12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімір Някляеў

_____________________
Турма.
Паэма


1
Цяпер, калі ты не са мной,
Не на плячы маім, не побач,
З турмой я засынаю ў поўнач
І прачынаюся з турмой.

З турмы ў турму пішу лісты:
«Каханая мая! Святая!..»
І што не прачытала ты —
Турма ўначы са мной чытае.

Збірае ўсе да аднаго
Мае маленні, таямніцы,
І тое сніць са мной, чаго
Табе ніколі не прысніцца.

Я цалаваўся з ёю ў сне,
Яна ў маіх абдымках спала!
«Ты закахаешся ў мяне!» —
Турма мне горача шаптала.

І не было такога сна,
Каб у якой нары ваўчынай
Табой не снілася яна
І не была маёй жанчынай.

У пошуках уцех начных
Яна мяне ва ўсіх эпохах
Цягала тайна па сваіх
Скляпеннях,
сутарэннях,
лёхах.

І ўсё, што бачылі яны,
І ўсё, што чулі сярод ночы,
Турма ў мае ўплятала сны,
Якімі засціла мне вочы.

І голасам тваім турма,
Душу мне змучыўшы да болю,
Шаптала, што пішу дарма
Лісты
з няволі
у няволю.

2
Каханая! Цябе адну
Кахаю!.. А турма змяёю
Шыпіць, вяртаючы са сну,
Дзе зноў табе я здрадзіў з ёю.

Ва ўсім падманка і падменка,
Яна спяшала ў сон: «Хутчэй!..»

І падала
твая сукенка
З яе аголеных плячэй.

Каб мне
табой
да ранку сніцца,
Яна пярсцёнак залаты
І залатыя завушніцы
Здымала, як здымаеш ты.

І кожны жэст — як твой, адзіны,
І кожны рух яе такі,
Як плаўны, лёгкі, лебядзіны,
Лятучы ўзмах тваёй рукі.

3
У скуры шоўкавай тваёй
Яна была! Былі на ёй
Твае пагорачкі і лункі,
І я падманваўся змяёй,
Адказваў ёй на пацалункі!

Яна, як выціскала дух,
Пятлёю абвівала цела,
І не адна — з табою ўдзвюх
Маёй каханкай быць хацела.

І блытаў я, не разбіраў
Яе, твае клубы і губы,
І чуючы твой голас любы,
Ад асалоды паміраў.

Я ў гэтай прорве асалоды
Нідзе не даставаў да дна,
І прагнучы яшчэ свабоды,
Стаў забываць:
нашто яна?

4
Мне ад Турмы ў турме нідзе
Няма ні сховы, ні збавення,
Паўсюль знаходзіць — і вядзе
У склепы,
лёхі,
сутарэнні.

У сутарэннях — цэлы свет:
Героі... здраднікі... сексоты...
Яны мяне пыталі: «Хто ты?»
Турма адказвала: «Паэт».

«Сексот ён,
здраднік,
ці герой? —
Пыталі здані. — Наш ён? Твой?..
А што паэт, дык нам не дзіва!»
Турма казала: «Ён са мной», —
І здані ўкленчвалі пачціва.

«Ты маніш!» — я крычаў. «Маню? —
Турма пытала. — Не мяне ты
Хіба кахаеш?.. Ах, паэты!..» —
Яна ўздыхала, і шкілеты
Ківалі, доўжылі гульню.

Іх тысячы, мільёны іх
У павуцінні, пыле, цвілі,
І ў іх патыліцах — ва ўсіх! —
Чарнелі дзіры.
Іх забілі.

«За што, Турма?..»
«Ты не ў мяне
Пытайся, а ў суддзі ці ў ката...»
І здані ўсе крычалі: «Не!
Турма ні ў чым не вінавата!»

Яны сцялілі нам кілім,
На ім, не знаючы спатолі,
Кахаўся я з Турмой і Воляй,
І ўжо не помніў:
дзе я?.. з кім?

І ўсё было мне шалу мала,
І ў шале тым у міг любві
Турма ці Воля прашаптала:
«Адна з нас лішняя. Забі!»

5
Ах, Воля, Воля! Вольга, Вольга!
Як мала я цябе люляў,
Як я кахаў цябе нядоўга —
Адно жыццё ўсяго кахаў!

Як мала мела ты дарункаў
І нават абяцанкаў іх,
Як мала ласкаў, пацалункаў,
Абдымкаў дзённых і начных!

І слоў,
якіх магла ты болей
Пачуць!.. Чаму ж не рассыпаў
Я іх пярлінамі прад Воляй,
Як на пярыне з ёю спаў?

Чаму яны цяпер, на нарах
Згадаліся, калі няма
Каму сказаць іх!..
І ў кашмарах
Начных
іх слухае
турма.

6
Як позна!..
Божа, як шкадую!
Які на волі вецер дзьме!..
Цяпер, што хочаш, падарую
З таго,
што маю
у турме.

Лісток паперы... Скрыдлік мыла...
І нітачку... Каб ты на ёй
Той крыжык на грудзях насіла,
Які зацалаваны мной.

Каб стаўшы перад абразамі,
Ці Бога ўбачыўшы ў акне,
Ты ўспамінала ўсё, што з намі
Было і не, было і не...

7
А што было?
Чаго не стала?
Калі ўсяго было ў нас мала,
Дык што мы страцілі з табой?..

Нічога. Толькі ранак той
У тую тайную нядзелю,
Калі, прачнуўшыся, глядзелі
Я на цябе — ты на мяне...

Ну, што яшчэ?.. У тым акне,
У тых нябёсах зоркі тыя,
Дзве залатыя вартавыя
Той тайнай ночы, у якой
Ты ўпершыню на дотык мой
Заплюшчыла салодка вочы...

Каб нават Бог, апроч той ночы,
Нябёс, дзе зоркі запаліў,
Не даў нам болей анічога,
Дык анічога больш у Бога
Я б не прасіў і не маліў...

А ў нас яшчэ той ранак быў.

8
Ах, Воля, Воля! Яска, Яска!
У снах маіх струменіць ласка
Твая — між пальцамі ручай...
Прачнуся:
Ноч.
Турма.
Адчай.

І чую: «Ты не прыручай
Турму — яна цябе прыручыць!
Спачатку прадаваць навучыць,
А потым забіваць!..»
Не ты
Казала гэта, з пустаты
Быў голас, з дальніх сутарэнняў,
Дзе я блукаў між зданяў, ценяў,
Ужо прыручаны Турмой,
Якая зданям: «Ён са мной», —
Кідала, і яны кілім
Сцялілі мне, Турме і Волі...

«З Турмой ты можаш быць нікім,
Ты з ёй... ты ў ёй... таго даволі, —
Той голас доўжыў. — Век ад веку
Турма найперш у чалавеку
Ламае не хрыбет, а дух».

Я адчуваў: цяпер мы ўдвух...

«Так, — ён казаў, — я ў той праклятай
Каменнай камеры дзявятай
На верхніх нарах, як і ты,
Гібеў... Я рваўся з нематы
З той моваю, што даў нам Бог,
Што не жыве ў нас, а начуе,
І я не вырваўся, не змог!
Ты зможаш, калі Бог пачуе,
Як знойдзеш,
што сказаць Яму...»

9
Тайком, на вуха, аднаму
Я ўсё сказаў Яму... Ці мала,
Раз голас той, бы ў сэрцы джала,
Не вырваць — што з ім ні рабі?
Раз Воля ці Турма сказала:
«Адна з нас лішняя. Забі!»

Каго?..
Ні мне, ні ветру ў полі
Няведама —
не знаем мы:
Навошта нам турма без волі?
Навошта воля без турмы?

Бо ёсць адно — як ёсць другое,
Як дым з агнём,
агонь з вадою,
Які шалее без вады,
Як толькі тое дарагое,
Што страчанае назаўжды.

Як тая ноч... той ранак... дотык...
Як Бога шэпт на вуха ўпотай...

Як голас, у якога: «Хто ты?» —
Пытаюся, а мне ў адказ
Ручай між пальцамі — і праз
Глухія сцены чую глуха
Не шэпты Бога мне на вуха,
А стогны з дальніх, цёмных лёхаў,
З усіх вякоў, з усіх эпохаў,
І плач, і енк,
і крык нямы
З абдымкаў волі і турмы!

10
Турма ў турме — і воля ў ёй.
Усе за кратамі ў краіне,
Дзе дух крывіцкі нема гіне,
Разняты з моваю сваёй.

Ён тут. Загнаны ў самы дальні
І цесны лёх, у змрочны кут,
Ён тут са мной у катавальні,
Са мной на допытах ён тут.

І калі кат мяне катуе,
І боль дратуе нажавы,
Крывіцкі дух мяне ратуе,
Хоць сам ад болю ледзь жывы.

Як ён Турме не даспадобы!
Яна каля яго заўжды
У чорным, нібы ў дзень жалобы,
Бурносе, нібы ў халады.

Змушае жыць каля парашы
На крапіве і лебядзе,
Не дакладзе паўмісы кашы,
На лусту хлеба абкрадзе.

Найлютаму аддасць канвою,
Каб той зламаў,
скруціў у рог!..

Ён дух... ён вольны... ён з Турмою,
Са мною б развітацца мог.

Але ў падменным і падманным,
Кайданным і закратаваным
Турэмным свеце, у лайне
Мой дух з хрыбтом пераламаным
Не пакідае ўсё ж мяне!

Ён сам абраў такую долю:
Цягнуць мяне з ярма, з дзярма, —
І ненавідзіць больш, чым Волю,
Яго
раўнівая Турма.

11
Ах, Воля, Воля! Доля, Доля!
Ты ёсць — і гэтага даволі.
Няхай турма,
няхай адчай,
Усё — між пальцамі ручай...

«Не прыручай, не прыручай,
Як кошку, волю, — чую голас. —
Няхай спазнае холад, голад,
Як рысь,
што выгнана з нары,
У высь
узвые на гары,
Напоўніцца той сілай дзікай,
Што смерчы круціць і віры —
Тады яе ў кулак збяры
І бі, як дзідаю, як пікай,
У чалавечым гушчары,
Крыві не баючыся! Тая
Кроў вольная, яна — святая,
Як на Галгофе, на крыжы...

Вось дзіда.
Бі.
І не дрыжы.
Адна з іх лішняя...»

Якая?..

12
І ўдарыў я! І кроў густая
Лінула з дзіды, з вастрыя!
Чыя?..
Тут здані! Тут пустая
Турма ў турме!.. «Яшчэ тут я...» —
На вастрыі змяя шыпела,
Круцілася, нібы кіпела,
Спаўзала з дзіды на кілім,
І чуў я на кіліме тым:
«З Турмой ты можаш быць нікім,
А з Воляй быць героем трэба,

Чапляцца, нібы дым, за неба,
І таяць, нібы ў небе дым,
Дзе так бязмежна, так трывожна,
Дзе свет драпежны, свет варожы,
А тут ты ў цёплай агарожы,
У чэраве маім... »

Чыім?..

13
«Чыім? Чыім? Чыім?» —
Пытае верабейка ранкам
За кратамі.

— Ты быў каханкам
Турмы і волі, — кажа зноў
Той голас. — Ты прайшоў праз кроў.
Забіў. Ты выбраў паміж раем
І пеклам...
— Што?
— Мы выбіраем
Не волю ці турму. Любоў,
Або нянавісць — вось наш выбар.
— Тады чыё я сэрца вырваў?
З кім біўся я?.. Каго забіў?!
— Ты ўсіх забіў, каго любіў,
Бо меў да іх любоў сляпую,
Якую ты, як дзіду тую
Кідаў — а раптам пападзе!
І дзе твае каханкі? Дзе
Твае сябры? І дзе краіна
Якую слепа ты любіў?
І дзе народ, які ў ёй быў,
Які, як зваць яго, забыўся?..

Збылося ўсё, а ён не збыўся!
І ўжо не збудзецца...
— Чаму?
— Бо любіць волю, як турму!

14
О, Божа! Толькі аднаму
Табе
магу сказаць такое!
Народу — нельга! Ён — святое!
Яго нічым не зачапі!..

— Як хочаш піць — бяры і пі,
Іначай смагу не спатоліш, —
Той голас доўжыў. — Так і з воляй!
Як хочаш волі, дык бяры
Яе аберуч! І памры,
Але трымай яе аберуч!
Хай рыкае драпежным зверам,
Рве жылы, пырскае крывёй —
Пі кроў яе! Яна тваёй
Крывёю стане! І ніколі
Ты ўжо не зможаш
жыць без волі!..

15
І піў, не знаючы спатолі,
Я кроў тваю! Кіпела ў ёй
Каханне, пырскала крывёй,
Сцякала па грудзях, якія
Я цалаваў, і па клубах,
Якія абдымаў, і ў пах
Струменіла з клубоў, і тыя,
Акругла-пругкія, літыя,
Як рыбы, то нырца давалі
Да дна жыцця, то, як дзве хвалі,
У вышыню ўздымалі, дзе
Няспраўджанае ў чарадзе
Чакае спраўджання, дзе вечны
Шлях семені, што ў небе Млечны,
А ў нетрах вулканічны шлях:
Шлях лавы, магмы, плазмы…
«Ах!..» —
Ва ўлонне!.. і глыбей!.. і болей!..
Каб Воля нарадзіла Волю!..
З крыві і болю!.. тут!.. пры мне!..

16
«Турма народзіцца ў турме!» —
Пачуў я голас, у абдымку
З Турмой прачнуўшыся…

— Дзяўчынку
Ты ад мяне хацеў бы мець, —
Турма натолена спытала, —
Каб Воляй я дачку назвала,
Спялюшкала яе — і ў клець?..

17
Ах, воля, воля! Што хацець,
Апроч цябе?.. Дальбог, нічога!
Калі ты не са мной — дарога
Ёсць да цябе, якой іду.

Я не люблю цябе:
ваду
не любяць —
проста п’юць, бо смага.

«Хіба табе са мною блага? —
Пытала голасам тваім
Турма. — Глядзі, які кілім
У нас для ўцехі… Я ж казала:
Ты закахаешся ў мяне…»
«Не!..»
«Ціха… Ціха… Праміне
Усё… На свеце ўсё мінае,
Апроч кахання, а кахае
Цябе адна Турма, яна
Адна заўжды цябе чакае
І верная табе адна
Яна… Ідзі ў яе… Ідзі…»

І да ўсявышняга суддзі
Ўзмаліў я: «Не судзі!» — і з лёхаў
Рвануўся крык з усіх эпохаў
Насустрач воклічу майму:
«Мы любім волю, як турму!
І ненавідзім так, як любім!..»

18
— Вунь здані... Гэта ўчора — людзі,
Што сёння ценямі снуюць, —
Казаў мне голас. — Кружаць роем
Сексоты,
здраднікі,
героі...
Якія ў іх блукаюць мроі,
Якія жарсці ў іх жывуць?
У тым?.. У гэтым?..
Гэй, шкілет,
Ты хто?..
— Паэт.
— За што ж забілі
Цябе?..
— За тое, што паэт.
За тое, што мяне любілі.
— Любілі?
— Так.
— А хто любіў?
— Усе. І тыя, хто забіў.
Яны ў турме мне волю далі.
Турма і Воля абдымалі
Мяне — і клалі на кілім,
Шапталі на кіліме тым:
«З Турмой ты можаш быць нікім,
А з Воляй быць героем трэба,
Чапляцца, нібы дым, за неба,
І таяць, нібы ў небе дым...»

— Я гэта чуў!.. Даволі! Досыць!
— Маўчу, маўчу... Калі так просяць,
Дык калі ласка... Але дзіва:
Я здань,
я прывід столькі год,
А сёння мне чамусьці дзідай
Прабілі сэрца навылёт!
І кроў лінула… з пылу… з цвілі...
Жывая... Хоць мяне забілі
Даўно…

— А хто цябе забіў?
— Мой брат, які мяне любіў.
Турэмны кат.
— Ты быў каханкам
Турмы і Волі?
— Так... І ранкам
Яны прыйшлі і павялі...
— Куды?
— Да ката...

19
— На зямлі,
На волі і ў турме дарога
Адна, — той голас доўжыў строга. —
У іх абдымках ты самога
Сябе не знойдзеш, будзеш тым,
Хто выбраў нары ці кілім...

Калі ты чуеш шэпты Бога,
Будзь з Ім — і болей ані з кім!

20
«Ты будзь маім, маім, маім,
Са мной, адзінаю, адзіным...» —
Шыпела голасам змяіным
Турма...
Дык не яна на дзідзе
Круцілася?!.
«Хай Воля прыйдзе!» —
Я крыкнуў…
І ўсю ноч Турма
Шаптала мне: «Яе няма...
Яе ніколі ўжо не будзе,
Бо ты прабіў ёй дзідай грудзі
І вырваў сэрца, выпіў кроў...
Цяпер ты вольны... Рык звяроў,
Крык птушак гэткі самы вольны,
Як ты, як дух твой неспатольны,
Што прагне волі зноў і зноў...»

21
«Праз волю я згубіў любоў?
Праз волю загубіў паэта?..»

«І не шкадуй, згубіўшы гэта
І ўсё, што згубіш, — доўжыў дух. —
Ніякіх страт, ніякіх скрух
Не бойся! Бо нічога болей,
Чым кроў, пралітая за волю,
Няма чысцей,
няма свяцей.
І кроў старых, і кроў дзяцей,
І кроў каханых волі варта!..»

22
Нябесны Ойча! Як я ўпарта
Рабіў усё, што мог зрабіць,
Каб страціць волю! Не здабыць,
А страціць!.. Як так выйшла, Ойча?..
Са мной?.. З усімі?.. Ты аднойчы
Даў волю ўсім нам! Без крыві!
Праз ласку Боскую!.. «Жыві, —
Сказаў Ты ёй, — у гэтым людзе,
Бо без цябе яго не будзе,
Бо без цябе ён прападзе!..»
Мы прападаем, Ойча!.. Дзе
Воля?!.
Як?.. Чаму згубілі
Яе мы, Ойча?..

23
— Не любілі,
Таму згубілі, — мовіў дух. —
Затое кожны свой катух
Займеў... Хай цесны, але з кашай
Прасянай... З нарамі, парашай:
Паеў, паспаў… Вунь і кілім
Пасцелены… Турма на ім
Гуляе ў волю, непрыкрыта
То з гэтым цешыцца, то з тым...
Народ прасеяўся праз сіта:
Пустое ўсё ва ўсім пустым.
Няўтульна з воляй вам. Не сыта.
А дзе вам сыта? Ля карыта.
А дзе карыта? Там, дзе хлеў.

24
І з дальніх лёхаў даляцеў
Задушны стогн, жалобны спеў
Усіх
загнаных у скляпенні,
Тых,
хто пракляты ў пакаленнях
Праклёнам даўніны сівой:
«Бадай бы вам цягаць каменні
На дом чужы, а не на свой!»

25
Нябесны Ойча! Той праклён
На ўсе вякі? Такі наш кон:
Згубіць сваё і жыць з чужога?..
Такі наш лёс
па волі Бога?

Дом,
што не воляю сваёй
Пастаўлены,
стае турмой!

Турма — не сцены.
Для турмы
Не камяні сабраны. Мы.

Мы — краты і ключы астрога.

Без волі Бога быць нічога
Не можа! Волас не ўпадзе
Без волі Бога!..

На Судзе
Ахвяры злічаць, згубы, страты,
Спытаюць: «Хто ў тым вінаваты?..»
Ніхто, ніхто! Турма і каты
Не вінаваты!
Доля… Крыж...

Турмой і Воляю
паміж
Ударыў я! Паміж вякамі,
Што выціскалі волю з нас,
З якіх крывёю ліўся час
І глінай застываў, пяскамі,
Ставаў балотамі, а намі —
Ніяк,
ніяк,
ніяк,
ніяк!..

І з прорвы часу быў мне знак:
Вякі рассунуліся, як
У парадзіхі дол — і ў доле
Я ўбачыў немаўлятка:
Волю!

26
«Мой Ойча! Што рабіць мне з ёй?..»

«Прыняць! Яна з тваёй крывёй!
Гадуй яе! Перахварэй
На ўсе хваробы... З ёй дурэй,
З ёй весяліся, плач... Няхай
Яна палюбіць гэты край,
Ці ўзненавідзіць, як спазнае,
Што тут салодкі вінаград,
Дзе ні садзі — не выспявае,
Тут застаецца братам
брат,
Які ў патыліцу страляе!

Няхай ці добраю, ці злой
Яна ўзрасце, але сваёй
Узгадаваная зямлёй,
Не дзічкай на пустэльнай выспе,
Не рыссю, кінутай у клець,
Якую ты ў вязніцы высніў!..

І воля ў часе мусіць выспець —
І вы для волі ў час саспець.

Прымі яе. Гадуй. Спялі.
Няхай расце. Няхай мужае.
Зямля і воля на зямлі —
Або свая, або чужая».

27
Сцяна між намі межавая —
Турэмная сцяна. Ах, Яска!
Даруй, даруй мне, калі ласка,
Сцяну! Вы, камяні ў сцяне,
Даруйце мне, даруйце мне!

Вы ў садзе камянёў маглі
Ляжаць — ды воля на зямлі
Альбо свая, альбо чужая!..
Яна ў вязніцы выжывае
У гэтым краі страт і скрух,
Але расце, але мужае,
І разам з ёй мужае дух,
Якому толькі воля трэба —
Нічога болей!..

Гэты дым,
Які чапляецца за неба
І растае высока ў ім…

25-31. 12. 2010,
унутраная турма КДБ.