12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марыя Новікава

_____________________
Бывай, бывай, мой Год Стары…
Вершы


НЯ ДАЙ ЗГАСІЦЬ НАДЗЕЮ

Калі ты ступіш у абшары ночы,
О, колькі болю на тваім шляху!
Ірына Дарафейчук
Ёсьць талент – жыць...
Марыя Баравік

Голас Бога:
— Мой чалавек, Мой скарб і боль Мой вечны,
Табе Я даў у спадчыну Зямлю.
Але, каб сьвет ня страціў чалавечнасьць,
Яшчэ й агеньчык Веры запалю.

Калі ты ступіш у абшары ночы,
Ён будзе грэць цябе сваім цяплом,
Каб ты з дарогі ісьціны ня збочыў,
Асьветліць шлях даверлівым сьвятлом.

Маё непаслухмянае стварэньне,
Каб сапраўды Маім адбіткам быў,
Я даў табе стваральнае імкненьне
І Таленту агеньчык запаліў.

Каб на шляху сваім бяды ня зьведаў,
Адрозьніць мог, што – добрае, што – зло,
Я дам душы тваёй жаданьне ведаў.
Так, дам табе Я Мудрасьці сьвятло.

Пытаешся, дзе шчасьце і багацьце?
Як жыць табе ў нядолі і журбе?
Вазьмі Надзею, каб сябе ня страціць.
І прыкладзецца іншае табе...

Адказ Чалавека:
— І я пайшоў няпростаю дарогай,
Пайшоў, не наракаючы на лёс,
І палымнелі ўсе дарункі Бога,
Лагодзіў вушы гэты хваласьпеў.
І я ня слухаў голасу сумленьня,
Бо славы і вядомасьці хацеў.

Я даслужыўся да вянкоў лаўровых...
Ды толькі ў той пагоні за хвалой
Сьвядома заглушыў я шчырасьць слова
І ў пустаслоўі страціў Талент свой.

Тры сьвечкі. Тры забітыя ахвяры
Майго бяздум’я і жыцьцёвых драм...
Даруўце мне, загубленыя мары,
Агонь душы, што затушыў я сам.

Стаю над цемрай, над бяздонным вірам.
Застаўся крок...
І тут успомніў я,
Што сьвечак усяго было чатыры...
І гэтая – апошняя мая.

Крычала ўсё: “Згасі яе! Спазьніўся
Ты пачынаць з бялюткага ліста!”
У цемры сэрца ціхі блік сьвяціўся.
Я ўпершыню агонь гасіць ня стаў.

У ночы сэрца блік сьвятла ніцее...
І голас з той далёкае пары
Мне падказаў імя яго: “Надзея...”
І ўсклікнуў я:
– Не памірай! Гары!!
Гары! Сьвяці!!! Адпрэчу ўсе сумневы!
Я болей не магу ХАЛОДНА ЖЫЦЬ!

І, як з нябёс магутная залева,
Слоў шчырых мора хлынула з душы.

І я адчуў забытае трымценьне
Пякучых думак і шчымлівых нот.
І зноў жывое полымя натхненьня
Маю душу прабіла навылёт.

Сказаў тады:
– Мінае прага славы,
Сьцірае час абрысы гарадоў.
Руйнуюцца палацы і дзяржавы,
Я іх сьвятло ў жыцьцёвы сьвет панёс.

І найярчэй мая гарэла Вера.
Дзіцячы позірк мой шукаў нябёс.
І ў храм былі адчыненыя дзьверы,
І быў на алтары жывы Хрыстос.

Ды час мяне прысьпешваў у даросласьць.
Агеньчык Веры мне нязручным стаў.
Забыўся я пра шчырасьць і пра ўзьнёсласьць
І ў спакушэньнях Веру занядбаў.

Згасіў агонь, каб воск дарма ня траціць:
Зацеплю зноў, калі надыйдзе час –
Бліжэй да Пасхі, ці пры іншым сьвяце...
І сьвечкін труп заторкнуў за абраз.

Згасіў агонь, што цепліўся так квола.
І больш ня браў таго я ў галаву:
Жывуць жа людзі без яе наўкола,
І я бяз Веры неяк пражыву...

Бяз Веры...
І на трон узьняў я Розум.
– Усё змагу, адолею, -- рашыў.
Ня ўбачыў я галоўную пагрозу:
Быў розум мой пазбаўлены душы.

І не было ў мяне абмежаваньня,
Маральнай меркі ў сэрцы не было.
І стаўся Розум сьвету пакараньнем,
Бо затаптаў я Мудрасьці сьвятло.

Дзе ж выйсьце?
Творчасьць! Талент – мой ратунак!
Я ў гэты вір нырнуў, бы ў акіян.
Я выпесьціў Твой, Госпадзе, дарунак,
Ды сам сябе ізноў завёў у зман.

Не шкадаваў ні высілкаў, ні часу.
Я адчуваў, як з кожным днём мацней
Так надзвычайна, зырка, зорна, ясна
Гарэла сьвечка Таленту ўва мне.

Казалі: “Шапкі – прэч, прад намі – геній!”
Ды вечныя Надзея і Любоў.

Мінае ўсё: багацьце, шанаваньне.
І я міну. І цэлы сьвет міне...
І гэта адкрыцьцё было сьвітаньнем
І адраджэньнем Мудрасьці ўва мне.

І я сказаў:
— Адкіну ўсе ваганьні,
Адкрыю сэрца словам я Тваім,
Твая Любоў ратуе ад зьмярканьня.
Мой Божа, назаві мяне “сваім”.

Пакліч мяне з глыбінь маёй цямнечы,
З маёй тугі, бязьвер’я і трывог.
Твая Любоў мае акрыліць плечы...
Пакліч мяне, пакліч мяне, мой Бог!

...І раптам думка зыркаю маланкай
Працяла адкрыцьцём мой думны дым:
Калі “Цябе шукаю я ад ранку...”
Якім жа, Госпадзе, я быў сьляпым!!!

Ты быў са мной ад першага імгненьня,
Ад нараджэньня неба і зямлі,
Ад першай думкі, ад майго зьяўленьня
Любоў і голас Твой ўва мне жылі!

Мне болш ня страшна. Бо калі настане
Мой крок апошні ў хвалю небыцьця,
Зазьзяе Бог над безданьню – сьвітаньнем
І зноў пакліча з цемры да жыцьця!

Голас Бога:
— Дзіця Маё, Мой клопат і натхненьне,
Адкрыў ты найважнейшае ў жыцьці:
Праз страты, горыч, праз усе цярпеньні
З Надзеяй непагаснаю ісьці.

Насі Яе ў душы, дзяліся Ёю,
Ня дай Яе нікому задушыць.
І памятай, што Я заўжды з табою,
Як і Надзея – лепшы ТАЛЕНТ ЖЫЦЬ!


* * *

X. Den
Глядзі, ужо рыхтуюць нам касьцёр:
Бяздушша, зайздрасьці цягаюць трэскі.
Якое аднадумства і зьліцьцё
Ў жаданьні, каб Любоў гарэла з трэскам!

Чадзяць, зьбіраюць плётак вугалі,
У вогнішча падпіхваюць гнілушкі.
Кіпяць і дзьмуцца... Прагнуць спапяліць...
І велічна грымяць у калатушкі.

Дарма!
Агонь ня рушыць чысьціні –
Згарае бруд і ападае прахам.
Любоў мацнейшай робіцца ў агні,
Бо ён зьядае ўсе аковы страху.

Ня ўладны ён над Верай і Жыцьцём,
І Праўдай той, што з болю прарастае.
І мы над гэтым дымам прарасьцём.
Нам абаронай – Ісьціна Сьвятая!


* * *

Я раскажу табе казку...
І. Дарафейчук

Я раскажу табе казку:
– Недзе ў далёкай краіне
Зоркі, што падаюць з неба,
Не паміраюць, ня гаснуць,
А прарастаюць у душах
Промнямі слоў незвычайных.

І ў той краіне шчасьлівай
Людзі ня носяць у сэрцах
Здраду, падман і няшчырасьць.
Людзі з даверлівых сьцежак
Шлюць прывітаньне да зораў.
І на іх покліч праменны
Зоркі зрываюцца з неба,
Каб на паперы звычайнай
Казкі і сны ажывалі,
Каб летуценьнікаў мары
Не рассыпаліся пылам,
А дыяментамі зорак
Тут на зямлі расьцвіталі.

Клічу цябе ў тую казку.
Каб пасялілася зорка
І ў тваім сэрцы.
Навечна.


* * *

Прыбраліся вуліцы ў ліхтары,
Дамы закрываюць вочы.
Зьнікаюць прыцішаныя двары
Да ранку ў абдымках ночы.

Іголкі вежаў,
Мастоў гарбы,
Пярсьцёнкі плошчаў...
Нікога...

Так, з дзённай выбаўлены журбы,
Сьніць горад сябе самога.


* * *

Сабраў валізку Год Стары,
Сівыя дні ўзваліў на плечы.
Хусьцінкай памяці закрыў
Увесь мурашнік чалавечы.

Яму застаўся крок адзін –
Апошні блік каляднай сьвечкі.
І Год разгублена глядзіць,
Нібы пытаецца аб нечым.

Бывай, бывай, мой Год Стары,
Бывай, дзядуля, назаўсёды.
Ідзі ў касьмічныя віры –
Ты стаў ужо мінулым годам.