12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзьмітрый Падбярэзскі

_____________________
Танк з Пуцькава.
Апавяданьне

Што б пра нашае Пуцькава людзі ні казалі, але вёска гэтая — самая звычайная. Ня лепшая і ня горшая за іншыя. Калі раённая газета “Колер Ільіча” пачала была друкаваць цыкл: “Незвычайныя людзі нашае Бацькаўшчыны”, дык нават Іван Капані­ца быў успрыняты ня як нейкі феномен, а як самы звычайны грамадзянін, толькі што з хітрынкаю. Ну, скажыце, што ў ім такога незвычайнага? Тое, што ў ягонай ніжняй губе са шклянку гарэлкі зьмяшчаецца? Ці тое, што ён тую гарэлку паўдня можа насіць не праліўшы ні грама?
Дык хіба ж гэта цуд? Такіх, як Капаніца, у навакольных вёсках колькі хочаш. І кожны — сам па сабе феномен. Вунь, напрыклад, у недалёкіх Вялікіх Дзябі­лавічах жыве мужык, якога Освальдам клічуць. Кажуць, ён з немцаў, але піць можа не раўнуючы як палова Германіі разам узятая. Дык той Освальд налаўчыўся языком цьвікі згінаць. Возьме таўсьценную “сот­ку” ў рот, перакіне з зуба на зуб, прылаўчыцца, і дастане ня цьвік заводскі, а ні на што ўжо няздатную жалязяку. Аднаго разу, кажуць, нават вузел злаўчыўся зьвязаць. Во тое — да!
Ці баба Крыся з гэтых... як іх... Ніжніх Боўдзілаў. Яна неаднойчы, се­дзячы на лаўцы, пахвалялася, што з самім Напалеонам гэта самае... ну, разумееце... Калі ён на Маскву папёрся. Крыся кажа, што Напалеон на Маск­ву таму і папёрся, што пажадала яна ў якасьці ўзнагароды за сумесную ноч мець ва ўласным двары пры хаце Цар-звон. І так Напалео­на дапякла, што той ня вытрымаў, рушыў на Маскву. А потым узімку зьмерз, як цуцык, бяз бабінага сапраўднага цяпла, уцёк і з Масквы, і ад войска, каб толькі пад Крысіным бокам адагрэцца. Звон, праўда, не прыцягнуў, але баба Крыся бажыцца, што залатую карэту з незьлічонымі скарбамі ёй падараваў. А дзе схавала яна карэту — маўчыць, бы цьвіком язык працяла.
Ну, ня ведаю. Тое, што карэту залатую ад падаткавае інсьпекцыі Напалеон схаваў у Цмокавым Віры, праверыць гэтак жа складана, як і ўзрост бабы Крысі: навуковы падыход тут, як кажуць, кульгае на абедзьве нагі. З іншага боку, выцягнуў жа неяк Капаніца з таго возера нейкае кола. Настаўнік гісторыі Базыль Шпілёнак агледзеў яго з лупаю ў руцэ і праз тры месяцы аб’явіў прысуд: ня нашая, не беларуская работа. Мо, і сапраўды кола тое ад напалеонаўскай карэты было?
Так што на гэтым тле палёт дзеда Нырка на лятаючай талерцы ў сузор’е Тау Кіта як нейкае надзвычайнае здарэньне нават не разглядаўся. Ну, вырашыў мужчына менавіта туды зьлятаць — яго ўласная справа. Тым больш, што жывы вярнуўся. Адно людзі адзначылі: Еўка ягоная раптам відавочна зьмянілася. Фотаздымкі акцёраў зьбіраць ня кінула, але вось гаварыць пачала значна менш нават у параўнаньні з “Маяком”. Разоў гэтак у сорак адразу. Мухі, зноў жа, у хату вярнуліся, дзе ім раней жыцьця прос­та не было. Усё таму, што гаваркая Еўка спагадлівая раптам зрабілася, ласкавая, да Нырка часам наогул на “вы” пачала зьвяртацца. Тлумачыць – гэта ўва мне шляхецкае паходжаньне адгукнулася. Ага! Дзед яе, кажуць, якраз і быў сьпецыялістам па шляхце. А тое й няцяжка было, на кані седзячы ды з наганам у руцэ!..
І калі, часам, дзед Нырок, знаходзячыся паміж людзей, раптам зьнянацку пачынаў было казаць нешта кшталту: “А вось на Тау Кіта, памятаю...”, ніхто на тое вялікай увагі не зьвяртаў. Ці мала дзе які чалавек у жыцьці пабываў, ці мала што пабачыў — кожны мае што піянерам расказаць! Таму ніхто з вяскоўцаў аніколі не перапыняў дзеда Нырка, спакойна выслухоўваў да канца пра тое, як і ў якой барацьбе суіснуюць мужыкі ды бабы на той далёкай ад Пуцькава зорцы. Не, насамрэч, мала што магло па-сапраўднаму зьдзівіць жыхароў вёскі. Хіба што, калі б Ала Пугачова з канцэртам у мясцовы клуб прыехала. Але тое зусім ужо неверагодна...
І калі аднойчы пад вечар прыйшоў да дзеда Нырка Базыль Шпілёнак ды паклікаў на вуліцу, незвычайнага ў тым не было ані кроплі. Праўда, пачаў казаць Базыль вельмі ўжо здалёк і неяк занадта асьцярожна.
— Дзед... Ты падзарабіць трохі ня супраць, га? — пачаў Шпілёнак, быццам прыглядаючыся, як будзе Нырок рэагаваць.
— Ну, як табе сказаць, — дыпламатычна адказаў дзед, яшчэ не разумею­чы, што чакаць гэтым разам ад Шпілёнка.
Наогул Базыль быў у Пуцькаве чалавекам адукаваным. Выпісваў некалькі дарагіх замежных часопісаў, спасылаючыся на тое, што мае нейкага сябрука багатага. Спонсарам завуць. А ў Пуцькаве, дарэчы, ніколі дрэнна да жыдкоў ня ставіліся. Ды хоць бы Рабіновіч, абы грошы даваў! Але Базыль, як на тое, ведаў яшчэ адно мудронае слова: інтэрнет. Маўляў, там, як у раённым універмагу, ёсьць усё. Вось і казыраў уласнымі ведамі на кожным кроку, спасылкі рабіў на той інтэрнет ды на замежныя часопісы. Але ніхто ніколі ня ведаў, што ў наступную хвіліну залепіць той Шпілёнак.
Ня ведаў і дзед Нырок. І Базыль сам пачаў выкладаць карты.
— Скажу табе прама: нам камандзір патрэбны.
— Ну, — цалкам натуральна і выхавана адрэагаваў дзед Нырок.
— Ты нам падыходзіш найлепш.
— Чаму не? – падтрымаў дзед.
— Стоп! – раптам ускінуўся Шпілёнак. – Хопіць намёкаў! Ты з намі ці не?
Вось тут дзед Нырок, прызнацца, разгубіўся. Калі б ён ведаў, што пра рыбалку размова, – дык чаму і не? А калі, скажам, на дыскатэку ў суседнюю вёску паехаць, – гэта іншая справа. Тут ён – пас. А таму і прамармытаў нешта няўцямнае ў адказ. А Базыль тое мармытаньне ўспрыняў ці ня як згоду.
— Цудоўна! – узрадаваўся ён. – Значыць, экіпаж у нас ёсьць. Капаніца – механік-вадзіцель, я за стралка-радыста, а ты, значыць, камандзір. Будзе дзела!
— Якое такое дзела? – нічога не зразумеў дзед Нырок.
— Так, тлумачу ад пачатку. Ты маеш два баявыя ордэны і тры медалі. Капаніца – толькі ордэн “За ўзяцьце сяльпо”. У мяне, праўда, тры Георгіі, але муляжы і да таго ж – экспанаты школьнага музею. Значыць, камандзірам можаш быць толькі ты. Да ўсяго – самы сталы і мудры.
Дзед Нырок слаба разумеў, пра што гаворыць Шпілёнак. Тым ня менш, па бляску ў ягоных вачах ён пачаў здагадвацца, што задумка тут нейкая ўжо надта нечаканая і прыгодніцкая.
— Ты танк ведаеш? — як паміж вачэй рубануў Шпілёнак і ажно прыжмурыўся ад сьмеласьці ўласнай прапановы.
Танк ў навакольлі ведалі ўсе. Раз на год школьнікі ды ветэраны мылі анучамі з парашком той помнік, што стаяў ля скрыжаваньня дарог, потым ускладалі да яго кветкі. Тут прызначалі спатканьні закаханыя і мужчыны, калі мелі што сказаць адзін аднаму ў тыя дні, калі ў краму завозілі чарадзей­ны напой “Крыжачок”, які ў народзе зваўся проста – “Танец сьмерці”. І ніхто, нават у раёне, даўно не зьвяртаў увагу на тое, што танк, помнік мінулай вайне, быў увогуле нянаскі: амерыканская баявая машына, адно што з чырвонаю зоркай на борце. Як трапіў амерыканскі танк на п’едэ­-стал – ніхто ня памятаў, нават баба Крыся. Яна адно сьцьвярджала, што тое здарылася яшчэ да Напалеона. Ну і няхай: стаіць сабе помнік – і стаіць! Карысьці, канешне, ад яго няшмат. Былы ўчастковы, што зараз у раёне з радарам на машыны палюе, часам з-за помніка зловіць сяго-таго з парушальнікаў хуткасьці, здыме грошы на пракорм і падзякуе амерыканскаму жалезу за дапамогу ў цяжкай працы.
— Дык вось, – працягваў Шпілёнак, – я ў адным часопісе вычытаў, што танкаў такіх у сьвеце амаль не зьбераглося. Адзін у Амерыцы ў музеі ўзбраеньня, другім нейкі немец прыватна валодае. А трэці, значыць, у нас. Клянуся інтэрнетам — ён рарытэт! Ведаеш, што гэта такое?
Адкуль дзеду Нырку ведаць такія слоўцы? Ды ён кіўнуў згодна галавой.
— Во! – узрадаваўся Базыль. – А кожны рарытэт каштуе грошай. Капаніца сёньня аб’ект абсьледваў як мае быць. Машына ж амерыканская, на сто гадоў разьлічаная. Заліў саляры, замяніў акумулятар, потым прыкурыў ад свайго “Беларуса”. І што ты думаеш?! Завёўся танк як міленькі! Тады і план у нас з ім узьнік.
— План?.. – насьцярожыўся дзед Нырок. – А яго ў сельсавеце зацьвердзілі?
— Ды што ты?! – аж падскочыў на месцы Шпілёнак. – Нашто нам з некім дзяліцца?
— Чым дзяліцца? – усё ніяк ня мог уехаць у праблему дзед Нырок.
— Грашыма, блін! Рарытэт, ты разумееш?! Мы вырашылі той танк за­гнаць у Менск і там прадаць яго.
— За колькі? – пацікавіўся дзед Нырок.
— Я казаў: за тысячу даляраў. Капаніца лічыць, што могуць даць усе тысячу сто. А ты што думаеш?
— Тысяча – таксама грошы, – адказаў дзед. – Але ж паўтары, пэўна, больш.
— Добра, – нечакана лёгка пагадзіўся Шпілёнак. – Па дарозе будзе час абмеркаваць, колькі возьмем.
— А калі хто заўважыць, што танка няма, тады што?
— Усё прадумана! – Шпілёнак пачаў выкладаць план. – Я з Мінтаём ужо дамовіўся. Ён жа за дзесяць даляраў уласны тэлевізар зьесьць. Дык вось: за дваццаць Мінтай за дзень саб’е з дошак дакладна такі ж танк, пафарбуе яго так, што ніводная халера не адрозьніць. Так што за арыгі­нал не хвалюйся. І нават калі мы тысячу за танк атрымаем, усё адно больш чым па трыста даляраў на кожнага будзе. Ты ведаеш, што такое – трыста даляраў?
Дзед Нырок цьмяна ўяўляў такую лічбу і таму адмоўна пакруціў галавой.
— Трыста даляраў, скажу табе, – грошы. Яшчэ трошкі – і ўвесь наш калгас купіць можна. Ты, Нырок, адразу зямлі набудзеш, фермерам зробішся, я ў школьную бібліятэку багата кніг накупляю, Капаніца ўласны трактар набудзе прыўкрасны, будзе на ім на выходныя ў раён езьдзіць.
— Нашто? – не зразумеў дзед Нырок.
— Як нашто? – зьдзівіўся Базыль. – Так, паказацца людзям... Значыць, слухай. Заўтра а восьмай раніцы сустракаемся ля танка. Харчы на дарогу мы ўжо назапасілі, твая справа адна: начапіць усе ўзнагароды – і гайда! Бабе сваёй – ані слоўца! Сам разумееш – аперацыя!
Дзед Нырок доўга ня мог заснуць. Канешне, выступіць за камандзіра было няблага, тым больш з узнагародамі на ўсе грудзі ды на вежы сапраўд­нага танка. З іншага боку, танк той – усё ж помнік. Тое, што Мінтай макет зробіць, – ня выйсьце: дрэва пад даж­джом хутка паплыве, і падман раскрыецца. Куды потым піянеры будуць кветкі прыносіць? Хоць – што такое, урэшце, танк? Вунь у калгасе аднойчы дошка гонару як скрозь зямлю правалілася. І што? Шукалі-шукалі — не знайшлі! Казалі, мафія нейкая спрацавала. Нашто камусьці здаўся той набор выцьвілых фотаздымкаў, у бляху ўзятых?
Але ж, тысяча даляраў – грошы. І неблагія! Ды за такія грошы можна ня толькі новы ровар справіць разам з ботамі і гуталінам да іх, але і Еўцы, дай Бог ёй здароўя, цэлы стос паштовак каляровых з акцёрамі накупіць. І недзе пад раніцу акцёры перамаглі ўсе сумненьні Нырка: ён вырашыў, што без ягонага ўдзелу аперацыя безумоўна праваліцца.
Каля восьмай ён стаяў на прызначаным месцы. У ранішнім паветры былі адчувальныя подыхі вясны, хоць у канцы сакавіка ранкам яшчэ зьлёгку падмарожвала. Вось чаму дзед Нырок апрануў паверх выхаднога (Еўка неяк прызналася — на хаўтуры купленага) касьцюма старую, надзейную ватоўку, якая і хавала пад сабой усе начэпленыя на грудзі ўзнагароды. А на ўсялякі выпадак захапіў яшчэ і каску, якую неяк знайшоў у лесе, калі кароў пасьвіў. Дарма што каска нямецкая была: за пару гадзінаў ён начысьціў яе як мае быць. Летам, калі ўнукі з гораду прыязджалі, каску тую за гаршчок ноччу ўжывалі. У добрай гаспадарцы нічога не змарнуецца...
Мінула хвілінаў мо з дваццаць, а ля танка так ніхто і не зьявіўся. Нырок ужо было падумаў, а ці не падмануў яго Шпілёнак, як раптам унутры жалезіны пачуўся гук, які дзед ня мог зблытаць ні з якім іншым. Аднак... Як можна ў помніку — чокацца?! Ды без яго? Непарадак! І тады дзед Нырок рашуча пагрукаў у браню. Амаль адразу верхні люк танка адкінуўся, і з яго паказалася галава Шпілёнка.
— Пароль! – гукнуў настаўнік, і Нырок зразумеў: мужчыны па першай ужо каўтанулі.
— Ты... вось што! – заявіў Нырок. – Мы альбо зараз, а не – дык няхай!
— Але! – пагадзіўся Шпілёнак. – Давай на борт! Мы якраз запраўляемся.
Запраўляцца экіпажу было чым: тры гранаты “Танцу сьмерці”, цыбуля, сала ды хлеб, вараныя яйкі. Капаніца, ледзь толькі Нырок праціснуўся ў люк, адразу ж наліў.
— За баявыя посьпехі, так сказаць!
Такому пажаданьню не запярэчыў ніхто з экіпажу. Закусіўшы, Капані­ца між іншым адзначыў, што танк ня толькі да рэшты запраўлены калгаснай саляркай, але мае і боекамплект.
— Для страхоўкі, — Іван паказаў на стэлаж, на якім цьмяна зіхацелі некалькі снарадаў. — Ня бойся, хлопцы! То халастыя. А мо спатрэбяцца?
Пасьля яшчэ адной дазапраўкі “Крыжачком” экіпаж заняў месцы: Капаніца сеў за рычагі, Нырок уладкаваўся ўверсе, каля люка, Шпілёнак начапіў навушнікі рацыі і пашкадаваў, што для поўнага шчасьця яму не хапае сапраўднага кулямёту. І танк, падаўшы назад, лёгка зьехаў з п’едэсталу, разьвярнуўся і жвава рушыў па шашы ў бок сталіцы.
Нельга сказаць, каб на такі незвычайны транспартны сродак ніхто ўвагі не зьвяртаў. Вадзіцелі легкавікоў, што раз-пораз сустракаліся з танкам на шашы, хто недаўменна касавурыўся на браніраваную машыну, а хто і круціў пальцам ля скроні. Адзін уразіўся настолькі, што праехаў паварот і ачаломкаўся адно ўткнуўшыся радыятарам у елку. Затое аніводная машына так і не асьмелілася апярэдзіць танк, і хутка за былым пом­нікам на шашы расьцягнулася ладная калона з легкавікоў, цяжкавагавых фураў і аўтобусаў. І, калі танк пад’язджаў да райцэнтру, за ім пакорліва цягнулася мо з сотню розных машынаў.
Ля самага райцэнтру Капаніца першы ўгледзеў машыну дарожнай міліцыі. Сяржант адважна стаў на шляху калоны і ўзьняў паласатую палку. Вось тут настаў час для Нырка: ён высунуўся па грудзі ў люк, шырока расхінуў ватоўку, каб было відаць узнагароды, закрычаў паставому:
— Ты, ета... Адыдзіся! Ня бачыш — машына на кіназдымкі едзе. Амерыка нас будзе здымаць, а не імя Горкага якая-небудзь!
Міліцыянер усё ж даў магчымасьць іншым машынам апярэдзіць жалезную гаргару і пры гэтым увесь час ківаў, слухаючы аповяды дзеда Ныр­ка пра будучае кіно, занятых у ім акцёраў, памеры аплаты. Асабліва яго зацікавіла лічба ў сто даляраў, якія, па словах Нырка, мусяць заплаціць экіпажу за кожную гадзіну на здымачнай пляцоўцы. Вось чаму задуменна пакратаўшы ботам жалезнае кола танка, сяржант сказаў, як загадаў:
— З мэтай забесьпячэньня бясьпекі дарожнага руху і... ўсяго іншага таксама, — пачасаў паласатай палкаю сьпіну, — мушу ў сувязі са службовай неабходнасьцю суправаджаць ваш транспартны сродак да месца... да месца правядзеньня здымак.
І далей міліцыянер паглядзеў на Нырка такімі чыстымі, незамутнёнымі вачыма, што дзед зразумеў: дзяліцца заробленым з ім давядзецца, і нікуды ня дзенешся. Дарма ён пра ганарары языком мянташыў!
Так далей і паехалі: міліцэйскі легкавік з уключанымі міргалкамі наперадзе, танк — ззаду. Ехалі спакойна, нетаропка, без прыгодаў, пакуль да гораду даехалі, пасьпелі на трох яшчэ адну гранату “Крыжачка” раздушыць. Дзед Нырок нават ацаніў прысутнасьць міліцэйскага вазка: калі яшчэ пад наглядам ён гэтак прыемна піў? Да цэнтру гораду праехалі без зачэпак, як на зялёнае сьвятло. На прасьпекце міліцыянер сам прыпыніў падарожжа.
— Мне назад трэба, — растлумачыў ён экіпажу, які вылузаўся з усіх люкаў. — А з вас за суправаджэньне...
Міліцыянер задумаўся надоўга.
Тым часам ля танка прытармазіў шыкоўны, наварочаны фарамі ды антэнамі джып. З яго не сьпяшаючыся вываліліся чатыры амаль аднолькавыя біцюгі — стрыжаныя, у спартовых строях, з брытымі галовамі. Утаропіліся ў танк і так сталі, языкамі прыцмокваючы.
— Пятнаццаць долараў, — нарэшце адважыўся назваць суму міліцыя­нер. — Цяпер жа, і адной паперкай.
Біцюгі павольна разьвярнулі галовы ў ягоны бок і паглядзелі на мілі­­цыя­не­­ра так, як, бывала, глядзеў дзедаў Жук на суседскага ката-здых­ліка. Адзін з іх павольна наблізіўся да служывага і нешта сунуў яму пад фуражку.
— Звалі ўмомант, дай канкрэтна з пацанамі пабазарыць, – сказаў ён, пасьля чаго міліцыянер скочыў у службовы легкавік, урубіў сірэну і газануў у бок бацькавай хаты. Біцюгі між тым уважліва агледзелі танк з усіх бакоў.
— Харошая тачка, — нарэшце прамовіў самы меншы з іх. – Колькі?
Пытаньне адрасавалася, зразумела, найбольш саліднаму – дзеду Нырку. Той у дзелавых перамовах пачуваў сябе ня надта ўпэўнена, таму азірнуўся на Шпілёнка. Невядома дзе таму навучыўся настаўнік, але ён выцягнуў з танкавых вантробаў нейкую тэчку, дастаў з яе аркушык паперы, доўга круціў яго ў руках, нарэшце выбухнуў:
— Дзьве тысячы!
— Ё-маё! – адазваўся Капаніца і з грукатам зваліўся ўнутр.
— Не пытаньне! – адказаў бамбіза і палез ужо было ў кішэню скуранкі, як да гандлю далучыўся другі.
— Пяць даю, братан. Мне такі джып во як патрэбны: далжок мушу стрэсьці з пацаноў.
— Сем, – адразу адказаў першы, і праз якія дзьве хвіліны прагучала такая лічба, ад якой у Шпілёнка вочы паступова выпаўзлі на лоб, а Капаніца ў танку толькі і мог, што нема памыкваць.
І невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б раптам на прасьпект ня высыпаў натоўп людзей. Было іх вельмі шмат, мо з некалькі тысячаў, некаторыя трымалі ў руках штандары, лозунгі. Людзі нешта крычалі, размахвалі рукамі, запаланілі ўсю прастору прасьпекту. З іншага боку вуліцы, як па камандзе, выстраіліся шэрагі аднолькава апранутых лю­дзей: з пластыкавымі шчытамі ў руках, каскамі на галовах. Танк апынуўся акурат пасярэдзіне.
— Блін! — заскавытаў біцюг. — Во ўліплі! Значыць, братан, зробім так: вось табе мой сотавік, пра цану мы дамовіліся, вечарам пазвані, мы суст­рэнемся і махнёмся. Зразумеў?
Дзед Нырок, канешне, не зразумеў анічога, тым болей, што такі тэлефон бачыў упершыню. Ён хацеў яшчэ ўдакладніць, як тэлефон бяз проваду спрацуе, але біцюганы скочылі ў машыну і газанулі з месца так, што лісьце з дрэваў пасыпалася.
Экіпаж між тым уладкаваўся на вежы: натоўп паглынуў танк, таму крануцца з месца яны не маглі. Людзі віталі танкістаў, крычалі “Жыве Беларусь!”, заклікалі ісьці далей разам.
— Апазіцыя, — патлумачыў Шпілёнак. — У цэнтр ідуць. Зараз ім косьці намнуць.
І сапраўды, у шарэнгах міліцыянтаў адбыўся рух, яны ўзьнялі па-над шчытамі гумавыя палкі і нешта пачалі галёкаць. Натоўп адказаў яшчэ мацнейшымі крыкамі, і найбольш адважныя наблізіліся да міліцыянтаў і нешта зьдзекліва выгуквалі ім проста ў твары. І «ахоўнікі правапарадку» ня вытрымалі: кінуліся на людзей, запрацавалі палкамі.
— Не, ну ты глядзі! – усхваляваўся дзед Нырок. – Гэта ж палкамі ды па галовах!
— Мы зьяўляемся сьведкамі сутаргаў рэжыму, – каментаваў падзеі Шпілёнак. Ён працягваў бы гэтак і далей, бо налаўчыўся казаць на ўроках, але натоўп пад націскам міліцыянтаў накаціў на танк, і гумовыя палкі запрацавалі проста перад вачыма пуцькаўцаў.
Дзед Нырок скочыў на гусеніцу і закрычаў што было моцы:
— Перастаньце зьбіваць ветэранаў працы і ўзброеных сілаў!
Дацягнуцца да яго было няпроста, і тады адзін з ваяроў перацяў Нырка гумавай палкай проста па назе. І каб не Шпілёнак, які своечасова падхапіў дзеда, той бы, напэўна, грукнуўся долу. Настаўнік пра­піхнуў Нырка ў люк і з грукатам апусьціў крышку.
— Цябе!.. Нырок!... За што? — узрушаны Капаніца ня мог адшукаць патрэбныя словы. — Ну, я ім зараз!
Ён пацягнуўся рукой да снарадаў, выцягнуў адзін з іх — зьзелянелы, з прыліплым лісьцем. Сунуў у гармату і выгукнуў:
— Па рэйхстагу!.. Асколачным... Прыцэл... сто дваццаць... трубка...
— Капаніца, гэта ж... баявы? — прашаптаў Шпілёнак.
— Але, — радасна пацьвердзіў трактарыст. — Я адзін прыхапіў на ўсялякі пажарны. За дзеда!
У танку, здалося, ўзарваўся самагонны апарат. Гармата выплюнула пустую гільзу, дым палез у вочы, і экіпаж умомант, быццам усё жыцьцё на тое вучыўся, апынуўся звонку.
Карціну яны ўбачылі незабыўную. Кідаючы гумавыя палкі і шчыты, губляючы каскі, міліцыянты беглі прэч прасьпектам, а ззаду іх даганялі дэманстранты. “Жыве Беларусь!” – раптам закрычаў Капані­ца, не заўважаючы, што Нырок тузае яго за рукаў:
— Ты хоць бачыш, куды патрапіў?
Капаніца задумаўся і пачаў напружана ўзірацца ўдалячынь.
— Мусіць, снарад туды паляцеў, – сказаў ён і неяк неакрэсьлена павёў рукой. – Ці туды... Але ж некуды, напэўна, папаў!
— Вось што, хлопцы! – падаў голас Шпілёнак, калі людзі прамінулі танк. – Мне думаецца, варта адсюль вуды зматваць. Нас вунь фата­графуюць ужо. Заводзь, Капаніца!
Яны ўскочылі ў танк, Капаніца даў газу, танк чмыхнуў дымам і па­-­і­мчаў па прасьпекце, рэзка павярнуў на першую ж бакавую вуліцу. Машына не адставала. З яе высунуліся два чалавекі: адзін трымаў ля вачэй тэлекамеру, другі — доўгую палку з нейкім калматым набалдашнікам.
— Яны яшчэ і падслухваюць! — працягваў крычаць Шпілёнак. — Дай гранату, Капаніца!
Не дачакаўшыся адказу, Шпілёнак запусьціў у машыну пустой пляшкаю з-пад віна, ды так удала, што патрапіў акурат у лабавое шкло. Машына з віскам спынілася, а Шпілёнак загадаў Капаніцу завярнуць у першы ж бакавы праезд, які так і зрабіў: танк прабіў масіўную металічную браму, з-пад ягоных гусеніцаў кінуўся ўбок нейкі вайсковец у дзіўнаватай форме, па ўсім двары загулі сірэны, аднекуль высыпала з дзясятак вайскоўцаў са зброяй у руках, акружылі танк з усіх бакоў. Капаніца выключыў матор і задаволена сказаў:
— Здэцца, прыехалі акурат куды трэба.
Дзед Нырок хацеў было ўдакладніць, што меў на ўвазе Капаніца, але пачуў, як звонку нехта пагрукаў па броні. Нырок спраўдзіў, ці ўсе медалі на месцы, насунуў на галаву нямецкую каску і высунуўся з люка. Ён ўбачыў худога, высокага чалавека ў чорным цывільным касьцюме. Скрыпучым голасам той прамовіў па-замежнаму:
— Вы знаходзіцеся на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амерыкі.
Сказана тое было настолькі выразна, што дзед Нырок, які з ангельскай моваю сутыкаўся мо разоў пяць у жыцьці, ня болей, зразумеў усё да самага дробнага нюансу. Ён адказаў цывільнаму “Айн мамэнт” і даў нырца ўнутр танка. Вайсковая нарада працягвалася ня доўга. Мо хвілінаў з сорак, ня болей. Пачуўшы, што танк патрапіў за плот амерыканскай амбасады, Шпілёнак спачатку зарагатаў, потым пачаў ікаць і, нарэшце, наогул замоўк. Было такое ўражаньне, што ён проста сьпіць. Капаніца ж паставіўся да здарэньня куды больш цьвяроза. Тое, што яны па­трапілі менавіта да тых, каго й шукалі, ня выклікала ў яго ніякіх сумненьняў. Але сорак хвілінаў пайшло на тое, каб прыдумаць, як выкруціцца са становішча, што пагражала сур’ёзным міжнародным скандалам. Капаніца сьцьвярджаў, што тут за танк заплоцяць куды больш, чым прапанавалі біцюгі на прасьпекце, дзед Нырок раіў адразу ж даць дзёру, кінуўшы ўсё амерыканцам. І калі толькі яны дамовіліся, як выцягнуць з танка зьнямелага Шпілёнка, настаўнік раптам падаў голас:
— Як на маё, дык лепш танк амерыканцам проста падарыць. Яны ж ад падарунку не адмовяцца, так? А хто ж за падарунак караць будзе, га?
З тым і павылазілі з танка да цывільнага, які ўвесь гэты час, не зьмяніўшы позы, цярпліва чакаў.
Пра тое, як і ў якой атмасферы прайшлі далейшыя перамовы, ня здолелі даведацца нават людзі з тэлекамерай, што каравулілі каля разбуранай брамы амерыканскай амбасады. Ды й яны доўга ня вытрымалі і праз якую гадзіну зьехалі прэч. Вядома толькі, што пад самую раніцу, калі пачало віднець, з амбасадаўскай брамы выехаў шыкоўны “Форд” з амерыканскім сьцяжком на капоце і ўзяў кірунак на Пуцькава. Малады сьмяшлівы хлопец, што кіраваў машынай, весела прамовіў:
— Ну вы, мужыкі, далі дык далі!
Мужыкі, асалавелыя пасьля некалькіх начных гадзінаў адказаў на мноства пытаньняў пасла, не зразумелі, што кіроўца меў на ўвазе. Тады ён пстрыкнуў кнопкай радыёпрыёмніка, і пуцькаўцы пачулі ўсхваляваны голас рэпарцёра:
— Нагадаю, што з гэтага дня “Радыё 101,2” аднавіла вяшчаньне. Мы вядзем рэпартаж ад будынку Дома ўраду, дзе ў гэты момант за зачыненымі дзьвярыма праходзіць нарада прадстаўнікоў партыяў і рухаў. Наколькі нам вядома, тэма нарады — сітуацыя ў краіне, якая склалася пасьля падзеньня...
Капаніца пракаўтнуў назапашаны за ніжняй губой яшчэ ў амбасадзе ладны глыток віскі і прамовіў:
— Дык што гэта атрымліваецца, мы...
— А то хто ж яшчэ?! – зарагатаў кіроўца і газануў па пустой раніш­няй вуліцы.
Шчыра кажучы, здарэньне тое ў вёсцы вялікага розгаласу ня выклікала: пуцькаўцаў наогул заўсёды мала хвалявала, што адбывалася недзе ў сталіцы. Вядома толькі, што месца на пастаменце ля скрыжаваньня дарог заняў драўляны муляж танку, адмыслова зьбіты з дошак Мінтаём, а Капаніца змушаны быў заплаціць калгасу за акамулятар і салярку, якія ён падарыў Амерыцы. Шпілёнка пазбавілі прэміі за спазьненьне на працу, а дзед Нырок як пасьвіў кароў, так і працягваў тое рабіць. Як казала Еўка, яго далей за калгасны хлеў не сашлюць. І то — праўда!
Адно што — на другі дзень у кішэні Нырка азваўся тэлефон. Голас са слухаўкі запрапанаваў дваццаць пяць тысячаў за танк. дзед не знайшоў што адказаць на гэта, а таму закінуў тэлефон у Цмокаў вір. З-пад вады яшчэ колькі гадзінаў гучалі незразумелыя словы: «адкат 40 працэнтаў», «мытня падмазаная», «лічыльнік запушчаны», «бабло налам»... А недзе праз год Шпілёнак выцягнуў з інтэрнету тэкст і фотку, якія паказаў экіпажу танка пры ўмове, што ўсё гэта застанецца іх таямніцай. На здымку быў той самы танк на пастаменце, а побач з ім — бронзавыя выявы дзеда Нырка, Шпілёнка і Капаніцы. Тэкст пад здымкам паведамляў, што каля будынку ААН адкрыты помнік змагарам за дэмакратыю ў Беларусі.
— Гэта неабходна адзначыць! – рашуча заявіў Капаніца, і мужчыны адразу з крамы накіраваліся да скрыжаваньня, каб удалечыні ад што­дзённых клопатаў узяць глыток-другі ў гонар свайго чыну, які кардынальна зьмяніў лёс краіны...
2 лютага 2002