12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Юрась Пацюпа

_____________________
Тваё імя – на вуснах цішыня...
Вершы


* * *

Жнівень. Спёка. Памідорны рай.
Любая-каханая, бывай,
на рамонках болей не гадай.

Не для нас цвітуць цяпер рамонкі.
Можа, станеш ты каханай жонкай –
ну, а мне рабін даспеюць гронкі.

Маю я ў запасе сто дарог,
дзе расце абапал сіні мох,
дзе яшчэ ніхто прайсці не змог.

Паглядзі! Якія далячыні!
Вокны сярод ночы мы расчынім,
зэгар надакучлівы прыпынім…

Гэты кубак нас не абміне!
Хоць не знойдзем праўды ні ў віне,
ні ў да дна расчыненым акне.
13 жніўня 2010 г.


* * *

Сумны воран сядзіць, як вехаць.
Мо’ лянуецца ён прарочыць?
Ці заснуў у зімовай журбе?
Без цябе я не ўмею дыхаць,
без цябе я не ўмею бачыць…
Раскажы, як мне жыць без цябе?

Пра цябе мне і вецер шапоча,
і на снезе сініца піша,
і снягі маўчаць пра цябе.
Як жа сэрца ў адказ не заплача,
як жа свята не ўспомніцца наша,
калі жыць мне з табой без цябе?

Вось ідзеш па заснежаным краі –
так ніхто больш хадзіць не ўмее,
што не чуеш сама сябе.
Мне адному снег напявае –
ён з тваёю хадою ў сумоўі,
я ж аглух, але чую цябе.

Па-за снегам наслухваю вечнасць
і вясну нашу ў шэлесце крокаў,
а матыў, то гучней, то слабей…
Аж пакуль не зрабіўся ён вершам –
гэты верш не пісаў я, а плакаў
без цябе, без цябе, без цябе.
4 студзеня 2011 г.


* * *

Як Геракліт, закопаны ў гнаі,
дні пражываю марна без кахання –
я дом, дзе аніколі не жылі,
я бераг, куды чайка не прыстане,

я сфінксам, звераяшчарам брыду,
малю, хоць і адмоўчваецца неба,
пакутую – глядзяць, як на брыду,
люблю, але заўжды ў адказ: не трэба.

І гэты верш – паперка для цябе,
ніхто абгорткі ў доме не трымае –
іх восень разам з лісцямі зграбе,
зіма яшчэ надзейней захавае.

Для ружаў, для уцех табе вясной
мой боль, павер, найлепшы перагной.
7 студзеня 2011 г.


* * *

Ноч глядзіць мільярдамі воч,
як спадаюць сукенкі, карункі,
ты ступаеш у гэтую ноч
уладаркай маіх пацалункаў –

іх пагарда твая не астудзіць,
бо закружыцца галава,
і закружацца вусны і грудзі
і забудзеш калі цалаваў

з лёгкай драпінкай… (– Ціха, маўчы!)
і з радзімкай… (– Мо’ годзе трапацца!)
Рот замкну я замкоў на трынаццаць
і закіну у мора ключы,

бо памру, калі ўведае свет
таямніцу каханых прымет.
10 студзеня 2011 г.


* * *

А ў яе у кожным воку па лязу,
і у кожным скача дзіўны чалавечак,
а яшчэ знáйдзеш гарачую слязу,
ды глядзі ж ты, не паранься аб красу
і, глядзі, не затушы вясёлых свечак.

Бо ў мяне ляжыць за пазухаю нож,
а у сэрцы шмат пяшчоты ёсць і веры.
Толькі крыўдзіць паспрабуй яе! Ну што ж…
за душу тваю ніхто не дасць і грош,
як расплачацца сястра мая пантэра.

У сястры маёй такі чысцюткі смех,
што паблякла і цану згубіла срэбра,
з ёю святасцю заззяе кожны грэх,
памятáй, каб ад агню яе не збег,
бо штылет мой тады мецімеш пад рэбры.

Як туман наранку спбдзе на ваду
і як дума ўночы ляжа ёй на сэрца,
я пайду перамагу яе бяду
і тады на дно вачэй яе ўпаду,
каб хоць гэтак паяднацца з ёй па смерці.
13 студзеня 2011 г.


* * *

Там, дзе клёны чоламі спляліся,
там, дзе неба цвіце галубамі,
другі месяц ападае лісце –
яно помніць: нашае між намі!

Пацалункі долу абляцелі,
быццам лісце, ты іх не шкадуеш,
ты прасціну новую пасцелеш
і наўлечку зменіш на падушцы.

А каханне пчалой у бурштыне
ў нашу восень западзе навекі.
Ты мне снішся з думаю аб сыне,
ты мятлушкай б’ешся аб павекі.

Мне не спіцца, іду ў ноч пад клёны,
як ружанец, ніжу успаміны.
Лістапад мой, грахом блаславёны,
дажджы ў вочы сёначы абрыне.

Я ўсе клёны марамі аздоблю,
сёння голуб збудзіць цябе рана,
сёння можна абраць сабе долю –
снег кладзецца на восені раны.
16 студзеня 2011 г.


* * *

Пагавары з’ імною пра каханне,
мне не шкада таго, што не было.
Шкада цяпла – яно ўсё роўна з намі,
і што было, у Лету не сплыло.

Пагавары, і нам абоім стане
крыху лягчэй, не бойся, бо цяпло –
было й не вымерзне ў самападмане…
Пагавары, для нас маўчанне – зло.

Пагавары! Кахала, не кахала…
Быў толькі міг, і ты маёй была,
да ног тваіх страла тады упала,

а я, каб не чыніць каханнем зла,
шпурнуў ў агонь Амуравае джала
і змоўк. Але ўнутры – смыліць страла.
21 студзеня 2011 г.

* * *

Я прачнуўся, а свет,
нібы з’ела вайна,
ні дамоў, ні дымоў,
толькі ты ёсць адна,

ні дарог, ні слядоў,
снег вятрыска грабе,
калі сцежка дзе ёсць,
то вядзе да цябе.

Але глянуўшы раз
у праломку ў ваду,
зразумеў я, што век
да цябе не дайду.

Як да месяца воўк
у бязлюднай цішы
не змагу да тваёй
дакрычацца душы.

Што меў духу, я збёр
у адзін толькі крык:
хай бы жыў гэты свет,
але я у ім знік!

Мяне Бог шкадаваў,
зразумеў Сатана,
толькі ты на сваім
настаяла адна.

І тады я спасціг,
што жывое ўсё тля,
нават сонца ўпадзе,
але ёсць ты і я.
24 студзеня 2011 г.


* * *

Пакладзі шчасліва рукі мне на плечы,
так, як ты умееш, моцна абдымі,
тады твае вусны маю скруху ўлечаць,
бо не размінуся з тваімі вачмі,
бо ўжо зачакаўся гэтае сустрэчы.

Так будзе давеку – сонца ў небе стала,
глянь, маленькай кропляй зрабіўся Сусвет.
Не, іншых мужчынаў ты не цалавала,
бо на тваіх вуснах няма іх прымет,
бо тых пацалункаў мне й самому мала.

У цябе на шчочках сонца і пушынкі,
толькі я ды вецер знаем гэты пах,
зелянкавы, грэшны, з лёгкаю кіслінкай,
бо сама ты зелле з віном у руках,
бо сама ты вецер, страчаны ў галінках.

Крык зламаю ў горле – вецер, ну дык вецер!
Пайду ўсіх красуняў стрэчных цалаваць,
але марна долу аблятае вецце,
бо ўжо не здалеюць па табе суняць
смагу векавую ўсе жанкі на свеце.
31 студзеня 2011 г.


* * *

Сёння крычаць у парку
каўкі, нібы званы,
а закаханых паркі
ловяць туман вясны.

Некалі ў тым тумане
сам я да дна зблудзіў
так, што стаю з пытаннем:
жыў я ці мо’ не жыў?

Стаў ‘ля твайго парога,
быццам згубіў ключы.
Заўтра надыдзе нічога –
хоць із званіц крычы.

Выйдзі на холад весні,
кінь пры агні варажыць –
трэба нам жыць няспешна,
трэба спяшацца жыць.
Гэта не так і мала –
я да цябе прыйшоў!
Што ж ты мяне не пазнала,
ў сэрца не стукнула кроў?

Ціха пайду па парку,
люстрамі стануць сляды –
так замярзае шпарка
шлях мой у нікуды.

Быццам само чаканне
ўмерзла ў тваё акно.
Крыкні! І я ў тумане
стану мільёнам званоў.

Што адбылося з намі –
стане мільёнам зор.
Месяц над туманамі
лье на зямлю дакор.

Сёння стаяць у парку
дрэвы, як здані званіц,
сёння сканчае парка
віць залатую ніць.
2 лютага 2011 г.

* * *

Гэты свет не вернецца ніколі –
ты і я падзеленыя шклом,
ты без болю выкінеш на злом
свет, які не вернецца ніколі.

Дык за крок спыніся перад злом
і сама задумайся да болю:
гэты свет не вернецца ніколі,
ты і я – разрэзаныя шклом.
11 лютага 2011 г.

* * *

Недзе далёка за сінім светам
суняло неба залеву злую,
там што ні краска – дажджом апета,
душа твая там – маю цалуе.

Мускулы хваляў і тваё цела
разбілі сонца, як тое спала.
Твая душа так маю хацела,
што неба з неба залевай спала.

У гэтым краі хіліўся бераг,
калі ішла ты з вады насустрач,
і ўсе глядзелі, калі ты бегла –
зоры і краскі, азёраў люстра.

Там па-за светам нас не забылі
пругкія хвалі, ільдом адзеты,
што нават следу твайго не змылі,
прастора рэхам гукае: «Дзе ты?»

Вядзе дарога нас кругавая
на той жа бераг, да тых жа хваляў,
дзе ўсе рамонкі цвердзяць «кахаю»,
чмялі і пчолы каханне хваляць.

Якая сіла мяне вадзіла,
якія хвалі мяне трымалі,
што цяпер стаўшы выгукну мілай:
«Любі, забі, а я ўсё прымаю!»
12 лютага 2011 г.


* * *

................................................
26 лютага 2011 г.


* * *

Тваё імя – на вуснах цішыня
і ночны лес, і змоўклы птушак крык.
Даруй, што я – гукнуў тваё імя,
даруй мне крык, свінцовым стаў язык.

Тваё імя – як сонца майго дня,
апошні гук і бездань вечных мук.
Спяшаю ў ноч, цалуючы імя,
даруй, шапчу, а рэха множыць гук.

Тваё імя прыйшло пачаткам дня,
дня без мяне, бо я дарэшты знік,
дзе ў сіні дня лунае след імя,
дзе выпаў з рук, разбіўшыся, мой крык.
13 сакавіка 2011 г.