12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Пацюпа

_____________________
Па бруку.
Вершы

1. Чаканьне

The name thee before me,
A knell to mine ear...
G.N.G.Byron.

Існую, нібы еду ў бясконцым агульным вагоне,
ці ў прамоклым абутку стаю між асеньняй мязгі.
Але ты недзе ёсьць! І тады падымаю я голаў!
Але ты недзе ёсьць! І няма ў маім сэрцы тугі.

І, здаецца, ліхтар на хвіліну дарогу праясьніў,
і ямчэй пасьпяшаю праз бледную завесь слаты.
Пацалунак, якога ня будзе, як скрадзены яблык,
з твайго саду, дзе столькі апала пладоў залатых.

Я ня бачыў цябе, і мяне ты ў натоўпе ня згледзіш,
не крануць мае вусны ні пальцаў, ні вузкай рукі.
Аніколі, нідзе, ні на якім вар’яцкім разьезьдзе
не стыкнуць нашы дні, нібы ў ночы глухой цягнікі.

Гэта ўсё, што маё. Вось дажджы мне запісваюць вершы,
вось прыносіць мне вецер твае залатыя лісты.
Не назваўшы імя, зноў цябе аклікаю і веру,
што ўсё роўна ты ёсьць. І твой голас, і ты.


2. Заспакаеньне

Стояше вся осенина дождева, от гжина дни
до корочюна.. озеро морози в нощь и
растьрза вhтръ.. и поломи мост до
городнh, отиноудь без знатбе занесе.
«Наўгародскі летапіс»

Такое дзіўнае надвор’е:
гарыць мароз, як востры нож,
аблокі, замкі і масты,
і зор вальфрамавыя шворні...
Крычу ў адрынутую ноч:
каханьне, я іду на ты!

А ты у моўкнасьці зімовай
хаваеш голас дарагі
і тонкай, смуглаю рукой
мае нястрыманыя словы —
назад у вуснаў берагі,
назад у вечнасьць і спакой.

Адно хварэць і піць гарбату
мне засталося. І маўчаць,
сачыць адлегласьці з акна
і ведаць, што ты ўсім багаты,
дзе небаў іншых не дастаць,
дзе доля ў кожнага адна.


3. Відзежа

Byla to mloda jeszcze ledwe z pod snegow
wychylaj№ca siк wiosna, pora
najstraszniejsza dla ubogich...
J.I.Kraszewski
Акрыўшыся ў сярэбранае футра,
зайшла ў пакой пляменьніца Хрыста,
прысела, і ад прывіднай парфумы
мой сон умомант зьвеяўся, растаў.

Цьвілі заўчора тут усе вазоны
на вокнах, а за шыбай, як адзін,
сядзелі сьнегуры, і неба звонам
ім грала за куртынаю гардзін.

Пра што мне тыя знакі гаварылі?
Чаму ў трывожным шчасьці бачу тут
смугу парфумы, ветраныя крылы
і вочы, што належалі Хрысту?

На нашыя крыжовыя дарогі,
у дом з гатычным лопнутым акном
ня йдуць ужо ні войны і ні торгі,
і зьвездары забылі гэты дом.

Наведала... Чаму ж я разгубіўся?
Спрабую дзеля ветласьці сказаць
што-колечы, зьбіраю ў кучу мысьлі,
а вочы ў твар насьмешліва глядзяць.


4. Начніцы

Es ist eine alte Geschichte...
H.Heine

Салатавыя ліхтары
падсьвечваюць таполяў кроны.
О сіні вечар, гавары
з’ імною голасам зялёным.

На новы лад перакажы
старую казку пра каханьне.
Хай зноў пачуюць кажаны
тваё раманскае паданьне.

Хай лёхі арфамі гучаць,
і ўсьлед трапечуцца руіны,
а цела бледнае мяча
нам адлюструе успаміны.

Над мройнай замкавай гарой
узыдуць сьпевы ночных птахаў,
зачынім дзьверы за сабой
і адштурхнем заслону страху.

Дзе сьняць таполі свае сны,
як карты, зблытаем стагоддзі
на лёгкім вогнішчы вясны
ў галінаў ломкай прахалодзе.

Агучым зноў стары сюжэт,
свае пакінуўшы імёны.
Так ападае з дрэваў цьвет,
а з целаў падаюць хітоны.

У электроннай цішыні,
дзе сокам вішні твае – песьні,
на хвілю сэрца зазьвініць,
і плод насычаны надтрэсьне.


5. Вар’яцтва

Я за ней... она бежала...
К.Н.Батюшков

Дзьверы ўздыхалі. Разьбяныя дзьверы.
Дзьверы знаёмых, казённыя ці
брама вар’яцтва. Мо’ райскія дзьверы?
Дзе за дзьвярыма Марыю знайсьці?

Вольты сінелі ўтрапёнага места,
цень мой імкнуўся па бруку туды,
дзе перад гэтым бегла нявеста:
сьнег красавіцкі захоўваў сьляды.

Марна, Марыя! Ня трэба выходзіць —
дыхаюць цэглы сьляпым туманом,
лепей згубіцца ў тутэйшым народзе,
лепей ня ўбачыць цябе за акном.
1996 г.