныя газеты,
Глядзеў з дзяцінства на БТ-экран,
І разумеў ён:
Каб дабіцца мэты,
Зусім інакшы
Трэба выбраць план...
“Настаўнікі, бацькі
І дзед той самы
Падобныя, — ён думаў, — на аслоў.
Ні прэзідэнт,
Тым болей ні “васалы”
Па-беларуску
Двух не звяжуць слоў.
А гэта ўжо палітыка дзяржавы.
Таму, калі такія справы,
Дык
Навідавоку ясныя выявы:
Не “мова” мне патрэбна,
А “язык”.
Ён слоўнікі чытаў,
Спазнаў нібыта:
“Мой край любимый”,
А не “мілы кут”.
І вось жа па гісторыі іспыты
У Міхася прымае інстытут.
Да тых іспытаў
Быў Міхась гатовы!
“По-русски тему излагал”
Як след.
Хоць заікаўся
І калечыў словы,
Ды выдаў па падручніку прадмет!
Аднак жа ён адчуў,
Што поспех коўзкі:
Чамусьці твар прафесара крывы.
Пытаецца:
— Костюшко, Калиновский…
Сейчас иные взгляды...
В курсе вы?
Теперь ведь их на щит
Берут нацдемы...
Погоня...
Даже флага цвет не тот...
Вы думайте...
Раскройте глубже тему...
Ведь президент
Нас не туда ведет...
Міхась быў мнагалікі,
Як матрошка,
Хапаў чужыя думкі “на лету”.
— Прасціце...
Валнаваўся я нямножка...
І мыслю ізлагаў саўсім не ту...
Дак вот...
І Каліноўскі, і Касцюшка...
І еты, і другі —
Для нас паляк.
І не “нацдэмы” дажа
Ім мянушка:
“Рэч Паспаліта!” —
Прызывалі так.
А мы жа панялі,
Хаця і позна,
Што праваслаўны,
Рускі мы народ!
Аб’ядзяніў Іван,
Каторы Грозны,
Крэсціў мячом і кроўю он...
Дак вот...
Астрожскі рускіх
Пабядзіў пад Оршай —
Яшчо січас імеецца малва.
Да непанятна —
Лучша нам іль горша:
Была б у нас сталіцаю Масква!
І ваабшчэ,
Што ні вазьмі сталецце,
“Паны-нацдэмы”
Праяўлялі лік.
Ну, напрымер,
(Вы етае замецце!)
Талкалі беларускі свой язык!
Зачэм там тот язык? —
Нібы мянташку,
Панесла, так бы мовіць, Міхася. —
Мы з рускімі — ў ядзіную упражку,
І ў етым жа для нас
Ідзея ўся!
Прафесар жа падумаў:
“Бесталковы.
Прыстасаванец.
Флюгер.
Пустазвон.
Ні “языка” не ведае, ні “мовы”.
Аднак жа, як і трэба,
Мысліць ён.
Ён будзе заўтра
ў прэзідэнцкай хеўры,
Калі “зарэжу” —
Мне тады капут...”
....Хлапцу ўдаліся
“Моўныя манеўры”!
Залічаны Міхась у інстытут!

* * *
Для Міхася —
Належная выснова,
Сумненняў зараз у яго няма:
Інакшая цяпер не толькі мова,
Інакшая й Гісторыя сама.


Згублены скарб

Паводле апытанняў, 40% беларусаў хочуць бачыць рэкламу на беларускай мове. Толькі 12% лічаць яе “вясковай”, а 46% — нацыянальным скарбам.

Мы прызнаём:
Нацыянальны скарб,
Нацыянальны гонар — наша мова.
І быццам бы ўжо згодныя мы, каб
На ёй — рэклама.
Успрымаць гатовы...
Ад скарбу адракліся мы свайго,
І наш народ,
На жаль, “зруселы” самы.
Мы сёння дажыліся да таго,
Што й мове ўжо
Патрэбная рэклама.


Паскудства

Тыднёвік “Літаратура і мастацтва”, адным з заснавальнікам якога з’яўляецца наваствораны Саюз пісьменнікаў Беларусі і які спрадвеку выдаваўся на беларускай мове, пачаў часткова друкаваць матэрыялы па-руску...

Улада бунтарам зусім не рада.
Ва ўсім уладзе трэба
Ціш ды гладзь.
Таму ад творцаў
Патрабуе ўлада
У ладзе з ёй
Пісаць і маляваць.
І піша кампазітар песні-оды,
Партрэт Самога выдае мастак...
Пісьменнікі адны прыносяць шкоду
І ўтаймаваць
Няможна іх ніяк.
Ніхто перад уладай не віхляе,
Гатовы волі, мовы
Несці крыж.
Бунтуюць Барадулін і Някляеў,
Гілевіч і Законнікаў — туды ж.
А трэба, каб пісалі пра надоі
І праслаўлялі аграгарадкі.
Яна, улада,
Грошы дасць на тое!
Тварыце!
Набівайце валлякі!
Не хочуць...
І саюз стварылі новы,
Пісьменнікаў сабралі чараду.
З’ядналі ўсіх:
І хто не ведаў мовы,
І хто пісаў, прабачце мне, брыду.
І акрыялі раптам графаманы,
Натоўпам
Дружна лезуць на Парнас.
Яны да ўлады ставяцца рахмана,
Ім кнігі
І дзяржпрэміі падчас.
Хоць графаман,
Аднак калі не труцень,
Лаўровы атрымаеш ты вянец.
Паэтам
Раздае вянцы Аўруцін,
Празаікаў
Вянчае Чаргінец.
Адна бяда:
Пісаць па-беларуску
Не можа ні адзін і ні другі...
“Дык зробім — іхні кліч, —
Перазагрузку,
І беларусам вывіхнем мазгі.
Нашто сярмяжны Колас
І Купала?
Хай Караткевіч
Будзе ім няўцям.
Тым болей што
(Ну гэтак жа супала!)
Забыць пра мову
Намякае Сам...
Мы “зрусім” беларусаў паступова,
І мова іх
Развеецца, як дым.
І руская
Ім будзе роднай мова!”
...І ёсць пачатак:
Абруселы “ЛіМ”.

* * *
Прызнаюся:
Ад гэткага паскудства
Душу мне нешта таркаю шкрабе.
Цяпер “Литература и Искусство”
Газеце гэтай
Трэ назваць сябе.


Зараз будзе ў нас багата, піянераў, акцябратаў

Як стала вядома, Гомельскі БРСМ плануе заявіць у свае шэрагі 7 тысяч піянераў і акцябрат. Каб дабіцца гэтай лічбы, за 924 непаўналетнімі, якія “патрабуюць павышанай увагі” (інакш кажучы, “цяжкія” падлеткі), “замацаваны” 644 члены БРСМ...

Слёз не трымае
Піянерважатая
І скардзіцца свайму кіраўніку:
— Мяне Лявон,
“Цяжкі”,
За грудзі кратае
І пад спадніцу соўгае руку!
І кажа гэтак:
“А цябе, цыцкатая,
Я павалю
Гвалтоўна на зямлю...
Гатовая выхоўваць акцябратаў я,
А бэйбусаў прышчатых не люблю!
Дырэктар —
Ён і сам вачыма тыцкае...
Палапаць хоча
Дзеўку за сцягно,
“Забавіцца”
Літымі тымі цыцкамі,
Як “акцябронак” той жа ўсё адно...
Таму звальняць
“цыцкатую” не хочацца,
І кажа ён:
— Складаны час цяпер.
Задача:
Хай між намі дзеці “топчуцца”,
Бо трэба акцябронак, піянер...
Згаджайся з гэтым,
Піянерважатая...
Са мною ж —
Немаведама калі...

* * *
Цяпер Антон
Яе “за цыцкі кратае”,
А пазаўчора, кажуць “паваліў”...


“Беларускі партызан”

Старшыня Савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў наракае на тое, што папулярны апазіцыйны сайт “Беларускі партызан” пад рэдактарствам Паўла Шарамета выкарыстоўвае патрыятычнае слова “партызан”, хоць яно з апазіцыйнасцю несумяшчальнае...
...У 1943 годзе партызаны спалілі частку вёскі Дражна Старадарожскага раёна і забілі яе жыхароў.

З газет
Калі мой бацька
Меўся злёгку п’яны,
То ён казаў мне шчырасна:
— Сынок!
Чаму пайшоў хлапцом
я ў партызаны?
Ды немец бы ў Германню павалок!
Было ад нас,
Такіх,
Нямнога толку:
Хадзіў паесці
К мацеры
У двор.
На дзесяць чалавек —
Адна вінтоўка,
І ў тое не спрацоўвае затвор...

* * *
І зараз я,
Ягоны спадкаемца,
Згрызот не адчуваю і пакут:
Мой бацька
Не страляў калісь па немцах,
Але й не рабаваў
Мясцовы люд.


Адплата

“Актывістаў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” завалаклі ў пастарунак Савецкага раёна Мінска за тое, што яны на Вайсковых могілках усклалі кветкі да магіл Якуба Коласа і Янкі Купалы”.

“Народная Воля”
Міліцыя свае манеўры
Бліскуча завяршыла там
І не дала нацдэмнай хеўры
Ускласці кветкі песнярам.
Завалаклі
У пастарунак...
Такога шчэ не бачыў свет:
Нацдэмам вынеслі карунак
За сціплы кветкавы букет.
Пытанне служку-капітану
Задаў хлапчына малады:
— За што ж вы гэтак апантана
На нас палюеце заўжды?
Хіба ж мы ворагі краіне
І кожны з нас — не патрыёт?
Ды мы ж хвалюемся, што згіне
І наша мова, і народ.
А капітан мянтоўскай масці
Сказаў, напружыўшы мазгі:
— Ругаеце вы нашы ўласці,
А эта значыць, што ўрагі.
— Ах вось вы як!
Але ж Купала —
Народны, лепшы наш паэт.
Хіба ж камусьці дрэнна стала,
Што я панёс яму букет?
А Колас... Мусіць жа, вы ў школе
Чыталі “Новую зямлю”...
Міліцыянт паглядам коле:
— За эта іх і не люблю!
І эта вы січас учціце...
Ані мне навявают грусць.
Кагда-та застаўлял учыцель
Учыць сціхі іх наізусць.
Зачэм мне сціх тот вальтануты?
І патаму імел я “кол”.
Мне не свяцілі інсцітуты,
І я ў міліцыю пашол...
Міліцыі ўважэння мала...
Для ўсех мы “мусар” і “мянты”...
Ані судзьбу мне паламалі,
А вы ім носіце цвяты!
— У вас таму і наступ гэткі! —
Сур’ёзным быць нямашка сіл. —
Тады тым болей заўтра кветкі
Я занясу да тых магіл!

* * *
Дык вось у чым яны, сакрэты,
Што мову зганьбілі “вярхі”.
У косці ўеліся паэты,
І асабліва іх “сціхі”.
Чыноўнік, шчэ смактаўшы палец,
І ў школу шчэ хадзіў калі,
Іх не хацеў вучыць на памяць!
І зараз помсціць за “калы”...


Бліжнія і дальнія

Краінамі “бліжняга замежжа” ў нас чамусьці называюць усе краіны СНД. А вось “дальняе замежжа” — увесь “буржуйскі” свет. Нават суседняя Літва.

У незабыўныя часіны
Былога СССР
Мяне ў Баку паілі слынна
(Ажно ікаецца й цяпер).
Мне не забыць Азербайджана!
Адзін паважны аксакал
(Я б не сказаў, што быў ён п’яны,
Хоць выпіў не адзін бакал)
Спытаў:
— Мой беларускі дружа,
Мне адкажы як на духу:
У наш Саюз ты верыш дужа
Ці сумняваешся крыху?
Скажы мне, для цябе не дзіва,
Як нам даводзяць з году ў год,
Што ў нас ва ўсіх адна Радзіма,
Што ўсе мы і народ адзіны,
Савецкі, мовіць так, народ?
Ўспрыняць я гэта не гатовы...
Ну што агульнае
У нас?
Традыцыі?
Ці вера, мова?
Дзе Беларусь, а дзе — Каўказ...
Мы сустракаемся, як госці,
Ды не жывём, нібы браты.
Яму я запярэчыў штосьці,
Ды маналог мой быў пусты...
Затым распалася краіна,
Пайшлі народы ўсе ўразнос.
І ўжо ў найноўшыя часіны
Мяне ў Літву закінуў лёс.
У вільнюскай кавярні новай
З літоўцам мы пілі віно.
Была сардэчнаю размова —
Як між братамі ўсё адно.
Плячо ў плячо ўсе продкі нашы
Жылі на гэтае зямлі.
І боль, і радасць з той жа чашы
Яны, так мовіць бы, пілі.
У нас была адна краіна,
Адны князі і каралі.
Ды і цяпер мы з ім — літвіны,
Якімі б межы ні былі.
Таму, прызнацца, вуха рэжа,
Калі гучыць самападман:
Літва нам — дальняе замежжа,
І бліжняе — Азербайджан.

* * *
Дык хто для нас найболей блізкі?
Што можа быць радней Літвы?
Да Вільні — нашае калыскі —
Бліжэй, чым нават да Масквы.


Венера ці Даная?

Расіяне лічаць, што іхняя дзяўчына не перамагла на конкурсе “Міс-Сусвет”, бо яна вельмі худая. Цяпер у модзе пышнацелыя...
Беларусы — самы “тлусты” народ з усіх насельнікаў краін СНД.

З газет
Буржуі
(І зусім не дзіўна гэта)
Стварылі гучны конкурс —
“Міс-Сусвет”.
Стаўляюць ногі
На любошчы свету
Найпекныя,
Найлепшыя з кабет.
І дзівяцца ўсе нашыя мужчыны:
“Ну што за прыгажуня?
Тры рабры!
Не цыцкі ў дзеўкі
І не “клубы-чырва”...
Ты набяры
Хоць кілаграмы тры!
Там нашы жонкі
Глянуцца не слаба
(Няважна, цэлюліт ці дыябет).
Пабачыш толькі —
Гэта з бабаў баба:
І будзе найпрыгожаю з кабет!”
Дзяўчына, як таранка, на халеры?
Буржую трэба “сала” цераз край...
Нашто яму худая, як Венера?
Яму цяпер Данаю падавай!

* * *
Напрыканцы
З такое вось нагоды
Я прапаную просты кампраміс:
На конкурс трэба слаць
Дзяўчо з народа.
(І каб была таўстою, як калода),
Тады і атрымаем званне “міс”.


Вучыць нанова патрэбна мову

Чыноўнікі будуць абавязаныя адказваць на пісьмовыя звароты па-беларуску. Такая норма прадугледжваецца новым законапраектам аб зваротах. Аб тым паведаміў “Звяздзе” дэпутат палаты прадстаўнікоў Яўген Мельнікаў.

Зніякавеў Піліп адразу,
Затым раз’ятрыўся, як звер:
Па-беларуску ўсе адказы
Даваць трэ’ скаржнікам цяпер.
А скаргаў — сотні кожны тыдзень:
Піліп — у ЖЭСе кіраўнік.
Чыхвосцяць людзі:
“злодзей”, “злыдзень”,
Бяруць за грудзі і на крык.
Такі расклад настрой не ўздыме...
Піліп і так трываў, як мог,
А тут дадаткам трэба з імі
На “мове” весці дыялог.
Піліп, прызнацца, быў вясковы,
Ды як прарваўся
У чынкі,
Адрокся ён ад роднай мовы,
Бо “зверху” быў наказ такі.
Усё, чаму вучыўся ў школе,
Як быццам адышло ў нябыт.
(“Язык” і рускі не адолеў,
Аднак лічыў, што “говорит”).
І што рабіць?
І сакратарка,
І інжынер у “мове” — нуль.
А значыць, што дадуць па карку,
Хоць і маўчаць “вярхі” пакуль.
Піліп, знясілеўшы ў пакуце,
Прыдумаў, каб не мець капца:
“У лінгвістычным інстытуце
Найму я “моўнага” спяца!
Хай скаржнікам лісты-адпіскі
На “мову” робіць пераклад.
Сантэхнікам
(Хоць крок і слізкі)
Вазьму таго спяца я ў штат”.
Аднак жа рэктар інстытута
Піліпу збіў увесь імпэт:
— По-белорусски? Это круто!
У нас спецов подобных нет.
Есть на английский переводчик...
Китайский? Тоже без забот...
Но не горюйте!
Дело вот в чем...
Коль всё и дальше так пойдёт,
То скоро может наша “мова”
Стать иностранным языком.
Мы преподать её готовы...
Лет через пять звоните снова.
Спеца, пожалуй, подберём.
Няма аддачы ў той патузе...
Дык дзе ж цяпер шукаць спяца?
Ён у пісьменніцкім саюзе
Пад кіраўніцтвам Чаргінца!
“Яны ж у “мове” проста докі!
Для нас, лапцёжных, як маяк!
Ад іх — і “мовы” той вытокі...
Не будзе промаху ніяк”.
І ў той саюз праўладны, новы
Піліп навострыў тэлефон:
— У вас усе там знаўцы “мовы”...
Гатовы я плаціць мільён
За пераклад літаратурны
Для нашых скаржнікаў лістоў...
А з тэлефона — голас хмурны,
Незадаволены:
— Постой!
Саюз хотя и белорусский,
Однако «мова» — не фетиш…
Охват народа очень узкий…
Ну, может, пять процентов лишь…
И мы не ставим целью — «мова».
Достаточно и «языка».
Литературная основа
У нас на нём…
Гуд бай! Пока!
Як лыжка дзёгцю ў дзежцы мёду...
“Ёсць у грамадства нейкі бзік,
Калі для песняроў народа
Не “мова” трэба, а “язык”.
Пра гэта я не чуў, не ведаў,
Напэўна, “мухі ў галаве...”
І прыгадаў Піліп пра дзеда,
Што ў роднай вёсачцы жыве.
Для дзеда “мова” — не забава,
Яна жыве ў яго крыві!
“Калі, Піліп, такая справа,
На помач дзеда прызаві” —
Падумаў так начальнік ЖЭСа
І ў родны кут памчаў як след.
За рэкамі, за цёмным лесам
Век дажываў Піліпаў дзед.
І ён сказаў:
— Піліп-унучак,
Табе подсобіць не магу,
Бо мова наша — як ануча,
Што на гангрэнную нагу.
Цяпер тых слоў пачуеш мала,
Што мелі прашчуры твае.
Бо правадыр наш, “запявала”,
На мову рынуў, як навала.
А рыба з галавы гніе...
А каб яго пабралі пранцы!
Мне гэтае не па нутру!
Цяпер і сам я на трасянцы
(БТ паслухаў) “гавару”.
Якая з гэтага выснова?
Прыйшла цяпер, на жаль, пара,
Калі вучыць народу мову
Пачаць патрэбна з буквара...


Выслужваюцца

Расказала “Народная Воля”: Актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” затрымалі ў Гродне: яны збіралі подпісы “за вуліцу імя Васіля Быкава”. Падстаў для пакарання міліцыянты не знайшлі. Пераначаваўшы, актывісты кампаніі даведаліся, што іхняя машына абліта белай фарбай, хаця стаяла на падворку за сетчатай агароджай...

Ну так “б’юць капытом” міліцыянты!
Выслужваюцца
Для гаспадара.
Нацдэмы — патэнцыйна арыштанты.
Садзіць-перасадзіць жа іх пара.
І б’юць іх —
Нават ломяцца дубінкі,
І статкам заганяюць у турму,
Ды множацца яны
(Не, не адзінкі!),
Пладзяцца немаведама чаму.
Міліцыі
Няма ад іх спакою,
Наяве перамога не відна.
Таму на іх
Ад роспачы такое
Гатова кучу вывернуць г...


Казка

Напярэдадні выбараў прэзідэнта Бразіліі ў краіне выйшаў закон — сатырыкам забаронена жартаваць са сцэны над кандыдатамі. Будуць штрафаваць. А за асабліва злыя жарты могуць нават пасадзіць.

Бразілія — паважная краіна.
І мудры ўказ прыняў тамтэйшы ўрад:
Цябе чапаць сатыра не павінна,
Калі ты ў прэзідэнты кандыдат.
Не горшыя, чым з Рыа-дэ-Жанэйра,
Насельнікі на Беларусі — мы.
На выбары такая прэцца хеўра!
Ніколі не было такой гурмы!
У прэзідэнты мецяць “жук і жаба”.
І “прэтэндэнт галоўны” даў указ:
“Была каб канкурэнцыя не слабай,
Не крытыкуйце, “барзапісцы”, нас!”
“Замоўклі” афіцыйныя газеты:
Цяпер жа пра “нацдэма” не скажы,
Што вораг ён зацяты і адпеты,
Што зарабляе ён, нібы бамжы.
Маўчаць і незалежныя пісакі,
Не льюць на прэзідэнта болей бруд,
Што ён дыктатар,
Людзям даўся ў знакі,
Што кажа ўсім: ён “незаменны” тут.
Экран БТ патрэбен?
Калі ласка!
На радыё эфіру ўсім стае!

* * *
Я расказаў вам, беларусы, казку...
Вы, землякі, ці верыце ў яе?..


Ладдзя Роспачы

Да юбілейнага святкавання дня народзін нашага слыннага Уладзіміра Караткевіча ўлада рыхтуе шмат “адзнак”: і помнікі, і мнагатомныя выданні... Аднак жа не сакрэт: калі б Караткевіч дажыў да нашага часу, дык сучасную ўладу ён не ўспрыняў бы на дух. І быў бы ізгоем. Атрымліваецца, што ён своечасова памёр...
...Герой аповесці У. Караткевіча “Ладдзя Роспачы” Гервасій Выліваха, каб падоўжыць сваё жыццё, згуляў са Смерцю партыю ў шахматы. “Змухляваў” у яе ладдзю і выйграў...

У рай патрапіў наш Валодзя,
Які хавае небакрай.
Ды надакучыла...
— А годзе!
Мне Каралішчавічы — рай!
Хачу ў Дняпро па вушы ўлезці
І пакачацца на траве!
Хачу даведацца, нарэшце,
Як Беларусь мая жыве!
І ён, знявераны ў адчаі,
Прыйшоў да Бога на паклон.
— Хай Велькаможны выбачае,
Ды сёння стаўлю я на кон:
Калі я ў шахматы прайграю,
Калі ты мне паставіш мат,
Дык выганяй адразу з раю
І накануй мне пекла-ад.
Калі ж свайму
(Пры ўсім пры гэтым)
Зраблю пашану каралю,
На дзень пабыць дазволь “са светам”,
Вярні на родную зямлю.
Бог глянуў весела, не строга
(Бо ён жа добры, дзедка Бог):
Ну хто, калі і ў чым у Бога
Неспадзявана выйграць змог?
А Бог — падслепаваты трошкі,
І не стаяў анёл-суддзя.
І не заўважыў Ён, як з дошкі
Прапала белая ладдзя.
Глядзіць сярмяжліва Валодзя,
Нібы цыган, украўшы кур...
Хоць ён увогуле не злодзей,
Аднак жа спёр адну з фігур.
А Бог — сапернік дужа ўпарты.
Зафіксавана нічыя
У той, адной з найлепшых партый.
— Залічым, што ўзяла твая, —
Сказаў дзядуля з барадою...
Я адпускаю ў “свет”. Ідзі...
Якое шчасце маладое
Ад той украдзенай ладдзі!
І “прызямліўся” ён у Брагін —
Палесся роднага куток.
І захлынаўся ён ад прагі:
Паветра ўздых! Яшчэ глыток!
Агледзеўся: пустыя нівы,
Ды не кішыць людзьмі і лес...
Бабулі вытлумак жахлівы:
— Бо катастрофа на АЭС...
Пайшоў Валодзя, як калісьці,
Уздоўжкі Прыпяці, Дняпра.
Дубы яму кідалі лісце,
Паклоны біла Мір-гара*.
Перадалі Валодзю жальбы
І вершатворцы, і радня...
Падумаў: “Лепей жа ляжаў бы...”
А так спазнаў на схіле дня:
Была шчасліваю выява —
Даўно няма СССР,
І Беларусь — сама дзяржава,
І незалежная цяпер!
Аднак Расія “душыць газам”
І занявольвае ў Саюз.
Маўляў, і гінуць лепей разам,
Для вас мы — як на ногі груз.
Дадаткам Бацька —
Ён адвечны! —
Сацыялізму рок нясе.
Жывём мы хібна, недарэчна,
Не гэтак,
Як народы ўсе.
Але галоўнае, што мова
Уладай спляжана
У гной.
Імпэт прадажны, нездаровы
Яна ўмацоўвае маной:
Маўляў, заўжды мы, беларусы,
З расейцамі народ адзін,
Маўляў, зусім няма аншлюса —
Даніну проста аддадзім.
Маўляў, нямашка ў гэтым страху,
Наспелі іншыя часы.
Вось колісь фільм знялі пра “Стаха”...
Цяпер мы здымем “Каласы”...
“Язык” ва ўжытку заўтра будзе,
А “мове” — спакваля капец.
І лепшы
(Так даўмеюць людзі)
Не Караткевіч —
Чаргінец!
Пра Быкава —
Няма і згадкі:
Ні вулкі і ні пастаменту...
Бо ён для ўлады гідкі, гадкі —
Рашыў вось гэтак прэзідэнт.
І думкі
У Валодзі роем:
“Нашто ты жыў да гэтых пор?”
Ты быў бы тут, Васіль, героем,
Каб у патрэбны час памёр...”

* * *
— Мой брат Васіль, —
Самлеў ад стомы
(Валодзя зноў вярнуўся ў рай),
Калі захочацца дадому,
Ты Богу ў шахматы прайграй...


Мазгі

У сярэднім мозг беларуса важыць 1429 грамаў — больш чым у прадстаўніка любой нацыі ў свеце!
...Сярод людзей з вялікім мозгам найбольш геніяў і гультаёў.

З газет
Бог не пакрыўдзіў беларусаў
І даў найбольшыя мазгі.
Заганарыцца ёсць спакуса...
Ды мой намер зусім другі.
Бо хоць мазгоў у нас і досыць,
А як жывём мы, бульбашы?
Хлапчук галодны есці просіць,
Бо бацька з маці — алкашы.
То брат заб’е, то сын загіне,
Як вокам кінь —
Гвалтаўнікі...
(Міліцыянтаў у краіне —
Нібы канцлагер тут які).
Зусім забыліся пра мову,
Пра гістарычны герб і сцяг
“Будуем свет шчаслівы новы”
На продкаў спляжаных касцях...
Мы выбралі сабе, як быдла,
На ўсё жыццё правадыра.
І хоць яно, жыццё, абрыдла,
Правадыру крычым: “Ура!”
І кожны з нас, загнаны ў стойла, —
Купалаўскі “мужык дурны”.
Хапае ежы нам і пойла,
Мы рады, што няма вайны.
Жывём мы ўсе адным “калгасам” —
Ні парабкаў і ні паноў.

* * *
Чамусьці мне здаецца часам,
Што ў нас зусім няма мазгоў.


Мукі ад навукі

На сваім сайце дырэктар дзяржаўнай установы “Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій”, былы пасол Беларусі ў Амерыцы Валерый Цапкала наракае на тое, што ў нашых ВНУ рыхтуецца залішне шмат бухгалтараў, юрыстаў, выкладчыкаў замежных моў, для якіх ёсць цэлы інстытут і якія, каб знайсці для сябе месца ў жыцці, вымушаны выходзіць замуж за іншаземцаў...

Быў настрой невясёлы...
Хоць на Месяц ляці...
Выбіраць пасля школы
Трэба месца ў жыцці.
І (“медаль-выпускніца”)
Парашыла яна:
“На юрыста вучыцца!
Перспектыва відна.
Навык мой не загіне,
І апраўданы ён,
Бо пануе ў краіне
Справядлівасць-Закон”, —
Гэткай думкай Аксана
Ўласны цешыла клёк
І таму апантана
“Грызла” ўсё назубок.
На юрфаку іспыты
Проста з бляскам здала.
Шлях, здаецца, адкрыты,
Столькі ў марах святла!
Вось і ззаду вучоба...
І на рукі — дыплом.
Не дурная, як чобат.
Ды ніхто на прыём
Штось не кліча Аксану
І не ўпісвае ў штат.
“Мы разумныя й самі...
Дый “законнікаў” шмат...
І якія законы
У дзяржаве цяпер?..
Іх наплоджаны тоны...
Лепей жыць напавер...”
І юрыста-Аксану
Азарыла тады:
“Я бухгалтарам стану!
Тут мой шанц — на гады!”
Без праблемаў, вядома,
Паступіла ў “наргас”...
Зноў Аксана з дыпломам!
Ды імпэт яе згас,
Як яна пахадзіла
І па ПУПах, і ЗАТ.
— Вы здзіўляецце, дзіва...
Хто вас возьме
У штат?
Вас вучылі ў “наргасе”:
Трэба “дэбет-крэдыт”.
Ды ў дзяржаве і ў часе
Трэ’ бухгалтар-бандыт.
Справаздача — узорнай?
“Мух” не трэ’ ў галаве...
З бухгалтэрыяй “чорнай”
Кожны бізнес жыве, —
Так казалі ёй “босы”
І дзяржавы чынкі, —
І дыплома — не досыць,
Браць у штат не з рукі!..
Для Аксаны — выснова:
“Ёсць кірунак другі:
Я замежную мову
“Утрамбую” ў мазгі.
Шмат “ангельцаў-кітайцаў”,
Што адкрылі СП.
Ім не кажуць “на пальцах” —
Перакладчык цяўпе!
Стаць чальцом інстытута
Для дзяўчыны “не ў лом”...
Без праблем, без пакутаў
Атрымала дыплом.
Толькі зноў жа нягеглы
І бязлітасны лёс:
І кітайцы пабеглі,
І ангельцы ўразнос...
Бо законамі ўлада
Дурыць так галаву,
Што разбегчыся рады
Ці ў Тайланд, ці ў Літву.
Як жа вынесці гэта?
Гэткі жудасны стан...
І пайшла да “Планеты”,
Як дзесяткі “Аксан”...
Там зусім нечакана,
Як патрэба, узнік
Той “язык иностранный”...
Ды і проста — язык...

* * *
Ведай своечасова
(Год пятнаццаць назад)
Дзеўка родную мову —
Я б узяў яе ў штат...


Прафанацыя ў адукацыі

Пятро Кухарчык, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Танка: “Абітурыенты з нізкімі баламі ў сертыфікатах (2, 3, 4, 5 і 6 балаў) змаглі стаць нашымі студэнтамі”.
Прыклады памылак у дыктантах па рускай мове, якія дапускаюць студэнты Пед-універсітэта: Аттестат — оттестат, отестат, аттистат, атцестат; сертификат — сиртефикат, сертефекат, сертифекат; балл — бал, ббал.

Па «мове» многа двоек у Віталя.
Пры тым не шкадаваў настаўнік сіл,
Хаця калегі змоўніцка шапталі:
— Не мучайся.
Дэбіл і ёсць дэбіл.
Ён шлях сабе хіба ў калгасе знойдзе.
Хлапчына дэградуе на вачах...
А быў яшчэ Віталь бандыт і злодзей,
І дзевак каравуліў па начах.
Адмучыўся, аднак, Віталь у школе...
Настаўнікі прарочылі яму:
— Не станеш “чалавекам” ты ніколі,
Глядзі, каб не адправіўся ў турму...
Вучылішча Віталіка не прыме
(У горы маці з гэтае бяды),
Бо з баламі атрыманымі тымі
Не пройдзе конкурс нават і туды.
Стань пастухом, калі дурны, як чобат...
Тут нарадзіўся —
Прыгадзішся тут...
І раптам — “бомба”:
Хлопца на вучобу
Прыняў Педагагічны інстытут!
Мізэрных гэтых там хапіла балаў,
Бо быў у інстытуце недабор.
Настаўнікі дзівіліся нямала:
У педагогі двоечнік папёр:
Віталь вучыўся цераз пень-калоду...
І ўрэшце ўсё ж
Дыплом займець ён змог!
Яшчэ адзін “асветнік” для народа!
Яшчэ адзін для школы педагог!
І гэтага ўладальніка дыплома
Паслалі ў школу роднага сяла.
Настаўнікі пляваліся, вядома...
З дырэктарам і лаянка была.
(“Ды ты ж пустэча, невук, бесталковы —
Не выправяць і ў інстытуце клёк...”)
Віталь — выкладчык беларускай мовы.
І ён пайшоў на першы свой урок.
І каб не быць прафанам сярод вучняў,
І каб не выглядаць як дылетант,
Віталь рашыў,
Што станецца спадручней,
Калі прадэкламуе ён дыктант.
Каб даказаць, што не “пасмешча” школы
(А заадно не браць да галавы),
Ён выбраў для дыктанта
тэкст вясёлы —
Стаў надыктоўваць байку Крапівы.
Пратое, што Баран “дзіпламаваны”
“Німнога” не пазнаў сваіх варот...
Ён так і дыктаваў — як дзядзька п’яны,
Як лаюцца суседкі цераз плот.
Ён, мовы не засвоіўшы асновы,
Казаў, як думаў — шчыра, ад душы.
Ёсць правіла
У нашай роднай мовы:
“Як слова чуеш, гэтак і пішы”.
Што чулі вучні, тое і пісалі:
“Наабарот”, “варота” і “сцена”...
Праз дзень — адзнакі.
Не чакалі самі,
Бо “двоечка” была ўсяго адна!
І атрымаў яе выдатнік Вова
(Прэтэндаваў на залаты медаль).
Пісаў, як патрабуе гэта мова,
Зусім не так, як дыктаваў Віталь.
І тут гарой настаўнікі паўсталі:
— Не трэба школе
“Педагог” такі!
У рэшце рэшт “філолага” Віталя
Перавялі-збылі
У фізрукі.


Пустадомкі

Па просьбе кіраўнікоў Лідскага раёна каля вёскі Яманты французы засеялі льном 10 гектараў зямлі. Насенне, сродкі аховы, тэхніка — усё замежнае. Нашы льнаводы хочуць павучыцца ў французаў, як зрабіць высокія ўраджаі...

www.zapraudu.info
Быў колісь лён і гонарам, і славай
Для продкаў
У сівую даўніну.
Яшчэ й нядаўна
Беларусь па праву
Лічылася краінаю ільну.
Сурвэткі, пакрывалы і кашулі —
Як кажуць, нарасхват ішлі яны.
Напэўна, ва ўсім свеце людзі чулі
Пра наш тавар дыхтоўны, ільняны.
Рабілі паспяховыя выставы
Стакгольм і Лондан,
Вена і Парыж...
І раптам жа — ні гонару, ні славы.
На беларускім льне
Пастаўлен крыж.
Карысці ад яго цяпер — ні трошкі.
Усім выставам, попыту — капец.
Растуць замест ільну
Адны валошкі,
І ён цяпер зусім не “даўгунец”.
І дажыліся,
Што ўжо да французаў
Прыйшлі мы, беларусы, на паклон:
“Вы клопат наш
Не палічыце грузам
І навучыце нас вырошчваць лён!”
Ну што ж, яны навучаць...
Знойдуць сродкі,
Пасеюць і збяруць той лён у час...
І як на пустадомкаў,
Нашы продкі
З дакорам
З даўніны глядзяць на нас.
* * *
І страчана ўжо ўсё,
І занядбана:
Прапала бульба,
Стаў нягеглым лён...
Ды ўсё адно вяшчаецца з экранаў
Пра найвялікшы
Нашай працы плён.


Суд над шыльдай

“Мемарыяльную шыльду Ларысы Геніюш будуць... судзіць?” — так назвала газета “Снплюс” артыкул пра тое, што ўлада Ваўкавыска забараніла павесіць шыльду на хаце, у якой нарадзілася знакамітая беларуская паэтка.

Сягоння не ўспрымаецца як дзіва,
Калі бывае прэцэдэнт такі:
Улада дзесьці жабаў асудзіла,
А дзесь пад суд папалі пацукі.
Каго ні пабывала ў турмах свету!
Нявольнікаў жывёльных дужа шмат.
Нядаўна напісалі ўсе газеты:
Прысуд быў
Для свінні і парасят.
Яшчэ чытаў я
(Гэта вельмі крута,
І ў тым уся сенсацыя была),
Што дзесь за краты
Аж на трое сутак
За ўпартасць заняволілі асла.

* * *
Па-праўдзе, не здзіўляюся ні трошкі,
Што недзе асудзілі парася.
У нас улада сёння судзіць дошкі.
І сутнасць жа
Улады бачна ўся...


Хай плаціць тата, бо ён — багаты

Александр Радзькоў, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь: (Даю цытату на мове арыгінала, бо ніколі не чуў, каб міністр адукацыі размаўляў па-беларуску):
“…Я и думаю: может, мы мало берем за обучение? И для нас, и для ректоров было бы проще, если бы студентов-платников набирали меньше, но за большую плату. В Кембридже от 20 тысяч долларов стоит образование, а мы даем не хуже”.

— Народ наш зажирел
И надо высечь…
Для сына, папа, денег не жалей.
Ты за диплом заплатишь
Двадцать тысяч.
И долларов!
Не «тугриков»-рублей… —
Была міністра гэткая заява
(Ён запрасіў пісак у кабінет).
Маўляў, грашыма гэтымі дзяржава
Папоўніць свой
нішчымніцкі бюджэт.
— В Америке —
Не все миллионеры,
Но платят за учёбу.
Даже впрок.
Маўляў, у “нашых” грошай да халеры,
Няхай жа расчахляюць кашалёк.
Вясковец
У студэнта Мішы тата.
Зімой — даглядчык,
Летам жа — пастух.
Ён з голаду памёр бы
(Во зарплата!),
Калі б не лез па сала
У катух.
— Родители
Пускай приложат силы —
Детей за деньги учат,
За свои...
І тата Мішы
“Паліруе” вілы:
“Шукае” тыя грошы
У гнаі...


Члены

Як паведаміла газета “Новы Час”, 21-гадоваму фельчару СВК “Калгас Радзіма” Людміле Волкавай быў уручаны 100-тысячны білет ГА “Белая Русь”.

Ён працаваў няўрымсліва, заўзята!
На “Дошку” быў павешаны Пятро!
Найлепшы на сяле механізатар —
Такое, так бы мовіць, меў таўро.
Калгасны ідэолаг-балаболка
Падсеў аднойчы ціха да Пятра.
— Рашыла наша слаўная суполка:
У партыю табе ўступаць пара...
— У партыю? —
Пятро вушам не верыць. —
Ужо даўно няма КПСС.
Нацдэмаўскіх —
вось гэтых да халеры.
Ды для мяне яны, як цёмны лес.
Таму ўступаць туды я не бяруся:
Турма за тое будзе мне відна...
— Завуць суполку
нашу “Белай Руссю”.
І не зусім жа партыя яна...
— А можа, гэта зборышча масонаў?
(Пятро чытаў газеты што ні дзень).
Мо існуе “суполка” незаконна?
Пра тую “Русь” не чуў я анідзе...
— Скажы:
ты прэзідэнта любіш, Пеця?
— Ну ведама ж!
Ён Бацька нам, птамаць...
— Дык вось яго
і ставім мы на мэце
У цяжкую часіну падтрымаць.
— За прэзідэнта стану я гарою! —
Б’е кулакамі ў грудзі Пеця-зух.
Вось гэтак неўпрыкмет з часіны тое
Пабольшыўся на члена гэты рух.
Нядоўга ўсё трымалася ў сакрэце...
І нават Саўка, п’яны, як бязмен,
Даведаўся:
Сябрук — не проста Пеця,
А паўнаварты,
Паўнамоцны член.
А тут яшчэ й гарэлка ёсць у краме.
І назва ёй — і “Белая”, і “Русь”.
Сябры — Пятру:
— То ж, “сімвал” твой той самы!
Ахвяраваць
Яго нам сёння мусь!
Пятро купіў яе адразу скрыню
(Ну гэтак перапоўніла гардыня!)
І надвячоркам селі ля ракі
Гарбуз, Сядзелец,
Клоп, Пузаты Грыня...
Ну, адным словам, Пеці сябрукі.
Пілі ўзахлёб, адчайна, апантана,
Спявалі не адно “шумел камыш...”
Калі ж наспеў бязлітасны світанак,
Пятро бутэльку выставіў і звыш...
І доўга там яшчэ абшар галёкаў:
— Мы прэзідэнта
ў крыўду не дадзім!
І неслася за далягляд, далёка:
— Мы ў гэты рух
уступім як адзін!
Парцейцы мы!
І мора па калена!
Ты толькі, Пеця,
“Сімвал” свой насі...
І стала болей
Аж на дзесяць членаў
У аб’яднання,
“Белае Русі”.