12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Несцярэнка

_____________________
Перамены. Апавяданне


Здаецца, і ноч была ціхая, не было ні моцнага ветру, ні дажджу. А праз расчыненыя вокны толькі даносілася закалыхваючае шалясценне лісця ў летнім саду. Лёгкі ветрык гуляўся з верхавінамі дрэваў. Трава, што слалася пад імі, поўнілася ледзь улоўнымі гукамі: ці то нейкія жывыя істоты стваралі іх, ці то сама трава жыла ўласным жыццём.
Але ж мне прысніўся жудасны сон. Там, здаецца, я апынуўся падсудным і мяне судзілі. Быццам было зусім цёмна, і ў гэтай цемры з усіх бакоў чуліся галасы. У нейкі момант я зразумеў, што галасы належалі дрэвам. Гэта былі звычайныя дрэвы, толькі, вельмі старыя – вялізныя, закарэлыя, вузлаватыя. Яны колам абступалі мяне, сашчапіўшыся веццем, і вялі свае грозныя размовы амаль без майго ўдзелу: “Ён таксама, як і многія іншыя, рэзаў лепшых з нас пад карані, падзяляў на кавалкі, а потым яшчэ і сек на часткі, каб жыццёвая вільгаць хутчэй пакідала нас, і нашыя пасечаныя целы канчаткова засыхалі...”
Чыйсьці строгі голас спрабаваў навесці парадак:
– Увага, паважаныя ўдзельнікі суда! Просьба да ўсіх – казаць толькі па сутнасці справы...
Але хто іх ужо мог утаймаваць! Яны разышліся, так, што магутнае сучча ўздымалася і апускалася з неверагоднай хуткасцю! Толькі лісце ляцела! У хуткім часе пачало здавацца, што ў сваіх спрэчках дрэвы забыліся нават пра мяне. Калі сучча ў каторы раз узнялося да гары, паміж магутных ствалоў я ўбачыў нейкі прасвет. Я саслізнуў з пня, на якім сядзеў і кінуўся ў гэты кавалачак вольнай прасторы.
У звычайных абставінах з такой хуткасцю, напэўна, бегчы было б немагчыма. У цемры начнога лесу вецце сцябала па твары, па руках і нагах, ірвала вопратку, нібыта спрабуючы затрымаць. Магутныя карані выпаўзалі з зямлі і перашкаджалі майму руху. Але мне прыдаваў моцы страх, што зноў патраплю на суд, з якога пашанцавала неяк збегчы! І не звяртаючы ні на што ўвагі, я працягваў уцёкі.
Мне здалося, што недзе наперадзе стала больш святла, і гэта падмацавала маю слабую надзею на выратаванне. Раптам сцяна лесу абарвалася і я выбег на вялізную паляну. Тут жа кола дрэваў шчыльна замкнулася за маёй спінай. У цішыні, якая надышла, адразу ўзнікла адчуванне, што гэта далёка не папярэдні гуманны суд. Тут, здавалася, было нешта сур’ёзней. Поўня слаба асвятляла наваколле. Цішыню перарвала толькі начная птушка шолахам сваіх крылаў. У цэнтры паляны вылучалася вялізная, магутная постаць гіганцкага дрэва. Нейкая здагадка мільганула ў мяне ў галаве. “Дык гэта ж наш дуб! – прашаптаў я, – той самы, які спілавалі ў самым цэнтры нашага мястэчка. Па-здрадніцку, уранак аднаго з чарговых першамаяў, што калісьці зваліся днямі салідарнасці ўсіх працоўных. Адмысловае свята, што, як рудымент працоўнага руху папярэдніх дзесяцігоддзяў, напэўна, захавалася толькі ў нашай краіне. А вось, акрамя святкавання, яшчэ і “памецілі” гэтую дату знішчэннем помніка прыроды...”
“Аднак, думкі твае маюць сэнс, – нечакана загрымеў недзе над галавой грамавы голас, – Толькі дзе ж ты быў раней?! Куды глядзеў? Чаму не ратаваў дрэвы, над якімі здзекваліся? Чаму не заступіўся за мяне? Не пайшоў да таго, хто аддаў загад на знішчэнне і не ўпэўніў яго, што гэтага рабіць не трэба?!”
Ад моцы гэтага голасу мяне прыціснула да зямлі. І ў той жа момант вакол стала неяк значна святлей. Як быццам поўня выйшла з-за хмараў. Я прыўзняў галаву і літаральна анямеў ад нечаканасці: на адным з магутных дубовых сукоў бязгучна торгаўся маленькі лысаваты чалавек. Прыгле­дзеўшыся, у тусклым святле я з жахам пазнаў нашага “мэра”. Магчыма, ён і меўся на ўвазе, як той, хто аддаў загад на знішчэнне дуба, і да якога я быў павінен своечасова звярнуцца.
“Ну і што ты цяпер думаеш рабіць?” – зноў прагрымела над усім лесам. Шчыра прызнаюся, я і прыблізна не ведаў што мне рабіць. Тым больш, калі бачыў, як пакутуе на суку чалавек. Незразумела было, за што менавіта ён быў падвешаны, але адразу кідалася ў вочы, як яму там цяжка. У звычайным жыцці ён заўсёды быў “начальствам” – далёкім, абстрактным, з якім ніколі не было нагоды сутыкацца. Пра яго даходзілі нейкія незразумелыя чуткі, распавядаліся нейкія байкі. Але ўсё гэта было амаль што на ўзроўні показак. А тут, вось ён, жывы, пакутуе... Як быццам у пацвярджэнне гэтага, чалавек на суку затузаўся мацней і захрыпеў. Па маёй спіне прабеглі дрыжыкі.
“Калі не ведаеш, што трэба рабіць, – зноў прыгнуў да зямлі магутны голас, – я табе падкажу. Твой дзед і твой бацька ўсё сваё жыццё аддалі лесу. Яны садзілі дрэвы, ахоўвалі і дапамагалі ім. А ты вырашыў стаць музыкам. Што ж, таксама патрэбная справа. Але цяпер, калі ты хочаш уратаваць гэтага чалавека, а я ўбачыў гэта ў тваіх вачах, – ты мусіш працягваць справу свайго дзеда і бацькі! Як ты будзеш гэта рабіць? Ты даведаешся, калі прыйдзе час...”

Я прачнуўся ўвесь мокры. Было такое ўражанне, што мяне ўсяго калаціла. А мо, нават, я і крычаў у сне? Толькі я з палёгкай уздыхнуў, што ўсё скончылася, як раптам зазвінеў тэлефон. Я без страху ўзяў трубку, падумаўшы, што падзялюся зараз з кімсьці з сяброў уражаннямі ад неверагоднага сна. Але толькі паднёс трубку да вуха, на другім канцы проваду нехта так закрычаў, што я пачаў хвалявацца за нармальны стан свайго слыху: “Ты што, яшчэ не на дзялянцы?! За табой ужо даўно паехалі! Пілу ў зубы – і наперад!..” Я глянуў у вакно і не паверыў вачам – там стаяў “Уазік” з зялёнай паласой на баку, на якой было напісана “Лясная ахова”. Мне шалёна сігналілі і махалі рукамі. Я выскачыў у калідор – на сцяне вісела вопратка: “камуфляжныя” штаны і куртка, зялёная фуражка. На падлозе стаялі вялікія гумавыя боты, а побач з імі – уся ў апілках, залітая бензінам і маслам, бензапіла “Husquarna”.
Калі я ўваліўся ўнутр “Уазіка”, чалавек восем, што сядзелі ледзь не адзін на адным, зараўлі ў адзін голас “Ну, дзе ты боўтаешся?! З-за цябе спознімся! Лесавоз ужо, напэўна, уперад нас прыехаў!..”
Карацей кажучы, я з гэтага моманту “ўліп”: рэзаў дровы, тушыў лясныя пажары, рыхтаваў кармы для лясных звяроў, змагаўся з караедамі, ахоўваў маладыя лесапасадкі, утвараў муравейнікі, выконваў планы па сдачы мётлаў, па сборы грыбоў і ягад, нарыхтоўцы смалы, соку, хвоі, рэдкіх раслінаў, і займаўся шмат яшчэ якімі неверагоднымі справамі.
Аднойчы я трапіў на прыём да “мэра”. Прычынай таму сталі вялікія лясныя пажары, што вельмі пашкодзілі нашы лясы ў сярэдзіне лета. Я паведаміў аб становішчы лясных справаў (карэктна прытрымліваючыся ўмоўнасці абыходжання адной тэмы, аб якой маглі ведаць толькі я ды “мэр” – нашай начной сустрэчы пад дубам, дзякуючы якой адбылося “мэрава” выратаванне, і за якое я плаціў дзіўнымі метамарфозамі ва ўласным жыцці). Ён выслухаў мяне і нечакана пачаў лаяцца, ды неяк занадта злобна: “Вось! Хоць нейкай справай цяпер займаешся, гультай! А то – музыка, вытанчаная творчасць! Усіх бы вас у гэты лес... А наконт наступстваў ад пажараў, згодзен, трэба рабіць справаздачу. Трэба? Трэба! Толькі па-іншаму. Добра будзе, калі ты зразумееш. Але ж нарэшце мазгі твае крыху сталі варушыцца. Дык вось, справы такія – пажар быў? Быў. Мусіць быць нехта, хто ў гэтым пажары вінаваты. Так? Так. Твая задача знайсці гэтага чалавека. І не вылуплівай вочы! Ідзеш да свата, брата, суседа, ці да каго хочаш, і выкрываеш яго, як парушальніка закону. Бярэш дадзеныя яго пашпарту і афармляеш пратакол. Як ты з ім дамовішся, гэта твае праблемы. Страх невялікі – разы тры-чатыры выклікаюць яго ў пракуратуру і дадуць штраф. Штраф заплоціш сам – хочаш са сваёй кішэні, хочаш падзялі на ўсіх сваіх падначаленых, леснікоў, рабочых ды іншых. Адным словам, гэта цалкам твая справа. Ты ж узяўся ахоўваць лес? – тут “мэр” раптоўна хітра мне падміргнуў, неяк нядобра ашчэрыўся і засмяяўся. – Дык вось, гэта твая першачарговая задача! Але да цябе ёсць яшчэ пытанні. Заўтра мой кабінет наведае адна важная асоба. Яму трэба прыгатаваць мёду, літраў сорак. Дзічыны таксама падрыхтаваць – лася, дзіка ці касулю. Няважна, што сезон палявання закрыты! Думай лепей, як вырашыць пастаўленую задачу. Але і гэта яшчэ не ўсё. Гэтаму паважанаму чалавеку трэба завезці на дачу пару лесавозаў дроваў. Потым, зразумела, іх парэзаць і пакалоць. І ў гэты ж дзень адправіць для яго на мэблевую фабрыку машыну брусу і машыну дошак. Толькі адборных. Разумееш мяне? Найвышэйшай якасці!.. Усё, свабодны! Выконвай сваю нялёгкую справу сумленна!..”
Ён зарагатаў за маёй спіной, падпіхваючы ў плечы ў накірунку да дзвярэй. Я выйшаў з высокай установы, а ў вушах у мяне стаяў той здзеклівы смех.
“Не можа быць! – я разгублена спыніўся, не заўважаючы, што пачынаецца дождж. Ён што, нічога не разумее? Такое немагчыма сабе ўявіць! Можа ён нічога не памятае? Гэтым яшчэ можна было б патлумачыць тое, што адбывалася. Але ж гэтыя падміргванні і намёкі? Ці проста падалося? Нічога не разумею. Не можа нармальны чалавек так ставіцца да таго, хто яго ўратаваў, і дзякуючы каму, ён працягвае жыць, як і жыў раней...”
Неабходна было неяк выходзіць са становішча. Па логіцы трэба было выконваць загад. Калі “ўпрогся”, цяні лямку і далей. Гэта значыць, узяўшыся ратаваць ахвяру начнога лесу, рабі сваю нялёгкую справу, чаго б гэта ні каштавала. Здаецца, так ён сказаў? Але ж кошт за кожны крок у гэтым напрамку становіцца ўсё даражэйшым. Я ў роспачы пайшоў у накірунку да дому свайго кума, па дарозе зайшоў у краму і купіў вялікую бутэльку піва.
Калі мы, услед за маёй, “прыгаварылі” і кумаву бутэльку (што ён незаўважна ад жонкі дастаў з халадзільніка), кум нарэшце згадзіўся быць “парушальнікам закону”. “Добра, – сказаў ён, – калі ты заплоціш за мяне той штраф, так і быць, будзем ратаваць...”
Зраніцы гула галава, але ж давялося ехаць да пчалаводаў, каб пасля іх паспець да егераў, а потым яшчэ і на тартак. У той дзень з усіх бакоў я чуў толькі лаянку.
“Колькі будзе працягвацца гэтая “абдзіралаўка”? – крычалі пчалаводы. Я бялеў і чырванеў кажучы “Вы ж зразумейце, гэта ж на выратаванне...”
“Вы што, зусім там звар’яцелі? Можа хопіць ужо жывіцца на халяву? Яна ж не вечная!” – грозна грымелі егеры. “Дапамажыце, хлопцы, – маліў я, – выратуем чалавека!..”
“Дзе ж вам узяць столькі няўлічанага лесу, каб зрабіць такі “невялічкі падаруначак”? – ваўком глядзеў начальнік піларамы. “Прабачце, – апускаў я да долу вочы, – але ж на нашым сумленньні застанецца смерць чалавека...”
Як, у рэшце рэшт, скончыліся гэтыя сумныя прыгоды, я не даведаўся. З прычыны крыху нечаканай, як і ўсё, што тычыцца гэтай дзіўнай гісторыі. Мне падалося, што тэлефон той раніцай зазваніў занадта рана. Яшчэ не прачнуўшыся, я падхапіўся ў пошуках свайго камуфляжнага адзення. Схапіў трубку і, як заўсёды ў апошні час, закрычаў “Алё!” На тым канцы провада знаёмы голас здзіўлена спытаўся: “Слухай, ты чаго крычыш? Спужаўся, ці што? Спадзяюся, ты не забыўся пра вячэрні канцэрт сумесна з “Крамай”?..” Не паверыўшы таму, што пачуў, я апрануў джынсы і касуху, замест камуфляжа, якога нідзе не было відаць. Выйшаў у калідор – ніякай бензапілы не было, як і слядоў яе колішняй прысутнасці. Валяўся толькі стары футарал ад гітары. Я выбег на вуліцу і паспяшаўся да цэнтральнай плошчы. Усё было, як заўсёды. Гэтаксама, як і ўчора, калі я ішоў пасля працы дадому. Толькі пасля якой працы? Здаецца, гэта ўсё ж такі быў наш канцэрт. Ух! Прыліў неўтаймаванай радасці ахапіў мяне! Значыць, нічога са мной не здарылася?! Ніякіх дзіўных пераўвасабленняў? Проста я моцна стаміўся, і мне сапраўды прысніўся жудасны сон! Але ўсё становіцца на свае месцы! Як добра адчуваць сябе адпачыўшым чалавекам!
Раптам я ўбачыў свайго кума. Ён ішоў крыху ззаду сваёй жонкі, якая ўпэўнена крочыла праз пешаходны пераход. “Як і заўсёды!” – з радасцю ўсміхнуўся я, і толькі хацеў накіравацца да іх, каб павітацца, як кум, заўважыўшы мяне раней за жонку, з-за яе спіны стаў рабіць нейкія знакі, нагадваўшыя вайсковыя “Лажыся!”, “Маскіруйся!”, а мо, нават і больш выразныя і нечаканыя – “Знікні!”, “Растварыся!” Жонка, адчула за спіной рухі, павярнула галаву і ўбачыла мяне. Мне падалося, што вочы яе нядобра прымружыліся. Кум толькі ўціскаў галаву ў плечы і разводзіў рукамі. Нічога не зразумеўшы, я паглядзеў ім услед і ўнутры пахаладзела, калі ўбачыў, што яны накіраваліся да будынку пракуратуры.
Першым жаданнем было пайсці за імі, але маю ўвагу прыцягнуў дзіўна знаёмы “Уазік” з зялёнай паласой на баку і надпісам “Лясная ахова”, што стаяў адразу за скрыжаваннем. Павольна праходзячы міма, я раптам убачыў за заднім колам невялікую лужыцу цёмна-чырвонага колеру. З днішча машыны ў лужыну падалі кропелькі крыві. Я ўзняў галаву, і мне здалося, што за шклом маленькага задняга вакенца тырчалі дзве рулі паляўнічай стрэльбы.
Паскорыўшы рух, я выпадкова паглядзеў у бок дворыка перад гаражамі за будынкам адміністрацыі. Знаёмыя пчалаводы перагружалі вядзерцы з мёдам са свайго дапатопнага “Масквіча” ў бліскучы аграмадны “Мэрс”.
Я не заўважыў, як у хуткім часе апынуўся на пешаходным пераходзе. Мяне вярнуў да рэальнасьці такі моцны аўтамабільны сігнал, што я вымушаны быў адскочыць назад на тратуар. Два лесавозы правезлі міма тоўстыя чатырохмятровыя бярвёны нераспілаваных бярозавых дроваў.
Толькі я памкнуўся зноў сысці на пешаходную дарожку, як зноў давялося спыніцца – услед за лесавозамі праляцелі два грузавікі, загружаныя дошкамі і брусамі. “Сёння ж субота, здаецца, непрацоўны дзень... Адкуль іх прынесла?”
Я нарэшце перайшоў вуліцу. Адчуваў сябе вельмі разгубленым і стомленым. Паспрабаваў сабрацца і падумаў “А раптам?!” Намагаючыся адразу не глядзець, як быццам спрабуючы матэрыялізаваць зніклую рэч, нарэшце павярнуў галаву. Вялізнага і магутнага дуба, што калісьці ўпрыгожваў цэнтральную вуліцу не было на звыклым месцы. Не было ценю ад некалі прыгожай кроны і цяпер сонца пякло ў пліты тратуара. На месцы спілаванага на першамай дрэва стаяла сметніца.
Стала неяк не па сабе. Сапраўднага сімвала моцы тутэйшых людзей так не хапала. Можа не выпадкова апынулася тут і гэтая сметніца, якая з’яўляецца адмысловай прыкметай? Толькі чаго? Сённяшняга часу? Чыіхсці сённяшніх дзеянняў? Адносінаў да нашай гісторыі, да месца, дзе мы жывём? Нарэшце гэтая ганебная сметніца можа быць сімвалізуе адносіны да нас саміх, тых, хто жыве на сваёй зямлі? Выходзіла, што ў тую ноч, калі знішчылі дуб, не здарылася нічога незвычайнага і неверагоднага. Проста адбылася падмена сімвалаў.
...Я нарэшце зразумеў, што тэлефон звоніць ужо даволі даўно. Асцярожна зняў трубку і моўчкі паднёс да вуха. На другім канцы пачаў “алёкаць” добра знаёмы голас. Калі я нарэшце адказаў, падалося, што мой таварыш чакаў прыкладна з год, каб падзяліцца сваімі неверагодна моцнымі эмоцыямі:
– Алё! Ты ведаеш апошнія навіны? Алё! Ты дзе?!
– Тут я, тут...
– Дык вось! Апрытомеў! Адкачалі яго ўсё ж такі!
– Каго адкачалі?.. – нічога не разумеючы, спытаўся я.
Голас на другім канцы провада абурана замаўчаў, а праз некалькі секундаў на мяне абрынулася проста эмацыйная лавіна:
– Як каго?! Ты што, увогуле нічога не ведаеш?! Ды гэта ж навіна нумар адзін! Ну ты артыст! Такое прапусціць! Усё мястэчка, як вулей гудзіць, а ён нічога не ведае!..
– Ды скажы ты нармальна, што здарылася? – нарэшце не вытрымаў я.
– Учора ўвечары ў бальніцу прывезлі мэра нашага! Яны нешта адзначалі “на прыродзе”. Выпілі шмат. Ніхто і не заўважыў, што мэр знік з кампаніі. Выпадкова ў той жа момант, нейкі важны госць пайшоў “па-маленькаму”. На дубе, пад які гэты госць накіраваўся, ужо гойдаўся на вяроўцы мэр. Ці ён перапіў, ці нешта іншае з ім здарылася – не ведаю! Накінуў сабе пятлю на шыю і на дуб! Але можа быць дрэнна завязаў вяроўку, альбо за тонкую галіну зачапіў, толькі больш чым з двухмятровай вышыні і зваліўся на шаноўнага госця! Той зароў на ўвесь лес так, што кампанія ў момант працверазела і прыбегла на ягоны крык. Госць стаяў пад вялікім дубам у мокрых штанах, а побач на каранях ляжаў непрытомны мэр. Дык вось адкачалі яго! Кажуць, што будуць замяняць! Алё, ты чуеш?!
– Так, так, – разгублена адказаў я, – але, ведаеш, я напэўна моцна стаміўся ад гэтых усіх заменаў, падменаў...
– Ты пра што? Да цябе гэтыя замены якое дачыненне маюць?
– Паслухай, прабач, калі ласка. Дзякуй за званок, але я табе пазней ператэлефаную...
Пра навіну, якая сапраўды магла вельмі зацікавіць мяне, мой сябра чамусьці нічога не сказаў. Сёння ноччу нейкія невядомыя людзі зашпурнулі далёка ў кусты сметніцу, а на месца спілаванага дуба, што рос у цэнтры нашага мястэчка, палажылі кветкі...

Праз расчыненае ў вялікі сад вакно свежае ранішняе паветра напаўняла пакой. Пяшчотна шапацела лісцё на дрэвах, недзе ўверсе вялікія і маленькія галінкі рухаліся ўзад-уперад і ўверх-уніз адпаведна толькі ім вядомым мэтам, а дужыя ствалы пакрэхтвалі і моцна трымаліся за зямлю. Я ўзгад­ваў усе неверагодныя падмены і нечаканыя замены, з якімі сутыкнуўся за апошні час, і адчуваў, што ўсё, што адбывалася вакол раней, нейкім чынам звязана з гукамі, якія чутны цяпер. Адчуваў і аднекуль ведаў, што гэтыя гукі могуць выклікаць сапраўдныя перамены. Не тыя перамены, што меў на ўвазе мой тэлефонны суразмоўца, і якія тычацца жыцця свецкіх асобаў, іхняга ладу жыцця ды светапогляду. А перамены ў загадкавай і недасяжнай для асэнсавання сферы, што завецца душой. Можа гэта якраз той выпадак, калі кладуць кветкі ў памяць аб загінулым дрэве?..
Вецер задзьмуў мацней, упалі першыя кроплі дажджу. Здавалася, што ў маўклівых жыхароў саду – вялікіх і малых дрэваў, разнастайных кустоў, звычайных і незвычайных траваў – таксама ёсць сваё асабістае жыццё. І на перамену ў гэтым жыцці яны тут жа адрэагавалі: мацней зашумела лісцё, пахаваліся прыгожыя кветкі, гучней зарыпелі моцныя ствалы...